|
|
|
№
3(109)/2024
Юбілеі
«БЫЦЬ СВЕДКАМ ЛЮБОВІ»
Інтэрв’ю Крыстыны ЛЯЛЬКО з біскупам Аляксандрам ЯШЭЎСКІМ, генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Асобы
Гісторыя
Спадчына
Постаці
Спадчына
Мастацтва
Дзмітрый МОНІЧ
АБРАЗ ЯНА ДАМЕЛЯ З НЯСВІЖСКАГА ФАРНАГА КАСЦЁЛА Ў ЗБОРЫ НАЦЫЯНАЛЬНАГА МАСТАЦКАГА МУЗЕЯ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ: ПЫТАННІ АТРЫБУЦЫІ Інтэрв’ю
Пераклады
Літаратура
Дэбют
Пераклады
|
Сто гадоў таму, 24 ліпеня 1924 года, Віленскі біскуп Юры Матулевіч выдаў дэкрэт аб утварэнні альбярцінскай парафіі славяна-візантыйскага абраду. Пасёлак Альбярцін знаходзіўся ў Слонімскім павеце, недалёка ад Слоніма. (Цяпер гэта гарадскі мікрараён.) У траўні 1924 года ў Альбярціне з’явіліся першыя два айцы езуіты — а. Караль Буржуа і а. Міхал Маліноўскі, якія 4 лістапада заклалі пачатак усходняй місіі айцоў езуітаў сярод беларусаў. Хто яны — гэтыя святары? Караль Буржуа (1887–1963) нарадзіўся ў Парыжы. Ён быў першым неаўніяцкім езуітам у Польшчы, а таксама ў Альбярціне. Тут ён працаваў з траўня 1924 года да снежня 1925 года. Выконваў абавязкі кіраўніка місіі. Аб сваёй працы напісаў успаміны і надрукаваў у газеце «Etudes» (№ 191, 1927 год). Успаміны называюцца «Chez les paysans de la Podlachie et du nord-est de la Pologne» («Сярод сялянаў Падляскага ваяводства і паўночна-ўсходняй Польшчы»). Асобны ўрывак з яго ўспамінаў быў надрукаваны ў «Naszych Wiadomosciach» (Т. 8, 1927). Пасля Альбярціна ў 1927–1931 гадах Караль Буржуа працаваў настаўнікам французскай мовы ў Празе, потым — у Эстоніі ў 1932–1946 гадах, а з 1950 года жыў сярод рускіх эмігрантаў у Сан-Паўла ў Бразіліі, дзе і памёр 18 красавіка 1963 года.
Міхал Маліноўскі (1887–1942) нарадзіўся ў Швакшце каля Свянцянаў. Вучыўся ў Пецярбургскай духоўнай семінарыі, быў прафесарам духоўнай семінарыі ў Вільні. У Альбярціне жыў у 1924–1927 гадах. Пасля быў аперарыем і апекуном каталіцкіх суполак у Познані, працаваў суперыёрам і мадэратарам Марыянскай садаліцыі ў Варшаве і Лодзі. У 1940 годзе быў арыштаваны гітлераўцамі і загінуў у канцлагеры ў Дахаў... Альбярцін хутка атрымаў статус першага ў Заходняй Беларусі прыхода ўсходнеславянскага абраду, а ў 1926 годзе місія была зацверджана як навіцыят (установа для падрыхтоўкі ў манаскі ордэн), які заснаваў свой філіял у вёсцы Сынковічы (15 кіламетраў ад Альбярціна, цяпер – Зэльвенскі раён), а Сынковіцкая крэпасць-царква стала цэнтрам прыхода ўсходнеславянскага абраду. У 1927–1931 гадах у Альбярцін прыбылі новыя групы навіцыяў з ліку мясцовай беларускай і польскай моладзі; у канцы 1932 года тут прайшлі падрыхтоўку больш за 60 святароў, а манастыр у Альбярціне і філіял у Сынковічах мелі 25 місіянераў («Рэлігія і царква на Беларусі». Мінск, 2001. С. 13).
У 1927 годзе ў Альбярцін з Варшавы прыехалі Павел Мацэвіч і Эдвард Войтчак, а ў 1928 годзе на дапамогу альбярцінскім айцам быў пасланы француз Піліп дэ Рэжыс дэ Гатымель (1897–1955). Француз быў вельмі зацікаўлены працай сярод праваслаўных людзей. Ён хутка вывучыў беларускую і польскія мовы. Працаваў соцыем майстра навіцыяту і адміністратарам прыхода ў Альбярціне. У 1932 годзе ён стаў майстрам навіцыяту і выкладчыкам візантыйска-славянскай літургіі. Праз год ён перавёўся ў Рым, а пасля пераехаў у Аргенціну. Напісаў шэраг публікацый на тэму касцёльнай уніі і становішча Касцёла ў Расіі. У 1955 годзе памёр у Буэнэс-Айрэсе. Заслужаным уніяцкім дзеячам і арганізатарам усходняй місіі быў Антон Дуброўскі (Дамброўскі; 1896–1947). Нарадзіўся ён на Браслаўшчыне, вывучаў філасофію і багаслоўе ў Кракаве і ў Рыме. Жыў і працаваў у Альбярціне спачатку духоўным айцом, потым — міністрам дому, соцыем магістра навіцыяту і адміністратарам неаўніяцкага прыхода, суперыёрам усходняй місіі, рэктарам і магістрам навіцыяту. Шмат пісаў артыкулаў на тэму ўсходняй місіі і грэка-славянскага абраду — яго артыкулы чыталіся на ўніяцкіх кангрэсах. У 1935 годзе ў Альбярцін прыехаў малады айцец Станіслаў Ласкі (1904–1944). Ігумен і майстар навіцыяту адразу актыўна ўзяўся за працу. Ён пабудаваў у Альбярціне царкву і касцёл лацінскага абраду, а таксама шырока займаўся публічнай дзейнасцю на карысць касцёльнай уніі. У 1944 годзе яго арыштавалі ў Польшчы немцы і вывезлі ў канцлагер Маўтгаўзен, дзе Станіслаў Ласкі быў расстраляны. Амерыканскі езуіт польскага паходжання Вальтэр Цішэк (1904–1984) служыў місіянерам у Альбярціне з 1938 года. «Мая праца ў Альбярціне на дзве трэці была душпастырскай і на трэць настаўніцкай. Я выкладаў этыку маладым езуітам, якія вывучалі ў нашай місіі ўсходні абрад, і дзецям у школе — катэхізіс. Акрамя таго, быў вандроўным святаром, які наведваў у Альбярціне і навакольных вёсках сем’і, даючы ім парады, размаўляючы са старымі бабулямі і з хворымі, выконваючы тысячы дзеянняў, як і належыць душпастыру малога мястэчка. З-за таго, што нас у Альбярціне было мала, толькі трое святароў, апрача начальніка а. Дамброўскага, і з-за таго, што я быў новапрыбылым чальцом, я атрымаў у спадчыну розныя дробныя павіннасці, якія звычайна выпадаюць на маладзейшага вікарыя», — успамінае Вальтэр Цішэк у сваёй кнізе «З Богам у Расеі» (Пінск, 2003). Дарэчы, кніга ўспамінаў Вальтэра Цішэка і Даніэля Флягерты «З Богам у Расеі» выйшла і на беларускай мове ў Пінску ў 2003 годзе. Яе пераклаў Павел Ляхновіч.
У 1941 годзе Вальтэр Цішэк быў рэпрэсаваны. Ён абвінавачваўся ў шпіянажы на карысць Ватыкана. Пяць гадоў святар правёў у турмах НКВД у Пярмі, на Лубянцы і ў Бутырках, а на чарговыя 15 гадоў быў сасланы ў Сібір. З лагераў яго вызвалілі ў 1955 годзе. Пасля вызвалення працаваў рабочым і аўтамеханікам, а таксама падпольна займаўся душпастырскай дзейнасцю ў Абакане і Краснаярску. У 1963 годзе Вальтэра Цішэка абмянялі на савецкага шпіёна. Ён вярнуўся ў ЗША, дзе працягваў душпастырскую і гуманітарную дзейнасць. Свае ўспаміны і перажыванні ён апісаў у кнігах «З Богам у Расеі» і «Ён мяне вядзе». Памёр Вальтэр Цішэк у ЗША. Кнігі на польскай мове ўпершыню пабачылі свет пасля смерці святара ў 1990 годзе ў Варшаве. Альбярцінскія айцы належалі да розных нацыянальнасцяў: гэта былі немцы, палякі, чэхі, балгары, украінцы, французы, беларусы, румыны, славакі і іншыя, але агульнаю мэтаю для іх была павага найперш да беларускага народа, сярод якога яны вялі сваю місійную дзейнасць. Год аперырыем працаваў у Альбярціне і ў Жыровічах Тадэвуш Мацяёўскі (1912–1994), майстрам навіцыяту ў Альбярціне — Стэфан Сакач (1890–1973), суперыёрам і міністрам у 1931–1936 гады — Антоні Зомбэк (1899–1989), майстрам навіцыяту Станіслаў Ласкі (1904–1944) і іншыя святары візантыйска-славянскага абраду. Іх дзейнасць і жыццё заслугоўваюць асобных даследаванняў.
Згадваючы пра даваенны Альбярцін, нельга абмінуць і яшчэ дзве яркія асобы — Антона Неманцэвіча (1893–1943) і Антонія Гжыбоўскага (1904–1943). Пра 10 фактаў з жыцця экзарха Антона Неманцэвіча я распавёў у адным з нумароў «Нашай веры» (№ 1, 2024 г.). Трагічным аказаўся лёс у Альбярціне і айца Антонія Гжыбоўскага (1904–1943). Пасля Кракава і Любліна, дзе ён вывучаў філасофію і багаслоўе, малады святар прыехаў у Альбярцін і быў прызначаны рэктарам Рыма-каталіцкага касцёла. Калі на Слонімшчыну прыйшлі немцы, айцец Гжыбоўскі шмат дапамагаў габрэям, беларусам і палякам, але гэта не падабалася савецкім партызанам. Яны пераапрануліся ў нямецкую форму і 20 кастрычніка 1943 года ноччу ўварваліся ў дом святара і вывезлі яго ў лес недалёка ад Альбярціна, дзе расстралялі і закапалі… ...Кожны раз, калі я еду ў Альбярцін, уяўляецца мне, як па яго вузкіх вуліцах крочаць айцы езуіты, якія служылі тут у 1924–1942 гадах. Бачыцца, як з горкі ад касцёла спускаюцца яны ўніз да маёнтка графа Пуслоўскага. Сярод іх – і найстарэйшы Уладзімір Пянткевіч (1865–1933). Ужо прайшоў 91 год, як ён, першы протаігумен усходняй мicii і суперыёр законнага дому айцоў езуiтaў у Альбярціне, адышоў у вечнасць. Уладзімір Пянткевіч пахаваны ў Слоніме, на Альбярцінскіх могілках, але магіла яго ледзь не згубілася за савецкія бязбожныя часы. Знайсці яе дапамагла былая выхавальніца спадарыня Браніслава Васіленка-Бараноўская, якая таксама ўжо не жыве. Сёння на магіле Уладзіміра Пянткевіча стаіць сціплы крыж, яе даглядаюць мясцовыя грэка-католікі. Айцец Пянткевіч, безумоўна заслугоўвае ўдзячнай памяці беларусаў, бо ён быў адным з тых нешматлікіх палякаў, якія прызнавалі за беларусамі права на родную мову ў рэлігійным жыцці. Ён і сам прыкладаў намаганні, каб авалодаць беларускаю моваю, што хутка і зрабіў, і абавязаў усіх святароў, якія працавалі ў Альбярціне і ваколіцах, ды ўсіх выхаванцаў Альбярцінскага манаскага дома, вучыць мову народа, сярод якога яны павінны былі працаваць. Ды і з’яўленне беларускамоўнага ўніяцкага часопіса «Да Злучэньня!», які рэдагаваў а. Антон Неманцэвіч, было зусім не выпадковым...
Уладзімір Пянткевіч нарадзіўся 26 снежня 1865 года ў вёсцы Аджыконь каля горада Кросна (Польшча). Гэта быў найстарэйшы сын Максіміліяна — адміністратара маёнткаў, і Ганны (дзявочае прозвішча Крышталовіч). Пянткевічы мелі яшчэ двух сыноў — Аляксандра і Браніслава. Пасля заканчэння трохкласнай школы ў Кросне Уладзімір вучыўся ў гімназіі ў горадзе Ясла (1–2 класы) і ў Жэшаве (3–4 класы). У 1880 годзе ён уступіў у ордэн езуітаў у вёсцы Стара Весь каля Бжозава, дзе прайшоў двухгадовы навіцыят, вывучаючы гуманітарныя навукі, а таксама рыторыку, між іншым — пад кіраўніцтвам немца Алойза Петэрса (1884–1846), а потым штудзіраваў філасофію ў горадзе Хыраў (цяпер Хирів ва Украіне) і ў Цярнопалі. Са снежня 1888 года да чэрвеня 1890 года вывучаў лацінскую мову ў Хыраве і дапамагаў ксяндзу Мар’яну Мараўскаму рэдагаваць штомесячнік «Przegląd Powszechny» («Усеагульны агляд»), а таксама прыватным чынам закончыў першы курс багаслоўя. У 1891–1894 гадах Уладзімір Пянткевіч працягваў навуку на багаслоўскім факультэце, падчас якой 26 мая 1892 года атрымаў святарскае пасвячэнне. Пэўны час ён выкладаў багаслоўе ў семінарыі езуітаў у Кракаве, а пасля закончыў курсы езуіцкай духоўнасці (трэцюю прабацыю — самую высокую ступень езуіцкага пасвячэння) у Цярнопалі. У 1896–1898 гадах святар быў членам рэдкалегіі штомесячніка «Przegląd Powszechny», дзе адказваў за грамадскі аддзел. А друкавацца пачаў з 1890 года: публікаваў у штомесячніку «Przegląd Powszechny» артыкулы, справаздачы і рэцэнзіі, пераклады паэтычнай творчасці Мацея Казіміра Сарбеўскага, знаёміў таксама з ягонай рукапіснай спадчынай і прапаведніцкай дзейнасцю, спрабаваў нават пісаць рэлігійныя песні. З 1897 года на старонках штомесячніка «Przegląd Powszechny» Уладзімір Пянткевіч тлумачыў розныя грамадскія пытанні. У 1889 годзе святар Пянткевіч вярнуўся на кафедру дагматычнага багаслоўя ў семінарыі езуітаў у Кракаве. Там ён напісаў навуковую працу, апублікаваную ў штомесячніку «Przegląd Powszechny» ў 1902–1903 гадах. У гэты час ён становіцца суперыёрам дома езуітаў у Львове і прысвячае сябе галоўным чынам прапаведніцтву і арганізацыі саслоўных гавенняў для моладзі, інтэлігенцыі, памешчыкаў і клірыкаў. Ён умеў спалучаць глыбокія багаслоўскія разважанні з прыгожым стылем і красамоўствам.
У чэрвені 1904 года Уладзімір Пянткевіч выехаў у Рым, дзе ў 1904–1906 гадах працаваў сакратаром нямецкай асістэнцыі езуітаў, да якой тады належала Галіцыйская правінцыя. Пасля вяртання на радзіму Пянткевіч быў рэктарам калегіі ў Кракаве, затым дарадчыкам правінцыяла, а пасля намеснікам правінцыяла і правінцыялам галіцыйскіх езуітаў. Ён рэарганізаваў езуіцкае школьніцтва ў адпаведнасці з патрабаваннямі, пераняў апякунства над новаадкрытай місіяй польскіх езуітаў у Паўночнай Радэзіі, наглядаў за сацыяльнымі адносінамі і развіццём народных рухаў у Галіцыі, ананімна апублікаваў брашуру «Якія абавязкі ў палякаў-католікаў на маючых адбыцца выбарах» (Кракаў, 1907), у якой заклікаў галасаваць за сумленных, разумных і веруючых кандыдатаў. Пад уплывам Уладзіміра Ледухоўскага, асістэнта пры генерале ордэну, Уладзімір Пянткевіч з вялікаю ўпартасцю падтрымліваў — насуперак агульным меркаванням польскіх езуітаў — ідэю будаўніцтва касцёла Сэрца Езуса ў Кракаве (вул. Каперніка, 26) паводле праекта Францішка Манчынскага. Ён становіцца прэфектам багаслоўскага аддзялення Кракаўскай калегіі і прафесарам касцёльнай рыторыкі і педагогікі. Падчас Першай сусветнай вайны з паловы 1914 года да паловы 1915 года працаваў у душпастырстве ў Верхняй Сілезіі і Познаньшчыне, выступаў з патрыятычнымі пропаведзямі. Потым узначальваў езуітаў у Станіслававе (цяпер Івана-Франкоўск) і кіраваў у якасці намесніка правінцыяла езуіцкімі дамамі на Букавіне і ва ўсходняй частцы Галіцыі, якую занялі расіяне.
Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны вярнуўся ў Кракаў, дзе выступаў з пропаведзямі і супрацоўнічаў з езуіцкім перыядычнымі выданнямі «Przegląd Powszechny», «Sodalis Marianus», «Głosy Katolickie». Напрыканцы 1923 года прымаў удзел у кангрэгацыі езуітаў у Рыме, падчас якой па адмысловай ініцыятыве Папы Пія ХІ ва ўлонні ордэну была створана ўсходняя галіна грэка-славянскага абраду (гэтак званая ўсходняя місія), і ў 1924 годзе была адкрыта першая місійная станцыя ў Альбярціне. Уладзімір Пянткевіч далучыўся да гэтай місіі, а 15 ліпеня 1925 года ён быў прызначаны суперыёрам i протаігуменам, і на гэтай пасадзе заставаўся да канца жыцця. Вось такі адукаваны чалавек у 1925 годзе прыехаў у Альбярцін. Яму тады было ўжо 60 гадоў. Нягледзячы на сталы ўзрост, Уладзімір Пянткевіч энергічна пачаў вывучаць старажытную царкоўнаславянскую і беларускую мовы, усходнюю літургію, арганізоўваць місію, прыцягваць да справы добраахвотнікаў розных нацыянальнасцяў: італьянцаў, французаў, венграў, немцаў. У 1926 годзе ён адкрыў уласны навіцыят у Альбярціне. Шляхам выступленняў і публікацый у айчынным і замежным друку знаёміў шырокія слаі грамадства з узнікненнем і развіццём уніяцкай місіі.
Але далёка не ўciм у польскім грамадстве падабалася дзейнасць айцоў езyiтаў у Альбярціне. Трэба адзначыць, што з некаторым недаверам пэўны час глядзелі на іх дзейнасць і беларускія каталіцкія святары з Беларускай Хрысцыянскай Дэмакратыі. З боку польскіх шавіністаў на ўсходнюю мiсiю ў Альбярцiне iшлi намовы i скаргі свецкім і духоўным польскiм уладам. Шавiнicтычныя польскiя колы iмкнулiся ўсяляк давесцi, што праз вiзантыйска-славянскi абрад адбываецца русiфiкацыя мясцовага «польскага люду». Дайшло нават да таго, што вымушаны быў умяшацца ў гэтыя разборкі вядомы сваім змаганнем супраць усяго беларускага Віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі. 11 лютага 1933 года, з прычыны шматлiкix нападак на aльбярцiнскiх айцоў, ён нават выдаў спецыяльны пастырскi лicт, а ў рэлігійным штомесячніку «Jutrzenka Białostocka» рэдактар ксёндз канонік Адам Абрамовіч у кастрычніку 1931 года змясціў артыкул пад загалоўкам «З якой мэтай?», у якім крытыкаваў айцоў езуітаў у Альбярціне. Гэты самы артыкул пад загалоўкам «Русіфікацыя Слонімшчыны» 6 кастрычніка 1931 года перадрукавала «Gazeta Warszawska», а таксама віленскае «Słowo» і «Kurier Nowogródzki». 2 снежня 1931 года «Gazeta Warszawska» апублікавала вялікі артыкул памешчыка Ул. Есьмана з вёскі Бердавічы (цяпер — Бярдовічы) Слонімскага павета, які называўся «Русіфікацыя польскай Беларусі», дзе большую частку займала абвінавачванне ў русіфікацыі. Гэты матэрыял перадрукавалі таксама іншыя выданні. Такія шматлікія атакі на ўсходнюю місію вельмі расхвалявалі Уладзіміра Пянткевіча. Ён рэзка абвяргаў закіды праціўнікаў. На ўсіх уніяцкіх канферэнцыях у Пінску ён заўсёды выступаў у абарону правоў беларусаў на сваю мову, а ў 1932 годзе ў Кракаве Уладзімір Пянткевіч выдае палемічную брашуру «Праўда аб Альбярціне» — як адказ пану Есьману з Бердавічаў і ксяндзу каноніку Адаму Абрамовічу з Беластока. У сваім выданні аўтар растлумачыў усім мэты місіі ў Альбярціне. У прыватнасці, Уладзімір Пянткевіч пісаў (тэкст даецца ў маім перакладзе на беларускую мову): «…Слонімшчына і Наваградчына — гэта не Калуга ці Вязьма, і нельга не разумець, што ўніяцкая місія на крэсах Польшчы — галоўным і першачарговым чынам, а ў пераважнай большасці выпадкаў нават выключна, — мусіць весціся на беларускай і ўкраінскай мовах». Далей святар Пянткевіч тлумачыў: «Манашкі, якім мы даручылі прытулак у нашай Альбярцінскай парафіі, дзяцей (усходніх, а не польскіх) на беларускай мове навучаюць і выхоўваюць, арганізуючы з імі батлейкі, рытмічныя танцы гномікаў і іншага роду пастаноўкі і гульні. <...> Таксама ў другой парафіі ў Сынковічах наш пробашч, блізкі сусед п. Есьмана, навучанне рэлігіі ў некаторых школах пастаянна вядзе на беларускай мове, а і з падрастаючай пазашкольнай моладдзю ладзіць пастаянна беларускія самадзейныя пастаноўкі і гутаркі… Мы палічылі неабходным стварыць таксама беларускі ўніяцкі штомесячнік пад назваю «Да Злучэньня», ад студзеня гэтага года выдаем яго ў Альбярціне…». Уладзімір Пянткевіч моцна перажываў за лёс святой справы хрысціянскага аб’яднання, дый узрост яго быў ужо немалы... Ён памёр ад сардэчнага прыступу 23 сакавіка 1933 года. Яму было 88 гадоў… ...Штогод у Слоніме ў мікрараёне Альбярцін, дзе знаходзілася рэзідэнцыя айцоў езуітаў, адбываюцца пілігрымкі вернікаў. Там цяпер стаіць памятны крыж. У 2000 годзе падчас адной такой пілігрымкі мясцовая старая жанчына ўніятка прынесла фотаздымак айца Уладзіміра Пянткевіча з надпісам па-беларуску. Усіх прысутных гэта да слёз кранула.
Фотаздымкі
|
|
|
|