Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(106)/2023
З нагоды юбілею

ГІСТОРЫЯ МІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
Постаці
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Вяртаючыся да надрукаванага
Нашы святыні
Спадчына

ІКОНЫ Ў ХАЦЕ БЕЛАРУСАЎ
Паэзія

ВЕРШЫ

САНЕТЫ
Пераклады

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Асобы

СКРЫГАНОВА ПОЛЕ
Кіназнаўства

Галіна ФЛІКОП-СВІТА

ІКОНЫ Ў ХАЦЕ БЕЛАРУСАЎ


Рэгіянальныя і канфесійныя асаблівасці ўладкавання абразоў
у інтэр’еры сялянскага жытла

Покуць у хаце. Вёска Кемялішкі, Астравецкі раён.
Фота 2013 г. Сяргея Лескеця.

Пры вытлумачэнні феномена народнай іконы намі вялася гаворка пра тое, што такія абразы найчасцей прызначаліся для размяшчэння ў жытле сялянаў1. Гэта не азначае, што народны іканапіс быў прадстаўлены толькі хатнімі абразамі. Аднак менавіта ўзнікненне практыкі размяшчэння сакральных твораў у інтэр’еры сялянскага жытла стала імпульсам для імклівага развіцця народнай іконы. Менавіта па гэтай прычыне неабходна падрабязней засяродзіцца на пытаннях, датычных хатніх абразоў: калі ўзнікла традыцыя ўсталявання іх на покуці; ці для ўсіх рэгіёнаў была характэрна і ці мела лакальныя асаблівасці; якія сюжэты абразоў былі найбольш пашыранымі ў хатнім ужытку; дзе набываліся такія абразы і ці дорага каштавалі.

На сённяшні дзень у шырокай грамадскасці даволі трывала ўкаранілася ўяўленне пра тыповы выгляд чырвонага кута традыцыйнай беларускай хаты, дзе ключавое месца належыць іконе, аздобленай вышытым ручніком, — набожнікам. У публікацыях па этнаграфіі беларусаў, у расказах экскурсаводаў этнаграфічных музеяў не гаворыцца пра час узнікнення покуці з такімі кампанентамі, а таму яна ўспрымаецца як спрадвечная2. А найбольш ранняе вядомае на цяперашні час упамінанне пра абразы ў хатах жыхароў нашых земляў, якое ўдалося выявіць на дадзены момант, сустракаецца ў канцы ХVІ ст.

Аўтар выказвае шчырую падзяку за падказку карысных крыніцаў, фота, абмен думкамі і абмеркаванне супрацоўнікам і кіраўнікам музеяў — Ігару Віктаравічу Іванову і Наталлі Уладзіміраўне Гярмацкай (БДМНАіП), Сяргею Віктаравічу Казулю, Ганне Казіміраўне Ляскоўскай і Рыце Венідыктаўне Янчалоўскай (ГДМГР), Надзеі Іванаўне Саўчанцы (НГМ РБ), к.н. Наталлі Мікалаеўне Пракоп’евай (РЭМ); гісторыкам — к.н. Змітру Вячаслававічу Скварэўскаму і Кірылу Іванавічу Карлюку; даследчыцам фальклору — д.н. Таццяне Васільеўне Валодзінай, к.н. Алене Ігараўне Ляшкевіч, Вользе Іванаўне Трубач; мастацтвазнаўцам — Юрыю Аляксандравічу Піскуну і д.н. Вользе Аляксандраўне Лабачэўскай; глыбоцкаму краязнаўцу Юрыю Пятровічу Калбасічу, фотамастаку Сяргею Лескецю.

 

Покуць у хаце. Глуск.
Фота 2010-х гг.
Таццяны Валодзінай.

Падзвінне

У 1581 г. немец лютэранін Паўль Одэрборн (каля 1555–1604 гг.) занатаваў назіранні за русамі (г. зн. за беларусамі) на Падзвінні: «Яны (русы) наогул не выходзяць з хаты без таго, каб перш не ўлагодзіць словамі малітвы свайго нябеснага ахоўніка. У кожным доме ў іх ёсць які-небудзь драўляны абраз, на якім можна пабачыць некалькі намаляваных твараў. Падыходзячы да яго з усёй сям’ёй, яны енкам і слязьмі малітоўна просяць святога Мікалая і яго нябесную дружыну пра ахову свайго дома. Пры гэтым яны часам з такой самаахвярнасцю б’юць сябе ў грудзі, што лёгка ўзбуджаюць душэўную тугу ў любога, хто стаіць побач»3. Гэтыя нататкі замежнага вандроўніка ў канцы ХVІ ст. выклікаюць вялікую цікавасць. Па-першае, на цяперашні момант гэта самае ранняе выяўленае ўпамінанне пра хатнія абразы. Па-другое, тут гаворыцца і пра найбольш пашыраную выяву — св. Мікалая і ўвогуле пра рэлігійныя ўяўленні вернікаў. Па-трэцяе, з запісанага вынікае, што, як правіла, абраз у хаце быў адзін з выявамі некалькіх святых.

На жаль, не вядомыя аналагічныя крыніцы, якія б сведчылі пра падобную практыку ў тыя часы ў іншых рэгіёнах. Таму цяжка сказаць, ці то Полаччына была ўнікальнай мясцовасцю, бо ў хатах жыхароў у ХVІ ст. знаходзіліся абразы, ці то гэта было пашыранай практыкай. Акрамя таго, гэта ставіць пытанне і пра месца напісання такіх іконаў і пра іх спосаб распаўсюду. Цікава, што нават у беларускіх цэрквах у той час абразоў было не шмат, пра што сведчаць архіўныя дакументы4. Па ўсёй верагоднасці, у ХVІ ст. іканапісных асяродкаў было на нашых землях яшчэ мала. Аднак паказальна, што абразы ў тыя часы ў наведаных вандроўнікам хатах Падзвіння былі паўсюдна.

Вядома, што на Смаленшчыне ў самым пачатку ХVІІ ст. таксама ў жытлах знаходзіліся абразы. У сваім дыярыушы Самуэль Іванавіч Маскевіч (1580–1642 гг.) прыводзіць цікавыя назіранні пра рэлігійныя ўяўленні жыхароў Смаленшчыны ў 1609 годзе. «У пытанні веры сярод простага люду [пануе] вялікае невуцтва. Калі кароль падышоў да Смаленска, навакольны люд пачаў уцякаць з быдлам у лясы, беручы з сабой з дому і абразы, на якія ўскладае празмерныя спадзяванні. Таму калі нашыя, шукаючы ў лесе спажывы, натрапілі на іх і адабралі быдла, яны, гневаючыся на абразы, на знак ганьбы паразвешвалі іх на дрэвах дагары, кажучы: „Мы молімся вам, а вы нас ад Літвы не ўбераглі”. А іншы, калі ўначы злодзей вывеў з яго хлява вала, схапіў са сцяны абраз і кінуў праз акно на хлеў (а той упаў у гной) ды сказаў: „Я тобе молюся, а ты мене от татя не боронишь”»5. Тут цікава тое, што наяўнасць абразоў на Смаленшчыне ў прышлых жаўнераў Вялікага Княства Літоўскага здзіўлення не выклікала, то бок, для іх гэта было таксама натуральным. А вось тое, што смаляне чынілі ў гневе над іконамі, звяртала на сябе ўвагу ліцвінаў — такое, верагодна, у родных краях не практыкавалася.

Покуць у хаце. Глускі раён.
Фота 2010-х гг. Таццяны Валодзінай.

Тым не менш, пакуль што можна меркаваць пра наяўнасць хатніх іконаў у канцы ХVІ — пачатку ХVІІ ст. толькі па Полаччыне і Смаленшчыне, суседніх паміж сабой рэгіёнах з працяглымі праваслаўнымі традыцыямі. Ці была такая ж завядзёнка ў іншых мясцінах Вялікага Княства Літоўскага, сказаць складана, асабліва маем сумневы адносна заходніх тэрыторый княства, дзе пераважала каталіцкае насельніцтва.

Але, магчыма, што на нейкім этапе практыка размяшчэння іконаў у хаце перарвалася, у выніку чаго на Полаччыне ажно да сярэдзіны ХІХ ст. дамашнія іконы не сустракаліся. Можа, паўплывалі рэлігійныя падзеі, звязаныя са з’яўленнем Грэка-каталіцкай Царквы. Праўда, пакуль што не зразумела, як гэта магло адбіцца на аздобе жытла вернікаў. Негатыўны ўнёсак мог адбыцца і праз вайну паміж Рэччу Паспалітай з Расіяй (1654–1667 гг.), бо загінула шмат людзей, у тым ліку іканапісцаў. Мноства майстроў было вывезена ў Масковію, ды і ўвогуле пасляваенны час быў складаным і не было магчымасці займець абразы для хатаў. Адсутнасць абразоў у жыллі магла застацца нормаю на працяглы перыяд. Выказаць такія думкі дазваляюць запісы этнографаў другой паловы ХІХ — пачатку ХХ ст., дзе гаворыцца пра тое, што абразы ў той час былі не ва ўсіх рэгіёнах, а там, дзе яны існавалі, з’явіліся не так даўно (падрабязней пра гэта будзе сказана ніжэй). Акрамя таго, поўная адсутнасць хатніх абразоў, створаных да ХІХ ст., якія б дайшлі да нашых дзён, таксама падмацоўвае такія думкі. Дзіўна, што з жытла беларускіх сялянаў не захавалася ніводнай іконы, якой больш за два стагодзі, бо, калі такая традыцыя мела месца, то адпаведна і артэфакты мусілі быць масавымі.

Асобную цікавасць уяўляюць архіўныя дакументы сярэдзіны — другой паловы ХІХ ст., дзе захоўваюцца звесткі па гэтым пытанні. У названы перыяд існавала пашыраная практыка складання праваслаўнымі святарамі Расійскай імперыі, у тым ліку і беларускіх губерняў, нарысаў па гісторыі храмаў, у якіх яны служаць. Запісваліся там і звесткі пра іх прыходы, асобнымі пунктамі акрэслівалася набожнасць прыхаджанаў, лад жыцця, звычаі і абрады, было апісанне жытла і пералік сельскагаспадарчых пабудоваў на падворку, наяўнасць садоў і г.д. Згадваліся ў гэтых матэрыялах і інтэр’еры сялянскіх хатаў, дзе надавалася ўвага і покуці.

 
Покуць у хаце. Вёска Луткі, Столінскі раён.
Фота 2022 г. Таццяны Валодзінай.
  Покуць у хаце. Вёска Палесціна,
Астравецкі раён. Фота 2013 г.
Сяргея Лескеця.

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (НГАБ) захоўваецца больш за дзясятак справаў такога кшталту, якія асвятляюць стан цэркваў Полацкага павета ў другой палове (пераважна ў канцы) ХІХ ст. Адзначым, што ў аналагічных дакументах па храмах іншых рэгіёнаў звесткі пра жытло прыхаджанаў не прыводзяцца6, тады як па названым павеце ўсе разгледжаныя намі крыніцы складзены па агульнай схеме і маюць патрэбную для нас інфармацыю. Пра абразы ў хатах звесткі хоць і пададзены сцісла, аднак яны даюць ўяўленне пра агульную колькасць абразоў, найбольш пашыраныя сюжэты, спосаб вырабу іконаў і іх кошт.

Святар царквы Св. Іллі сяла Горспля (цяпер Расонскі р-н Віцебскай вобл.) адзначыў, што ў прыхаджанаў звычайна бывае ад двух да сямі-васьмі абразоў7. А прыхаджане царквы Св. Параскевы сяла Улазавічы (цяпер Шумілінскі р-н Віцебскай вобл.) «самым главным украшением своего жилища … считают иконы, которых у них бывает много, — от 5 до 10 и более»8. У дакументах па іншых храмах колькасць абразоў не згадваецца.

Што датычыцца спосабу вырабу, цаны і мастацкіх вартасцяў, то ў Полацкім павеце, калі меркаваць па пісьмовых крыніцах, былі пашыраныя друкаваныя абразкі на паперы. Зразумела, што творы тыражнай графікі каштавалі значна танней за жывапісныя, а таму для сялянаў былі больш даступнымі. Настаяцелі нярэдка ў царкоўных летапісах рабілі запісы пра невысокую цану і сціплыя мастацкія вартасці такіх твораў. У хатах прыхаджанаў Шацілаўскай царквы (цяпер Полацкі р-н Віцебскай вобл.) «иконные изображения исключительно на бумаге, в рамах и за стеклом»9.

Больш разгорнутую характарыстыку абразкам у жытле сваіх прыхаджанаў даў настаяцель царквы ў сяле Горспля: «Все эти изображения бывают обыкновенно лубочного издания и часто в духе католическом, с таковыми же написанными, причём крестьяне на это не обращают особенного внимания, по невежеству или по веротерпимости — объяснить трудно. Иногда вместо всех икон передний угол украшает изваянное или вырезанное из дерева Распятие Спасителя. На нём обыкновенно сказывается характер относительно глубокой древности, иконы же старинные или выдающиеся в каком либо отношении замечать не приходилось»10. А святар Уваскрэсенскай царквы сяла Межава (цяпер аг., Аршанскі р-н Віцебскай вобл.) зазначае, што «икона в хатах самого дешевого достоинства, покупаются с рынков или на бумаге, или же в готовых рамах в позолоченной бумаге не выше 30 коп. ценой. …Много польского письма. Старинных икон не встречал…»11. Пра тое, што старажытных абразоў у хатах прыхаджанаў не было, пісалі таксама і святары цэркваў у сёлах Дваржэц (цяпер в. Дварэц, Полацкі р-н Віцебскай вобл.): «Старинных икон не встречается»12; Сосінцы: «Старинных икон в приходе никаких не имеется»13; Казіміраўка: «Иконы новейшей и не всегда удовлетворительной живописи»14.

Цікавым фактам з’яўляецца наяўнасць у прыхаджанаў каталіцкіх абразкоў. У гэтым выпадку яўна гаворка ідзе пра літаграфіі, хаця і згадваецца пра «польскае пісьмо». Тыя абразкі, што прызначаліся для католікаў, мелі іншыя сюжэты, іканаграфію. Паказальна, што прыхаджане гарбачэўскай царквы, у адрозненне ад згаданых вернікаў царквы ў сяле Горспля, ведалі розніцу паміж выявамі, прызначанымі для вернікаў розных канфесій: «Иконы все новые, православные, старинных нет, католические появляются только там, где арендуют католики землю — только у католиков — различие католических от православных прихожане знают»15.

Такім чынам, у хатах праваслаўных насельнікаў Полацкага павета ў другой палове ХІХ ст. пераважалі танныя друкаваныя абразкі. Сярод іх сустракаліся і літаграфіі, прызначаныя для католікаў, а таксама бывалі і разьбяныя ўкрыжаванні. Акрамя твораў тыражнай графікі, меліся і пісаныя абразы. На жаль, не зразумела, дзе іх рабілі і адкуль прывозілі на продаж. Згадваецца толькі, што яны сучасныя. Бытавалі тут і іконы-падакладніцы (ці — «падфалёжніцы»)16, пра што сведчыць згадка пра абразы ў рамах пад пазалочанай паперай. Адсутнасць старажытных абразоў у хатах можа сведчыць як пра адносна нядаўнюю практыку размяшчэння абразоў на покуці (прыведзеныя вышэй звесткі канца ХVІ ст. гавораць пра тое, што на нейкім этапе такая завядзёнка існавала, але яна магла перарвацца), так і пра тое, што абразы не захоўваліся доўга, а з пэўнай перыядычнасцю маглі замяняцца новымі.

На завяршэнне разгляду інтэр’ера жытла гэтага рэгіёна працытуем назіранні этнографаў, зробленыя ў канцы ХІХ ст. Пра выгляд покуці ў хатах Суражскага, Віцебскага, Полацкага, Дрысенскага, Лепельскага, Люцынскага і Гарадоцкага паветаў Павел Шэін (1826–1900 гг.) адзначыў наступнае: «Божница же помещается в левом углу от входа. На божницу свою здешние белоруссы обращают очень мало внимания, так как они отличаются крайним индифферентизмом к религии. Вы увидите там какой-нибудь закоптелый образ, завешанный грязным ручником, без всяких украшений»17. Асабліва цікава супаставіць назіранне П. Шэіна па Віцебшчыне з нататкамі лютэраніна Паўля Одэрборна за 1581 г., які пра жыхароў Падзвіння, наадварот, пісаў, што яны вылучаюцца набожнасцю і ў кожнай хаце знаходзяцца абразы. Відаць, сітуацыя за стагоддзі змянілася, а таксама нельга выключаць і тую акалічнасць, што разуменне набожнасці ў розныя перыяды і ў прадстаўнікоў розных канфесій, якія рабілі свае нататкі, магло адрознівацца. Акрамя таго, адзначым, што гэтыя назіранні П. Шэіна даволі абагуленыя. Ён піша пра шырокі абшар, які ўключае некалькі паветаў, але высновы свае робіць на падставе невялікай выбаркі.

Покуць ў хаце на Глыбоччыне, 1941 г.
Глыбоцкі раённы краязнаўчы музей.

Іншую інфармацыю пра той край у той жа перыяд падае этнограф Мікалай Нікіфароўскі (1845–1910 гг.). Ён даволі падрабязна апісвае ўнутраны выгляд хаты і дае разгорнутые звесткі пра покуць у розных па заможнасці жыхароў. Ягоныя матэрыялы ўяўляюць цікавасць, бо ў іх акрамя інфармацыі пра наяўнасць ці адсутнасць абразоў, іх колькасць, падрабязна гаворыцца пра спосаб іх размяшчэння і як адзін з варыянтаў згадваецца спецыяльная шафа — бажніца. «„Кутний вугол”, или просто „кут”, помимо убранства единственным в доме столом с приставными к нему скамьями, красен божницей, которая возвышается несколько над угловым соединением лавок в красном углу. В наиболее благоустроенных домах божницею служит небольшой (1 арш. высотою) угловой шкафчик со створчатою дверцей, на верхней площадке которого стоямя и в привесе на стене размещены иконы, численность последних редко превышает 5–6 икон»18.

У тых хатах, дзе не было шафы, абразы размяшчаліся на звычайнай паліцы. «Как шкафчик, так и полочка застилаются чистым, новым полотенцем или куском такого же холста, и все иконы сообща наиболее изящным длинным полотенцем, узорчатые концы которого помещаются на лавку. Каков состав икон и вообще наличность божницы, об этом приходится сказать лишь немногое из много. Неграмотный захолустный простолюдин воспоминаемого времени, кстати, близкий к временам унии, не клал строго различия между православными и католическими иконами, а приобретал те из них, кои разили яркостью красок, орнаментировкой, да бывали доступными по цене. Посему в божнице православного простолюдина рядом, напр., с иконою св. Николая, нетрудно было встретить икону католического святого в папской тиаре с однозмийным жезлом, встретить небольшое на постаменте резное „Распятте”, стоящее на подоконнике или на лавке близ „кутниго” угла, — встретить и католическое размещение икон — над окнами и на стенах при красном угле»19.

Гэтыя надзвычай цікавыя звесткі ад М. Нікіфароўскага адпавядаюць інфармацыі, якая была зафіксавана настаяцелямі праваслаўных храмаў пра жытло іх прыхаджанаў. А вось згадкі, пададзеныя П. Шэінам, ідуць у разрэз. Верагодна, ён зрабіў свае высновы на падставе павярхоўных назіранняў. Акрамя таго, звесткі М. Нікіфароўскага маюць цікавасць, бо ён дае дакладную фармулёўку таго, у чым палягала розніца паміж праваслаўнай і каталіцкай традыцыяй размяшчэння абразоў: у праваслаўных яны знаходзяцца ў куце, а ў католікаў — на сценах і над вокнамі.

Па заходняй частцы Віцебскай вобласці, прадстаўленай у сучасных межах Глыбоцкім, Пастаўскім, Докшыцкім, Мёрскім раёнамі, інфармацыі значна менш. Гэты рэгіён этнографамі аднесены, як і Полаччына, да Падзвіння (Паазер’я). Але ў ранейшыя стагоддзі гэтыя землі ўваходзілі ў склад Віленскага ваяводства, пазней — у ХІХ ст. — у склад Віленскай губерні, і гіпатэтычна тут маглі адбывацца крыху іншыя працэсы, абумоўленыя не столькі культурнымі працэсамі, колькі гандлёвымі асаблівасцямі гэтага краю, бо, калі гаворка ідзе пра народную/хатнюю ікону, то трэба ўлічваць наяўнасць іканапісных цэнтраў і майстэрняў, шляхі і рынкі збыту і інш.

Цікавасць уяўляе фотаздымак покуці хаты на Глыбоччыне, зроблены нямецкім салдатам у 1941 г. — ён захоўваецца ў фондах Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея (ГГЭМ)20. Тут прадстаўлена покуць яўна праваслаўных жыхароў, пра што сведчыць склад абразоў і іх размяшчэнне. Пра спосаб вырабу гэтых абразоў можна выказаць некалькі версій. Падобнага чыну іконы масава на продаж пісаліся ў майстэрнях сёлаў Уладзімірскай губерні: Палеху, Мсцёры і Холуі. У кожным з гэтых паселішчаў у канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. працавалі сотні майстроў, гэта быў самы вялікі ў Расійскай імперыі асяродак, дзе выпускаліся танныя абразы (хаця там пісаліся і дарагія для заможных заказчыкаў21). У той жа час прадпрыемствы, якія дагэтуль выпускалі бляшаную запакоўку для тавараў, пачалі выпускаць друкаваныя на блясе абразы. Яны па сутнасці з’яўляліся імітацыяй пісаных іконаў. Таму, магчыма, што акурат такія і бачныя на фотаздымку. Нельга выключаць, што тут змешчаны іконы-падакладніцы, асабліва ў крайнім правым ківоце (у цэнтры і левым больш падобныя да хромалітаграфій на метале). Такія абразы пісаліся рознымі майстрамі Расійскай імперыі, але дакладныя месцы іх майстэрняў пакуль што не лакалізаваныя.

На гэтым здымку ўсе тры абразы змешчаны ў ківотах (напэўна, за шклом), маюць накладныя аздобы ў выглядзе фольгавых шатаў, дэкаратыўных, верагодна, папяровых кветак. На абразах Езуса Хрыста і Божай Маці Казанскай — вянцы. Гэтыя два абразы аднолькавага памеру; улічваючы іх сюжэты, можна выказаць думку, што гэта вянчальныя абразы. Перад бажніцай на ланцугу падвешаны зніч.

Працяг у наступным нумары.


  1. Флікоп-Світа, Г.А. Феномен народнай іконы. Этапы вывучэння // Наша вера. — 2022, — №3. — С. 20–26.
  2. Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мінск : БелСЭ, 1989. — 575 с. — С. 405.
  3. Паўль Одэрборн. Праўдзівы і грунтоўны аповед пра веру русаў, іх шлюбныя і пахавальныя абрады, побыт, адзенне і г.д., а таксама пра веру і звычаі татараў напісана нядаўна для пана Давіда Хітрэуса. Акрамя таго, у тым самым апо­ведзе — пра веру і ахвяры старажытных барусаў. Было даслана літасціваму мужу Георгію Сабіну. Надрукаваў Стэфан Міліяндр, 1582 / пераклад на беларускую мову з лаціны Жанны Некрашэвіч-Кароткай, уступны артыкул «Паўночная Беларусь у апісанні Паўля Одэрбона» Генадзя Сагановіча // Беларускі гістарычны агляд. — 2005. — Т. 12. — Сш. 1–2.
  4. Флікоп-Світа, Г. А. Іканастасы храмаў Вялікага Княства Літоўскага ў святле пісьмовых крыніц XVI ст. // Архіварыус: зб. навук. паведамл. і арт. ; вып. 18 / рэдкал.: В. Ф. Голубеў (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : НГАБ, 2020. — С. 183–195.
  5. Дыярыушы XVII стагоддзя (1594–1707 гады) / уклад., пер. з пол. мовы А. У. Бразгуноў; рэд. кал.: А. У. Бразгуноў (старш.) [і інш.]. — Мінск: Беларуская навука, 2016. — 468 с. С. 37. Тэкст даступны ў электронным выглядзе па спасылцы: https://pawet.net/library/history/bel_history/_memoirs/009маскевіч_самуіл._дыярыуш.html#_ftn56
  6. НГАБ. — Ф. 114. — Воп. 1. — Спр. 1. — Летапіс Дзмітравіцкай царквы Ільінскай царквы. 1867–1917 гг. — 29 арк. НГАБ. — Ф. 1650. — Воп. 1. — Спр. 1. — Летапіс Крапіўніцкай Міхайлаўскай царквы Навазыбкаўскага павета Чарнігаўскай губерні. 1876 — 1915 гг. — 35 арк. НГАБ. — Ф. 113. — Воп. 1. — Спр. 3. — Кніга запісу звестак па гісторыі царквы за 1867 — 1875, 1888 — 1890, 1892, 1893, 1896, 1903 — 1905, 1907 — 1912 гг. — 22 арк. НГАБ. — Ф. 2685. — Воп. 1. — Спр. 1. — Летапіс Пакалюбіцкай Мікіцкай царквы Гомельскага павета Магілёўскай губерні і епархіі. 1887 — 1914 гг. — 39 арк. НГАБ. — Ф. 107. — Воп. 1. — Спр. 2. — Летапіс Халопеніцкай Успенскай царквы Барысаўскага павета Мінскай епархіі. — 1867–1901, 1904 гг. — 26 арк.
  7. НГАБ. — Ф. 2879. — Воп. 1. — Спр. 1. — Кніга запісу звестак па гісторыі царквы Св. Іллі с. Горспля Полацкага павета Віцебскай губерні. — 1842–1899 г. — 23 арк. Арк. 17 — 17 адв.
  8. НГАБ. — Ф. 2850. — Воп. 1. — Спр. 1. — Кніга запісу звестак па гісторыі царквы Св. Параскевы с. Улазавіч Полацкага павета Віцебскай губерні за 1889 г. — 44 арк.
  9. НГАБ. — Ф. 2851. — Воп. 1. — Спр. 1. — Кніга запісу звестак па гісторыі царквы Св. Мікалая в. Шацілава Полацкага павета Віцебскай губерні. 1865 — 1895 гг. — 22 арк. Арк. 15–15 адв.
  10. НГАБ. — Ф. 2879. — Воп. 1. — Спр. 1. — Кніга запісу звестак па гісторыі царквы Св. Іллі с. Горспля Полацкага павета Віцебскай губерні. — 1842–1899 г. — 23 арк. Арк. 17–17 адв.
  11. НГАБ. — Ф. 2848. — Воп. 1. — Спр. 1. — Кніга запісу звестак па гісторыі Уваскрасенскай царквы с. Межава Полацкага павета Віцебскай губерні за 1842–1899 гг. — 27 арк.
  12. НГАБ. — Ф. 2880. — Воп. 1. — Спр. 1. — Кніга запісу звестак па гісторыі царквы Св. Мікалая с. Дваржэц Полацкага павета Віцебскай губерні. — 1819–1899 г. — 8 арк. Арк. 6 адв. — 7.
  13. НГАБ. — Ф. 2871. — Воп. 1. — Спр. 1. — Кніга запісу звестак па гісторыі Пакроўскай царквы с. Сосінцы Полацкага павета Віцебскай губерні. — 1899 г. — 36 арк. Арк. 22.
  14. НГАБ. — Ф. 2890. — Воп. 1. — Спр. 1. — Кніга запісу звестак па гісторыі царквы Св. Кузьмы і Дзям’яна с. Казіміраўка Полацкага павета Віцебскай губерні. — 1880–1899 г. — 26 арк. Арк. 14 адв.
  15. НГАБ. — Ф. 2889. — Воп. 1. — Спр. 1. — Кніга запісу звестак па гісторыі царквы Св. Барыса і Глеба с. Гарбачэўка Полацкага павета Віцебскай губерні. — 1878–1898 г. — 12 арк. Арк. 8.
  16. Паколькі яны першапачаткова і ствараліся пад шату, то ў мэтах эканоміі матэрыялаў і часу прапісваліся толькі лікі і рукі (тое, што не будзе пакрывацца шатай) — гэта дазваляла зрабіць абразы больш таннымі.
  17. Шейн, П. В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края / собранные и приведённые в порядок П. В. Шейном. — Т. III. — Санкт-Петербург : типография императорской Академии наук, 1902. — С. 6–7.
  18. Никифоровский, Н. Я. Очерки простонародного житья-бытья в Витебской Белоруссии и описание предметов обиходности // Этнографические данные. Витебск, 1895. — VIII+548+CLIV с. С. 233–235.
  19. Никифоровский, Н. Я. Очерки простонародного житья-бытья в Витебской Белоруссии и описание предметов обиходности // Этнографические данные. Витебск, 1895. — VIII+548+CLIV с. С. 233–235.
  20. ГГЭМ. — КП 013084 (ФД 002578). — Фотаздымак покуці ў хаце на Глыбоччыне, 1941 г.
  21. Кондаков, Н. П. Современное положение русской народной иконописи / Н. П. Кондаков. — Б/м, 1901 г. — 67 с. (Электронны доступ: https://m.land.lib33.ru/site/publication/1453?)


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY