|
|
|
№
1(55)/2011
Да беатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла ІІ
Новая евангелізацыя
Постаці
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes
Асобы
Наталля ТРАЎБЕРГЗдзіслаў СІЦЬКА Літаратуразнаўства
ВЕРА & SOCIUM
Проза
Асветнікі
Паэзія
Пераклады
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
НЯМЕЦКІ НАСТАЎНІК БЕЛАРУСКІХ МАГНАТАЎ: МАРАЛЬНА-ДЫДАКТЫЧНЫЯ ВЕРШЫ ЁГАНА МЮЛІУСА З ЛІБЕНРОДЭ Паэзія
На кніжнай паліцы
З архіваў часу
|
БЭНЭДЫКТ XVI
ПРАЎДА, ЯЕ АБВЯШЧЭННЕ
|
|
Дарагія браты і сёстры!
З нагоды 45-га Сусветнага дня сродкаў масавай камунікацыі мне хацелася б прадставіць некаторыя разважанні, падставаю для якіх з’яўляецца характэрны для нашага часу феномен: распаўсюджанне інтэрнэту як сродку камунікацыі. Усё больш пашыраным становіцца меркаванне, што як некалі прамысловая рэвалюцыя праз новаўвядзенні ў вытворчым цыкле і ў жыцці працуючых выклікала радыкальныя змены ў грамадстве, гэтаксама сёння грунтоўныя перамены ў сферы камунікацыі, якія менавіта цяпер адбываюцца, паказваюць кірунак для вялікіх культурных і сацыяльных пераўтварэнняў. Новыя тэхналогіі змяняюць не толькі характар і спосаб камунікацыі, але і саму камунікацыю; таму можна сказаць, што мы стаім перад абліччам усёабдымных культурных зменаў. Разам з гэтым новым спосабам распаўсюджання інфармацыі і ведаў нараджаецца новы спосаб навучання і мыслення з небывалымі дагэтуль магчымасцямі для наладжвання адносінаў і будавання супольнасці.
Акрэсліваюцца мэты, якія да нядаўняга часу былі неверагоднымі; яны ўражваюць магчымасцямі, што адкрываюцца перад гэтымі новымі мас-медыямі, і ў той жа час усё больш неадкладна патрабуюць сур’ёзных рэфлексій пра сэнс камунікацыі ў лічбавую эру. Гэта становіцца асабліва відавочным, калі разважаеш пра надзвычайны патэнцыял інтэрнэту і шматпланавасць яго выкарыстання. Як і ўсе іншыя плады чалавечага генія, новыя тэхналогіі камунікацыі павінны быць пастаўленыя на службу інтэгральнаму дабру асобы і ўсяго чалавецтва. Калі яны выкарыстоўваюцца мудра, то могуць садзейнічаць таму, каб заспакоіць прагненне сэнсу, праўды і адзінства — прагненне, якое застаецца самым глыбокім і гарачым для кожнай асобы.
У лічбавым свеце ўсё часцей перадача інфармацыі азначае змяшчэнне яе ў сацыяльнай сетцы, дзе веды паведамляюцца ў межах прыватнага абмену. Выразнае адрозненне паміж вытворцам і спажыўцом інфармацыі рэлятывізуецца, а камунікацыя ўсё больш становіцца не толькі абменам данымі, але таксама ўдзельнікам гэтага абмену. Такая дынаміка прычынілася да новай ацэнкі міжасабовай камунікацыі, якая разглядаецца перадусім як дыялог, абмен, салідарнасць і будаванне пазітыўных адносінаў. Аднак, з іншага боку, гэтаму перашкаджаюць некаторыя тыповыя для лічбавай камунікацыі абмежаванні: аднабаковасць інтэракцыі; тэндэнцыя паведамляць толькі часткова пра сваё ўнутранае жыццё; небяспека паддацца жаданню так ці інакш канструяваць свой уласны вобраз, каб ён мог даваць пачуццё самазадаволенасці.
Гэтыя змены ў камунікацыі перадусім адчувае на сабе менавіта маладое пакаленне, з усімі жаданнямі, пярэчаннямі і ўсёй крэатыўнасцю, уласцівымі тым, хто з захапленнем і цікаўнасцю адкрываецца на новы жыццёвы досвед. Усё большая актыўнасць на публічным лічбавым форуме, які ствараюць так званыя сацыяльныя сеткі, прыводзіць да завязвання міжасабовых адносінаў новага тыпу, уплывае на ўспрыманне самога сябе і таму непазбежна ставіць пад сумненне не толькі карэктнасць уласных дзеянняў, але таксама аўтэнтычнасць свайго быцця. Прысутнасць у гэтых віртуальных прасторах можа быць прыкметаю аўтэнтычнага пошуку асабовай сустрэчы з іншым, калі звяртаецца ўвага на тое, каб пазбегнуць такой яе небяспекі, як напрыклад, уцёкі ў нейкі паралельны свет або празмернае экспанаванне сябе ў віртуальным свеце. У пошуках таго, з кім можна падзяліцца, у пошуках «сяброўства» аказваешся перад выклікам: як быць аўтэнтычным і верным самому сабе, не паддаючыся ілюзіі штучнага будавання свайго публічнага «профілю».
Новыя тэхналогіі дазваляюць людзям сустракацца па той бок межаў прасторы і ўласных культураў і будаваць такім чынам цэлы свет новых патэнцыяльных сяброўстваў. Гэта вялікі шанц, але пры ўмове большай уважлівасці і ўсведамлення магчымай рызыкі. Хто з’яўляецца маім «бліжнім» у гэтым новым свеце? Ці не існуе небяспека, што мы будзем у меншай ступені прысутнымі тут, для тых, каго мы сустракаем у нашым звычайным штодзённым жыцці? Ці не існуе небяспека, што мы будзем усё больш рассеянымі, таму што наша ўвага раздвоеная, яна занятая «іншым» светам, не такім, як той, у якім мы жывём? Ці маем мы час на тое, каб крытычна паразважаць над сваімі рашэннямі і паклапаціцца пра тыя міжасабовыя адносіны, якія сапраўды глыбокія і трывалыя? Важна заўсёды памятаць пра тое, што віртуальны кантакт не можа і не павінен замяніць непасрэдны, асабовы кантакт з людзьмі ва ўсіх сферах нашага жыцця.
У лічбавую эру кожны стаіць таксама перад неабходнасцю быць аўтэнтычным і разважным чалавекам. Зрэшты, дынаміка, уласцівая сацыяльным сеткам, паказвае, што чалавек заўсёды ўцягнуты ў тое, чым ён дзеліцца. Пры абмене інфармацыяй людзі дзеляцца ўжо самімі сабою, сваім бачаннем свету, сваімі надзеямі, сваімі ідэаламі. З гэтага вынікае, што існуе хрысціянскі стыль прысутнасці таксама ў лічбавым свеце: ён ажыццяўляецца ў форме шчырай і адкрытай камунікацыі, з усведамленнем сваёй адказнасці і выказваннем павагі да іншых. Дзяліцца Добраю Весткаю, Евангеллем праз новыя мас-медыі — азначае не толькі змяшчаць інфармацыю яўна рэлігійнага зместу на розных медыйных платформах, але таксама паслядоўна даваць у сваім лічбавым профілі і ў сваім стылі камунікацыі сведчанне пра тое, як выбіралася рашэнне, чаму аддавалася перавага, якім меркаванням — сведчанне, што цалкам адпавядае Евангеллю, нават калі яно не кажа пра гэта выразна. Зрэшты, у лічбавым свеце таксама нельга абвяшчаць нейкае пасланне без паслядоўнага сведчання таго, хто яго абвяшчае. У новых кантэкстах і з новымі формамі ўвасаблення хрысціянін зноў пакліканы даць адказ кожнаму, хто пытае пра надзею, што яго напаўняе (пар. 1 П 3, 15).
Заданне сведчыць на карысць Евангелля ў лічбавую эру патрабуе, каб звярталася асаблівая ўвага на той аспект гэтага паслання, які можа ўяўляць выклік для пэўнай, тыповай для інтэрнэту ментальнасці. Перадусім мы павінны ўсведамляць, што праўда, якою мы стараемся падзяліцца, чэрпае сваю каштоўнасць не са сваёй «папулярнасці» або з маштабаў увагі, якая ёй аказваецца. Мы павінны знаёміць з ёю ва ўсёй яе паўнаце замест таго, каб спрабаваць зрабіць праўду прымальнаю, можа, нават коштам яе размытасці. Яна павінна стаць штодзённым пасілкам, а не тым, што прыцягвае ў той ці іншы момант. Праўда Евангелля — гэта не нейкі аб’ект, які можна спажыць або проста прыняць да ведама; гэта хутчэй дар, які патрабуе свабоднага адказу. Калі яна абвяшчаецца ў віртуальнай прасторы інтэрнэту, яна заўсёды павінна ўвасабляцца ў рэальным свеце і адносіцца да канкрэтных абліччаў братоў і сясцёр, з якімі мы дзелім сваё паўсядзённае жыццё. Таму ў справе перадачы веры прамыя чалавечыя адносіны і надалей маюць фундаментальнае значэнне!
У любым выпадку, мне хацелася б заахвоціць хрысціянаў упэўнена, са свядомай і адказнай крэатыўнасцю ўключыцца ў сетку тых адносінаў, якія робіць магчымымі лічбавая эра. Не толькі для таго, каб заспакоіць жаданне прысутнасці ў ёй, але таму што гэтая сетка з’яўляецца інтэгральнаю часткаю чалавечага жыцця. Інтэрнэт садзейнічае развіццю новых і больш комплексных формаў інтэлектуальнай і духоўнай свядомасці, а таксама агульнай дасведчанасці. Мы пакліканыя да таго, каб і ў гэтай сферы абвяшчаць нашую веру ў тое, што Хрыстус з’яўляецца Богам, Збаўцам чалавека і гісторыі, Тым, у кім усё знаходзіць сваё спаўненне (пар. Эф 1, 10).
Абвяшчэнне Евангелля патрабуе такой формы дзялення, якая поўная павагі да іншых і не назойлівая, якая кранае сэрца і ўскалыхвае сумленне; формы, якая нагадвае стыль уваскрослага Езуса, калі Ён спадарожнічаў вучням на дарозе ў Эмаўс (пар. Лк 24, 13–35) і крок за крокам вёў іх да зразумення таямніцы — дзякуючы сваёй блізкасці, дзякуючы сваёй размове з імі, а таксама дзякуючы таму, што Ён далікатна ўчыніў так, каб выявілася тое, што было ў іх сэрцах.
Праўда, якою ёсць Хрыстус, — гэта, у канчатковым выніку, поўны і аўтэнтычны адказ на тое чалавечае прагненне адносінаў, супольнасці і сэнсу, якое праяўляецца таксама ў масавым удзеле ў розных сацыяльных сетках. Калі людзі веруючыя выступаюць у абарону сваіх перакананняў, яны ўносяць каштоўны ўклад у тое, каб інтэрнэт не станавіўся інструментам дэперсаналізацыі людзей, спрабуючы эмацыйна маніпуляваць імі, каб не даваў магчымасці тым, хто мае ўплыў, манапалізаваць меркаванні іншых. Наадварот, няхай веруючыя заахвочваюць усіх да ажыўлення адвечных пытанняў чалавека, якія сведчаць пра яго прагненне трансцэндэнтнага і пра яго тугу па аўтэнтычных формах жыцця, вартага таго, каб яго пражыць. Менавіта гэтыя духоўныя намаганні, у найвышэйшай ступені ўласцівыя чалавеку, ляжаць у аснове нашага гарачага прагнення праўды і супольнасці, натхняючы нас да сумленнай і шчырай камунікацыі паміж сабою.
Заахвочваю перадусім моладзь, каб добра карысталася сваёю прысутнасцю ў лічбавым свеце. Пацвярджаю звернутую да яе нашу дамоўленасць адносна бліжэйшага Сусветнага дня моладзі ў Мадрыдзе, падрыхтоўка якога адбываецца шмат у чым дзякуючы новым тэхналогіям. Малюся за працуючых у сродках масавай інфармацыі праз заступніцтва іх апекуна, святога Францішка Сальскага, просячы Бога, каб даў ім здольнасць выконваць іх працу заўсёды з вялікай добрасумленнасцю і руплівым прафесіяналізмам. Перадаю ўсім ім сваё апостальскае благаслаўленне.
Ватыкан, 24 студзеня 2011 г.,
ва ўспамін святога Францішка Сальскага.
Падрыхтавала Ірына Бурак.
|
|
|