Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(55)/2011
Да беатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла ІІ

СВЯТАСЦЬ У НАВУЧАННІ
ЯНА ПАЎЛА II
Новая евангелізацыя
Постаці

СВЯТАЯ АД ЦЕМРЫ
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Асобы


Літаратуразнаўства
ВЕРА & SOCIUM

ВЕРА & SOCIUM
Проза
Асветнікі
Паэзія

ВЕРШЫ

ПАЛАНЭЗ
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
На кніжнай паліцы

МОСТ У КРАІНУ НЕМАНІНУ
З архіваў часу

Павел БЯЛІНЬСКІ

СВЯТАЯ АД ЦЕМРЫ

Маці Тэрэзу яшчэ пры жыцці называлі святой, і не толькі католікі. Людзі падалі на калені і цалавалі яе зморшчаныя спрацаваныя далоні. Яны бачылі ў ёй жывы вобраз Бога на зямлі і прамень Яго любові. «Маліцеся за мяне», — з усмешкаю прасіла яна кожнага, хто паціскаў яе заўжды цёплую далонь.

Толькі калі ў 2003 годзе яна была аб’яўленая благаслаўлёнай, сталі вядомыя таямніцы яе духоўнага жыцця: містычныя аб’яўленні і адчуванне адсутнасці Бога, якое доўжылася 50 гадоў. Айцец Браян Каладзейчук, кіраўнік яе кананізацыйнага працэсу, дапускае, што з цягам часу маці Тэрэза «будзе прызнаная адным з найбольшых містыкаў Касцёла». У жніўні мінулага года споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння благаслаўлёнай маці Тэрэзы.

 

Малая ўлюбёная Езуса

26 жніўня 1910 года ў Скоп’е, сучаснай сталіцы Македоніі, у албанскай сям’і з Косава нарадзілася Гонджа Агнэс Баяджыў. Аднак сваім днём нараджэння яна лічыла 27 жніўня, калі атрымала хрост. «З дзяцінства Сэрца Езуса стала маёй першай любоўю, — узгадвала яна. — Ужо тады ўва мне была вялікая любоў да душаў». Першую Камунію дзяўчынка прыняла, калі не мела яшчэ і шасці гадоў, а ў дванаццаць яна ўжо вырашыла стаць місіянеркаю, каб «абвяшчаць Хрыстовае жыццё людзям у місійных краінах».

Каб ажыццявіць свае намеры, яна стала законніцаю, што было плёнам яе глыбокага сяброўства з Богам. «Я ні аднаго імгнення не вагалася, што зрабіла правільна, — тлумачыла яна. — Гэта была Божая воля. Гэта быў Яго выбар. У лісце, дасланым настаяцельцы Супольнасці Найсвяцейшай Марыі Панны (ларэтанак) дзяўчынка з надзвычайнай шчырасцю пісала: «Я скончыла пяць класаў сярэдняй школы, ведаю албанскую мову, якая з’яўляецца маёю роднаю, і сербскую мову, трошкі ведаю французскую. Ангельскай мовы я не ведаю зусім, але ўскладаю надзею на добрага Бога, што Ён дапаможа мне навучыцца ўсяму, што мне патрэбна, і таму адразу ж <...> пачынаю вучыцца. Я не маю асаблівых жаданняў, толькі хачу быць місіянеркаю, а ў астатніх справах да канца аддаюся добраму Богу».

«Падай Яму далонь і кроч толькі з Ім. Ідзі наперад, бо калі паглядзіш назад, вернешся», — сказала на развітанне маці, калі ў верасні 1928 года Гонджа паехала ў Ірландыю, каб там распачаць жыццё законніцы. У гонар святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса, апякункі місійнай дзейнасці, яна атрымала імя Марыя Тэрэза.

Яна пажадала паехаць на місіі ў Бенгалію, і ўжо ў студзені 1929 года прыплыла ў Калькуту. Двухгадовы навіцыят яна прайшла ў Дарджылінгу ў гімалайскім перадгор’і. У 1931 годзе, склаўшы першыя шлюбы, сястра Марыя Тэрэза стала настаўніцаю ў дзявочай школе ў Калькуце. «Калі б ты магла ведаць, якая я шчаслівая, што з’яўляюся малою ўлюбёнаю Хрыста. Я цешуся паўнатою шчасця, нават калі цярплю дзеля майго Улюбёнага», — пісала яна сваёй сяброўцы. А ў лісце ў часопіс «Blagovijest» ў 1932 годзе законніца прызнавалася, што «жыццё місіянеркі не ўсланае ружамі, насамрэч, хутчэй цернямі, але пры ўсім гэтым такое жыццё напаўняецца шчасцем і радасцю, калі думаеш, што робіш тое, што рабіў Езус, калі жыў на зямлі».

 

Смяялася часцей, чым пакутавала

Здаровы розум, пачуццё гумару, адвага, запал, малітоўны настрой, міласэрнасць — такімі цнотамі ахарактарызавалі сястру Тэрэзу, калі яна ў 1937 годзе складала вечныя шлюбы. «Якая я была шчаслівая, што па сваёй волі магу запаліць агонь пад сваёю ахвяраю. Цяпер я Ягоная, і гэта на ўсю вечнасць!» — адразу ж запісала яна. Аднак пра яе глыбокую еднасць з Хрыстом ведалі толькі спаведнікі.

Яна прызнавалася ў лісце свайму былому пробашчу са Скоп’е, айцу Франьё Ямбрэковічу, што хоць і «з’яўляецца шчаслівейшай, чым калі-небудзь», усё часцей ёй спадарожнічае цемра. «А калі ноч становіцца вельмі цёмнаю, і мне здаецца, што я апынуся ў пекле, тады я проста ахвяруюся Езусу. Калі Ён хоча, каб я была там, — я гатовая, але толькі пры ўмове, што гэта сапраўды зробіць Яго шчаслівым. Аднак <...> няхай айцец не думае, што я толькі пакутую. О не, я смяюся часцей, чым пакутую, так што некаторыя прыйшлі да высновы, што я распешчаная ўлюбёная Езуса, якая жыве з Ім у Назарэце, далёка ад Кальварыі».

Тады яна першы раз распавяла пра цемру, якая праяўлялася ў адчуванні адсутнасці Бога і балючага суму па Ім, аж да духоўнай сухасці. Бог паволі вёў яе да этапу містычнага жыцця, які Ян ад Крыжа называў «цёмнаю ноччу»: «ноччу пачуццяў» і «ноччу духа», праз якія Бог ачышчае чалавека ад духоўнай недасканаласці.

«Я хачу належаць толькі Езусу — сапраўды, а не толькі паводле наймення і ўбору, — запэўнівала сястра Тэрэза. — Часта атрымліваецца наадварот, так, што маё правялебнае “я” займае найважнейшае месца. Тая ж самая, поўная пыхі Гонджа. Толькі адно змянілася: мая любоў да Хрыста, я ўсё аддала б дзеля Яго, нават сваё жыццё».

Сястра Тэрэза скардзілася на сваю пыху, з якою яна змагалася, а ў гэты ж час сёстры з супольнасці дзівіліся яе... пакоры. «Я думаю, што Езус вельмі любіць сястру Тэрэзу. Я бачу, як яна штодня імкнецца прынесці Яму радасць. У яе шмат працы, але яна не шкадуе сябе. Яна надзвычай пакорная. Ёй дорага каштавала дасягнуць гэтага, але мне здаецца, што Бог выбраў яе для вялікіх справаў. Сапраўды, яна робіць самыя звычайныя рэчы, але дасканаласць, з якою яна іх робіць, — гэта менавіта тое, чаго чакае ад нас Езус», — пісала ў 1937 г. сястра Габрыэль.

Адною з такіх «звычайных рэчаў» было наведванне ўбогіх у трушчобах Калькуты. Сястра Тэрэза хадзіла туды кожную нядзелю. «Я не магу дапамагчы ім, бо нічога не маю, але я іду даваць ім радасць», — распавядала яна ў лісце ў часопіс «Katolicke Misije» ў 1937 годзе, узрушаная крайнім убоствам жыхароў трушчобаў. «Я бачыла, якія яны шчаслівыя, што я наведваю іх». Адна з такіх убогіх кабетаў папрасіла: «Прыходзь яшчэ! Твая ўсмешка прывяла сонца ў гэты дом!». Вяртаючыся ў кляштар, сястра Тэрэза малілася: «Божа, як лёгка мне зрабіць іх шчаслівымі! Дай мне моц, каб я заўжды была святлом ў іх жыцці і такім чынам вяла іх да Цябе!» Ці прадчувала яна тады, што праз 11 гадоў аддасць ім усё сваё жыццё?

 

Ні ў чым не адмаўляць Яму

У красавіку 1942 года са згоды спаведніка сястра Тэрэза склала прыватны шлюб. Яна ўзяла на сябе абавязак «даць Богу ўсё, аб чым Ён папросіць, — ні ў чым Яму не адмаўляць». Праз многія гады яна зразумела, што хацела ахвяраваць Богу «што-небудзь вельмі прыгожае» і «без умоваў» казаць Яму «так» у кожнай сітуацыі, каб не вызначаць межаў для Ягоных планаў. Яна тлумачыла: «Чаму мы павінны да канца аддаваць сябе Богу? Бо Ён аддаў сябе нам. Калі Бог, які нічым нам не абавязаны, гатовы аддаць нам не менш, чым сябе самога, то ці можам мы адказаць Богу, аддаўшы сябе Яму часткова? Аддаваць сябе да канца — гэта спосаб прыняць самога Бога. Я для Бога, а Бог для мяне. Я жыву для Бога і адмаўляюся ад свайго “я”, і такім чынам раблю так, што за мяне жыве Бог. Таму, каб атрымаць Бога, мы павінны дазволіць Яму атрымаць нашую душу». Сястра Тэрэза хацела адказаць любоўю на Божую любоў.

«Калі я бачу, што хтосьці з вас сумуе, — казала яна законніцам, — мне заўжды здаецца, што гэта па той прычыне, што вы ў нечым адмаўляеце Езусу». Яна была перакананая: калі, яднаючыся з Богам, забыць пра сябе, нараджаецца лагода духу, а «той, хто мае гэты дар лагоды духу, вельмі часта дасягае высокага ўзроўню дасканаласці».

Паколькі яна да канца ахвяравала сябе Богу, то верыла, што і Ён ні ў чым ёй не адмовіць. Падчас голаду ў Бенгаліі ў 1942–1943 гадах сёстры і іх вучаніцы таксама пакутавалі ад недахопу ежы. Аднойчы а восьмай раніцы с. Тэрэза сказала: «Дзеці, я пайду, а вы заставайцеся ў капліцы і маліцеся». Каля чацвёртай гадзіны дня кладоўка была поўная рознай гародніны. Сёстры і дзяўчаты не маглі паверыць сваім вачам. Такім жа чынам і падчас узброеных хваляванняў у Калькуце ў 1946 годзе, не зважаючы на ўласную бяспеку, сястра Тэрэза пайшла на пошукі ежы і атрымала ад жаўнераў мяхі з рысам. Яна адчувала сябе адказнаю за 300 дзяўчат, тым больш, што з 1944 года была дырэктарам школы. Апрача таго, яна кіравала звязанаю з кангрэгацыяй ларэтанак бенгальскаю супольнасцю дачок святой Ганны.

«Яна цалкам вольная ад эгаізму. <...> У імя любові да Бога яна здольная зрабіць усё, перанесці любую знявагу і боль», — здзіўлялася адна з ларэтанак.

 

Містычны досвед

Крок за крокам Бог рыхтаваў яе да яшчэ больш значнай місіі. Вяртаючыся цягніком з рэкалекцый з Дарджылінгу ў Калькуту 10 верасня 1946 года, сястра Тэрэза перажыла містычную сустрэчу з Хрыстом: «Я пачула заклік пакінуць усё і пайсці за Ім у трушчобы, каб служыць Яму сярод найбяднейшых з бедных». З часам яна стала лічыць гэты дзень пачаткам стварэння Супольнасці сясцёр місіянерак любові.

Да паловы 1947 года сястра Тэрэза размаўляла з Езусам, які называў яе сваёй малой улюбёнай. Ён прасіў: «Прынясі Мяне ў сховішчы тых бедакоў. Ідзі, будзь Маім святлом». «Мне патрэбныя законніцы з Індыі, ахвяры Маёй любові, якія будуць Марыяй і Мартай, якія так моцна з’яднаюцца са Мною, што будуць распраменьваць Маю любоў на душы. <...> Ці ты адмовіш Мне ў гэтым?» — пытаўся Езус.

Хрыстус умацоўваў яе: «Ты прыехала ў Індыю дзеля Мяне. <...> Ты будзеш насіць звычайнае індыйскае адзенне, відаць, такое, якое насіла Мая Маці: простае і ўбогае. <...> Тваё сары стане святым, бо будзе Маім сімвалам. <...> Мне патрэбныя законніцы з Індыі, місіянеркі любові, якія стануць Маім агнём любові сярод бедных, хворых, паміраючых. <...> Не бойся, Я заўжды буду з табою. <...> Дазволь Мне дзейнічаць. Не адмаўляй Мне. Даверся Мне з любоўю, давярай Мне ўсляпую». Такім чынам, гэта не маці Тэрэза прыдумала назву і хабіт сваёй супольнасці. Усё гэта яна пачула ад Езуса.

«Усе лічаць, што я страціла розум, — пасля столькіх гадоў распачынаць штосьці, што пераважна прынясе мне толькі пакуты», — звярталася яна ў студзені 1947 года да арцыбіскупа Калькуты Фердынанда Пер’е. Але калі Езус паклікаў яе «быць індускаю, жыць з імі, як яны, так, каб трапіць людзям у сэрцы», яна прагнула «сапраўды быць толькі Ягонай, згарэць дарэшты дзеля Яго і дзеля душаў».

Сястра Тэрэза размаўляла пра гэта са сваім спаведнікам айцом Сэлестам ван Эксэмам. Іх доўгія і частыя сустрэчы здаліся ў кляштары падазронымі. У палове студзеня 1947 года сястру Тэрэзу накіравалі з Калькуты ў Асансол, які знаходзіўся за 220 кіламетраў. Там яна працавала настаўніцаю хіндзі, бенгальскай мовы, гігіены і геаграфіі. Аднак ужо ў ліпені гэтае рашэнне было перагледжанае, і сястра Тэрэза вярнулася ў Калькуту.

Яна выкарыстала гэты час для таго, каб падрыхтаваць статут новай супольнасці. Задачаю сясцёр павінна было стаць «заспакаенне прагнення Езуса Хрыста на крыжы, прагнення любові і душаў». «“Прагну”, — тлумачыла сястра Тэрэза, — гэта нашмат глыбейшае слова, чым калі б Езус сказаў проста “люблю вас”. Пакуль вы не ўведаеце надзвычайна асабістым чынам, што Езус прагне вас, вы не зможаце пазнаць ні таго, кім Ён хоча быць для вас, ні таго, кім Ён хоча, каб вы сталі дзеля Яго».

«Дзякуючы чатыром шлюбам поўнага ўбоства, чыстасці, паслухмянасці і любові да ўбогіх нястомна супакойваць прагненне Бога сваёю любоўю і любоўю душаў, якіх вядуць да Яго», — такімі словамі тлумачылася першая канстытуцыя супольнасці.

Спачатку сёстры павінны былі «несці Хрыста ў дамы і на вуліцы трушчобаў», да хворых, паміраючых, жабракоў і «дзяцей вуліцы». З часам мэта існавання супольнасці пашырылася: гэта была «праца збаўлення і асвячэння найбяднейшых з бедных не толькі ў трушчобах, але і паўсюдна ў свеце, дзе толькі магчыма». Місіянеркі любові павінны клапаціцца пра тых, хто «пакутуе не толькі з-за недахопу ежы, лекаў, адзення і даху над галавою, але і з-за недахопу ўсмешкі, добрага слова і ад адзіноты», — кажа цяперашняя генеральная настаяцелька супольнасці сястра Прэма П’ерык. Айцец Браян Каладзейчук тлумачыць, што гэта азначае «нястомныя высілкі для таго, каб несці дапамогу кожнаму чалавеку, каб ён сустрэўся з бясконцай любоўю Бога і, пазнаўшы Яго, любіў Яго і служыў Яму, і праз гэта дасягнуў шчасця ў небе».

Сёстры павінны былі рабіць гэта, «ідучы да людзей, апякуючыся хворымі ў іх хатах, дапамагаючы паміраючым паяднацца з Богам, маючы невялікія бясплатныя школы для дзяцей з трушчобаў, наведваючы ўбогіх у шпіталях, дапамагаючы жабракам весці годнае жыццё. <...> Калі колькасць сясцёр дазволіць гэта, яны арганізуюць дом для калекаў, сляпых, людзей, адкінутых грамадствам».

У жніўні спаведнік сястры Тэрэзы пісаў арцыбіскупу: «Наш Пан узнёс гэтую законніцу да найвышэйшага стану малітвы, можа, і не меў месца стан экстазу, але быў дасягнуты стан, які наўпрост экстазу папярэднічае». Яна сама прызнала, што ў Асансолі наш Пан быццам проста аддаў ёй сябе дарэшты. Яна спазнала слодыч і суцяшэнне, і гэтыя шэсць месяцаў прамінулі надзвычай хутка.

Сястра Тэрэза стала на парог еднасці з Богам — вяршыню духоўнага жыцця.

Тады ж выявілася эўхарыстычная рыса яе духоўнасці, характэрная для місіянерак любові: «Часам Найсвяцейшы Сакрамэнт вельмі прыцягваў мяне. Я не магла дачакацца святой Камуніі. Ноч за ноччу сон пакідаў мяне, і я праводзіла гэтыя гадзіны ў чаканні Яго прыйсця. Гэта пачалося ў Асансолі ў лютым, а цяпер кожную ноч праз гадзіну або дзве <...> тое самае прагненне перапыняе мой сон».

 

У белым сары

Сястра Тэрэза з нецярплівасцю чакала згоды Касцёла на стварэнне новай супольнасці. «Калі гэтая справа будзе толькі чалавечай, яна памрэ разам са мною, калі ж яна будзе толькі Ягонай, будзе жыць праз вякі. Тым часам душы ідуць да згубы», — пісала яна ў лістах арцыбіскупу, спасылаючыся нават на энцыкліку папы Пія ХІІ «Quemadmodum» 1946 года, дзе ён прасіў аб «апецы свету над дзецьмі, якія жывуць ва ўбостве». «Я прашу дазволіць мне хутчэй пайсці. Са мною нічога не станецца, толькі тое, што Ён падрыхтаваў у сваёй вялікай міласэрнасці», — пераконвала законніца. «Яе логіка была логікаю, сканцэнтраванай на Богу, была даверам і ўпэўненасцю», — каментуе айцец Каладзейчук.

6 студзеня 1948 года арцыбіскуп Пер’е паведаміў сястры Тэрэзе: «Шлях вольны». Яна адразу ж павінна была прасіць аб вызваленні ад законніцкіх шлюбаў у ларэтанак. Іх генеральная настаяцелька, маці Гертруда Кенэдзі, надзвычай хутка на гэта згадзілася, але ў жніўні з ватыканскай Кангрэгацыі законнікаў прыйшла навіна, што Папа дазволіў ёй толькі часова пакінуць кляштар.

Ужо 17 жніўня сястра Тэрэза ў белым сары з блакітнаю стужкай і пяццю рупіямі ў кішэні паехала ў шпіталь у Патне, каб навучыцца медыцынскай апецы. Апісанні хваробаў і метады іх лекавання яна запісвала ў нататнік побач з кулінарнымі рэцэптамі і адрасамі патэнцыяльных дабрачынцаў.

Вярнуўшыся ў Калькуту, яна наняла пакой у Супольнасці малых сясцёр ад убогіх і 21 снежня першы раз пайшла ў трушчобы ў якасці місіянеркі любові. З дапамогаю валанцёраў яна наведвала сем’і, прыносіла хворым лекі, абмывала раны, чувала пры паміраючых. Яе сталі называць сястрою з трушчобаў. Праз два месяцы яна змагла наняць для супольнасці цэлы паверх у прыватным доме. Некалькі яе былых вучаніц зацікавіліся новаю працаю сястры Тэрэзы. У сакавіку ў яе ўжо з’явілася таварышка: бенгалка Субашыні Дас, будучая сястра Агнэс. Праз год новая супольнасць мела 12 сёстраў. Яны маглі ўжо заснаваць сваю амбулаторыю і нядзельную школу для дзяцей з трушчобаў.

7 кастрычніка 1950 года арцыбіскуп Пер’е са згоды Апостальскай Сталіцы зацвердзіў новую супольнасць, генеральнаю настаяцелькай якой стала маці Тэрэза. Яе «пакліканне ў пакліканні», як яна часта казала, было пацверджанае Касцёлам. У красавіку наступнага года першая група сясцёр распачала навіцыят. У 1952 годзе яна здолела адчыніць побач з індуісцкаю святыняю Калі Дом чыстага сэрца (Nirmal Hriday) для паміраючых, якіх сёстры забіралі з вуліцаў. Хуткае развіццё супольнасці прывяло да таго, што праз паўгода 26 сясцёр пераехалі ў будынак, які дагэтуль з’яўляецца мацярынскім домам місіянерак любові.

 

Нясенне крыжа

«Калі здавалася, што ўсё ўжо ўладкавана, распачаліся найгоршыя пакуты», — піша айцец Каладзейчук. На пачатку 60-х гадоў маці Тэрэза сказала айцу езуіту Юзафу Нойнеру, што дзесьці з 1949–1950 года яна перажывае «страшнае пачуццё пусткі, такой неапісальнай цемры, такой самоты, такога няспыннага суму па Богу, які выклікае боль у самай глыбіні сэрца. Цемра такая, што я сапраўды нічога не бачу ні сэрцам, ні розумам. Месца Бога ў маёй душы апусцела. Ува мне няма Бога. Калі боль прагнення Бога такі вялікі, што я проста сумую і сумую па Ім, і тады я адчуваю, што Ён мяне не хоча, Яго тут няма. Часам я проста чую, як маё сэрца крычыць: “Мой Божа”, і нічога не адбываецца. Гэта пакуты і цярпенні, якіх я не магу растлумачыць».

Яе цемра «павялічвалася, гусцела і не знікала». Сымонамі Кірэнэйскімі на крыжовым шляху маці Тэрэзы сталі яе духоўныя кіраўнікі. Дзякуючы іх дапамозе яна зразумела, што пачуццё адсутнасці Бога, якое прыйшло пасля містычных узлётаў, — гэта яе ўдзел у пакутах Хрыста, які на крыжы ўсклікаў: «Божа Мой, чаму Мяне пакінуў?» (Мц 27, 46). Айцец Каладзейчук сцвярджае: «Гэта была частка служэння, якая найбольш вымагала ад яе і была найдасканалейшым узорам яе любові да Бога і Яго ўбогіх. Акрамя клопату аб прыніжаных і адкінутых грамадствам людзях, яна хацела ўвайсці ў іх фізічныя і духоўныя пакуты, прыняць іх стан, быць “непажаданаю, нялюбаю, адкінутаю”, быць тым, у каго нікога няма». У гэтых людзях яна бачыла Хрыста, які прагнуў любові і збаўлення кожнага чалавека, і гэтае прагненне яна заспакойвала. Справа маці Тэрэзы знаходзілася на падмурку «еднасці з Тым, хто, паміраючы на крыжы, адчуваў сябе пакінутым Айцом», — дадае айцец Нойнер.

«Такая моцная і доўгая духоўная агонія магла расчараваць маці Тэрэзу, аднак яна, наадварот, прамянілася незвычайнаю радасцю і любоўю <...> , бо будавала сваё жыццё на чыстай веры», — падкрэслівае айцец Каладзейчук.

Але гэтая бесперастанная «ўнутраная агонія» не аслабіла яе дзейнасці. «У штодзённым жыцці яна была добразычліваю, у працы — нястомнаю. <...> Адораная незвычайнымі здольнасцямі кіраўніка, яна займалася сёстрамі, засноўвала новыя супольнасці, набывала вядомасць, але ўнутры адчувала поўную пустку», — гаворыць айцец Нойнер.

 

Аловак у Божай руцэ

Па словах айца Каладзейчука, маці Тэрэза «была перакананая, што Бог карыстаецца яе “мізэрнасцю”, каб паказаць сваю веліч. Ніколі яна не лічыла ўласныя дасягненні сваімі і заўжды імкнулася звярнуць сваю ўвагу на Бога і “Яго справы” сярод самых убогіх».

«Я толькі Яго інструмент. Дзеля чаго столькі пра мяне, калі ўся справа толькі Ягоная? Я не маю на яе ніякіх правоў. Я атрымала яе ў дар», — пісала маці Тэрэза арцыбіскупу Пер’е ў 1957 годзе. Ёй было балюча, калі людзі называлі яе заснавальніцаю. «Усё належала Яму, я павінна была толькі згадзіцца з Яго планам, Яго воляю. Сёння Яго справа расце, бо гэта Ён, а не я дзейнічае праз мяне», — тлумачыла яна ў 1960 годзе. А прамаўляючы ў 1979 годзе ў Рыме, маці Тэрэза засведчыла: «Я вельмі часта адчуваю, што з’яўляюся малым алоўкам у Божай руцэ. Гэта Ён піша, Ён думае, Ён рухае гэтаю справаю, а я павінна толькі быць алоўкам».

«Аднак жа Божы Провід не хацеў, каб яна засталася незаўважанаю», — каментуе айцец Каладзейчук. Супольнасць развівалася надзвычай хутка. Неўзабаве яна пашырылася на тэрыторыю ўсёй Індыі, а ў 1965 годзе ўзнік першы дом за мяжою, у Венесуэле. У 1982 годзе падчас аблогі Бейрута маці Тэрэза ўратавала 37 дзяцей са шпіталю, які знаходзіўся на лініі фронту. Яна несла дапамогу галадаючым у Бейруце, ахвярам выбуху ў Чарнобылі і землятрусу ў Арменіі. З 1957 года яна апекавалася псіхічна хворымі, а з 1985 года — хворымі на СНІД.

У 1963 годзе яна стварыла Супольнасць братоў місіянераў любові. Для шматлікіх супрацоўнікаў ва ўсім свеце яна стварыла разам з ксяндзом Себасцьянам Важакалам рух свецкіх місіянераў любові, а для святароў — рух Corpus Christi. У 1984 годзе разам з айцом Юзафам Лэнгфардам яна стварыла Супольнасць айцоў місіянераў любові.

Ствараючы і наведваючы дамы сясцёр, маці Тэрэза аб’ехала ўвесь свет. Яна выдала кнігу «Просты шлях», якая стала бестселерам. У 1986 годзе яна прымала ў Калькуце папу Яна Паўла ІІ. Маці Тэрэза атрымала шмат узнагародаў, найбольш прэстыжная з якіх — Нобелеўская прэмія міру ў 1979 годзе. Да яе заўжды ставіліся як да вельмі значнай асобы, але, на ўзор святой Тэрэзы з Ліз’ё і яе «малога шляху» Божага дзяцінства, маці Тэрэза пераконвала: «Не шукайце вялікіх рэчаў, а рабіце малыя рэчы з вялікай любоўю. <...> Чым меншая рэч, тым большая павінна быць нашая любоў». Усё, што рабіла, яна лічыла магчымасцю паказаць сваю любоў да Бога.

Кожны дзень яна пачынала ў цішыні з адарацыі Езуса ў Эўхарыстыі. Маці Тэрэза выпрацавала свой «малы шлях»: «Плёнам цішы з’яўляецца малітва. Плёнам малітвы з’яўляецца вера. Плёнам веры з’яўляецца любоў. Плёнам любові з’яўляецца служэнне. Плёнам служэння з’яўляецца супакой». Найбольшай пагрозаю для супакою яна лічыла аборты. «Калі мы можам прыняць тое, што маці забівае сваё дзіця, як мы можам казаць людзям, каб яны не забівалі іншых людзей?» — задавала яна рытарычнае пытанне. Маці Тэрэза прасіла, каб кожнае непажаданае дзіця магло ўсё ж нарадзіцца, бо сёстры былі гатовы прыняць яго.

 

Адсутная ў небе

За некалькі месяцаў да смерці маці Тэрэза адмовілася ад кіравання супольнасцю. Яна станавілася ўсё слабейшаю, лёгкія і сэрца адмаўляліся слухацца, яна была вымушаная рухацца на інваліднай калясцы. Маці Тэрэза доўга ляжала ў шпіталях, перанесла некалькі аперацый. Яна пакутавала ад згрызотаў сумлення, калі праходзіла дарагія дыягнастычныя даследаванні і тэрапію, бо яе не маглі прайсці ўбогія, якімі яна апекавалася. Маці Тэрэза прасіла: «Дазвольце мне памерці так, як паміраюць найбяднейшыя».

Яна памерла ў атачэнні сясцёр у Калькуце 5 верасня 1997 года. Пасля ўрачыстага пахавання, калі на вуліцах горада яе сабраліся ўшанаваць 1,5 мільёна чалавек, цела маці Тэрэзы спачыла ў капліцы мацярынскага Дому місіянерак любові. На дзвярах будынка цяпер знаходзіцца драўляная шыльда з надпісам: «Mother Teresa M.C. in» — «Маці Тэрэза тут».

Калі яна памірала, да супольнасці належалі 4 тысячы сясцёр у 560 дамах. Цяпер гэтых дамоў больш за 750 у 130 краінах, у іх працуюць 5,2 тысячы законніцаў. Моц уплыву маці Тэрэзы не аслабла і пасля яе смерці. «Яна — нашая сяброўка і заступніца ў небе, побач з Богам», — кажа сястра Прэма.

«“Ідзі, будзь Маім святлом”, — пажадаў Езус, і маці Тэрэза здолела быць гэтым святлом Божай любові ў жыцці людзей, якія жывуць у цемры. Аднак цаною, якую яна парадаксальна і зусім нечакана павінна была заплаціць за ажыццяўленне гэтага паклікання, стала тое, што маці Тэрэза сама жыла ў “страшнай цемры”», — заўважае айцец Браян Каладзейчук.

А сама маці Тэрэза так казала пра гэта: «Калі я раптам буду святою, я пэўна буду святою “ад цемры”. Я заўжды буду адсутнічаць у небе, каб запальваць святло для тых, хто жыве ў цемры на зямлі».

Павел Бяліньскі.

Пераклад з польскай мовы
Юліі Шэдзько.

Большасць цытатаў узятая з кнігі: «Маці Тэрэза, “Ідзі, будзь Маім святлом”. Прыватныя лісты “Святой з Калькуты”» (апр. Б. Каладзейчук), Кракаў, 2008.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY