|
|
|
№
1(55)/2011
Да беатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла ІІ
Новая евангелізацыя
Постаці
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes
Асобы
Наталля ТРАЎБЕРГЗдзіслаў СІЦЬКА Літаратуразнаўства
ВЕРА & SOCIUM
Проза
Асветнікі
Паэзія
Пераклады
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
НЯМЕЦКІ НАСТАЎНІК БЕЛАРУСКІХ МАГНАТАЎ: МАРАЛЬНА-ДЫДАКТЫЧНЫЯ ВЕРШЫ ЁГАНА МЮЛІУСА З ЛІБЕНРОДЭ Паэзія
На кніжнай паліцы
З архіваў часу
|
Галіна ТЫЧКО
БЕЛАРУСКІ РЭЛІГІЙНЫ ДРУК
|
|
Знакаміты англійскі навуковец Пол Джонсан у сваім дакладзе на ХІІ Міжнароднай канферэнцыі па сродках масавай інфармацыі ў Сеуле ў 1993 годзе сказаў: «Сродкі масавай інфармацыі з’яўляюцца ў патэнцыяле вялікай свецкай царквой, скіраванай на рассейванне цемры невуцтва і сцвярджэнне ісціны. Евангелле ад Яна, калі задумацца, прысвечана прэсе, і Езус Назаранін можа быць названы першым журналістам, які прыносіць чалавецтву Добрую Навіну. Ці можа хто-небудзь усумніцца ў тым, што Чалавек, які прапаведаваў некалі пяці тысячам, сёння не пакарыстаўся б магчымасцямі газеты ці тэлебачання?» Далей прафесар Джонсан вызначаў свае патрабаванні да сродкаў масавай інфармацыі і выдзяляў сярод іх найгалоўнейшыя «запаведзі», сярод якіх ён назваў «жаданне адкрываць і паведамляць ісціну», «заахвочваць да атрымання ведаў», «рабіць адрозненне паміж „грамадскай думкай“ у яе высокім гістарычным сэнсе, якая стварае і фармуе канстытуцыйную дэмакратыю і хуткаплынным, непастаянным феноменам папулізму» (Россия, 1993. № 9 (119), 24 лют. — 2 сак.).
Безумоўна, навуковец асвятляў найперш стан свецкіх СМІ, аднак у жыцці грамадства не менш важную, калі не большую, ролю адыгрывае і рэлігійны друк. Па сутнасці і рукапіснае, і друкаванае слова ва ўсім свеце і на Беларусі звязана з гісторыяй рэлігіі: тыя ж рукапісныя кнігі Еўфрасінні Полацкай ці першыя друкаваныя выданні Францішка Скарыны — усё гэта найперш тэксты Бібліі. І хоць рэлігійны друк на Беларусі мае старадаўнія традыцыі, да нядаўняга часу гэты аспект жыцця нашага грамадства быў мала даследаваны.
Цікавасць да гісторыі і сучаснасці рэлігійнага друку ў нашай краіне ўзрасла напрыканцы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя. Самым значным даследаваннем стала кніга C.В. Говіна «Канфесійны друк у Беларусі» (Мінск, 2008), рэцэнзія на якую ў свой час з’явілася ў «Нашай веры». Аўтар слушна адзначаў, што актывізацыя рэлігійнага жыцця на Беларусі, заўважная на пераломе ХХ — ХХІ стагоддзяў, спалучана ў значнай ступені з шырокім выкарыстаннем друкаванага слова, аўдыёвізуальных СМІ, інтэрнэта. Кніга С.В. Говіна знаёміла з дагматыкай як традыцыйных канфесій, што на працягу стагоддзяў існавалі на Беларусі, так і з разнастайнымі рэлігійнымі тэндэнцыямі новага часу і, безумоўна, найперш з развіццём сродкаў масавай інфармацыі. У даследаванне былі ўключаны дадатковыя дапаможныя матэрыялы, у прыватнасці, «Бібліяграфічны паказальнік рэлігійных выданняў у Беларусі (1863—2005 гг.)», «Слоўнік рэлігійных тэрмінаў».
Аднак беларускі рэлігійны друк існуе не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і па-за яе межамі. Асабліва вялікая роля замежных выданняў была ў перыяд БССР, калі легальнае друкаванае рэлігійнае слова ў нашай краіне было пад забаронаю. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны на Захадзе апынулася каля 100 тысяч беларусаў, якія заснавалі там свае друкаваныя выданні. «Беларускі друк на эміграцыі — гэта адначасна частка Беларусі, якую эміграцыя прадстаўляла і якой ганарылася праз доўгія гады ў сужыцці з іншымі дзяржавамі і народамі»,— адзначыла адна з прадстаўніцаў беларускай эміграцыі Зора Кіпель.
|
|
Вокладка часопіса беларусаў-католікаў у ЗША «Беларуская Царква» (Чыкага, 1956–1965). |
Менавіта З. Кіпель і спрычынілася да стварэння ўнікальнай кнігі Юрыя Гарбінскага «Беларускі рэлігійны друк на Захадзе. 1945—2005, што была выдадзена ў 2009 годзе ў Нью-Ёрку–Варшаве пад патранатам Беларускага інстытута навукі і мастацтва (славутага БІНІМ — ЗША), Варшаўскага ўніверсітэта і Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук. Кніга прысвечана светлай памяці Зоры Кіпель і Алены Юрэвіч, і ў яе выданні прынялі ўдзел многія вядомыя беларускія арганізацыі замежжа, а таксама дзеячы беларускай эміграцыі, у асноўным з ЗША, сярод якіх такія вядомыя асобы, як Вітаўт Кіпель, Янка Запруднік, Антон Шукелойць, Янка Шубут, Лявон Юрэвіч і інш.
Кніга Ю. Гарбінскага — надзвычай аб’ёмнае і грунтоўнае даследаванне. Яно ўключае ў сябе пяць раздзелаў і дадаткі, куды ўваходзяць статыстычныя матэрыялы Беларускай бібліяграфічнай службы (ББС), якая існавала ў Германіі ў 1945—1951 гг., і ўтрымліваюць інфармацыю аб развіцці беларускай эміграцыйнай прэсы на Захадзе: у Аўстрыі, Бельгіі, Францыі, Германіі і Вялікабрытаніі.
У першым раздзеле аўтар падрабязна даследуе стан вывучэння эміграцыйнага перыядычнага друку, у тым ліку рэлігійнага, на працягу 1946–2005 гадоў. Пачынальнікам гэтай працы Ю. Гарбінскі лічыць загадчыка Беларускага загранічнага архіва Тамаша Грыба. Важны ўклад у вывучэнне пытання, падкрэслівае Ю. Гарбінскі, унеслі пісьменнік Антон Адамовіч і журналіст-бібліёграф Мікола Панькоў, а таксама а. Леў Гарошка, кс. Пётра Татарыновіч, Я. Садоўскі, В. Кіпель і інш.
Юры Гарбінскі пералічвае ў сваёй кнізе асноўныя крыніцы даследавання, прадстаўленыя архівамі БІНІМ (ЗША), ББС, а таксама архівамі іншых арганізацый і прыватных асобаў на эміграцыі. Найбольшую цікавасць з іх уяўляюць прыватныя зборы Зоры і Вітаўта Кіпеляў, дзе колькасць выданняў эміграцыйнай перыёдыкі мае звыш 440 адзінак. У гэтай калекцыі, якая захоўваецца ў фондах Славянска-балцкага аддзела Нью-Ёрскай публічнай бібліятэкі, сабраныя амаль усе вядомыя беларускія рэлігійныя выданні, а таксама царкоўныя календары, паштоўкі, малітоўныя карткі-памяткі, карткі-іконы, маркі і іншая друкаваная прадукцыя, што выходзіла на Захадзе да 2005 года.
Змест, абсяг і спецыфіка беларускага перыядычнага друку на Захадзе даследуюцца ў другім раздзеле кнігі. Асаблівую цікавасць тут мае падраздзел «Рэлігійная тэматыка ў сьвецкіх выданнях», дзе аналізуецца праблематыка публікацый, іх жанравая спецыфіка. Аўтар адзначае важную ролю матэрыялаў, якія асвятлялі падзеі з міжнароднага рэлігійнага жыцця, напрыклад, « Царква ў бядзе», «Саборы Праваслаўнай і Каталіцкай Цэркваў» (Другі Ватыканскі Сабор) і інш. Адзін з аўтарытэтных дзеячаў беларускага замежжа Янка Запруднік так характарызуе спецыфіку беларускага эміграцыйнага друку: «І ў свецкіх, і ў фармальна рэлігійных публікацыях рэдактары і выдаўцы не рабілі розніцы паміж рэлігійнай і свецкай тэматыкай. У рэлігійных выданнях закраналіся палітычныя праблемы, у сваю чаргу, у свецкіх — абмяркоўваліся рэлігійныя. Ніхто не сачыў за тым, што вось мы — рэлігійны часопіс і таму ў нас на 80% тэматыка павінна быць рэлігійнай».
Непасрэдна рэлігійнай перыёдыцы, шляхам і параметрам яе развіцця прысвечаны трэці раздзел, дзе аналізуюцца няпростыя гістарычныя шляхі беларускай рэлігійнай прэсы. Гісторыю беларускамоўнага рэлігійнага друку па-за межамі Беларусі ўмоўна можна падзяліць на некалькі перыядаў. Першы з іх датуецца 1913–1920 гадамі і звязаны з выхадам двух каталіцкіх перыядычных выданняў: газетай «Bielarus», якая друкавалася ў Вільні, і тыднёвікам «Krynica», што выдаваўся ў Петраградзе, а пазней пачаў выходзіць у Мінску.
Асобную старонку ў гісторыі беларускага канфесійнага друку займае заходнебеларускі перыяд (1921–1939 гг.) — час, калі Заходняя Беларусь была ўключана ў склад Другой Рэчы Паспалітай. Тады выходзіла 13 беларускіх рэлігійных выданняў, 6 з якіх былі праваслаўныя, 5 — каталіцкія і 2 — пратэстанцкія. Апрача таго, існавала задума выдаваць у Віленскай дыяцэзіі уніяцкі часопіс «Беларускі Вуніят», якая так і не ажыццявілася.
|
|
Вокладка беларускамоўнага буклета-інфарматара «Радыё Ватыкан» (Ватыкан, 1987). |
Падчас Другой сусветнай вайны ніводная з беларускіх канфесій не мела свайго перыядычнага выдання. Паводле звестак, прыведзеных у кнізе вядомага гісторыка Ю. Туронка «Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939–1944)» (Мінск, 2000), у перыяд з 1939 па 1944 гг. выйшла ўсяго 9 кніжных выданняў, з якіх 5 былі каталіцкія, 3 — праваслаўныя, 1 —пратэстанцкае. У асноўным гэта былі літургічныя кнігі, прызначаныя для правядзення набажэнстваў. У Савецкай Беларусі, як вядома, да 1988 года легальна не выходзіла ніводнае рэлігійнае выданне.
Беларуская эміграцыя была вельмі разнароднай: у дадатак да яе палітычнага, сацыяльнага і ўзроставага размежаванняў існавала размежаванне канфесійнае. Іншыя народы на чужыне звычайна аб’ядноўваў рэлігійны чыннік, аднак шматканфесійнасць Беларусі выявілася і ў эміграцыі. Каля 70% яе складалі прадстаўнікі праваслаўя, 20% былі католікамі і прыблізна 7–8% — пратэстантамі. У чэрвені 1948 г. у Канстанцы (Германія) была адноўлена Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква (БАПЦ), якая адыграла значную ролю ў захаванні нацыянальнай тоеснасці на чужыне, безумоўна, і з дапамогаю друкаваных выданняў. У перыяд з 1948 па 2005 гады беларуская эміграцыя выдавала 78 перыядычных выданняў і календароў, 68 з якіх былі беларускамоўныя і 10 — англамоўныя. Сярод іх найбольш — 34 — належалі БАПЦ, 21 — Каталіцкаму Касцёлу і 13 — пратэстанцкай Царкве.
У пасляваенны час беларускія рэлігійныя выданні выходзілі ў Германіі і Аўстрыі, пазней у Францыі, Бельгіі, Іспаніі, Ватыкане, Вялікабрытаніі і ў Італіі. Найбольш значнымі з іх былі штомесячны часопіс «Праваслаўны Беларус» (1947–1949) — рэдактар і выдавец Кастусь Якуб, і каталіцкі часопіс «Божым шляхам», першы нумар якога выйшаў у 1947 годзе ў Францыі. Ініцыятарам стварэння часопіса і яго першым рэдактарам быў святар Леў Гарошка. Дзякуючы рэлігійнай талерантнасці, змястоўнасці і шырокаму дыяпазону матэрыялаў гэты часопіс заслужана лічыўся самым значным і аўтарытэтным у беларускім эміграцыйным друку. Спачатку выданне выходзіла штомесячна, але з 1951 года — раз у два месяцы.
Юры Гарбінскі прыводзіць звесткі, якія пацвярджаюць, што першыя беларускія рыма-каталіцкія парафіі на Захадзе былі арганізаваныя на пераломе 1946–1947 гг. у Нямеччыне, дзе была абсталяваная і каталіцкая капліца. Аднак на гэты час беларускія вернікі не мелі сталай духоўнай апекі, і духоўныя паслугі выконвалі польскія, літоўскія і латышскія святары. Справу маральнай падтрымкі вернікаў у значнай ступені ўзялі на сябе свецкія і каталіцкія друкаваныя выданні. З сакавіка 1947 года пачынае выходзіць часопіс «Adradžeńie», які заснавала група беларусаў католікаў у Рэгенсбургу. Рэдагаваў выданне Андрэй Попка, і з гэтым часопісам супрацоўнічалі кс. П. Татарыновіч, Я. Кісель, а таксама пісьменнікі Н. Арсеннева і С. Хмара. У тым жа 1947 годзе ў Ватэнштэце выходзіў яшчэ адзін каталіцкі часопіс «Bielaruskaja Dumka», дзе матэрыялы друкаваліся кірыліцай і лацінкай. Выданне распаўсюджвалася фактычна па ўсёй Заходняй Германіі, і з ім супрацоўнічалі а. Л. Гарошка, Н. Арсеннева і А. Салавей.
Падрабязна даследуе Ю. Гарбінскі лакалізацыю беларускага рэлігійнага друку ў розных краінах свету. У манаграфіі адзначаецца вялікі ўклад, які ўнесла ў справу распаўсюджвання Божага слова з дапамогай прэсы дзейнасць Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане. У Вялікабрытаніі ў перыяд з 1950 па 2005 гг. выходзіла 7 каталіцкіх выданняў. Тут дзейнічала філія Беларускага акадэміцкага каталіцкага аб’яднання імя св. Аўгустына, якое ў 1951 годзе ўвайшло ў міжнародную арганізацыю інтэлектуалістаў-католікаў «Pax Romano». Гэта арганізацыя мела свае філіі ў Італіі, Бельгіі, Іспаніі, Францыі, ЗША, Аўстраліі і сістэматычна наладжвала тыдні каталіцкіх студыяў. Працу яе каардынавалі а. Ч. Сіповіч і а. А. Надсон.
Дзейнасць гэтай арганізацыі высока ацэньвалі і католікі, і праваслаўныя беларусы. У прыватнасці, Юрка Віцьбіч адзначаў: «Мне думаецца, што беларускае каталіцкае духавенства на чужыне робіць вялікую нацыянальную справу». Ён падкрэсліваў, што гэтая праца і ёсць «наладжванне непасрэднага кантакту беларусаў-каталікоў з Ватыканам». Цэнтральнае месца сярод каталіцкай прэсы ў Вялікабрытанiі займаў часопіс «Божым шяхам», які выходзіў у 1964–1980-я гг. у Лондане. Рэдагаваў яго а. Язэп Германовіч. Гэты часопіс быў пераемнікам аднайменнага выдання, якое раней выходзіла ў Парыжы пад рэдакцыяй а. Л. Гарошкі. У Італіі з 1950 па 1970 год выдаваўся часопіс «Źnič», які рэдагаваў П. Татарыновіч, і які, паводле задумы, павінен быў пашыраць тэматыку і ідэйны змест выдання а. Л. Гарошкі «Божым шляхам». Аднак гэты часопіс не набыў папулярнасці, паколькі ён выдаваўся лацінкай і, апрача таго, яго мова была вельмі спецыфічнай. Кс. П. Татарыновіч з гэтай нагоды пісаў: «Мае „наватворы“, на якія так утаропліваюцца, як баран на новыя вароты, гэта годнае помачы, а не байкоту шуканне й туга па нечым лепшым, музыкальнейшым, тэхнічна здатнейшым, гэта творчая проба, а не аподэктычнае накіданне. Што дападзе да густу — прышчэпіцца, а чаго здаровы смак не прыме — хай адпадае». Але чытачы, відаць, лічылі інакш: часопіс не здабыў вялікую аўдыторыю, і ўсяго было выдадзена толькі 120 нумароў.
У Паўночнай Амерыцы рэлігійны друк беларускай дыяспары прадстаўлены 31 выданнем, 17 з якіх — праваслаўныя, 7 — каталіцкія і 7 — пратэстанцкія. Большасць з іх — 28 назваў — выдаецца ў ЗША, 3 — у Канадзе. Самымі значнымі сярод гэтых выданняў з’яўляюцца праваслаўныя — «Царкоўны Сьветач» (Саўт Рыўер) і «Голас Царквы» (Нью-Ёрк).
|
|
Вокладка аднаго з першых часопісаў беларусаў-католікаў на Захадзе «Адраджэнне» (Рэгенсбург, 1947, Віндышбэргердорф, 1948). |
Беларусы католікі ў Паўночнай Амерыцы, у прыватнасці ў ЗША, знаходзіліся ў больш складанай сітуацыі, чым праваслаўныя. Там каталіцкія парафіі засноўваліся не па этнічным прынцыпе. Этнічныя касцёлы могуць існаваць выключна там, дзе этнас жыве кампактна, таму толькі ў Чыкага ў 1955 годзе была арганізавана парафія Хрыста Збаўцы ўсходняга абраду, дзе душпастырскую і выдавецкую працу вялі беларускія бэнэдыктынцы аа. Я. і У. Тарасэвічы. У 2003 годзе гэтая парафія была ліквідаваная.
У 1958–1973 гг. у ЗША выходзіў часопіс для рыма-католікаў «Siaúbit»(«The Sower»), выдаўцом і рэдактарам якога быў кс. Ф. Чарняўскі. Гэтае выданне, аднак, не знайшло належнай аўдыторыі і паслядоўнай падтрымкі духавенства. Каталіцкія беларускія святары на сваім трэцім з’ездзе ў 1972 годзе ў Лондане прынялі рэзалюцыю, дзе адзначалі: «У эміграцыйных абставінах, дзе асабісты кантакт з вернікамі ёсць часта немагчымы, апостальства цераз прэсу набірае асаблівай важнасці. Маючы гэта на ўвазе, трэба старацца, каб беларускія рэлігійныя перыядычныя выданні былі як найлепшымі з пункту гледжання зместу, мовы і вонкавага выгляду, бо слабы і неахайна выдадзены часопіс адбівае ахвоту і цікавасць у чытачоў. Беручы пад увагу абмежаваныя сілы і магчымасці нашае эміграцыі, было б лепш мець адзін добры рэлігійны часопіс, чым некалькі слабых».
У кнізе Ю.Гарбінскага прыводзяцца таксама звесткі пра тое, што ў ЗША разам з беларускамоўнымі рэлігійнымі выданнямі выходзілі чатыры каталіцкія бюлетэні на англійскай мове.
Усе дакументальныя факты і звесткі, аналітычныя абагульненні і вывады ў манаграфіі Ю. Гарбінскага надзвычай цікавыя і важныя для беларускай гуманістыкі і гісторыі рэлігіі. І ўсё ж для звычайнага чытача ці не найбольшую цікавасць мае не тэарэтычная, а практычная частка кнігі, якая пачынаецца з чацвёртага раздзела і прадстаўлена схемамі і дыяграмамі, што адлюстроўваюць статыстыку функцыянавання беларускай перыёдыкі на Захадзе. Панарама рэлігійнай перыёдыкі беларускай дыяспары прадстаўляе фотарэпрадукцыі вокладак беларускіх хрысціянскіх выданняў, якія выходзілі ў розны час і ў розных краінах свету, а раздзел «Выбраныя ілюстрацыі графічных друкаў беларускай дыяспары» прадстаўляе ўзоры ўнікальных беларускіх паштовак, картак-памятак з малітоўнымі тэкстамі, буклетаў і іншай прадукцыі, якая выдавалася за мяжой. Тут можна пазнаёміцца з такімі незвычайнымі экспанатамі, як велікодная рукапісная паштоўка з часоў лагераў ДП (Ватэнштэт, 1947), фотапаштоўка са здымкам рэлігійна-нацыянальнай харугвы, асвечанай папам Піем ХІІ з нагоды ўдзелу беларусаў у святкаванні Марыянскага года (Ватыкан, 1953) і інш.
У цэлым паводле ахопу матэрыялаў, грунтоўнасці і шырыні прааналізаваных з’яваў і фактаў, якія датычаць развіцця беларускага рэлігійнага друку на Захадзе, кніга Ю. Гарбінскага з’яўляецца своеасаблівым энцыклапедычным даведнікам, які будзе карысным і навукоўцам, і проста вернікам, і ўвогуле ўсім, хто неабыякавы да нацыянальнай спадчыны.
|
|
|