Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(108)/2024
З жыцця Касцёла
Асобы

ПАТРАБАВАЛЬНЫ ПАПА
Інтэрв’ю

ШЛЯХІ ДА БОГА
Гісторыя
Спадчына

ІКОНЫ Ў ХАЦЕ БЕЛАРУСАЎ
Нашы святыні
Юбілеі

ЗЕРНЕ СУРОВАЙ ПРАЎДЫ

ТЫ БЫЎ МАІМ СЯБРАМ

ГІСТОРЫЯ АДНАГО ПОДПІСУ
Паэзія

ДУША ЗАТОЕНАЯ…

ВЕРШЫ
Асобы

ІСЦІ «НЯВОРАНЫМ ПОЛЕМ»
Пераклады
Спадчына

Павел КАРАЛЁЎ

ВЫСТАВА «З БОГАМ ДЛЯ БЕЛАРУСІ...»


Пра ахвярнае служэнне святароў
у першай палове ХХ ст.

У пачатку красавіка гэтага года ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры адкрылася экспазіцыя, прысвечаная адметным постацям Каталіцкага Касцёла. На выставе «З Богам для Беларусі...» у цэнтры ўвагі такія асобы, як Адам Станкевіч, Казімір Сваяк (Стаповіч), Андрэй Зязюля (Астрамовіч), Чэслаў Сіповіч, Язэп Германовіч, Фабіян Абрантовіч і многія іншыя. Мэта выставы — узгадаць тых, хто свае сілы і намаганні прыкладаў дзеля таго, каб Божае слова гучала ў Беларусі на роднай мове.

Адна з цэнтральных постацяў выставы — ксёндз Адам Станкевіч (1892–1949), пра якога апавядаюць прыжыццёвыя выданні гэтага адметнага дзеяча, прычым некаторыя паходзяць з ягонай бібліятэкі. На адной з кніг, а менавіта І. Лапо «Западная Россия и её соединение с Польшею в их историческом прошлом» (Прага, 1924 г.), знішчаныя водціскі экслібрыса Адама Станкевіча, бо ў 1950–70-я гг. наступныя ўладальнікі кнігі баяліся зберагаць яго ў сябе, паколькі святар быў асуджаны за «антысавецкую дзейнасць». Цікава, што Адам Станкевіч меў звычку ставіць нямала водціскаў свайго экслібрыса на старонках кніг. Таму нядзіўна, што адзін з іх не быў заўважаны, а можа, свядома быў пакінуты на памяць уладальнікамі. На тытульнай старонцы кнігі захаваўся подпіс ксяндза.

 
Пячаткі-экслібрысы кс. Адама Станкевіча
(знішчаны і той, які захаваўся) на кнізе з яго бібліятэкі.

Другой постацю, якой нададзена шмат увагі на выставе, з’яўляецца Язэп Германовіч (1890–1978). Прадстаўлены не толькі творы святара, у тым ліку славутыя ўспаміны «Кітай–Сібір–Масква», але некаторыя ягоныя асабістыя рэчы: так, напрыклад, выстаўлена паштовая скрынка айца Язэпа са славутым адрасам лонданскага «Марыян-Хаўз».

Невыпадкова словы Язэпа Германовіча так сугучныя зместу самой выставы: «Трэба старанна збіраць факты з жыцця і смерці нашых слаўных, вялікіх людзей, правадыроў адраджэння, каб не гасла аб іх памяць у Беларусі! Яны — патрыёты, дзеячы, святары — сваёй ахвярнай працай добра заслужылі на трывалы помнік, а многія з іх годныя свайго вянка мучанікаў, які атрымалі».

Сам жа святар доўгі час вымушаны быў хавацца пад літарамі «В. А.» (ініцыялы ягонага псеўданіма — «Вінцук Адважны»). На выставе можна паспрабаваць здагадацца, каму належалі наступныя псеўданімы: Хлопчык з-пад Гродны, Лявон Ветрагон, Дрыгавіч, Зязюля, Быліна, Пётра Просты, Стасюк з-пад Нёмана.

Заходні фасад сабора ў Міндэне.
Фота Георга Освальда Котта.

Нямала прадстаўлена ў экспазіцыі ўнікальных рэчаў. Сярод іх — малітоўнік «Голас душы» ксяндза Кастуся Стаповіча. Належаў экзэмпляр удзельніку беларускага хрысціянскага руху Альбіну Сянкевічу з-пад Докшыцаў. У 1942 г. яго па даносе расстралялі немцы. Некалі сваякі Альбіна Сянкевіча перадалі гэты малітоўнік рупліўцам са словамі: «Няхай ён лепш у Вас пабудзе, бо яго змогуць пабачыць іншыя людзі». Так яно і сталася...

З бібліятэкі імя Кастуся Стаповіча, славутага паэта і святара, які пісаў пад псеўданімам Казімір Сваяк, паходзіць кніга «Lirnik» (1913 г.), дзе змешчаны польскамоўныя спевы. Магчыма, сам ксёндз адаптаваў гэтыя творы для беларускіх спеваў: пра тое сведчаць многія праўкі на старонках кнігі.

Цікава даведацца наведвальнікам выставы і пра 7 парадаў Казіміра Сваяка, якія спрыяюць фармаванню хрысціянскага характара. Адно з правілаў гучыць так: «Прыглядацца жыцьцю людзей, каторых завём „вялікімі“, „сьвятымі“ — асабліва ж углядацца ў Божую постаць Хрыстуса».

Безумоўную цікавасць мае малітоўнік «Божым шляхам» (Рым, 1946 г.), які для беларусаў склаў Леў Гарошка (1911–1977). Экзэмпляр, што змешчаны ў экспазіцыі, належаў пісьменніку Сяргею Грахоўскаму.

Цікава паглядзець на выставе і візітоўкі Андрэя Цікоты (1891–1952), генерала Ордэну айцоў марыянаў. Прыгадваюцца і ягоны далейшы пакутны шлях зняволення, і суровыя выпрабаванні. Вядома, што Андрэй Цікота пераканаў аднаго са святароў адмовіцца вырачэння ад Бога, да якога амаль вымусіў яго следчы...

Літургічны келіх з патаемным дном для Гостыі,
які належаў ксяндзу марыяніну Люцыяну Паўліку.
Магчыма, гэты келіх быў з айцом Люцыянам
падчас яго заключэння ў лагерах.

Адзін з самых унікальных рарытэтаў на выставе — стары макет касцёла з Германавічаў (Шаркаўшчынскі раён). Адшуканы ён быў жыхарамі саміх Германавічаў на гарышчы адной з хатаў, а затым перададзены ў Хрысціянскі сацыяльны цэнтр. Прадмет знаходзіўся не ў лепшым стане: была абарвана папера і пашкоджаны драўляныя канструкцыі. Таму апошнія паўгода вялася праца па аднаўленні макета, якую зрабіла мінская мастачка Марыя Каралёва. Прычым удалося часткова ўмацаваць і вярнуць арыгінальную паперу на макет. Было зроблена і новаўвядзенне — унутры макета змешчана прыгожае святло. Асабліва чароўна выглядае макет, калі выключыць святло на выставе. Пры гэтым ідзе расповед пра тых, хто нёс людзям святло праўды...

Сімвалічна, што адноўленыя крыжы на макеце ўрачыста размясцілі старшыня Канферэнцыі Біскупаў на Беларусі біскуп Алег Буткевіч і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Яны ж прамовілі на адкрыцці выставы і ўрачыстыя словы. Таксама цёпла адазваўся пра гэтую падзею Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Прыгадваюцца ў экспазіцыі і некаторыя дзеячы іншых хрысціянскіх канфесій: праваслаўныя святары Аляксандр Коўш і Ян Наўроцкі, пратэстанцкі прапаведнік Лукаш Дзекуць-Малей. Асаблівую цікавасць мае спеўнік «Песьні духоўныя з гарфы сіонскай» (1925 г.), які спецыяльна для экспазіцыі быў дадзены вернікамі з Глыбокага.

Экспазіцыя выставы.

Адно з цэнтральных месцаў на выставе займае партрэт ксяндза Станіслава Глякоўскага, які выканаў славуты мастак Пётра Сергіевіч. Твор 1930-х гг. паказвае ўсмешлівага ксяндза «Гляка» (так у асяродку сяброў яго называлі), якому пасля давялося прайсці страшэнныя выпрабаванні, і ўрэшце ён быў забіты нацыстамі ў час Другой сусветнай вайны...

Упершыню на выставе экспануецца падстаўка для гадзінніка («падгадзіннік»), які належаў ксяндзу і публіцысту Віктару Шутовічу (1890 — 1960). На прадмеце маецца дарчы надпіс: «Kochanemu X. Wiktorowi Szutowiczowi w dniu jego 25 lecia Kaplaństwa Księża Dekanatu Białystockiego. 27.6.1938. Choroczcz». Зберагаўся прадмет у віленскай кватэры Адама Станкевіча.

Дзякуючы руплівай дапамозе гродзенскіх грэка-катoлікаў на выставе нямала адметных прадметаў, і ў першую чаргу — літургічнае адзенне біскупа Чэслава Сіповіча (1914–1981). Побач у вітрыне размяшчаецца распяцце, якое вісела над ложкам Чэслава Сіповіча ў Лондане.

Добрым словам прыгадваецца і святар Андрэй Астрамовіч (1878–1921), ён жа паэт Андрэй Зязюля. Дзякуючы яму з’явіліся першыя беларускія часопісы ў Мінску. Выдавец Аляксандр Уласаў пакінуў вельмі цікавыя і забаўныя ўспаміны: «Усё мучыўся, ці пачынаць у Менску беларускія штукі ці не? Прайшло досыць шмат часу. Глядзь, каціць на Скобелеўскай па ходніку прыземісты паэт Зязюля (Астрамовіч), развяваецца сутана. Яго шырокая ашмянская фізіяномія заззяла, як сонца, стукнуўшыся са мною. Нас стала ўжо 2 беларуса ў Менску. Тут жа зрабілі „ваенны савет“. Зязюля падняў мой дух. „Валі, без ніякіх!“ Вынуў кашалёк і пасля хвілёвага помыслу вынуў закручаны ў паперку полуімперыял… Ён заўсёды меў вельмі слабыя фінансы. Ён мне аддаў усё, што меў, і цытадэль на Аляксандраўскай я заняў, заставалася набраць гарнізон». Аляксандраўская — гэта цяперашняя вуліца Максіма Багдановіча, дзе ўбачылі святло першыя беларускамоўныя менскія часопісы «Саха» і «Лучынка». Скобелеўская, дзе «каціў» Астрамовіч, — гэта сучасная вуліца Чырвонаармейская, дзе і сустрэліся Аляксандр Уласаў і Андрэй Зязюля...

Прадстаўлены на выставе таксама кнігі з бібліятэкі ксяндза Ідэльфонса Бобіча (1890–1944). Распавядаецца пра ягоны няпросты шлях на ніве служэння беларускай справе. Вядома, што на доўгі час Бобіч пад ціскам польскіх уладаў вымушаны быў пакінуць гэтае служэнне...

 
Рукапісныя праўкі на старонцы
кнігі спеваў «Lirnik» (1913 г.)
з бібліятэкі імя кс. Кастуся Стаповіча.
  Тытульны аркуш кнігі з падарункавым
надпісам ад сяброў-семінарыстаў
святару Віталію Хамёнку. 10.12.1922 г.

Упершыню прадстаўлены шырокай грамадскасці і падарунак, які зрабілі віленскія сябры-семінарысты свайму аднакурсніку Віталію Хамёнку (1899–1971). На адной з кнігаў яны пакінулі наступны надпіс: «На вечную памятку дарагэнькаму брату ў Хрыстусе Віталісу Хамёнку ў дзень прыняцьця капланства. Вільня. Дух. Семінарыя. 10.11.1922 г.»

Усіх наведвальнікаў уражвае і літургічны келіх, які належаў ксяндзу марыяніну Люцыяну Паўліку (1913–2007). Ягоныя знаёмыя лічаць, што, магчыма, гэты келіх быў з айцом Люцыянам падчас яго заключэння ў лагерах. Ёсць там і своесаблівае патаемнае дно, дзе зберагаліся Гостыі...

Шматлікія рарытэты на выставе сведчаць пра тое, у якіх умовах праводзілі сваё няпростае служэнне тыя, хто прысвяціў сябе Богу і Айчыне. Як пісаў у сваім вершы святар Андрэй Зязюля (Аляксандр Астрамовіч):

І хоць мой пуць шыпчыннікі укрылі, І цернь калючы чуць пад кволаю нагой, Усё ж дух мой ўздымаецца на крыллі І рвецца ў даль усцяж да Ідэі святой.

Запрашаем усіх ахвотных наведаць выставу, якая будзе яшчэ працаваць паўгода. Ёсць жаданне, каб выстава была пастаяннаю экспазіцыяй...

Хочам таксама падзякаваць многім вернікам, хто паспрыяў адкрыццю выставы і перадаў для яе рэчы на часовае экспанаванне. Гэта святары Аляксандр Шамрыцкі і Андрэй Крот, калекцыянеры Ігар Сурмачэўскі і Зміцер Цехановіч, даследчыкі Ірына Багдановіч, Зміцер Санько, Кастусь Шыталь і многія іншыя. Дзякуем і дырэктару Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра сястры Чаславе Навіцкай за магчымасць здзейсніць гэтую выставу. І, канешне, вялікая падзяка Пану Богу!..

Наведаць выставу можна па адрасе: г. Мінск, Хрысціянскі сацыяльны цэнтр, вул. Серафімовіча, 19. Папярэдне трэба патэлефанаваць, каб удакладніць час працы выставы (+37517 343 99 17; +37517 242 53 99).

Фота аўтара
і Мікалая Новікава.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY