Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(55)/2011
Да беатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла ІІ

СВЯТАСЦЬ У НАВУЧАННІ
ЯНА ПАЎЛА II
Новая евангелізацыя
Постаці

СВЯТАЯ АД ЦЕМРЫ
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Асобы


Літаратуразнаўства
ВЕРА & SOCIUM

ВЕРА & SOCIUM
Проза
Асветнікі
Паэзія

ВЕРШЫ

ПАЛАНЭЗ
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
На кніжнай паліцы

МОСТ У КРАІНУ НЕМАНІНУ
З архіваў часу

ЛІСТЫ ДА КСЯНДЗА
ФІЛІПА ШЧАРБІНСКАГА

Тагачасны «самвыдат» — касцёльны гімн
з патрыятычнай скіраванасцю.

№ 1. Верасень 1861 г.(?)

Каханы наш сыне, мы атрымалі ліст 15 верасня і вельмі з гэтага ліста ўзрадаваліся. Ты нас суцешыў, выцер нам слёзы з вачэй нашых і скараціў мне дарогу. Я [ўжо] хацеў ехаць, бо мы непакоіліся, а ты цяперака нас супакоіў, прыслаўшы гэты ліст. Вельмі мы ўсцешаныя, што ты ўступіў у Закон бэрнардынаў. Мы вельмі задаволеныя, [і] не толькі мы, але і кс. дэкан задаволены, і кс. Паеўскі задаволены. Няхай Цябе Бог блаславіць, і мы даём табе бацькоўскае блаславенства. Толькі просім напісаць, на якім ты курсе і чыім [вучышся] коштам: ці скарбовым, ці не? Пішы пра ўсё. Зычым табе ўдачы! З любоўю, твае бацькі.

Бацька, Юзаф Шчарбінскі, і мама, Кацярына Шчарбінская.

Зычым табе добрага здароўя, удачы і поспехаў.

_________

Таксама шлю паклон, [твой] стрый Станіслаў Шчарбінскі. Каханы Стасю, таксама ўсцешыў і мяне ты гэтым лістом, а асабліва [тым], што ты ўступіў у святы Закон бэрнардынаў. Дай табе Божа здароўя і шчаслівага жыцця. З любоўю, твой стрый Станіслаў.

_________

Усцешаны брат Людвік шле паклон і піша, макаючы пяро ў слезы радасці, бо ты прыслаў ліст, [і] дзякуючы Богу, які пакіраваў, каб ты застаўся ў законе. А мне трэба за то Бога прасіць, каб Бог пакіраваў і намі. З любоўю, брат Людвік Шчарбінскі.

Прашу напісаць цябе кс. дэкану і кс. Паеўскаму пра тое, як маешся.

 

№ 2.

Сыне мой дарагі Стасю, пасылаем табе нашае бацькоўскае блаславенне, каторае няхай табе да скону твайго жыцця служыць, і паведамляем табе аб сваім здароўі. Мы, з ласкі Бога Найвышэйшага, здаровыя, чаго і табе зычым: добрага здароўя і ўсялякае ўдачы ды ў навуках добрых поспехаў.

Каханы наш Стасю, пасылаем табе 3 (тры) рублі на харчаванне падчас посту. Толькі, калі ласка, не журыся ў чужой старонцы. Мы будзем цябе ўспамагаць, наколькі нашыя магчымасці дазволяць. [Калі будзе] вялікая патрэба, то пішы нам, а мы будзем старацца паводле нашае магчымасці. Не разводзячыся шмат пяром, перапрашаю, бо не маю пра што болей пісаць. Зычым табе добрага здароўя і ўсялякае ўдачы! З любоўю, твае бацькі.

_________

Таксама любячы твой стрый Станіслаў ёсць здаровы і вясёлы, гэтак жа і табе зычыць добрага здароўя, у навуках добрых поспехаў і ўсялякае ўдачы. Шчыра зычліва табе стрый Станіслаў Шчарбінскі. Яшчэ паведамляю, [што] 18 лютага быў К. Даўшто(?) ў Ілукшце. Ён ад’ехаў назаўжды да Пецярбурга.

_________

Цалуе твае рукі, просячы Бога, каб Бог даў табе добрага здароўя і і добрае ўдачы ва ўсіх тваіх пачынаннях, з любоўю твой брат Людвік Шчарбінскі.

Го[да] 1862 ме[сяца] лютага д[ня] 18.

 

Ліст бацькі ад 9 сакавіка 1863 г.
з паведамленнем пра арышт
ксяндза дэкана.

№ 3.

Дарагі наш сыне, мы атрымалі ліст праз панну Фінкоўну і вельмі ўзрадаваліся з прычыны твайго допісу і паведамлення пра тваё здароўе ды жыццё.

Дзякаваць пану Богу за Яго Найсвяцейшы Провід — мы вельмі з гэтага цешымся, а асабліва з таго, што нам апісвала панна Фінкоўна, дзякуючы Богу за такі добры Дар, што ты выдатна скончыў навукі. А для нас, тваіх родных, гэта галоўнае, [таму] мы дзякуем Богу за такі добры Дар для цябе. [Панна Фінкоўна] не толькі нам распавядала, але і ксяндзу Траццяку, што ты выдатна выступіў з казаннем, [за што] усе дзякавалі Богу. О дарагі наш сыне, якая ж для нас гэта радасць з радасцяў!

Зычым табе добрага здароўя, а ў навуках добрых поспехаў. З любоўю, твае бацькі, Юзаф і мама Шчарбінскія. Мы атрымалі ліст ад 6 кастрычніка. Наш кс. дэкан даў прачытаць нам прысланы табой ліст, а сам пытаўся: ці цешыцца бацька са свайго сына? Я вельмі радуюся. Яшчэ напішу пра Пугачэўскага. Ён цалкам выехаў з Ілукшты, каб атрымаць месца, Навіцкі ж заняўся нядобра гувернёркай у Вышках.

_________

Цалуе твае стопы [твой] брат Людвік Шчарбінскі. Ён ходзіць да школы да кс. Паеўскага.

_________

З любоўю да майго каханага пляменніка, твой стрый Станіслаў зычыць добрага здароўя і добрае ўдачы! Мы дзякавалі Богу за першы пачатак казання.

З любоўю, твой стрый Станіслаў Шчарбінскі.

_________

Паведамі нам пра сваё адзенне — асабліва, ці маеш плашч і шапку добрую.

Быць можа, змагу прыехаць. Хачу пабачыць цябе на свае вочы і пагаварыць з табою.

[Твой] бацька Шчарбінскі.

1862 ме[сяца] лістапада д[ня] 13, Ілукшта.

 

№ 4.

Найкаханейшаму сыну.

Мы атрымалі ліст 25 студзеня. Мы цярпліва чакалі і моцна сумавалі, і ўсё думалі, якая таму прычына, што ты доўга не пішаш. Зараз жа ты вельмі нас усцешыў, прыслаўшы ліст, бо нам казалі, быццам бы ваша семінарыя згарэла толькі што, і мы з гэтага вельмі засмучаліся. А так, слава Богу, жывем і [ўсе] у добрым здароўі, чаго і табе зычым: добрага здароўя і поспехаў. Ты пісаў, [што] адаслаў сукню. Мы [пра тое] ніякіх звестак не маем, а таго клерыка на вочы не бачылі і ні ад кога не чулі. Хіба, можа, на грам[ніцы(?)] ... (неразборліва. — Ю. Л.)

Мы больш ні пра што не засмучаемся і на твае паводзіны не злуемся. Як Бог кіруе, каханы сыну, ты лепей за нас разумееш, і так паступай. [Ты пішаш, што] маеш прыехаць на вакацыі занадта рана. Змілуйся, не зрабі сабе дрэнна, як у мінулым годзе. Слава Богу, ты ў законе, а не так, як Навіцкі. Ухавай, Божа, ад гэтага! А прыехаць я не забараняю, калі [гэта будзе] на дабро для цябе. Мы жывем па-ранейшаму, як табе вядома, каханы сыне.

З любоўю, твае бацькі Шчарбінскія, тата і мама.

Зычым табе добрага здароўя і поспехаў.

_________

Таксама і стрый твой Станіслаў шле вестку пра сваё здароўе: я здаровы, з Божай ласкі, чаго і табе зычу ад Найвышэйшага Стваральніка. [Жадаю, каб] Бог у добрым здароўі даў пабачыцца, і прашу нам паведамляць пра свае здароўе і жыццё, хаця б лістоўна. Заўсёды пра цябе памятаю, твой стрый Станіслаў Шчарбіцкі.

_________

Кланяюся і цалую твае ручкі хоць завочна ... (неразборліва. — Ю. Л.), быццам перад вачыма сваімі бачу брата свайго такога мілага. Кланяюся ў твае ногі. Б[рат] Людвік Шчарбінскі.

Го[да] 1863 ме[сяца] студзеня д[ня] 28.

 

Апошні ліст, напісаны маці
ксяндза Філіпа Шчарбінскага.

№ 5.

Каханы сыне, пасылаем табе нашае бацькоўскае бласлаўленне і паведамляем пра сваё здароўе. Мы, з ласкі Бога, здаровыя, чаго і табе зычым: добрага здароўя і поспехаў. Дарагі наш сыне, ты нам пісаў пра сваё здароўе. Гэта нас вельмі парадавала: прынамсі мы хаця б ведаем, ці ты жывы і пра твае поспехі. Тое, што ты пішаш пра прыезд, каханы сыне, цяпер не прыязджай, бо не маю чым па цябе прыслаць, і няма патрэбы так рана прыязджаць. Хіба што Бог дасць, і я атрымаю разлік з дворам, дык тады можна [будзе]. Ты можаш напісаць перад Зялёнымі Святкамі, каб я прыслаў грошы. А пакуль у нас вельмі маркотная пара і няшчасце вялікае. Нашага пастыра кс. дэкана ўзялі пад арышт — ён ужо трэці тыдзень як у Рызе пад арыштам, і мы не ведаем, як хутка вернецца, а з кім будзе мець распараджэнне. Кс. Траццяк выехаў цалкам.

Каханы сыне, калі ласка, не пішы ні пра якія навіны, бо лісты мы атрымліваем заўжды распячатаныя. Будзь асцярожны, не ўдавайся ў аніякія размовы, а пільнуй свайго абавязку.

Пра сутану: можа, ты ведаеш, у якой парафіі той клерык, з якім ты перадаваў сутану — мы яе не атрымалі. Маё дзіцятка, не прыязджай зараз, а карыстай [з магчымасці вучыцца]. Перад Зялёнымі Святкамі будзе можна, калі Бог дазволіць. А такім чынам, будзь здаровы, каханы наш сыне, і пасылаю табе тры рублі на чырвоныя яйкі.

З любоўю, твае бацькі, Юзаф і Каця[рына] Шчарбінскія.

_________

Цалуе твае рукі [твой] брат Людвік, дзякуючы за тваю добразычлівасць, і зычыць Бога прасіць, каб Бог даў табе здароўя і поспехаў.

Брат Людвік Шчарбінскі.

_________

Стрый: дзякую, любы пляменнік, што прыслаў вестку пра сваё здароўе. Я не мог зразумець, што была за прычына, чаму ты так доўга ніводнага ліста не пісаў нам. Я вельмі маркоціўся, а цяпер мы, прынамсі, ведаем адныя пра другіх, найулюбёнейшы пляменніку. Зычу табе добрага здароўя, а пісаць болей не маю пра што. Твой стрый Станіслаў Шчарбінскі.

_________

[Надпіс уздоўж вертыкальнага краю аркуша:] Атрыманы ліст 6 сакавіка, а выслалі 9 сакавіка 1863 го[да].

 

№ 6.

Мой дарагі сыне, магу цябе падзякаваць за віншаванне з маімі імянінамі на дзень св. Язэпа. Мы атрымалі ліст 16 сакавіка ад кс. дэкана. Ён шчасліва твой ліст знайшоў. Гэты ліст дачакаўся вяртання дэкана, які быў у Рызе без малага чатыры тыдні, і мы ўсе вельмі ўзрадаваліся з прыезду нашага пастыра. Каханы сыне, тое, пра што ты пісаў, без [цябе] самога нельга зрабіць, бо еўшы(?) праз паслоў, не растлусцееш. Будзь спакойны, трывай да мая. Калі

Бог дазволіць, тады прышлеш [ліст], а я прышлю [што просіш]. Шмат табе трэба, патрабуе Бог. Дасць, можа, [Бог] на св. Юр’я разлік.

Каханы сыне, твой прыезд можа быць для кс. дэкана непрыемным <...>? бо не будзе для нас, так і для дэкана, а дэкан не быў задаволены ў мінулым годзе з [твайго] ранняга прыезду. Так ці інакш, але ты ведаеш, што я хоць зараз рады з табой пабачыцца, карыстай [з магчымасці вучыцца] на працягу гэтага часу, каб быць паслухмяным дэкану.

Мы выслалі табе ліст з укладзенымі трыма рублямі 18 лютага. Каханы сыне, зычым табе добрага здароўя і ўдачы ў тваіх намерах. Калі будзеш пісаць лісты, дык мы вышлем [адрас], на якую пошту табе пісаць. Бывай здаровы, каханы сыне Філіпе.

Бацька і маці.

_________

Кланяюся каханаму брату і рукі цалую, твой брат Людвік Шчарбінскі.

_________

Мой дарагі пляменнік, вельмі я з таго ўсцешыўся, што ты добра чуешся — таму мяне нязмерная радасць агарнула. Дзякую [Богу] за гэта [і] буду з нецярплівасцю чакаць твайго прыезду, калі Бог [на тое] дазволіць.

Мой улюбёны, не рабі бацьку непрыемнасці, учыні паводле ягонага жадання. Ён не хоча, каб ты прыязджаў раней часу — як ты пісаў, [што маеш намер] прыехаць на Вялікдзень — гэтага не трэба, любы мой пляменніку. Складаю свае просьбы перад Багам, каб ты вытрываў.

Стрый Станіслаў Шчарбінскі.

[Надпіс уздоўж вертыкальнага краю аркуша:] Го[да] 1863 ме[сяца] сакавіка д[ня] 19.

 

№ 7. Канец 1863 года (?)

Каханы сыне, пасылаю табе вестку пра нашае жыццё са зручнаю аказіяй — з ваяводскім ксяндзом. Слава Богу, жывем па-старому, як табе вядома, а цяперака не ведаем, як будзе пасля Новага году, бо ў нас акцыз надышоў, не магу апісаць па якой цане.

[У нас] усё добра, толькі наш каханы бацька хворы. І не ведаем, чаму, каханы Філіпе, ты нам не пішаш.

Мы паслалі п[ану] клерыку 4 рублі срэбрам, а адказу няма. Віншуем з Новым годам, каб Бог даў у добрым лёсе дачакацца другога ў добрым здароўі, і добрага жыцця. А цяпер перапрашаю, што не маю чаго прыслаць, апрача двух сыроў. Віншуем і зычым добрага здароўя! З любоўю, твае бацькі Шчарбінскія, у Ілукшце.
[Адрас:]
Ксяндзу Філіпу
Шчарбінскаму
У Бэрнардынах
У Мінску

Гл. таксама:
Юры ЛАЎРЫК :: РУКАПІС, ЗНОЙДЗЕНЫ НА ГАРЫШЧЫ, АБО ЛІСТЫ ДА БЭРНАРДЫНА ФІЛІПА ШЧАРБІНСКАГА ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY