|
|
|
№
2(108)/2024
З жыцця Касцёла
Асобы
Інтэрв’ю
Гісторыя
Спадчына
Нашы святыні
Юбілеі
Паэзія
Асобы
Пераклады
Спадчына
|
«ВУЧУСЯ ЎЗВЯЛІЧВАЦЬ КРЫЖ
|
|
25 мая ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне адбылося біскупскае пасвячэнне біскупа каад’ютара Гродзенскай дыяцэзіі Уладзіміра Гуляя.
Галоўным пасвячаючым біскупам новага беларускага іерарха быў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, для якога Уладзімір Гуляй стаў першым пасвячаным біскупам у пастырскім служэнні харвацкага іерарха, прадстаўніка Папы Францішка ў нашай краіне. Асістуючымі пры пасвячэнні біскупамі былі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і першы Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч, наступнікам якога пасля завяршэння яго пастырскага служэння стане новапасвячаны біскуп: менавіта гэта азначае яго тытул «каад’ютар».
Гістарычная падзея сабрала ў гродзенскай катэдральнай базыліцы вялікую колькасць духавенства і вернікаў з усёй Беларусі. Асабліва шмат людзей было з Ліды, дзе біскуп Гуляй больш за 20 гадоў нёс душпастырскае служэнне як пробашч лідскай фарнай парафіі Узвышэння Святога Крыжа.
У 2013 годзе рэдакцыя часопіса «Наша вера» наведала старажытны фарны касцёл у Лідзе і парафію Узвышэння Святога Крыжа.
Тады мы запісалі разважанне ксяндза Уладзіміра Гуляя пра шлях да святарства і пра сутнасць святарскага паклікання. (Тэкст быў надрукаваны ў часопісе ў рубрыцы «Маналог святара».)
Падчас тае размовы ксёндз Уладзімір прызнаўся, што разам са сваімі вернікамі часта разважае «над вялікаю таямніцаю крыжа». Будучы біскуп падзяліўся тады сваімі глыбокімі і цікавымі думкамі пра значэнне крыжа ў жыцці чалавека. Цяпер, калі ксёндз Уладзімір атрымаў вышэйшую ступень святарства — біскупскае пасвячэнне, захацелася прыгадаць тыя думкі нашым чытачам, бо і сёння яны здаюцца надзвычай актуальнымі.
|
«...Я нарадзіўся ў Ваўкавыску, там жа закончыў сярэднюю школу і адразу паступіў у Гродзенскую духоўную семінарыю. Пасля заканчэння семінарыі біскуп накіраваў мяне на паўгода на дыяканскую практыку ў Ашмяны. І адтуль як дыякан я паехаў на вучобу ў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт, каб вывучаць дагматычную тэалогію. Святарскія пасвячэнні прыняў 26 чэрвеня 1999 г. у Гродне з рук біскупа Аляксандра Кашкевіча. У 2000 г. я абараніў ступень ліцэнцыята і вярнуўся ў Беларусь, дзе пачаў выкладаць у Гродзенскай духоўнай семінарыі і Катэхетычным інстытуце. У 2000–2001 гадах служыў вікарыем гродзенскага катэдральнага касцёла, пробашчам якога быў біскуп Антоні Дзям’янка. Побач з ім я атрымаў вопыт пастырскай працы, бо раней была толькі вучоба, дыяканская практыка і зноў вучоба. З 2001 г. біскуп Аляксандр Кашкевіч прызначыў мяне прэфектам семінарыі. Гэта быў новы вопыт для мяне: праца з клерыкамі, дапамога ў іх фармацыі. З адлегласці часу я бачу, што гэта было вялікім багаццем для мяне. Праца ў семінарыі мне падабалася, але ўсё ж найбольш мяне захапляла пастырская праца ў парафіі, таму з чэрвеня 2003 года мяне прызначылі пробашчам лідскага фарнага касцёла. У 2011 годзе я абараніў дысертацыю на тэму «Канцэпцыя асобы ў сучаснай польскай тэалогіі». Тэма персаналізму заўсёды мяне цікавіла, бо чалавек ва ўсе часы застаецца вялікаю таямніцаю. З 2006 года я з’яўляюся біскупскім вікарыем Лідскай акругі. Для мяне гэта і давер біскупа, і вялікая адказнасць.
Нічога ў гэтым жыцці проста так не бывае — калі Бог дае такую адказнасць, значыць Ён разлічвае на мяне. Я гэта разумею як рэалізацыю свайго паклікання. “Пакліканне, — як гаварыў Ян Павел ІІ, — гэта таксама вялікая таямніца”. Я адкрываю сваё пакліканне кожны дзень у канкрэтнай працы, у канкрэтных заданнях, якія ўскладае на мяне Бог. Колькі буду жыць, столькі буду адкрываць гэтую таямніцу “адвагi Бога”. Думаючы пра святарства, якім адарыў мяне Бог, я дзіўлюся: які ж Ён адважны! Пакліканне чалавека — гэта вялікая рызыка для збаўлення. Чалавек — самы рызыкоўны элемент ва ўсёй канцэпцыі збаўлення. Першы раз Пан Бог рызыкнуў, калі на пачатку стварэння адарыў чалавека свабодаю. Мы ведаем, што рызыка была вялікая, і ведаем, як усё гэта скончылася. Але з новым стварэннем Пан Бог паўтарае той самы манеўр: Ён лечыць свабоду свабодаю.
|
Я вельмі ўсцешыўся, калі Папа Бэнэдыкт XVI ва ўрачыстасць Сэрца Езуса (на заканчэнне Году святарства) сказаў, што адвага Бога — гэта святарства чалавека, бо вось і са мною Бог рызыкнуў і адважыўся даць мне святарства. Менавіта так лепш за ўсё разумець святарства, дадзенае Богам. Бог прымае адважнае рашэнне, клічучы мяне, і ў гэтым пакліканні падвяргаючы рызыцы збаўленне людзей. Колькі гэтых людзей? Яшчэ не ведаю. Можа, адзін чалавек! Самае рызыкоўнае — аддацца ў чужыя рукі... а Ён гэта зрабіў. Такое ўчыніць можа толькі ЛЮБОЎ. Уцелаўлёная Любоў, якая была прыбітая да крыжа, каб я мог жыць. Таму я як святар разам са сваімі вернікамі нястомна разважаю над вялікаю таямніцаю крыжа. Для мяне крыж азначае штосьці большае, чым сімвал хрысціянства, чым знак, які ідэнтыфікуе мяне з Хрыстом. Пад знакам крыжа для мяне ўтоеная канкрэтная рэчаіснасць, парадаксальная рэчаіснасць. У ім перасякаюцца паражэнне і перамога, смутак і радасць, нянавісць і любоў, высілак і ўзнагарода. З аднаго боку, крыж для мяне — гэта ўсе складаныя сітуацыі, цярпенне, боль, горыч і смерць. Ажно цяжка паверыць, што ўсё гэта можна ўзвялічваць. Крыж заўсёды цяжка прыняць, але крыж — гэта перавядзенне кожнага болю ў рэчаіснасць аздараўлення, кожнага паражэння — у стан перамогі. Прыняцце крыжа не мае нічога супольнага з талерантнасцю да зла, граху і цярпення. Бог прайграў бы, калі б крыж азначаў проста згоду на цяжкасці і цярпенні. Я не веру, што Бог на гэта згаджаецца.
Калі б так было, Ён не нёс бы крыжа, а пакінуў бы нас у нашым упадку. Тым часам Хрыстус бярэ крыж у свае рукі, нясе яго на сваіх плячах, памірае на ім, як на алтары, каб урэшце вызваліцца з яго ў хвале ўваскрасення. Крыж — гэта знак перамогі, а не падатлівасці на цярпенне і смерць, гэта знак перамогі над грахом, а не цярпімасці да граху, таму згода на крыж і яго прыняцце азначае хутчэй барацьбу, чым падпарадкаванасць — з той, аднак, розніцаю, што гэтая барацьба не з нашага свету. Свет змагаецца зброяй, а Бог — безабароннасцю. Свет змагаецца агрэсіяй — Бог перамагае супакоем. Свет падказвае мноства сродкаў барацьбы — Бог становіцца ўбогім і пакорным. Свет хоча перамагаць тактыкаю інтрыгаў і падману — Бог аб’яўляецца ў праўдзе і чыстасці сэрца. Свет змагаецца за ўладу — Бог змагаецца за любоў. Апошняе адрозненне, напэўна, найбліжэйшае да таямніцы крыжа. Крыж — знак любові, а не скіпетр пераможнага генерала. Калі хтосьці выкарыстоўвае крыж для барацьбы за ўладу, то становіцца на бок д’ябла, бо д’ябал хоча кіраваць, а не любіць. Таму сам знак крыжа неабходна заўжды ўспрымаць у духу Хрыста. Існуе мноства скажоных крыжоў, бо нават вызнаўцы злога духа хочуць карыстацца крыжам, толькі перакручаным. Трэба верыць у крыж, але нельга яго перакручваць, скажаць, устанаўліваць па-свойму. Адзінае сапраўднае ўспрыняцце крыжа грунтуецца на любові. Калі ты не любіш, то, хоць і посцішся, молішся ночы напралёт, выганяеш злых духаў, гаворыш пабожныя словы, — усё гэта не мае нічога агульнага з крыжам Хрыста. Езус замаўчаў перад крыжам, бо любоў маўчыць, калі чалавек сапраўды любіць.
|
Я вучуся ўзвялічваць крыж сваёй штодзённасці. Калі раніцаю прачынаюся, поўны страху перад чарговым, цяжкім днём, праслаўляю Бога за ўсе цяжкія хвіліны, якія менавіта сёння Ён падрыхтаваў для мяне. Калі нагрувашчваюцца праблемы, я ўспамінаю святую Кацярыну Сіенскую, якая ў такія хвіліны ўсклікала: “Вітаю вас, мае праблемы! Прымаю вас, бо вы — школа маёй пакоры!” Калі хтосьці мяне ўстрывожыць або стане моцна даймаць, я благаслаўляю Пана за тое, што Ён прыйшоў да мяне ў маім браце, каб даць мне любіць, нягледзячы ні на што. Калі часам мяне пачынае непакоіць фізічны боль, я ўсміхаюся сам сабе і дзякую Богу за тое, што Ён і так даў мне вялікі кавалак жыцця, а цяпер хоча прыпадобніць мяне да сябе. Калі вечарам я кленчу на малітву і бачу мноства сваіх грахоў, неразумных словаў, жэстаў і занядбанняў, то станаўлюся перад люстэркам у ваннай і кажу сам сабе: “Грэшнік, Бог і так цябе любіць!” Так я больш-менш вучуся штодзённа ўзвялічваць крыж, каб не перакручваць яго, не скажаць, каб не зрабіць з яго магічнага амулету або рэлігійнай памяткі. У знаку крыжа я заўсёды шукаю любові, а калі там пачынае пахнуць жаданнем улады, то ўцякаю, бо адчуваю, што д’ябал зноў хоча “змалпаваць” ува мне Бога.
Штодзённае ўзвышэнне крыжа вучыць мяне адкрытасці на бліжняга. У сваім святарскім служэнні заўсёды імкнуся адкрываць таямніцу чалавека. Мне падабаецца кантактаваць з кожным чалавекам, бо, пазнаючы яго як дасканалае Божае стварэнне, я пазнаю і самога сябе, а гэта вялікае багацце, якое нам дае Пан Бог. Пастырская праца мне бліжэйшая — цуд сустрэчы з іншым чалавекам я перажываю і ў канфесіянале, і пры сустрэчах з людзьмі, якія прыходзяць, напрыклад, выпісаць звыклую даведку. Дзялюся з усімі сваім часам, тым, чым жыву, што ведаю і ўмею. Гэта тое, што мы называем служэннем. Як жа інакш! Святар — гэта і ёсць слуга, на ўзор Езуса-Слугі».
Ваша Эксцэленцыя, шаноўны біскуп Уладзімір, ад імя ўсіх нашых чытачоў і аўтараў сардэчна віншуем Вас з гэтаю высокаю годнасцю і зычым, каб крыж Вашага новага прызначэння быў заўсёды Вам па сілах, каб «уцелаўлёная Любоў, прыбітая да Крыжа», натхняла Вас і вяла сваім Божым шляхам, адкрываючы новыя прыгожыя далягляды і перспектывы ў служэнні Хрыстоваму Касцёлу і яго вернаму люду.
З павагаю і малітваю,
рэдакцыя.
Фота
Аляксандры Шчыглінскай.
|
|
|