Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(55)/2011
Да беатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла ІІ

СВЯТАСЦЬ У НАВУЧАННІ
ЯНА ПАЎЛА II
Новая евангелізацыя
Постаці

СВЯТАЯ АД ЦЕМРЫ
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Асобы


Літаратуразнаўства
ВЕРА & SOCIUM

ВЕРА & SOCIUM
Проза
Асветнікі
Паэзія

ВЕРШЫ

ПАЛАНЭЗ
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
На кніжнай паліцы

МОСТ У КРАІНУ НЕМАНІНУ
З архіваў часу

Міхась СКОБЛА

МОСТ У КРАІНУ НЕМАНІНУ

Данута Бічэль. Мост святога Францішка: успаміны. —
Мінск: Медысонт. 2010 г. — 290 с.

Дарога з разгону хоча пераскочыць цераз рэчку, і — з’яўляецца мост. Як шлях у невядома-нязведанае, з берага расчаравання — на бераг надзеі. Бежанец з зямлі, чужынец для вады, мост найбліжэй да паветранай стыхіі. Мост — злучво паміж светамі дабра і зла, чыстая прастора, таму на ім добры малойца заўсёды перамагае ліхую сілу. У беларускіх народных песнях мост служыць правобразам шлюбу, таму ў нашых незлічоных Зарэччах і Замасточчах, Мастах і Мастаўлянах спрадвеку гучала дзявочае: «Цераз рэчку-ручаіну я масточак перакіну. Хадзі, любы, хадзі, мой, хадзі летам і зімой». І чулася ў адказ радасна-згоднае: «Масці кладку, заві ў хатку».

Будаўнікі мастоў у старажытныя часы складалі асобную касту і нават вызваляліся ад службы ў войску. Дайце веры, сучаснае слова «пантыфік» паходзіць ад лацінскага тэхнічнага тэрміна pontifex, што літаральна азначае «той, хто будуе масты».

Мне ўспамінаюцца самыя незвычайныя масты, па якіх давялося праходзіць. Немагчыма забыць Карлаў мост у Празе, якому амаль шэсцьсот гадоў. Найлепш шпацыраваць па ім зігзагамі — ад скульптуры да скульптуры, якіх на мосце налічваецца каля трох дзесяткаў. Ідзеш, чытаеш надпісы, і перад табой праходзіць уся гісторыя Чэхіі. А ўнізе ў срэбных каралях штучных перакатаў паблісквае Влтава...

У Калінінградскай вобласці, колішняй Усходняй Прусіі, уразіў мост, разведзены з часоў Другой сусветнай вайны. Немцы, адступаючы, развялі, а саветы, прыйшоўшы, звесці не змаглі. Так і ўзвышаюцца роспачна ўгору дзве палавіны моста, як сімвал нестыкоўкі пруска-расейскай палітыкі ў дачыненні да гэтай зямлі.

Помніцца і самы доўгі беларускі мост у Жыткавічах — цераз разлівістую Прыпяць. Яго ўвогуле будавалі ў падсохлай пойме, лічы, у чыстым полі, а потым ужо, як наравістую кабылу ў аглоблі, заганялі пад мост раку.

Ды ці мала ў свеце ёсць цікавых мастоў, якія вагаюцца, плаваюць, узвышаюцца над вадой на галавакружную вышыню, злучаюць не проста берагі, а — мацерыкі.

Але самы цікавы, самы ажыўлены мост збудавала Данута Бічэль. Якая ж добрая назва для біяграфічнай прозы — «Мост святога Францішка»! «Як дагнаў я свае леты на кляновым мосце, вяртайцеся, мае леты, да мяне у госці», — нібы чую я голас сваёй бабы Настулі ў зацішку пад вішнямі на нашым хутары пад Дзярэчынам. Данута Бічэль — таксама хутаранка, відаць, таму амаль усіх герояў яе новай кнігі я ўспрымаю як сваю радню. Усе яны сваякі — духоўныя ці крэўныя — і аўтарцы. Чытаю эсэ пра Адама Міцкевіча і разумею, што ён ёй брат раднюткі — па паэзіі, па долі, па Нёмане. «Краю мой Нёман», — так Данута Бічэль злучала ў адно радзіму і раку ў зборніку «Загасцінец». А Міцкевіч звяртаўся да Нёмана ласкава, нібы па воднай плыні рукою гладзіў: «Niemne, domowa rzeko moja!» Цікава, між іншым, як па-рознаму патлумачылі гэты міцкевічаўскі вобраз перакладчыкі: «рэчка майго дому» (А. Стаповіч), «родны мой Нёман» (Ю. Гаўрук), «рака Айчыны» (А. Салавей), «рэчка мая радаводная» (Р. Барадулін), «родная рака» (П. Бітэль), «хатні мой Нёман» (В. Жуковіч)…

Вышэй я абмовіўся — біяграфічная проза. Але ж піша яе паэтка! І таму проза натуральна перацякае ў паэзію. Як у тым жа эсэ пра Адама Міцкевіча, калі на прапанову малайцаватага хлопца Стана Скалабана пісаць сачыненне пра Лабановіча і Ядвісю ўлюбёная ў «песняра Літвы» гераіня раптам пачынае адказваць рытмічна і зарыфмавана: «Вось што, юнача, табе адкажу я: гэта містычная нават кашуля, і Нёман містычны цячэ краем жыта, у хвалях містычных кашуля памыта. Толькі прызнайся, ў каго ты пазычыў сёння ўначы гэты німб таямнічы?» Проза і паэзія пераліваюцца, як вада ў спалучаных сасудах, у яшчэ адным эсэ — пра Анатоля Сыса. Шчыра кажучы, не прыпомню гэткага змешвання жанраў у іншых пісьменнікаў. А можа, гэта не змешванне, а нейкі новы жанр, якому з цягам часу падшукаецца найменне?

Ад Нёмана-ракі ў кнізе лёгка перакінута кладка да Чэслава Нёмана (менавіта на такім напісанні настойвае аўтарка). Апошнім часам гэтаму спеваку надаецца шмат увагі ў беларускіх і польскіх СМІ, а ў вёсцы Старыя Васілішкі на Лідчыне нават адчыніўся нядаўна ягоны музей. Усе беларускія фаны Чэслава Нёмана, відаць, пабываюць у тым музеі, на розныя галасы наспеўваючы ягоны хіт «Dziwny est tę świat». Але мала хто з іх ведае, што першая ў Беларусі выстава, прысвечаная іхняму куміру, была зладжаная яшчэ за савецкім часам, у гарадзенскім музеі Максіма Багдановіча, калі там працавала Данута Бічэль. Але гэта так, да слова прыйшлося. Чэслаў Нёман сёння — легенда. Хлопец з беларускай вёскі вырваўся за жалезную заслону, пакарыў сваімі песнямі Варшаву… Асабіста мне ў гэтай легендзе бракавала адной крэскі, адной згадкі, якую я з удзячнасцю напаткаў у кнізе «Мост святога Францішка» — пра тое, як спявак прыходзіў на начныя эфіры польскага тэлебачання і спяваў беларускія песні. Адшукайце іх запісы, мілыя даследчыкі, яны павінны гучаць і ў васілішкаўскім музеі!

Прэзентацыя кнігі Дануты Бічэль «Хадзі на мой голас»
у зэльвенскім лесе. 2008 г.

Чытаю «Мост святога Францішка» — нібы хаджу па роднай Гарадзеншчыне і сустракаю дарагіх сэрцу людзей. З мастаком-рэстаўратарам Валодзем Кіслым мы аднойчы ездзілі ў Варшаву — на прэзентацыю кнігі ўспамінаў князя Яўстаха Севярына Сапегі. Да скідзельскага самотніка, паэта Алеся Чобата, я стараюся заязджаць па дарозе ў Гародню і заўсёды ўражваюся яго дыягенаўскім аскетызмам і платонаўскай яснатой розуму. З Сержуком Сокалавым-Воюшам мы аднойчы цэлы дзень блукалі-ездзілі па Празе і пазнаходзілі ўсе тамтэйшыя адрасы Ларысы Геніюш. Аляксей Карпюк рэкамендаваў мяне ў Саюз пісьменнікаў, сам прывёз рэкамендацыю ў Менск і, не зважаючы на свой страшны дыягназ, аптымістычна дабраслаўляў земляка ў літаратуру. З Анатолем Іверсам мы сустракаліся ў ягонай вясковай хаціне ў Слоніме, на вуліцы Дабрыяна, і колькі там было пачута такога, чаго не знойдзеш у акадэмічных гісторыях літаратуры! З Зоськай Верас мне таксама пашчасціла спаткацца — у яе знакамітай лясной хатцы пад Вільняй, дзе аўтарка беларуска-польска-расейска-лацінскага батанічнага слоўніка жыла ў поўным суладдзі з прыродай, як і святы Францішак з Асізі.

Цяпер вы разумееце, за што я люблю біяграфічную прозу Дануты Бічэль. Яе не цікавіць побыт, яна піша пра галоўнае — пра судакрананне душамі. Бо — «няма ў цябе, чалавеча, нічога, апрача душы» (Піфагор Самоскі). «Дзе скарб ваш?» — пытаўся апостал Мацей у людзей будучых тысячагоддзяў. «Скарбы — у душы», — ціха адказваў яму беларус Максім Гарэцкі.

Калі я ўпершыю трапіў у гарадзенскую кватэру Дануты Бічэль, сеў на пянёк (сапраўдны!) пасярод пакоя і агледзеўся, то пабачыў на сцяне партрэт польскага паэта Мацея Юзафа Канановіча. Пра яго мне калісьці трохі расказваў Янка Брыль, акцэнтуючыся на іхняй супольнай вандроўцы ў вёску Дубраўка на Шчары (туды ад майго Дзярэчына кіламетраў пяць напрасткі). Пасля тае вандроўкі Мацей Канановіч напісаў шчымлівыя вершы пра надрэчныя дубы, што так і не сабраліся ў вырай, бо ў гнёздах заставаліся піскляняты жалудоў… Зробленае Канановічам для Беларусі заслугоўвае ордэна Скарыны, але як матэрыяльную ўзнагароду перашлеш на той свет? Можна толькі далікатна судакрануцца душамі, і ўдзячнае эсэ Дануты Бічэль, паверце, таксама вартае ордэна. Чытаючы яго, я спачатку трохі заблытаўся ў радаводным дрэве Канановічаў, але потым нарэшце ўцяміў, што сын гарадзенскай пані Стасі Канановіч Мірык, з якім мы бавілі час на летніх вакацыях, не хто іншы, як пляменнік таго Мацея з Лодзі. Чуеш, Мірык, я абавязкова напішу табе ў далёкую Данію ліста, а ты мне адкажаш, і так мы пагаворым пра твайго дзядзьку. А пачну я свой ліст з апісанага Данутай Бічэль выпадку пра тое, як аднойчы ў прыцемненай залі варшаўскага кінатэатра Мацей Канановіч устаў і выразна прамовіў: «Pan inżyner Tadeusz Kościuszko est nazawsze w naszych sercach». А яшчэ прыгадаю, як ён першы кілішак заўсёды выпіваў за Касцюшку, а на вуліцах пытаўся ў маладзёнаў, як даехаць да вуліцы Касцюшкі. А яшчэ ён ператварыў сваю лодзеўскую кватэру ў музей Касцюшкі…

Як жа ўмее Данута Бічэль вылушчыць са стажка жыццёвага гарохавіння галоўнае! Якасць, уласцівая далёка не ўсім творцам...

Гарадзенскі Край паэтка называе Краінай Неманінай. Удалая назва. Тут і Нёман, плывучы па якім можна пісаць гісторыю культуры Панямоння. Тут і біблейскае «не мані». Тут і наша змушанае аняменне…

Слова пра аўтарку гаворыць літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч.

Загарнуў «Мост святога Францішка» і падумаў: няўжо я прымаю ў кнізе абсалютна ўсё? Няўжо нічога не выклікала пярэчання? Не, ёсць і спрэчныя, на маю думку, мясціны. Праўда, іх няшмат. Спачатку думалася — чатыры-пяць. Перачытаў, аказалася — дзве-тры. Скажам, я не магу прыняць нацыянальнага самалупцавання на фоне ўзвялічвання іншага народа. Калі Данута Бічэль раптам пачынае звяртаць увагу на побыт, ёй, як мне падаецца, здраджвае густ. Ну не ва ўсіх беларусаў на падворках круглы год ляжаў гной, як і не на ўсіх польскіх падворках быў ідэальны парадак (эсэ пра Элізу Ажэшку). Зразумейце, я зусім не супраць таго, каб пісьменнік, калі таго вымагаюць абставіны, сцябаў свой народ розгамі сарказму і сатыры, як тое рабілі ўкраінец Уладзімір Сасюра ў паэме «Мазепа» ці наш Янка Купала ў «Тутэйшых». Перасцярог бы я аўтарку і ад перадчасных прысудаў: «літаратура для Уладзіміра Някляева — гульня ў словы», «нявестка Ларысы Геніюш была раўнадушнай да беларускай мовы». З Валянцінай Геніюш, нараджэнкай вёскі Бярэжкі пад Зэльвай, я неаднойчы сустракаўся і яе беларускай мовай увесь час захапляўся. Што ж, яна яе ў спольшчаным Беластоку, дзе жыве апошнія паўвека, вывучыла? Зрэдку трапляюцца ў кнізе і рэдактарскія недагляды (а рэдактараў у кнігі — ажно два). Прыкладам, Іван Бровікаў ніколі не быў старшынёй Вярхоўнага Савета БССР, ён узначальваў Савет Міністраў.

Але хай гэтае драбноцце не спыніць вас па дарозе ў Краіну Неманіну, дзе ходзяць басанож і судакранаюцца душамі.

...Гадоў пятнаццаць таму мы з Анатолем Сысам вазілі ў Гародню Дануце Бічэль сігнальны асобнік яе паэтычнага зборніка «Снапок». Летась мне выпала адвезці ў сталічнае выдавецтва электронны набор будучай кнігі «Мост святога Францішка».

Данута Янаўна, Вы толькі пішыце, а мы і надалей — будзем вазіць...

Міхась СКОБЛА.
Фота аўтара.

Гл. таксама:
Алесь ЧОБАТ :: ДАНУТА БІЧЭЛЬ НА МОСЦЕ СВЯТОГА ФРАНЦІШКА ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY