Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(107)/2024
Асобы

ПАТРАБАВАЛЬНЫ ПАПА
З жыцця Касцёла
Гісторыя
Постаці
Нашы святыні
Спадчына

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства
На кніжнай паліцы

ЯШЧЭ АДНО ІМЯ...
Спадчына

ІКОНЫ Ў ХАЦЕ БЕЛАРУСАЎ
Мастацтва

«НА БОЖУЮ ХВАЛУ…»
Проза

БАРАНАЧНІЦА ВЕРА
Прэзентацыя
Паэзія

ВЕРШЫ
Успаміны

БЕЛАЯ СТУЖКА ДАРОГІ
Асобы
Культура

Да Анёла-Ахоўніка

О жыхару цуднай нябеснай краіны,
Даны ў дапамогу мне з многіх адзіны,
Бездакорны духу, што пры мне чуваеш
На зямлі, а ў небе з духамі лунаеш!

Чуйна ў час юнацтва, каб хто не сурочыў,
Быў мне вартай дзённай, пільнаваў уночы;
І пакуль жыву я, будзеш так ласкавы
Ўсе мае людскія парадкаваць справы.

Дзеля той вясёлай першае хвіліны,
Калі сябе ўбачыў, дзеля той, тваімі1
Вершамі, калі я бітвы слаўнай веліч
Апяваў, і справаў яшчэ іншых безліч,

Калі на бязмежнай вечнасці парозе
Стану, пакажы мне ты ў той бок дарогу,
Дзе жывеш сам, каб мой дух туды ляцеці
Мог, бо створаны ён жыць з Божымі дзецьмі.

Да Спаскай вёскі2

Спасе, летні мой куточак!
У вясёлы твой дамочак
Салавейкам прылятаю,
Вясну блізкую вітаю.

Шпацырую тут па лесе,
Чую ў сэрцы гукі песень!
Ці лугамі шпацырую,
Думкі добрыя гадую.

А як птушкі заспяваюць,
Думкі ў радасці лунаюць;
Платы за канцэрт не трэба
Спевакам крылатым неба.

Рэй вядзе ў тым хоры знаным
Салавей — саліст прызнаны,
Спеў ліецца па ўсім гаі,
Мне здаецца, што я ў раі.

На гару ўзыду высока,
Вольна ў поле гляну вокам,
Навакол ляжаць так гожа
Нівы, што гадуюць збожжа.

Палатá тут пада мною
Цячэ плыткаю вадою,
Водарыць лугоў цвіценне,
Сэрца б’ецца ў захапленні.

І нішто мне не змарнуе
Радасці, што сэрца чуе.
Марна ў лес нясе зялёны
Хтосьці злосцю зрок замглёны.

Той, хто ястраба гадуе
Ў сэрцы, сам з сабой бядуе;
Цёмным позіркам бязбожны
Не разгледзіць гай прыгожы.

Хай пяюць сабе салоўкі,
Ён не чуе спеў іх звонкі;
Для яго спявае скруха,
А для птушак вуха глуха.

Палатá красу хавае,
Ад зламыснага ўцякае;
Ў жаху перад тварам гэтым
Збожжа ўбок імкне з імпэтам.

А мяне інакш вітае
Рэчка і не абмінае;
Каласы да ног хінуцца,
Ласкатаць мяне імкнуцца.

Радасці такой мне цэлай
Не знайсці ў Русі ўсёй Белай!
Хай са мной паўсюль вандруе,
Ад тугі мяне ратуе.

[Да 1804 г.]

Зёлка мая

Сум-нуда мяне з’ядае,
І ўсё чыста ёй спрыяе:
І зязюлі кукаванне,
Нават салаўёў спяванне,
Ліпы сумныя навокал,
І куды ні кінеш вокам,
Выглядае невясёла
Ўсё ўнутры мяне й наўкола.
Ці знайду на немач тую
Зёлку ў лесе хоць якую?
Не! Дарма капаць карэнне
На лячэнне засмучэння.
Іншая ёсць зёлка — ў раі
Што расце, не ў гэтым гаі.
За яе плаціць не трэба,
Яна знак цудоўны неба —
Ласка Бога. Спашлі ж, Пане!
І мой смутак тут жа звяне.

У гаі

На свеце ўсё псуецца
Сёння гай бярозак чыстых,
Зеляненькіх і вячыстых
Нам гаворыць, што ў тым гаі
Бачыш быццам вобраз раю.

Але ж хіба доўга тая
Дрэваў прыгажосць трывае?
Памаленьку ўсё ж калісьці
Абляціць з галінак лісце.

Бо на свеце ўсё псуецца
Паступова, як вядзецца,
За дзянёчкам дзень сплывае
І ў нас штосьці адбірае.

Помню, я ў часы былыя
Сам квітнеў, як дрэўцы тыя,
Ўжо не той я… Як вядзецца,
Ўсё на свеце тут псуецца.

Да Зефіра ў лесе3

Мілы Зефіру! Ўлюбёнец прасторы!
Чуюць нямыя цябе лясы й горы,
Што ўжо казаць пра жывыя стварэнні!
Поўніцца гай песнямі праслаўлення.

Калі цябе так лес, птушкі вітаюць,
З табой лістотаю, песняй гуляюць,
Дазволь прывітаць і маім цябе спевам,
Мяне ж ажыві твайго духа павевам.

Альбо маю ўдзячнасць нясі ты ў эфіры —
Туды, дзе ўсе вечныя граюць Зефіры,
Дзе вечная яснасць, дзе Пан Бог, каторы
Цябе выпускае ў лясы, долы, горы.

Да набліжэння вясны

Вясна, наймалодшая часу дачушка!
Яшчэ цэлы месяц чакаць цябе птушкам,
І дрэвам, і траўцы — ўсяму ў нашым краі,
Але ўсё цябе тут ужо прадчувае.

Яшчэ прывітаць цябе жаўранак звонка
Ў высі не вылецеў, ластаўка пёрка
Не раскрыліла яшчэ, каб гняздзечка
Віць, яшчэ лёдам скаваная рэчка,

Ды толькі позірк адзін ты лагодны
Кінеш на край наш, і неба пагодна
Ўраз заяснее, і дух ачуняе,
Тонам вясёлым паэт заспявае.

О прыгажуня-вясна! Паспяшайся
Ў нашу старонку, з вятрамі яднайся
І прыляці ў сваім строі зялёным
З тварам, так блізка да нас прыхілёным.

Развесялі нас усмешкай праменнай
Нашы палеткі ў смузе задуменнай,
Гаю касматага цёмныя сховы,
Ўзгоркі, лугі, што чакаюць адновы.

Над берагамі Палоты прадвесняй
Хай загучаць салаўіныя песні,
А з імі разам натхнёнай душою
Будзе спяваць і паэт над вадою.

[Полацк, 1815–1818 гг.]

Да Часу

Час! Каго ты залатымі
Ўкрыеш крыламі сваімі,
Таго доўга памятаюць,
Аб ім доўга размаўляюць.

Як лятуць твае дачушкі,
Спрытныя гадзіны-птушкі,
Да цябе йдуць мае вершы —
Падарунак мой найлепшы.

Падарунак з гор прыгожых,
Дзе відаць плён справаў Божых,
З іх красы табе штодзённа
Падарункі шлю нястомна.

О калі ты, Часе, з тронаў
Гультаёў сатрэш імёны,
Хай мяне з тым важкім дарам
Абмінуць такія кары!

Прага пазнаць і пабачыць Бога

Хто для мяне неба гэтае выткаў,
Зоркі і месяц на ім срэбнай ніткай,
Сонца, што ззяе з-за хмарных фіранак,
Хто росны ранак?

Прагну пазнаць Яго ўсёю істотай,
Бо хіба годны мець столькі шчадротаў
Той, хто бяздушна з Яго рук прымае
Дары, што мае?

Прагну не марна. Чую патаемны
Творцы ў сэрцы голас ціхі, прыемны.
Слухаю, што аб сабе Ён мне кажа,
Слухаю ўважна.

«Я ёсць Той, Хто ёсць. Для майго існення4
Няма мінулых, будучых імгненняў:
Я ёсць па-за часам, ва ўсім укрыты,
Вечны, ўсябытны.

Таемнаю моцай быў Я спрадвеку,
Вечнасць стварыў і цябе, чалавека,
Ўсё, што ты бачыш паўсюль прад сабою,
Створана мною.

Зямля ўся і неба, і ўсе стварэнні,
Што цябе ў гэткае ўводзяць здзіўленне,
Ўсё гэта плёны маіх творчых планаў
Моцы нязнанай.

Сказаў, і зоркі ў адказ мільгацелі:
Вось мы на Твой загад заяснелі;
Кіт малады хвалі перасякае,
Быццам гуляе.

Леў сваім рыкам над лесам пануе,
Арол палёты ў паветры прастуе;
А чалавек мае твар мой, каб несці
Пра мяне весці.

Але не толькі ўсямоцны і вечны,
Я яшчэ добры, яшчэ Я сардэчны
Для чалавека прыяцель нязменны,
Хоць ён і тленны.

Даў я зямельку яму ва ўладанне,
Птушак, звярушак яму ў карыстанне,
Добрасць маю больш пазнае, бясспрэчна,
У жыцці вечным».

Творца ўсіх рэчаў і маёй істоты!
Прагну Цябе бачыць! За Твае шчадроты
Поўная ўдзячнасці душа ўздыхае,
Цябе шукае.

Пакажы руку, што малявала ўмела
Душы маёй вобраз і дзіўны склад цела;
Дзе Твае стопы? Сцісну іх удзячна
Абдымкам гарачым.

Ахвяруючы букет васількоў
Хрысту Пану ў постаці Дзіцяці,
што сядзіць на руках Марыі
ў Манрэзе5

Хрыстэ маленькі! Вось гэты, сабраны
І траўкай проста зялёнай звязаны,
Вазьмі ад мяне ў свае ручкі з палёў
Букет васількоў6.

Ён да кудзеркаў Тваіх баваўняных
Вельмі пасуе, да шчочкаў румяных,
Ён і да вочак блакітных, да веяў
Накшталт лілеяў.

Не пагарджай кветкаю найсціплейшай,
Забудзь на хвілю, што Ты Найвышэйшы,
Бо ўпала неба тут, перад Табою,
Усёй хвалою.

Не знойдзецца ахвяры ад нікога
Ніводнай, каб магла аздобіць Бога;
Ў Табе Чалавека букет мой вітае
І аздабляе.

Ідзіце, васількі, ў Яго далоні,
Зайздрошчу шчасцю вашаму сёння.
Як вас у сваёй ручачцы Ён змесціў,
Мяне б так песціў.

Ды спадзявацца дух мой не прыстане,
Што, калі перад тронам Тваім стане,
Мяне за гэты мой букецік, можа,
Ты ўспомніш, Божа!

Згадай і Твайго Яна той хвілінай,
Бо сёння дзень ягоных імянінаў,
Дык вырві і яму крыху лісточкаў
З тых васілёчкаў.

Да Найсвяцейшай Панны Марыі

Паводле словаў: Ave Maris Stella

О Ты, якую мора і зямліца
Слухаюць, дай жа к Табе прытуліцца!
О Зорка Мора! О Святая Панна!
Якар Нябесны надзеі нязманнай!

Цябе я клічу на ратунак прыйсці:
Глянь, якім страшным трэба морам плысці!
Адны ўжо гінуць у марскім прадонні,
Плывуць другія пад Твае далоні.

Ноч агарнула ўсё навокал страхам,
Пэўнасць губляю, якім плысці шляхам;
Калі ж на човен бліснеш Ты праменнем,
Шлях мне асвецяць нават ночы цені.

Гэтым даверам сэрцу суцяшацца,
Зваць Цябе Маці, Тваім сынам звацца;
Хваляў пагрозных болей не баюся,
На Тваю ласку толькі спадзяюся.

[1830–1831 гг.]

З польскай мовы пераклала Ірына Багдановіч.


  1. Пасля падзення анёлаў (заўвага аўтара).
  2. Спас — вёска, якая некалі належала полацкаму езуіцкаму калегіуму, за чвэрць мілі ад Полацка, на рацэ Палоце. У гэтай вёсцы ёсць старажытны касцёл, пабудаваны ў Х стагоддзі полацкай рускай князёўнай, які захаваўся не пашкоджаным (каментар аўтара).
  3. Зефір — у грэчаскай міфалогіі бог ветру; Юзаф Маралёўскі быў знаўцам антычнасці, выкарыстоўваў у сваёй паэзіі характэрныя для гэтай культурнай эпохі вобразы, асабліва часта вобраз ветру-Зефіру (заўвага перакладчыка).
  4. Тут адсылка да таго знакамітага выразу аб Сутнасці Бога, які змешчаны ў Кнігах Майсея: Ego sum, qui sum (заўвага аўтара). [Зых 3, 14].
  5. «…ў Манрэзе» — перадпакой бібліятэкі калегіума езуітаў у Полацку меў выгляд кшталту пячоры Манрэзе, у якой медытаваў і пакутаваў заснавальнік ордэну езуітаў св. Ігнацы Лаёла. Фігура Хрыста на руках Марыі, якому паэт ахвяраваў кветкі, знаходзілася, відавочна, у той полацкай Манрэзе (каментар укладальніка польскага выдання).
  6. «Букет васількоў» — усюды ў вершы аўтарам ужываецца беларуская назва кветкі «wasilki» («bukiet wasilków»), а не польская «bławatki» (заўвага перакладчыка).


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY