 |
|
Верш да дзяцей
Дзень распачаўся раніцай вясёлай.
Хутчэй у двор — да сонца і да траў…
І там запросім да сябе анёла,
ён дзесьці тут, і ўсё нам дараваў.
У свеце, поўным д’ябальскае сілы,
што сее ў душах чорны цень жуды,
ён расхіне над намі свае крылы
і ў час ліхі затуліць ад бяды.
І застанецца з намі ранак гожы,
птушыны грай і полымнасць рабін,
і ў сэрцы будзе ліцца голас Божы:
шануй бацькоў,
не ўкрадзь
і не забі…
|
|
Партрэт жонкі
Станіслава Ксавэрыя Прушынскага
з ХVIII стагоддзя
Наканавана жыць у высях…
Уладнасці дадаў ёй шлюб.
І вось лаўлю ў застылых рысах
напышлівасць падцятых губ.
Твар асвятляюць шоўк і бісер,
а не ўласцівы ўзросту жар,
і нешта ёсць у ёй ад рысі,
што падпільноўвае ахвяр.
І толькі позірк на партрэце
(як выпісаць змагла рука),
нібыта распісаўся вецер
пялёсткам сінім васілька.
Так знітаваліся ў адзіным
паглядзе ўражаных вачэй
і сінь валошкавай радзімы,
і тайны юныя начэй…
|
Два вершы з нізкі
«Да графічных малюнкаў Напалеона Орды»
|
Перад выявай царквы
ў Моладаве
Пачуй… Даверся таямніцы.
Яна з вышыняў тых сышла,
дзе давядзецца падзівіцца
ласкавасці яе святла.
Нідзе няма душы сірочай,
і ў дзень нядзельнае Імшы
умольнае прашэпчаш: « Ойча,
у час пакутаў памажы!
За літасць мне Твая апека.
Натхненне шлеш —
і ўваскрасаю.
Ты сінявой натхняў Эль Грэка,
а Орду — любасцю да Краю»…
|
|
Нясвіж
Прысвячэнне Напалеону Орду
Застылі дрэвы ў мройным карагодзе.
Я ў нейкі міг задам пытанне ім,
чаму не нарадзілася ў стагоддзі
тым самым, што было калісь тваім?
З пяшчоты ткаўся б дол пад кожным
дрэвам,
а там, дзе мур стары трывожыць бэз,
мой верш сагрэў бы адвячорак спевам
і ў твой бы папрасіўся паланэз.
Які не для мяне гучаў, напэўна,
каб рэхам заміраць пасля ў лісці…
Але зліецца дух мой з даллю спеўнай,
куды ўжо не дабегчы, не дайсці.
Парыў душы тугой гады праніжа
і ляжа сном на цяжкіх дзён асцё,
ты — тут… Чародка птушак над Нясвіжам.
І ў неба шле свой ясны звон касцёл.
|
Гл. таксама:
Аксана ДАНІЛЬЧЫК :: «ЗЛІЕЦЦА ДУХ МОЙ З ДАЛЛЮ СПЕЎНАЙ» ::
|
 |