Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(55)/2011
Да беатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла ІІ

СВЯТАСЦЬ У НАВУЧАННІ
ЯНА ПАЎЛА II
Новая евангелізацыя
Постаці

СВЯТАЯ АД ЦЕМРЫ
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Асобы


Літаратуразнаўства
ВЕРА & SOCIUM

ВЕРА & SOCIUM
Проза
Асветнікі
Паэзія

ВЕРШЫ

ПАЛАНЭЗ
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
На кніжнай паліцы

МОСТ У КРАІНУ НЕМАНІНУ
З архіваў часу

Здзіслаў СІЦЬКА

СОДНІ КСЯНДЗА ШАПЛЕВІЧА

Ксёндз Шаплевіч каля капліцы
ў Макееўшчыне. 60-я гады ХХ ст.

Кожнаму чалавеку вызначана ці не аднолькавая колькасць дзён і начэй. Ды нават калі хтосьці жыве на Поўначы, то і там палярная ноч урэшце змяняецца такім жа доўгім днём. Аднак не заўсёды было так у жыцці ксяндза Станіслава Шаплевіча, колішняга пробашча дараўскай парафіі Унебаўзяцця Маці Божай, што ў Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Яму давялося перажыць дні, што былі цямней і страшней за ночы. Яшчэ ў юнацтве галоднаму давялося суткамі сядзець у акопах, не спаць. А праз чвэртку веку пасля тых дзён вязень Шаплевіч нават не суткамі, а месяцамі не бачыў сонца. І быў такі момант, калі ён думаў, што ўжо ніколі не ўбачыць свету Божага.

 

Першы крыж

Каго Бог любіць — таму крыж дае. Ксяндзу Шаплевічу часта надаралася нагода паўтараць гэтае выслоўе. Але ж ці не сам ён выбраў свой першы крыж.

Пасля заканчэння Пінскай духоўнай семінарыі маладога алюмна Станіслава Шаплевіча паслалі ў рубяжэвіцкую парафію катэхетам – навучаць дзетак асновам рэлігіі. На такое рашэнне, відаць, заважылі сціплыя поспехі семінарыста ў навуках. Не сказаць, каб ён быў не здольны, — вучыўся ж у Лодзінскай гімназіі, праўда, па-расійску. Але тую вучобу перапыніла вайна. А неўзабаве самахоць пайшоў, як і тысячы іншых юнакоў, бараніць Варшаву, калі ёй пагражала захопам армія Тухачэўскага.

Тады юнак з польскага горада Шадэк Калішскай — на той час — губерні, упершыню ўсвядоміў, што можа ўчыніць святар. Ці сам жаўнер Стась Шаплевіч бачыў подзвіг святара Скарупкі, ці яму апавядалі, як у рашучы момант бітвы за Варшаву 14 жніўня 1920 года Ігнацы Скарупка з крыжам у руках пайшоў на ворага. Ксёндз упаў падкошаны, але гэты самаахвярны чын узрушыў маладых жаўнераў, і яны пайшлі ў контратаку. Тую бітву пасля назвалі «цудам пад Варшаваю». А Стась Шаплевіч менавіта тады даў сабе зарок: калі выжыве, то абярэ за зброю для сябе толькі крыж.

Добрым прыкладам для семінарыста Станіслава Шаплевіча заўсёды быў біскуп Зыгмунт Лазінскі. Менавіта ён 19 красавіка 1930 года падчас урачыстай Імшы высвяціў на субдыяканаў некалькіх семінарыстаў трэцяга курса тэалагічнага аддзялення, у тым ліку і Станіслава Шаплевіча. А праз год малады ксёндз ужо мусіў ехаць у Рубяжэвічы. Але Шаплевіч марыў служыць пры алтары. Біскуп Лазінскі накіраваў маладога ксяндза ў добра вядомую яму дараўскую парафію ды, пэўна ж не аднойчы, бываючы тут з візітацыяй, прасіў дэкана Кавэцкага з суседніх Ляхавічаў апекавацца маладым вікарыем.

Пачатак будаўніцтва дараўскага касцёла. У цэнтры кс. Шаплевіч
з плакатам-зваротам ахвяраваць грошы на будаўніцтва.
На заднім плане — капліца.

Перакаваць мячы свае на плугі

У дараўскай парафіі на той час не было касцёла. Драўляны, пабудаваны ў 1841 годзе пробашчам Бярнардам Місіевічам, згарэў у 1915 годзе, калі тут, па-над Шчарай, стаяў нямецка-расійскі фронт. Згадвалі старэйшыя дараўскія жыхары, што парафіяне як бы прадбачылі бяду. Было вырашана зняць званы і, каб больш надзейна іх захаваць, утапіць у Шчары. Але калі жыхары Дарава і суседняй вёскі Літва вярнуліся з бежанцаў ды, пабудаваўшы часовую капліцу, пачалі шукаць у Шчары званы, то не знайшлі іх.

Цягам часу ў той капліцы стала цесна, і новы дараўскі ксёндз намерыўся будаваць вялікі касцёл — такі, якім яго калісьці задумаў і заклаў падмурак папярэднік — пробашч Казімір Ваньковіч.

Ксёндз Ваньковіч нават паспрабаваў вырабляць цэглу з мясцовай гліны, але аналіз быў праведзены няякасна, і калі гатовыя цагліны трапілі пад дождж, яны пачалі трэскацца, таму што ў гліне было шмат вапны. Не даў спадзяванага прыбытку і сад. Урэшце падчас страшнай навальніцы была разбурана абора. А грошы былі патрачаныя. У парафіі на момант прыезду ксяндза Шаплевіча выявілася доўгу 24 тысячы польскіх злотых — аграмадная сума.

Не даводзілася разлічваць і на грашовую дапамогу бедных парафіянаў, якія яшчэ не адбудавалі сваіх сядзібаў. Каб не купляць цэглу і цэмент, ксёндз Шаплевіч вырашыў выкарыстаць новы прынцып будаўніцтва. З сценаў бліндажоў, пабудаваных па-над Шчараю немцамі падчас Першай сусветнай вайны, парафіяне высякалі блокі ды з іх складвалі сцены новай святыні.

Ксёндз Станіслаў Шаплевіч заахвоціў парафіянаў удзельнічаць у рэлігійных аб’яднаннях: Кола жывога Ружанца, Брацтва Найсвяцейшага Сакрамэнту, Трэці закон святога Францішка, «Карытас». Дзяўчаты і хлопцы з грамадскага таварыства «Маладая вёска» і Аб’яднання польскай моладзі не толькі актыўна ўдзельнічалі ў будаўніцтве, але і распаўсюджвалі латарэйныя білеты, збіралі ахвяраванні на будаўніцтва, ставілі спектаклі ды спявалі ў касцёльным хоры. Неўзабаве хор дараўскай парафіі пад кіраўніцтвам арганіста Станіслава Бубна быў прызнаны лепшым у Пінскай дыяцэзіі.

Сцены касцёла былі вымураваныя ў 1937 годзе, а наступным летам, 15 жніўня, біскуп Казімір Букраба ўрачыста — у прысутнасці шматлікіх парафіянаў і гасцей — здзейсніў акт кансэкрацыі новай дараўскай святыні. Самаахвярная праца ксяндза Станіслава Шаплевіча была годна ацэнена ўрадам Польшчы: яго ўзнагародзілі Залатым Крыжам Заслугі.

Будаўніцтва дараўскай святыні. 1937 год.

Гады туляння

Нядоўга цешыўся дараўскі пастыр плёнам сваёй самаахвярнай працы. З 17 верасня 1939 года ксёндз Станіслаў Шаплевіч вымушаны быў хавацца. Яго, былога легіянера, капітана польскага войска, намесніка капеляна Баранавіцкага гарнізона, адправілі б у Катынь. Спачатку дараўскім пробашчам апекаваліся жыхары вёскі Макееўшчына, а пасля верны парафіянін Казімір Цыкман з Падлесся пераправіў Станіслава Шаплевіча ў больш надзейнае месца — у далёкую вёсачку Малое Вадзяціна. (Была калісьці такая вёска ў Ляхавіцкім раёне.) Там яго амаль на два гады прытуліла сям’я Апалінара Сяліцкага. У каморы іх хаты спецыяльна для дараўскага пробашча была абсталявана каплічка, дзе ксёндз Шаплевіч рэгулярна цэлебраваў Імшу, выконваў неабходныя абрады ды хрысціў дзяцей сваіх колішніх парафіянаў.

Праз месяц пасля прыходу немцаў было вырашана, што пробашч павінен вярнуцца ў Дарава. На жаль,часова. З касцёльных запісаў вынікае, што 31 траўня 1942 года ксёндз Станіслаў Шаплевіч апошні раз афіцыйна і адкрыта выканаў свой пастырскі абавязак, але начаваць у плябанію не пайшоў. А раніцай наступнага дня яго папярэдзілі, што ў плябанію прыйшлі немцы і чакаюць пробашча.

Так пачалася пара новага туляння. Жыхар невялікай вёскі Крыжыкі Станіслаў Берасневіч, які на той час, відаць, быў сувязным нейкага атрада Арміі Краёвай, пераправіў ксяндза Шаплевіча зноў у Малое Вадзяціна. Але не доўга дараўскі пробашч пражыў там. Ціхая лясная вёска прываблівала не толькі акаўцаў ды савецкіх разведчыкаў. Часцей на дабытак яе заможных жыхароў цікавалі мясцовыя партызаны, а таксама звычайныя бандыты з суседняй вёскі. Урэшце менавіта з імі давялося сутыкнуцца і ксяндзу Шаплевічу. І Станіслаў Берасневіч вымушаны быў прывесці дараўскага пробашча ізноў у Крыжыкі, да сваёй сястры Адальфіны Яблоньскай. І тут ксёндз Шаплевіч рэгулярна цэлебраваў Імшу, на якой часам прысутнічалі і парафіяне з Дарава, Літвы і Падлесся. І тут жа ў адзін з ліпеньскіх дзён 1944 года ён з трывогаю прыслухваўся да водгулля бою. Шаплевіч не сумняваўся: бой ідзе менавіта ў Дараве, каля моста. Тады падчас паветранага бою па-над Шчараю збіты нямецкі самалёт упаў на плябанію, і яна згарэла. Касцёл ацалеў, але быў вельмі пашкоджаны. На старым фотаздымку відаць разбураная вежа ды касцёльныя сцены з мноствам выбоінаў-шчарбінаў: снарады не змаглі прабіць сцены, адмыслова складзеныя з бетонных блокаў.

Кс. Шаплевіч з парафіянкамі, удзельніцамі Кола жывога Ружанца.
Дарава. 1932 год.

Сваю знявечаную святыню неўзабаве ўбачыў і дараўскі пробашч. Вядома, што пэўны час пасля вайны ксёндз Шаплевіч жыў у сваёй парафіі не тоячыся. Ён пасяліўся ў Дараве ў доме Баляслава Бубна.

— Адтуль, — расказаў жыхар вёскі Літва Уладзіслаў Слабчык, — я прывёз ксяндза да свайго хворага дзеда. Дзед паспавядаўся, Шаплевіч даў яму Камунію, а пасля пагутарыў з парафіянкамі, якія збегліся на чутку аб прыездзе пробашча. Пасля я павёз Шаплевіча ў Дарава. Ды калі пад’ехалі да будынка сельсавета, Шаплевіч папрасіў спыніцца. Пайду, кажа, у гэтага бандыта замальдуюся. Але пасля хвіліны роздуму раптам сказаў, што перадумаў. Ён адправіў мяне дамоў, а сам пайшоў пешшу. З таго дня зноў пачаў хавацца.

Напэўна, тады ў ксяндза Шаплевіча была магчымасць зарэгістравацца. Уладзіслаў Слабчык сцвярджае, што тагачасны прадстаўнік мясцовай улады — назавем яго А. — прапанаваў ксяндзу Шаплевічу прызнаць сябе партызанам і такім чынам застацца на волі. Што магло схіліць А. да такой прапановы?

Уладзіслаў Слабчык расказаў пра асабістую трагедыю А.

Неяк узімку падчас акупацыі А. з сынам паехаў на рабунак. Сын палез у будынак праз вакенца, але гаспадар учуў і ўдарыў рабаўніка віламі. Раненне было смяротнае, і ён сканаў. Не менш жудаснае выпрабаванне чакала А. наперадзе. Зямля была мерзлая, магілу не выкапаць. То А. вымушаны быў пакінуць сына на балоце, магчыма, толькі прысыпаўшы снегам.

Якім бы чалавек ні быў, але такая трагедыя не магла не змяніць хоць штосьці ў бацькавай душы. А. мог папрасіць ксяндза аб споведзі. І той не адмовіў: не ягонае права караць ці прабачаць. Верагодна, ксёндз Шаплевіч шчыра спачуваў яму: такой асабістай трагедыі хрысціянін не пажадае нават свайму ворагу. Але прызнаць сябе таварышам партызана А. ён не мог. Ксёндз Шаплевіч абраў тулянне, верагодны арышт і пакуты.

 

Разбураная вежа і сцены
дараўскага касцёла.

Ізноў на раздарожжы

Дзесьці ў той час ксёндз Шаплевіч развітаўся з Станіславам Берасневічам, які з сям’ёй сабраўся выехаць у Польшчу ды намаўляў свайго пастыра ехаць разам. Як сцвярджае Станіслаў Сіліцкі, колішні жыхар Хатак, Шаплевічу нават зрабілі адпаведныя дакументы, хоць і на чужое прозвішча. Але ён не паехаў, бо не змог пакінуць сваіх парафіянаў, свой знявечаны вайною касцёл. Верагодна, ён меў за прыклад учынак свайго настаўніка з Пінскай семінарыі Зыгмунта Лазінскага, біскупа Мінскай дыяцэзіі.

Калі Мінск быў заняты бальшавікамі, сябры раілі біскупу Лазінскаму выехаць у Польшчу, але ён не пагадзіўся. І хоць нават заставацца ў Мінску было небяспечна, Лазінскі наладзіў апеку гарадскіх святыняў ад рабаўнікоў і знішчэння. Ён часта цэлебраваў асобную Імшу для моладзі, праводзіў заняткі па катэхезе. Урэшце бальшавікі вырашылі арыштаваць біскупа Лазінскага. Аднак яго папярэдзілі, і сябрам удалося схіліць біскупа да кампрамісу: ён выехаў з Мінска, але застаўся ў дыяцэзіі.

Станіслаў Шаплевіч застаўся ў сваёй парафіі. Цягам трох з лішнім гадоў вернікі даглядалі і аберагалі свайго пробашча, перапраўлялі з адной сям’і ў другую, з адной вёскі ў больш далёкую. Згадаем некаторых самаахвярных людзей: Мальвіна Арлоўская, сям’я Аляксеевых, сям’я Бубен: Алена, Браніслава, Ганна і брат Бэнэдыкт; Мальвіна Бондар, Апалонія, Марыя і Міхаліна Бубен, Іван Сцяпанавіч Бубен, Уладзіслава Бубен, Ясь і Язэп Бубны, Станіслаў Коктыш, Уршуля Пакаленка, Мальвіна і Браніслава Трысцень — гэта не поўны пералік парафіянаў, якія ў той небяспечны час прымалі ў свае хаты ксяндза Шаплевіча і апекаваліся ім.

Пэўны час ксёндз Шаплевіч жыў у сем’ях родных братоў Бубнаў з вёскі Гарбачы — Аляксандра, каваля, і Юзафа. Ад іх ксяндза перавялі ў суседнюю вёску Ціткаўшчыну, у хату Кастуся і Эвеліны Крывеняў, дзе для яго была падрыхтавана ў кухні схованка. Рашэнне канспіратараў было незвычайным, таму што гэтая сям’я была адзінай каталіцкай сям’ёй у вёсцы. Крывені мусілі быць асабліва абачлівымі, таму што ў іх ужо падраслі дзве дачкі ды пяцёра хлопцаў, да якіх прыходзілі сябры. Дзеці і самі разумелі небяспеку, якая магла абрынуцца на іх сям’ю. У Крывеняў ксёндз Шаплевіч пражыў шэсць месяцаў. Але аднойчы старая маці гаспадара прысніла, што на іх хату наляцелі чорныя гракі ды садралі страху. Сон прызналі прарочым, а таму ксяндза пераправілі ў Дарава да Мальвіны Трысцень.

Неўзабаве, якраз перад Вялікаднем, наляцелі «гракі». Шукалі ўсюды, перамералі кухню ў хаце і з вуліцы ды выявілі розніцу. Гаспадар ледзь адгаварыўся, што там падчас нямецкай акупацыі хаваў вопратку і харчы. Падобная схованка была наладжана і ў Мальвіны Трысцень. І яе хату абмервалі, але чамусьці вымералі недакладна.

 

Арышт

Арыштавалі ксяндза праз здраду. Старэйшыя дараўскія парафіяне сцвярджаюць: было дамоўлена з адным чалавекам, які падчас нямецкай акупацыі служыў у самаахове, што ён выдасць ксяндза Шаплевіча. Тая «акцыя» была падрыхтаваная спецыяльна, каб першага траўня 1948 года рапартаваць пра яшчэ адну перамогу ў змаганні з бандытамі.

Як успамінае Станіслава Стальмацкая, калі людзі ранічкай выганялі кароваў на пашу, ксёндз сядзеў каля плота Несцеравай сядзібы, увесь у крыві. Людзі ледзь пазналі яго. Энкавэдыст крычаў на ксяндза: «Отдавай оружие! Где твое оружие?» А ксёндз так спакойна адказаў: «Крест — мое оружие».

Падчас арышту ксяндза вельмі моцна пакусаў сабака. І энкавэдысты ўсё ж не рашыліся везці яго акрываўленага. Яны загадалі ксяндзу абмыцца і даць яму пераапрануцца. А тая акрываўленая кашуля засталася. Несцерава дачка схавала яе і доўга перахоўвала.

Ксяндза Шаплевіча і затрыманых Несцеравых сямейнікаў завезлі перш у Ляхавічы на допыт. Пасля ксяндза пераправілі ў Баранавічы, дзе трымалі ў следчай турме. Пазней ён успамінаў, што яму не давалі спаць і некалькі разоў на суткі выклікалі на допыты — спрабавалі прыпісаць таемныя сувязі з Амерыкай ды здзекамі прагнулі дамагчыся прызнання. А парафіяне не выракліся свайго пробашча і стараліся хоць як палепшыць умовы яго побыту ў турме. У той жа час яны пачалі дамагацца, каб дараўскі касцёл аддалі вернікам. І 26 траўня 1948 года было зарэгістравана рэлігійнае таварыства ў сяле Дарава, а таксама касцёльны камітэт і рэвізійная камісія.

 

Кс. Станіслаў Шаплевіч
у адзенні вязня-шахцёра.

Інта

Працяглы час дараўскія парафіяне не ведалі, дзе знаходзіцца іх пробашч і ці жывы. А ксяндза Шаплевіча, асуджанага на 25 гадоў, завезлі ў Інту, дзе ён працаваў у шахце, глыбока пад зямлёй. Спачатку вязняў месяцамі не выпускалі на паверхню. Умовы працы былі вельмі цяжкімі, таму што не было ніякай механізацыі, усё рабілі ўручную. Дакучаў і пыл. У Шаплевіча развіўся сілікоз. Мучыўся ён і вачыма. Ды што ўжо казаць пра здароўе, калі ці не кожны дзень, спускаючыся ў шахту, ён мог думаць, што не вернецца жывым. Пазней, калі дазволілі падаць вестку пра сябе, у адным з лістоў ксёндз Шаплевіч напісаў: «Штодня, спускаючыся ў шахту, спадзяюся на сустрэчу з ксяндзом Казімірам Дамброўскім…»

— Як жа ён можа спаткацца з ксяндзом Казімірам, — не маглі ўцяміць некаторыя нездагадлівыя. – Ён жа ведае, што нашага пробашча Казіміра забілі ў Калдычэве!

— Таму і піша, каб зразумелі, што можа загінуць. А могуць і забіць.

Аднойчы ўсё ж здарыўся выбух, і ксяндза Шаплевіча засыпала ў забоі, глухім і вузкім. Давялося праседзець там некалькі сутак. Аднаму Богу вядома, што тады ён перажыў. Здараліся і цяжкія траўмы. У шахце не было аніякай механізацыі, ваганеткі з вуглем цягалі самі вязні. Аднойчы ў забоі Шаплевіч акалечыў плячо, і яго нават паклалі ў турэмны шпіталь. Шаплевіч надарваўся, і яму мусілі зрабіць аперацыю. Пазней, ужо ў 1955 годзе, яго прызначылі газамершчыкам. Ён першым абавязаны быў спускацца ў шахту і вызначаць канцэнтрацыю метану, а таму ад яго пільнасці залежала бяспека працы шахцёраў.

У цяжкіх умовах лагернага жыцця ксёндз Шаплевіч не пераставаў быць святаром. Ён верыў, што ягоная місія толькі перарваная, але не скончаная. Таму і ў далёкай Інце, за тысячы кіламетраў ад Дарава, дараўскі пробашч турбаваўся, каб ягоныя парафіяне не зняверыліся. А тыя, сваім чарадом, падтрымоўвалі яго матэрыяльна, рэгулярна пасылалі пасылкі. І чаго толькі не было ў тых пасылках! Прыслалі і акрайчык хлеба, пасвенчанага ў дзень святой Агаты, каб ён аберагаў вязня Шаплевіча ад агню і пажару ў шахце. А з костачак сушаных вішняў ксёндз Шаплевіч зрабіў сабе ружанец.

Аднойчы ягоны сябра, які ўжо адбыў свой тэрмін і жыў на вольным пасяленні, прынёс Шаплевічу незвычайную пасылку. Яна была лёгкай – звычайна парафіяне прысылалі толькі дзесяцікілаграмовыя пасылкі,— важыла толькі адзін кілаграм і сто грамаў. Але замоўлены кошт быў вялікі — сто рублёў. Шаплевіч раскрыў пасылку: сутана, комжа, стула… З ягоных вачэй міжволі паплылі слёзы.

Колькі летаў і зімаў мінула з таго вераснёвага дня 1939 года, калі ў хаце Марыі Віктаровіч ён таксама са слязьмі ў вачах скідаў свае святарскія шаты! Колькі гадоў ужо — у будзень і ў святы — ён хадзіў у ватоўцы і брызентавых нагавіцах. Хадзіў апрануты так, як і відаць на адным з фотаздымкаў. Ды ўжо неўзабаве, прадвеснем 1956 года, усё яшчэ вязень Шаплевіч апрануў сутану і патаемна пачаў далучаць да хрысціянскай супольнасці немаўлятак, дзетак нядаўніх вязняў, ужо вольных людзей.

Парафіяне дараўскага касцёла, якія аднавілі сваю святыню.

Вяртанне

Пасля смерці «правадыра» дараўчане ўзяліся збіраць подпісы пад патрабаваннем вызваліць невінаватага пробашча. У лісце ад 23 лютага 1955 года ксёндз Шаплевіч прасіў падзякаваць «цёці Мальвіне» (Мальвіне Бондар) за яе ініцыятыву.

У архіве ксяндза Станіслава Шаплевіча захавалася некалькі фотаздымкаў 1956 года. На адным — сам Шаплевіч у цывільным летнім адзеннні, а на другім ён з дзецьмі. Дарэчы, гэтую дату — 1956 год — вязень Шаплевіч падаў у лісце, датаваным 22. 08.55. І сапраўды ў 1956 годзе, 28 ліпеня, ужо вольнаму Шаплевічу Станіславу Мікалаевічу была выдадзеная характарыстыка, у якой ягоная праца ў шахце ацэньвалася на «выдатна».

У 1956 годзе ксёндз Станіслаў Шаплевіч прыехаў у Мінск. Дараўчане выправілі да яго пасланцаў з прапановай вярнуцца ў родную парафію. Але ў той час дараўскі касцёл зноў забралі ў вернікаў і зрабілі там склад. Часова ксёндз Шаплевіч прыпыніўся ў Баранавічах і замяняў мясцовага пробашча. А ў 1958 годзе ён пераехаў у вёску Макееўшчына, дзе была капліца. Праз намаганні вернікаў яму дазволілі праводзіць Імшу і выконваць усе неабходныя абрады. У наваколлі не было касцёлаў, і ў Макееўшчыну ішлі ды ехалі вернікі. Уладам такая дзейнасць ксяндза Шаплевіча не падабалася, а таму 11 лістапада 1960 года ўпаўнаважаны па справах рэлігійных культаў забраў у яго рэгістрацыйную карту і забараніў цэлебраваць Імшу і праводзіць іншыя абрады.

Аднак ні ксёндз, ні вернікі не скарыліся. У адным пакоі ксяндзовай хаты была абсталявана капліца, і «падпольны касцёл» працягваў служыць людзям.

Улады даведаліся пра таемную дзейнасць ксяндза Шаплевіча і некалькі разоў, падчас касцёльных святаў, спрабавалі раптоўным наездам выявіць «факт богаслужэння». Урэшце яны вырашылі знішчыць макееўшчынскую капліцу. Першы раз разбуральнікі прыехалі 8 ліпеня 1964 года, але тады мясцовыя жыхары абаранілі святыню. Аднак праз шэсць дзён у Макееўшчыну панаехала міліцыі, прыгналі і пажарныя машыны. Абаронцаў збівалі з ног вадою з брансбойтаў, хапалі і запіхвалі ў міліцэйскія варанкі, а пажарнікі баграмі расцягвалі сцены капліцы.

Для хворага ксяндза гэта быў страшны ўдар. Ён быў вымушаны легчы ў шпіталь, але падлячыўшыся, зноў пачаў апекавацца вернікамі, шмат каму дапамагаў і матэрыяльна. Касцёльныя ўлады не раз прапаноўвалі ксяндзу Шаплевічу пераехаць у іншую парафію, але ён адмаўляўся.

5 жніўня 1975 года ксяндза Шаплевіча паклікалі да хворай парафіянкі ў суседнюю вёску Русіны, і там у яго здарыўся сардэчны прыступ. На наступны дзень ксяндза Шаплевіча завезлі ў шпіталь у Баранавічы, але ўратаваць яго не ўдалося.

7 жніўня ён памёр.

Верныя парафіяне і пасля смерці пробашча працягвалі дамагацца вяртання дараўскай святыні. Урэшце яна была адваяваная і адноўленая самаахвярнымі, працавітымі вернікамі. А з нядаўняга часу парафіянаў і гасцей дараўскага касцёла вітае ягоны будаўнік і апякун, бюст якога сціпла прыпыніўся праваруч ад уваходу...


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY