Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(109)/2024
Юбілеі
«БЫЦЬ СВЕДКАМ ЛЮБОВІ»
Інтэрв’ю Крыстыны ЛЯЛЬКО з біскупам Аляксандрам ЯШЭЎСКІМ, генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Асобы

ПАТРАБАВАЛЬНЫ ПАПА
Гісторыя
Спадчына

ІКОНЫ Ў ХАЦЕ БЕЛАРУСАЎ
Постаці
Спадчына
Мастацтва
Інтэрв’ю
«ЗЛІЕЦЦА ДУХ МОЙ З ДАЛЛЮ СПЕЎНАЙ»


ВЕРШЫ
Пераклады

«КРЫВАВЫЯ САНЕТЫ»
Літаратура

УРЫВАК З «ПАМЯТНАЙ КНІЖКІ»

ВЕРШЫ
Дэбют

ВЕРШЫ
Пераклады

ЛІМОНЫ З СІЦЫЛІІ

Алесь ЖЛУТКА

ДОКТАР ФРАНЦІШАК І ДОКТАР ЛЮТЭР:
СУСТРЭЧА Ў ВІТЭНБЭРГУ


 

У 1839 г. славенскі лінгвіст і гісторык, адзін з заснавальнікаў навуковай славістыкі, Eрнэй Капітар (1780–1844), змясціў у кнізе «Hesychii Glossographi discipulus...» (Vindobonae, 1839) нататку пад назваю «Гістарычнае пытанне пра доктара медыцыны Пражскага ўніверсітэта Францішка Скарыну, літвіна, змоўшчыка супраць Марціна Лютэра». У ёй Капітар пераказвае эпізод з «усім вядомага» жыццяпісу Марціна Лютэра:

«Усім вядомы жыццяпіс Лютэра і тое, што ён у 1525 г. шчасліва пазбегнуў падкопаў доктара Францішка-паляка, які пасля прыезду ў Вітэнбэрг і знешнасцю, і манерамі, і рознабаковай вучонасцю настолькі заваяваў давер Меланхтона, што той ахвотна запрасіў яго да сябе. Трэцім на вячэру запрашаецца сам Лютэр, які не менш за брата Меланхтона і настолькі быў захоплены талентамі чужаземнага доктара, што запрасіў яго на снеданне і для гульні ў шахматы. Аднак, калі Лютэр паcля вячэры і амаль у поўнач вяртаўся дадому, яму раптам прыйшла на думку зробленая сябрамі чатыры гады таму перасцярога, каб ён асцерагаўся нейкага доктара Францішка-паляка, найхітрэйшага прайдзісвета, падбухторанага біскупамі за дзве тысячы залатых зжыць Лютэра са свету. Муж, які не раз ужо зведаў падкопы д’ябла і таму не мог ставіцца да іх абыякава, да таго быў усхваляваны, што раніцай на золку збег з Вітэнбэрга ў Торгаў, пакінуўшы распараджэнне слузе, каб ён не толькі паведаміў паляку пра яго [Лютэра] нечаканы ад’езд, але каб забараніў яму [Францішку] падыходзіць да спачывальні, каб часам ён не зачараваў яе. Аднак слуга, які, безумоўна, не быў героем, не асмеліўся забараніць такому далікатнаму і важнаму чужаземцу зірнуць на спачывальню вялікага мужа. Калі пра гэта даведаўся ў Торгаве Лютэр, ён не толькі як след прабраў слугу, але запатрабаваў ад магістрата Вітэнбэрга, каб гэтага інтрыгана ад д’ябла Францішка паддалі катаванню. Але з магістратам здарылася тое ж, што з Меланхтонам і слугой Лютэра: вучоны і далікатны чужаземец быў адпушчаны з простай парадай пакінуць [Вітэнбэрг]».

Далей, каментуючы гэты эпізод, Капітар выcоўвае гіпотэзу пра тоеснасць памянёнага доктара Францішка з доктарам медыцыны Францішкам Скарынам:

«Ужо калі б хто-небудзь [уважліва] разгледзеў тое, што ў 1517–1519 гг. у багемскай Празе доктар медыцыны ўніверсітэта Францішак Скарына выдаў з густам Біблію Рускую і следам за гэтым у 1525 г. у Вільні іншыя шматлікія царкоўныя літоўска-рускія кнігі, то ці не зарадзілася б у яго цалкам натуральнае дапушчэнне, што падазрэнне тое адносілася да гэтага доктара Скарыны, грэка-католіка, які, перакладаючы з Вульгаты, быў праціўнікам Лютэра, які перакладаў з арыгінала. I па гэтай прычыне ён [Скарына] больш за ўсё мог быць непрыемным гэтаму рэфарматару, пратэстанту, былому манаху, да таго ж жанатаму. Для ператварэння гэтай гіпотэзы ў гістарычны факт не хапае самага малога: каб хто-небудзь натрапіў у архіве Вітэнбэрга на рэшткі [дакументаў], якія дакладна падавалі б хоць імя Скарыны. Аднак не з’яўляецца фактам тое, што Скарына сапраўды рабіў падкопы супраць жыцця Лютэра, а толькі тое, што ён падазраваўся ў такім злачынстве сябрамі Лютэра і самім Лютэрам. Але ні Меланхтон, ні магістрат Вітэнбэрга, сапраўды, калі ў такім падазрэнні была б хоць доля праўды, не змаглі б не выканаць высокай волі Лютэра. Мы не пярэчым, што гэта трохі інакш трактуецца Зэкендорфам, аднак мы прытрымліваемся [меркавання] пра гэту справу найноўшых даследчыкаў Лютэра. Мы імкнёмся да таго, каб высветліць з архіваў наша дапушчэнне пра гэтага доктара Францішка-паляка»1.

На жаль, аўтар нататкі не падаў звестак пра крыніцы, з якіх ён узяў гэты аповед, што спарадзіла сумненні і пра само існаванне такіх крыніцаў і ўвогуле пра верагоднасць і гістарычную вартасць паведамлення. Адны з даследчыкаў цалкам ігнаравалі гэты аповед Капітара, іншыя, калі і дапускалі існаванне нейкага доктара Францішка, даводзілі немагчымасць паездкі Скарыны ў Вітэнбэрг і яго тоеснасці з капітараўскім доктарам Францішкам.

Першым паддаў сумневу такую тоеснасць расійскі даследчык ХІХ ст. Аляксей Віктараў на падставе таго, што ў 1525 г., у той час калі ў Вільні (у Віктарава памылкова ўказаны Полацк) выдаваўся падрыхтаваны ім да друку «Апостал», беларускі першадрукар павінен быў знаходзіцца не ў Вітэнбэргу, а ў Вільні2. Да меркавання Віктарава далучыўся і аўтар грунтоўнай манаграфіі па Скарыну Пётр Уладзіміраў3. Абодва яны, адмаўляючы магчымасць побыту Скарыны ў 1525 г. у Вітэнбэргу, не палічылі мэтазгодным займацца пошукам крыніцаў паведамлення Капітара.

У XX ст. іх пошукам заняўся беларускі эміграцыйны гісторык Вітаўт Тумаш, які публікаваўся таксама пад псеўданімам Сымон Брага. У 1964 г. быў апублікаваны ягоны артыкул «Геаграфічная лякалізацыя жыцьцяпісу доктара Скарыны»4. Даследчык сцвярджае ў ім, што на падставе азнаямлення з шэрагам нямецкіх крыніцаў, датычных жыццяпісу Лютэра, яму ўдалося зрабіць перагляд гісторыі, выкладзенай у нататцы Капітара. Больш дэталёвы разгляд усіх апрацаваных ім матэрыялаў Тумаш пакінуў на пазнейшы час, не падаўшы, аднак, на іх спасылак, апрача спасылкі на кнігу вядомага пратэстанцкага прапаведніка і пастара, вучня Лютэра, Ёгана Матэзіюса. Тумаш пагадзіўся з меркаваннем Віктарава і Уладзімірава пра немагчымасць побыту Скарыны ў Вітэнбэргу ў 1525 г., калі ў Вільні выдаваўся «Апостал». Але, грунтуючыся, відаць, на тэксце таго ж Матэзіюса, ён выказаў здагадку пра двух розных дактароў-чужынцаў, якія, на яго думку, знаходзіліся ў Вітэнбэргу ў розны час: першы — у 1525 г., а другі, якога ён атаясамлівае са Скарынам, «праз сем ці восем год» пасля першага (паводле Матэзіюса), г.зн. у 1532–1533 гг.

Пазней капітараўскае «гістарычнае пытанне» разгледзеў расійскі гісторык і кнігазнавец Яўген Неміроўскі5. Ён звярнуў увагу на мімаходзь згаданага Капітарам гісторыка, палітыка і эканаміста XVII ст. Вэйта Людвіга фон Зэкендорфа. У творах Зэкендорфа Неміроўскі выявіў такое паведамленне:

«Сам Лютэр, як вынікае з ягонага ліста, напісанага ў студзені да Амсдорфа (lib. II.Ep. p. 270b), баяўся, як сказана там, атруты, якую рыхтаваў яму нейкі юдэй з Польшчы, доктар медыцыны, падбухтораны за дзве тысячы залатых. Ён, раней павядомлены ў лісце сябрамі Лютэра, быў схоплены ў Вітэнбэргу разам са сваімі хаўруснікамі, але паколькі ні ў чым не прызнаваўся, то, са згоды Лютэра, быў адпушчаны без катаванняў, як піша Лютэр у лісце да Спалятына ў лютым (p. 271.b)»6.

Зэкендорф, як і пазней Капітар, аднёс падзею да 1525 г., але не назваў імя згаданага доктара медыцыны.

Апрача паведамлення Зэкендорфа, Неміроўскі знайшоў у ваймарскім крытычным выданні карэспандэнцыі Лютэра яшчэ адзін важны дакумент — ліст ад 21 снежня 1524 г. да нямецкага правазнаўцы і гарачага прыхільніка рэфармацыі Ёгана фон Шварцэнбэрга (1463–1528). Лютэр у лісце піша:

«Я з радасцю даведаўся з ліста Вашай Міласці гісторыю Вашай дачкі, і паколькі доктар Францішак знаходзіцца тут, не хачу пакінуць таго, каб пісьмова не пажадаць Вашай Міласці здароўя і шчасця …»7.

На падставе гэтага ліста Неміроўскі пацвердзіў, што ў той час у Вітэнбэргу сапраўды знаходзіўся нейкі доктар Францішак, але прабыванне яго ў Вітэнбэргу, палічыў чамусьці даследчык, павінна было закончыцца не ў лютым, як піша Зэкендорф, а значна пазней, прынамсі 15 верасня 1525 г., бо гэтым днём, нібыта, датаваны апошні ліст рэфарматара з Вітэнбэргу, а ўжо наступны, ад 17 верасня 1525 г., напісаны ім з Торгава, куды, маўляў, ён з’ехаў пасля згаданага інцыдэнту. На падставе вызначаных ім самім шырокіх часавых межаў побыту доктара Францішка ў Вітэнбэргу, Неміроўскі адмовіў яго магчымую тоеснасць з Францішкам Скарынам, які, на думку даследчыка, не мог быць у гэты перыяд у Вітэнбэргу, бо павінен быў знаходзіцца ў Вільні, дзе ў сакавіку 1525 г. выходзіў з друку «Апостал».

На вялікі жаль, па-за ўвагай даследчыка засталіся спасылкі ў паведамленні Зэкендорфа на два лісты са студзеня і лютага 1525 г., на якіх грунтавалася яго паведамленне. Якраз гэтыя спасылкі непасрэдна на лісты самога Марціна Лютэра не дазваляюць пагадзіцца з датаю інцыдэнту, прапанаванай Неміроўскім. Зэкендорф спасылаецца на збор лістоў Лютэра, выдадзены ў 1565 г. ягоным вучнем, паплечнікам ды першым найбольш аўтарытэтным публікатарам яго твораў Ёганам Аўрыфабрам (Гольдшмідам, 1519–1575). Аўрыфабэр суправаджаў рэфарматара ў ягонай апошняй перадсмяротнай паездцы ў Айслебэн у канцы 1546 г. і прысутнічаў пры ягонай смерці. У другім томе збору лістоў Лютэра, апублікаваных Аўрыфабрам у 1565 г., на 270-м аркушы, як было ўказана ў Зэкендорфа, змешчаны ліст Лютэра ад 18 студзеня 1525 г. да лютэранскага тэолага Мікалая Амсдорфа, у якім ён піша:

«Ёсць тут у нас польскі юдэй, пасланы за 2000 залатых, каб загубіць мяне атрутаю, прададзены мне сябрамі ў лісце. Ён доктар медыцыны і гатовы на ўсё наважыцца і ўсё зрабіць з неверагоднай хітрасцю і спрытам. У гэтую гадзіну я загадаў схапіць яго і не ведаю, што яшчэ будзе»8.

На наступным 271-м аркушы выдання ў лісце ад 11 лютага таго ж года да вядомага нямецкага гуманіста і дзеяча Рэфармацыі Георга Спалятына Лютэр апавядае пра працяг справы:

«Заўтра пачуеш ты навіну, дарагі мой Спалятыне, якую ты хацеў ведаць, што тыя злоўленыя юдэі, якія рыхтавалі мне атруту, магчыма, выдалі б, кім яны былі пасланыя. Але, паколькі яны гэтага не робяць добраахвотна, я не пажадаў, каб іх катавалі, але пахадайнічаў, каб іх звольнілі, хоць я цалкам перакананы, што гэта быў той, якога мне ўказалі сябры: нагэтулькі супадаюць усе прыкметы»9.

Змест гэтых лістоў, якія засталіся па-за ўвагай Неміроўскага, і ліста ад 21 снежня 1524 г. дазваляе суаднесці іх з нататкаю Капітара і паставіць пытанне пра іх як крыніцу гэтай нататкі ды істотным чынам скарэктаваць і звузіць прынамсі да двух месяцаў часавыя рамкі знаходжання ў Вітэнбэргу доктара Францішка, калі яго атаясамліваць з меркаваным атрутнікам. Гэты атрутнік, не названы па імені ў двух лістах за 1525 г., такім чынам павінен быў бы прыбыць у Вітэнбэрг не пазней за 18 студзеня (даты першага ліста), калі яго загадалі схапіць, і пакінуць горад не пазней за 11 (даты другога ліста) ці прынамсі 12 лютага 1525 г. пасля вызвалення. Як вынікае, меркаваны зламыснік павінен быў знаходзіцца пад вартаю прыблізна 25 дзён, калі ішлі разбіральніцтвы і допыты. Калі ж прыняць, што ім быў доктар Францішак, згаданы ў лісце ад 21 снежня 1524 г., то тады час знаходжання гэтай асобы ў Вітэнбэргу павялічыцца яшчэ амаль на месяц (час да арышту).

У 1998 г. супраць атаясамлення доктара Францішка з Польшчы з Францішкам Скарынам выказаўся таксама беларускі гісторык і скарыназнавец Георгій Галенчанка. Даследчык палічыў, што «гістарычнае пытанне» Капітара мае ўсе прыкметы «чыста літаратурнай версіі», якую апрабаваў у сваіх публікацыях Вітаўт Тумаш. Пры гэтым ён спасылаўся на паведамленні Зэкендорфа і Матэзіюса. Але, як і Неміроўскі ён, на жаль, таксама пакінуў па-за ўвагай пададзеныя ў тэксце Зэкендорфа спасылкі на два ўжо згаданыя лісты Лютэра з 1525 г., дзе апісваецца інцыдэнт з доктарам медыцыны, юдэем з Польшчы10.

Паколькі Вітаўт Тумаш і Георгій Галенчанка пры вырашэнні пытання пра крыніцу і вераемнасць атаясамлення доктара з Польшчы з Францішкам Скарынам спасылаюцца на паведамленне Ёгана Матэзіюса, то крыху спынімася на акалічнасцях, пры якіх яно стваралася, і падамо яго тэкст. Вось жа, падчас знаходжання ў Вітэнбэргу Матэзіюс апынуўся ў коле застольных сяброў рэфарматара і потым пераказваў яго застольныя гутаркі ў сваіх казаннях. Найбольш значным і папулярным творам Матэзіюса сталі ягоныя, упершыню апублікаваныя ў 1566 г. «Гісторыі пра Марціна Лютэра», якія потым перавыдаваліся каля 50 разоў. Упершыню выдадзены праз год пасля ягонай смерці, твор уяўляе з сябе збор з 17 казанняў, якія ён прамовіў паміж 1562 і 1565 гг. Як узор і ілюстрацыю хрысціянскіх цнотаў пры выкладзе праўдаў веры ён падаваў у гэтых казаннях эпізоды з жыцця Лютэра і аповеды з ягоных застольных гутарак. Вось як выкладаецца эпізод з меркаваным атрутнікам і іншымі змоўшчыкамі ў кнізе Матэзіюса:

 

«...Трынаццатае казанне з гісторыяй

...У саракавым годзе з яго [доктара Марціна Лютэра] ведама я прывёў да ягонага стала аднаго юдэя, які нейкі час у Талі хадзіў у кірху, і прасіў аб хросце. Юдэй, кажа доктар, для цябе гэта сур’ёзная справа, мы хочам справіць над табой нашыя хрысціянскія абрады, я прыхільна стаўлюся да ўсіх юдэяў, дзеля аднаго пабожнага юдэя, які з вашага племені, і народжаны беззаганнай Дзевай і карміцелькай, згодна з прароцтвам Ісаі (Іс VII, 14). Але вы рэдка трымаецеся гэтай праўды.

Калі юдэй пагадзіўся быць распытаным, доктар запытаўся, як яго завуць і адкуль ён. Юдэй зваўся Міхель з Познані. Мой юдэю, кажа доктар, мяне перасцерагалі наконт аднаго юдэя з такім жа імем, але ты выглядаеш занадта прастадушным для такога. Пасля гэтага доктар пасадзіў нас за стол, каб распавесці цікавую гісторыю пра таго самага юдэя, якую я таксама павінен тут прыгадаць. Некаторыя біскупы з па-за Рымскай Імперыяй, мелі таемную нараду з юдэем Міхелем з Познані, каб ён атруціў нашага доктара, і паабяцалі яму на ўзнагароду тысячу залатых. Але хаця на той таемнай нарадзе былі толькі чатыры асобы, аднак удалося аднаму з іх папярэдзіць нашага доктара праз пэўны горад. Ён указаў яму імя, выгляд і намер юдэя, які, рыхтуючы замах, прадставіцца доктару таленавітым і вельмі дасведчаным чалавекам, што ведае шмат моваў, каб разам з ім павячэраць. За сталом ён павінен будзе гуляць з атручанай духмянай кулькай, кіне яе ў свой келіх і дасць палову з яго [выпіць] доктару, але перад гэтым ён прыме дзейсны сродак, каб засцерагчыся ад атруты. Доктар, дзякуючы гэтаму папярэджанню, стаў пільным у сваіх справах, а ў кляштары нейкі час трымалі вартаўніка.

Тым часам прыбыў іншы юдэй, які казаў, што хоча выдаць у Вітэнбэргу Біблію на некалькіх мовах. Многія яго прыкметы супадалі з павядомленым юдэем, адрозніваўся толькі колер валасоў, які быў чорны, а той павінен быў мець светлыя валасы. Таму гэтага юдэя завялі да цырульніка і сталі мыць такім моцным едкім шчолакам, мяркуючы, што ён пачарніў валасы цыганскай фарбаю, аж пакуль яму стала блага. Але фарба не хацела сыходзіць, таму юдэя адпусцілі.

Праз сем ці восем гадоў, калі гэтая справа была амаль забытая, а доктар згубіў ліст з папярэджаннем, прыбыў указаны юдэй і стаў хваліцца сваім спрытам у астралогіі пану Філіпу, які запрасіў да сябе пана доктара, каб той паслухаў таленавітага чужынца.

За сталом чужынец паведаміў, што ён вучоны і вельмі дасведчаны падарожнік, і распавёў шмат цікавага пра турэцкую, індыйскую, армянскую ды многія іншыя рэлігіі. Апрача таго, ён сказаў, што паколькі пабачыў шмат вераванняў, то захацеў наведаць таксама і Вітэнбэрг. Ён таксама паведаміў доктару, што хоча ў яго дома згуляць з ім у шахматы, паколькі яшчэ раней ён вельмі старанна вывучыў усе такія рэчы. Ідучы дадому, калі толькі ступіў на ніжнюю прыступку лесвіцы ў сваім доме, доктар падумаў: «Ці не той гэта юдэй, пра якога мяне папярэджвалі?» «Я думаю таксама, — казаў доктар, — што пра гэта нагадаў мне мой анёл. Я пашукаў ліст, але нідзе яго не знайшоў, аднак мне прыгадаліся прыкметы, якія супадалі з гэтыт юдэем».

Калі доктар назаўтра раніцай ад’язджаў у Торгаў, ён загадаў, каб пры яго адсутнасці нікога не пускалі ў ягоны пакой. Юдэй прыйшоў на другі дзень, але яго не ўпусцілі. Тым часам справа павярнула ў кепскі бок, пачалі казаць, што тут з’явіўся той падгавораны юдэй, падкуплены забойца. Калі юдэй даведаўся пра гэта, ён праз некалькі дзён уцёк.

«Гэты юдэй, — сказаў доктар свайму госцю, — якога я прывёў да свайго стала, зваўся гэтак жа, як ты, і быў тваім суайчыннікам, але я спадзяюся, што ты не такі, як ён, ды і не выглядаеш ты падобным да яго»»11.

 

Паколькі шмат якія пасажы з паведамлення Матэзіюса, якое ён падаў як аповед самога Лютэра, супадалі з нататкаю Капітара, гэта і схіліла Георгія Галенчанку да сцвярджэння, што матэзіяўскі тэкст стаў першапачатковай крыніцай для «гісторыі» пра сустрэчу доктара Францішка з Лютэрам. Указанне на тое, што юдэй, пра якога папярэджвалі Лютэра сябры, прыбыў праз сем ці восем гадоў пасля гэтага папярэджання, Вітаўт Тумаш зразумеў як указанне на 1532–1533 гг., аднёсшы, такім чынам, дату папярэджання на 1525 г., хоць у тэксце Матэзіюса гэтая дата не падаецца. Няма ніякіх, нават ускосных, звестак пра такія папярэджанні і ў карэспандэнцыі Лютэра за 1525 г. Але такая звестка ёсць у 1520 г. у лісце да Георга Спалятына 16 красавіка, дзе Лютэр піша:

«…некаторыя мае, жалю годныя, недругі праз сяброў з Гальбэрштадта сказалі, каб мяне папярэдзілі, што ёсць нейкі доктар медыцыны, які магічным мастацтвам па сваім жаданні зрабіўся нябачным і ўжо некага забіў, маючы даручэнне забіць таксама Лютэра, і прыбудзе на наступную нядзелю выстаўлення рэліквіяў. Пастаянна пра гэта апавядаюць»12.

Гэты ліст, як і згаданыя лісты з 1524 і 1525 гг., храналагічна і паводле зместу адпавядаюць паведамленню Капітара і дакументальна пацвярджаюць рэальнасць апісаных ім падзей. Як вынікае з гэтых лістоў, падзеі развіваліся ў такім парадку: 16 красавіка 1520 г. Лютэр атрымаў папярэджанне ад сяброў пра тое, што да яго збіраецца прыбыць нейкі доктар медыцыны, каб забіць яго; праз чатыры з лішкам гады, напрыканцы снежня 1524 г., у Вітэнбэрг прыбывае нейкі доктар Францішак; у студзені 1525 г. Лютэр загадвае схапіць нейкага доктара медыцыны, польскага юдэя, пра якога папярэджвалі сябры і які, нібыта, збіраўся атруціць яго; 11 лютага 1525 г. рэфарматар піша, што злоўленыя юдэі, якія, маўляў, збіраліся яго атруціць, былі па яго хадайніцтве адпушчаныя, хоць ён быў упэўнены, што адзін з іх гэта той, пра якога папярэджвалі сябры, бо супадалі ўсе прыкметы. Такім чынам, можна лічыць гэтыя лісты дакументальнай асновай паведамлення Капітара. Яны дазваляюць устанавіць сапраўдны тэрмін ды іншыя акалічнасці побыту доктара медыцыны з Польшчы / доктара Францішка ў Вітэнбэргу, у адрозненне ад прапанаваных Неміроўскім і Тумашам, а таксама з’яўляюцца дадатковымі аргументамі на карысць верагоднасці паведамлення Капітара і падмацоўваюць ягоную гіпотэзу пра тоеснасць загадковага доктара Францішка і доктара Францішка Скарыны.

Але пры падрыхтоўцы да друку кнігі «Францыск Скарына ў дакументах і сведчаннях» (Мінск, 2020) аўтар гэтага артыкула натрапіў на яшчэ адну крыніцу, якую і выпадае лічыць галоўнай і самай ранняй наратыўнай падставай нататкі Капітара. Гэта сведчанне самога Марціна Лютэра, дадзенае ў Айслебэне ў апошні перадсмяротны перыяд яго побыту там (з 23 студзеня да смерці 18 лютага 1546 г.) і запісанае ягоным вучнем, галоўным і першым выдаўцом ягоных твораў Ёганам Аўрыфабрам, які быў з ім у той час. Сведчанне было апублікаванае ў 1564 г. і потым без зменаў перадрукоўвалася ў пазнейшых выданнях збору твораў Лютэра13. Падаем тэкст у сваім перакладзе:

 

«Гісторыі пра тое, як доктара Марціна Лютэра хацелі зжыць са свету і забіць у 1520 г., расказаныя ім самім у Айслебэне ў 1546 г.

<...>

Другая гісторыя

Біскупы ў Польшчы робяць замах на жыццё доктара Лютэра:

Каля таго самага часу некаторыя польскія біскупы падкупілі грашыма аднаго доктара медыцыны (якому яны паабяцалі дзве тысячы залатых) і загадалі, каб ён атруціў і пазбавіў жыцця доктара Лютэра, што ён і пагадзіўся зрабіць. Але тыя самыя біскупы мелі ў сябе яшчэ іншага доктара медыцыны, якому яны гэта, як іхняму даверанаму сябру, адкрылі. Ён жа праз тых, якія з Вроцлава ў Сілезіі, перасцярог і папярэдзіў доктара Лютэра: павінен прыбыць юдэй, які завецца Францішкам, і будзе выдаваць сябе за лекара і выдатнага астролага ды ведаць шмат моваў. Яго асоба была дакладна апісаная: што ён мае светлыя валасы, будзе добра апранутым, а таксама ветлівым і дасведчаным чалавекам. Яго і павінен Лютэр сцерагчыся, бо той задумляе яго атруціць.

<...> Неўзабаве пасля гэтага прыбыў у Вітэнбэрг да Аўрагала нейкі юдэй і хацеў праз яго пазнаёміцца з доктарам, выдаў сябе за астролага і знаўцу многіх моваў ды меў усе прыкметы, якія раней паведамілі з Вроцлава, пішучы аб Францішку з Польшчы, толькі валасы яго былі чорныя. Тады доктар Лютэр падумаў, што ён пафарбаваў валасы, і наказаў кінуць яго ў вязніцу ды памыць едкім шчолакам. Калі ж юдэй ад гэтага спалохаўся і не ведаў, чаму яго мылі, нягледзячы на тое, што ягоныя валасы заставаліся чорнымі, ён быў прызнаны невінаватым. Яго прымусілі прысягнуць, што не будзе помсціць і выпусцілі з вязніцы.

Польскі ашуканец Францішак прыбывае ў Вітэнбэрг:

Толькі праз пяць гадоў прыбывае ў Вітэнбэрг ашуканец з Польшчы. Ён быў добра апрануты і падаўся да Філіпа Меланхтона да заезднага дому, бо чуў, што Філіп Меланхтон цікавіцца астралогіяй. І як толькі з’явіўся ў Філіпа Меланхтона, вельмі захацеў пабачыць доктара Лютэра ды завязаць з ім сяброўства. Таму Філіп Меланхтон запрасіў доктара Лютэра да сябе ў госці. За сталом паляк вусна выклаў генеалогіі многіх князёў і паноў і выказаў свае меркаванні пра гэта. Яшчэ ён гаварыў пра рэлігію туркаў і татараў, бо аб’ездзіў амаль увесь свет. Таксама ён мог, прыязна ставячыся да людзей, весці такія прыемныя і вясёлыя размовы, што кожны з радасцю слухаў яго. І самому доктару Лютэру ён вельмі спадабаўся.

Што доктар Лютэр успомніў пра гэтага Францішка:

Але калі доктар ішоў з той вячэры і па дарозе вельмі дзівіўся ветлівасці, дасведчанасці, прыязнасці і здольнасцям гэтага чалавека ды пайшоў на свой паверх у кляштар, яму прыйшло ў галаву тое, што напісалі яму з Вроцлава (І пан доктар сказаў: анёл мусіў яму гэта даць і нагадаць, бо інакш ён зусім на гэта забыўся б). Бо ўсе прыкметы супадалі, і гэты шэльма сказаў яму: Пане доктар, ці не маглі б мы згуляць у шахматы, я хачу да Вас прыйсці і згуляць з Вамі. Але пан доктар рана раніцай паехаў у Торгаў, а ў кляштары загадаў, каб пры яго адсутнасці нікога туды не ўпускалі. Калі ж доктар быў у Торгаве, паляк прыйшоў у кляштар і пытаўся, дзе знаходзіцца спачывальня доктара, і меў таксама іншую нагоду больш дакладна ўсё выведаць.

Доктар Лютэр звінавачвае гэтага Францішка:

Калі гэта паведамілі пану доктару пры ягоным прыездзе, ён паклікаў Філіпа Меланхтона і старасту да сябе ў Вітэнбэрг і выказаў свой недавер і падозру да гэтага Францішка, што ён прыбыў у Вітэнбэрг, каб яго задушыць. Таму той самы Францішак быў выкліканы да старасты, і яму гэта было прад’яўлена. Але ён цалкам усё адмаўляў і апраўдаваўся, што не юдэй, і прапаноўваў нават даказаць, што не абрэзаны, ды адгаворваўся, што прыехаў у Вітэнбэрг, бо хацеў выдаць друкам Біблію на сямі мовах. Тады стараста адпусціў яго па-добраму, але пайшлі погаласкі пра яго ашуканства, і дзеля гэтай здрады ён трапіў у вялікую падозру ў прыстойных людзей, якія казалі яму пра гэта. Таму ён потайкі уцёк з Вітэнбэрга14.

 

На тое, куды ўцякаў пасля здарэння ў Вітэнбэргу меркаваны зламыснік, можа ўказваць яшчэ адно сведчанне — успамін Лютэра, запісаны удзельнікам ягоных застольных гутарак Конрадам Кардатам летам 1532 г.:

Таксама прыйшоў мне ліст з Вроцлава, што будзе нейкі чалавек, які захоча мяне забіць, якому палякі паабяцалі чатыры тысячы залатых і апісалі мне яго так, каб я мог лепш пазнаць яго. Гэта быў доктар паляк, які ведаў шмат моваў, выдатны астраном, якім захапляўся Філіп, але ад якога Бог мяне абярог. Ён ахвотна згуляў бы са мною ў шахматы, але я не захацеў. Нарэшце, пабачыўшы, што яго сталі падазраваць, ён употайкі з’ехаў і прыбыў да маладзейшага маркграфа, папрасіў, каб паведамілі пра ягоны прыход, але той адказаў: «Адпраўце яго прэч. Гэта той, які збіраўся зжыць са свету доктара Марціна». І, пасаромлены, ён з’ехаў адтуль. Гэтаксама адбылося і ў Ляйпцыгу. Таксама я думаю, што мая амбона часта была атручаная, але мяне Бог ахаваў15.

Пры некаторых адрозненнях (4000 залатых замест 2000; астраном замест астролага), галоўныя моманты гэтага запісу супадаюць з сюжэтам пра доктара Францішка ў паведамленні Аўрыфабра. Але ў запісе К. Кардата да гэтай агульнай канвы аповеду дадалася цалкам адрозная заключная частка з паведамленнем аб спробе чужынца выправіцца пасля Вітэнбэргу да маладзейшага маркграфа. Куды ж мог уцячы «доктар паляк» і хто мог быць гэтым «маладзейшым маркграфам»?

Ускосна на гэта можа ўказваць прыведзены вышэй урывак з ліста Марціна Лютэра да Ёгана фон Шварцэнбэрга, са зместу якога вынікае, што доктар Францішак прыбыў у Вітэнбэрг непасрэдна пасля сустрэчы з ім, відаць, перадаўшы рэфарматару ад яго нейкі ліст з паведамленнем аб сітуацыі з ягонай дачкою. Лютэр жа хацеў таксама з доктарам Францішкам перадаць Шварцэнбэргу свой ліст. Ёган Шварцэнбэрг прынамсі з 24 красавіка 1524 г., пакінуўшы перад тым пасаду гофмайстра ў Бамбергскага біскупа, ужо знаходзіўся на службе у маркграфаў Брандэнбурга-Ансбаха і Брандэнбурга-Кульмбаха16. Іх рэзідэнцыя знаходзілася ў Ансбаху, недалёка ад Нюрнберга.

Хоць Шварцэнбэрг не губляў кантактаў і перапісваўся з прадстаўнікамі другога адгалінавання роду Шварцэнбэргаў, якія аселі ў Чэхіі, у тых мясцінах, дзе мог бываць і Скарына, але наўрад ці ён мог бы нейкім чынам дапамагчы беларускаму першадрукару ў пошуках магчымасцяў для выдання яшчэ не надрукаванай часткі Бібліі. Але такую дапамогу мог аказаць маркграф Казімір, у якога служыў Шварцэнбэрг, і які ў той час, пасля адлучэння ад кіравання свайго бацькі, быў фактычным гаспадаром Кульмбаху і Ансбаху. Казімір (1481–1527) быў першым сынам маркграфа Брандэнбурга-Ансбаха Фрыдрыха Гогенцолерна (1460–1536) і Сафіі Ягелонкі (1464–1512), дачкі вялікага князя літоўскага і польскага караля Казіміра IV, роднай сястры вялікага князя літоўскага і польскага караля Жыгімонта І Старога ды ўгорска-чэшскага караля Ўладзіслава ІІ. Сваё імя маркграф Казімір атрымаў у гонар дзеда17. У адрозненне ад сваіх меншых братоў Георга і Альбрэхта, ён так і не стаў прыхільнікам Рэфармацыі. Казімір і мог бы аказаць дзейсную дапамогу Скарыну ў пошуках выдавецкіх магчымасцяў, напрыклад, па рэкамендацыі Віленскага біскупа Яна, ягонага сваяка. Да ягонага двара мог выправіцца доктар Францішак пасля інцыдэнту з Лютэрам. Паколькі бацька Казіміра Фрыдрых у крыніцах выступае з прыдомкам «старэйшы» (senior, der Ältere)18, то менавіта Казімір і мог хавацца пад азначэннем «маладзейшы маркграф» (marchio iunior, der Jüngere) у пераказе Кардата. Але, відаць, пры з’яўленні пры двары маркграфа пасля выезду з Вітэнбэргу, доктар Францішак не мог абмінуць Шварцэнбэрга — зацятага прыхільніка Лютэра. Той, папярэджаны Лютэрам, і мог не дапусціць яго да двара Казіміра.

Пры параўнанні гэтых чатырох версій вітэнбэргскага інцыдэнту больш істотным падаецца падабенства паведамленняў Матэзіюса і Аўрыфабра. Важна тое, што агульнай крыніцай для абодвух былі аповеды Марціна Лютэра, пачутыя імі ў розны час непасрэдна ад яго самога. Матэзіюс указвае на 1540 г., Аўрыфабэр — на апошні, перадсмяротны побыт рэфарматара ў Айслебэне (23 студзеня – 18 лютага 1546 г.). Пры ўсім падабенстве, аднак, абодва тэксты маюць некалькі адрозненняў: Матэзіюс паведамляе, што меркаваны юдэй меў імя Міхель, а не Францішак; не тытулуе яго доктарам медыцыны; называе іншую суму грошай, прапанаваных змоўшчыку, — 1000, а не 2000 залатых; падае іншы тэрмін інцыдэнту — праз 7–8, а не праз 5 гадоў пасля папярэджання ад сяброў. Апрача таго, Матэзіюс, паведамляючы, як і Аўрыфабэр, важны нюанс інцыдэнту — намер чужынца выдаць у Вітэнбэргу Біблію, у адрозненне ад яго, не называе імя чужынца, але і не звязвае гэты намер з юдэем Міхелем. Матэзіюс піша, што выдаць у Вітэнбэргу Святое Пісанне на некалькіх мовах хацеў нейкі безыменны чужынец, Аўрыфабэр — што выдаць яго збіраўся доктар медыцыны Францішак на сямі мовах.

У параўнанні з пераказам Аўрыфабра, версія Матэзіюса выглядае менш дакладнай, а падзеі і даты пераблытаныя і не адпавядаюць зместу лістоў Лютэра за 1520, 1524 і 1525 гг., у якіх апісваецца інцыдэнт і якія пацвярджаюць пераказ Аўрыфабра і нататку Капітара. Адрозніваюцца таксама мэты публікацыяў аповедаў Лютэра ў абодвух гэтых яго біёграфаў і іх прызначэнне. Аўрыфабэр, які займаўся пошукам твораў і лістоў Лютэра ды быў першым іх выдаўцом, імкнуўся да максімальнай дакладнасці ў перадачы зместу паведамленняў, адпаведнасці публікаванага тэкста арыгіналу, напісанаму ці вуснаму. Матэзіюс, які пісаў у жанры пропаведзі, стараўся перадусім патлумачыць праўды веры, прыводзячы на іх пацвярджэнне падзеі з жыцця Лютэра. Гэты жанр не патрабаваў вялікай дакладнасці ў перадачы ўспамінаў Лютэра. Тое, што чужынец, які, нібыта, рыхтаваў замах на Лютэра, названы ў яго Міхелем, магчыма, выклікана тым, што слухачам і чытачам быў вядомы ахрышчаны самім Лютэрам, ужо «бясшкодны» пасля хросту, юдэй Міхель з недалёкага Таля. Верагодна, Матэзіюс на прыкладзе дзвюх асобаў, быццам бы з аднаго племені і нават з адным імем, хацеў паказаць маральную перавагу хрысціянства над юдаізмам., Недакладнасць паведамлення Матэзіюса таксама магла ўзнікнуць з-за большага прамежку часу паміж пачутым у 1540 г. успамінам Лютэра і яго пісьмовай фіксацыяй у 1566 г., у той час як Аўрыфабэр пачуў успамін ды, хутчэй за ўсё, адразу ж і запісаў яго ў 1546 г. і надрукаваў у 1564 г., не маючы ніякага матыву нешта мяняць у змесце пачутага ад Лютэра. Таму ёсць больш падставаў давяраць паведамленню Аўрыфабра, у тым ліку і звестцы пра тое, што намер выдаць у Вітэнбэргу Біблію меў доктар медыцыны Францішак.

Пасля разгляду паведамленняў Матэзіюса, Аўрыфабра і Кардата, крыніцаю якіх былі сведчанні Лютэра, і лістоў самога рэфарматара, робіцца відавочным, што Капітар, публікуючы сваё «Гістарычнае пытанне...», не быў знаёмы з творамі Матэзіюса, Аўрыфабра і Кардата ды адпаведнымі лістамі Лютэра. Гэта вынікае з таго, што славенскі філолаг не падаў у сваёй нататцы вельмі важных для ідэнтыфікацыі асобы чужаземнага змоўшчыка характарыстык гэтай асобы, якія фігуруюць у памянёных творах і карэспандэнцыі Лютэра. Вось жа, у ягонай нататцы адсутнічае этнічна-веравызнаўчае вызначэнне згаданай асобы; да тытулатура «доктар» не дадаецца назва навуковай спецыялізацыі «медыцына», і, што самае істотнае, не называецца мэта прыезду чужынца ў Вітэнбэрг. Гэтыя тры прыкметы: «юдэй», доктар медыцыны, які ў Вітэнбэргу хоча выдаць Біблію на некалькіх / сямі мовах, наяўныя ў паведамленнях Матэзіюса і Аўрыфабра ды лістах Лютэра, але адсутныя ў нататцы Капітара, дазваляюць зрабіць выснову пра тое, што ён узяў за аснову для яе нейкі пазнейшы пераказ вітэнбэргскага інцыдэнту. Бо калі б Капітар быў знаёмы са згаданымі паведамленнямі і лістамі, якія зыходзілі ад самога Лютэра, гэта магло б выдатна падмацаваць ягоную гіпотэзу пра тоеснасць доктара Францішка з доктарам медыцыны Францішкам Скарынам, а пры прачытанні і больш дэталёвым азнаямленні з імі пазнейшых даследчыкаў — Аляксея Віктарава, Пятра Уладзімірава, Яўгена Неміроўскага і Георгія Галенчанкі, дазволіла б ім утрымацца ад апрыёрнага адмаўлення, скепсісу і гіперкрытыцызму ў дачыненні да гэтай гіпотэзы. Якраз змест гэтых, зыходзячых ад самога Марціна Лютэра паведамленняў і лістоў, дае магчымасць далей развіць, удакладніць і ўсталяваць гіпотэзу Ернэя Капітара на трывалай крыніцазнаўчай аснове.

Апрача ўжо адзначаных, у памянёных пераказах маюцца іншыя звесткі пра асобу змоўшчыка, якія можна суаднесці з Францішкам Скарынам. У іх ён характарызуецца як абазнаны ў астралогіі ці ў астраноміі. Вядома, што ў тыя часы астралогія і астраномія былі непадзельнымі. Астралогія была афіцыйнай дысцыплінай у Кракаўскім універсітэце. Скарына, безумоўна, павінен быў напрыканцы свайго навучання ў Кракаве перад атрыманнем ступені бакалаўра ў 1506 г. праслухаць курс па астраноміі / астралогіі, які чытаў у летнім семестры таго года Ян з Глогава па трактаце Яна Сакрабоско De sphera materiali19. У кнізе была змешчаная выява армілярнай сферы, якая, верагодна, стала ўзорам для аналагічнай выявы на вядомым партрэце Скарыны. Ян з Глогава, адзін з самых выбітных прафесараў універсітэта, не толькі выкладаў астралогію, але меў дачыненне і да астралагічных прагнозаў20. Веды ў галіне астраноміі і астралогіі, безумоўна, прыдаліся Скарыну і пры складанні Пасхаліі, уключанай у склад «Малой падарожнай кніжкі», якая выйшла з друку ў 1522 г., за тры гады да вітэнбэргскага інцыдэнту, а таксама ў сваёй медыцынскай практыцы.

У пераказах аповедаў Лютэра чужынец характарызуецца таксама як дасведчаны падарожнік, які аб’ездзіў увесь свет, і як знаўца многіх моваў. Гэтая характарыстыка таксама адпавядае Скарыну. Значная частка ягонага жыцця прайшла ў падарожжах, якія ў той час былі звязаныя з вялікімі цяжкасцямі: конна ці пешкі даводзілася адольваць велізарныя адлегласці, напрыклад, з Полацка ці Вільні да Кракава, з Капенгагена да Падуі ды інш. Шмат часу правёў ён на чужыне то як студэнт, то як перакладчык і выдавец, то як каралеўскі садоўнік. Дакументальныя крыніцы і ягоныя выданні сведчаць пра тое, што апрача роднай беларускай мовы, як размоўнай, гэтак і кніжнай, ён павінен быў добра валодаць царкоўнаславянскай і лацінскай мовамі. Доўгі час жывучы ў Чэхіі і выкарыстоўваючы пры падрыхтоўцы да друку ў Празе кніг Бібліі таксама чэшскі пераклад, ён, безумоўна, мусіў на добрым узроўні ведаць чэшскую мову. Яна паслужыла адной з крыніцаў пры выпрацоўцы Скарынам сакральнага варыянту старабеларускай пісьмовай мовы, на якой напісаныя ягоныя пераклады Бібліі. На старачэшскай мове ў той час вялася дакументацыя ў Чэшскім каралеўстве, а таксама рабіліся прыватныя нататкі і пісаліся дзённікі. На ёй афармляў свае справаздачы і прашэнні сын Скарыны Сімяён Рус21.

Апрача чэшскай, у каралеўстве шырока выкарыстоўвалася нямецкая мова. На ёй Скарына мусіў кантактаваць са сваімі партнёрамі і пастаўшчыкамі друкарскіх матэрыялаў у Нямеччыне, майстрамі і выдаўцамі. На ёй вялася перапіска Фердынанда І з Багемскай каморай па справе пражскага каралеўскага саду і садоўніка майстра Францішка22. Магчыма, з нейкім варыянтам нямецкай мовы Францішак Скарына мог упершыню пазнаёміцца яшчэ ў Кракаўскім універсітэце, дзе разам з ім вучыліся многія студэнты з Прусіі і з нямецкіх земляў, на якіх панавала нямецкая мова. Не чужой была гэтая мова і ў жыцці тагачаснага Кракава, а таксама ў Познані, дзе вёў гандаль брат Скарыны Іван ды неаднаразова бываў і сам Францішак. Дакументы познаньскай рады, датычныя Скарыны, дайшлі да нас не толькі на лаціне, але, часткова, і на нямецкай мове.

Невядома дакладна, на якім узроўні валодаў беларускі першадрукар старагрэцкай мовай. Падчас навучання ў Кракаўскім універсітэце на факультэце вызваленых навук, пачынаючы з зімовага семестра 1503/1504 гг., гэтую мову і літаратуру выкладаў Ян Сільвій Амат (1465/1470–1537), з якім Скарына кантактаваў і пазней у Вільні, дзе той жыў у 1518–1526, 1533–1534 гг. З 1507 г. побач з Аматам у Кракаве пачаў весці заняткі па грэцкай мове і літаратуры другі італьянец — Канстанцін Клярэці дэ Канчэльеры. Заняткі хоць і не ўваходзілі ў афіцыйную праграму, але набылі вялікую папулярнасць сярод студэнтаў23. Цяжка ўявіць, каб будучы перакладчык Святога Пісання, прапусціў гэты курс другой, пасля іўрыту, біблійнай мовы. З трэцяй, лацінскай, маючы пад рукой таксама чэшскі пераклад, ён пераклаў увесь Стары Запавет, ад якога, аднак, у друкаваным выглядзе да нас дайшлі не ўсе кнігі.

Мяркуючы па прадмове да ўсёй Бібліі, Скарына пераклаў і ўвесь Новы Запавет. Паколькі гэты пераклад не быў выдадзены і да сённяшняга дня нічога невядома пра лёс рукапісу, мы не можам сказаць пра крыніцу перакладу: была гэта таксама лацінская Вульгата ці арыгінальны грэцкі тэкст Новага Запавету. Праўда, часткі Новага Запавету: «Дзеі Апосталаў» і «Пасланні Апосталаў», былі выдадзеныя Скарынам у Вільні ў складзе «Апостала» ў 1525 г. Але гэтыя выданні грунтаваліся не на ягоных самастойных перакладах, а на традыцыйных царкоўнаславянскіх тэкстах, якія ўзыходзілі да старадаўніх кірыла-методыеўскіх перакладаў ды пашыраліся ў рукапісных варыянтах. Мова віленскіх выданняў Скарыны, як «Апостала», так і ранейшай «Малой падарожнай кніжкі» (1522 г.), — царкоўнаславянская, хоць і з істотным уплывам старабеларускай і, магчыма, чэшскай мовы24. Верагодна, Скарына, выдаючы гэтыя кнігі на царкоўнаславянскай мове, ішоў за пажаданнямі кансерватыўнага праваслаўнага клеру, купецтва, брацтваў і віленскага патрыцыяту, якія былі фундатарамі ягонай выдавецкай дзейнасці. Відаць, перадусім неспрыяльная ідэалагічная атмасфера не дазволіла яму выдаць у Вільні свой пераклад Новага Запавету і змусіла шукаць іншыя месцы і магчымасці для здзяйснення свайго намеру і мары аб завяршэнні выдання друкам усяго Святога Пісання. Менавіта пошукі такіх магчымасцяў і маглі ў канцы 1524 г. прывесці яго ў пратэстанцкі Вітэнбэрг, калі прызнаць тоеснасць чужынца / доктара медыцыны Францішка з пераказаў Матэзіюса і Аўрыфабра, які збіраўся выдаць там кнігі Бібліі, з доктарам медыцыны, ужо вядомым на той час выдаўцом кніг Бібліі ў Празе і ў Вільні, Францішкам Скарынам. Гэтая ж нерэалізаваная задума магла і пазней, у 1530 г., прывесці беларускага першадрукара ў прускі Каралявец да двара герцага Альбрэхта, адкуль ён, вяртаючыся ў Вільню, звёз герцагскага друкара. Але і ў Вільні ён так і не змог завяршыць сваю місію выдання ўсіх кніг Бібліі для патрэбы паспалітага люду Вялікага Княства Літоўскага.

Галоўнай перашкодай для надзейнага атаясамлення доктара Францішка / доктара медыцыны Францішка з доктарам медыцыны Францішкам Скарынам да апошняга часу было меркаванне, якога прытрымліваліся многія даследчыкі, пачынаючы ад Віктарава, што беларускі першадрукар не мог быць у Вітэнбэргу у 1525 г., калі ў сакавіку таго года ў Вільні выдаваўся падрыхтаваны ім «Апостал». Але напрошваецца пытанне, ці была такая пільная неабходнасць знаходзіцца Скарыну ў Вільні непасрэдна ў момант друку «Апостала», пры ўмове, што ўсё папярэдне было добра для гэтага падрыхтавана: былі ў наяўнасці патрэбныя матэрыялы і абсталяванне, друкары і іншы персанал, а друкарскі працэс быў апрабаваны. Георгій Галенчанка лічыць, што, найверагодней, ад самага пачатку пры выданні «Малой падарожнай кніжкі» (1522 г.) друкарня Скарыны размяшчалася ў доме віленскага бурмістра Якуба Бабіча. Месца друку не названае ў гэтым выданні, але пазначанае ў адным з захаваных асобнікаў «Апостала», які выйшаў з друку праз тры гады25. Калі месца выдання не мянялася, і захоўваліся абсталяванне і персанал, а друкарскі працэс быў адладжаны пры выпуску серыі выданняў, якія ўвайшлі ў «Малую падарожную кніжку», то можна дапусціць, што для непасрэднага ўдзелу Скарыны ў друку «Апостала» не было пільнай патрэбы. І ён, адчуваючы нетрываласць і магчымы хуткі канец распачатай ім выдавецкай дзейнасці ў Вільні, мог выправіцца ў канцы 1524 г. у Вітэнбэрг на пошук новых магчымасцяў для яе працягу. З іншага боку, нічога не перашкаджала б яму пасля вырашэння сваіх справаў там вярнуцца ў Вільню яшчэ да пачатку друку «Апостала», калі б на патрабаванне Лютэра ён не быў затрыманы 18 студзеня 1525 г. Калі дапусціць, што да таго часу ў яго ўжо была ўкладзеная дамова з нейкім выдаўцом у Вітэнбэргу, і калі б не адбылося гэтага затрымання, то за 40 дзён, якія заставаліся да сакавіка, ён мог бы конна, праязджаючы 35–40 км у дзень, дабрацца да Вільні. Дарожная адлегласць ад Вітэнбэрга да Вільні складае каля 1100 км. Паколькі ў выходных дадзеных віленскага «Апостала» не ўказаная дакладная дата друку, а толькі названы месяц сакавік, то, калі кніга выходзіла ў другой палове гэтага месяца, Скарына тэарытычна мог бы паспець да друку і пасля свайго вызвалення з-пад арышту 11 лютага 1525 г. Таксама варта паставіць пытанне, што магло быць прыярытэтным для Францішка Скарыны ў канцы 1524 г.? Выданне «Апостала» на царкоўнаславянскай мове ці заканчэнне друку ўсёй Бібліі на сакральным варыянце старабеларускай мовы?

Але што магло вабіць беларускага выдаўца біблійных перакладаў у пратэстанцкі Вітэнбэрг? У верасні 1522 г. там, нечуваным для таго часу накладам у 3000 асобнікаў, выйшаў лютэраўскі пераклад на нямецкую мову Новага Запавету. Гэта была кніга высокай паліграфічнай якасці і выдатна аздобленая. Нягледзячы на даволі высокі кошт, яе хутка раскупілі, і ўжо ў снежні таго ж года спатрэбілася другое выданне. Да выхаду з друку поўнай Бібліі ў перакладзе Лютэра ў 1534 г. яго Новы Запавет вытрымаў 87 выданняў, і не менш за 25 выданняў выйшла да 1525 г. Вялікія наклады імгненна разляталіся па ўсіх нямецкіх землях. Апрача таго, з 1523 г. Лютэр пачаў выдаваць па частках пераклады кніг Старога Запавету, пачынаючы ад Пяцікніжжа Майсея да Прарокаў. Часам часткі Старога Запавету выдаваліся ў камбінацыі з Новым Запаветам. Гэты поспех і папулярнасць выдання і маглі прывабіць у Вітэнбэрг Францішка Скарыну, які, магчыма спадзеючыся на больш талерантнае стаўленне ў пратэстанцкім Вітэнбэргу да перакладаў Святога Пісьма на народныя мовы і пашырэння яго сярод усіх слаёў грамадства, мог бы нарэшце разлічваць на рэалізацыю свайго, дагэтуль няздзейсненага, праекту выдання беларускага Новага Запавету і поўнай Бібліі. Яго, як выдаўца, безумоўна, павінен быў бы цікавіць і камерцыйны бок здзяйснення сваёй кнігадрукарскай задумы.

Ускосна пацвярджае атаясамленне доктара Францішка са Скарынам таксама названы ў лістах і кірунак прыбыцця чужынца ў Вітэнбэрг. Папярэджанне аб падрыхтоўцы замаху на яго Лютэр атрымаў у 1520 г. з Вроцлава. Менавіта праз гэты горад Скарына мусіў выязджаць каля таго часу ў Вільню пасля перапынення сваёй выдавецкай дзейнасці ў Празе. Другое папярэджанне ад нейкіх недругаў праз сяброў з Гальбэрштадта таксама прыйшло ў 1520 г. Магчыма, сябры з Гальбэрштадта толькі транслявалі вроцлаўскую засцярогу, атрыманую ад непрыяцеляў рэфарматара, альбо гэта былі розныя папярэджанні, але зробленыя у той самы час. У тым жа годзе нейкі ліст з падобнай засцярогай Лютэр атрымаў таксама і ад вядомага дзеяча Рэфармацыі Ульрыха фон Гутэна, пра што ён сам паведамляў Георгу Спялятыну 11 верасня 1520 г.: «Прыхільнікі Рыма не пакідаюць спробаў замаху, і Гутэн не можа дастаткова мяне засцерагчы, але ён моцна баіцца за мяне, маючы на ўвазе атруту»26. Паводле паведамлення Аўрыфабра, нейкімі польскімі біскупамі змова супраць Лютэра рыхтавалася таксама ў 1520 г. Сам змоўшчык называецца альбо палякам, альбо прыбывае з Польшчы. Матэзіюс паведамляе, што ён прыбыў з Познані. Самым выгодным маршрутам для прыезду Скарыны з Вільні ў Вітэнбэрг быў бы шлях праз Познань, дзе ў той час вёў гандаль ягоны брат Іван. Разважанні чужынца пра рэлігію туркаў і татараў таксама ўскосна могуць указваць на паходжанне чужынца з усходу Еўропы.

Яшчэ адна дэталь, якая магла б стаяць на перашкодзе ў атаясамленні безыменнага доктара медыцыны і доктара Францішка з лістоў Лютэра з доктарам медыцыны Францішкам Скарынам, была высветленая доктарам медыцыны Францішкам з пераказу Аўрыфабра, і яна, наадварот, можа спрыяць такому атаясамленню. Гэта тое, што разгледжаныя намі пісьмовыя крыніцы, апрача нататкі Капітара і пераказу К. Кардата, называюць доктара медыцыны з Польшчы юдэем. Але, як высветлілася пры разглядзе справы з меркаваным замахам гарадскімі ўладамі Вітэнбэрга, доктар медыцыны Францішак з Польшчы не быў юдэем, што і змог сам давесці, пасля чаго быў вызвалены. Калі прыняць, што доктар медыцыны Францішак гэта Францішак Скарына, тады азначэнне яго як юдэя магло ўзнікнуць з некалькіх прычынаў. Сябрам, якія папярэдзілі Лютэра пра нібыта рыхтаваны замах на яго, магло быць нешта вядома пра выдавецкую дзейнасць Скарыны ў Празе і пра яго выданні, якія друкаваліся, хутчэй за ўсё, у друкарні Севярына, дзе беларускі першадрукар павінен быў дзяліць друкарскую майстэрню і некаторых майстроў з тагачасным выдаўцом Пяцікніжжа на іўрыце Гершомам Коганам. Паралельна з ім у той жа самай друкарні выдаваў кнігі Старога Запавету Францішак Скарына27. Магчыма, у такім успрыняцці доктара Францішка з боку Лютэра адыграў пэўную ролю і псіхалагічны фактар. Папярэджанне ад сяброў аб нібыта рыхтаваным замаху на яго, атрыманае ў 1520 г., як відаць з пераказаў Матэзіюса, Аўрыфабра і Кардата, справакавала падазронасць Лютэра да усіх, хто прыбываў у Вітэнбэрг з боку Польшчы і спрабаваў мець нейкія кантакты з ім. У кожным з іх рэфарматар бачыў таго юдэя і патэнцыйнага забойцу, аб якім папярэджвалі яго сябры. Магчыма, хваравіты страх Лютэра перад юдэямі быў сфармаваны агульным стаўленнем да юдэяў у тагачасным нямецкім, і не толькі, грамадстве, і ўсяліўся ў яго з дзяцінства. Гэты страх абвастрыўся пасля папярэджання пра падрыхтоўку замаху на яго. Лютэр нават быў упэўнены, што ворагі атручвалі катэдры і амбоны, з якіх ён прапаведаваў. З часам гэты страх выліўся ў агрэсію супраць юдэяў, і ў 1543 г. ён выдаў памфлет супраць іх пад назваю «Пра юдэяў і іхнюю хлусню» (Von den Juden und ihren Lügen), у якім заклікаў спальваць іх сінагогі і школы, бурыць іхнія дамы, забараніць перамяшчэнне іх па краіне ды інш. 28 Што да меркаваных замахаў з боку юдэяў, пра якія Лютэр пісаў у сваіх лістах да сяброў і апавядаў Матэзіюсу і Аўрыфабру, то ніводзін з іх не быў пацверджаны судова, і падазраваныя былі вызваленыя, гэтаксама як быў вызвалены і доктар Францішак. Яшчэ адзін штрых да партрэта безыменнага чужынца альбо доктара Францішка дадаецца ў пераказах Матэзіюса і Аўрыфабра, дзе сказана, што згаданы персанаж павінен быў мець светлыя валасы.

Падсумоўваючы ўсё сказанае, можна канстатаваць, што гіпотэза аб тоеснасці доктара Францішка з доктарам медыцыны Францішкам Скарынам, выказаная амаль два стагоддзі таму славенскім філолагам і гісторыкам Ернэем Капітарам, паказала сваю жыццяздольнасць і, пасля выяўлення ўжо ў наш час новых звестак, набывае ўсе адзнакі гістарычнага факту.


  1. Hesychii Glossographi discipulus et ΕΠΙΓΛΩΣΣΙΣΤΗΣ Russus in ipsa Constantinopoli sec. XII–XIII ... Vindobonae, 1839. XXIV. P. 33–34 (лац. тэкст); Францішак Скарына: Зборнік дакументаў і матэрыялаў / Прадм., уклад., камент., паказ. В.І. Дарашкевіч. — Мінск, 1988. — С. 77–79 (лац. тэкст і бел. пераклад); Францыск Скарына ў дакументах і сведчаннях /Уклад. А. А. Жлутка (адк. рэд.) [і інш.]. Мінск, 2020 (Далей: Скарына ў дакументах …). С. 349–355 (лац. тэкст, бел. пераклад і каментар).
  2. Викторов А. Замечательное открытие в древнерусском книжном мире // Беседы в Обществе любителей российской словесности при Императорском Московском Университете. Вып. 1. Москва, 1867. С. 18.
  3. Владимиров П.В. Доктор Франциск Скорина, его переводы, печатные издания и язык. — Спб., 1888. — С. XIII–XIV.
  4. Сымон Брага. Геаграфічная лякалізацыя жыцьцяпісу доктара Скарыны // Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. Кн.3. 1964. С. 23–25.
  5. Немировский Е.Л. Франциск Скорина. Жизнь и деятельность белорусского просветителя. — Минск, 1990. — С. 426–428; Ён жа: По следам Франциска Скорины: Документальная повесть. — Минск,1990. С. 142–145.
  6. Пераклад мой — А.Ж. з: Seckendorf Viti Ludovici a. Historia Lutheranismi ab anno 1517 usque ad 1546. Commentarius historicus et apologeticus de Lutheranismo sive de reformatione religionis ductu D. Martini Lutheri… Francofurti et Lipsiae, 1692. Lib. II. P. 35: «Lutherus ipse, ut ex literis, mense Januario ad Amsdorfium scriptis, d. lib.II. Ep. p.270.b. apparet, a veneno sibi metuit, quod Judeus quidam ex Polonia, Medicinae Doctor, bis mille aureorum mercedem pactus, parare dicebatur. Captus is cum sociis, amicorum literis proditus, Wittenbergae; sed, cum nihil fateretur, dimissus fuit, ne tormentis quidem interrogatus,intercedente Luthero, ut ad Spalatinum mense Februario scribit. p. 271.b.»
  7. Bücher, Schrifte und Predigten Luthers aus den Jahren 1516 bis 1538 / Hrsg. Joannes Aurifaber. Eisleben, 1564. Bd. 1. F. 185v: «Ich habe eurer Gnade Brieff und Geschicht eure Tochter betreffend, mit Freuden erfahren, und weil doctor Franciscus allhie gewest, nicht mögen lassen, schrifftlich eurer Gnade Heil und Gnade wünschen»; Таксама гл. увесь ням. тэкст і пер. у: Скарына ў дакументах … С. 90–91.
  8. Epistolae reverendi patris domini doctoris Martini Lutheri / Coll. Iohannes Aurifaber. Eislebii, 1565. T. II. F. 270: «Est hic apud nos Iudaeus Polonus, missus sub pretio 2000 aureorum, ut me veneno perdat, ab amicis per literas mihi proditus. Doctor est Medicinae et nihil non audere et facere paratus incredibili astutia et agilitate, quem hac hora iussi capi, nescio, quid adhuc futurum sit»; Гл. таксама увесь лац. тэкст і пер. у: Скарына ў дакументах … С. 91–92.
  9. Ibidem. F. 271v: «Cras nova audies, quod petis scire, id est, mi Spalatine, quod Iudaei illi captivi, qui mihi venenum parabant, essent forte prodituri, a quibus essent missi; cum vero sponte hoc non facerent, nolui eos torqueri, sed egi, ut dimitterentur liberi, quamvis persuasissimus sim ipsum fuisse, quem mihi amici prodiderant, adeo omnia symbola consentiunt.»; Гл. таксама увесь лац. тэкст, пер. і фотавыяву арыгінала ў: Скарына ў дакументах … С. 93–95, 389.
  10. Галенчанка Г. Праблемныя дакументы Скарыніяны ў кантэксце рэальнай крытыкі // 480 год беларускага кнігадрукавання. — Мінск, 1998. С. 14–15; Idem: Францыск Скарына: у паціне версій, стэрэатыпаў і міфаў // Российские и славянские исследования: науч. сб. / А.П. Сальков, О.Я. Яновский (отв. редакторы) [и др.]. Минск, 2008. Вып. 3. С. 130.
  11. Historien von des ehrwirdigen in Gott seligen Manns Gottes Doctoris Martini Luthers Anfang, Lehr, Leben und Sterben ...durch J. Mathesium. Nürnberg, 1566. F. 196 (ням. тэкст); Скарына ў дакументах … С. 204–207 (ням. тэкст і бел. пераклад).
  12. Epistolae reverendi patris domini doctoris Martini Lutheri / Coll. Iohannes Aurifaber. Ihenae, 1556. T. I. F. 262: «…inimici mei quidam miserti per amicos ex Halberstadio fecerunt moneri me esse quendam doctorem medicine, qui, arte magica factus pro libito invisibilis, quendam occidit, mandatum habentem et occidendi Lutheri, venturumque ad futuram dominicam ostensionis reliquiarum. Valde hoc constanter narratur».
  13. Der erste Teil aller deutschen Bücher und Schriften des theuren Mannes Gottes Doct. Martini Lutheri vom XVII Jahre an biß auff das XXII. Altenburg, 1661. S. 546–548; Des theuren Mannes Gottes D. Martin Luthers Sämtliche theils von ihm selbst Deutsch verfrertigte, theils aus dessen Lateinischen ins Deutsche übersetze Schriften und Wercke… Th. 17. Leipzig, 1732. S. 378–380; Dr. Martin Luthers Sämtliche Schriften / Hrsg. von Dr. Joh. Georg Walch. Bd. 15- Reformationsschriften. St. Louis, 1899. Sp. 444-447; Dr. Martin Luthers Werke. Kritische Gesamtausgabe. Bd. 59. Nachträge. Weimar, 1983. S. 729–732.
  14. Der erste Theil der Bücher, Schriften und Predigten des ehrwirdigen Herrn Doctor Martin Luthers … vom M.D.XVI. bis in das M.D.XXIX. Jar … / Hrsg. von Johannes Aurifaber. Eisleben, bey Urban Gaubisch, 1564. F. 24v–26 (ням. тэкст); Скарына ў дакументах … С. 209–215 (ням. тэкст і бел. пераклад).
  15. Tagebuch über Dr. Martin Luther, geführt von Dr. Conrad Cordatus 1537 / Hrsg. von Dr. H. Wrampelmeyer. Halle, 1885. S. 150. Nr. 632: Item literae veniebant mihi ex Vratislavia, quendam futurum, qui me veneno esset interfecturus, cui Poloni quatuor milia promisissent aureorum, et ita illum mihi describebant, ut optime noscerem eum. Erat autem Doctor Polonus, peritus multarum linguarum, optimus astronomus, quem Philippus admirabatur, a quo etiam ipso me Deus custodivit. Is mecum libenter lusisset im schacht, sed ego nolui. Tandem animadvertens se esse suspectum, clam abiit et venit ad iuniorem marchionem, hatt sich bey yhm lassen ansagen, sed respondit: «Ey last yhn ymer hinwege, Er ist, der D. Martin hatt sollen vergeben», et pudefactus etiam hic abit. Ita et Lypsiae factum est. Deinde ich gleub, das mein predigstul offt vergifft wird, noch hatt mich gott erhalten.
  16. Scheel W. Johann, Freiherr zu Schwarzenberg. Berlin, 1905. S. 143; Balfanz M. Beiträge zur staatsmännischen Wirksamkeit des Freiherrn Johann von Schwarzenberg. Inaugural Dissertation. Greifswald, 1900. S. 52–54.
  17. Neue deutsche Biographie. Bd. 11. Berlin, 1977. S. 315 f.
  18. Allgemeine Deutsche Biographie. Bd. 7. Leipzig, 1877. S. 480.
  19. Liber Diligentiarum Facultatis Artisticae Universitatis Cracoviensis Pars I (1487–1563) / Ed. Wladislaus Wisłocki // Archiwum do Dziejów Literatury i Oświaty. T. 4, Kraków, 1886. P. 73.
  20. Шутова О. Изучение интеллектуального пространства «Библии» Франциска Скорины в контексте Ренессанса: сюжеты, персоналии, философско-эстетические влияния и оформление // Францыск Скарына: даўнія факты — новыя ідэі / Уклад. Аляксандр Груша. — Мінск, 2021. С. 69–72; Zwiercan M. Jan z Głogowa // Polski słownik biograficzny. T. 10. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1962–1964. S. 450–452.
  21. Скарына ў дакументах … С. 239–241; 244–248.
  22. Тамсама. С. 176–203.
  23. Шутова О. Изучение интеллектуального пространства... C. 73–74; Quirini-Popławska D. Silvius (Siculus) Jan // Polski słownik biograficzny. T. 37. Warszawa-Kraków, 1996-1997. S. 502–504.
  24. Жураўскі А.І. Мова друкаваных выданняў Ф. Скарыны // 450 год беларускага кнігадрукавання. — Мінск, 1968. — С. 282; А. Парукаў. Мова «Псалтыра» Ф. Скарыны // Францыск Скарына і яго час: энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1988. — С. 426; Будзько І. Лінгватэксталогія пражскіх выданняў Францыска Скарыны // Францыск Скарына: асоба, дзейнасць, спадчына / Уклад. Аляксандр Груша. — Мінск, 2017. С. 123–125.
  25. Галенчанка Г. Я. Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. — Мінск, 1993. — С. 132.
  26. Dr. Martin Luthers Werke. Kritische Gesamtausgabe. Briefwechsel. Bd. 2. Weimar, 1931. S. 185. Nr. 337: «Nihil non tentabunt Romanenses, nec potest satis Huttenus me monere, adeo mihi de veneno timet».
  27. Лемешкин И. Библия пражская и Библия руска Франциска Скорины. Место печатания // Францыск Скарына: асоба, дзейнасць, спадчына ... С. 168.
  28. Гл.: Kaufmann T. Luthers Sicht auf Judentum und Islam // Der Reformator Martin Luther 2017. Eine wissenschaftliche und gedenkpolitische Bestandsaufnahme /Hrsg. von Heinz Schillind (Schriften des Historischen Kollegs. Kolloquien 92). Berlin-München-Boston, 2014. S. 75–84.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY