Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(55)/2011
Да беатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла ІІ

СВЯТАСЦЬ У НАВУЧАННІ
ЯНА ПАЎЛА II
Новая евангелізацыя
Постаці

СВЯТАЯ АД ЦЕМРЫ
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Асобы


Літаратуразнаўства
ВЕРА & SOCIUM

ВЕРА & SOCIUM
Проза
Асветнікі
Паэзія

ВЕРШЫ

ПАЛАНЭЗ
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
На кніжнай паліцы

МОСТ У КРАІНУ НЕМАНІНУ
З архіваў часу

Юры ЛАЎРЫК

РУКАПІС, ЗНОЙДЗЕНЫ НА
ГАРЫШЧЫ, АБО ЛІСТЫ ДА БЭРНАРДЫНА
ФІЛІПА ШЧАРБІНСКАГА

Рукапіс, знойдзены на гарышчы... Такая частая ў прыгодніцкай літаратуры тэма! Хто б мог падумаць, што й мне некалі выпадзе магчымасць да яе далучыцца, бо ў мае рукі трапяць менавіта такія рукапісы, і я буду з хваляваннем іх чытаць? Сапраўды, «чаго вока не бачыла, і вуха не чула і што не ўваходзіла ў чалавечае сэрца, тое Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго» (1 Кар 2, 9).

Перадгісторыя гэтай знаходкі звязана з апісанымі ў артыкуле В. Кошмана археалагічнымі назіраннямі за рэканструкцыяй менскага будынка колішняга кляштара бэрнардынаў. Падчас яго рэканструкцыі, на бэльцы пад страхою, быў знойдзены канверт з лістамі пачатку 1860-х гадоў. Археолаг Вадзім Кошман, які ведаў пра маё зацікаўленне лёсам мінскіх бэрнардынаў і ў свой час зычліва адгукнуўся на просьбу дапамагчы ў агледзінах былога кляштара (за што я хачу выказаць яму шчырую падзяку!), прапанаваў мне расчытаць і перакласці згаданыя лісты з польскай мовы. Так я далучыўся да гэтай «прыгоды» і дзякуючы гэтай ласкавай прапанове змог прыгледзецца бліжэй да жыцця аднаго з бэрнардынскіх клерыкаў — Філіпа Шчарбінскага і яго сям’і.

Як ужо сказана, адрасатам лістоў выступае клерык бэрнардынскай семінарыі Стась Шчарбінскі, які пры складанні манаскіх шлюбаў узяў сабе імя Філіп. З кароткіх радкоў, напісаных яму бацькамі, мы даведваемся, што ён меў добрыя поспехі ў вучобе і нават выдатна выступіў са сваім першым казаннем — з чым яго і віншавалі. Разам з тым, ягоныя здольнасці да навукі не заміналі яму крыху ленавацца, і штогод Стась імкнуўся выехаць дадому раней, яшчэ да пачатку вакацыяў...

Аўтарамі знойдзеных у кляштары лістоў выступаюць ягоныя сваякі — бацька Юзаф і маці Кацярына, стрый (дзядзька па бацькоўскай лініі) Станіслаў, а таксама брат Людвік. Гэта была каталіцкая сям’я, што жыла ў мястэчку Ілукшта Віцебскай губерні. Бацька вёў нейкія справы з панскім дваром паблізу Ілукшты (можа, гэта згаданы ў іншым лісце маёнтак Вышкі?) і чакаў адтуль разліку ці то за выкананую працу, ці, хутчэй, за прададзены тавар (бо гаворыцца пра павелічэнне акцызу). Брат Людвік наведваў парафіяльную школу, якой кіраваў ксёндз Паеўскі.

Тое, што мы чытаем на гэтых дробна спісаных аркушыках, часта можна сустрэць і ў сённяшніх лістах бацькоў з глыбінкі да сваіх ад’ехаўшых на вучобу дзяцей: запыты пра здароўе, аповед пра мясцовыя навіны, згадкі пра пераданыя грошы ды прадукты і нараканні на тое, што дзеці не пішуць. Вядома, сённяшнія сродкі сувязі — мабільныя тэлефоны, электронная пошта — паўплывалі на форму карэспандэнцыі, якая стала больш сціслай, «дзелавой», аднак чытачы сталейшага веку, выгадаваныя на традыцыйнай «паштовай культуры», лёгка пазнаюць тыя фармулёўкі, якімі і яны нядаўна карысталіся...

У лістах рэгулярна згадваюцца мясцовыя святары, якія, безумоўна, адыгрывалі значную ролю ў жыцці каталіцкай супольнасці Ілукшты: кс. Паеўскі, кс. Траццяк, а найчасцей — не названы па імені ксёндз дэкан. Відаць, менавіта ён спрычыніўся да паступлення Стася Шчарбінскага на навучанне да бэрнардынаў; і надалей ксёндз не выпускаў здольнага клерыка са свайго поля зроку, магчыма, плануючы ўзяць яго казнадзеем у адну з парафіяў свайго дэканата. Бацькі Стася заўсёды пішуць пра ксяндза дэкана з вялікай пашанай і заклікаюць сына падпарадкоўвацца ягоным наказам, каб не паўтарыць лёс нейкага Навіцкага, які таксама вучыўся ў семінарыі, але, вярнуўшыся дадому, адмовіўся ад духоўнага шляху і пачаў заляцацца да «гувернёркі» ў суседнім з Ілукштай маёнтку Вышкі.

Падобна, што ксёндз дэкан падтрымліваў сувязі з паўстанцамі — бо, як вынікае з лістоў, у лютым 1863 года ён быў арыштаваны царскімі ўладамі і амаль чатыры тыдні ўтрымліваўся пад вартай у Рызе. Небяспечная атмасфера гэтых змрочных часоў досыць выразна праступае ў стрыманых радках перлюстраваных лістоў, якія пісаліся ў час, калі паўстанне ўжо разгарэлася: бацька заклікае Стася быць асцярожным, не ўдавацца ў размовы абы з кім, не пісаць занадта адкрыта пра навіны... Але разам з тым ён не забываецца нагадваць, каб сын «пільнаваўся свайго абавязку». Менскія бэрнардыны, а разам з імі, трэба думаць, і ксёндз Філіп Шчарбінскі, не забываліся на свой грамадскі абавязак, бо пасля падаўлення паўстання кляштар быў скасаваны. На жаль, пра само паўстанне ў лістах нічога не сказана, але з іх можна выразна адчуць атмасферу, якая тады панавала не толькі ў губернскім («ваяводскім», карыстаючыся тэрміналогіяй лістоў) Менску, а нават у невялікай правінцыйнай Ілукшце.

Зрэшты, не буду пераказваць змест лістоў, з якім чытач можа азнаёміцца і сам у прапанаванай яму публікацыі. Выкажу толькі некаторыя думкі пра іх як пра пісьмовыя помнікі, што чакаюць больш дэталёвага вывучэння.

Канверт з адрасам: «Его Преподобію Ксендзу Филипу Щербинскому
въ Монастыре Бернардиновъ въ Минскъ» і штампам паштовага збору.

* * *

Знойдзеная на паддашшы бэрнардынскага кляштара карэспандэнцыя ўяўляе з сябе канверт, у які ўкладзена сем лістоў і аркушык з запісам касцёльнага гімна «Pieśń do SS. Patronów Krulewstwa(!) Polskiego». На жаль, не ўсе лісты датаваныя, але большасць пазначана датамі з 18 лютага 1862 года па 19 сакавіка 1863 года. Сыходзячы з апісаных у недатаваных лістах падзеяў і храналагічных прывязак («мы атрымалі ліст 15 верасня», «не ведаем, як будзе пасля Новага году»), найранейшы з іх, верагодна, трэба датаваць вераснем 1861 года, а апошні — канцом 1863 года.

Канверт мае напісаны па-расійску адрас: «Его Преподобію Ксендзу Филипу Щербинскому въ Монастыре Бернардиновъ въ Минскъ». Замест прывычнай нам маркі на ім стаіць пячатка аб паштовай аплаце — 1 капейка за канверт і 10 капеек за лот вагі, — а таксама штампы паштовых аддзяленняў.

Усе лісты напісаны на так званай «polszczyznіе kresowej» (гэта тая cвоеасаблівая гаворка, што некалі шырока ўжывалася на ўсходніх землях Рэчы Паспалітай). Большасць лістоў напісана тым самым почыркам, але адзін з іх зроблены іншай рукой. Іншым чалавекам была каліграфічна выпісана і «Песнь да святых Патронаў Каралеўства Польскага». Можна сказаць, што пісальнік асноўнай часткі лістоў (большасць з іх, напэўна, належыць руцэ бацькі) — асоба хоць і адукаваная, але не надта звыклая да пераказу сваіх думак на паперы. Стыль лістоў паспешлівы, збіўлівы, у іх часта прапушчаны словы і нават цэлыя выразы. Досыць часта сустракаюцца арфаграфічныя і граматычныя памылкі, амаль не ўжываюцца дыякрытычныя знакі, уласцівыя тагачаснаму польскаму правапісу. Будучы, так бы мовіць, «беларусафонам», аўтар вельмі часта блытае на пісьме насавыя гукі «ą» і «ę» са спалучэннем галосных «о», «е» і «н», а таксама «ó» з «u».

Апошні ліст напісаны ўжо іншаю рукою. Бацька тут згадваецца ў 3-й асобе («наш каханы айцец захварэў»), але ліст пачынаецца зваротам «каханы сыне», таму можна меркаваць, што яго пісала маці. Ліст вельмі кароткі, бо адсылаўся ў спешцы з неспадзяванай нагоды і нават не мае канверта — ён проста быў складзены і запячатаны сургучом.

Адрозным почыркам занатавана і «Песнь да святых Патронаў Каралеўства Польскага»; сыходзячы з правапісу і дбайнасці пісьма, запіс гэтага гімна, напэўна, зроблены рукой асобы маладзейшай і лепш адукаванай. Гімн уяўляе з сябе адну з тых рэлігійных песняў, якімі каталіцкае святарства ўздымала патрыятычны дух моладзі падчас паўстанняў 1831 і 1863 гадоў. І ў загалоўку гімна, і ў яго тэксце гучыць назва Каралеўства Польскага, аднак гімн сваім пафасам нагадвае пра колішнюю незалежнасць Рэчы Паспалітай і заклікае да яе аднаўлення ў межах перад падзеламі — у ім ёсць зварот да святога Станіслава, які ад Длугашавых часоў сімвалізаваў сваёй асобаю злучэнне польскіх земляў у адну дзяржаву, і да святога Казіміра — Апекуна Вялікага Княства Літоўскага.

Адваротны бок канверта з рэшткамі сургучнай пячаткі.

* * *

Ніжэй я прапаную пераклад апісаных лістоў. Паколькі ён рыхтаваўся для публікацыі ў часопісе, разлічаным на шырокае кола чытачоў, я дазволіў сабе адысці ад строгіх правілаў археаграфічнай публікацыі дакументаў. У прыватнасці, дзеля таго, каб лісты лягчэй успрымаліся, я паправіў стыль, запоўніў пропускі і, увогуле, прывёў тэкст у чытэльны выгляд, але імкнуўся нічога не змяняць без патрэбы. На жаль, той непаўторны водар часу, які надае аўтэнтычным лістам іх мова, наўрад ці ўдалося захаваць цалкам у перакладзе.

Гл. таксама:
ЛІСТЫ ДА КСЯНДЗА ФІЛІПА ШЧАРБІНСКАГА ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY