 |
|
Сон
Прыснілася сёння маці, —
печ распаліла ў хаце,
бразнула ў сенцах клямкай
і знікла ў пацьме за брамкай...
А потым прысніўся бацька, —
спытаўся, ці бачыў маці...
— Бачыў, у чорным небе
растала, як белы лебедзь...
Прачнуўся. Нідзе нікога.
Бацькі пад крылом у Бога...
8 кастрычніка 2023 г. 22:11.
|
|
Спадзеў...
Адзін спадзеў лагодзіць
і счэзнуць не дае, —
хоць лета на зыходзе,
цяпла ў душы стае...
Агорне золь імглістая,
ды будзе вера грэць,
што ёсць Любоў прачыстая, —
мацнейшая за смерць...
28 жніўня 2023 г. 20:27.
|
|
Страх
Хрыстос нарадзіўся ў сэрцах
усіх, хто за Ім ідзе,
хто свята свой лёс даверыў
слядам на сляпой вадзе...
Вастрэйшы за дзіду ката
душу працінае страх.
Ад веры святой да здрады —
заўсёды кароткі шлях...
Не кане ў нябыт трывога
ніколі ў Яго вачах, —
пакуль на крыжы Галгофы
жывым застаецца страх...
26 снежня 2023 г. 6:32.
|
|
Пытанне...
Перачакаць, перамаўчаць...
Прайсці і не заўважыць...
Каб потым Госпада спытаць:
— За што мне гэта чаша?
Я ж так пабыць яшчэ хацеў
жывым сярод памерлых...
Як Лазар, на чацвёрты дзень
паўстаць з магільнай цемры...
На гэта Госпад адказаў:
— Было б чаму здзіўляцца, —
таму, хто ўсё перамаўчаў, —
да зор не дакрычацца...
4 студзеня 2023 г. 17:33.
|
|
Анёл
Твой анёл-чарнарабочы
паслухмяна кожны дзень
следам за табою крочыць,
неадступны, нібы цень...
Нават ноччу, калі ў цемры
патанае небасхіл,
спаць і бачыць сны прыемна
пад страхой ягоных крыл...
І за вечнасці парогам
твой заступнік дарагі
слёзна ўкленчыць перад Богам,
каб забраць твае грахі...
2 снежня 2023 г. 15:00.
|
|
Шлях
«Паеду ў Ліду па вершы…»
Хрысціна Лялько
У Рым, у Варшаву, у Ліду
па шчасце, надзею, вершы
услед за сваёй Планідай
паэты вандруюць пешшу...
На гэтым шляху цярновым
да сценаў святых бажніцаў
паэты знаходзяць словы,
якімі можна маліцца...
Галоўнае — не збаяцца
дазвання свой лёс даверыць
Таму, хто дае вяртацца
дадому з ружанцам веры...
2 красавіка 2023 г. 10:43.
|
|
Дарыць святло...
Элцы Няголавай
Ёсць незвычайнае майстэрства,
яно не кожнаму даецца, —
уменне усміхацца сэрцам —
дарыць святло чужому сэрцу...
Хоць не заўсёды удаецца,
пакуль жывеш — душа імкнецца
камусьці усміхнуцца сэрцам —
так светлыня перадаецца...
І мне чамусьці падаецца,
(я не зрабіў тут адкрыцця),
хто без святла пражыў у сэрцы, —
той не разгледзеў сэнс жыцця...
25 кастрычніка 2023 г. 20:30.
|
|
Дзякуй!..
Ахвярую
Антаніне Хатэнцы
Ніцай начы дзяруга...
Сэрца — нязгасны Зніч...
— Дзякуй, сястра па Духу,
за тое, што ты гарыш!..
Кожнаму па заслугах
адмерае зорны Віж...
— Дзякуй, сястра па Духу,
за тое, што ты баліш!..
Шэпча анёл на вуха:
— Рана у рай ляціш...
— Дзякуй, сястра па Духу,
за тое, што шлях святліш!..
Душа ўцвікавана скрухай
за ўсіх, хто нясе свой крыж...
— Дзякуй, сястра па Духу,
за словы, што ўчула звыш...
14 ліпеня 2023 г. 13:30.
|
|
Аўтапартрэт
Ні ад кога не сакрэт —
фарбай акварэльнай
я малюю белы свет
у танах пастэльных.
Пэндзаль — гук.
Душа — мальберт.
Думкі рысай тонкай
я малюю белы свет, —
як мастак ікону...
Каб зрабіць аўтапартрэт,
між аблок начую...
Покуль я малюю свет, —
Бог мяне малюе...
27 снежня 2023 г. 7:27.
|
|
Мабыць...
Тут даўно няма каму маліцца,
памянуць спачылую душу...
Сосны у забытую капліцу
просяцца на светлую Імшу...
Мабыць, яшчэ доўга будзе сніцца
у трывожных, навальнічных снах,
як асірацелая крыніца
плача рушнікамі на крыжах...
7 траўня 2023 г. 14:47.
|
|
Сад
Скінуўшы лістоты паранджу,
у чаканні грэхаачышчэння
Сад пад кроплі светлыя дажджу
твар падставіў, стаўшы на калені...
Між галін азяблых груш і сліў
стоена да ранку слухаў вецер,
як аб дараванні Сад маліў
Госпада за першы грэх на свеце...
2 кастрычніка 2022 г.19:32 г.
|
|
Вянок
Круціш думку так і гэтак,
да радка снуеш радок,
каб са слоў — сабраных кветак —
атрымаўся верш-вянок...
Збоку гледзячы, здаецца —
пальцы слухае сцябло...
Толькі вось чамусьці рвецца —
не сцябло — само жыццё...
27 снежня 2023 г. 7:50.
|
|
Пастух
Каб хутчэй радоўка
летняя прайшла, —
клаў заўжды алоўкі
ў торбу пастушка...
З самага світанку
да зыходу дня
маляваў буслянку,
кветку, гусяня...
Шчыра каляровіў
навакольны свет...
Кожнае карове
падарыў партрэт...
Мог бы стаць Ван Гогам,
Босхам, Пікасо....
А па волі Бога —
стаў падпаскам слоў...
11 чэрвеня 2023 г. 13:40.
|
|
Меч і плуг
Жыццё чарговы робіць круг...
Набыткі нараджаюць страты...
З адной руды — і меч, і плуг...
З адной крыві — вой і араты...
Знікае ў вечнасці ланцуг,
хоць звенчакоў не так багата, —
то пераплавяць меч на плуг,
то воем зробіцца араты...
7 траўня 2023 г. 11:39.
|
|
Адысея
Вайна па свеце слёзы сее,
пускае прахам гарады...
Сягоння столькі Адысеяў
шукаюць Боскія сляды!..
Бягуць ад горасных напасцяў,
але ад Лёсу не ўцячэш...
З сабой загубленае Шчасце
у чамадан не пакладзеш...
І як бы іх ні частавала
Чужына з поўнага каўша, —
дадому ў незагойных шнарах
аднойчы вернецца Душа...
5 студзеня 2024 г. 12:50.
|
|
Заміж малітвы
У нас з табой адна трывога,
адна надзея і адчай...
Ты намі вымалены ў Бога —
Святы заступнік Мікалай...
Калі закончыцца дарога,
і, як рака, змялее час, —
абарані ад волі Злога,
аддай у рукі Бога нас!
19 снежня 2023 г. 23:30.
|
|
Калі...
Калі радку руку даеш,
што не баіцца смерці, —
маўчаннем вымалены верш,
бы стрэмка ў тваім сэрцы...
Калі для скамянелых слоў
душы не пашкадуеш,—
твой верш, нібы біблейскі Ёў,
ў Эдэме заначуе...
Калі радку жыццё даеш,
з ім дзелішся трывогай,
тады становіцца твой верш —
малітваю да Бога...
26 снежня 2023 г. 22:40.
|
|
Бітва
На белым снезе –
чорных літар кроў...
Алесь Дуброўскі
Ніхто не разгадаў яшчэ пакуль,
адкуль на іх сыходзіць Азарэнне...
Паэты не хаваюцца ад куль,
вымольваючы літасць на каленях...
Паэты не хаваюцца ў бліндаж
слоў халастых і рыфмаў недакладных.
Ім не патрэбны моўны камуфляж
для маскіроўкі сэнсаў барыкадных...
Наперакор бязрадаснаму дню
паэты не маўчаць аб набалелым...
Яны заўжды на лініі агню
з пазнакамі ад лазерных прыцэлаў...
На белым снезе – чорных літар кроў...
Той не паэт, хто не ідзе на бітву
з самім сабой, каб выжыла Любоў,
што верш ператварае у Малітву...
1 чэрвеня 2023 г. 23:27.
|
|
Зло
У засені прысад
сучасныя лапахіны
сякуць бацькоўскі сад,
а мы маўчым застрашана...
Схаваныя ў сабе,
праз лёд вакон падвоеных
мы тых, хто у журбе,
не чуем стогнаў стоеных...
На моўны вералом
глядзім з нямой апаскаю...
Змірыўшыся са Злом, —
мы сталі яго часткаю...
27 ліпеня 2023 г. 22:03.
|
|
Свята
На свеце святаў так багата,
ды найчасцей — чужых багоў...
Калі не створым сабе свята, —
яго не створыць нам ніхто...
Боль у вачах паселіць страта,
аглухне радасць у званах...
Калі не створым сабе свята,
то гэта свята створыць страх...
Госць на Раство увойдзе ў хату,
схаваўшы неба у вачах...
Калі Яму не створым свята, —
Дух ператворыцца у прах...
5 студзеня 2024 г. 7:20.
|
|
Хрыстос уваскрос!
Хрыстос уваскрос, —
як ніводзін з багоў!
Хрыстос уваскрос, —
як зямля напрадвесні!
Хрыстос уваскрос, —
каб вярнуць нам Любоў
і Веру, што й мы, —
як і Ён, уваскрэснем!
З пакутаў і слёз,
з акрываўленых кроз:
Хрыстос уваскрос!
Хрыстос уваскрос!
Хрыстос уваскрос!
16 красавіка 2023 г. 6:40.
|
|
 |