|
|
|
№
1(107)/2024
Асобы
З жыцця Касцёла
Гісторыя
Постаці
Нашы святыні
Вольга БАРЫСЕНКА
З ГІСТОРЫІ ЦУДАДЗЕЙНАГА АБРАЗА МАЦІ БОЖАЙ З КАСЦЁЛА УНЕБАЎЗЯЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ Ў БАРЫСАВЕ Спадчына
Літаратуразнаўства
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
ЗВЯРЫНЫЯ ГРАТЭСКІ Ў ПАЭТЫЧНАЙ КУЛЬТУРЫ СЛАВЯНАЎ: АД ФАЛЬКЛОРНАЙ АБРАДНАСЦІ ДА ХРЫСЦІЯНСКАГА КАНТЭКСТУ На кніжнай паліцы
Спадчына
Мастацтва
Проза
Прэзентацыя
Паэзія
Успаміны
Асобы
Культура
|
У гісторыі беларускай літаратуры быць святаром і паэтам — мець такія пакліканні ад Бога і адказваць Богу «так», рэалізуючыся і ў святарстве, і ў літаратуры, — не такая ўжо рэдкая з’ява, і чыніцца тое, відавочна ж, па волі Божай і з ласкі Божай да нашага краю. Так, мы ведаем, а веды тыя мы найперш атрымалі з падручнікаў па гісторыі літаратуры, пра асобу епіскапа Кірылы Тураўскага, чые красамоўныя казанні і прачулыя малітвы з ХІІ ст. засталіся не толькі літургічнымі і келейнымі рэлігійнымі тэкстамі, але сталі і найвыдатнейшымі помнікамі старабеларускага прыгожага пісьменства. У ХХ ст. на хвалі беларускага нацыянальнага адраджэння ў нас з’явілася цэлая кагорта слаўных святароў і літаратараў: Казімір Сваяк, Вінцук Адважны, Адам Станкевіч, Андрэй Зязюля, Янка Быліна, Пятро Бітэль… Менш ведаем мы пра творцаў такога кірунку з ХVIII–XIX стст. — часу, калі пісьменства на нашых землях было пераважна польскамоўным. На ўзроўні хрэстаматыйным, дзякуючы архіўным адкрыццям Адама Мадльдзіса, нам вядомы толькі манах францішканін Караль Жэра, які атрымаў пасвячэнне ў Пінску ў 1765 г., быў выкладчыкам канвенту ў мястэчку Сянно на Віцебшчыне, шмат вандраваў па Беларусі і стаў аўтарам славутага збору камічных гісторый «Торба смеху». Аднак многія таленавітыя аўтары, якія мелі і святарскае, і літаратурнае пакліканне, застаюцца яшчэ і сёння па-за нашай увагай. Менавіта такім выдатным паэтам-святаром, мала вядомым сённяшняму чытачу, быў Юзаф Маралёўскі (Józef Morelowski; 05.03.1777 — 12.08.1845), творы якога прадстаўляем у гэтай публікацыі. На шчасце, зусім забытым яго назваць нельга, бо стараннямі Уладзіміра Мархеля яго імя было ў 1980–90-я гг. вернута ў гісторыю беларускай культуры і літаратуры спачатку зацемкай у трэцім томе «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі» (Мінск, 1986, с. 438), а затым у вядомай паэтычнай анталогіі «Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай: Беларуская польскамоўная паэзія ХІХ стагоддзя» (Мінск, 1998), укладзенай У. Мархелем, дзе ў яго ж перакладзе быў змешчаны адзін верш Юзафа Маралёўскага «Да Палоты» («Do Połoty»), на які немагчыма было не звярнуць увагі, бо вельмі таленавіта злучаныя ўсе вобразы гэтага твора з ландшафтна-прасторавымі рэаліямі Беларусі — з Полаччынаю і яе рэкамі, Дзвіною і Палотай (сучасная назва Палатa). Гэта былі не толькі родныя аўтару мясціны, але і асяродак ягонага духоўнага сталення, працы. Таму ў сваім лірычным пасланні «Да Палоты» Юзаф Маралёўскі вельмі пранікнёна пісаў:
Чым жа былі выкліканыя такія моцныя пачуцці і рэфлексіі аўтара? Паводле каментара ў польскім акадэмічным выданні твораў Юзафа Маралёўскага, верш быў напісаны паэтам у прамежку з восені 1814-га да восені 1818 г., калі пасля працяглага перапынку і адарванасці ад радзімы ён вярнуўся зноў у Полацк. Як жа складваўся лёс паэта, чым змацаваная яго глыбінная сувязь з гэтымі мясцінамі Беларусі? Паводле звестак у «Польскім слоўніку біяграфічным» і іншых біяграфічных крыніцаў, Юзаф Маралёўскі нарадзіўся ў мястэчку Гарадок на Віцебшчыне, паходзіў са шляхецкага роду герба «Прус». Па сканчэнні ў 1790 г. класа рыторыкі езуіцкага калегіума ў Оршы ён уступіў у навіцыят ордэну езуітаў у Полацку. Там вывучаў французскую мову, а затым, зноў у Оршы, працягваў вывучаць лацінскую літаратуру і «залаты век» польскага прыгожага пісьменства. У 1794–1797 гг. ён ужо выкладаў у езуіцкіх кагегіумах Мсціслаўля, Магілёва, Оршы, адначасова працягваў уласную адукацыю, а таксама адкрыўся ягоны паэтычны талент. Якраз у гэты час духоўнай фармацыі і духоўнага сталення ён, вельмі балюча перажываючы гістарычныя падзеі апошняга падзелу Рэчы Паспалітай, напісаў паэтычны цыкл «Трэны», які ўразіў сучаснікаў моцаю і трагізмам яго патрыятычных настрояў.
У 1797 г. Юзаф Маралёўскі зноў вяртаецца ў Полацкі езуіцкі калегіум, вывучае філасофію і тэалогію, а таксама выкладае філасофію і французскую мову. У 1803 г. ён там жа атрымаў святарскае пасвячэнне. У 1804–1810 гг. яго прызначаюць выхавацелем езуіцкага пансіёна, прафесарам паэзіі і рускай мовы ў Санкт-Пецярбургу. Па вяртанні ў Беларусь, у 1810 г., ён складае апошнія манаскія шлюбы і да 1814 г. выкладае і загадвае манастырскаю бібліятэкаю ў Оршы. У 1814–1816 гг. Маралёўскі быў сакратаром Беларускай правінцыі езуітаў, у 1816–1818 узначальваў езуіцкі калегіум (тады ўжо акадэмію) у Полацку. Менавіта да гэтага часу належыць працытаваны вышэй яго шчымлівы, прачулы верш, прысвечаны любімай з дзяцінства рацэ Палоце. У тым жа 1818 г. у Полацку стараннямі айцоў езуітаў пачынае выходзіць рэлігійны часопіс «Полацкі месячнік» («Miesięcznik Połocki»), на старонках якога друкуе свае вершы таксама і Юзаф Маралёўскі, падпісваючыся крыптанімам «І…М…» (менавіта «І…», а не «J…», бо ў друкарні не было адпаведнай літары, а таму ў часопісе выкарыстоўвалася літара «і»). У 1819 г. у Полацкай езуіцкай акадэміі ён атрымаў ступень доктара тэалогіі. У далейшым лёс Маралёўскага быў адарваны ад родных мясцінаў. У 1818–1820 гг. ён узначальваў езуіцкі калегіум на Валыні. Пасля, 1820 г., калі дзейнасць езуітаў была забароненая ў Расійскай імперыі, айцец Юзаф разам з сабратамі выехаў у Галіцыю. З 1822 г. ён быў сакратаром Галіцыйскай правінцыі езуітаў у Тарнопалі, з 1828 г. — рэктарам езуіцкіх калегіумаў у Тынцы і Новым Сончы. У 1835 г. (паводле іншых крыніцаў — у 1838-м) ён пераехаў на працу ў Старую Весь, дзе быў рэктарам езуіцкага калегіума (да 1840 г.), і ў 1845 г. там жа скончыў сваё зямное жыццё. З літаратурнай спадчыны айца Юзафа Маралёўскага вядомыя ў свой час былі толькі «Трэны», выдадзеныя ў 1854 г. (выданне было канфіскаванае) і ў 1910 г. Найбольш поўная паэтычная спадчына паэта была сабраная, апрацаваная і выдадзеная асобным важкім томам толькі ў 1983 г. выдавецтвам Польскай акадэміі навук у серыі «Забытыя паэты Асветніцтва». Выданне, несумненна, прыцягнула ўвагу і заахвоціла да вывучэння творчасці паэта. У Беларусі першым увёў асобу і творчасць Юзафа Маралёўскага ў культурнае і літаратурнае жыццё, як мы ўжо згадвалі, даследчык, паэт і перакладчык Уладзімір Мархель, які зрабіў слушныя заўвагі адносна асаблівасцяў стылю яго паэтычных твораў. Так, даследчык вельмі трапна сцвярджаў: «Творчасць Маралёўскага выяўляла характэрныя рысы літаратуры часоў пераходу ад класіцызму да рамантызму. Адначасова з класіцыстычнымі трэнамі, элегіямі, эпіграмамі, панегірыкамі, наследаваннямі Гарацыю пісаў у перадрамантычным стылі лірычныя песні, у якіх з агульнагуманістычных і хрысціянскіх пазіцый разважаў аб выхаваўчым значэнні паэзіі, выказваў замілаванне да прыроды і роднага краю» (паводле кнігі «Памяць. Гарадоцкі раён». — Мінск, 204, с. 154). Менавіта гэтыя якасці паэзіі Юзафа Маралёўскага робяць яе цікаваю і актуальнаю для нашага часу, для нас, сённяшніх беларусаў, бо ў тых цыклах «лірычных песняў» пераплятаюцца тэалагічныя і патрыятычныя матывы — яны напоўненыя водарам нашай роднай беларускай зямлі і пераказваюць нам, як спадкаемцам, скарбы яе гістарычнай, культурнай і духоўнай памяці. Вершам Юзафа Маралёўскага ўласцівая гранічная шчырасць пачуццяў, жывасць думкі, маляўнічая прыгажосць мастацкіх вобразаў, духоўная глыбіня — усё тое, што шукае і сучасны чытач у паэтычных творах. Спадзяемся, што пададзеныя тут у нашым перакладзе вершы паэта-святара знойдуць прыхільны водгук у чытачоў «Нашай веры». Пераклады зроблены паводле выдання: Wiersze Józefa Morеlowskiego. Wydanie i wstęp opracowała Elżbieta Aleksandrowska. — Wrocław [i inn.]: Wydawnictwo Polskiej Akademii Nauk, 1983.
Гл. таксама:
|
|||||||||
|
|
|