Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(55)/2011
Да беатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла ІІ

СВЯТАСЦЬ У НАВУЧАННІ
ЯНА ПАЎЛА II
Новая евангелізацыя
Постаці

СВЯТАЯ АД ЦЕМРЫ
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Асобы


Літаратуразнаўства
ВЕРА & SOCIUM

ВЕРА & SOCIUM
Проза
Асветнікі
Паэзія

ВЕРШЫ

ПАЛАНЭЗ
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
На кніжнай паліцы

МОСТ У КРАІНУ НЕМАНІНУ
З архіваў часу

Наталля ТРАЎБЕРГ

ПРА ПАКОРУ І ГОДНАСЦЬ

У кожным паняцці хрысціянства спалучаецца неспалучальнае. На гэтым, дарэчы, пабудаваны ўвесь Чэстэртан. Возьмем, напрыклад, паняцці пакоры і годнасці. Увесь свет лічыць так: або пакора, але тады няма годнасці, або годнасць, але тады няма месца пакоры. А часта бывае, што няма ні таго, ні другога — толькі адна пустая амбіцыёзнасць.

Для таго, каб зразумець, што такое пакора не на падлозе, а на вадзе (маецца на ўвазе адзін з евангельскіх эпізодаў «хаджэння па вадзе» [Мц 14, 28–31]; Наталля Траўберг лічыла, што хрысціянін — гэта той, хто адважваецца «ісці па вадзе», а значыць гатовы цалкам аддаць сябе ў Божыя рукі. — Заўвага рэд.), чалавек, які прыходзіць у Царкву, павінен ведаць, з чым гэтая пакора не мае супярэчанняў. Гэта не абавязковы метад, але гэта важна — адразу бачыш, што ўсе евангельскія паняцці двайныя, яны не такія, як свецкія. Гэта неэўклідава геаметрыя — у свеце гэтыя лініі не сыходзяцца, а ў Евангеллі сыходзяцца.

Дык вось уявіце сабе: можна так спалучыць усе колеры, што атрымаецца белы колер, — гэта і ёсць тая пакора, якая не супярэчыць годнасці. А можна проста змяшаць усе акварэльныя фарбы — і атрымаецца бруд. Гэта спалучэнне іншага роду. Чалавек найчасцей знаходзіцца менавіта там, дзе няма ні пакоры, ні годнасці, і, прыходзячы ў Царкву, ён перамяшчаецца, як правіла, або ў бок годнасці пры адсутнасці пакоры, або ў бок пакоры пры адсутнасці годнасці, прычым у першы бок найчасцей, таму што свецкая дабрадзейнасць больш схіляецца да вартасцяў стаіцызму. Прынята думаць, што пакора — гэта нейкая прыгнечанасць, загнанасць. Але гэта не загнанасць — пакора мае іншую прыроду, не ад гэтага свету.

Калі чалавек прыходзіць у Царкву і застаецца на падлозе, ён думае: «Ну, яшчэ нічога. Добра, што не праваліўся скрозь падлогу». Але гэта як сказаць.

У падполе лягчэй пераскочыць на ваду — там нельга жыць, але калі ты на падлозе, дык і будзеш усё жыццё думаць, што ты ў парадку. Вось у гэтым і ёсць няшчасце нашага навяртання.

Я ведаю святароў, якія прымаюць гэты варыянт «на падлозе». Таму ў казаннях абавязкова трэба гаварыць, што гэта дом, які збудаваны на пяску, а з канкрэтным чалавекам, калі ён не перайшоў на ваду, немагчыма спрачацца, і патрабаваць ад яго нечага іншага часта проста жорстка і бессэнсоўна. Католікі, дарэчы, робяць так заўсёды. Калі чалавек прыйшоў гэтак, як Сірафініцыянка (Мк 7, 24–30), а значыць ведае пра сябе, што ён жыве не па-Божаму, але просіць Бога злітавацца з яго, то каталіцкі святар гэтак і будзе яго весці (будучы праваслаўнаю, Наталля Траўберг добра ведала традыцыі каталіцтва, бо шмат гадоў жыла ў Літве, дзе кантактавала з католікамі. — Заўвага рэд.)

У савецкія гады людзі былі дзіка прыніжаныя. Калі яны апыналіся ў Царкве, дык перш за ўсё і галоўным чынам хацелі самасцвярджэння, і атрымлівалася, што яны ішлі не проста некуды ўбок ад навяртання, а наўпрост наадварот. Пра тое, каб адчуць сябе блудным сынам, не магло быць і гаворкі. Увогуле прыпавесць пра блуднага сына — гэта Евангелле ў Евангеллі. Яна пра ўсіх нас без выключэння, але не ўсе мы яшчэ зразумелі гэта і не ўсе прыпалі да Айца.

Я часам думаю, чаму Бог выпусціў мяне цяпер гаварыць, весці радыёперадачы? Я ж не хачу гаварыць! Для мяне гэта вельмі сумніўна і спакусліва. Дзякуй Богу, спакусліва не тым, што было ў маладосці да трыццаці. Паслухайце, я вам зараз раскажу — і гэта будзе цалкавітая прыпавесць.

Мой бедны бацька ўсё вымяраў у катэгорыях свецкага поспеху, і ён страшэнна баяўся, што яго дачка будзе няўдаліцаю. Атмасферу гэтага свету мастацтва, асабліва ў кіношнікаў, нельга назваць нават славалюбнаю — гэта нешта ўжо па-за межамі, чыстае вар’яцтва, і гэта вельмі страшна, як страшная ўсялякая жарсць.

А я была тады, натуральна, страшэнна творчаю паненкаю — нешта там пісала і думала, што калі-небудзь я буду ТАК пісаць!

І вось я вельмі цяжка захварэла, прычым на нейкую дзіўную хваробу, якую ніяк не маглі распазнаць. Пачаліся жудасныя пад’ёмы тэмпературы, і тры месяцы мне было вельмі кепска. Жыла я тады жахліва, проста памірала, і ўсяго баялася — маці, савецкай улады, і дзіка пакутавала, была ўся ў нейкіх фурункулах. І ў мяне была такая аддушына — пісаць. І калі б гэты мой кумір застаўся, ад мяне былі б цяпер толькі «рожкі ды ножкі».

І вось, калі я так захварэла, я ў жахлівай ліхаманцы зразумела, што гэтага куміра трэба аддаць. Некалькі куміраў — шчаслівую закаханасць, жаданне пісаць і навуку. Іх усе трэба аддаць. Я аддала. Аддала — і вельмі хутка ачуняла. Мяне адвезлі ў 1-ю Градскую — зрабілі аналіз і ўбачылі заражэнне крыві, але гэта ўмеюць лячыць пераліваннем плазмы і атыбіётыкамі. Услед за гэтым я выйшла замуж, літаральна праз два месяцы. З маім будучым мужам мы былі знаёмыя 23 дні. Я аддала шчаслівую закаханасць, і — «прымі, вось табе шлюб». А пераклады ў мяне заўсёды былі, проста я думала, што гэта часова, што я перакладаю, каб «набіць руку», а потым буду пісаць сама. І роўна 30 гадоў нічога не пісала. Пачала пісаць тады, калі для мяне гэта зрабілася чыста службовым заняткам — трэба мне патлумачыць пра Чэстэртана, вось я і пішу.

Я расказваю ўсё гэта не для аўтабіяграфіі, а для сведчання. Гэта механіка таго, як дзейнічае Бог. Гэтыя куміры — жудасная рэч. Прапаведаваць, «пасвіць народы», як гаварыла Ахматава, — не дай Божа! «Няхай нямногія з вас становяцца настаўнікамі» (Як 3, 1). І гэтае дзіва, што Бог паставіў гаварыць мяне, такога слабога, такога недарэчнага чалавека, які нідзе не мае ўлады, напэўна ж, дадзенае для таго, каб я нейкі час перадавала досвед гэтага дзікунства. Не ўласных дасягненняў — у мяне іх няма — а вось гэтага дзікунства, пра якое ў нас вельмі мала ведаюць.

Пераклад з рускай мовы Лідзіі Камінскай.
«Царкоўнае слова»,
№ 43, 2010 год.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY