Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(55)/2011
Да беатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла ІІ

СВЯТАСЦЬ У НАВУЧАННІ
ЯНА ПАЎЛА II
Новая евангелізацыя
Постаці

СВЯТАЯ АД ЦЕМРЫ
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Асобы


Літаратуразнаўства
ВЕРА & SOCIUM

ВЕРА & SOCIUM
Проза
Асветнікі
Паэзія

ВЕРШЫ

ПАЛАНЭЗ
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
На кніжнай паліцы

МОСТ У КРАІНУ НЕМАНІНУ
З архіваў часу

Валеры БУЙВАЛ

НІКОЛА ПІЗАНО.
ЗВЕСТАВАННЕ, НАРАДЖЭННЕ ХРЫСТА
І ПАКЛАНЕННЕ ПАСТУХОЎ

Нікола Пізано. Звеставанне, Нараджэнне Хрыста і пакланенне пастухоў. Баптыстэрый катэдры саборнага комплексу. 1257–1260 гг., мармур. Піза.

Італьянскі навуковец Бэнвэнуто Супіно панегірычна пісаў пра пізанскага майстра: «Ніколу Пізано можна справядліва вызначыць як першага рэфарматара мастацтва. Ён займае ў скульптуры тое ж месца, якое ў жывапісе займае Джотто, а ў літаратуры Дантэ»1. Імя і творы майстра звязаны з пачаткам новай эпохі ў італьянскім мастацтве, якая атрымала назву Протарэнесанс (Перадрэнесанс) і была велічнай прэлюдыяй да магутнай стыхіі Адраджэння.

З біяграфіі рэвалюцыянера ў пластыцы вядома мала. Мяркуецца, што Нікола Пізано (1215/1220–1278/1284) нарадзіўся ў паўднёва-італьянскім рэгіёне Пуліі, бо ў некалькіх дакументах яго згадваюць як «maestro de Apulia». Невядома таксама, дзе і ў каго ён вучыўся. У 1247 годзе ён упершыню згадваецца ў дакументах рэгіёна Тасканы, але ўжо як паспяховы майстар, які кіруе шматлікімі вучнямі ўласнай майстэрні і працуе ў Сіене і Пізе. Біёграфы мяркуюць, што з поўдню ў цэнтральную Італію Нікола пераехаў на загад волі імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Фэдэрыка (Фрыдрыха) ІІ, які накіраваў у Таскану шэраг паўднёва-італьянскіх майстроў. Імператарскі загад аказаўся лёсавызначальным — Нікола стаў роданачальнікам знакамітай дынастыі скульптараў, якія ўславілі ягоную новую радзіму — Пізу і ўсю Таскану.

...Калі набліжаешся да сусветна вядомага горада, чакаеш сустрэчы перш за ўсё з пізанскімі шэдэўрамі — комплексам гарадскога сабора і пластыкай сям’і Пізано. І вось за акном вагона праплывае катастрафічна нахіленая Вежа, студэнты мясцовага ўніверсітэта вясёлай грамадой тоўпяцца каля выхаду... Salve, Pisa!

Пізанскі комплекс з’яўляецца адным з найбольш яркіх прыкладаў раманскага архітэктурнага стылю ў Італіі. Раманіка мае ў італьянскім мастацтве непаўторны характар і зусім не падпарадкоўваецца агульным прынцыпам, паводле якіх вызначаецца гэтая стылістычная мова ва ўсёй Еўропе: магутныя муры пабудоваў, мінімум пластычнага афармлення і праёмаў у сценах, агульная суровасць вобраза. У многіх краінах (у тым ліку і ў Беларусі) храмы служылі таксама і як абарончыя пабудовы. Сабор, баптыстэрый (хрысцільня) і вежа ў Пізе пярэчаць гэтым прынцыпам. Лёгкія аркады дамінуюць у знешнім выглядзе трох частак ансамбля. Архітэктурная мелодыя ансамбля радасная, светлая, дынамічная. Нікола Пізано і ягоная майстэрня шмат працавалі над пластычным афармленнем архітэктурнага ансамбля. Працавалі ў ключы італьянскай раманікі. Тым больш дзіўна, што менавіта тут майстар Нікола зрабіў адзін з першых крокаў да Рэнесанса. Але мастацкая творчасць, як вядома, не паддаецца фармальнай логіцы.

Катэдра ягонага разца знаходзіцца ў будынку баптыстэрыя і ўладарна дамінуе ў інтэр’еры. Ідэю агульнай кампазіцыі катэдры Пізано прывёз з роднай Пуліі, дзе яшчэ раней ствараліся касцёльныя катэдры падобнай формы. Верхняя частка — пяціграннік — абапіраецца на пяць калонаў. Калона падтрымлівае таксама цэнтр верхняй часткі катэдры. Тры бакавыя калоны стаяць на плячах фігураў львоў. База цэнтральнай калоны больш статычная паводле сваёй кампазіцыі. Аркі, на якіх трымаецца верхняя частка катэдры, маюць форму гатычнага трылістніка, тонкія, але напружаныя лініі якога надаюць агульнай архітэктурнай кампазіцыі дзіўную лёгкасць. На самым верхнім ярусе пяцігранніка грані вызначаюцца пучкамі паўкруглых пілястраў, а ніжэй, на ўзроўні аркадаў — фігуркамі, што сімвалізуюць дабрадзейнасці. Капітэлі калонаў пышныя, багатыя па пластыцы. Цэльная кампазіцыя атрымалася вельмі складаная, нават шматслоўная. Колеравыя эфекты — гама мармураў белага і карычнявых адценняў з пражылкамі — узмацняюць гэтую складанасць.

Здаецца, яшчэ крыху — і гармонія будзе парушана пад цяжарам шматлікіх дэталяў. Але Нікола Пізано знаходзіць раўнавагу і завяршае кампазіцыю ў адзінай плыні формы. Ягонае імя абяссмерцілі вялікія рэльефы з белага мармуру. Як напісаў пра гэта вялікі італьянскі мастацтвазнаўца Адольфо Вэнтуры: «Пышнасць мазаічных плакетак альбо бела-чорную мармуровую разьбу ён замяняе інтэнсіўнай скульптурнай насычанасцю, ствараючы на плітах вяршыні катэдры рэльефы з увасобленымі на іх грандыёзнымі вобразамі»2.

З пяці рэльефаў катэдры кампазіцыя «Звеставанне, Нараджэнне Хрыста і пакланенне пастухоў» найбольш наватарская па сваёй пластыцы. У рэльефе злучаны тры тэмы, якім «цесна» ў рамках твора, але майстар паспявае распавесці пра вельмі многае ў сваім пластычным апавяданні. У ніжняй частцы рэльефа паказаны авечкі на пашы, жанчыны, якія мыюць нованароджанае Дзіця, а побач з імі сядзіць св. Юзаф. Маленькія па маштабах фігуры з’яўляюцца толькі прэлюдыяй да асноўных дзеяў. У левай частцы кампазіцыі Арханёл звяртаецца да Мадонны з добрай весткай. Яна ўсхвалявана прыціскае руку да грудзей, лініі хусты на галаве Мадонны ўзмацняюць напружаныя дыяганалі. Фігуру Арханёла майстра «падгледзеў» у рымскіх рэльефах, якія ён вывучаў у Вечным горадзе. Так уладарна ўзвышаюцца імператары ў творах антычных скульптараў. Велічная статыка гэтай фігуры рэзка кантрастуе з поўнай дынамікі выявай Мадонны. Скульптар не пабаяўся запоўніць інтэрвал паміж фігурамі Анёла і Мадонны выявай франтона будынка. Такім чынам, у кампазіцыі ёсць і архітэктура, і дрэвы на дальнім фоне, і паша, і інтэр’ер хлява — кампазіцыйнае і сюжэтнае мысленне скульптара яшчэ цалкам сярэднявечнае.

Нямецкі мастацтвазнаўца Георг Сварцэнскі так перадае сваё захапленне творам майстра Ніколы: «Тут знаходзіш нешта, што шукаеш, і цябе ахоплівае радасць. Гаворка ідзе пра класічную прыгажосць, антычную форму і гармонію, алімпійскую веліч. Можна нават гаварыць пра «сапраўды грэчаскі дух»!»3. Такога прарыву ў антычную мінуўшчыну, якой натхняецца Нікола Пізано, у еўрапейскім мастацтве не было амаль тысячу гадоў. Пасярод раманскага і гатычнага стылю, які пануе ў Пізанскім ансамбле, менавіта скульптура апынаецца ў авангардзе мастацкага развіцця. Не трэба забывацца, што эпоха Адраджэння (Рэнесанс) у свядомасці яе сучаснікаў успрымалася перш за ўсё як адраджэнне антычных ідэалаў і мастацкіх формаў. Менавіта Нікола Пізано адкрыў гэты новы шлях для тысячаў еўрапейскіх творцаў. Ягоныя адкрыцці не былі прынятыя адразу, але менавіта ён быў стваральнікам вялікіх рэформаў, высока ўзняўся над сваім часам.

Галоўнай у рэльефе з’яўляецца фігура Мадонны (мастак паўтарае Яе выяву), якая ляжыць каля Немаўляткі, што спіць у яслях. Георг Сварцэнскі ў выніку глыбокіх даследаванняў знайшоў прататыпы, на якія абапіраўся скульптар. Гэта была рымская антычная пластыка. Больш за тое, даследчык дэманструе ў сваёй манаграфіі рэпрадукцыю надмагільнай этрускай скульптуры, якая амаль дакладна паўтарае агульнае рашэнне жаночай фігуры нават у дробных дэталях. А этрускае мастацтва сапраўды можна назваць «протаантычным» — на ім узрастала мастацтва Рыма. Падобную выяву галавы Мадонны Георг Сварцэнскі знаходзіць таксама ў гатычнай пластыцы Рэймскага сабора ў Францыі. Універсалізм творчых памкненняў, прагнае засваенне творчай спадчыны ў нябачанай дагэтуль шырыні і шматаблічнасці сведчыць аб рэнесанснай смеласці майстра.

Мадонну пізанскага рэльефа звычайна параўноўваюць з выявамі рымскіх матронаў. Трактоўка складак Яе мантыі па стылістыцы выразна антыкізаваная. Горда ўзнятая галава ўражвае строгай прыгажосцю рысаў. Але гэта не проста фармальны эксперымент творцы: Нікола Пізано знаходзіць у класічных формах сваю мову для ўслаўлення Марыі — нябеснай Валадаркі.

На працягу наступных стагоддзяў мастакі безліч разоў звярталіся да антычнай мінуўшчыны, на ўспамінах пра якую ствараліся розныя стылістычныя плыні. Але, нягледзячы на маштабы і яркасць гэтых з’яваў, у сэрцы застаецца той першы гімн адраджэння антычнасці, які прагучаў у пізанскім баптыстэрыі і назаўжды застыў на рэльефах ягонай катэдры.

Валеры Буйвал.


  1. Benvenuto Supino I. Arte pisana. — Firenze, 1904. — C. 47.
  2. Venturi A. L’arte italiana. Disegno storico. — Bologna, 1928. — C. 71.
  3. Swarzenski G. Nicolo Pisano. — Frankfurt am Main, 1926. — C. 17.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY