Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(55)/2011
Да беатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла ІІ

СВЯТАСЦЬ У НАВУЧАННІ
ЯНА ПАЎЛА II
Новая евангелізацыя
Постаці

СВЯТАЯ АД ЦЕМРЫ
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Асобы


Літаратуразнаўства
ВЕРА & SOCIUM

ВЕРА & SOCIUM
Проза
Асветнікі
Паэзія

ВЕРШЫ

ПАЛАНЭЗ
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
На кніжнай паліцы

МОСТ У КРАІНУ НЕМАНІНУ
З архіваў часу

Пётр РУДКОЎСКІ OP

АСОБА, НАРОД, УЛАДА

У другой палове 90-х гадоў у Беларусі з’явілася і здабыла немалую папулярнасць у колах творчай інтэлігенцыі кніга філосафа-эсэіста Валянціна Акудовіча «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека». Папулярнасць гэтага твору падаецца мне даволі сімптаматычнай. Тое, што брутальнае разбурэнне шэрагу ўяўленняў пра чалавека (і пра Бога) выклікала ў многіх цікавасць, сведчыць, мабыць, аб тым, што людзі, прынамсі падсвядома, пачалі адчуваць, што «нешта не так» з гуманістычным пафасам, які ўласцівы палітычным прамовам і культурніцкім праектам.

«Не народ для ўрада, а ўрад для народа», «дабро чалавека — прыярытэт нашай дзейнасці», «усё — для людзей, усё — для народа»... Чалавек у сучасным свеце надзвычай важны, але важны хутчэй як рытарычная фігура, як сукупнасць магічных графемаў і гукаў, якая дазваляе больш эфектыўна ўплываць на масавую свядомасць.

Мы, аднак, не можам спыніцца на разбурэнні. Нам варта сузіраць ікону Хрыста — праўдзівага Чалавека — і пытацца пра тое, што сталася з гэтай іконаю ў выпадку кожнага паасобнага чалавека. Ацэньваючы рознага роду палітычныя праграмы або ідэалагічныя маніфесты, нам, хрысціянам, варта звяртаць увагу на наступныя рэчы:

 

А. Ананімнасць — асабоваснасць

Многія публічныя выступоўцы любяць спасылацца на «народ», але выкарыстоўваюць гэта паняцце такім чынам, што немагчыма адгадаць, да каго або да чаго гэтае слова «народ» адносіцца. Бывае, што вось такі неакрэслена-інфляцыйны спосаб аднясення да «народа» спалучаецца з арбітральным (пазбаўленым яскравых крытэраў) вызначэннем «ворагаў народу». У гэтым выпадку мы можам мець сур’ёзныя падставы падазраваць, што маем справу са звычайнай дэмагогіяй. Бо такія выступоўцы спасылаюцца не столькі на «народ», колькі на нейкую безаблічную, ананімна-аморфную масу, якой можна прыпісаць якія заўгодна рысы, можна паддаць якой заўгодна інжынерыі і ад імя народу навязаць таму ж самаму народу нешта цалкам яму неўласцівае (згадаць хаця б практыку перараблення натуральных народаў з іх спрадвечнымі звычаямі, культурай і мовай у штучны «савецкі народ»).

Прынцып «асабоваснасці» зусім не азначае, што неабходна заўжды згадваць імя чалавека або назву катэгорыі людзей, ад імя якіх публічны дзеяч нешта здзяйсняе. Справа ў тым, што за зборным паняццем народу хаваецца нешта больш фундаментальнае і сутнаснае: канкрэтныя чалавечыя асобы. Яны могуць (і нават павінны!) быць рознымі. І ў гэтай рознасці яны застаюцца паўнапраўнымі суб’ектамі дзеяння і ўздзеяння. «Народ» як рытарычная фігура нярэдка выкарыстоўваецца як інструмент скасавання натуральнага плюралізму ў грамадскай прасторы. У выніку адбываецца дэперсаналізацыя і ананімізацыя грамадства — працэсы, перад якімі няспынна асцерагае Касцёл у сваім сацыяльным навучанні, асабліва ў «Яна-Паўлавую» эпоху3.

 

Б. Інтэгральнасць — разарванасць

Чалавек — гэта цялесная і духоўная істота. Таму недастаткова кіравацца «воляй народа», але важна аналізаваць, што гэта за воля. Зайздрасць, жадоба помсты, нянавісць да пэўнай катэгорыі людзей — нават калі гэтыя рысы ўласцівыя абсалютнай большасці, не павінны ўтвараць аснову палітыкі. Нават калі 90% людзей крычыць: відовішчаў і хлеба! то гэта яшчэ не значыць, што трэба будаваць арэны і кідаць людзей галодным ільвам.

Пастулат інтэгральнасці (цэльнасці) з’яўляецца важным дапаўненнем пастулату асабоваснасці, бо кіруе ўвагу на чалавека як на дынамічную істоту. Чалавек развіваецца. Паказнікам спеласці грамадства ёсць выпрацоўка базавай аксіялогіі (сістэмы каштоўнасцяў), дзякуючы якой прадстаўнік дадзенага грамадства развіваецца не столькі як спажывец-матэрыяліст, а як культурны і духоўны творца.

 

В. Дыялагічнасць — маналагічнасць

Чалавек развіваецца як асоба дзякуючы дыялогу. Дзеці, «выхаваныя» пры дапамозе загадаў і забаронаў, вырастаюць, як правіла, або бязвольнымі пешкамі, або агрэсіўнымі, схільнымі да гвалту над іншымі людзьмі (зрэшты, адно нярэдка пераходзіць у другое). Падобная заканамернасць дзейнічае і ў маштабе ўсяго грамадства. Грамадства, дзе дамінуе прымітыўны двухпунктавы «закон»: 1) начальнік заўжды мае рацыю; 2) калі начальнік не мае рацыі, глядзі пункт 1 — гэта рабскае грамадства, незалежна ад таго, ці гэта ХХІ стагоддзе нашай ці да нашай эры.

Пераход ад рабскай пакорлівасці да грамадзянскай адказнасці адбываецца з узрастаннем культуры дыялогу. Пра гэтую культуру будзе асобная гаворка ў наступных артыкулах, а цяпер мы абмяжуемся зацемкай, што свабоднае грамадства чыніць лепшым жыццё не толькі звыклых грамадзянаў, але таксама — і перадусім — тых, што пры ўладзе. А гэта па той прычыне, што ва ўмовах дыялогу і пераступання бар’ераў градус страху значна ніжэйшы, чым у рабскім, маналагічным грамадстве.

 

* * *

Хтосьці мог бы запытацца, чаму менавіта чалавечая асоба тут названа «першым словам» каталіцкага грамадскага навучання, а не, напрыклад, Бог або Хрыстус. Прыгадаю словы Яна Паўла ІІ: «Хрыстус праз сваё ўцелаўленне нейкім чынам злучыўся з кожным чалавекам»4. Значыць, абарона годнасці чалавечай асобы — гэта адначасова абарона Хрыста! Бог прысутнічае там, дзе мы адстойваем правы і годнасць асобы, аналагічна як Езус Хрыстус прысутнічае ўсюды там, дзе мы нешта ўчынілі або не ўчынілі «аднаму з Яго братоў найменшых»5.

 

Гл. таксама:
Пётр РУДКОЎСКІ OP :: ВЕРА & SOCIUM ::

 


  1. Не буду пералічваць усе тыя дакументы або месцы, дзе рознымі спосабамі фармулюецца прынцып персаналізму, рэкамендую, аднак, звярнуць увагу на згаданую ўжо энцыкліку Redemptor hominis як на пасланне, наскрозь прасякнутае ідэямі годнасці і прыярытэтнасці чалавечай асобы.
  2. Redemptor hominis, 13.
  3. Пар. Мц 25, 31–46.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY