 |
|
|
Павал Орсаг Гвездаслаў (1849–1921) — класік славацкай літаратуры, будзіцель славацкага народа ад летаргічнай нацыянальнай спячкі. Народжаны ў Аўстра-Венгерскай імперыі, ён пачынаў пісаць па-венгерску і па-нямецку, але ўжо ў 19-гадовым узросце ўсвядоміў сябе славацкім пісьменнікам, адраджэнцам і абаронцам роднай мовы і культуры. Заслугі Гвездаслава перад славацкім народам агульнапрызнаныя, нездарма ён быў абраны ганаровым старшынёю Маціцы славацкай, яго імем названыя вуліцы і плошчы ў сучаснай Славакіі. З пад пяра паэта выйшлі ў свет кнігі «Помста» (1869), «Сны маладосці» (1877), «Сон Саламона» (1900), «Псальмы і гімны» (1892), «Табар Влкалінскі» (1899), «Ірад і Ірадыяда» (1909) і інш. Цыкл «Крывавыя санеты» (складаецца з 32-х вершаў) — ці не найвядомейшы ў свеце твор паэта. Ён быў напісаны роўна 110 гадоў таму, у жніўні-верасні 1914-га, і стаў эмацыйным водгукам паэта на пачатак Першай сусветнай вайны. Перакладзеныя на многія еўрапейскія мовы, «Крывавыя санеты» сёлета выйдуць асобным выданнем і па-беларуску.
|
|
|
|
* * *
Насуплены, з паходняю вайны
начамі дэман лётаў над зямлёю.
Ляцелі іскры чарадою злою
на стрэхі хат, лясы і курганы.
Спаў род людскі, трывожныя сніў сны,
прахопліваўся кожнаю парою
ад страху, што душыў, нібы пятлёю,
і плакаў, вінаваты без віны.
Куды падзецца, Божа, выйсце дзе?
Куды ні глянеш — сэрца ў жаху стыне.
Ніхто ў затоўчанай крывёй вадзе
не выплыве і ў тым віры загіне.
Няма ратунку, бойня скрозь ідзе —
на моры, на нябёсах і ў пустыні!
|
|
* * *
О, людства! людства! І чаму табой
забытыя Хрыстовы запаветы?
Найчыстая любоў да бліжніх, дзе ты?
Дзе «не забі», калі трывае бой?
Дзе ж ісціна, дзе голас праўды той,
якую з крыжа Ён узняў над светам?
Брат сэрца братняе працяў багнетам
і ў пекле мучыцца ў смале густой.
Штo музы, кнігі і здаровы клёк?
За сотні год вы не прынеслі плёну.
О людства азвярэлае, урок
ты завучы і памятай да скону:
хоць з ясных зор спляці сабе вянок —
не ўнікнеш пакарання і праклёну!
|
|
* * *
Пра хрысціянства лепей памаўчы —
ад веры крывадушнай тхне падманам.
Не шлі праклёнаў ідалам паганым:
паганцы — твае продкі па мячы.
Паклоны малітоўныя б’ючы
ля алтара паломнікам старанным,
ты насамрэч прыслужваеш тыранам,
гатовае галовы ўсім сячы.
Ты пасланец святла? Гасподняй волі?
Ты вучыш дзетак воляй даражыць
і ў цесным стойле пад’ярэмнай долі
ты ім жадаеш па-біблейску жыць?
Зірні ж: на заплюгаўленым прастоле
крывавае Евангелле ляжыць.
|
|
* * *
Ты чалавек і валадар прыроды?
Кіруеш ты гісторыі хадой?
Ды як жа светам пакіруе той,
хто не знайшоў з самім сабою згоды?
Сапраўдны рыцар і герой свабоды
яе падносіць шчодраю рукой
як падарунак грамадзе людской,
не прычыняючы нікому шкоды.
Сон розуму, не надыходзь, малю!
Калі на белым свеце штохвіліны
не творацца шэдэўры з крышталю,
смычком і пэндзлем, з мосяжу і гліны,
тады чакаюць людства і зямлю
ноч варварства, дзікунства і руіны.
|
|
* * *
Раскручвае крывавы вір вайна,
ахвяр глытае ў ачмурэнні п’яным.
Глядзіць на свет другім Левіяфанам
з такой жа пашчай страшнаю яна.
Раскрыта пашча прорваю без дна,
дзе ўсё знікае ў танцы акаянным.
А вырыгне смуродлівым вулканам —
прастора з-пад ванітаў не відна.
Спаскуджана вайной зямлі аблічча.
Дзе кветнікі разводзіў мірны люд,
там над мярцвячынай шакал скавыча,
там стогн людскі і плач, і бруд, і блуд.
Каго гісторыя на суд пакліча,
і хто адправіцца на Божы Суд?
|
|
* * *
Ахвяр мільёны, кроў цячэ ў даліны,
і не злічыць параненых, калек.
Блукае бесхацінцам чалавек,
дамы ператварыўшы ў дамавіны.
Спустошаныя храмы і адрыны,
чакае людства голад, холад, здзек.
Але ці ўбачыць гэта імярэк,
каторы ля стырна стаяць павінны?
Ці ўцяміцца ім ісціна адна,
якую мусіць знаць уладца кожны:
се — чалавек, не грош яму цана,
ён не пылінка і не раб падножны,
кроў не вада, і ганьбішча — вайна…
Ці ўцяміць і схавае меч у ножны?
|
|
* * *
Куды ж далей вядзе хада быцця?
Усё на свеце ведае Ўсявышні,
але мой роспыт тут, вядома, лішні,
не варта быць наіўным, як дзіця.
Магутны Божа, Валадар жыцця,
свяціл нябесных і ў садочку вішні,
Ты гэты свет, сучасны і калішні,
не кінеш у бяздонне забыцця.
Планету нашу да сваёй Гасподы
Ты далучыў, аслабіўшы гужы,
паўзуць па ёй, як чарвякі, народы
і блытаюцца часам — свой? чужы?
Ты літасціва даў ім дар свабоды —
ці назаўсёды? Божа, адкажы!
|
|
* * *
О, як высока, Божа, Ты жывеш!
Там, у сусветах, дум Тваіх пульсары.
А мы лунаем, як арлы, як хмары,
між гор гарбамі, спічакамі веж.
Нас прыгнятае зорная бязмеж,
і самыя няўрымслівыя мары
бяруць кірунак часам на стажары
і — долу ападаюць, як капеж.
Калі ж які сляпак самазабойча
запрагне дзёрзка горняй вышыні
і са шляху саб’ецца двойчы, тройчы,
пра шлях другі не дбаючы ані,
Ты словам і святлом нябесным, Ойча,
ва ўлонне ісціны яго вярні.
|
|
* * *
І ўсё ж, о Божа праведны, дазволь
мне прычакаць адказу на пытанне,
якое мучыць з вечара і з рання,
у ім маё бяссонне, боязь, боль.
І летнім днём, і ў восеньскую золь
душа трывогай поўніцца дазвання,
ці застануцца ў прышласці славяне?
Ці скончыцца зямная іх юдоль?
Вайна нас асляпіла, аглушыла.
Падай жа знак, о Божа, падкажы,
ці спыніш — о Твая святая сіла! —
славянства на пагібельнай мяжы?
Яно грашыла, яшчэ як грашыла…
Даруй яму, даруй і зберажы!
|
|
* * *
Ратуй нас, Божа! Смерці не аддай!
Наўколенцах са слёзнаю мальбою
мая душа стаіць перад Табою,
ахвяра ўсіх пабоішчаў бадай.
Славянства ад знішчэння захавай,
не дазваляй, каб сонечнай вясною
вывозілі яго, як кучкі гною, —
каб быў смачней чужацкі каравай.
А мы не гной, не плевелы, мы — зерне
з Тваёй сяўні пад ногі ратаю.
Даволі нам насіць цярпліва церні
і чужакам служыць — на тым стаю.
Славянства талакою горы зверне,
калі адчуе дабрадаць Тваю!
|
|
* * *
Хутчэй вяртайся, міру час жаданы,
аліўкавай галінкай атулі.
Мы запануем на сваёй зямлі,
знайшоўшы сілы разарваць кайданы.
Каб не даймалі зваяваных раны,
каб дзеці слёз сірочых не лілі,
каб рунь вясной шугала на раллі,
і ўдовы не клялі свой лёс паганы.
Збаў ад пакутаў, шнары зажыві,
яві народам свет стары ў абнове,
да працы іх мазольнай прызаві —
ствараць пярліны ў мармуры і слове.
Хай між краплін пралітае крыві
узыдзе квет братэрства і любові!
|
Пераклаў са славацкай мовы
Міхась СКОБЛА
|
 |