 |
|
Назіранні святога Антонія
Святы Антоній ужо чацвёртае стагоддзе
назірае за людзьмі ў Магілёве і здзіўляецца,
як яны не стамляюцца будаваць ды разбураць.
Заходжу ў новы касцёл
і пад коўдрай белай цішыні
чую рэха малітвы даўніх часоў.
Раптам цяжкі гук зачыненых дзвярэй —
і зноў цішыня…
Потым шэпт чыноўнікаў,
якія падпісваюць дазвол.
Далей — выбух, цячэнне Дняпра
і зноў цішыня…
Усім здавалася, што гэта канец.
Але не, людзі працуюць, стукаюць, свідруюць.
Святы Антоній усіх бачыць:
— архітэктара, які ствараў новы праект,
— руплівага ксяндза,
— прапрадзеда, які быў першым фундатарам,
а потым прапраўнука, які грошай на вітраж не пашкадаваў.
Заходжу ў новы касцёл і прашу,
каб мае ўнукі паспелі памаліцца
пад коўдрай белай цішыні,
каб знайшлі загінулы скарб веры.
Святы Антоній, калі ласка, паспрыяй,
каб больш ніхто гэты касцёл не разбураў.
4 лістапада 2022 г., Магілёў
|
|
Аскепкі
Чаму шлях да Цябе вядзе
праз
смерць,
страту,
хваробу,
боль,
адзіноту,
адмову?
Толькі Ты і ўважлівы святар ведаеце
пакуты парафіянаў,
якія старанна хаваюць іх
пад новай торбачкай,
прыгожым капялюшыкам,
рознакаляровым парасонам,
новымі кудзеркамі.
Калі б яны ведалі, які боль прынеслі
суседзі па лаве,
не ўсміхаліся б штучна, а абдымаліся і спачувалі.
Толькі з амбоны можна ўбачыць
пабітыя аскепкі
адной пасудзіны,
якую Ты па кавалачках складаеш,
ператвараючы
збянтэжаны натоўп
у Супольнасць Любові.
|
|
Паднос з пасхамі
На воз трапіў дзясяты паднос з пасхамі.
Я падумала, што католікаў
у горадзе вельмі шмат,
стомленыя спіна і ногі не разумелі,
чаму спачатку каталіцкі Вялікдзень,
потым праваслаўны
— як у гэтым разабрацца і даць рады.
Навошта прышпільваць Езуса
да крыжа два разы на год,
упарта пыталіся ўздутыя варыкозныя
вены ніжніх канцовак.
З вялікай асцярогай я сыпала на пасхі
рознакаляровыя пасыпкі ў форме крыжа,
можа, нейкім святочным цудам
адна з іх трапіць да сына,
які не хоча ведаць Хрыста.
|
|
Вера-Надзея-Любоў
Мы прызвычаіліся да параўнання
і нават навучыліся яго цаніць.
А што на гэта сама прырода?
Ці не зняважана яна
гамераўскім параўнаннем?
Ці можна параўнаць двух людзей,
дзве эпохі, два густы, дзве падзеі?
Ці не пазбаўляем мы сябе нейкіх ведаў,
пастаянна шукаючы агульны назоўнік,
вядомую якасць?
Ці не разаграваем адзін
і той жа суп зноў і зноў?
Усыпляем пільнасць,
даем снатворнае...
Ці не дастаткова нам аўтаноміі
чалавека, мовы, краіны, думкі і тэксту?
Нягледзячы на тое,
што я ўсведамляю
недасканаласць параўнання,
раблю гэта ўвесь час —
супрацьпастаўляю, дадаю,
адразаю, антаганізую
людзей, уласных дзяцей,
бацькоў, мовы, адносіны.
Не зважаючы на паражэнне,
ад параўнання трэба ўцякаць,
хоць бы час ад часу.
Існуе яшчэ шмат іншых паэтычных
і жыццёвых прыёмаў.
Напрыклад, старажытная сінекдаха,
якую называюць часткай пра цэлае.
Ў ёй хаваецца
шчырасць мазаікі.
Напрыклад, гляджу на свет
вачыма Веры,
вачыма Надзеі,
вачыма Любові,
а не думаю,
якая з іх самая важная.
|
|
Рака
Акаўнты сацыяльных сетак не паміраюць
разам з паміраючымі.
У апошнія дні, гадзіны, хвіліны пра іх
ніхто не памятае,
яны абсалютна бессэнсоўныя і нічога не вартыя.
З’едзены абеды,
выгадаваныя кветкі,
сотні падабаек.
Акаўнты ў сацыяльных сетках пасля смерці
жывуць сваім жыццём.
Яны прыходзяць з прапановай сяброўства
або з згрызотамі сумлення,
або са шчаслівым успамінам,
або з сумнай памяццю,
або страшаць, як прывіды,
і кажуць — ты будзеш наступны.
Акаўнты сацыяльных сетак пасля смерці
нельга змяніць,
слова РАКА застанецца
цяпер і назаўсёды, і на векі вякоў.
|
|
 |