|
|
|
№
1(55)/2011
Да беатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла ІІ
Новая евангелізацыя
Постаці
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes
Асобы
Наталля ТРАЎБЕРГЗдзіслаў СІЦЬКА Літаратуразнаўства
ВЕРА & SOCIUM
Проза
Асветнікі
Паэзія
Пераклады
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
НЯМЕЦКІ НАСТАЎНІК БЕЛАРУСКІХ МАГНАТАЎ: МАРАЛЬНА-ДЫДАКТЫЧНЫЯ ВЕРШЫ ЁГАНА МЮЛІУСА З ЛІБЕНРОДЭ Паэзія
На кніжнай паліцы
З архіваў часу
|
Алесь ЧОБАТ
ДАНУТА БІЧЭЛЬ
|
|
|
«Не трэба плакаць на мосце — не муціце слязамі Нёман — Нёман і так залішне зялёны ад дубоў і ракітаў. Можаце па-савецку называць гэты мост Старым ці мостам „злучэння Беларусі“ ў адну дзяржаву БССР — мост нават не скаланецца, бо гэта мост святога Францішка. Стары мост, па якім хадзілі войны і камуністы, разбураны. Мы ходзім цяпер па мосце святога Францішка — і ў мінулае ХІІ стагоддзе, і ў цяперашняе ХХІ, бо ўсё вяртаецца разам з Езусам, усё пачынаецца нанава, але нічога не паўтараецца».
Гэтымі словамі не завяршаецца новая кніга Дануты Бічэль, але пачынаецца дарога праз мост святога Францішка — дарога праз «Акіян» — дарога праз усё ХХІ стагоддзе, калі пад апекай Божай і пад уладай, нарэшце, чалавечага розуму не будзе ніводнай вайны ні ў Еўропе, ні ў Беларусі. І кніга «Мост святога Францішка» праз тых сяброў і сучаснікаў Дануты Бічэль у нашым ХХ стагоддзі, без чыйго жыцця і смерці ніякай новай будучыні проста не магло быць — так і паўтараўся б той «стары савецкі час» з пакалення ў пакаленне, як у якой-небудзь Паўночнай Карэі, дзе савецкі камунізм пабудаваны «не ў асноўным», а да апошняй дробязі ў апошнім чалавеку.
Сябры і сучаснікі Дануты Бічэль «не роўныя, але розныя», зусім не падобныя да яе самой, а звыклы да аднадумства савецкі і постсавецкі «наш чытач» будзе здзіўлены яшчэ і тым, што тыя сябры і сучаснікі «нават не аднадумцы» Дануты Бічэль, а жывыя людзі з уласнымі жывымі душамі.
І вось якімі людзьмі населеная кніга — Татарчык з Татарцаў, Фадзей, Чынчык па імені Антак, Валодзя Лебедзь, Цэдзік Людвікаў, Толік Кіеня, Мікалай Супрэн, Косцік Карабан, Азіят, Адам Міцкевіч, Тамаш Зан — праўнук Тамаша Зана, Макаровы Стась, Чэслаў Нёман, Гаргона з вострава на балоце, Эрык Загнетаў, Юрачка Сунічны Дожджык, Коля Кульгавеня, Кастусь Тарасаў і Сяржук Сокалаў-Воюш, Геніюшы, Антон Войцік, Зоська Верас і ўсе Войцікі, Казімір Місюра, Мост святога Францішка, Яська і Марылька...
Не, тут няма памылкі: Мост святога Францішка — таксама чалавек, прынамсі, у гэтай кнізе. Жывы чалавек. І ўсе людзі ў гэтай кнізе жывыя. Так, паміж намі, у кнігах Дануты Бічэль усе людзі жывыя — у часе жыццё праходзіць, быццам яго не было, а ў кнігах яно жыве далей. Але толькі ў кнігах Дануты Бічэль — гэта вам не «нейкі Чобат» з ім жа самім выдуманымі «крэсалогіяй» ці «аналітычнай гісторыяй» (значна менш пыталі, што гэта значыць, але ківалі галовамі, што і мы такія ж разумныя). Што праўда, каб усе людзі былі такія, як у Дануты Бічэль, то даўно быў бы канец нашага свету і рай на зямлі пасля таго канца... Але — што мы ведаем пра тое ХХІ стагоддзе? Куды вядзе дарога праз мост? Данута Бічэль таксама нічога не ведае. Не ведае, але верыць. Пра што і піша. І гэтая кніга, «Мост святога Францішка», толькі для тых, хто сам верыць і каго не трэба вучыць верыць. Не ведаю, дзе яна возьме на Беларусі ажно пяцьсот чалавек, якія вераць, — такі наклад кнігі — але гэта ўжо справа аўтара і выдаўца; трэба думаць, і яны ж самі пра гэта думалі, калі рабілі тое, што ўсё-такі нарабілі...
Новая кніга «Мост святога Францішка» працягвае нядаўнюю кнігу «Хадзі на мой голас» ( Гродна–Вроцлаў, 2008 год), населеную так густа, як шматкватэрны дом — там ажно трыццаць пяць раздзелаў, а тут, у новай кнізе, людзі проста ідуць праз мост, кожны ў свой час і кожны сваёй дарогай. На мой розум, першай прафесіі інжынера, такой канструкцыі часу і месца ў беларускай літаратуры яшчэ не было. Безумоўна, знайсці такую свабоду можна і ў Адамчыка, і ў Караткевіча, і хоць бы ў «нашага польскага шляхціца» Баршчэўскага з яго «Шляхціцам Завальнем», але там ёсць падзел — тут аўтар, тут твор, — а «Мост святога Францішка» звязвае «два берагі» так, што не разабраць, дзе жыццё пад акупацыяй, а дзе кашмарны сон, і дзе канец вайны, а дзе вайна без канца, і хто цяпер і тут тая савецкая Гаргона, і якое пралетарскае «дзікае паляванне» каго забрала з гэтага свету на той...У падтытуле кнігі, што праўда, папярэджана — «Успаміны», але па апошняй старонцы разумееш, што гэта былі ўспаміны душы, таму паўтару яшчэ раз, што «Мост святога Францішка» добры для пераходу толькі для тых, «хто сам верыць, і каго не трэба вучыць верыць». Але таксама папярэджваю — каму вера стала прафесіяй, тым не перайсці «Мост святога Францішка», бо яны будуць чапляцца і падаць на кожным кроку.
«Казімір Місюра пакінуў апосталаў у касцёле і паехаў у Воранава» — гэта ўсяго толькі пра «ліквідацыю наступстваў пажару» ў Фарным касцёле ў Гродне, а можна падумаць, што той Казімір Місюра не разьбяр па дрэве... а сам Створца.
Свабода пісьма, праява той адзінай у свеце свабоды, якой ёсць свабода выбару, бо як толькі зроблены нейкі выбар, то адразу на галаву высыпаюцца адны абавязкі, і няма той свабоды — непамысная без той не зямной, а нябеснай свабоды, якая здаўна называецца свабодаю душы, і «Мост святога Францішка» як бы ўсё роўна вядзе ад свабоды душы да свабоды выбару, а нават вяртае ад свабоды выбару да свабоды душы. І нічога дзіўнага, што на тым мосце не разабраць, хто «просты творца», а хто сам нябачны Створца — і таксама добра, што ў кнізе цэлую старонку займае дэфініцыя зла, а зло ў любой праяве — гэта ўсё роўна дзейнасць бяздарнасці, а вось дабро ў кнізе нячутнае і нябачнае, як дар Божы, як нараджэнне на свет ад Яся з Марылькай, як паветра над Нёманам, якім дыхаць і дыхаць, пакуль стаіць «Мост святога Францішка».
Алесь Чобат
Гл. таксама:
Міхась СКОБЛА :: МОСТ У КРАІНУ НЕМАНІНУ ::
|
|
|