|
|
|
№
2(108)/2024
З жыцця Касцёла
Асобы
Інтэрв’ю
Гісторыя
Спадчына
Нашы святыні
Юбілеі
Паэзія
Асобы
Пераклады
Спадчына
|
Ірына БАГДАНОВІЧ
ІСЦІ «НЯВОРАНЫМ ПОЛЕМ»Уладзімір Конан як даследчык духоўных каранёў беларускай літаратуры Да 90-годдзя з дня нараджэння
Уладзімір Конан (23.04.1934 — 06.06.2011) — даследчык вельмі шырокага, універсальнага плану, яго цікавіла развіццё філасофскай і эстэтычнай думкі Беларусі ад глыбокай старажытнасці да сучаснасці, а поле даследавання датычыла ўсёй мастацкай культуры як феномена канцэнтрацыі і выяўлення эстэтычнага. Гэтым глабальным навуковым праектам навуковец жыў ад пачатку сваёй навуковай дзейнасці і ішоў да яго рэалізацыі крок за крокам на працягу ўсяго творчага шляху. Вынікам сталі яго шматлікія арыгінальныя даследаванні: кандыдацкая і доктарская дысертацыі, артыкулы (у тым ліку энцыклапедычныя), нарысы, манаграфіі, кнігі асветніцкага, навукова-папулярнага, вучэбна-метадычнага характару. Гісторыка-тэарэтычным падсумаваннем шматгадовай даследчыцкай працы вучонага мелася стаць трохтомнае акадэмічнае выданне «Гісторыя эстэтычнай думкі Беларусі», першы том якога выйшаў яшчэ пры жыцці аўтара ў 2010 г. [1]. Аднак значная частка гэтай навуковай спадчыны, на жаль, засталася так і не апублікаванай пасля сыходу даследчыка з зямнога жыцця. Важным прыжыццёвым выданнем, якое таксама падсумоўвала плён навуковай дзейнасці Уладзіміра Конана ў яе разнастайных кірунках, стала кніга «Выбранае» (2009), укладальнік якой, М.А. Козенка, слушна падкрэсліў навуковы ўніверсалізм даследчыка-асветніка, прывёў поўны бібліяграфічны спіс яго кніг, які ўключае 13 апублікаваных манаграфій і 4 брашуры, а таксама 5 падрыхтаваных да друку манаграфій, якія засталіся неапублікаванымі і пазначаныя ў спісе як рукапісныя [2, с. 531–532]. Сама ж кніга «Выбранае» складаецца з пяці раздзелаў: «Эстэтыка і філасофія», «Гісторыя культуры, культуралогія», «Рэлігіязнаўства», «Літаратуразнаўства, літаратурна-мастацкая крытыка», «Эстэтыка і паэтыка фальклору», у якія былі ўключаныя рэпрэзентатыўныя артыкулы даследчыка па гэтых галінах гуманітарных ведаў. Сабраныя пад адной вокладкай выбраныя працы Уладзіміра Конана сведчаць, што ён быў, несумненна, першапраходцам і наватарам у распрацоўцы ўзнятых ім у другой палове ХХ ст. пытанняў развіцця філасофска-эстэтычнай думкі Беларусі ад старажытнасці да сучаснасці. Яго працы разбуралі канон сацыяльна-вульгарызатарскага падыходу да асэнсавання гісторыка-культурнай і мастацка-эстэтычнай спадчыны беларускага народа, ён ішоў шляхам асэнсавання духоўных каранёў гістарычнага быцця беларусаў і вывучэння культурных здабыткаў народа ў кантэксце еўрапейскай хрысціянскай цывілізацыі. Ужо сам пачатак навукова-даследчай дзейнасці Уладзіміра Конана быў звязаны з новым напрамкам гуманітарнай навукі ў Беларусі, а менавіта з гісторыяй беларускай эстэтыкі, які пачаў складвацца ў межах праблематыкі Інстытута філасофіі АН БССР у 60-я гады ХХ ст., калі ён, малады выпускнік гістарычнага факультэта БДУ, паступіў туды ў аспірантуру і распачаў працу над кандыдацкай дысертацыяй «Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі: 1917–1934 гг.», тэму для якой абраў пасля кансультацый з навуковым кіраўніком і тагачасным акадэмікам АН БССР К.К. Атраховічам (Кандратам Крапівой). Як згадваў сам Уладзімір Конан, аналіз першакрыніцаў па сваёй тэме ён пачаў з камандзіроўкі ў Ленінград, дзе ў акадэмічнай бібліятэцы ў фондзе Галоўнага ўпраўлення па справах друку царскай Расіі захоўваліся гадавыя камплекты перыядычных выданняў Беларусі, і менавіта там за некалькі тыдняў ён прачытаў і прагледзеў усю беларускую газету «Наша ніва» (1906–1915) — тое «праўдзівае люстэрка беларускага нацыянальнага адраджэння і станаўлення беларускай класічнай літаратуры, іншых відаў нацыянальнай культуры, грамадскай думкі» [2, с. 6]. Гэта сталася тым фундаментам, які вызначыў стратэгію далейшых навуковых пошукаў, той неафіцыйнай школай пазнання беларускага гістарычнага, грамадскага і культурнага жыцця, якая паўплывала на навуковую фармацыю даследчыка і вызначыла яго прафесійныя арыенціры. Таму філасофска-эстэтычныя даследаванні Уладзіміра Конана не былі скіраваныя ў нейкія адцягненыя сферы, але арганічна злучаліся з канкрэтнымі галінамі гуманітарных ведаў: праз прызму эстэтычных ідэалаў ён разглядаў беларускі фальклор як фактар народнай культуры, беларускую літаратуру і мастацтва, гісторыю грамадскай думкі.
Першая навуковая манаграфія даследчыка «Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі: 1917 — 1934 гг.», выдадзеная ў 1968 г., якая вырасла з яго дысертацыйнай працы, была прысвечана галоўным чынам аналізу эстэтычных праграмаў беларускіх літаратурных аб’яднанняў 1920-х гг. — «Маладняка», «Узвышша», «Полымя». Наватарскім быў сам падыход да асэнсавання абранага для даследавання матэрыялу, які грунтаваўся на метадалагічным сінтэзе тэарэтычнай эстэтыкі, літаратурна-мастацкай крытыкі і літаратуразнаўства, што і стане тым новым напрамкам у гуманітарнай навуцы, які ў далейшым пашырыцца на мастацкую культуру ў цэлым. Апрача нязвыкла арыгінальнага метадалагічнага падыходу ў гэтай першай працы даследчыка нечаканым выглядаў і сам матэрыял, які змушаў да новага канцэптуальнага асэнсавання, бо на той момант у савецкім літаратуразнаўстве панаваў досыць крытычны афіцыйны погляд на літаратурна-мастацкую дзейнасць прадстаўнікоў творчых аб’яднанняў 1920-х гадоў, асабліва «Узвышша», якіх дакаралі шматлікімі «ідэалагічнымі памылкамі» ў асэнсаванні грамадскіх падзей і гістарычнага быцця беларускага народа, прыпісвалі так званы «нацыянал-дэмакратызм» і недахоп «пралетарскага інтэрнацыяналізму». Як вядома, такі погляд сфармаваўся яшчэ ў 1930-я гады, калі многія ўдзельнікі гэтых літаратурных аб’яднанняў былі рэпрэсаваныя; гэты ж погляд збольшага захоўваўся і на той час, калі Уладзімір Конан распачаў сваю навуковую дзейнасць. І хаця тады ўжо большасць рэпрэсаваных была рэабілітаванаю, а тыя з іх, хто выжыў, змаглі вярнуцца да літаратурнай дзейнасці, усё ж згадваць пра гэты перыяд, а тым больш даваць яму новыя пазітыўныя, адрозныя ад афіцыйнай, ацэнкі, было праблематычна, больш зручным было проста маўчанне. Але час патрабаваў смеласці ў абнаўленні ацэнак, навуковага аналізу сутнасці эстэтычных з’яваў мінулага, выхаду з вульгарна-ідэалагізатарскіх рамак. І гэты новы павеў часу адчуў тады менавіта малады даследчык, аспірант Інстытута філасофіі АН БССР Уладзімір Конан, заглыбіўшыся ў эстэтычныя праграмы і мастацкія практыкі «Маладняка», «Узвышша», «Полымя» і іншых літаратурных групаў таго часу. Настойлівы пошук першакрыніцаў прывёў яго не толькі да камплектаў беларускіх перыядычных выданняў пачатку ХХ ст. у акадэмічнай бібліятэцы Ленінграда, але ў далейшым і да архіўных пошукаў у Вільні і іншых гарадах, а таксама да сустрэч у Маскве і Мінску з прадстаўнікамі тых літаратурных аб’яднанняў, якія ён даследаваў. Гэта былі сустрэчы і перапіска з тымі, хто выжыў і вярнуўся, а таксама з сем’ямі тых, хто загінуў у часе рэпрэсій. Так, асабліва шчыльныя стасункі ў маладога даследчыка наладзіліся з Уладзімірам Дубоўкам і сям’ёй Адама Бабарэкі. І Дубоўка, і сям’я Бабарэкі, як вядома, жылі ў Маскве, Уладзімір Конан наведваў іх падчас камандзіровак і канферэнцый, сустракаўся ў Мінску, калі яны бывалі ў беларускай сталіцы. Ён вывучаў захаваны сям’ёй архіў Адама Бабарэкі, захапляўся яго постаццю, лічыў яго галоўным тэарэтыкам і заснавальнікам эстэтычных прынцыпаў «Маладняка» і «Узвышша», рыхтаваў да друку кнігу пра Бабарэку, а таксама рупіўся пра выданне яго твораў. З Уладзімірам Дубоўкам у Конана наладзілася перапіска, якая доўжылася амаль дзесяцігоддзе, ад пачатку яго навуковай працы да хваробы і смерці паэта. Перапіска захавалася і сведчыць, наколькі сардэчнымі і сяброўскімі былі стасункі легендарнага беларускага паэта 1920-х гадоў і маладога навукоўца, які пачаў сур’ёзна вывучаць той няпросты перыяд нацыянальнай культуры. Дубоўка ў лістах выступае старэйшым сябрам, дарадцам і настаўнікам, які глыбока ўваходзіў у справы свайго адрасата — спачатку яшчэ аспіранта, а потым прафесійнага навукоўца, супрацоўніка акадэмічнага Інстытута. У лістах да Дубоўкі Конан дзяліўся сваімі творчымі планамі і ідэямі, яму дасылаў на прагляд і ацэнку падрыхтаваныя да друку матэрыялы і будучую дысертацыю; Конану была вельмі важная думка старэйшага калегі — непасрэднага і актыўнага ўдзельніка тых працэсаў, што сталі прадметам яго навуковага даследавання. Дубоўка ж заахвочваў і маральна падтрымліваў маладога сябра, даваў яму слушныя парады. Прывядзем тут некалькі фрагментаў гэтай надзвычай цікавай перапіскі, вельмі важнай для разумення творчага сталення асобы даследчыка, які стане неўзабаве адной з ключавых постацяў беларускай навукі, асветы, культуры. Так, напярэдадні абароны кандыдацкай дысертацыі Конан атрымаў ад Уладзіміра Дубоўкі наступны ліст: «9 лютага 1965 г. Масква Паважаны Уладзімір Міхайлавіч! Дзякую Вам за прысланы Вамі аўтарэферат Вашае дысертацыі. Перад гэтым я азнаёміўся з большаю часткаю яе (надрукаваныя раней раздзелы). Раздзел пра Адама Бабарэку я чытаў не толькі ў “Полымі”, але і ў рукапісе (без рэдакцыйных скарачэнняў). Скажу шчыра: аб’ём даследаваных Вамі матэрыялаў (друкаваныя і архіўныя) мяне проста здзівіў. У Вас сапраўды атрымалася не кандыдацкая, а доктарская дысертацыя, бо, на маю думку, адзін толькі раздзел пра Адама Бабарэку варты кандыдацкай дысертацыі. Можна толькі радавацца і зайздросціць Вашай працавітасці і, я сказаў бы, упартасці, з якой Вы ішлі бадай “нявораным полем”. Мне, як аднаму з удзельнікаў літаратурнага жыцця трыццатых гадоў, асабліва прыемна адзначыць, што Вы правільна аднаўляеце забытыя або знявечаныя факты і падзеі таго перыяду. У першую чаргу гэта датычыць ролі “Узвышша” ў развіцці беларускае савецкае літаратуры і выдатнага яго сябра — Адама Бабарэкі. Спадзяюся, што новыя матэрыялы і рукапісы дазволяць Вам у далейшым яшчэ вярнуцца да гэтае тэмы. Ад душы жадаю Вам не толькі паспяхова абараніць сваю дысертацыю і атрымаць жаданую навуковую годнасць, але і далейшых поспехаў у Вашай творча-навуковай працы. З сардэчным прывітаннем і пашанаю да Вас, Уладзімір Дубоўка» [3, с. 168–169].
А праз некалькі дзён, ужо пасля абароны дысертацыі, Уладзімір Конан у адказ напіша Дубоўку ліст з падзякаю за падтрымку, згадкаю пра абарону і далейшыя планы. Пры гэтым выразна бачны прыроджаная сціпласць і самакрытычнасць вучонага, цалкам захопленага працэсам навуковага пазнання і адкрыццём праўды. Ліст цытуецца ў крыху скарочаным выглядзе: «Вельмі паважаны Ўладзімір Мікалаевіч! Дзякую Вам за цёплы ліст і за маральную падтрымку, якую я атрымаў ад Вас напярэдадні абароны дысертацыі. Такую ж падтрымку я атрымаў ад Ганны Іванаўны і Алесі Адамаўны Бабарэкаў. Абарона прайшла паспяхова. Вучоны Савет аднагалосна выказаўся “за”. Апанентамі былі І. В. Гутараў і А. Б. Ладыгіна. Многім падабалася мая крытыка вульгарнай сацыялогіі ў эстэтыцы (БелАПП і інш.)… Я сам вельмі скромна ацэньваю свой рукапіс. Тым больш, што навуковы стаж мой невялікі: у 1962—1964 гг. быў аспірантам Інстытута філасофіі АН БССР. Раней (з 1959 года, пасля заканчэння гістарычнага факультэта БДУ) працаваў сельскім настаўнікам на Вілейшчыне. Артыкул аб Адаму Бабарэку з’явіўся пад уплывам Вашых успамінаў. Я ў гэты час быў ужо знаёмы з яго артыкуламі. Яны зрабілі на мяне прыемнае ўражанне сваёю глыбінёй і шчырасцю. А вядома, што глупасць, бяздушша і фарысейства прынеслі многа шкоды не толькі мастацтву, але і навуцы. Пагэтаму яшчэ многа трэба зрабіць для адраджэння гістарычнай праўды. Я паспытаю свае сілы ў вывучэнні гісторыі эстэтычнай думкі беларускага народа. З вялікай павагай да Вас Уладзімір Конан. 16 лютага 1965 г. г. Мінск» [4, арк. 1–2]. Як бачна з гэтых двух эпісталярных фрагментаў, Уладзімір Дубоўка вельмі дакладна і мудра падкрэсліў такую неад’емную рысу творчай натуры свайго адрасата як імкненне ісці «нявораным полем», што значыць не баяцца ісці па цаліку, адкрываць нязведаныя абсягі нацыянальнай мастацкай культуры, асэнсоўваць духоўныя карані гістарычнага быцця беларусаў і ўзнімаць з забыцця занядбаныя ў савецкі час ці тэндэнцыйна асветленыя старонкі гісторыка-культурнай спадчыны. І як жа гэта адпавядала вызначанаму самому сабе даследчыкам творчаму плану... Разважаючы ў гэтых юбілейных нататках пра плён зробленага Уладзімірам Конанам, немагчыма не ўразіцца, наколькі ж маштабна ён здзейсніў і нашмат «перавыканаў» намечаны ў пачатку навуковага шляху план! Як ужо згадвалася, акадэмічная аўтарская «Гісторыя эстэтычнай думкі Беларусі» ад даўніх часоў да сучаснасці была падрыхтаваная вучоным у трох тамах, яе першы том паспеў выйсці пры ягоным жыцці. Дзясяткі часопісных публікацый, у якіх ён апрабоўваў і развіваў свае ідэі, відавочна, былі творча перапрацаваныя і сістэматызавана ўкладзеныя ў наступных тамах гэтага навуковага праекту, што яшчэ чакае завершанасці сваёй публікацыі. Выдатным навуковым плёнам даследчыка сталі таксама манаграфіі «Адам Бабарэка: Крытыка-біяграфічны нарыс» (1976), «От Ренессанса к классицизму: Становление эстетической мысли Белоруссии XVI—XVIII вв.» (1978), «Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору» (1989), «Святло паэзіі і цені жыцця: Лірыка Максіма Багдановіча» (1991), «Ксёндз Адам Станкевіч і каталіцкае адраджэнне ў Беларусі» (2003), «Беларуская мастацкая культура эпохі Сярэдневякоўя і Рэнесансу» (2006) ды іншыя выданні. Новым і асабліва плённым кірункам даследаванняў для Уладзіміра Конана з 1990-х гадоў становіцца вывучэнне беларускай мастацкай культуры і літаратуры ў кантэксце хрысціянскай цывілізацыі і ў цэлым вывучэнне ролі хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа. Гэтай тэме прысвечаны яго выступленні на навуковых канферэнцыях, шматлікія артыкулы ў перыядычным друку, кнігі, якія паспелі выйсці з друку і якія так і засталіся ў рукапісах. Дзесяцігоддзі забароны рэлігіі і савецкая атэізацыя грамадства прывялі да негатыўных наступстваў у яго развіцці, што было выразна бачна ў розных сферах жыцця і асабліва адбівалася на стане маральнасці і культуры. Адраджэнне хрысціянскіх традыцый нашага народа было надзвычай запатрабавана на новым пераломным этапе гісторыі ў канцы 1980 — пачатку 90-х гадоў. Тады разам з адраджэннем рэлігійнага жыцця адраджалася і навуковая думка, прысвечаная ролі хрысціянства ў гісторыі беларускага народа, у тым ліку ў мастацкай культуры і літаратурнай творчасці. Ізноў перашапраходцам і наватарам тут стаў Уладзімір Конан, стварыўшы і практычна абгрунтаваўшы канцэпцыю эстэтычнай тэалогіі, якая паходзіць з біблійных тэкстаў Новага Запавету і якую іманентна нясе ў сабе мастацкая творчасць і народная культура, што выяўляецца праз розныя тыпы мастацкай вобразнасці. Спецыфіка гэтай вобразнасці адсылае да творчай злучанасці з Боскім светапарадкам, крыніцаю пазнання якога з’яўляюцца Біблія і хрысціянская традыцыя. Вывучэнне біблійных архетыпаў і сімвалаў, заснаванае пераважна на матэрыяле беларускай літаратурнай класікі і народнай культуры, стала чарговым навуковым адкрыццём Уладзіміра Конана, які прапанаваў новы погляд на спецыфіку нацыянальнага гістарычнага і культурнага быцця беларусаў у кантэксце еўрапейскай хрысціянскай цывілізацыі. «Сёння, як ніколі раней, патрэбна прарочае Слова хрысціянства», — слушна падкрэсліў даследчык на заканчэнне свайго фундаментальнага артыкула «Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа» [2, с. 197–205]. У гэтым рэчышчы асабліва цікавым і важным сёння бачыцца глыбокае асэнсаванне даследчыкам духоўных каранёў беларускай літаратуры, творчасці пачынальнікаў нацыянальнай літаратурнай класікі Янкі Лучыны, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча ды іншых. Асабліва багата плён гэтых даследаванняў прадстаўлены на старонках часопіса «Наша вера», дзе былі апублікаваныя дзясяткі артыкулаў вучонага, прысвечаныя біблійнай тэматыцы і хрысціянскай сімволіцы ў беларускай літаратурна-мастацкай спадчыне, якую аўтар разглядаў не толькі ў рэчышчы нацыянальных культурных традыцый, але і ў кантэксце сусветных літаратурных шэдэўраў (такіх, да прыкладу, як эпас Гамера, «Боская камедыя» Дантэ ды іншых). Сярод разнастайных галін мастацкай культуры беларускага народа менавіта літаратура нязменна і найперш прываблівала ўвагу Конана, бо яна як мастацтва слова найцясней звязаная з увасабленнем эстэтычных ідэалаў красы, гармоніі, дасканаласці, з рэпрэзентацыяй эстэтычнай тэалогіі праз сімвалічнае выкарыстанне біблійных архетыпаў, матываў і вобразаў. Думка вучонага сягала ў глыбокую старажытнасць: да малітоўнай творчасці Кірылы Тураўскага, біблійнай дзейнасці Францыска Скарыны, які «стварыў узоры паважлівага, узнёслага, амаль малітоўнага хвалення Бацькаўшчыны і роднай мовы» [5, с. 104], да творчасці беларуска-польскіх рамантыкаў ХІХ ст., найперш Адама Міцкевіча і яго сяброў філаматаў. На грунце гэтых традыцый нараджалася новая беларуская літаратура, ствараліся яе класічныя ўзоры, якія на розных мастацкіх узроўнях (жанравых, матыўных, вобразных, стылёвых) арганічна ўключылі ў сябе хрысціянскія архетыпы і біблійную сімволіку. Уладзімір Конан у канцэптуальным артыкуле «Беларуская літаратура ў кантэксце хрысціянскіх ідэалаў» [6], аналізуючы творчасць пачынальнікаў новай беларускай літаратуры ХІХ—пачатку ХХ ст., вылучыў тры плыні яе вытокаў, па-рознаму спалучаных з этнакультурнай і хрысціянскай традыцыямі, а таксама паказаў, якую ролю адыгрывае біблійная сімволіка ў стварэнні вобразных мадэляў дасканалага грамадства. Першую плынь даследчык звязвае з народнай гратэскна-карнавальнай традыцыяй, са смехавой гумарыстычнай народнай культурай амбівалентнага значэння, да якой найперш належаць беларускія ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе»; гэтая плынь прайшла, як сцвярджае даследчык, праз усю гісторыю нашай літаратуры, па-свойму выявіўшыся ў творчасці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Кандрата Крапівы і іншых пісьменнікаў [6, с. 232]. Другая плынь звязваецца даследчыкам з хрысціянскай традыцыяй у элегічнай паэзіі, якая «пачыналася з фальклору, пахавальных песняў-галашэнняў, з малітоўнай лірыкі». Першым узорам такога лірычнага твора даследчык назваў верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы…», аўтарства якога прыпісваецца Паўлюку Багрыму і ў якім «цэльна спалучыліся этнакультурныя і хрысціянскія вытокі» [6, с. 232]. Адносна малітоўнай паэзіі даследчык піша, што песня-малітва ніколі не знікала, не заціхала ў нашай літаратуры, няспынна ўзнаўляючыся ўсё новымі арыгінальнымі варыяцыямі ў творчасці бадай усіх пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, яе класікаў і мадэрністаў 1920-х гадоў, а таксама паэтаў сучаснікаў. Асабліва падрабязна ў артыкуле, змешчаным у часопісе «Наша вера», даследчык разважаў пра жанр малітвы ў творчасці Янкі Купалы [7]. Трэцюю скразную плынь беларускай класічнай паэзіі і нават «пэўную грань нашай культуры ў эпоху яе нацыянальнага адраджэння» Уладзімір Конан звязвае з уплывам папулярнай у народнай песеннай культуры евангельскай прыпавесці пра Беднага Лазара: «Лазаравыя матывы ўвайшлі ў беларускую літаратуру не шляхам непасрэднага пераймання, а праз інтанацыі і мелодыі Лазаравых песняў, вельмі папулярных у народным вясковым і прыцаркоўным побыце», пры гэтым даследчык спасылаецца на працу вядомага этнографа і фалькларыста Еўдакіма Раманава, які сабраў і выдаў зборнік беларускіх духоўных песняў, дзе шмат варыянтаў народных песняў пра Беднага Лазара, вельмі распаўсюджаных па ўсёй Беларусі [6, с. 233]. Евангельскія архетыпы Лазара Беднага, на думку вучонага, моцна паўплывалі на новую беларускую літаратуру на этапе яе станаўлення, вызначыўшы «элегічную плынь нашаніўскай паэзіі, вядомую ў крытыцы як «плач па роднай старонцы». Аднак падабенства даследчык бачыць менавіта «па інтанацыі, мажорным матыве і на ўзроўні агульных архетыпаў», паколькі «паводле свайго ідэйнага зместу беларуская літаратура была свецкай, натхнялася ідэаламі сацыяльнай справядлівасці і нацыянальнага адраджэння Беларусі» [6, с. 234]. Евангельскую прыпавесць пра Беднага Лазара і тое, як яна функцыянуе ў беларускім фальклоры, Конан таксама грунтоўна даследаваў у артыкуле, апублікаваным у часопісе «Наша вера» [8]. Менавіта ў гэтым артыкуле, тлумачачы ролю біблійных прарокаў у адкрыцці вечнасці, Конан абгрунтаваў тэарэтычнае паняцце «эстэтычнай тэалогіі», важнае для разумення сувязі літаратуры з біблійнымі матывамі і вобразамі. Даследчык пісаў: «У творах прарокаў ёсць экстатычны прарыў у трансцэндэнтны свет вечнасці. Прарокі былі геніяльнымі паэтамі, бо здолелі ўбачыць вечнае ў часовым, бязмежнае ў абмежаваным. І выявілі свае экстатычныя прадбачанні ў зямных, пластычных вобразах і сюжэтах. Вечнасць адкрылася людзям у запісаных евангелістамі дзеях і вучэнні Езуса Хрыста, у пропаведзях і лістах Яго апосталаў, у Апакаліпсісе багаслова Яна. Не ў форме філасофскага вучэння, а ў мастацкіх сюжэтах, вобразах і сімвалах — своеасаблівай эстэтычнай тэалогіі» [8, с. 62]. Такім чынам, тэрмін «эстэтычная тэалогія» можа прымяняцца пры вывучэнні сувязі літаратурных твораў з хрысціянскай і ў цэлым з біблійнай традыцыяй. Даследчык таксама звяртаў увагу на тое, што ў эпоху нацыянальнага адраджэння ў новай беларускай літаратуры звышасабісты біблійны сэнс набывае мастацкі вобраз прарока, што найбольш яскрава выявілася ў паэзіі Янкі Купалы (верш «Прарок», паэма «На Куццю» і іншыя творы). Прарочай місіяй на тым гістарычным этапе нацыянальнага быцця надзяляецца і сама літаратура, і паэт як выкрывальнік сацыяльнай несправядлівасці і вястун будучага вызвалення ад усіх крыўдаў і бедаў. Акцэнтуе ўвагу Конан і на тым, што савецкая цэнзура, а таксама прымусовая аўтарская самацэнзура, «імкнулася поўнасцю абязбожыць беларускую літаратуру», што асабліва адбілася на творчым лёсе паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка», першапачатковы варыянт якой (друкаваўся ў газеце «Вольная Беларусь» у 1917–1918 гг. і асобным выданнем у 1918 г.) даследчык называе «адным з самых хрысціянскіх твораў новай еўрапейскай літаратуры» [6, с.235]. Вельмі грунтоўна на прыкладзе шматлікіх твораў Якуба Коласа, што сталі шэдэўрамі нацыянальнай літаратуры, даследчык разглядае хрысціянскія матывы і вобразы ў яго паэзіі, інтэрпрэтуе яго творчасць у кантэксце хрысціянскай філасофіі быцця ў адмысловых артыкулах, змешчаных у часопісе «Наша вера» [9; 10]. Што датычыць ідэалаў дасканалага грамадства, то тут Уладзімір Конан звяртае ўвагу, што ў класічнай літаратурнай традыцыі (гэтаксама, як і ў іншых відах мастацкай культуры) «у першую чаргу яны выяўляюць Рай і Пекла зямнога жыцця», і гэта не дзіўна, бо і сам Створца Сусвету «пасяліў нашых прабацькоў у Садзе-Раі» [6, с. 238]. Даследчык аналізаваў сусветна вядомыя літаратурныя ўзоры падобнай тэматыкі — эпічныя творы англійскага паэта ХVII ст. Джона Мільтана «Страчаны рай» і «Вернуты рай», разважаючы аб спецыфіцы ўвасаблення падобных матываў у беларускай літаратуры. «Пекла і Рай грамадскага жыцця, народа і яго паэта-песняра ў вобразе прарока нацыянальнага адраджэння — скразная тэма новай беларускай літаратуры» [6, с.238], — сцвярджаў даследчык, прыводзячы характэрныя прыклады з гісторыі нацыянальнага прыгожага пісьменства, дзе яскрава выявіўся найперш біблійны архетып Раю як ідэал дасканалага жыцця (паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», Якуба Коласа «Новая зямля», Янкі Купалы «Яна і я» і іншыя творы). Адзначым, што найбольш шырокаму разгляду матываў Раю і Пекла ў творчасці Янкі Купалы даследчык прысвяціў асобны грунтоўны артыкул, параўноўваючы Купалу з Дантэ [11]. Побач з вышэйназванымі артыкуламі фундаментальнае значэнне для вывучэння «эстэтычнай тэалогіі» беларускай літаратуры мае таксама артыкул Уладзіміра Конана, прысвечаны біблійным матывам у творчасці Янкі Лучыны [12], змешчаны ў часопісе «Наша вера» пад псеўданімам Уладзімір Бузук. У гэтым артыкуле аўтар паказвае ўнікальнасць беларускага феномена ў рэчышчы агульнаеўрапейскай культуры, што праявілася ў формах і спосабах інтэрпрэтацыі біблійнай сімволікі ў народнай культуры і прафесійнай літаратурнай творчасці. Унікальнасць, на думку вучонага, у тым, што літаратура адаптавала гэтую сімволіку праз народную традыцыю. Ён глыбока абгрунтоўвае гэты важны тэарэтычны тэзіс: «Унікальны ў агульнаеўрапейскай культуры беларускі феномен: арфічныя матывы Чароўнага Музыкі, архетыпы Раю і Пекла, Лазара Беднага і яго брата не толькі арыгінальна выявіліся ў нашым фальклоры і народнай культуры; яны часта аб’ядноўваюцца паміж сабою ў матывы Чароўнага Музыкі і Лазара Беднага, спалучаюцца ў вобразе вандроўнага жабрака — дудара, гусляра, выканаўцаў калісьці папулярных у народзе лазаравых песняў. Часткова непасрэдна праз Новы Запавет, а найбольш апасродкавана праз народную культуру гэтыя архетыпы перайшлі ў літаратуру ХІХ — пачатку ХХ ст. У літаратурным кантэксце прыпавесць пра Лазара Беднага набыла значэнне ўніверсальных сімвалаў багацця і беднасці, праўды і крыўды, трансфармавалася ў сацыяльна-этычную і палітычную праблему. У сваю чаргу арфічныя матывы чароўнай музыкі і песні ў рамантычнай беларускай літаратуры ўвасобілі ідэю выратавальнай місіі мастацтва ў грамадстве, дзе пануюць сацыяльны прыгнёт і нацыянальная няроўнасць. Архетып чарадзейнага песняра трансфармаваўся ў вобраз песняра-паэта, прарока Новай гісторыі» [12, с. 37–38]. Гэтыя высновы, здаецца, не патрабуюць дадатковага каментавання —далей у артыкуле аўтар ілюструе іх шматлікімі прыкладамі з твораў Янкі Лучыны і іншых паэтаў, блізкіх да яго па часе. Апрача навуковых працаў, прысвечаных хрысціянскай традыцыі ў беларускай культуры і літаратуры, адметнай культурнай падзеяй сталі публікацыі Уладзіміра Конана, прысвечаныя беларускім святарам, якія адыгралі выключную ролю ў беларускім нацыянальным адраджэнні першай паловы ХХ ст. Найперш тут неабходна згадаць грунтоўны артыкул, прысвечаны ксяндзу Вінцэнту Гадлеўскаму і яго філасофскаму абгрунтаванню беларускай ідэі [13], а таксама велічны партрэт святара, найруплівейшага ў сваёй разнастайнай дзейнасці на беларускай ніве і ў справе адраджэнні Касцёла ў Беларусі, у манаграфічным даследаванні, прысвечаным ксяндзу Адаму Станкевічу. Гэтая надзвычай важная кніга, выдадзеная выдавецтвам «Про Хрысто» ў 2003 г., заснавана на дасканалым асэнсаванні аўтарам дакументальна-біяграфічнага матэрыялу і на глыбокім разуменні той звышнатуральнай святой місіі, якую годна і напоўніцу спраўдзіў беларускі святар усім сваім жыццём [14]. Як ужо адзначалася, многія навуковыя даследаванні Уладзіміра Конана засталіся ў рукапісах або былі апублікаваныя толькі часткова. У гэты лік уваходзяць і яго манаграфіі «Беларуская мастацкая культура ў кантэксце хрысціянскай цывілізацыі: гісторыка-тыпалагічнае даследаванне» (у рукапісе 400 старонак) і «Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа» (у рукапісе 250 старонак). Гэтыя працы былі апублікаваныя толькі ў невялікіх фрагментах. Што ж датычыць архіва вучонага, то ён захаваўся і знаходзіцца ў стане навуковай апрацоўкі ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Лёсу архіва Уладзіміра Конана і яго найкаштоўнейшым матэрыялам біяграфічнага і навукова-творчага характару прысвечаны артыкул беларускай даследчыцы Ірыны Лапцёнак, якая слушна зазначае: «На сённяшні дзень творчасць У.Конана як навукоўца, пісьменніка, біблеіста патрабуе грунтоўнага вывучэння, у чым, безумоўна, надзвычайную карысць будзе мець даследаванне матэрыялаў яго архіва-бібліятэкі, які не толькі адлюстроўвае напрамкі дзейнасці У.Конана як пісьменніка і навукоўца, але і паказвае разнастайнасць яго сувязей» [15, с. 162]. Ушаноўваючы 90-годдзе з дня нараджэння выдатнага вучонага-філосафа, даследчыка эстэтычнай думкі Беларусі ад старажытнасці да сучаснасці Уладзіміра Конана, хацелася найперш звярнуць асаблівую ўвагу на тое высокае духоўнае вымярэнне яго бачання нацыянальнай літаратурнай традыцыі, якое дазваляе гаварыць пра спецыфічную «эстэтычную тэалогію» літаратуры і адкрывае новыя абсягі прачытання нацыянальнай літаратурнай класікі ў кантэксце біблійнай гісторыі збаўлення свету. Шматлікія артыкулы вучонага, прысвечаныя хрысціянскай тэматыцы, што друкаваліся на старонках часопіса «Наша вера» і ў іншых выданнях, паглыбляюць нашы ўяўленні пра сувязь твораў беларускай літаратуры з хрысціянскай карцінай свету, раскрываюць глыбінныя пласты сэнсаў у біблійнай перспектыве, высвечваюць духоўныя карані нацыянальнай класікі. Вельмі пажадана, каб гэтыя артыкулы, сабраныя разам, былі надрукаваныя ў адной кнізе, якая стала б фундаментам, узорным прыкладам для далейшых даследаванняў нацыянальнай мастацкай культуры ў падобным эстэтычна-тэалагічным рэчышчы.
Літаратура:
|
||||||||||||
|
|
|