Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(107)/2024
Асобы

ПАТРАБАВАЛЬНЫ ПАПА
З жыцця Касцёла
Гісторыя
Постаці
Нашы святыні
Спадчына

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства
На кніжнай паліцы

ЯШЧЭ АДНО ІМЯ...
Спадчына

ІКОНЫ Ў ХАЦЕ БЕЛАРУСАЎ
Мастацтва

«НА БОЖУЮ ХВАЛУ…»
Проза

БАРАНАЧНІЦА ВЕРА
Прэзентацыя
Паэзія

ВЕРШЫ
Успаміны

БЕЛАЯ СТУЖКА ДАРОГІ
Асобы
Культура

Ігар СУРМАЧЭЎСКІ

ВЯЛІКАЕ ІТАЛЬЯНСКАЕ ПАДАРОЖЖА ЯНА ПАЦА (1597–1598 ГГ.)

Сёння мы закранем тэму пілігрымкі Яна Паца ў Вечны горад і яго прысутнасці на аўдыенцыі ў Папы Рымскага Клімэнта VIII. У даследчай літаратуры напісана, што Ян Пац, ваявода менскі, перайшоў з кальвінізму ў лона Каталіцкага Касцёла і што гэта сакральная дзея адбылася ў прысутнасці Папы Клімэнта VIII, які ў знак навяртання і ўмацавання веры падараваў менскаму ваяводу каштоўны сакральны падарунак — абраз Багародзіцы (Будслаўскай). Літоўскія навукоўцы лічаць, што навяртанне ваяводы адбылося да 1598 года, але ў кнізе «Вялікае Княства Літоўскае» («Беларуская Энцыклапедыя») гаворыцца, што гэта адбылося пазней — у 1600 годзе. Гэтая розніца ў часе вымагае па-рознаму глядзець на аўдыенцыю літоўскага шляхціца ў Пантыфіка…

 

У XVI–XVII стагоддзях на тых, хто не адчуў салодкай стомы і ўмацавання веры ад духоўнай пілігрымкі да святыняў, глядзелі як на дзівакоў. Таму вернікі з ВКЛ хадзілі ў блізкія пілігрымкі да знаёмых з дзяцінства святыняў: у Жыровічы, Вільню, Баруны, Будслаў, Пачаеў, Кіеў, а тыя, хто меў сродкі, адважваліся на далёкія падарожжы на Ясную Гару, Кракаў, Рым і нават у Ерузалем. Вечны горад ва ўсе часы адыгрываў значную ролю ў сакральным жыцці Еўропы. У XVI–XVII стагоддзях, калі Парыж і Лондан яшчэ не набралі палітычнай моцы, Рым быў сталіцай еўрапейскай дыпламатыі, месцам для спаткання і перамоваў палітыкаў, дыпламатаў, кардыналаў. Урэшце Рым займеў статус рэзідэнцыі каранаваных жанчынаў, бо там бавілі час такія асобы, як каралева шведская Крыстына (1626–1686), Марыя Казіміра Сабеская (1641–1716) і інш. Але для католікаў Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы Рым стаўся сімвалам хрысціянскага свету і духоўнай сталіцай, так званай «сваёй» Rzeczypospolitej Chrześcijаnskiej. Таму магнаты і шляхта, якія мелі магчымасць і сродкі, выпраўляліся да свайго «сакральнага і духоўнага сэрца» — у Рым.

 

Падарожжа з Вільні ў Рым. Дарогі і сэрвіс

Звычайна маршрут, якім падарожнічалі да Вечнага горада пілігрымы з Вільні, праходзіў такім чынам: Вільня – Гародня – Варшава – Вена – Венецыя – Балонья – Фларэнцыя – Рым.

У XVI стагоддзі для далёкіх падарожжаў ужываўся гужавы транспарт: драбіны, вазкі, павозкі ці экіпажы, дзе аснова (кузаў) падвешвалася на скураных пасах у якасці амартызатараў. Экіпажы з такімі амартызатарамі называліся карэты. Першапачаткова яны мелі папулярнасць толькі ў дамаў. У Парыжы на 1550 год налічвалася тры такіх экіпажы. Сапраўдная карэта набыла папулярнасць у XVII стагоддзі. У XV–XVII стагоддзях конны абоз падарожнічаў з хуткасцю 50–60 кіламетраў у дзень ці 3–5 кіламетраў у гадзіну. Напрыклад, вандроўка з Гданьска ў Кракаў (550 км) у 1593 годзе займала 10 дзён, а папскі нунцый са світай у 300 чалавек у сярэдзіне XV стагоддзя вандраваў з Кракава ў Варшаву (300 км) 11 дзён, то бок, праязджаў у дзень не больш за 30 кіламетраў. Канонік віленскай капітулы Эразм Цёлак (1474–1522) выехаў з Кракава 20.12.1504 г. і толькі 23.01.1505 г. быў у Венецыі (770 км), праўда, яго шлях з Венецыі да Рыма быў вельмі павольны і толькі 1.03.1505 г. ён уехаў у Вечны горад праз Porta del Popolo (Народную Браму).

Улічваючы ўзгаданыя прыклады падарожжаў, магчыма ўявіць, што шлях Яна Паца з Вільні ў Рым займаў не меней двух месяцаў у адзін бок, а ўсё падарожжа павінна было доўжыцца амаль паўгода. У складзе абозу ён праязджаў праз Вострую Браму па Лідскаму тракту ў бок Гародні. Звычайна на аднога шляхціца ў абозе прыходзілася ад чатырох да шасці павозак. Першая павозка была прызначана для гаспадара, калі ён не вандраваў конна, далей ішла павозка дамы. У сярэдзіне меўся воз з кухняй (прыпасы ежы і піцця). Картэж шляхціца замыкалі павозкі з куфрамі, у якіх захоўваўся гардэроб і прыдарожны сэрвіс (скрыні з посудам, посцілкі, бялізна, складны ложак і г.д.) — гэта былі так званыя «вазы скарбовыя». За павозкамі ішлі коні на падмену і далей чэлядзь, служба, ахова.

Магнаты падарожнічалі вялікім абозам, ці табарам, які складаўся з некалькі дзясяткаў вазоў: скарбовых, кухонных, піўнічых, карэтаў для дамоў (калі яны падарожнічалі з кавалерамі), павозкі для сяброў. У адзін воз запрагалі па шэсць, а то і па восем коней, хоць дастаткова было і чатырох. Кавалькаду суправаджалі сотні слугаў. У большасці чэлядзі былі мізэрныя абавязкі, але іх колькасць паказвала заможнасць гаспадара. Напрыклад, кіеўскі ваявода Канстанцін Васіль Астрожскі (1526–1608) збіраўся ў кожнае падарожжа з вялікаю раскошаю і вёз у табары: «тры тузіны пазалочаных паўмісак, некалькі тузінаў талерак пазалочаных, некалькі тузінаў лыжак, шэсць вялікіх тацаў, вялікую балею срэбраную з пазалочаным вянцом, не лічачы біклагаў і кубкаў». Вядомы прадстаўнік магнацкага дому Радзівілаў (і, магчыма, адна з гістарычных асобаў, якая ўдзельнічала ў выправе Яна Паца ў Рым) — кардынал Юрый (Ежы) Радзівіл (1556–1600), выехаў з Кракава ў Рым на пачатку лістапада 1599 года. Ён спяшаўся на рэдкую сакральную дзею ў Ватыкане — адкрыццё ў Юбілейны год (5.01.1600 г.) Porta Sancta (Святых Варотаў). У Венецыі кардынал з’явіўся 4 снежня 1599 года. З Венецыі да Рыму табар кардынала выехаў 20 снежня 1599 года і складаўся са ста павозак, кожную з якіх цягнулі шэсць коней. У кардынальскай кавалькадзе ехалі палякі, літвіны, італьянцы. Кардынальскі абоз атачалі студэнты з Літвы і Польшчы, якія імкнуліся на вучобу ў Падуанскі ўніверсітэт. Побач ехалі шматлікія пілігрымы, памочнікі, служба, шталмайстры, кухары і інш. Далей ехаў узброены атрад, які адказваў за ахову кардынала. Ужо ў дарозе кардынал пачуваў сябе ніякавата. 15 студзеня 1600 года ён спыніўся ў Рыме, у доме сям’і Orsinich каля Ponte Sant’Аngelo (Мост Святога Анёла), дзе і памёр 20 студзеня.

Калі гаварыць аб дарогах Рэчы Паспалітай XVI стагоддзя, то варта ўзгадаць, што ўказы і правілы рэгламентавалі толькі шырыню шляху, а не яго якасць. Ян Астрог (1436–1501), польскі дзяржаўны дзеяч і пісьменнік, дамагаўся, каб шырыня дарогаў была менавіта 6 метраў — то бок, каб маглі без перашкодаў раз’ехацца два экіпажы. Пераважна дарогі былі грунтовымі і толькі перад вялікімі гарадамі трапляліся брукаваныя шляхі. Такі прынцып камунікацый існаваў па ўсёй Еўропе, дзе былі тры тыпы дарогаў: іter — дарога для пешага ці коннага падарожжа, а насамрэч, сцежка шырынёй у 1 метр; аctus — дарога для павозак у адзін шлях, шырынёй у 2–3 метры; via — публічны гасцінец для павозак у два шляхі, шырынёй да 6 метраў. Толькі ў Італіі трапляліся дарогі, пракладзеныя яшчэ ў старажытныя часы і адноўленыя архітэктарам Андрэа Паладзіо (1508–1580). Ён у сваёй кнізе «I Quattro Libri dell’Architettura» («Чатыры кнігі аб архітэктуры», 1570) у главе «DELLE VIE FUORI DALLE CITTÀ. CAP.III» («Дарогі па-за мурамі горада», частка ІІІ) раіў пракладваць дарогі згодна са старажытнымі рымскімі традыцыямі — прамыя шляхі шырынёй 2,5 метры.

У XVI–ХVII стагоддзях дарогі ў асноўным абслугоўвалі не падарожнікаў, а каралеўскую паштовую службу, таму пастаялыя двары і корчмы былі прыпынкамі пры дарозе не дзеля адпачынку і пражывання, а для змены змораных коней пошты. У часы Яна Паца з 1568 года каралеўскім пачмайстрам (poczmistrz) быў італьянец, выхадзец з Фларэнцыі Себасцьян Мантэлупі (1516–1600): generalissimus et supremus postae magister et praefectus (генералісімус і вышэйшы паштовы магістр і прэфект). Ён кіраваў поштаю ва ўсёй Рэчы Паспалітай і нават у Аўстрыі і Італіі назіраў за польскай каралеўскай службай. Пачмайстар клапаціўся толькі аб паштовых станцыях, а дарогі былі пакінуты на назіранне і ўпарадкаванне гаспадароў той зямлі, дзе праходзіла дарога, і для гэтага з вандроўнікаў браўся падарожны збор.

Вялікія цяжкасці з прыдарожным сэрвісам існавалі на той час менавіта ў Рэчы Паспалітай. У Германіі, Францыі і Італіі ўжо былі прыстойныя пастаялыя двары і гатэлі. Калі ў XIV–XV стагоддзях аб падарожжы магчыма было даведацца з рукапісных дзённікаў і інкунабулаў, то ў XVI стагоддзі выйшлі першыя падарожныя даведнікі (рrzewodniki drogowe). Першы даведнік па дарогах Францыі быў выдадзены ў Парыжы Робертам Эцьенам (1503–1559) у 1553 годзе. У ім адзначалася, што «дарогі ў Францыі знаходзяцца ў нікчэмным стане, а брукаваныя ёсць толькі каля вялікіх гарадоў». Таксама аўтар раіў вандраваць па Францыі ў вялікіх групах, каб засцерагчыся ад нападу рабаўнікоў. Атмасфера страху перад рабаўнікамі панавала на дарогах Італіі да 1585 года, але Папа Сікст V (1521–1590) з першых дзён свайго Пантыфікату вырашыў пакончыць з бандытызмам на дарогах. Таму Ян Пац напрыканцы XVI стагоддзя праязджаў па дарогах Італіі, ужо не асцерагаючыся бандытаў. Дарогі Рэчы Паспалітай вызначаліся адносным спакоем — тут з бандытамі абыходзіліся вельмі жорстка яшчэ з часоў Боны Сфорцы, але цяжкасці з прыдарожным сэрвісам вымушалі добрага ведання правілаў, якія існавалі на гэтай зямлі.

Stefano della Bella (1610–1664).
З серыі аквафортаў «Entrata in Roma dell’Eccelso Ambasciatore di Polonia».
(Прыбыццё ў Рым Яго Эксцэленцыі амбасадара Польшчы). 1633.
Музей Метраполітэн. Нью-Ёрк.

Прыбыццё ў Рым.
Месца побыту пілігрымаў з ВКЛ у Вечным горадзе

Як адбывалася прыбыццё магнацкай кавалькады ў Вечны горад, магчыма ўявіць па серыі аквафортаў фларэнційскага мастака Stefano della Bella (1610–1664) «Прыбыццё ў Рым Яго Эксцэленцыі амбасадара Польшчы». Ежы Асалінскі (1595–1650) з вялікаю дыпламатычнаю місіяй быў пасланы каралём Рэчы Паспалітай Уладзіславам IV да Папы Урбана VIII. У Рым амбасадар прыбыў 27 снежня 1633 года. Апісанне вельмі ўражлівай па сваёй раскошы дыпламатычнай місіі і амаль кожнага ўдзельніка гэтай працэсіі магчыма пазнаць па дэталізаваным указанні самога мастака, які пад лацінскімі літарамі абазначыў удзельнікаў кавалькады. «Наперадзе ехалі два шляхціца службы амбасадара, прыбраныя на польскі манер у атласныя чырвоныя мундзіры. За імі дваццаць дзве павозкі, укрытыя багатым чырвоным сукном з гербамі польскіх паноў, якія ўдзельнічалі ў кавалькадзе. Дзесяць кавалерыстаў з гвардыі Яго Святасці. Наступнымі ступалі дзесяць вярблюдаў, у якіх грывы былі пераплеценыя срэбранымі ніткамі <…> Паўднёвых жывёлаў суправаджалі татары і армяне ў залатаглавых [ядваб, гафтаваны залатою ніццю] ферэзіях [доўгі плашч], падпярэзанныя залатымі ланцугамі і з цюрбанамі на галаве. За імі ішлі чатыры амбасадарскія трубачы у зялёных аксамітных ферэзіях, аздобленых залатымі клямрамі; трубы былі ўпрыгожаныя вымпеламі, багата гафтаваныя гербам пасла. За трубачамі ехалі трыццаць казакаў, узброеных мушкетамі і ручніцамі, прыбраных у чырвоныя ферэзіі, шытыя золатам і аздобленыя белымі жураўлінымі пёрамі. Гербавы паж, апрануты ў пярсідскую залатую парчу. Наступны быў кавалерыйскі атрад Пантыфіка са сваімі трубачамі, побач з якімі ехалі пакаёўцы (камергеры) кардынала вярхом на мулах. Кожны з іх трымаў на плячах капялюш свайго кардынала. Затым старшы пакаёвы амбасадара Кацішэўскі ехаў, махаючы дзідаю і прыбраны ў белы мундзір крылатага гусара з жураўлінымі пёрамі. Конь яго быў упрыгожаны пасамі з туркуса (біруза) і пёрамі на нагах. За ім былі трыццаць пакаёвых амбасадара ў блакітных атласных ферэзіях, падбітых памаранчавай тканінаю і з вайсковым рыштункам. Далей выступалі слугі, якія вялі пяць турэцкіх скакуноў: сядло першага было ўпрыгожана дыяментамі; другога — бірузой; трэцяга — рубінамі; чацвёртага — рознымі каштоўнымі камянямі; а пяты настолькі быў упрыгожаны дыяментамі, што з-за бляску дыяментаў немагчыма было разабраць шэрагу камянёў, і сярод іх быў камень, які каштаваў 30 000 злотых. На галовах коні мелі каштоўныя ўпрыгожванні. Два з іх мелі залатыя падковы, якія былі не шчыльна прымацаваныя і губляліся па дарозе на радасць прыдарожных разявакаў. Коней вялі татары і армяне. За імі ехаў канюшы амбасадара, трымаючы ў руках срэбраны буздыган. Наступную групу складалі дваране гішпанскага амбасадара са шляхціцамі з кардынальскага атачэння і фамілій іншых амбасадараў. Наступнымі ехалі на турэцкіх конях трыццаць дваран амбасадара, першы — Якуб Зялінскі, падчашы брацлаўскі і маршалак двара Асалінскага. Убраны ён быў у рысіную ферэзію з каштоўнымі камянямі, трымаючы ў руцэ срэбраную булаву. Потым пляменнік амбасадара французскага Charlesa de Creąui (1578–1638), князь de Richemont з дваранамі. Найбольш знатныя чальцы з атачэння амбасадара ехалі паміж двума тытулаванымі рымскімі князямі. Найперш гэта быў Ян Камароўскі, канонік кракаўскі, далей ішлі тры сыны падскарбія вялікага літоўскага Кшыштафа Нарушэвіча (1570–1630), Аляксандр, Ян і Казімір. Таксама разам з імі выязджаў іх таварыш па еўрапейскіх падарожжах Ян Даўгала Завіша (канонік віленскі, 1597–1661). Далей ехалі: Венжык, пляменнік прымаса Яна; Кшыштаф Ланцкаронскі і Станіслаў Аліноцкі, каралеўскія пакаёўцы. За імі пляменнік амбасадара Караль Карнякт; канонік плоцкі Філіп Ліпскі; потым два каралеўскія сакратары: Даменіко Ранкаллі (пісар амбасадара) і Дабеслаў Цяклінскі (1610–1653), яго конь разарваў залаты ланцуг, які наўмысна не быў добра замацаваны і рассыпаўся сярод разявакаў. Затым ехалі польскія магнаты з найслыннейшых польскіх радоў. На пачатку — Зэбжыдоўскі, убраны па-французску; Пётр Патоцкі, ваявода брацлаўскі; Кшыштаф Гасеўскі, ваявода смаленскі; Генрых і Збігнеў Фірлеі, ваяводзічы сандамірскія; граф Тэадор Тарнаўскі, ваявода інфляндскі; Аляксандр Любамірскі, ваявода рускі; Мікалай Асалінскі; Андрэй Грудзінскі, ваявода каліскі; Пётр Даніловіч, староста парчоўскі. За шляхтай ехалі два майстра цырымоніі, за якімі ішлі следам трыццаць чальцоў пяхоты амбасадара. Біскупа Анджэя Гембіцкага, сакратара амбасадара, каля Брамы дэль Попало сустрэў арцыбіскуп d’Amasia Фаўста Полі (1581–1653), прэфект Апостальскага Палаца разам з патрыярхам Александрыйскім Анара Каэтані. Перад імі ехаў амбасадар Ежы Асалінскі (1595–1650). Амбасадар быў прыбраны ў белы алтабасавы даламан [частка гусарскага мундзіра], расшыты залатымі кветкамі, з дваццаццю пятліцамі і дыяментавымі гузікамі. На баку ў яго была шабля, апраўленая ў золата і рубіны, якая каштавала 5000 скуда ці 20 000 злотых. Даламан быў пакрыты алтабасавай ферэзіяй [delię — доўгі плашч з шырокімі рукавамі і вялікім каўняром], падбітай футрам, таксама з дваццаццю пятліцамі і дыяментавымі гузікамі, а чамарку ўпрыгожваў пук пёраў, якія свяціўся дыяментамі. Асалінскі выязджаў на кані, які меў пас з рубінаў, сядло было ўпрыгожана каштоўнымі камянямі… Пасла суправаджалі швейцарскія гвардзейцы Пантыфіка, а перад імі шыхтаваліся траццаць людзей з амбасадарскай службы. За паслом ехалі біскупы і прэлаты, а за імі ехала карэта амбасадара, абабітая зялёным аксамітам, гафтаваная золатам і з залатымі гронкамі. У яе было запрэжана шэсць пярсідскіх скакуноў тарантаватай масці (белы, у вараныя плямы), падараваных амбасадару польскім каралём. Вазніцы былі апрануты ў аксаміт і зялёныя ферэзіі з залатымі пятліцамі. Калі кавалькада ехала ўздоўж замка Св. Анёла, быў зладжаны салют з гарматаў на прывітанне амбасадара Рэчы Паспалітай». Наўрад ці такім жа шыкоўным і багатым было прыбыццё дыпламатычнай місіі з Вільні разам з Янам Пацам у 1598 годзе, але, мяркую, пілігрымы з Вільні таксама заехалі ў Вечны горад, прыцягваючы ўвагу сваёй даволі важкай кавалькадай.

Найстарэйшым месцам прыпынку пілігрымаў з Кароны і ВКЛ падчас знаходжання ў Рыме быў касцёл св. Станіслава паблізу маста Cв. Анёла (S. Stanislaus ad pontem Aelium). Таксама пілігрымы з Рэчы Паспалітай карысталіся шпіталем насупраць касцёла S. Lucia della Chiavica. Гэты будынак пад назвай Hospitium Polonorum з цягам часу быў занядбаны і знішчаны. У 1578 годзе кардынал Станіслаў Гозій (1504–1579), сын віленскага войскага і кіраўніка манетнага двара ў Вільні, выкупіў бліжэйшыя будынкі ля касцёла S. Salvatore dei Pensili de Sorraca [касцёл Найсвяцейшага Збавіцеля на Pensili de Sorraca — Pensili паходзіць ад лацінскага pensilis — абапірацца, і ў гэтым кантэксце азначае «які абапіраецца на аркі», гэта значыць, на аркі старажытнарымскага Цырка Фламінія / Circus Flaminius, да IV ст.н.э.; а прозвішча Sorraca належыць рымскай сям’і, якая валодала нерухомасцю ў гэтым раёне], касцёл быў разбураны ў час «Знішчэння Рыма» ў 1527 годзе. Такім чынам, да 1591 года тут паўстаў польскі касцёл святога Станіслава (Chiesa di San Stanislao V.M.), асвечаны кракаўскім кардыналам Ежы Радзівілам, і кожны наступны прызначаны кракаўскі кардынал да гэтага часу апякуецца гэтым касцёлам. Сакральная ўстанова польскага асяроддзя ў Рыме забяспечвае пілігрымаў не толькі жыллем і харчаваннем, але і выконвае функцыі прававой абароны. Імаверна, тут мог бавіць час Ян Пац у 1598 годзе. Гэты раён пад назвай Сан-Анджэло (Sant’Angelo) размешчаны на левым беразе Тыбра насупраць вострава Ціберціна. Яго магчыма знайсці на мапе Рыма 1577 года картографа Антоніо Лафрэры і на мапе Вечнага горада 1593 года аўтарства Антоніо Тэмпэста, якую надрукаваў вядомы швейцарскі выдавец Матыўс Мерыан у 1642 годзе. Мапа Антоніо Тэмпэста (Italian, Florence 1555–1630, Rome) была перавыдадзена з улікам паправак, якія адбыліся ў архітэктуры Ватыкана, у 1645 годзе памерам 105х240 см, цяпер яна захоўваецца ў Музеі Метраполітэн.

Разглядаючы гэтыя графічныя рарытэты XVI–XVII стагоддзяў, магчыма ўявіць, як выглядаў Рым і Ватыкан у той час, калі хрысціянскую сталіцу свету наведаў пілігрым з Вільні, вяльможны пан Ян Пац. Вечны горад быў па перыметры абнесены абарончаю сцяною, якая каля Ватыкана мела назву Леонінская (Mura Leonine), і бастыёнамі. Імаверна, што пілігрымы з Вільні заязджалі з паўночнага боку па Фламініевай дарозе (Via Flaminia) з боку Рыміні праз Porta del Popolo (Народную Браму) і адразу траплялі на знакамітую Народную Плошчу (Piazza del Popolo) з саборам Санта Марыя дэль Попало з узрушальным егіпецкім абеліскам Фламініё вышынёй 24 метры, узведзеным на плошчы па загадзе папы Сікста V у 1589 годзе.

Працяг у наступным нумары.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY