Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(109)/2024
Юбілеі
«БЫЦЬ СВЕДКАМ ЛЮБОВІ»
Інтэрв’ю Крыстыны ЛЯЛЬКО з біскупам Аляксандрам ЯШЭЎСКІМ, генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Асобы

ПАТРАБАВАЛЬНЫ ПАПА
Гісторыя
Спадчына

ІКОНЫ Ў ХАЦЕ БЕЛАРУСАЎ
Постаці
Спадчына
Мастацтва
Інтэрв’ю
«ЗЛІЕЦЦА ДУХ МОЙ З ДАЛЛЮ СПЕЎНАЙ»


ВЕРШЫ
Пераклады

«КРЫВАВЫЯ САНЕТЫ»
Літаратура

УРЫВАК З «ПАМЯТНАЙ КНІЖКІ»

ВЕРШЫ
Дэбют

ВЕРШЫ
Пераклады

ЛІМОНЫ З СІЦЫЛІІ

Дзмітрый МОНІЧ

АБРАЗ ЯНА ДАМЕЛЯ З НЯСВІЖСКАГА ФАРНАГА КАСЦЁЛА Ў ЗБОРЫ НАЦЫЯНАЛЬНАГА МАСТАЦКАГА МУЗЕЯ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ: ПЫТАННІ АТРЫБУЦЫІ


Святая Канстанцыя.
Палатно, алей. 186×92.
Пасля 1825 г.
Нацыянальны мастацкі музей
Рэспублікі Беларусь
(КП-15537; ЗЖ-176).

У 1968 г. згодна з распараджэннем Міністэрства культуры БССР [1] Дзяржаўны музей БССР (цяпер — Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь; далей — гістарычны музей) перадаў Дзяржаўнаму мастацкаму музею БССР (цяпер — Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь; далей — мастацкі музей) 51 палатно [2], сярод якіх знаходзіўся «Портрет дамы с крестом /во весь рост/ худ. неизвестен», першапачаткова запісаны ў кнігу часовых паступленняў пад нумарам КВП-5182 [3]. Толькі ў 1978 г. партрэт быў прыняты на пастаяннае захоўванне ў мастацкі музей [4] і атрымаў нумар у кнізе паступлення музейных прадметаў асноўнага фонду КП-15537 і інвентарны нумар ЗЖ-176 [5]. У 2005 годзе жывапіснае палатно было атрыбутавана вядучым навуковым супрацоўнікам мастацкага музея Аляксандрам Адамавічам Ярашэвічам як твор Яна Дамеля «Святая Канстанцыя», выкананы пасля 1825 года1.

У калекцыю гістарычнага музея палатно трапіла з Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў 1960 г. [6] і атрымала нумар у кнізе паступлення музейных прадметаў асноўнага фонду — КП-5896 [7]. У зборы музея вайны абраз знаходзіўся з 1948 года, калі ў парадку рэстытуцыі з Германіі ў БССР былі прывезены 182 скрыні з культурнымі каштоўнасцямі і складзены адпаведны акт і вопіс [8, с. 1]. У вопісе музейны прадмет быў пазначаны пад парадкавым нумарам 4295 з наступным апісаннем: «Холст, масло, 105×1002, с повр. Портрет дамы с крестом. №41 БДМ. Оценка в руб. 250» [8, с. 225]. Пры інвентарызацыі ў музеі вайны палатно было запісана ў кнігу паступленняў музейных прадметаў асноўнага фонду гістарычнага музея (ДГМ, КП-2738), які павінен быў адкрыцца ў будучыні [9].

Прасачыць дакладную гісторыю бытавання абраза з 1939-га да 1948 года немагчыма з прычыны адсутнасці дакументальнага пацверджання. Па ўскосных звестках, а менавіта па даных аб перамяшчэнні жывапісных палотнаў, якія мелі аднолькавую гісторыю бытавання з разглядаемым алтарным палатном у азначаны перыяд, можна рэканструяваць наступную храналогію: найверагодней, палатно «Святая Канстанцыя» сярод іншых каштоўнасцяў, што паходзілі з даваенных беларускіх музейных збораў, у 1947 годзе памылкова накіравалі з Нюрнберга на расійскую тэрыторыю Савецкага Саюза. Да гэтага часу абраз мог знаходзіцца ў Мюнхене і Хохштадце3 пасля вывазу яго з акупаваных беларускіх тэрыторый [10, с. 6–9]. Верагодна, да чэрвеня 1941 года алтарнае палатно знаходзілася ў Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР (мастацкі музей). Можна меркаваць, што ў 1939 годзе пасля ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі і правядзення нацыяналізацыі на далучаных да БССР тэрыторыях, абраз, як і іншыя 264 карціны з Нясвіжскага замка, планавалі перадаць новаўтворанай Карціннай галерэі БССР [11, с. 73–78]. Дакументальных пацверджанняў вывазу палатна мы не маем, у пераліку карцін і партрэтаў Нясвіжскага замка, які быў складзены 6 кастрычніка 1939 года, абраз не згадваецца.

Месцазнаходжанне абраза (найверагодней, да 1939 года) у Нясвіжскім замку пацвярджаецца здымкам, які датуецца першай трэцю ХХ ст. Выяву інтэр’ера з абразамі і партрэтамі рымскіх пантыфікаў як бабінец замкавай капліцы ідэнтыфікавала доктар мастацтвазнаўства Надзея Фёдараўна Высоцкая [12, с. 95]. Аб знаходжанні палатна ў замку згадвалі таксама польскія даследчыкі Януш Дэрваед і Лія Скальска [13, с. 6].

Бабінец капліцы Нясвіжскага замка.

Калі палатно трапіла ў замак і ў якіх памяшканнях яно захоўвалася, адказаць немагчыма. Аляксандр Ярашэвіч выказаў думку, што абраз, як не патрэбны нясвіжскаму касцёлу Божага Цела, маглі перадаць у замак у часы Марыі Дароты Радзівіл (канец 50-х гг. ХІХ ст.) [14, с. 65]. Гэтае меркаванне цалкам слушнае і пацвярджаецца інфармацыяй з кнігі Уладзіслава Сыракомлі «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах», якая была надрукавана ў 1853 годзе. У сваіх успамінах пра нясвіжскі касцёл Божага Цела аўтар піша наступнае:

«…направа знаходзіцца алтар цудоўнай работы з першых гадоў бягучага стагоддзя; у алтары абраз Дамеля, які прадстаўляе св. Канстанцыю ці Алену, з крыжам, у сучасным строі; а над алтаром на прыгожай труне каляровага мармуру знаходзіцца белая, па-майстэрску выкананая фігура жанчыны, якая плача. Гэта пахавальны помнік Канстанцыі Радзівіл, дачкі Клецкага ардыната Троцкага ваяводы Юзафа, якая была замужам за Чудоўскім. Гэта мусіў быў быць алтар, але царкоўная ўлада знайшла ці строй св. Алены ў абразе занадта сучасным, ці, як кажа паданне, рысы святой былі партрэтаваны з твару князёўны, на чыім надмагіллі ўзнік алтар, і не дазволіла яго асвячэння (сёння абраз перанесены на плябанію і заменены іншым абразом у алтары, пры якім служыцца Імша). Планіроўка гэтага маўзалея, а таксама скульптурная разьба труны і фігуры выклікаюць неспатольную цікавасць да імя майстра, які гэта зрабіў4…» [15, с. 90].

Успаміны Уладзіслава Сыракомлі пра абраз у нясвіжскім касцёле маюць некалькі супярэчнасцяў: спачатку аўтар зазначае, што абраз святой Канстанцыі знаходзіцца ў касцёле справа, а потым дадае, што сёння ён перанесены на плябанію; Сыракомля мае сумнеў адносна таго, хто выяўлены на абразе — святая Канстанцыя ці святая Алена; і апошняе несупадзенне — месцазнаходжанне абраза спачатку акрэсліваецца як алтар, а пазней як маўзалей (надмагілле). Паспрабуем разгледзець усе гэтыя супярэчнасці паасобна і, па магчымасці, высветліць, што адпавядае рэчаіснасці.

Вядома, што Уладзіслаў Сыракомля ў дзяцінстве навучаўся ў нясвіжскай школе айцоў дамініканаў, пазней працаваў у князёў Радзівілаў, таму яго нарысы аб былых ваколіцах, асабліва пра Нясвіж, маглі паўстаць не толькі на аснове ўласных назіранняў падчас вандровак у сталым узросце, а таксама абапірацца на ўспаміны дзяцінства, вядомыя яму дакументы і расказаныя іншымі асобамі гісторыі. У сваёй кнізе аўтар адзначыў, што працаваў з інвентарнымі вопісамі касцёла, каб знайсці згадкі пра мармуровы помнік Канстанцыі Чудоўскай з Радзівілаў [15, с. 90]. Такім чынам, зыходзячы з інфармацыі, пададзенай у кнізе Сыракомлі, і разглядаемага намі інтэр’ернага здымка, можна меркаваць, што выява святой Канстанцыі першапачаткова знаходзілася ў нясвіжскім касцёле, а пазней была перанесена ці то адразу ў замак, ці то спачатку на плябанію, а пазней у замак.

 
Памятнае надмагілле
Канстанцыі Чудоўскай з Радзівілаў
у нясвіжскім касцёле Божага Цела
(здымак аўтара).
  Дэкаратыўная пліта
з эпітафійным надпісам,
усталяваная на памятным надмагіллі
Канстанцыі Чудоўскай з Радзівілаў
у нясвіжскім касцёле Божага Цела
(здымак аўтара).

Няўпэўненасць Уладзіслава Сыракомлі ў вызначэнні асобы на алтарным палатне можна патлумачыць падабенствам іканаграфіі элементаў абедзвюх святых: белая сукенка і чырвоны плашч кшталту антычнага адзення, тыяра (або карона) на галаве і суправаджальная атрыбутыка (крыж у руках) уласцівыя выяўленню як імператрыцы Алены, так і яе ўнучкі Канстанцыі. Напэўна, таму ў рэдкіх выданнях, дзе згадваецца абраз, няма адзінства адносна вызначэння асобы святой — называецца і Алена [16, с. 308–309], і Канстанцыя [17, с. 120]. Верагоднасць апошняй атрыбуцыі алтарнага палатна як выявы святой Канстанцыі, што была зацверджана ў мастацкім музеі, падмацоўваецца лагічным атаясамленнем патранальнай святой і памятнага надмагілля Канстанцыі Чудоўскай, дзе першапачаткова знаходзіўся абраз.

Памылковае азначэнне месцазнаходжання абраза як бочнага алтара нясвіжскага касцёла першапачаткова акрэсліў Уладзіслаў Сыракомля [15, с. 90], пазней гэта паўтаралася ў выданнях пачатку ХХ ст. [16, с. 308–309; 17, с. 120]. У інвентарных вопісах касцёла, што былі складзены падчас візітацый 1839, 1840 [18] і 1845 гадоў [19], узгадваюцца бочныя алтары, аднак іх апісанне не адпавядае разглядаемай намі канструкцыі, але з лёгкасцю суадносіцца з іншымі архітэктурнымі формамі, якія і сёння знаходзяцца ў прэзбітэрыі і бочных навах нясвіжскага касцёла. Згадак жа пра сам абраз або алтар святой Канстанцыі ў інвентарах няма, таму архітэктурную канструкцыю з дэкаратыўным аздабленнем і скульптурнай выявай, якая знаходзіцца ў правай бочнай наве касцёла Божага Цела, дзе, згодна з успамінамі Сыракомлі, спачатку знаходзілася палатно, трэба характарызаваць як памятнае надмагілле Канстанцыі Чудоўскай. Сама будова і знешні выгляд сакральнай канструкцыі таксама даюць падставы казаць, што гэта не алтар; у ніжнім ярусе размешчана каменная форма, якая нагадвае больш саркафаг, чым менсу з асновай; вакол саркафага змешчана каваная агароджа (час з’яўлення невядомы), якая перашкаджае блізкаму падыходу і непасрэднаму кантакту з ім — гэта прымальна для помніка і недапушчальна для алтара, падобная канструкцыя назіраецца ля іншых надмагілляў касцёла (Мікалаю Крыштафу Радзівілу Сіротку, Альжбеце Эўфіміі Радзівіл з Вішнявецкіх, Крыштафу Мікалаю Радзівілу).

Пры апісанні абраза святой Канстанцыі ў сваёй кнізе Уладзіслаў Сыракомля зазначае імя мастака — Ян Дамель, так «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» сталі першакрыніцай пры вызначэнні аўтарства палатна. Гэтая інфармацыя не знаходзіць пацверджання ў найбольш ранніх і поўных пераліках мастацкай спадчыны Дамеля, якія зрабілі Адам Шэмеш у сваіх «Успамінах пра Дамеля» [20] і Эдвард Раставецкі ў слоўніку польскіх мастакоў [21] — абраз святой Канстанцыі, як і некаторыя іншыя творы, што прыпісваюцца пэндзлю Дамеля, там не згадваюцца. Прымаючы пад увагу, што складзеныя Шэмешам і Раставецкім спісы твораў няпоўныя, што зазначаюць самі аўтары [20, с. 180; 21, с. 130], меркаванне Сыракомлі адносна аўтарства можна лічыць вартым даверу.

Найбольш складаным застаецца датаванне алтарнага палатна. Прынятае сёння ў мастацкім музеі датаванне — пасля 1825 года — належыць Аляксандру Ярашэвічу, які лічыў, што палатно было створана пасля смерці Канстанцыі Чудоўскай з Радзівілаў; падобная дата пададзена ў слоўніку польскіх мастакоў [13, с. 6]. Генрых Слізень у сваім выданні «Polska: ludzie i czyny, przyjaciele i wrogowie» піша наступнае пра Дамеля: «…творца абраза святой Канстанцыі ў правым бочным алтары паезуіцкага касцёла ў Нясвіжы 1811 г.» [17, с. 120]. Таісія Карповіч на падставе ліста даверанай асобы князёў Радзівілаў Міхала Мацкевіча Яну Дамелю ад 24 ліпеня 1808 года, дзе паведамляецца аб адпраўцы грошай і неабходнасці перадачы скончанага палатна князю, выказала меркаванне, што ў дакуменце можа весціся гаворка пра святую Канстанцыю, адпаведна стварэнне палатна датуецца не пазней за пісьмо [22, с. 186]. Такім чынам, усе датаванні грунтуюцца альбо на ўскосных доказах альбо проста канстатуюцца без аргументацыі. Трэба прызнаць, што пры адсутнасці прамых доказаў прывязка стварэння палатна да даты смерці Канстанцыі Чудоўскай выглядае найбольш абгрунтаванай.

Труна Канстанцыі Чудоўскай
з Радзівілаў у крыпце
нясвіжскага касцёла Божага Цела
(здымак аўтара).

Уладзіслаў Сыракомля, на жаль, нічога не пісаў пра датаванне палатна, але адзначыў, што ў касцёле на яго месцы змясцілі іншы абраз. Сёння ў цэнтры надмагілля Канстанцыі Чудоўскай знаходзіцца алтарнае палатно з выявай святога Антонія, якое, відавочна, з-за сваіх памераў не змяшчаецца ў прастору паміж калонамі. Пры дэмантажы абраза святога Антонія была адкрыта дэкаратыўная пліта з эпітафійным надпісам: «Prócz życia, wszystkom winien Samej tylko Tobie, Miłość, Pamięć, żal w Sercu, składam Przy twym grobie»5. Гэты тэкст эпітафіі змешчаны і на вечку труны Канстанцыі Чудоўскай з Радзівілаў, якая пахавана ў крыпце нясвіжскага касцёла Божага Цела: «Prócz życia, wszystkom winien, Samey tylko Tobie, Wdzięczność, Pamięć, żal w Sercu, składam Przy Twym grobie». Надпіс на вечку труны з’яўляецца першаўзорам, які быў крыху зменены і пазней змешчаны ў цэнтры надмагілля. Уважлівае прачытанне тэксту паказвае не толькі розніцу ў словах, але і ў арфаграфіі: на труне слова SAMEY напісана з літарай Y, а на дэкаратыўнай пліце надмагілля — SAMEJ з літарай J. Паступовая змена графічнай перадачы літары Y на J у польскім правапісе адбываецца ў другой палове ХІХ стагоддзя, на падставе чаго можна меркаваць, што і дэкаратыўная пліта з эпітафійным надпісам была выраблена і змешчана ў надмагіллі пасля дэмантажу абраза святой Канстанцыі.

Аналіз усіх вядомых на сённяшні дзень крыніцаў дазваляе нам з упэўненасцю казаць, што абраз святой Канстанцыі быў створаны Янам Дамелем і знаходзіўся ў цэнтры памятнага надмагілля Канстанцыі Чудоўскай з Радзівілаў у нясвіжскім касцёле Божага Цела. Вызначэнне ж дакладнага датавання застаецца адкрытым пытаннем і патрабуе новых звестак.


Выкарыстаная літаратура
  1. Распараджэнне Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 29.02.1968 г. №18-р / Архіў сектара ўліку навукова-фондавага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
  2. Акт прыёма на часовае захоўванне №24 ад 26.06.1968 г. / Архіў сектара ўліку навукова-фондавага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
  3. Кніга часовых паступленняў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь №1, с. 191 / Архіў сектара ўліку навукова-фондавага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
  4. Акт прыёма на пастаяннае захоўванне №146 а ад 26.08.1976 г. / Архіў сектара ўліку навукова-фондавага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
  5. Кніга паступленняў музейных прадметаў асноўнага фонду Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь №7, с. 4 / Архіў сектара ўліку навукова-фондавага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
  6. Акт №326 ад 12.05.1960 г. аб перадачы ад Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Арггрупе па падрыхтоўцы гісторыка-краязнаўчага музея БССР / Архіў аддзела ўліку Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
  7. Акт №546 ад 12.05.1960 г. аб перадачы ад Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Арггрупе па падрыхтоўцы гісторыка-краязнаўчага музея БССР / Архіў навукова-фондавага аддзела Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.
  8. Акт і вопіс музейных экспанатаў, вернутых у БССР з Германіі / Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф. 790, воп. 1, спр. 69.
  9. Кніга паступленняў музейных прадметаў асноўнага фонду Дзяржаўнага гістарычнага музея БССР №1, с. 253 / Архіў аддзела ўліку Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
  10. Сініла, А. М. Зборы мінскіх музеяў у Картатэцы ўласнасці мастацкіх аб’ектаў (1945–1952) Мюнхенскага цэнтральнага зборнага пункту / Анатоль Сініла. — Мір : Установа «Музей «Замкавы комплекс «Мір», 2019. — с. 122.
  11. Высоцкая, Н., Михальченко, А. О несвижской коллекции по документам ЦК КПБ 1939–1941 гг. / Н. Высоцкая, А. Михальченко // Нясвіжскія зборы Радзівілаў: іх фарміраванне, гістарычны лёс, цяперашняе месцазнаходжанне і шляхі выкарыстання: зборнік артыкулаў «Вяртанне». Кніга 7; гал. рэд. А. В. Мальдзіс. — Мінск: Беларускі фонд культуры, 2002. — С. 368.
  12. Радзивиллы. Несвиж. Замок / Н. Ф. Высоцкая. — Минск : Беларусь, 2014. — 347 с.
  13. Słownik artystów polskich i obcych w Polsce działających. Tom II D-G. — Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk. Zakład Narodowy imienia Ossolińskich. Wydawnictwo Polskiej Akademii Nauk, 1975. — 532 s.
  14. А. А. Ярашэвіч. Выстава «Нясвіжскія зборы Радзівілаў» у Нацыянальным мастацкім музеі // Наша вера. № 4 (30), 2004 г.
  15. Wędrówki po moich niegdyś okolicach: wspomnienia, studja historyczne i obyczajowe / przez Władysława Syrokomlę. — Wilno : Józef Zawadzki, 1853. — 248 s.
  16. Nasze kościoły : [opis ilustrowany wszystkich kościołów i parafji znajdujących się na obszarach dawnej Polski i ziemiach przyległych] / ułożyłi: Dyonizy Bączkowski, Jozafat Żyskar. [T. 2]: Djecezja mińska. [Z. 18], Dekanat słucki
  17. Polska: ludzie i czyny, przyjaciele i wrogowie / zebrał i w porządku abecadłowym ułożył Henryk Ślizień. — Kraków: Księgarnia Gebethnera i Wolffa, 1914. — 144 s.
  18. Российский государственный исторический архив (РГИА) Ф. 822. Оп. 12. Д. 3500.
  19. РГИА Ф. 822. Оп. 12. Д. 3526.
  20. Szemesz, A., Wspomnienia o Damelu // Athenaeum. — 1842. — T. 2. — S. 169–185.
  21. Rastawiecki, E. Słownik malarzów polskich tudzież obcych w Polsce osiadłych lub czasowo w niej przebywających. T. 1. — W-wa, 1850. — 334 s.
  22. Т. А. Карпович. Новые сведения о жизни и деятельности Яна Дамеля (Виленский период) // Паведамленні Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Вып. 6: 2005 / [галоўны рэдактар У. Пракапцоў]. — Белпрынт, 2007. — С. 183–191.


  1. Пратакол атрыбуцыйнага савета Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь №4 ад 07.04.2005 г.
  2. Актуальны памер палатна складае 186х92 см. Істотная розніца памеру абраза сёння і ў вопісе культурных каштоўнасцяў, вернутых у БССР у 1948 годзе, можа быць патлумачана памылкай друку і зменамі пасля рэстаўрацыйных работ.
  3. У Картатэцы ўласнасці мастацкіх аб’ектаў Мюнхенскага цэнтральнага зборнага пункту картка з абразом «Святая Канстанцыя» яшчэ не выяўлена.
  4. Пераклад з польскай мовы аўтара.
  5. «Апроч жыцця, усім абавязаны адной толькі табе, каханне, памяць, смутак у сэрцы складаю каля тваёй труны».


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY