|
|
|
№
3(109)/2024
Юбілеі
«БЫЦЬ СВЕДКАМ ЛЮБОВІ»
Інтэрв’ю Крыстыны ЛЯЛЬКО з біскупам Аляксандрам ЯШЭЎСКІМ, генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Асобы
Гісторыя
Спадчына
Постаці
Спадчына
Мастацтва
Дзмітрый МОНІЧ
АБРАЗ ЯНА ДАМЕЛЯ З НЯСВІЖСКАГА ФАРНАГА КАСЦЁЛА Ў ЗБОРЫ НАЦЫЯНАЛЬНАГА МАСТАЦКАГА МУЗЕЯ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ: ПЫТАННІ АТРЫБУЦЫІ Інтэрв’ю
Пераклады
Літаратура
Дэбют
Пераклады
|
Карціна «Цішыня» з’явілася ў нашым музеі ў 1947 годзе. Яна была закуплена ва ўдавы спевака Леаніда Собінава (1872–1934) Ніны Іванаўны, народжанай Мухінай1. Хто такі Майсей Сляпян? Што за касцёл намаляваны на гэтай карціне? Чаму яна апынулася ў сям’і Собінава, знакамітага рускага тэнара? Адказы на гэтыя пытанні ведала толькі дырэктар Дзяржаўнай карціннай галерэі Алена Васільеўна Аладава, якая зусім не выпадкова набыла гэтую і яшчэ дзве карціны мастака («Стары Мінск. Вул. Міхайлаўская» і «На Камароўцы») ў Собінавай. У калекцыі Собінавых былі тры мінскія карціны мастака пачатку 1920-х гадоў...
Алена Васільеўна выдатна памятала карціны Майсея-Меера Герцэвіча Сляпяна па першых Усебеларускіх выставах 1920-х гадоў, на якіх працавала экскурсаводам і нават пісала пра твор мастака пад псеўданімам «Аглядач», адзначаючы «спакой і карэктнасць» яго пейзажаў, што відавочна супадала з яго характарам. Спявачка Алена Драгамірэцкая, якая сябравала з ім, характарызавала Майсея Сляпяна як «чалавека вельмі тонкага і ранімага, крыху наіўнага, крыху не з гэтага свету, злёгку блазнаватага, вельмі мяккага і занадта інтэлігентнага нават па тых часах»2. Пазней, у сярэдзіне 1940-х, у першыя гады свайго дырэктарства, Алена Аладава стварыла гэтым закупам «прэцэдэнт Майсея Сляпяна» — менскага мастака пачатку XX стагоддзя з вышэйшай акадэмічнай адукацыяй, вучня вядомага перадзвіжніка Уладзіміра Макоўскага, фактычна вызначыўшы творчы лёс гэтага забытага мастака як беларускага, сканцэнтраваўшы ў музеі большасць карцін, якія захаваліся, і, што вельмі важна, — мінскага перыяду яго творчай дзейнасці. У тыя гады ёй былі вядомыя па калекцыях Дзяржаўнай карціннай галерэі дзве яго карціны — «Гарадская вежа» і «Партрэт маці». Яны былі страчаны ў гады акупацыі. Яшчэ адзін пейзаж пад назваю «Плябанскі млын» быў закуплены Беларускім дзяржаўным музеем пасля Першай Усебеларускай выставы 1925 года і ў 1948 годзе шчасліва вярнуўся з Германіі пасля разрабавання фашыстамі беларускіх музеяў і паступіў ужо ў Дзяржаўную карцінную галерэю. Чатыры карціны — з улікам набытых трох новых — дазволілі гаварыць пра мастака як творчую асобу такога ж узроўню, як мінскія мастакі Якаў Кругер і заўчасна памерлы Леў Альпяровіч. ...Спатрэбіцца амаль 70 гадоў, каб адказаць на пастаўленыя ў пачатку артыкула пытанні, але ўпэўненасці ў правільнасці адказаў і цяпер няма. У 1990-я гады з акадэмічнага архіву ў Пецярбургу навуковым супрацоўнікам НММ РБ Валянцінай Вайцэхоўскай былі зроблены выпіскі з асабістай справы акадэміста Майсея-Меера Герцэвіча Сляпяна, мінскага мяшчаніна, — там захаваліся дакладныя звесткі з яго біяграфіі. Захавалася нават яго фатаграфія і апісанне знешнасці: вельмі маленькі рост — 2 аршыны (1 метр 50 сантыметраў тады лічыўся сярэднім ростам), шэрыя вочы і чорныя вусы, чорная кучаравая шавялюра. Высветлілася, што нарадзіўся ён не ў Адэсе, як дасюль лічылася, а ў Менску, вучыўся ў Адэскай малявальнай школе, а потым паступіў у Імператарскую Пецярбургскую акадэмію майстэрстваў, якую скончыў у 1901 годзе; некаторы час — 2–3 гады — жыў у Менску, але зноў пераехаў у Пецярбург, каб зарабіць грошы. У галодныя 1920-я гады вярнуўся дадому і некалькі гадоў жыў у Менску, дзе стварыў самыя вядомыя свае творы. На жыццё ён зарабляў часопіснай графікай у тэатральных і сатырычных часопісах Пецярбурга — Петраграда, але быў ілюстратарам «сярэдняй рукі», якому рэдка замаўлялі вокладкі, а больш выкарыстоўвалі яго працу для ўнутраных ілюстрацый. Тым не менш Майсей Сляпян замаляваў з натуры ўсіх знакамітасцяў свайго часу — ад Максіма Горкага і Фёдара Шаляпіна да Веры Камісаржэўскай і Леаніда Собінава, але нас больш цікавяць акцёры беларускіх тэатраў, якіх ён адлюстраваў у шаржах і карыкатурах 1920-х гадоў3. Пасля 1927 года ён канчаткова пасяліўся ў Ленінградзе, дзе жыў вельмі замкнёна, маючы зносіны пераважна са старымі прыяцелямі — акцёрамі. Нічога з яго творчасці 1930-х гадоў, акрамя нямногіх акварэляў, невядома. З запісу ў каталогу Усебеларускай выставы 1940 года вядома, што памёр мастак у 1941 годзе — першым блакадным годзе Ленінграда, і ўся яго спадчына альбо загінула, альбо засталася невядомаю ў розных гарадах. Захаваліся толькі выявы тых графічных твораў, якія былі надрукаваны ў часопісах. Да нядаўняга часу гэтай спадчынай ніхто сур’ёзна не займаўся, і таму Майсея Сляпяна — графіка, карыкатурыста і ілюстратара — нам яшчэ трэба адкрываць. А вось яго карціна «Цішыня» вядомая беларусам з 1963 года, калі яна з’явілася ў пастаяннай экспазіцыі музея і была адзначана ў важкай кнізе Марыны Арловай «Мастацтва Савецкай Беларусі». У канцы 1990-х гадоў, нарэшце, выдатны даследчык архітэктуры барока, кандыдат мастацтваўзнаўства Аляксандр Ярашэвіч пазнаў касцёл на карціне Майсея Сляпяна — гэта старажытны касцёл (XVII ст.) Сустрэчы Марыі і Альжбеты ў Вішневе, пад Валожынам. Святыню атрыбутавалі па характэрных, надбудаваных у 1906 годзе вежах і белакаменнай браме-агароджы другой паловы ХIХ стагоддзя. Касцёл фундаваў навагрудскі ваявода Ежы Храптовіч, які і быў у ім пахаваны ў крыпце. Карціна неафіцыйна атрымала дадаткова да яе назвы «Цішыня» ўдакладненне — «Касцёл у Вішневе». Праўда, агульнапрынятае датаванне палатна — 1923 год — насцярожвае: яно зробленае, верагодна, са слоў уладальніцы карціны, якая, магчыма, назвала год яе з’яўлення ва ўласнай калекцыі. На самой карціне даты няма, а подпіс мастака напісаны ў дарэвалюцыйнай арфаграфіі. Палітычныя рэаліі не дазволілі б мастаку напісаць карціну менавіта ў гэтыя гады: па Брэсцкай мірнай дамове 1918 года Вішнева пад Валожынам адышло да Польшчы. У гэты час мастак жыве ў Мінску, і наўрад ці ён выбіраўся ў Польшчу на эцюды ці каб спецыяльна напісаць касцёл. Пасля вайны з белапалякамі шлях у Польшчу быў аднабаковым... Хутчэй за ўсё, карціна была напісана ў 1912–1913 годзе, калі мастак ездзіў у Вільню праз Мінск: яго звязвалі свае справы з Віленскім музеем. Доказы гэтаму знайшліся: ягоная карціна «Атрыманне адукацыі» была набытая Віленскім музеем, а самае галоўнае — гэта запіс у дзённіку Фердынанда Рушчыца, яго калегі па Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, які ў той час жыў у Вільні. Ён коратка апісаў яго прыезд у жніўні 1912 года ў Вільню, адзначыўшы, што на балконе яго кватэры ў старым доме Майсей Сляпян усклікнуў: «Ніколі ў жыцці не бачыў нічога прыгажэйшага за гэты выгляд!». У тым жа 1912 годзе мастак змяшчае ў часопісе «Сонца Расіі» віленскія замалёўкі і накіды мінскіх вуліц. Хутчэй за ўсё, Фердынанд Рушчыц запрасіў прыяцеля ў свой маёнтак Багданаў, дзе той жыў некаторы час і працаваў над краявідамі.
Мястэчка Вішнева з гэтым касцёлам знаходзіцца за 9 кіламетраў ад Багданава. Сувязь карціны Майсея Сляпяна з Фердынандам Рушчыцам — толькі здагадка, але здаецца, што яна найбольш пераканаўчая, хаця не менш праўдападобным мог быць і яго прыезд да сваякоў у напалову яўрэйскае Вішнева ці выкананне прыватнай замовы на напісанне карціны з касцёлам. Магчыма, Майсей Сляпян натхніўся карцінай Фердынанда Рушчыца «Каля касцёла. Нядзеля» (1899) з выяваю багданаўскага касцёла, ці яго аркушамі з накідамі вішнеўскага касцёла пачатку ХХ стагоддзя4. Не выключана, зрэшты, што ён напісаў толькі эцюд з натуры, а карціну выканаў па эцюдзе ўжо ў 1923 годзе ў Мінску. Касцёл у Вішневе Рушчыц пісаў некалькі разоў — акварэллю, з вышыні птушынага палёту, з вадаёмам у 1902 годзе, яшчэ да прыбудовы да галоўнага фасада двухвежавага нартэкса і наўпрост у максімальным набліжэнні, перадаючы асалоду ад яго старадаўняй пластыкі, лепкі сценаў, якія нагадваюць ластаўчына гняздо. Гэтая акварэль праз год была літаграфіраваная. У Майсея Сляпяна старадаўні касцёл зусім іншы. Храм, адлюстраваны на беразе вадаёма на заднім плане з уязной брамай, нібы замёр у спакоі, аднак непазбежнасць навальніцы адчуваецца ў бурных аблоках, у агульнай перадвосеньскай змрочнасці каларыту, агульным настроі смутку — песімізме, эстэтызацыі трывогі, прыхаваным сімвалізме пры рэалізме выканання, эстэтыцы «свету мастацтва», хоць Майсей Сляпян і ўваходзіў у Таварыства імя А. Куінджы, заснаванае ў 1909 годзе. Ён уступіў у яго з-за сваёй захопленасці пейзажамі, якіх стварыў нямала. Відавочна, падзяляў ён і дэкларацыю таварыства: «Аснова нашага мастацтва — прыгажосць і праўда; іх мы выказваем простай і яснай мовай, зразумелай шырокім масам». Гэтага крэда Майсей Сляпян прытрымліваўся ў сваёй творчасці да канца жыцця. Крыніцай яго натхнення стала родная зямля, паэтычныя пачуцці, выкліканыя сціплай, але такой чароўнай прыгажосцю беларускай прыроды, зусім не эфектныя вуліцы роднага Мінску. Усе краявіды пісаліся ім на натуры, на пленэрах, у Мінску і ваколіцах. Толькі па каталогах мінскіх выставаў, на жаль, вядомы яго пейзажы «Першы снег», «Восеньскія матывы», краявіды закінутай ускраіны Мінска — каля Татарскіх агародаў — Людамонта з яго броварамі і парахавымі складамі, эцюды са станцыі Калодзішчы. У Вішневе Майсей Сляпян з многіх ракурсаў абраў бакавы фасад касцёла, адышоўшы ад прыгажэйшага выгляду галоўнага фасада з адлюстраваннем у вадаёме, на беразе якога стаіць касцёл. У вішнеўскім пейзажы з касцёлам яго ўразілі цішыня і спакой, кантраст цвярдыні маналіту старога будынка і дрэваў з неспакойным хмарным небам. «Па ўнутрыжанравай класіфікацыі — гэты твор належыць да „пейзажа настрою“. Але гэта толькі словы... Гэта заўсёды цуд — як мастак здолеў на невялікім палатне звычайнымі інструментамі сказаць так шмат і пра гэтую зямлю, і пра чалавечы лёс», піша Валянціна Вайцэхоўская. «Больш трывога, чым цішыня, гэта — нібы прадчуванне бураў XX стагоддзя, яшчэ больш жорсткіх, чым раней, выпрабаванняў. Храм выстаяў, касцёл Наведвання Марыі Лізаветай і цяпер знаходзіцца ў вёсцы Вішнева Валожынскага раёна Мінскай вобласці»5. Ён не закрываўся нават у гады савецкай улады і Вялікай Айчыннай вайны... Але як гэтая карціна трапіла да Собінавых? Тут можна выказваць толькі здагадкі. На жаль, Алена Аладава не пакінула сваіх пісьмовых успамінаў. Вядома толькі, што ёй падказаў паглядзець калекцыю Собінавай загадчык рэстаўрацыйных майстэрняў Рускага музея Ананій Брындараў.
Собінаў некалькі разоў гастраляваў у Мінску. Прыхільніцы спевака, шматлікія «сабіністкі», літаральна расхоплівалі часопісы з яго партрэтамі і фатаграфіямі. Вядома, што ў 1920-я гады Майсей Сляпян зрабіў пастэльны партрэт народнага артыста Леаніда Собінава (званне было нададзена яму ў 1923 годзе)6. Гэты партрэт экспанаваўся на выставе 1925 года ў Мінску, але амаль невядомы даследчыкам мастацкай іканаграфіі знакамітага спевака. Магчыма, Майсей Сляпян потым падарыў яго спеваку, як і адзін са сваіх эцюдаў — «Стары Мінск», пра што сведчыць надпіс на адвароце7. Шчодрасць Собінава была легендарнаю. На яго сродкі выдаваўся ў 1905 годзе сатырычны часопіс «Сігнал». Карней Чукоўскі ў сваіх успамінах адзначае, што Собінаў шмат займаўся дабрачыннасцю, у прыватнасці дапамагаў студэнтам, выплочваючы ім стыпендыі, у тым ліку будучаму пісьменніку Леаніду Андрэеву, і рабіў падарункі розным арганізацыям, якія мелі ў гэтым патрэбу. «Кіеўскай школе сляпых ён даслаў аднойчы ў падарунак раяль — як дасылаюць кветкі або скрынку цукерак», — пісаў ён8. Больш за 50 канцэртаў ён даў у 1902 годзе на карысць студэнтаў; падтрымліваў бедных мастакоў, калі проста замаўляў ім свой партрэт або купляў іх карціны. Можна меркаваць, што Собінаў, каб падтрымаць мастака, купіў у яго яшчэ дзве карціны. «Ён нярэдка звяртаўся да такой формы дапамогі, — далікатнасць, высакароднасць, павага да чужой годнасці былі часткай яго натуры»9, — піша супрацоўніца Музея Леаніда Собінава ў Яраслаўлі А.У. Аносаўская. «Гэта нейкі цудоўны збег абставінаў, што гэтая карціна захавалася. Яна прароцкая. Нічога роўнага ў беларускім пейзажы таго часу няма і ўжо напэўна ніколі не будзе знойдзена. Гэта зусім унікальны твор па змесце, узроўні майстэрства і закончанасці», — лічыць мастацтвазнаўца, супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Валянціна Вайцэхоўская. Нездарма карціна гэтая была змешчаная Аленаю Аладавай у экспазіцыі новага будынка музея на пачатку 1960-х гадоў і знаходзіцца там да сённяшняга дня, каб кожны наведвальнік змог убачыць талент мінскага мастака Майсея Сляпяна, які загінуў у блакадным Ленінградзе.
|
|
|
|