Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(108)/2024
З жыцця Касцёла
Асобы

ПАТРАБАВАЛЬНЫ ПАПА
Інтэрв’ю

ШЛЯХІ ДА БОГА
Гісторыя
Спадчына

ІКОНЫ Ў ХАЦЕ БЕЛАРУСАЎ
Нашы святыні
Юбілеі

ЗЕРНЕ СУРОВАЙ ПРАЎДЫ

ТЫ БЫЎ МАІМ СЯБРАМ

ГІСТОРЫЯ АДНАГО ПОДПІСУ
Паэзія

ДУША ЗАТОЕНАЯ…

ВЕРШЫ
Асобы

ІСЦІ «НЯВОРАНЫМ ПОЛЕМ»
Пераклады
Спадчына

Галіна ФЛІКОП-СВІТА

ІКОНЫ Ў ХАЦЕ БЕЛАРУСАЎ


Рэгіянальныя і канфесійныя асаблівасці ўладкавання абразоў у інтэр’еры сялянскага жытла

Сям’я Хмялеўскіх за сталом, в. Лісічыцы Косаўскага павета.
Фота Юзафа Шыманчыка, 1937 г.

Працяг.
Пачатак у № 4 за 2023 г. і у № 1 за 2024 г.

Заходняе Палессе

Этнограф П. Шэін пра Заходняе Палессе (ён не падзяляў Палессе на рэгіёны, аднак матэрыялы ён збіраў менавіта ў заходняй частцы) заўважыў, што: «В хатах, кроме стола и скамьи да лав, ничего нет. Стены голые: ни образов, ни картин нет, только местами видны деревянные крючки, вбитые в стены…»1. І далей ён працягвае: «Украшений домов крестьянами не наблюдается. Даже во многих домах икон не встретите»2. У якасці прыкладу ім абрана сяло Жытлін Слонімскага павета (цяпер у Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобл.). Верагодна, у больш аддаленых паўднёвых мясцінах — у глыбіні Палесся, а таксама на паўднёвым усходзе, этнограф зафіксаваў бы іншую карціну. Магчыма, тут меў месца і эканамічна-побытавы складнік. Так, яшчэ ў той час большасць хатаў палілася па-чорнаму, пячэй новага тыпу — з комінам — была адна на 10–12 ранейшых. Адпаведна, упрыгожванне хаты было бессэнсоўным, бо хутка ўсё пакрывалася куродымам: «к тому же нужно прибавить, что стены и потолок чернее сажи от дыму, и вся обстановка говорит столько же о вопиющей бедности, сколько и о поразительной неопрятности»3.

Але калі такая сітуацыя і сапраўды існавала на час наведвання П. Шэінам гэтых мясцінаў, то неўзабаве яна змянілася. Калі абразы ў хатах палешукоў сталі масавымі, сказаць складана, аднак у міжваенны перыяд яны зафіксаваны некалькімі фатографамі. На здымку 1928 г. В. Ляхаўца, зробленым у вёсцы Кухоцкая Воля Пінскага павета (цяпер Зарэчанскі раён Ровенскай вобл. Украіны), прадстаўлена сялянская сям’я за сталом4. На фота добра бачна, што ў хаце знаходзяцца як мінімум чатыры абразы. На жаль, якасць выявы не дазваляе разгледзець сюжэты, аднак пра спосаб развешвання іконаў і пакрыццё іх ручнікамі атрымаць уяўленне можна.

Сялянская сям’я падчас вячэры ў в. Кухоцкая Воля Пінскага павета
(цяпер Зарэчанскі р-н, Ровенская вобл. Украіны). Фота В. Ляхаўца, 1928 г.
МБП у Пінску.

Над акном знаходзяцца два аднолькавага памеру абразы, накрытыя агульным набожнікам. Тое, як яны блікуюць у крыніцы святла, дазваляе выказаць думку, што гэтыя іконы змешчаны ў ківотах за шклом. Найчасцей так уладкоўвалі друкаваныя абразкі або падакладніцы. Злева ад гэтай пары знаходзяцца яшчэ два меншых памераў абразы, кожны з якіх накрыты асобным ручніком. А з самага краю здымка ў левым куце праглядаецца нейкая выява на сцяне, якая ўладкавана троху вышэй за іконы. Не зразумела, ці гэта таксама абраз ці нешта іншае. У любым выпадку, можна весці гаворку пра наяўнасць па меншай меры чатырох іконаў у гэтай хаце.

Ткалля (Палессе). Фота Юзафа Шыманчыка. 1937 г. Негатыў са збору Ю. Шыманчыка.

Значна лепей зафіксаваны абразы на здымку 1937 г. Юзафа Шыманчыка (1909–2003 гг.). Фатограф зняў не толькі ткаллю, але і покуць за яе спінай, дзе выразна бачныя Багародзіца Адзігітрыя, св. Мікалай, св. Юрый Змеяборац. Магчыма, гэта друкаваныя выявы, але дакладна такое сцвярджаць не выпадае. Абразы размешчаны ў шырокіх дабротных рамах. Самі выявы досыць кантрасныя, напэўна, абразкі былі яркімі, у добрым стане захавання або новымі.

Паколькі ў міжваенны час (ды і пазней) Палессе вельмі прываблівала аматараў этнаграфіі, у тым ліку фотамайстроў, якія імкнуліся «заспець натуру», што амаль знікла ў іншых краях, то і ў іншых фатографаў трапляецца фіксацыя інтэр’ераў тамтэйшых хатаў. Выдатны здымак сям’і Хмялеўскіх за сталом, зроблены Юзафам Шыманчыкам у 1937 г. у в. Лісічыцы Косаўскага павета (цяпер у Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобл.), дае магчымасць добра разглядзець і абразы ў хаце5. Падобна, што ў невялікай рамцы над акном змешчаны дзве літаграфіі, сюжэты якіх разабраць складана. А вось два большыя абразы паабапал сведчаць пра тое, што тут былі ва ўжытку недарагія, масавай вытворчасці іконы. Выява злева выглядае на літаграфію. Такога кшталту друкаваныя аркушы былі даволі пашыранымі. Яны мелі некалькі кампазіцый. У дадзеным выпадку цэнтральны вобраз мае менавіта заходнехрысціянскую іканаграфію — «Сэрца Марыі». Кампазіцыі ў невялікіх клеймах па перыметры не ўсе можна разабраць, а абраз справа ад акна больш падобны да іконы-падакладніцы: тут, напэўна, намаляваныя толькі лікі і рукі, а астатняе акрэслена контурна, бо прызначана пад шату. Магчыма, тут прадстаўлены інтэр’ер хаты католікаў, бо не толькі сюжэт аднаго з абразоў мае заходнюю іканаграфію, але і сама развеска іконаў у хаце: не ў куце, а па сценах. Аднак тое, што яны пакрыты ручніком (а гэта назіралася менавіта ў праваслаўных) дазваляе ў гэтым сумнявацца. У любым выпадку тут можна гаварыць пра пэўны сінтэз традыцый.

Сям’я за сталом. Палессе. Фота Генрыха Паддэмбскага, 1935–1938 гг.
Пазітыў захоўваецца ў зборы К. Кукелы.

Апошні з гэтага рэгіёну здымак, на якім засяродзім увагу, зроблены Генрыхам Паддэмбскім у 1935–1938 гг. (пазітыў захоўваецца ў зборы К. Кукелы), на жаль, невядома, у якім паселішчы Палесся6. За сталом сядзіць сям’я, а на покуці добра праглядаюцца чатыры абразы пад агульным ручніком. Хоць амаль немагчыма разабраць сюжэты іконаў, аднак пэўныя назіранні ўсё ж можна выказаць. Абраз у самым куце ўпрыгожаны папяровымі кветкамі па перыметры. Такая аздоба была даволі пашыранай. Асабліва часта яна выкарыстоўвалася для ўбрання танных падакладніц або друкаваных абразкоў. Вядома таксама і тое, што рабілася яна неабавязкова гаспадарамі хаты, а магла быць саматужнай ці рамеснай вытворчасці, якая суіснавала ў звязцы і супрацоўніцтве з іканапіснымі майстэрнямі. Два абразы злева ад цэнтральнага таксама ўладкаваны ў ківоты за шклом, што бачна па бліках. На тым, што бліжэй да кута, можна нават разабраць тры постаці ў поўны рост пад шатай. Абраз нагадвае менавіта рускія іконы канца ХІХ ст. з выявай выбраных святых.

А вось самы крайні злева абраз прываблівае ўвагу сваім сюжэтам. Тут можна разгледзець сілуэт светлага, запрэжанага ў гужавы транспарт, пра што сведчаць аглоблі, коніка; магчыма, што побач з ім ёсць яшчэ адзін. Выява каня адлюстраваная на абразах некалькіх сюжэтаў: з Юрыем Змеяборцам, у некаторых іканаграфічных зводах з Арханёлам Міхаілам, аднак яны паказаны вершнікамі ў сядле. А вось менавіта ў транспартным сродку адлюстроўваецца прарок Ілля, які ў вогненнай калясніцы ўзышоў на неба. Яго нашыя продкі шанавалі як святога, які кіруе навальніцай, маланкай, громам. Нельга сказаць, што яго абразы былі вельмі распаўсюджанымі, аднак яны маглі сустракацца ў хатах беларусаў. Абраз, які можна разгледзець на гэтым здымку, цікавасць выклікае яшчэ і тэхнікай выканання: гэта або літаграфія або абраз, напісаны на палатне, у любым выпадку дакладна бачна, што не на дошцы.

 

Усходняе Палессе

Надзвычай каштоўныя назіранні ў сваіх публікацыях 1920–1930-х гг. прыводзіць Чэслаў Пяткевіч (1856–1936 гг.) пра рэлігійныя ўяўленні жыхароў Рэчыцкага Палесся: «На куце вешаюць намаляваны на дошцы абраз самога Бога, Хрыста ў розных постацях, Маці Божай ці Св. Міколы, а часам і іншых. Пад абразом робяць трохкутную паліцу, на якую кладуцца розныя святасці: проскурка — невялічкая пшанічная булачка — „гостья” паводле абраду ўсходняй царквы; асвечаная васковая свечка ў прымітыўным ліхтарыку з гліны, з бульбы ці ў бутэльцы (гэтую свечку запальваюць падчас буры); ладан, а часам і дажынкавы вянок жыта. У выпадку, калі абразы развешаны так, што паміж імі застаюцца пустыя прамежкі, на рамках кожнага з іх вешаюць малы вышываны ручнік; калі яны развешаны шчыльна адзін пры другім, што звычайна бывае ў першым ад столі радзе, тады для ўсіх служыць адзін большы агульны ручнік з аздабленнем. У хатах больш заможных гаспадароў пераважаюць значна даражэйшыя абразы, намаляваныя на дошках; а самыя заможныя людзі ў кутах маюць свяцейшыя абразы ў сярэбраных афармленнях (у ваблачэнні), замкнутыя ў глыбокіх рамах»7.

Вывучэнню гэтага рэгіёна прысвяціў сваю працу і калега Чэслава Пяткевіча — польскі этнограф Казімір Машынскі (1887–1959 гг.). У сваёй манаграфіі «Усходняе Палессе» пры апісанні хаты ён прыводзіць наступныя звесткі: «Кут хаты па дыяганалі ад печы, у якім стаіць стол, называюць покуць, ён вельмі важны, бо там на сценах знаходзяцца святыя абразы або багі, упрыгожаныя завешаным на іх ручніком, а летам — кветкамі чаромхі ці каліны»8.

 
Бажніца з в. Асташкавічы.
Сярэдзіна ХІХ ст. Фота 1929 г.,
аддзел рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі.
  Бажніца з в. Асташкавічы.
Зрабіў дзед Кацярыны Лунтус,
канец 1840-х – пачатак 1850-х гг.
Фота 1929 г.,
аддзел рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі

У гэты рэгіён ладзіліся этнаграфічныя экспедыцыі і даследчыкаў з расійскіх установаў. У РЭМе захоўваецца рукапіс з чарцяжамі і малюнкамі на 253-х аркушах «Описание А. В. Сержпутовского о постройках, занятиях и поверьях крестьян Мозырского и Слуцкого уездов Минской губернии». Там даследчык прыводзіць наступныя звесткі: «Противоположный угол печи называется покуть. Это красный угол. Здесь стоит стол, на котором постоянно лежит хлеб и соль. Стены покути украшены иконами и узорчатыми ручниками»9.

Натурныя літаратурныя замалёўкі таго ж перыяду можна сустрэць і ў класікаў беларускай літаратуры. Так, у сваіх ранніх творах Андрэй Мрый даволі часта апісваў местачковыя кірмашы. У 1926 г. у апавяданні «Багамаз» аўтар прыводзіць цікавыя звесткі: тут вядзецца гаворка пра вялікі кірмаш у сяле Горы, які штогод традыцыйна ладзіўся на «Дзясятуху». Туды з’язджаліся жыхары Гомеля, Навазыбкава, Клінцоў. Так аўтар апісвае гэтую сцэнку:

«…Тут багамаз з сваімі цацкамі. Панавешваў абразкоў. Алейным голасам пішчыць:

— Праваслаўныя хрысціяне! Не ўгодна лі купіць Госпада Ісуса Хрыста! Прачыстую Багародзіцу! Святога Юрыя! Міколу-цудатворцу!

Натоўп маўчыць. Глядзіць на багамаза як на цікавы анахранізм.

Цяпер сваіх прадасі, каб толькі купілі, а не то, каб зноў купляць! Прайшоў гэты час!

Толькі адна баба і купіла двох багоў за чатыры рублі. Паставілі іх каля калёс. Другая ішла, ненарокам таўханула.

— Стой, стой, куды разагналася? Маіх багоў паб’еш! — Я ж такі заплаціла чатыры рублі. Гэта ж не жарты! Адным бокам глядзіць, ці цэлыя багі, другім углядаецца ў бабу, бача на ёй новую хустку!

— Колькі аддала?

— Тры рублі.

— А мае багі чатыры рублі!

Баба, відаць, шкадуе, што лепш не купіла хусткі, а немаведама зачым купіла багоў»10.

Бажніца з в. Асташкавічы.
Зрабіў дзядзька Лявон, 1850-я гг..
Фота 1929 г., аддзел рукапісаў
ЦНБ НАН Беларусі.

З гэтай невялікай натурнай зацемкі можна зрабіць некалькі цікавых высноваў. Па-першае, тут вядзецца гаворка пра спосаб распаўсюду абразоў для хатаў: іх прадавалі на кірмашах. Па-другое, тыя сюжэты, што пералічвае багамаз, з’яўляюцца найбольш пашыранымі ў хатнім ужытку, пра што сведчаць і захаваныя помнікі. А па-трэцяе, што найбольш цікава, з тэксту можна зразумець стаўленне да абразоў у той час. Натуральна, яно было прадыктавана новымі ідэалагічнымі прынцыпамі маладой савецкай дзяржавы. Людзі пачыналі баяцца не толькі замаўляць абразы, але і трымаць у хатах. Аднак у сярэдзіне 1920-х яшчэ былі іканапісцы, якія працягвалі працаваць і прадаваць, і знаходзіліся ўсё ж пакупнікі...

У РЭМе захоўваюцца невядомага аўтарства этнаграфічныя матэрыялы, сабраныя ў сяле Азяраны Мазырскага павета (цяпер Жыткавіцкі р-н Гомельскай вобл.) паміж 1897 і 1917 гг. Складальнік гэтага дакумента прыводзіць даволі цікавыя звесткі пра рэлігійныя ўяўленні тамтэйшых жыхароў: «На иконы народ смотрит с особенным уважением и любовью, в красном углу в избе у белоруссов бывает много различных икон, обвешанных полотенцами. <...> Существуют различныя предания, что во время пожаров иконы оставались целыми. Многие говорят, что во время большого пожара в Озеранах (летом 1896–1897 гг.) выгорела целая улица „селиба”, взрослые все были в поле, когда, наконец, прибежали с полей, от изб и построек остались лишь обгорелые брёвна и пни, во время пожара, по рассказам белоруссов, в избе одного крестьянина сгорел киот иконы, а сама икона, писанная на полотне, осталась цела»11. Гэтая нататка ўяўляе цікавасць яшчэ і па той прычыне, што згадваецца напісаны на палатне абраз, што з’яўляецца рэдкасцю. У археаграфічных і этнаграфічных крыніцах гэта адзінае выяўленае такога кшталту ўпамінанне. Сярод захаваных абразоў гэтага рэгіёну, якія б менавіта і былі прызначаны для хатняга размяшчэння (а не для храмаў), іконы на палатне нам таксама не трапляліся.

Нельга не адзначыць, што паселішча Азяраны нам вядома ў сувязі з пражываннем там у першай трэці ХІХ ст. іканапісцаў: Пятра Сулкоўскага, які быў ў тыя часы парахам тамтэйшай уніяцкай царквы, і ягонага сына Стэфана. Пра мастацкую дзейнасць сына вядома з 1830-х гг. і да канца 1850-х, але гэта былі разнастайныя іканапісныя заказы для храмаў Мінскай епархіі. Таксама ёсць архіўныя сведчанні, што ў другой палове 1840-х ён меў намер накіравацца ў Валынскую епархію дзеля выканання там заказаў. Магчыма, гэта яму ўдалося, пасля чаго ён вярнуўся, бо за дзесяцігадовы прамежак часу ў археаграфічных крыніцах па Мінскай епархіі не ўдалося пакуль адшукаць сведчанні ягонай дзейнасці. Магчыма, як і планаваў, ён паехаў у Валынскую епархію, дзе і працаваў з 1846 па 1856 г. Нельга выключаць і тое, што да ад’езду і пасля вяртання на малой радзіме ён перыядычна пісаў абразы для мясцовых жыхароў пры адсутнасці іншых заказаў12.

Вялікае значэнне для вывучэння тэмы покуці і хатніх абразоў маюць матэрыялы экспедыцыі 1928 г. вядомага даследчыка і збіральніка даўніны, першага дырэктара Беларускага дзяржаўнага музея (БДМ) Вацлава Ластоўскага (1883–1938 гг.) па маршруце Слуцк — Асташкавічы, калі былі наведаны вёскі і мястэчкі Бабруйскай і Мазырскай акругаў, у сучасных адміністрацыйных межах гэта: Слуцк і Паўстынь Слуцкага раёна; Таль і Шыпілавічы Любанскага р-на; Граб’е, Ляскавічы, Забалацце, Ляскі, Ламавічы, Бубнаўка Акцябрскага р-на; Асташкавічы Светлагорскага р-на; Казловічы, Давыдавічы, Даманавічы, Анісавічы, Азарычы, Лампекі (не існуе), Халаднікі, Лісец, Сышчыцы Калінкавіцкага р-на13.

 
Бажніца з ваколіцаў Асташкавічаў (?).
Сярэдзіна ХІХ ст. Фота 1929 г.,
аддзел рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі.
  Бажніца з в. Давыдавічы.
Сярэдзіна ХІХ ст. Фота 1929 г.,
аддзел рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі.

Даследчыца традыцыйнай культуры і народнага мастацтва В. А. Лабачэўская, якая вярнула з забыцця гэтыя матэрыялы, так акрэсліла іх значнасць: «Пералік даследаваных экспедыцыяй В. Ластоўскага населеных пунктаў дазваляе ў поўнай меры зразумець унікальнасць фотаматэрыялаў. У гэтых раёнах да 1928 г. не пралягалі шляхі беларускіх этнографаў. Фотаздымкаў з гэтых мясцін няма ў фатаграфічнай спадчыне І. Сербава, якая захоўваецца ў аддзеле рукапісаў Віленскай бібліятэкі, А. Сержпутоўскага і В. Костка — у Расійскім этнаграфічным музеі»14.

Цудам захаваныя фотаздымкі зберагаюцца ў Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францішка Скарыны ў Лондане, а іх лічбавыя копіі даступны айчынным даследчыкам у аддзеле рукапісаў і старадрукаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (ЦНБ НАН РБ). Сярод шэрагу фатаграфій народнага адзення, пабудоў, прадметаў этнаграфіі, будынкаў храмаў і іх начыння зберагаецца сем здымкаў хатніх драўляных разьбяных бажніцаў. Менавіта гэты тэрмін і ўжыў В. Ластоўскі для абазначэння невялікай драўлянай шафы, прызначанай для размяшчання ў ёй іконы. Праўдападобна, што бажніцы на Віцебшчыне, пра якія пісаў у сваіх нарысах М. Нікіфароўскі, былі падобнага кшталту.

На некаторых здымках па выніках экспедыцыі В. Ластоўскага бажніцы зафіксаваны адразу з анатацыямі да іх, у якіх прыведзены інвентарны нумар. Вывучаючы гэтыя матэрыялы, В. А. Лабачэўская выказала думку, што шэраг здымкаў быў зроблены не адразу ў часе экспедыцыі, а ўжо па вяртанні з яе была праведзена фотафіксацыя тых прадметаў, што папоўнілі зборы Беларускага дзяржаўнага музея (БДМ). Анатацыі даволі падрабязныя, з іх становіцца вядома не толькі, у якой мясцовасці бытавала бажнічка, але і за колькі рублёў яна куплена, хто і ў якія гады яе рабіў. Гэта дазваляе зрабіць высновы і пра час існавання традыцыі размяшчэння абразоў у хатах разглядаемага рэгіёну. Наяўнасць інвентарных нумароў дае надзею на будучыню пры адшуканні гэтых артэфактаў, якія зніклі са збору БДМ ў часы вайны, весці гаворку пра іх музейную прыналежнасць і падымаць пытаннне пра іх вяртанне.

 
Бажніца з в. Лісец.
Зрабіў прадзед Майсея Старавойтава,
сярэдзіна ХІХ ст.
Фота 1929 г., аддзел рукапісаў
ЦНБ НАН Беларусі.
  Бажніца з ваколіцаў
Асташкавічаў (?).
Сярэдзіна ХІХ ст.
Фота 1929 г.,
аддзел рукапісаў
ЦНБ НАН Беларусі.

Для дзвюх бажніцаў анатацыі не прыведзены, а для пяці іншых указаныя звесткі гавораць пра тое, што яны бытавалі ў адным вельмі лакальным рэгіёне: Асташкавічы — Давыдавічы — Лесец. Гэтыя паселішчы на карце размешчаны трохкутнікам з адлегласцю паміж імі 15–20 км. Пры наяўнасці ў кожнай з іх сваіх асаблівасцяў шэсць з сямі бажніцаў (акрамя той, што з в. Давыдавічы) падобныя паміж сабой і канструкцыяй, і дэкорам. Геаметрычны арнамент выкананы пры выбіранні драўніны паміж вертыкальнымі, гарызантальнымі і дыяганальнымі лініямі. У некалькіх бажніцах уверсе закапманаваны крыж. Цікава, што ніша для абраза ў большасці выпадкаў мае барочнае навершша. То бок, на час стварэння гэтых бажніцаў у сярэдзіне ХІХ ст. яшчэ назіраліся адгалоскі гэтага стылю.

Бажніцу з в. Асташкавічы ад Кацярыны Лунтус рабіў яе дзед на сваё вяселле 80 гадоў таму. Іншую з таго ж паселішча, набытую ў Агаты Крупенкі, 70 гадоў таму рабіў яе дзядзька Лявон. Яшчэ адну — з в. Лісец ад Майсея Старавойтава — рабіў ягоны прадзед. То бок, час стварэння прынамсі трох з сямі бажніцаў прыблізна аднолькавы — гэта сярэдзіна ХІХ ст. Магчыма, якраз у той час і ўзнікла такая практыка. Такім чынам, недалёка Мазыра ў сярэдзіне ХІХ ст. абразы ў хатах ужо былі і маглі размяшчацца ў адмысловай разьбянай шафцы. На жаль, цяжка сказаць, ці толькі тады і пачалі ўвогуле з’яўляцца такія бажніцы, ці існавалі і раней. Таксама невядома, ці былі да сярэдзіны ХІХ ст. абразы ў хатах жыхароў таго рэгіёну ці толькі ў той час іконы там і ўвайшлі ва ўжытак.

 

Абагульняючы вышэйсказанае пра Палессе агулам (і заходняе, і ўсходняе), падкрэслім, што гэта той рэгіён, з якога на цяперашні момант захавалася даволі шмат інфармацыі па цікавым для нас пытанні. Тут і апісанні некалькіх збіральнікаў існуюць па розных частках гэтага вялікага абшару, і грунтоўныя абагульняючыя манаграфіі двух польскіх навукоўцаў, а таксама, што вельмі каштоўна, захавалася некалькі фотаздымкаў міжваеннага часу.

Працяг будзе.


  1. Шейн, П. В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края / собранные и приведённые в порядок П. В. Шейном. — Т. III. — Санкт-Петербург : типография императорской Академии наук, 1902. — С. 361.
  2. Шейн, П. В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края / собранные и приведённые в порядок П. В. Шейном. — Т. III. — Санкт-Петербург : типография императорской Академии наук, 1902. — С. 362.
  3. Шейн, П. В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края / собранные и приведённые в порядок П. В. Шейном. — Т. III. — Санкт-Петербург : типография императорской Академии наук, 1902. — С. 362.
  4. Вандроўкі па Палессі: фотаздымкі 1923–1939 гадоў са збору Музея Беларускага Палесся ў Пінску / склад., аўт. уступ. арт., тэксту і камент. В. А. Лабачэўская / Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2021 г. — 248 с. : іл. — (Энцыклапедыя рарытэтаў). — С. 208.
  5. Палессе. Фотаздымкі з дваццатых і трыццатых гадоў / Гражына Рушчык пры супрацоўніцтве Ганны Энгелькінг. Інстытут мастацтва Польскай акадэміі навук. Кафедра беларускай культуры Універсітэта ў Беластоку. — Варшава, 1999 г. — 254 с. С. 76–77.
  6. Палессе. Фотаздымкі з дваццатых і трыццатых гадоў / Гражына Рушчык пры супрацоўніцтве Ганны Энгелькінг. Інстытут мастацтва Польскай акадэміі навук. Кафедра беларускай культуры Універсітэта ў Беластоку. — Варшава, 1999 г. — 254 с. С. 78–79.
  7. Пяткевіч, Ч. Рэчыцкае Палессе / Часлаў Пяткевіч; Уклад., прад. У Васілевіча; Пер. с пол. Л. Салавей і У. Васілевіча. — Мінск : «Беларускі кнігазбор”, 2004. — 672 с. С. 439–440.
  8. Машынскі, К. Усходняе Палессе / Казімір Машынскі; уклад., прадм., камент. У. Васілевіча; пер. Л. Салавей. — Мінск : Беларуская навука, 2014. — 528 с. [8] с. іл. — («Беларускі кнігазбор»: серыя ІІ. Гісторыка-літаратурныя помнікі).
  9. РЭМ. — Архив. — Ф. 1. — Оп. 2. — Д. 574. Описание А. В. Сержпутовского о постройках, занятиях и поверьях крестьян Мозырского и Слуцкого уездов Минской губернии (рукопись, чертежи и рисунки). — б/д. — 253 л. Л. 28.
  10. Мрый, А. Творы: Раман, апавяданні, нататкі / Уклад. І прадм. Я. Лецкі. — Мінск : Мастацкая літаратура., 1993. — 317 с. — (Спадчына). — С. 165–166.
  11. РЭМ. — Архив. — Ф. 1. — Оп. 2. — Д. 859. Этнографический материал, собранный в селе Озераны, б/д (да 1917 г.). — 51 л. Л. 16–16 об.
  12. Флікоп-Світа, Г.А. Іканапісец Стэфан Пятровіч Сулкоўскі — невядомае імя ў гісторыі беларускага мастацтва ХІХ ст. / Г.А. Флікоп-Світа // Беларускі гістарычны часопіс. — 2015 г. — № 9. — Мінск, 2015. — С. 23 — 36.
  13. Лабачэўская, В. А. Архіў забытай экспедыцыі Вацлава Ластоўскага 1928 г. па маршруце Слуцк — Асташкавічы // Культура и быт белорусов в этнографических исследованиях и музейных коллекциях : материалы Международной науч. конф. ; 7–8 июня 2012 г., г. Минск / гл. ред. А.И. Локотко ; Институт искусствоведения, этнографии и фольклора им. К. Крапивы Нац. акад. наук Беларуси. — Минск : Право и экономика, 2012. — С. 83–86. С. 84.
  14. Лабачэўская, В. А. Архіў забытай экспедыцыі Вацлава Ластоўскага 1928 г. па маршруце Слуцк — Асташкавічы // Культура и быт белорусов в этнографических исследованиях и музейных коллекциях : материалы Международной науч. конф. ; 7–8 июня 2012 г., г. Минск / гл. ред. А.И. Локотко ; Институт искусствоведения, этнографии и фольклора им. К. Крапивы Нац. акад. наук Беларуси. — Минск : Право и экономика, 2012. — С. 83–86. С. 84.

* Палессе. Фотаздымкі з дваццатых і трыццатых гадоў / Гражына Рушчык пры супрацоўніцтве Ганны Энгелькінг. Інстытут мастацтва Польскай акадэміі навук. Кафедра беларускай культуры Універсітэта ў Беластоку. — Варшава, 1999 г. — 254 с. С. 164. У электронным доступе: https://polesie.org/1939/kultura-wsi-poleskiej-na-przelomie-xix-i-xx-wieku/


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY