Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(107)/2024
Асобы

ПАТРАБАВАЛЬНЫ ПАПА
З жыцця Касцёла
Гісторыя
Постаці
Нашы святыні
Спадчына

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства
На кніжнай паліцы

ЯШЧЭ АДНО ІМЯ...
Спадчына

ІКОНЫ Ў ХАЦЕ БЕЛАРУСАЎ
Мастацтва

«НА БОЖУЮ ХВАЛУ…»
Проза

БАРАНАЧНІЦА ВЕРА
Прэзентацыя
Паэзія

ВЕРШЫ
Успаміны

БЕЛАЯ СТУЖКА ДАРОГІ
Асобы
Культура

Галіна ФЛІКОП-СВІТА

ІКОНЫ Ў ХАЦЕ БЕЛАРУСАЎ


Рэгіянальныя і канфесійныя асаблівасці
ўладкавання абразоў
у інтэр’еры сялянскага жытла

Інтэр’ер хаты на Смаргоншчыне. 1914–1918 гг.

Працяг.
Пачатак у № 4 за 2023 г.

Панямонне

Увогуле, асноўная частка крыніц вывучэння хатніх абразоў належыць да канца ХІХ — першай паловы ХХ ст. У гэты час з’яўляецца цікавасць даследчыкаў да народнага побыту і пачынаюць ладзіцца этнаграфічныя і фальклорныя экспедыцыі. Збіральнікі пры апісанні сялянскага жытла прыводзілі звесткі і пра інтэр’ер, дзе часам фігуруе і згадка пра покуць з абразом/абразамі. Але звычайна з гэтых нататак толькі і вынікае, што галоўнае сакральнае месца жытла знаходзілася па дыяганалі ад печы, і там змяшчаўся абраз ці некалькі абразоў пад ручніком. Сюжэты абразоў, іканаграфія, манера пісьма і іншыя характарыстыкі ў работах даследчыкаў апісваліся. Аднак тагачасныя запісы з’яўляюцца крыніцай інфармацыі ўвогуле пра наяўнасць або адсутнасць абразоў у хаце, іх спосаб размяшчэння ў інтэр’еры і колькасць. Варта адзначыць, што на сярэдзіну — канец ХІХ ст. не ва ўсіх рэгіёнах былі хатнія абразы.

Напрыклад, у Гродзенскай губерні падчас экспедыцый у канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. этнограф Павел Шэін назіраў наступнае: «Покуць, как известно, считается у крестьян чуть ли не во всей России почётным местом, но у крестьян Гродненского, Сокольского, Волковысского, Белостокского уездов Гродненской губернии вы ни у одного не найдёте какой бы то ни было иконки, хотя и у них у всех покуць считается почётным местом, но они, когда молятся в торжественных случаях, как, например, на дедах (дзедку), в день Пасхи, Рождества Христова и куццю, то обойдут вокруг стола, скажут пацеры, перекрестятся и сядут за обед или ужин. Но в эти дни во время еды на покуць вешают чистый утиральник на колочке. В покуць молятся только в случае, если крестьянин женит сына или выдаёт дочь замуж. Тогда отодвинут стол и, обойдя вокруг него три раза, становятся на колени лицом к покуци, с плачем кладут земные поклоны и потом кланяются всем присутствующим»1. Канфесійная спецыфіка рэгіёну сведчаць пра тое, што П. Шэін гаворыць пра інтэр’ер хаты католікаў: маленне на пацерах (ружанцы), шанаванне продкаў на Дзяды. Адсутнасць абразоў тут можа тлумачыцца не столькі пытаннямі набожнасці гаспадароў ці іх беднасцю, колькі асаблівасцямі рэлігійнай традыцыі.

Але ў гэтым кантэксце цікава прыгадаць малюнак аўтарства Станіслава Багеньскага да артыкула «Dziady na Litwie», апублікаванага ў часопісе «Tygodnik Ilustrowany» ў 1904 г.2 Тут звяртае на сябе ўвагу інтэр’ер, які перададзены з этнаграфічнай дакладнасцю. У самым куце можна разгледзець абрысы невялікага абраза, і правая ад яго сцяна запоўнена таксама выявамі ў рамах, відавочна, рэлігійнага зместу. На крайняй нават можна разабраць постаць Багародзіцы з Дзіцем на руках. Мастак яўна ўвасобіў на творы знаёмы яму інтэр’ер каталіцкага жытла.

Станіслаў Багеньскі, малюнак «Дзяды», 1904 г.

Тое ж назіралася і на Смаргоншчыне ў пачатку ХХ ст. Меркаваць пра гэта можна на падставе, зробленага нямецкім жаўнерам падчас Першай сусветнай вайны фотаздымка, дзе адлюстравана беларуская сям’я ў інтэр’еры свайго жытла3. У самым куце за фіранкамі вісіць абраз або стаіць укрыжаванне, а да сценаў прымацавана па паліцы, на якіх размяшчаюцца розныя святыя выявы. Тое, што знаходзіцца на левай сцяне, складана ідэнтыфікаваць, бо невялікага памеру ў рамачках маглі быць не толькі карцінкі рэлігійнага зместу, але і фотаздымкі. А вось на правай сцяне добра праглядаюцца выявы, што і дазваляе казаць пра веравызнанне жыхароў гэтага дома, бо тут прадстаўлены шануемы ў католікаў Антоній Падуанскі. Іншыя выявы належаць да сюжэтаў, якія былі характэрнымі і для праваслаўнай традыцыі, аднак іканаграфія іх заходнехрысціянская: ля самога кута «Укрыжаванне», справа ад яго, верагодна, «Св. Барбара», далей — згаданы «Антоній Падуанскі». Гэта ўсё творы тыражнай графікі, а побач з ім абраз «Божай Маці Чэнстахоўскай», які, магчыма, пісаны на дошцы. Па выяве гэта разабраць складана, аднак у музеях і прыватных зборах захоўваюцца падобныя абразкі, якія, магчыма, пілігрымы прывозілі на памяць пра наведванне санктуарыя на Яснай Гары ў Чэнстахове. Для такіх твораў характэрна тое, што яны выкананы рэльефна з пластычнай масы тэракотавага колеру, якая была нанесена на дошку. Прапісаныя былі лікі і рукі, а ўсё астатняе пакрыта залацістай фарбай. Дзякуючы рэльефу і нанесенай на фон фактуры гэта стварала імітацыю накладной металічнай шаты. Адлюстраваны на здымку абраз Чэнстахоўскай Багародзіцы стылістычна нагадвае такія творы. Пад паліцамі, на якіх расстаўлены вялікага памеру абразы ў рамах, вісяць невялічкія выявы, верагодна, рэлігійнага зместу. Такім чынам, інтэр’ер хаты католікаў у пачатку ХХ ст. меў даволі значную колькасць абразоў.

Яшчэ адной ілюстрацыяй тагачаснага каталіцкага хатняга інтэр’еру з’яўляецца паштоўка з фотавыявай, дзе адлюстраваны ўнутраны выгляд жытла на Наваградчыне. Яна была надрукавана ў часы Першай сусветнай вайны ў 1916–1917 гг. у Баранавічах і даслана дахаты ў Гановер жаўнерам Schlesischen, а цяпер захоўваецца ў прыватным зборы беларускага гісторыка Кірылы Карлюка, які выкупіў яе на аўкцыёне. Тут можна разгледзець на сцяне чатыры карцінкі ў рамках, праўда, сюжэты не вельмі добра праглядаюцца. Магчыма, тут прадстаўлены свецкія карцінкі, аднак усё ж больш падобна, што гэта рэлігійныя выявы. На крайняй злева можна разабраць постаць у поўны рост, хутчэй за ўсё, нейкага святога. Побач гарызантальная карцінка з дзіцем, якое ляжыць. Гэта, верагодна, маленькі Ісус Хрыстос з баранчыкам. Такі сюжэт быў папулярны ў пачатку ХХ ст. і нярэдка друкаваўся ў выглядзе літаграфій. Побач яшчэ дзве вертыкальныя карцінкі меншага памеру. На самай крайняй цяжка разабраць выяву, бо яна часткова перакрываецца прасніцай, а вось на іншай, верагодна, увасоблены сюжэт «Божая Маці Апека», бо тут праглядаецца цэнтральная фігура большых памераў, паабапал якой меншыя постаці, накрытыя Яе мафорыем. Відавочна, што ў католікаў было некалькі абразоў, іх вешалі уздоўж сцяны, а не ў куце, ручнікамі не пакрывалі. На жаль, іншыя тагачасныя фотаздымкі, зробленыя ў жытле беларусаў католікаў, нам не трапляліся, як і пісьмовыя звесткі. А вось пра інтэр’ер хатаў праваслаўных жыхароў нашых зямель ёсць інфармацыя з розных рэгіёнаў.

Фотапаштоўка. Інтэр’ер хаты на Наваградчыне.
Друкавана ў Баранавічах, 1916–1917 гг.

Хаця П. Шэін і адзначыў, што ў дамах Гарадзеншчыны, у тым ліку Ваўкавыскага павета, абразы не сустракаюцца, аднак прыблізна ў той жа час у іншага этнографа — Міхаіла Федароўскага (1853–1923 гг.) — трапляецца згадка пра хатнія іконы. Так, пры апісанні вясельнага абраду ў Ваўкавыскім павеце ў 1878 г. ён адзначае: «Пераступіўшы парог, (маладыя) найперш кіруюцца да покуці, дзе звычайна вісіць абраз…»4. Праўда, тут не зразумела канфесійная прыналежнасць жыхароў хаты, а таксама вынікае, што абразы былі на покуці не заўсёды.

Па Гродзеншчыне цікавыя звесткі прыводзіць Еўдакім Раманаў (1855–1922 гг.): «в том же углу у потолка висит икона, часто бумажная, лубочной работы, но яркая»5. Ён больш падрабязна раскрывае гэтую тэму, бо змяшчае свае назіранні асаблівасцяў жытла сялянаў рознай заможнасці, праўда, не зразумела іх канфесійная прыналежнасць. У забяспечаных сем’яў Парэцкай воласці Слонімскага павета (цяпер Слонімскі р-н Гродзенскай вобл.) хаты мелі больш складаную планіроўку і багацейшае афармленне інтэр’ера: «у грамотных и зажиточных крестьян бывает две-три иконы в багетовых либо окрашеных рамах. <…> Лампада перед иконами не встречается. В праздничные дни угловая икона покрывается чистым полотенцем. В курных избах совсем не бывает икон: они висят в сенях, налево у входа, или же в амбаре, или в гумне на столбе»6. У хатах Пасынкоўскай воласці Бельскага павета (цяпер Бельскі павет, Польшча): «На столе во всякое время непременно лежит хлеб. В том же угле, над столом, находятся образа»7. У Гожскай воласці Гродзенскага павета (цяпер Гродзенскі р-н Гродзенскай вобл.) у заможных сялянаў хата была падзелена на два пакоі: «Одна стена большой комнаты от красного угла всплошь устанавливается иконами, а в красном углу ставится крест с фигурой распятого Христа»8. Такім чынам, у пачатку ХХ ст. у Гродзенскай губерні ў розных яе частках была зафіксавана наяўнасць абразоў у хатах.

Покуць хаты ў в. Сурынка Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.,
фота А. С. Бяжковіча і Н. М. Хазовай, 1958 г. РЭМ.

Значна больш позняга часу іканаграфічнай крыніцай па гэтым рэгіёне з’яўляюцца фотаздымкі хаты ў в. Сурынка Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. (цяпер Слонімскі р-н Гродзенскай вобл.), зробленыя падчас этнаграфічнай экспедыцыі супрацоўнікамі Дзяржаўнага музея этнаграфіі народаў СССР (цяпер Расійскі этнаграфічны музей, далей РЭМ, г. Санкт-Пецярбург) А. С. Бяжковічам і Н. М. Хазовай у 1958 г.9 Бачна, што на покуці ўладкавана некалькі абразоў. У самым куце за фабрычнымі фіранкамі ў ківоце са шклом знаходзіцца абраз Хрыста Пантакратара. Абапал яго пад ручнікамі (падобна, што таксама фабрычнымі) знаходзяцца па дзве рамы з абразамі і яшчэ злева пад вышытым ручніком размешчана адна рама з выявай. Найлепей можна рзгледзець сюжэты тых абразоў, што ад кута злева. Тут у адной раме знаходзіцца абраз Божай Маці Адзігітрыі, у другой — святая ў кароне, найбольш верагодна, што гэта св. Барбара. Выглядае на тое, што ўсе гэтыя абразы выкананы ў тыражных тэхніках друку.

Бажніца з в. Харосіца Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл., 1930-я гг. БДМНАіП.

На завяршэнне разгляду традыцыі ўладкавання покуці ў хатах Панямоння адзначу, што абразы маглі не толькі развешвацца па сценах, але і змяшчацца ў спецыяльнай шафцы — бажніцы.

Бадай упершыню ў беларускай этналогіі вывучэнню такога прадмета як бажніца, яго паходжанню, варыятыўнасці і станаўленню самаго тэрміна прысвяціла сваю публікацыю Н. У. Гярмацкая, якая на той час працавала ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту (БДМНАіП) і займалася рэканструкцыяй інтэр’ераў хатаў з розных этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі. У яе артыкуле прадстаўлены выяўленыя ёю артэфакты, якія захоўваюцца ў розных музеях, і матэрыялы з экспедыцыі В. Ластоўскага10. Аднак на момант падрыхтоўкі ёю матэрыяла ў зборы БДМНАіП яшчэ не паступілі тыя прадметы з Астравецкага раёна, пра якія гаворка пойдзе ніжэй. Ім прысвяціў змястоўную публікацыю супрацоўнік гэтага ж музея А. Ю. Друпаў11. Акрамя іх, нам удалося выявіць і адну цікавую бажніцу з Воранаўскага раёна, якая захоўваецца цяпер у прыватным зборы.

Паколькі дадзеная тэма толькі нядаўна пачала распрацоўвацца, тэрмін «бажніца» яшчэ не атрымаў устойлівай фармулёўкі. Тлумачальныя слоўнікі даюць розныя варыянты, у тым ліку і такія, якія датычацца драўлянага прадмета для размяшчэння хатняга абраза. Можна прапанаваць такое тлумачэнне: гэта шафа, камода або адмысловая канструкцыя, прызначаная для размяшчэння галоўных сакральных рэчаў сям’і і хаты, дзе былі «акно» для абраза і паліца, ніша або шуфляда для свечкі, вербачкі, прасфораў і/ці інш. Варта падкрэсліць, што бажніца дазваляла трымаць усе сямейныя святыні разам у адным месцы.

Да нашых дзён захавалася некалькі такога кшталту сакральных прадметаў з таго краю. Яны належалі, па ўсёй верагоднасці, вернікам розных канфесій. Так, у зборах Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту захоўваецца бажніца 1930-х гг. з в. Харосіца Навагрудскага р-на. Калі абраз, які ў ёй змешчаны, з’яўляецца «родным», то гэта дазваляе гаварыць пра яе прыналежнасць праваслаўным вернікам. Бажніца выканана ў выглядзе камоды, дзе ніжняя частка, прызначаная для захоўвання сямейных святыняў, даволі глыбокая, яна зачыняецца дзверцай, а верхняя, прызначаная для размяшчэння абраза, аформлена разьбянымі слупкамі і трохвугольным франтонам12.

Бажніца з літаграфіяй
«Божая Маці Вастрабрамская».
Канец ХІХ – пачатак ХХ ст.
З в. Пелягрында Астравецкага р-на
Гродзенскай вобл. БДМНАіП.

У гэтым жа музеі захоўваюцца некалькі бажніцаў канца ХІХ — пачатку ХХ ст., якія ў 2016–2019 гг. паступілі ў зборы ў выніку экспедыцыі на Астравеччыну. Гэтыя помнікі экспанаваліся на выставе, што праходзіла ў памяшканнях музейнага аб’екта — царкве з в. Барань у 2020 г. Асабліва каштоўна тое, што гэтыя бажніцы паступілі ў музейныя зборы з роднымі абразамі, то бок, тымі, для якіх яны і прызначаліся першапачаткова. Гэтыя чатыры сакральныя прадметы з Астравеччыны хоць і ствараліся прыблізна ў адзін час, аднак яны розныя паводле сваёй стылістыкі.

Дзве бажніцы выкананы з традыцыйнымі матывамі разьбы, якія выкарыстоўваліся таксама і для дэкору хатаў, напрыклад, ліштваў. Цікава, што гэтае маё назіранне, зробленае пры аглядзе выставы, дзе экспанаваліся бажніцы, знайшло пацверджанне і ў публікацыі супрацоўніка БДМНАіП А. Ю. Друпава13, дзе аўтар прыводзіць аналагі ў афармленні вокнаў на Астравеччыне. Так, бажніца з в. Гіры з абразом «Божай Маці Маёвай» у навершшы мае завіткі, а пад палічкай — характэрны арнамент у выглядзе кропляў. Увогуле гэты прадмет сваім выглядам вельмі нагадвае акно. Асабліва наяўнасць тут шыбы, якая можа адчыняцца, зачыняцца і нават замыкаецца, яшчэ больш узмацняе такое падабенства. Не выключана, што над выкананнем гэтай бажніцы мог працаваць майстар, які выразаў ліштвы. Пра сакральнасць прадмета сведчаць выразаныя ў навершшы пацір, аплатка і крыж. Пад абразом знаходзіцца невялікая палічка, на якой маглі захоўвацца вербачкі і іншыя рэчы.

У такой жа народнай стылістыцы, але з іншым дэкорам, выканана бажніца з в. Пелягрында. Тут майстар аздобіў бакавіны скразной разьбой, франтон ляжыць на калонах, а ўверсе яго аздабляюць дзве птушкі паабапал крыжа. Звяртаюць на сябе ўвагу і дзве адтуліны ў палічцы, якія, верагодна, прызначаліся для свечак. У бажніцы змешчана літаграфія «Божая Маці Вастрабрамская». Датуецца канцом ХІХ — пачаткам ХХ ст. Падобнага кшталту бажніцы захоўваюцца таксама і ў іншай установе на Астравеччыне: у Аддзеле культуры і вольнага часу аг. Рымдзюны. Яны выкананы ў падобнай стылістыцы і дапаўняюць агульную карціну14.

Бажніца з літаграфіяй «Божая Маці Вастрабрамская». 1910-я гг. З в. Пелягрында Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. БДМНАіП.

З в. Пелягрында падчас экспедыцыі ў музейныя зборы паступіла яшчэ адна бажніца таго ж перыяду і з абразом такога ж сюжэту, але яна ад вышэй згаданай адрозніваецца зусім іншай стылістыкай: у ёй выразна прасочваюцца рысы неаготыкі. Вядома, што над яе вырабам працаваў мясцовы майстар Карл Аўгуліс15. Магчыма, што крыніцай для натхнення быў касцёл у Гервятах, у парафіі якога знаходзіцца в. Пелягрында. Калі гэта сапраўды так, то тады можна крыху ўдакладніць час стварэння бажніцы: яна зроблена не раней за 1903 г., бо менавіта тады завяршылася будаўніцтва касцёла, хаця яна магла быць проста выканана ў рэчышчы тагачаснай цікавасці да гэтага стылю на хвалі моды на неаготыку на мяжы стагоддзяў. Тут пад захоўванне важных для сям’і і хаты сакральных рэчаў, відаць, прызначана ніша пад абразом. Яна, хутчэй за ўсё, не адчыняецца, але з бакоў не мае сценак і туды можна пакласці свечкі, вербачкі і г.д.

У стылі мадэрн выканана бажніца, якая ў музейныя зборы патрапіла з аг. Гервяты і таксама датавана музейнымі супрацоўнікамі канцом ХІХ — пачаткам ХХ ст. Але на маю думку, гэты прадмет можна датаваць 1910-мі гг. Тут няма асобнай паліцы або нішы, аднак стольніца, да якой прымацавана рама з абразом, даволі шырокая і магла выкарыстоўвацца як паліца. Сваёй канструкцыяй гэтая бажнічка падобная да фератронаў — вынасных працэсійных алтарыкаў.

Бажніца. Ваколіцы Воранава,
1930-я гг. (?). Захоўваецца
ў прыватным зборы.

Адносна гэтых бажніцаў з Астравеччыны А. Ю. Друпаў выказаў меркаванне, што яны створаны пад уплывам традыцый стараабраднікаў, якія таксама жылі ў гэтым рэгёіне, а таксама, што характэрна, яны фіксуюцца менавіта ў жытле літоўскіх беларусаў або ў змешаных беларуска-літоўскіх сем’ях. То бок, тут назіраецца сінтэз традыцый. Гэтая цікавая традыцыя можа стаць тэмай для асобнага этналагічнага даследавання.

Дапаўняе карціну бажнічка з-пад Воранава Гродзенскай вобл., якая захоўваецца ў прыватным зборы. Хоць яна і паходзіць з іншага раёна, але гэта таксама памежны беларуска-літоўскі рэгіён. Яна прызначана для размяшчэння ў куце, пра што сведчыць трохвугольнай формы палічка, змешчаная за абразом. Бажніца аздоблена дэкаратыўнай разьбой, у навершшы заканчваецца трохвугольным франтонам з разьбяной выявай паціра і аплаткі, а паабапал яго змешчаны крыжы.

Ківот-накутнік. Канец ХІХ ст.
з в. Залазоўе Вілейскага р-на
Мінскай вобл. ВРКМ.

Н. А. Гярмацкая ў сваім артыкуле згадвае два драўляныя разьбяныя прадметы з разглядаемага рэгіёна, якія можна класіфікаваць не як бажніцы, а як ківоты для абразоў. Гэтаксама іх называе і сама даследчыца. Ківот адрозніваецца тым, што ён прызначаны толькі для абраза: не мае шуфляды або паліцы. Сама аўтарка выказвае меркаванне пра эвалюцыю бажніцы ў ківот, хаця, на маю думку, гэтае пытанне вымагае больш пільнага вывучэння, бо няма сведчанняў таго, што бажніцы існавалі з даўніх часоў, як даводзіць Н. У. Гярмацкая. Найбольш старажытныя артэфакты датуюцца сярэдзінай ХІХ ст., пра што размова пойдзе далей і, акрамя таго, бажніцы працягвалі рабіць і ў ХХ ст., і яны існавалі паралельна з ківотамі, якія, дарэчы, таксама ва ўжытак, па ўсёй верагоднасці, пачалі ўводзіцца недзе з сярэдзіны — другой паловы ХІХ ст., але ў гэты ж час існавалі і іншыя спосабы мацавання і ўсталёўвання абразоў.

Паколькі найбольш маштабна па розных рэгіёнах можна атрымаць звесткі толькі з другой паловы ХІХ ст., складана сказаць, якія формы на той час былі архаічнымі перажыткамі і дажывалі свой век, а якія тады толькі пачалі ўзнікаць. На думку Н. У. Гярмацкай, менавіта бажніца з’яўляецца найбольш старажытным хатнім прадметам для размяшчэння сакральных рэчаў сям’і, а вось ківот і паліцы, на яе думку, — больш позняя з’ява. Аднак у адзінкавых ранніх крыніцах канца ХVІ ст. згадак пра бажніцы няма (што не азначае іх адсутнасць), а ў канцы ХІХ ст. акрамя бажніцаў сустракаліся і ківоты, і простыя паліцы для абразоў, а ў католікаў іх увогуле вешалі на сценах. Мне падаецца, што найбольш старажытнай формай была якраз простая кутняя паліца, а ўжо пазней яна трансфармавалася ў адмысловую шафу, і адбылося гэта недзе ў ХІХ ст.

Што датычыцца ківотаў, то яны, розных формаў і спосабаў дэкору выкарыстоўваліся для размяшчэння хатніх абразоў. Гэта магла быць скрыня з шыбай, дзе за шклом размяшчаўся абраз, а таксама рэльефныя дэкаратыўныя аздобы на ім, якімі служылі не толькі шата, але і фольгавае аб’ёмнае пашпарту, папяровыя кветкі і г.д. Такія ківоты былі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. даволі пашыранымі, выконваліся, хутчэй за ўсё, фабрычным спосабам. Найчасцей у іх змяшчаўся абраз невялікага памеру, а вакол яго па перыметры прастору ківота запаўнялі розныя дэкаратыўныя элементы з фольгі, паперы, каляровай тканіны.

Валуевіч Міхаіл Міхайлавіч.
Хатні алтарык 1939 г. з в. Глушыца
Дзятлаўскага р-на
Гродзенскай вобл.; ГДМГР.

Альбо ківот мог быць выкананы ў выглядзе драўлянай панэлі з праёмам для абраза, а палі вакол яго і навершша аздабляліся разьбой. Менавіта два такія прадметы са збору Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі (ГДМГР) і Вілейскага раённага краязнаўчага музея (ВРКМ) і згадваюцца ў артыкуле Н .У. Гярмацкай. Вядома ж, яны таксама ўяўляюць цікавасць як прыклады ўладкавання хатніх абразоў. Канструктыўна і стылістычна яны вельмі падобныя. Адзін з іх, датаваны канцом ХІХ ст., паходзіць з в. Залазоўе цяперашняга Вілейскага раёна Мінскай вобласці. Ён захаваўся без абраза і без дзверкі са шклом. Другі, пачатку ХХ ст., з абразом «Хрыста Усядзержца», бытаваў у Астравецкім раёне і чамусьці ў музеі атрыбутаваны як страабрадніцкі, хаця гэта мог быць і праваслаўны прадмет.

На завяршэнне разгляду спосабаў размешчэння абразоў у хатах Панямоння згадаем цікавы прыклад — дамашні алтар. Такі ўнікальны прадмет захоўваецца ў зборах ГДМГР, куды ён паступіў пасля экспедыцыі супрацоўнікаў музея ў в. Глушыца на Гродзеншчыне (раней — Ашмянскі павет Віленскага ваяводства). Ён быў перададзены гаспадаром, а адначасова і стваральнікам — разьбяром Валуевічам Міхаілам Міхайлавічам, які яго выразаў у 1939 г.16 Структурай гэты прадмет падобны да традыцыйнага касцёльнага прысценнага алтара. Вядома ж, складанасць выканання, а таму і немалы кошт, не дазволілі б зрабіць такія рэчы масавымі для жылля сялянаў. Тым не менш, гэты прыклад паказальны тым, што з’яўленне пэўнага цікавага прадмета ў сялянскім ужытку абумоўлівалася самымі простымі побытавымі фактарамі: калі ў нейкай мясцовасці быў майстар, які мог такое ствараць, то там магла сфармавацца і лакальная традыцыя. Асновай маглі быць першапачаткова вырабы аднаго рамесніка ці саматужца, а пазней маглі ў яго з’явіцца паслядоўнікі, які пераймалі і капіравалі такія рэчы. У дадзеным выпадку алтар з’яўляецца адзінкавым вядомым прыкладам, аднак вышэйзгаданыя бажніцы з Астравеччыны маглі быць створаны ў такім кантэксце.


  1. Шейн, П. В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края / собранные и приведённые в порядок П. В. Шейном. — Т. III. — Санкт-Петербург : типография императорской Академии наук, 1902. — С. 64–65.
  2. Dziady na Litwie // Tygodnik Illustrowany. 1904. — № 44. — S. 839.
  3. По следам Первой мировой войны в Беларуси. Сморгонский район. Фотоальбом / Владимир Богданов, 2007.
  4. Вяселле : Абрад / Уклад., уступ. артыкул і камент. К. А. Цвіркі; муз. Дадатак З. Я. Мажэйка ; рэд. тома В. К. Бандарчык, А. С. Фядосік. — Мінск : Навука і тэхніка, 1978 — 640 с., нот. іл. — (Беларуская народная творчасць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору). — С. 142.
  5. Материалы по этнографии Гродненской губернии. Выпуск 1. По поручению Виленского учебного округа редактировал Е. Романов. Издание Управления Виленского учебного округа. — Вильно, 1911. — 238 с. — С. 19.
  6. Материалы по этнографии Гродненской губернии. Выпуск 1. По поручению Виленского учебного округа редактировал Е. Романов. Издание Управления Виленского учебного округа. — Вильно, 1911. — 238 с. — С. 19.
  7. Материалы по этнографии Гродненской губернии. Выпуск 1. По поручению Виленского учебного округа редактировал Е. Романов. Издание Управления Виленского учебного округа. — Вильно, 1911. — 238 с. — С. 20.
  8. Материалы по этнографии Гродненской губернии. Выпуск 1. По поручению Виленского учебного округа редактировал Е. Романов. Издание Управления Виленского учебного округа. — Вильно, 1911. — 238 с. — С. 22.
  9. РЭМ. — Коллекция фотодокументов. — КП. 8985/27,28 (колл. 223/27,28). Коллекция поступила в Государственный музей этнографии народов СССР от сотрудников музея А. С. Бежковича и Н. М. Хазовой. Фотоснимки выполнены ими во время экспедиции в Белоруссию в 1958 г. БССР, Гродненская обл. «Красный угол современной хаты. Деревня Суранка Слонимского р-на Гродненской обл. БССР. Белорусы.
  10. Гермацкая, Н. В. Сакральные семейные ценности белорусов. Божницы // Памяць продкаў праз музейны свет : матэрыялы музейных чытанняў, 18 лістапада 2014 г. / Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. — Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2015. — Вып. 3, 186 с. С. 68–77.
  11. Друпаў, А. Ю. Разныя бажніцы Астравецкага раёна як адметная традыцыя беларускіх літоўцаў // Памяць продкаў праз музейны свет : мінулае, сучаснасць і будучыня музеяў пад адкрытым небам : матэрыялы рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, Мінск, снежань 2021 г. / Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ; [склад. А. Я. Мікула, А. У. Абрамчук] — Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2021. — С. 107–119.
  12. Гермацкая, Н. В. Сакральные семейные ценности белорусов. Божницы // Памяць продкаў праз музейны свет : матэрыялы музейных чытанняў, 18 лістапада 2014 г. / Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. — Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2015. — Вып. 3, с. 72.
  13. Друпаў, А. Ю. Разныя бажніцы Астравецкага раёна як адметная традыцыя беларускіх літоўцаў // Памяць продкаў праз музейны свет : мінулае, сучаснасць і будучыня музеяў пад адкрытым небам : матэрыялы рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, Мінск, снежань 2021 г. / Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ; [склад. А. Я. Мікула, А. У. Абрамчук] — Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2021. — С. 107–119.
  14. Друпаў, А. Ю. Разныя бажніцы Астравецкага раёна як адметная традыцыя беларускіх літоўцаў // Памяць продкаў праз музейны свет : мінулае, сучаснасць і будучыня музеяў пад адкрытым небам : матэрыялы рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, Мінск, снежань 2021 г. / Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ; [склад. А. Я. Мікула, А. У. Абрамчук] — Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2021. — С. 107–119.
  15. Друпаў, А. Ю. Разныя бажніцы Астравецкага раёна як адметная традыцыя беларускіх літоўцаў // Памяць продкаў праз музейны свет : мінулае, сучаснасць і будучыня музеяў пад адкрытым небам : матэрыялы рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, Мінск, снежань 2021 г. / Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ; [склад. А. Я. Мікула, А. У. Абрамчук] — Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2021. — С. 107–119.
  16. КП 10637. Алтар; аўтар — Валуевіч Міхаіл Міхайлавіч; Польская Рэспубліка; Віленскае ваяводства; Ашмянскі павет; Глушыца-ІІ; 1939 г.; дрэва; разьба, паліхромія; 230х136 см.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY