|
|
|
№
2(108)/2024
З жыцця Касцёла
Асобы
Інтэрв’ю
Гісторыя
Спадчына
Нашы святыні
Юбілеі
Паэзія
Асобы
Пераклады
Спадчына
|
Блакітнае неба над Дуўрам. Крэйдавыя скалы зіхацяць у святле ўзыходзячага сонца. У порце стаіць на якары «Эснэка», флагманскі карабель англійскага караля, элегантнае, хуткае судна з 30-цю вяслярнымі лаўкамі, з вялізнымі ветразямі, катапультамі і браніраванымі парапетамі для лучнікаў. Сёння, гэтай сонечнай раніцай напрыканцы верасня 1167 года, Мацільда Англійская, дачка караля Генрыха II, пакідае сваю радзіму. Яна адпраўляецца ў падарожжа ў далёкую Саксонію, каб там выйсці замуж за герцага Генрыха Льва з дынастыі Вэльфаў. Ужо два гады таму Райнальд фон Дасэль у якасці пасланніка кайзера Фрыдрыха Барбаросы пры двары англійскага караля сватаўся да Мацільды ад імя Вэльфа. Яго прапанова была прынятая, і ў дзяржаўным акце былі замацаваныя заручыны каралеўскай дачкі, якой тады было дзевяць гадоў. На беразе ў Дуўры збіраецца натоўп, каб падзівіцца на ад’езд Мацільды. Народ цяжка ўціхамірыць, ён цясніць світу прынцэсы. Толькі калі ўзброеныя коннікі робяць прабоіну, масы адступаюць і ўтвараецца праход для суправаджаючых Мацільду, групы з многіх соцен людзей — сярод іх і англійская дэлегацыя. Яна будзе суправаджаць Мацільду ў Браўншвайг. Гэта ўплывовыя дваране, такія, як Вільгельм фон Кенуа, шэрыф Нарфолка, а таксама графы Арундэлскі і Сурэйскі; акрамя іх, больш за тузін іншых высокапастаўленых дружыннікаў з двара англійскага караля, да таго ж іх узброеныя суправаджальнікі. Пасадкі на карабель таксама чакае саксонскі эскорт, які Генрых Леў паслаў з Браўншвайга ў Англію ў якасці гвардыі для сваёй нявесты. Яго ўзначальваюць Гунцэлін, граф Шверына, і пробашч Бальдэвін Утрэхтскі з іх узброенымі рыцарамі, пажамі і слугамі. Атрад, які па колькасці і амуніцыі роўны англійскай дэлегаціі. Нарэшце ў порце яшчэ чакае асабістая світа Мацільды: блізкая ёй карміцелька, яе спаведнік, яе асабісты ўрач, некалькі камерыстак, слугі, повары, краўцы, конюхі, музыканты і два трубадуры.
Маці Мацільды, Элеанора Аквітанская, таксама суправаджае сваю дванаццацігадовую дачку праз канал да еўрапейскага мацерыка. У яе, каралевы, таксама значная світа. Пасадка на карабель такога вялікага мноства людзей і жывёлаў доўжыцца вельмі доўга і патрабуе цэлага флоту. Коні часам пужаюцца, калі іх па мастках цягнуць у лодкі. Іх іржанне змешваецца з воклічамі «тпру» і «но», са словамі камандаў, з крыкам натоўпу і брэхам вулічных сабакаў. Мацільда і яе маці тым часам чакаюць у Дуўрскім замку высока на скале. Хоць замак яшчэ не дабудаваны, але ў адной вежы ўжо можна жыць, з яе адкрываецца шыкоўны від на порт. Нарэшце на флагманскі карабель суправаджаюць Мацільду і яе маці. На двух насілках — з коннікамі саксонскага і англійскага эскортаў па баках — працэсія рухаецца зверху ад Дуўрскага замка ў порт. Па краях дарогі стаіць і махае ўзрушаны народ. Вецер спадарожны. «Эснэка» падымае ветразі і выходзіць у мора ў суправаджэнні дваццаці караблёў. Курс на паўднёвы захад у Нармандыю. Там, у Руане, мае рэзідэнцыю бацька Мацільды, англійскі кароль Генрых II. Ён кіруе не толькі востравам Англія, але і заходняй Францыяй з Брэтанью, Гасконіяй і Аквітаніяй. У ранішняй смузе бачны бераг Францыі. На шляху ў Руан караблі ідуць пад ветразямі ў вусце Сены. Плануецца правесці восень і зіму ў Францыі, каб вясною выправіцца ў дарогу ў Браўншвайг. Але Генрых Леў спяшаецца са шлюбам, тым больш што астролагі прадказваюць, што зоркі спрыяюць вяселлю на пачатку лютага 1168 года ў саборы ў Міндэне на Везеры. Зараз жа пачынаецца падрыхтоўка да падарожжа па сушы. У сярэдзіне 1167 года ў Руане перад катэдральным саборам збіраецца абоз Мацільды. Нагружаныя коні і калёсы, павозкі і конніца запаўняюць плошчу перад саборам, запаланяюць вуліцы. Адзін толькі пасаг Мацільды займае дваццаць крытых павозак: у мяхах і куфрах — золата і срэбра, упрыгожванні з каштоўных металаў і футра, дываны і адзенне. Маркітанцкія павозкі стаяць, запоўненыя горамі тавараў. У склад калоны ўваходзяць таксама і спецыяльныя канструкцыі: перасовачныя кухні, кузні і павозка-капліца з алтаром, шатамі і літургічнымі прыладамі. Шэдэўрам рамяства з’яўляецца дарожны экіпаж Мацільды, запрэжаны чацвераком коней, з вельмі вялікімі коламі са спіцамі, з пярэдняй воссю, якая можа паварочвацца, з падвойнымі сценамі, з зашклёнымі ссоўнымі вокнамі з фортачкамі на вонкавых сценах. Унутраную частку экіпажа можна абаграваць: дзве спальні, салон і асобны пакой для натуральнай патрэбы. Урэшце, калі ідзе снег, можна падняць увесь транспартны сродак і паставіць яго на санныя палазы. Катэдральныя званы звоняць у знак выправы ў дарогу. У горадзе кароль і каралева едуць верхам побач з экіпажам іх дачкі. Па-за яго межамі перад гарадскімі мурамі яны разварочваюць коней і Мацільда едзе далей. Маршрут падарожжа ў Міндэн праходзіць праз Фландрыю і Брабант з аднадзённым адпачынкам у Аахене. Адтуль яна едзе праз Кёльн уніз па Рэйне, каб каля ракі Рур паехаць на паўночны ўсход і праз Мюнстар і Тэўтабургскі Лес трапіць у Везерскія горы. Дасюль падарожжа прайшло без вялікіх стратаў: чатыры-пяць зламаных восяў, рэкі знеслі тры калёсы разам з коньмі і слугамі. Таксама адстаў у дарозе тузін хворых. Ужо заўтра мэта будзе дасягнута. Але тут, у Везерскіх гарах, за адзін дзень дарогі да Міндэна, мясцовасць здаецца забытаю Богам. Лес робіць змрочнае ўражанне, даліны здаюцца бязрадаснымі, адхоны — нават пагрозлівымі. Няма ні вёскі, ні кляштара, ні сядзібы, дзе можна было б знайсці прыстанак. Абоз расцягваецца на многія мілі. Апошнія павозкі загразаюць. Таго, хто адстае ад калоны, даймаюць жабракі, часта рабуюць разбойнікі. Небяспечныя таксама і ваўкі, якія падсцерагаюць зграямі і знянацку накідваюцца на кульгаючых коней. Гунцэлін, граф Шверына, якому належыць камандаванне, ведае гэтыя небяспекі. Ён загадвае пабудаваць вагенбург1. У цэнтры яго, засцярожаны, стаіць дарожны экіпаж Мацільды. Унутры яго прынцэса туліцца да карміцелькі і скардзіцца: «Гэтая Саксонія здаецца такой змрочнай». «Найдаражэйшая Мод2, — суцяшае яе карміцелька, — хутка ты прынясеш у Браўншвайг бляск і песні».
Генрых Леў паклапаціўся ў Міндэне пра тое, каб яго гасцей належна прынялі. Прынцэса будзе жыць у кляштары, крытая галерэя якога звязана з саборам. Каля прарыва Везера, дзе чакалі Мацільду, там, дзе рака дзеліць горы, герцаг загадаў расшырыць і выраўняць берагавую паласу ўздоўж Везера. Праз адлегласць у тры павозкі былі ўстаноўлены слупы з паходнямі. Наўсцяж дарогі да самага горада стаяць рыцары. Яны паставілі перад сабою свае шчыты, аздобленыя гербамі з ільвом. Калі павозка Мацільды дасягае ракі, па загаду герцага барабаншчыкі і трубачы маршам накіроўваюцца ў галаву калоны. Міндэн упрыгожаны флагамі і гірляндамі. Прыгожа апранутыя людзі маркоцяцца ў чаканні, каб, атрымаўшы сігнал, распачаць вітанне. Усё бліжэй і бліжэй гучаць барабаны. Гатовы да прыёму, стаіць перад саборам біскуп Вернер у святочным арнаце ў атачэнні святароў і манахаў. Перад касцёльнымі верхам на кані чакае прыбыцця сваёй нявесты герцаг Генрых Леў у дарагой вопратцы.
Заўвагі Мінден быў выбраны месцам для вяселля, таму што ў Браўншвайгу не было сабора. Сабор у Міндэне з яго шыкоўным заходнім фасадам гарантаваў вялікае ўражанне. Апроч таго, біскуп Вернер, які служыў там, добра ставіўся да Вэльфа. Дзякуючы вяселлю з Мацільдаю Англійскаю (з дынастыі Плантагенетаў) 1 лютага 1168 года Генрых Леў стаў адным з самых уплывовых і магутных князёў свайго часу. Мацільда нарадзіла сямёра дзяцей. Яна стала роданачальніцаю ўсіх пазнейшых Вэльфаў. Дзякуючы яе высокай адукацыі яна дала духоўнаму жыццю пры двары ў Браўншвайгу важныя імпульсы. Мацільда памерла 28 чэрвеня 1189 года ва ўзросце 33 гадоў. Яе саркафаг стаіць у крыпце Браўншвайгскага сабора.
Пераклад з нямецкай мовы
|
|
|
|