|
|
|
№
1(107)/2024
Асобы
З жыцця Касцёла
Гісторыя
Постаці
Нашы святыні
Вольга БАРЫСЕНКА
З ГІСТОРЫІ ЦУДАДЗЕЙНАГА АБРАЗА МАЦІ БОЖАЙ З КАСЦЁЛА УНЕБАЎЗЯЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ Ў БАРЫСАВЕ Спадчына
Літаратуразнаўства
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
ЗВЯРЫНЫЯ ГРАТЭСКІ Ў ПАЭТЫЧНАЙ КУЛЬТУРЫ СЛАВЯНАЎ: АД ФАЛЬКЛОРНАЙ АБРАДНАСЦІ ДА ХРЫСЦІЯНСКАГА КАНТЭКСТУ На кніжнай паліцы
Спадчына
Мастацтва
Проза
Прэзентацыя
Паэзія
Успаміны
Асобы
Культура
|
Многія здзіўляюцца, калі пра інквізіцыю пачынае разважаць дамініканін. Да таго ж кожны з нас мае сваё ўяўленне пра інквізіцыю, сфармаванае літаратураю, школьнымі ўрокамі, мастацтвам, гісторыяграфіяй, і часам цяжка пазбавіцца ад падазрэння, што дамініканін пачне любымі шляхамі яе апраўдваць. Запэўніваю вас, што гэтага не будзе. Як дамініканін і як гісторык я перадусім імкнуся разабрацца, як было насамрэч. Часта мы маем урывачныя веды пра тыя ці іншыя рэаліі, адсюль шмат непаразуменняў і прадузятасці. Веды пра інквізіцыю многія чэрпаюць, напрыклад, са слыннага рамана Умберта Эка «Імя ружы», дзе апісаны інквізітар, які жадае ўсіх спаліць на вогнішчы, аднак трагічна гіне сам. У рамане выкарыстоўваецца імя рэальнага персанажа: Бэрнара Гі, знакамітага інквізітара і гісторыка дамініканскага ордэну, які, між іншым, не загінуў, а памёр сваёю смерцю, пражыўшы каля 70-ці гадоў і зрабіўшы шмат карыснага, прычым абавязкі інквізітара ён выконваў усяго некалькі гадоў. У 2000-я гады пачало з’яўляцца шмат добрых крытычных публікацый на тэму гісторыі інквізіцыі, найперш гэта два вялікія тамы, прысвечаныя папскай інквізіцыі, якія выдала Апостальская Сталіца, і тры тамы, якія выдаў дамініканскі ордэн па матэрыялах калоквіўмаў і сустрэчаў гісторыкаў, што праводзіліся на працягу трох гадоў з мэтаю цэласна разгледзець феномен інквізіцыі. Каб зразумець, што такое інквізіцыя і для чаго яна была створана, найперш неабходна звярнуцца да кантэксту: высвятліць, як выглядала грамадства, у якім узнікла ідэя стварэння духоўнага трыбуналу, бо інквізіцыя — гэта найперш трыбунал, суд, які прымае рашэнні ў справах веравучэння. Папская інквізіцыя была заснавана ў XIII стагоддзі, але карані яе ўзнікнення трэба шукаць у V ст., у часы апошняга ўпадку Рымскай імперыі. Тагачасная імперыя ўжо была падзеленая на дзве, Усходнюю і Заходнюю, але не перастала быць для Еўропы абсалютным культурным, грамадскім, палітычным і рэлігійным «касцяком», на якім амаль з пачатку нашай эры пачалі нарастаць розныя дадаткі. На гэтай аснове была створаная добрая сістэма грамадскага права, сістэма падаткаў, розных дзяржаўных інстытуцый і г.д., што дазваляла аднолькава добра функцыянаваць розным часткам імперыі, якая разраслася амаль на ўсю Еўропу. Рымская імперыя мела фантастычную здольнасць асвойваць элементы розных культураў і рэлігій, але настаў час, калі гэта яе разваліла. Прывяду прыклад таго, як на працягу некалькіх стагоддзяў змянілася мадэль паводзінаў чалавека ў грамадстве і змянілася само грамадства. Марк Тэрэнцый Варрон (116 г. да н.э. — 27 г. да н.э.), буйны землеўласнік, філосаф, вучоны і пісьменнік, стварыў падручнік для жыхароў Рыма, дзе першым апісаў цыкл свабодных мастацтваў, у якіх павінен быць дасведчаны культурны і адукаваны чалавек. Варрон пералічвае 9 навуковых дысцыплінаў: гэта звязаныя са словам граматыка, дыялектыка і рыторыка і звязаныя з лічбамі арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка, архітэктура і медыцына. Ён быў упэўнены, што адукаваны чалавек павінен умець збудаваць дом (а вайсковец яшчэ і фартыфікацыю) і быць дасведчаным у медыцыне, каб дапамагаць сабе і іншым. У V ст., калі імперыя перажывае ўпадак, іншы вучоны муж, Марцыян Капэлла (каля 360–428), піша філасофскі твор пад назваю «Шлюб Філалогіі і Меркурыя». Па яго сюжэце Меркурый шукае жонку сярод розных цнотаў, і ўрэшце, калі Філалогія згаджаецца, на вяселлі з’яўляюцца розныя навукі: ужо названыя граматыка, дыялектыка, рыторыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія і музыка. Спрабуюць увайсці таксама архітэктура і медыцына, але іх выганяюць, бо гэта нешляхетныя заняткі, якімі займаюцца нявольнікі, у адрозненне ад сямі навукаў, прызначаных для вольных людзей. Цікава параўнаць светапогляды двух філосафаў. Варрон напісаў першыя трактаты па эпідэміялогіі і агракультуры і не лічыў, што гэтыя заняткі прыніжаюць яго статус, а ўжо праз чатырыста-пяцьсот гадоў практычнымі навуковымі навыкамі валодаюць толькі нявольнікі. У V ст. Рымская імперыя дасягае апагею багацця і дабрабыту. Рым хацеў забяспечыць сваім жыхарам спакойнае і бесклапотнае жыццё і таму перакладаў клопаты па вытворчасці і падтрыманні эканомікі на калоніі, абапіраючы дабрабыт не на ўласную працу і высілкі, а на вайсковыя здабычы. У гэтай разбэшчанасці — адна з прычынаў развалу імперыі, які, на думку гісторыкаў, доўжыўся каля 200 гадоў. Вядома, гэта не адзіная прычына, але для мяне як для гісторыка дактрыны і ідэі — гэта важны знак развіцця або ўпадку грамадства. Дэкаданс, адарванасць ад практычных ведаў і жыццё за кошт іншых моцна аслабляе эліту Рыма, і з цягам часу імперыя распадаецца. Вялікая і складаная канструкцыя антычнага свету асыпаецца, і ад яе застаецца толькі шкілет — структура хрысціянскага Касцёла. Застаюцца біскупствы, парафіі, кляштары, ёсць святары і манахі. Гэта аслабленая структура, бо ў V ст. сам Касцёл перажывае вялікі крызіс: яго моцна пахіснула арыянская спрэчка, і ў той час католікі ў хрысціянскім свеце былі ў меншасці, а большасць хрысціянаў — арыянамі. Справа ў тым, што барбарскім плямёнам лягчэй было прыняць дактрыну Арыя і паверыць, што новы Бог быў добрым і ахвярным чалавекам, і за гэта Бог зрабіў і яго Богам (няхай тэолагі прабачаць мне спрашчэнне гэтай дактрыны, але гэта важна, каб добра зразумець далейшы ход падзеяў). Падобныя паралелі ёсць у язычніцкай міфалогіі, і неафітам арыянскае вучэнне больш зразумелае, чым паняцце гіпастатычнага саюзу — адзінства Боскай і чалавечай прыроды Хрыста. Багаслоўскія спрэчкі доўга цягнуцца на Саборах у Канстанцінопалі, Эфесе, Халкідоне, а простае насельніцтва ўвогуле не гаворыць па-грэцку і ледзьве разумее лаціну. Для мяне ўвогуле цуд, што каталіцкая дактрына ў свой час не патанула ў моры арыянства. Чаму гэта так важна? Бо грамадства, якое фармуецца паміж VI і ІХ–Х стст., фармуецца менавіта на касцяку структураў Касцёла і яго супольнасцяў. Нарэшце пасля міграцый плямёнаў, спробаў аб’яднання імперыі, здзейсненых Карлам Вялікім, пасля шматлікіх войнаў і падзелаў тэрыторый у Х–ХІ стст. паўстае новы свет, узнікаюць больш-менш стабільныя княствы і каралеўствы, але ўсе яны абапіраюцца на структуры Касцёла. Увесь гэты час пасля падзення Рымскай імперыі біскуп заставаўся не толькі кіраўніком хрысціянскай супольнасці і настаўнікам Евангелля, але нёс адказнасць за жыццё сваіх людзей, ён быў адзінаю ўладаю, адзіным прадстаўніком парадку. Таму пераход да ўсведамлення, што біскуп — гэта і духоўны, і палітычны ўладар, адбыўся вельмі проста і натуральна. Не было ніякай рэвалюцыі, Касцёл не развальваў свецкую дзяржаўнасць, як можна было б падумаць, бо ніякай свецкай дзяржаўнай улады проста не было. Жадаючы цывілізаваць свае землі, каралі і князі робяць гэта праз пасрэдніцтва Касцёла. Трэба мець на ўвазе, што на працягу многіх стагоддзяў ішлі крывавыя войны, пастаянна змянялася ўлада, землі спусташаліся остготамі, франкамі, германцамі і г.д. Мы нават прыблізна не можам уявіць катастрофы грамадства тых часоў. Вялізная колькасць людзей жыла адасоблена ў лясах. Каб вывесці іх адтуль і запэўніць больш-менш спакойнае жыццё, уладары пачалі будаваць парафіяльныя касцёлы, як, напрыклад, вялікая графіня Матыльда Тасканская (1045–1115). Вакол касцёлаў аднаўлялася звычайнае жыццё: людзі выходзілі з лесу, каб прыйсці на набажэнства, ахрысціць дзіця, узяць шлюб і зладзіць пахаванне; пры нагодзе там жа, пры касцёле, людзі пачыналі мяняцца і гандяваць, узнікаў рынак, а побач і карчма. Гэтак узнікалі цэлыя вёскі і мястэчкі. Гэта была сапраўдная планавая палітыка. З пазіцыі сённяшніх часоў мы часта глядзім на сярэднявечнае грамадства анахранічна. Аднак трэба памятаць, што яно ўтварылася на фундаменце супольнасці Касцёла. Вядомая спрэчка аб інвестытурах XI–XII стст. — аб тым, хто прызначае біскупаў і абатаў, Папа ці імператар — не была супрацьстаяннем свецкіх і касцёльных уладаў, як пішацца ў некаторых падручніках гісторыі. Гэта была ўнутрыкасцёльная барацьба: грамадскія структуры былі неаддзельнымі ад касцёльных, абсалютная большасць насельніцтва, ад найбяднейшага селяніна да караля, складалі католікі, і ўсе яны, і сяляне, і святары, і мясцовыя ўладары — князі, графы, бароны — былі падданымі Рымскага Папы. Імператар, жадаючы ўзурпаваць духоўную ўладу, рабіў гэта не таму, што хацеў знішчыць Касцёл: ён быў перакананы, што мае духоўную ўладу, бо намашчаны на валадарства Богам. Гэтак жа нікога не здзіўляла, што Папа выкарыстоўвае вайсковую сілу для абароны сваіх інтарэсаў, бо ён — не толькі духоўны валадар, а проста валадар. Нам, людзям, якія жывуць у мультыкультурным і глабалізаваным свеце, цяжка ўсвядоміць, што такое аднароднае грамадства. На той час язычнікі засталіся па сутнасці толькі на ўскраінах Еўропы, арабы пасля бітвы пад Пуацье апынуліся за Пірэнэямі, у Іспаніі, дзе працягвалася Рэканкіста, адваяванне хрысціянскіх земляў, у цэнтры Еўропы жыла толькі некаторая колькасць габрэяў, але яны не мелі вялікага ўплыву на грамадства. Гэты свет быў цалкам хрысціянскі, і ў ім супольнасць дамінавала над асобаю. Зноў жа, нам, выхаваным на індывідуалізме, ідэях Рэнесансу і Асветніцтва на вартасці чалавечай асобы, цяжка гэта зразумець. Падобным чынам грамадства функцыянуе ў сучасных афрыканскіх краінах: кожны чалавек — частка сям’і, клану, супольнасці, і без гэтага ты проста не існуеш. Сярэднявечнае еўрапейскае грамадства — гэта адна вялікая хрысціянская супольнасць, падзеленая на меншыя: цэхі, ордэны, таварыствы. Сярэднявечча ўвогуле любіла супольнасці, або прафесійныя, або рэлігійныя: кляштары і брацтвы розных святых, або дабрачынныя, як, напрыклад, фламандскія бегінажы (фр. béguinage), закрытыя абароненыя паселішчы з домікамі на 2–3 асобы, сваімі гаспадарчымі пабудовамі і капліцаю, для ўдоваў і адзінокіх жанчын, якія маглі жыць разам, працуючы і дапамагаючы адна адной. Бегінажы, дарэчы, існуюць і дагэтуль. Яшчэ адна важная рыса тагачаснага грамадства (уключна да XVIII ст.) — поўнае перакананне ў тым, што жыццё чалавека не заканчваецца на зямлі, несумненная вера ў вечнае жыццё. Для чалавека Сярэднявечча не было так страшна пазбавіць некага жыцця, але было недапушчальна пазбаўляць вечнасці, бо тое, што будзе пасля смерці, нашмат важней. Цяпер, калі мы ўяўляем, на чым будавалася і як функцыянавала сярэднявечнае грамадства, паглядзім, што такое інквізіцыя. Да таго як стаць папскай інстытуцыяй, інквізіцыя была адным з біскупскіх абавязкаў. Біскуп павінен быў навучаць, кіраваць, выконваць адміністрацыйныя абавязкі і сачыць, каб вера людзей на падданай яму тэрыторыі адпавядала Credo. Школы яшчэ не былі так распаўсюджаны, толькі Карл Вялікі загадаў ствараць пры кожным кляштары і вялікай парафіі школы. Адукаваных людзей было вельмі мала, адукаваных прапаведнікаў — таксама. Нярэдка пробашч ці святар ледзьве мог прачытаць тое, што напісана ў Імшале. Розныя сінадальныя камісіі правяралі, ці ведае святар малітвы на памяць і што з іх увогуле разумее. Спытайце сёння верніка, што значыць «Бог ад Бога, Святло ад Святла»? Нават нам, адукаваным людзям, цяжка бывае тлумачыць складаныя тэалагічныя формулы, дык што казаць пра ксяндза з беднай вёскі, які, апроч служэння, вымушаны яшчэ весці гаспадарку і карміць сям’ю (цэлібат быў зацверджаны толькі напрыканцы ХІ — пачатку ХІІ ст. пасля рэформаў Папы Грыгорыя VII), не маючы ні часу, ні магчымасцяў для самаадукацыі? А Credo, Сімвал веры, у амаль нязменнай форме існуе з І ст. і з’яўляецца маркерам прыналежнасці да грамадскай супольнасці. У падобных умовах нярэдка ўзнікалі розныя ерасі, такія як арыянства або нестарыянства, унутры Касцёла адбывалася шмат тэалагічных спрэчак, і біскуп мусіў чуваць, каб вернікі атрымлівалі праўдзівую навуку веры і вызнавалі яе. Таму функцыя інквізіцыі, якую выконваў біскуп, — гэта перадусім было адсочванне ўзроўню рэлігійных ведаў у падданых яму святароў. А ў грамадстве, дзе sacrum неаддзельны ад profanum, дзейнасць біскупа часта была арыентаваная на яго ўласныя інтарэсы і на інтарэсы мясцовых магнатаў. Большасць біскупаў належала да арыстакратыі і залежала ад іх падтрымкі. Таму абвінавачванне ў ерасі, на жаль, стала інструментам улады: зручнай магчымасцю адабраць у некага маёмасць, разрабаваць багаты кляштар, пазбавіцца ад суперніка. З часоў Сакрата добра вядома, што лепшы спосаб некага ачарніць — гэта абвінаваціць у бязвер’і або ў «няправільнай веры» і ў шкодным уплыве на іншых, асабліва на моладзь. І дагэтуль такі спосаб даволі дзейсны, а ў тыя часы абвінавачванне ў ерасі і бязбожніцтве ўвогуле мела страшныя наступствы, тым больш што амаль немагчыма было даказаць несправядлівасць такіх абвінавачванняў. Адсюль і ўзніклі сумненні ў тым, што біскупы могуць аб’ектыўна выконваць функцыю інквізітараў, і ўзнікла патрэба, каб нехта незацікаўлены і кампетэнтны мог выносіць суджэнне, асабліва ў сур’ёзных абвінавачваннях. Вы, магчыма, спытаеце, а каму якая справа да чужой веры? У сучасным мультыкультурным свеце гэта натуральнае пытанне, але ў свеце, дзе ёсць толькі католікі, яно немагчымае. Мы з вамі выхаваныя на ідэі свабоды сумлення, але паспрабуйма апынуцца ў скуры тагачасных людзей: з’яўленне ерэтыка, то бок, таго, хто прапаведуе ідэі, якія пярэчаць агульнапрынятым у грамадстве, — гэта пагроза не толькі для веры, але і для самога грамадства. Такім чынам, на пачатку ХІІІ ст. Папа Грыгорый ІХ заснаваў інквізіцыю — незалежны ад мясцовай улады трыбунал, які падпарадкоўваўся непасрэдна Папу і быў яго экспазіцыяй на ўвесь хрысціянскі свет. Гэты трыбунал неабходна было даверыць адукаваным людзям, свабодным ад уплыву мясцовай арыстакратыі. Таму Папа звярнуўся да новазаснаваных манаскіх ордэнаў дамініканаў і францішканаў. Так, гэта стэрэатып, што інквізітарамі былі адны дамінікане: напрыклад, на поўначы Італіі інквізіцыя была дзейнасцю францішканаў. Першая ўзгадка пра дамініканскую інквізіцыю належыць да 1227 г.; яна захавалася ў лістах благаслаўлёнага Ярдана Саксонскага, наступніка св. Дамініка, да яго духоўнай дачкі, благаслаўлёнай Дыяны д’Андала. Папа Грыгорый ІХ выдаў булу, загадаўшы некалькім братам дамініканам наведаць кляштар пэўнага ордэну. Знайшоўшы яго ў вартым слёз духоўным стане, браты, нягледзячы на вымаганні закону, знялі з пасады мясцовых абатаў. Абураныя гэтым учынкам, Святы Айцец і кардыналы хацелі адклікаць іх рашэнне, але благаслаўлёны Ярдан выправіўся ў Рым, каб абараніць сваіх паплечнікаў. Заўважце, што сітуацыя датычыла клерыкаў, інквізіцыя найперш цікавіцца імі, яе задача — дактрынальна і маральна пільнаваць тых, хто займаецца духоўным навучаннем і прапаведаваннем. Па-другое, судовых працэсаў і самой працэдуры інквізіцыі яшчэ няма. Манахі атрымалі місію ад Папы, ацанілі сітуацыю і знялі з пасады мясцовага кіраўніка, абата. Дамінікане з’явіліся нядаўна, у 1216 г. быў закладзены іх жабрацкі ордэн. Яны адукаваныя, не залежаць ад арыстакратыі і падпарадкуюцца непасрэдна Папу, гэта лепшыя кандыдаты для хуткіх судовых «патрулёў». Пазней, у 1234 г., ужо былі распрацаваныя працэдуры інквізіцыйных працэсаў, якія абяцалі хуткасць і эфектыўнасць сваіх рашэнняў і, самае галоўнае, давалі асуджанаму магчымасць абараніцца, апраўдацца. Напрыклад, падчас слыннага працэсу над Жаннаю д’Арк, якую англічане абвінавацілі ў ерасі, інквізітар дамініканін, зразумеўшы, што гэта палітычны працэс, адмовіўся падпісваць дакументы абвінавачвання і пакінуў трыбунал, наўпрост сказаўшы, што гэтая справа не датычыць веры. Такіх прыкладаў шмат. У размовах пра інквізіцыю многіх найперш цікавяць сведчанні пра жорсткія допыты, вогнішчы, пакуты і г. д., але гэта былі выключныя сітуацыі, незвычайныя крайнія меры вырашэння справы. Вывучаючы інквізітарскія запісы, можна даведацца, што працэдура выглядала прыблізна так. Інквізітары ехалі ў мястэчка, дзе прапаведаваў нейкі ерэтык. Калі ім давалі спакойна праехаць і лагодна прымалі, гэта быў першы знак таго, што ерась яшчэ не пусціла карані (вядома, калі пры набліжэнні жыхары мястэчка пачыналі пускаць стрэлы, справа была іншаю). Усё мужчынскае насельніцтва збіралі і па чарзе апытвалі прыблізна так: — «Ці быў тут гэты чалавек?» — «Быў» — «Што казаў?» — «Сёе і тое» — «А хто пры гэтым прысутнічаў?» — «Усе мужчыны» — «А што вы рабілі?» — «Дыскутавалі, задавалі пытанні» — «А што рабілі жанчыны?» — «Займаліся сваімі справамі» — «Вы адмаўляецеся ад ерасі, якую пачулі?» — «Так, адмаўляемся, мы верныя хрысціяне» — «Ну добра, тады за пакуту гэтак памоліцеся». Так выглядала большасць інквізіцыйных працэсаў, і пасля апытання інквізітары ехалі далей. Аднак, калі абвінавачаны працягваў найстойліва трымацца сваёй ерасі, яго лічылі пагрозаю для грамадства і перадавалі ў грамадскі, свецкі суд. На гэтым паўнамоцтвы інквізіцыі заканчваліся, а свецкі суд прыгаворваў чалавека да больш ці менш цяжкага пакарання, напрыклад, на доўгі тэрмін ізалюючы яго ад грамадства ў вязніцы ці нават выракаючы на спаленне. І нават у выпадках закаранелай ерасі інквізітары дбалі пра так званыя «смяротныя ласкі» для асуджанага, памятаючы пра вечнае жыццё. Напрыклад, у слынным і вельмі страшным працэсе над Жакам дэ Мале (паміж 1244 і 1249–1314 гг.), апошнім магістрам ордэну тампліераў, інквізітар здабыў для яго ласку згараць на вогнішчы, гледзячы на Нотр-Дам. У сучасных людзей кроў стыне ў жылах — нішто сабе ласка! Але, падкрэслю яшчэ раз, у тагачасным грамадстве Бог быў несумненнаю рэальнасцю, і людзі верылі, што ерэтык, у апошнія хвіліны жыцця гледзячы на Нотр-Дам, можа звярнуцца да Бога і атрымаць збаўленне, а гэта было самае важнае, важней за смерць. Падобнае адбылося і ў справе над Жаннаю д’Арк: інквізітар таксама дабіўся дазволу, каб падчас спалення перад ёю трымалі крыж. Звычайна зацвярдзелым ерэтыкам адмаўлялі ў такой апошняй ласцы, але калі інквізітар мог знайсці спосаб дазволіць асуджанаму такую ласку, ён імкнуўся гэта зрабіць. Аднак далёка не ўсё было прымальным. Інквізітары насамрэч атрымалі вельмі вялікую ўладу, амаль неабмежаваную, а такая ўлада, на жаль, часта псуе людзей. Сярод інквізітараў былі прадажныя суддзі, вар’яты, псіхапаты. Сумны прыклад пакінуў пасля сябе дамініканін Рабэр лё Бугр па мянушцы Пачвара. Ён чыніў страшныя рэчы, вёў працэсы як вар’ят, тэрарызуючы людзей. Але завяршылася тым, што ім самім занялася ўнутраная служба інквізіцыі, якая пільнавала дзейнасць інквізітараў, і ў 1263 г. ён быў асуджаны на смерць. Адваротны прыклад — асоба Бэрнара Гі, пра якога мы ўзгадвалі на пачатку. Ён, адукаваны тэолаг, гісторык і юрыст, зрабіў вялікую кар’еру, паставіўшыся да пасады інквізітара як спецыяліст у галіне права. На пераломе XIII і XIV ст. ён стварыў падручнік «Настаўленне інквізітарам», распрацаваўшы праўны кодэкс судовых працэсаў на аснове Кананічнага права Касцёла. Добра захаваўся архіў яго 15-гадовай працы на пасадзе інквізітара. Бэрнар Гі правёў каля 980-ці судовых працэсаў. Каля 46-ці працэсаў скончыліся смяротнымі прысудамі, частка з якіх была вынесена пасмяротна. Дакументы сведчаць, што Бэрнар Гі справядліва выконваў давераную яму службу як высокакваліфікаваны юрыст, пракурор. Такім чынам, папская інквізіцыя — гэта неабходная інстытуцыя, якая вырасла з патрэбаў сярэднявечнага грамадства пасля развалу Рымскай імперыі і гарантавала кампетэнтнае і аб’ектыўнае суджэнне ў складаных справах веры. Насуперак чорнай легендзе пра «страшную крывавую інквізіцыю», гэтая ўстанова фактычна ўпершыню пасля падзення Рымскай імперыі (а магчыма, і ўвогуле ўпершыню ў гісторыі) арганізоўвала судовыя працэсы, адпаведныя нормам права. Мне, як дамініканіну, сорамна за злоўжыванні маіх братоў і шкада нявінна абвінавачаных людзей, але, беручы пад увагу кантэкст той эпохі, я не магу сказаць, што стварэнне інквізіцыі не мела сэнсу. І гэтак жа асмелюся сцвярджаць, што дамініканаў прызначалі інквізітарамі не за падступнасць і хітрасць, а таму што яны былі вельмі добра адукаваныя і маглі выканаць патрабаванні незалежнага аб’ектыўнага трыбуналу. Стаўленне сярэднявечнага грамадства да папскай інстытуцыі сведчыць пра тое, што яе ўспрымалі нашмат лепш, чым свецкія суды. Напрыклад, калі абвінавачаны ў ерасі пісьменнік і філосаф Тамаза Кампанэла (1568–1639) быў пераведзены з каралеўскай вязніцы Неапаля ў Рым, гарадская газета напісала, што ён нарэшце зможа спакойна адчуваць сябе ў турме інквізіцыі. Сярэднявечная папская інквізіцыя перастала дзейнічаць у Еўропе ў XV стагоддзі. Патрэба ў ёй знікла, бо грамадства змянілася: палітычны ўплыў перайшоў да арыстакратычных колаў, пашыраўся пратэстанцкі рух, пачыналася Рэфармацыя. Інквізіцыя паціху заняпала як інстытуцыя і адрадзілася ў зусім іншай форме — як каралеўская інквізіцыя ў Іспаніі, але гэта была зусім іншая арганізацыя. Іспанскі кароль традыцыйна даверыў кіраванне ёю дамініканам, і яны, на жаль, радасна ўзяліся за справу, атрымаўшы неімаверную ўладу. Папа Сікст IV не падтрымліваў амаль не абмежаваныя паўнамоцтвы каралеўскай інквізіцыі і дамагаўся, каб іспанскія дамінікане адмовіліся ад гэтай дзейнасці. Іспанскі кароль па сутнасці заснаваў сапраўдную паліцыю нораваў з вялізнымі паўнамоцтвамі і маніпуляваў ёю па ўласным жаданні: абвінавачанне фактычна азначала смяротны прысуд. Дамінікане, на жаль, згадзіліся на каралеўскую прапанову, памятаючы, што ў часы Сярэднявечча інквізіцыя была годнай, вартай пашаны арганізацыяй, і мушу засведчыць, што менавіта з гэтай прычыны дамініканскія гісторыкі зрабілі ўсё, каб сфальсіфікаваць гістарычныя дакументы і нават пераканаць свет у тым, што нібыта ажно сам святы Дамінік вынайшаў інквізіцыю. Гэтак, напрыклад, намаляваў яго іспанскі мастак Пэдра Бэрругэтэ (1450 – каля 1503): святы Дамінік на ягоным абразе кіруе інквізіцыйным працэсам, а побач з кафедрай трыбунала ўжо падрыхтавана вогнішча для асуджаных. Безумоўна, гэта няпраўда, бо інквізіцыя ўзнікла праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля смерці святога Дамініка. Аднак, калі спачатку гэтая паважаная інстытуцыя, здавалася, страціла сваё значэнне, а пасля зноў адрадзілася на сусветнай арэне ў Іспаніі, браты дамінікане паддаліся вялікай спакусе прыняць удзел у гэтай справе. Як дамініканін і гісторык я глыбока шкадую, што так адбылося, і саромеюся іспанскай інквізіцыі і нашага ў ёй удзелу. Гэта сапраўды было страшна, і дзейнасць гэтай арганізацыі не можа быць апраўданая, бо яна злоўжывала сваёю вялікаю ўладаю, і за гэта неабходна прасіць прабачэння.
Пераклад з польскай мовы
Паводле дакладу «Inkwizycja. Między mitem a prawdą»,
|
|
|
|