|
|
|
№
1(55)/2011
Да беатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла ІІ
Новая евангелізацыя
Постаці
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes
Асобы
Наталля ТРАЎБЕРГЗдзіслаў СІЦЬКА Літаратуразнаўства
ВЕРА & SOCIUM
Проза
Асветнікі
Паэзія
Пераклады
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
НЯМЕЦКІ НАСТАЎНІК БЕЛАРУСКІХ МАГНАТАЎ: МАРАЛЬНА-ДЫДАКТЫЧНЫЯ ВЕРШЫ ЁГАНА МЮЛІУСА З ЛІБЕНРОДЭ Паэзія
На кніжнай паліцы
З архіваў часу
|
«Santo subito» — такія надпісы з’явіліся на плошчы св. Пятра ў Рыме 8 красавіка 2005 г. падчас пахавання Яна Паўла II. Гэта было спантаннае сведчанне вернікаў пра святасць Вялікага Пантыфіка. Менавіта яно распачало яго культ, аб якім сведчаць доўгія чэргі людзей да магілы Яна Паўла ІІ ў Вытыканскіх гротах. Пасля завяршэння складанага працэсу беатыфікацыі, у якім мне таксама давялося прымаць удзел у якасці сведкі, папа Бэнэдыкт XVI абвясціў дату вынясення да хвалы алтара Яна Паўла II — 1 мая 2011 года. Католікі ва ўсім свеце, і не толькі яны, з радасцю прынялі гэтую вестку, якая з’яўляецца пацвярджэннем спантаннага закліку вернікаў шэсць гадоў таму. Калі адбываюцца беатыфікацыі ці кананізацыі, якія сведчаць пра жыццёвасць лакальных Касцёлаў (пар. TMA 37), натуральна, што многа разважаецца пра святасць, таму гэты артыкул прысвячаецца навучанню пра святасць таго, хто сам афіцыйна прызнаецца Касцёлам святым — Слугі Божага Яна Паўла II.
У сваім навучанні папа Ян Павел ІІ прысвячае многа ўвагі менавіта святасці. Яго прамовы, афіцыйныя дакументы магістэрыума, гаміліі і найперш шматлікія беатыфікацыі і кананізацыі паказваюць, што гэта справа была ў яго сэрцы і ён прысвячаў ёй шмат увагі. Без сумнення, святасць з’яўляецца адной з найбольш важных тэмаў яго навучання. У сваёй візіі святасці Ян Павел II акцэнтуе і далей развівае дактрыну Другога Ватыканскага Сабору пра паўсюднае пакліканне да святасці, вымярэннем якой ёсць дасканалая любоў. Сама ж хрысціянская святасць укаранёная ў прыналежнасці да Хрыста праз веру і хрост1. Менавіта сакрамэнт хросту з’яўляецца падмуркам эклезіяльнай камуніі ў святасці. Ва ўдзел у жыцці Хрыста праз сакрамэнт хросту імплантавана анталагічная, эклезіялагічная і этычная святасць кожнага верніка. Так зразуметая святасць з’яўляецца дарам і адначасова заданнем і выклікам для чалавека2. Найбольш сінтэтычнай трактоўкай навучання Яна Паўла II аб святасці з’яўляецца яго трыптых апостальскіх адгартацый, прысвечаных паасобным станам у Касцёле: у «Christifideles laici» — аб місіі і пакліканні свецкіх у Касцёле і свеце (1987 г.), у «Pastores dabo vobis» — аб фармацыі святароў у сучасным свеце (1992 г.), у «Vita consecrata» — аб кансэкраваным жыцці і яго місіі ў Касцёле і свеце (1996 г.). Але найбольш сістэматычна і абгрунтавана візія святасці прадстаўлена ў прысвечаным завяршэнню Вялікага Юбілею 2000 года апостальскім лісце «Novo millennio ineunte». Гэта прафетычны, праграмны і хрыстацэнтрычны тэкст, у якім увага акцэнтуецца на святасці і «тэалогіі святасці» Другога Ватыканскага Сабору. Тым, што аб’ядноўвае гэтыя дакументы ў канцэпцыі святасці Яна Паўла II і складае іх супольны назоўнік, з’яўляецца мадэль святасці, якую Папа ставіць перад усімі хрысціянамі. Гаворка ідзе пра святасць, якая ажыццяўляецца ў сучасных абставінах праз выконванне місіі чалавека кожнага стану ў Касцёле. Такая мадэль прадугледжвае ўключэнне кожнага католіка ў місію Касцёла ў сучасным секулярным і патрабуючым аздараўлення свеце. Гэта ні што іншае, як заклік да духоўнай рэформы сучаснага свету3. Другі Ватыканскі Сабор нанова адкрыў пакліканне і місію Касцёла ў свеце, падкрэсліў сувязь і адносіны паміж імі, бо Кацёл і свет цесна звязаны паміж сабою. Гэтае ўсведамленне адкрыла новыя перспектывы як для місіі Касцёла ў свеце, так і для паўсюднага паклікання да святасці паводле закліку Езуса: «Будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны»4. У сваім навучанні аб святасці Ян Павел II стараўся перамагчы дуалізм і насцярожанасць у адносінах паміж Касцёлам і светам, у тым ліку і адносна святасці. Для гэтага ён вельмі шырока карыстаўся навучаннем Другога Ватыканскага Сабору, які ў Дагматычнай канстытуцыі пра Касцёл падкрэслівае, што «ўсе хрысціяне любога стану і прафесіі пакліканыя да паўнаты хрысціянскага жыцця і дасканалай любові. Дзякуючы гэтай святасці таксама і ў зямным грамадстве развіваецца больш гуманны лад жыцця»5. Касцёл па сваёй прыродзе з’яўляецца святым, хоць складаецца з недасканалых і грэшных людзей. Як Містычнае Цела Хрыста, Касцёл пакліканы прадстаўляць сапраўднае Яго аблічча, быць Яго сакрамэнтам, Яго бачным знакам, Яго святлом сярод людзей. Місія Касцёла заключаецца ў асвячэнні людзей, таму святасць Касцёла — гэта яго своеасаблівае «ДНК». Мова святасці з’яўляецца аўтэнтычнай мовай Касцёла, ад якой ён ніколі не можа адмовіцца. І ў гэтай яго мове асабліва моцна гучыць голас Вялікага Папы Яна Паўла II, які імкнецца абудзіць у сучасных людзях імкненне да святасці. Развіццё хрысціянскай дасканаласці адпавядае годнасці чалавечай асобы, таму святасць у навучанні Яна Паўла II становіцца місіяй Касцёла ў сучасным свеце, каб вярнуць чалавеку вобраз і падабенства Божае, паводле якога ён быў створаны. Гэту місію Папа Вайтыла назваў новай евангелізацыяй. Развівае яе далей папа Бэнэдыкт XVI, які, чытаючы знакі часу і зважаючы на небяспеку, што існуе як у маральным жыцці сучаснага чалавека, так і ў імкненні да святасці, утварыў спецыяльную Папскую раду па справах новай евангелізацыі. У гэтым кантэксце святасць становіцца адказам на выклікі і патрэбы новай евангелізацыі. Заміранне святасці і нават яе высмейванне ёсць вынікам працэсаў секулярызацыі і мае сваю крыніцу ў эгаізме і спажывальніцтве. Таму святасць павінна стаць супрацьяддзем на выклікі секулярызму. Паводле навучання Яна Паўла II, святасць з’яўляецца той рэчаіснасцю, якая найлепей перадае таямніцу Касцёла і ёсць жывым адлюстраваннем аблічча Хрыста6. Таму кожная пастырская акцыя павінна ўпісвацца ў перспектыву святасці з захаваннем, дастасаваным да кожнага паклікання педагогікі святасці7. Такім чынам, святасць, зразумелая як адказ на Божы план у гісторыі чалавецтва, сама становіцца знакам і плёнам часу8, гэтым самым служачы свету і прадаўжаючы Божы намер збаўлення. Касцёл ад самога пачатку сваёй дзейнасці аналізуе знакі Божай ласкі, што таксама належыць да яго дэпазіту святасці і адначасова з’яўляецца сувяззю з гісторыяй чалавецтва. Гэтымі знакамі з’яўляюцца самі святыя, а беатыфікацыйныя і кананізацыйныя працэсы пацвярджаюць святасць той ці іншай асобы і паказваюць яе пасланне нашаму часу. У навучанні Яна Паўла II аб святасці асаблівае месца адводзіцца святым як «знакам часу». Пры гэтым падкрэсліваецца, што святасць з’яўляецца спецыфічнай субстанцыяй гэтага знаку, менавіта ёй з’яўляецца, укаранёная ў акрэсленым часе і месцы, гісторыя9. Гістарычны элемент тут выходзіць на першае месца, бо для папы Яна Паўла ІІ важным ёсць укараненне гісторыі збаўлення ў часе. Ён кажа, што гэтая субстанцыя святасці з’яўляецца плодам свайго часу, на які глядзяць мінулыя пакаленні і які адначасова вядзе ў будучыню. У гэтым плодзе мы распазнаём гісторыю мінулых пакаленняў і сведчанне, якое яны пакінулі будучым пакаленням10. Такім чынам харызма святога інтэрпрэтуе мінулае і адначасова нясе ў сабе будучыню. У аснове святасці як «знаку часу» знаходзіцца нейкая асаблівая справа, дзякуючы якой Бог праз святога дае вечнатрывалае сведчанне, каб яно магло застацца ў гісторыі чалавецтва як «знак часу». Ян Павел II перадае гэтую спецыфічную субстанцыю святасці як «знаку часу» ў катэгорыі сведчання, якое, з аднаго боку, звязана з дадзенай эпохай, а з іншага, набірае трансцэндэнтны характар у адносінах да гісторыі чалавецтва11. Таму святыя не мінаюць, а заклікаюць да святасці12. Яны з’яўляюцца прадстаўнікамі Бога, які прамаўляе праз іх. Таму святыя — гэта своеасаблівыя словы, якія Бог вымаўляе ў гісторыі для дабра людзей. Святыя бароняць Касцёл ад памяркоўнасці, навучаючы дзейнічаць паводле «высокай меркі» звычайнага хрысціянскага жыцця13 і рашучага адпрэчвання ідалаў гэтага свету. Святыя, як аўтэнтычныя сведкі святасці Касцёла, прыкладам свайго жыцця пабуджаюць да духоўнага аднаўлення і з’яўляюцца сапраўднымі архітэктарамі гісторыі чалавецтва14. Найбольш пераканаўчым з’яўляецца экуменізм святых, бо Communio sanctorum прамаўляе мацней за ўсе падзелы15. Нагадваючы пра вечнатрывалае сведчанне, якое становіцца «знакам часу» ў гісторыі чалавецтва, Папа найперш разумее прысутнасць Божай любові ў чалавеку, любові, якая асаблівым чынам праявілася ў яго перамозе на Галгоце. Тады любоў становіцца мацнейшай за смерць і перамагае там, дзе, здавалася, будзе трыумфаваць нянавісць і пагарда да чалавека16. Таму мучаніцтва з’яўляецца найвышэйшаю праяваю сведчання і прысутнасці Божай любові ў чалавеку. Гэта ўжо не толькі «знак часу», але і «знак збаўчы»17. Менавіта мучанікі з’яўляюцца «невядомымі жаўнерамі», якія змагаюцца ў служэнні вялікай Божай справе18. Такім чынам у навучанні Яна Паўла II аб святасці праяўляецца яе сутнасны хрысталагічны крытэрый. Менавіта праз прыпадабненне да Хрыста, нават аж да мучаніцкай смерці, святасць набірае асаблівы знакавы і збаўчы характар. Дух Святы фармуе душы пакліканых, прыпадабняе іх да Хрыста і заахвочвае да прыняцця Яго місіі. Яны ж пад кіраўніцтвам Духа на шляху пастаяннага ачышчэння становяцца сфармаванымі па вобразе Хрыста асобамі — гістарычным прадаўжэннем прысутнасці Змёртвыхпаўсталага Пана19. Такім чынам асабістая канкрэтызацыя гісторыі ажыццяўляецца праз прыпадабненне Хрысту, дзякуючы чаму Ён становіцца прысутным у гэтым свеце ў вобразе сведчання святога, якое мае збаўчы характар. Чытаючы ў святых «знакі часу», Ян Павел II чытае іх як знакі Божыя, як Божую інтэрвенцыю ў гісторыю чалавецтва і як спецыфічныя збаўчыя знакі, якія чыняць Хрыста прысутным у свеце. Менавіта таму святасць набірае вечнатрывалае сведчанне, а яго пасланне атрымлівае экстраардынарнае значэнне і адначасова становіцца пацвярджэннем хрысціянскага Аб’яўлення, што так важна для місіі Касцёла ў сучасным свеце. Святыя з’яўляюцца трывалымі «пунктамі» перад абліччам прамінальнасці чалавека і свету. Тое, што ёсць у святых, — гэта заўсёды трывалае і непрамінальнае. З іх сведчання чалавек чэрпае ўсведамленне свайго паклікання і ўпэўненасць у прызначэнні. У гэтым напрамку святыя вядуць Касцёл і чалавецтва20. Такім чынам святыя ў навучанні Яна Паўла II праз сваё сведчанне аднаўляюць усведамленне Касцёла адносна яго паклікання і місіі, а таксама адносна трывалых і вечных каштоўнасцяў, асабліва годнасці чалавека. Асаблівай увагі ў дактрыне Папы Вайтылы аб святасці заслугоўваюць евангельскі заклік і прароцкая перасцярога, як ключ да прачытання і актуалізацыі паслання святых. Пад евангельскім заклікам Папа разумее адносіны чалавека да Бога, які заклікае да святасці на шляху любові і сведчання. Прароцкая перасцярога — гэта скіраваны да чалавецтва заклік да ўшанавання правоў чалавека і народаў21. Гэтыя два элементы з’яўляюцца сінтэзам паслання святых як «знакаў часу», якія ўказваюць на яго вертыкальнае і гарызантальнае вымярэнні. Евангельскі заклік указвае на чалавека, які, прыпадабняючыся Хрысту ў дары Духа Святога і дзякуючы веры, перамагае ў любові. Тут гаворка ідзе пра асабовую канкрэтызацыяю гісторыі збаўлення, якая становіцца імпульсам да наследавання і сведчання аб чалавеку і для дабра чалавека. У гэтым сэнсе евангельскі заклік перараджаецца ў прарочую перасцярогу, у якой бярэ голас этычнае вымярэнне праўды пра чалавека, пра яго правы, годнасць, пакліканне і абавязкі. Праведзены вышэй аналіз навучання папы Яна Паўла II аб святасці ўказвае на святасць як «знак часу» і заклікае да яго сведчання. Сведчанне святасці мае прарочы і вечнатрывалы характар, указвае на Хрыста і актуалізуе таямніцу святасці ў чалавеку, што праяўляецца як перамога ў выпрабаваннях веры, нагадвае аб прымаце маральнага ладу і аб іерархіі хрысціянскіх каштоўнасцяў. Гэта таямніца з’яўляецца працэсам супрацоўніцтва з Божай ласкай, моцай якой чалавек прыпадабняецца да Хрыста. Сведчанне святасці мае эклезіяльны характар, бо яно будуе Касцёл і сведчыць аб яго святасці, а таксама з’яўляецца «духоўнай тэрапіяй» для сучаснага свету, у якім занікае ўсведамленне граху і Божай прысутнасці. Таму Ян Павел II падкрэслівае вялікае значэнне сведчання для новай евангелізацыі, дзе слова Божае пацвярджаецца сведчаннем жыцця. Менавіта тады сведчанне веры становіцца імпульсам да наследавання. Таму можна нават сказаць, што сведчанне нараджае сведчанне. Для таго, каб сведчанне магло стаць «знакам часу», патрэбна малітва, удзел у жыцці Касцёла, асабліва ў сакрамэнтах, і давер Богу. Толькі тады хрысціянскае сведчанне праявіцца як поўная гармонія паміж верай і жыццём, гармонія, якая вядзе да святасці. З навучання Яна Паўла II вынікае, што сучаснаму свету патрэбны святыя, як падвержаным эпідэміі людзям патрэбныя лекары і лекі. Яму патрэбныя святыя, якія пераклалі б на сучасную мову Евангелле і сталі б эпіфаніяй васьмі благаслаўленняў Езуса. Патрэбны святыя, праз якіх Дух Святы будзе дзейнічаць і ў якіх людзі будуць бачыць Бога. Патрэбны святыя, якія былі б сапраўднымі сведкамі Хрыста і Яго Евангелля, бо сучасны чалавек больш слухае сведкаў, чым настаўнікаў, а калі іх слухае, то таму, што яны з’яўляюцца сведкамі, — як навучае папа Павел VI22. Таму, прымаючы глыбока да сэрца навучанне Яна Паўла II аб святасці, нам не трэба баяцца быць святымі новага тысячагоддзя, як да гэтага заклікае Вялікі Пантыфік23, бо святыя з’яўляюцца бачнымі сведкамі святасці Касцёла.
Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:
|
|
|
|