![]() ![]() |
![]()
|
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
|||||||
№
4(106)/2023
![]() З нагоды юбілею
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
МІТРАПАЛІТ СТАНІСЛАЎ БОГУШ-СЕСТРАНЦЭВІЧ І ЗАСНАВАННЕ МАГІЛЁЎСКАЙ МІТРАПОЛІІ Постаці
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Вяртаючыся да надрукаванага
Нашы святыні
Спадчына
Паэзія
Пераклады
Асобы
Кіназнаўства
|
Двухтомнік выбраных твораў Яна Скрыгана ў глянцавых супервокладках, аздобленых партрэтамі пісьменніка, з яго цёплым дарчым надпісам — адзін з самых дарагіх падарункаў, які я беражліва захоўваю з 1985 года. А дробны, ашчадна-сціслы почырк Яна Аляксеевіча ўдзячна памятаю не толькі па ягоных аўтографах, але і па лаканічна-зычлівых, а часам і строгіх заўвагах майстра роднага слова на машынапісных старонках маіх першых апавяданняў, якія ён чытаў усё ў тыя ж, ужо далёкія 80-я гады мінулага стагоддзя... Нагодаю ж чарговы раз узяць у рукі двухтомнік Яна Скрыгана стала нядаўняя падзея, што адбылася на яго роднай Случчыне. Захацелася перачытаць старонкі аўтабіяграфічнай аповесці «Кругі», дзе аўтар піша пра сваё маленства на хутары Хваевіца, бо менавіта там нашчадкі Скрыгановага роду нядаўна ўсталявалі памятны камень. Паўдзельнічаць у яго адкрыцці, якое адбылося 18 лістапада, мяне запрасіла дачка пісьменніка Галіна Скрыган. Сама яна — нястомная руплівіца, ужо многія гады клапоціцца пра бацькаву спадчыну. Дзякуючы спадарыні Галіне былі сабраны і выдадзены ўспаміны пра Яна Аляксеевіча, падрыхтаваны і надрукаваны дзённікі пісьменніка, вялікі альбом пра яго творчае жыццё ў фотаздымках, створаны школьны музей Яна Скрыгана ў аграгарадку Камень на Капыльшчыне і многае-многае іншае. Аказваецца, што ў родзе Скрыганоў гэтая дбайнасць пра сваіх продкаў, як кажуць, у крыві: на адкрыццё каменя каля былога хутара Хваевіца сабралася добрай паўсотні чалавек так ці інакш звязаных з родам Скрыганоў. З’ехаліся сваякі не толькі з Беларусі, але нават і з Ніжняга Ноўгарада. У пераважнай большасці — гэта ўсё прамыя нашчадкі пяцёх родных сясцёр Яна Скрыгана. Цяпер на былым хутары Хваевіца растуць выгоністыя старыя хвойкі, што аддзяляюць вялікую круговіну калгаснага поля, якое дасюль называюць Скрыгановым, ад рухліва-шумнай сучаснай шашы... Ёсць штосьці асаблівае, непаўторна-кранальнае на месцах былых сядзібаў: здаецца, нідзе так, як там, не адчуваецца дыханне вечнасці, нідзе так не набліжаюцца да вачэй і не сцякаюць проста ў душу сваёю сцішанасцю нябёсы... Усё тыя ж нябёсы, якія атулялі гэтую зямлю і тады, даўным-даўно, калі тут гаманіла і красавала жыццё... І гэты, устаноўлены нашчадкамі Яна Скрыгана гранітны валун каля зусім блізкай шашы, адразу ўбачыўся сімвалічным знакам прыпынку, які быццам запрашае кожнага падарожнага суцішыць рух, адкаснуцца на хвіліну ад будзённай мітусні, каб падумаць пра вечнае і згадаць таго, чые словы выгравіраваны на гранітнай старонцы кнігі, прымацаванай да каменя як удзячны напамін пра вялікую любоў пісьменніка і сына гэтай зямлі да роднай мовы, якую ён называў «галоўным знакам Радзімы»... У аўтабіяграфічнай аповесці «Кругі» Ян Скрыган так пісаў пра гісторыю Хваевіцы: «Бацька мой, як і ўсякі грэшны чалавек, вельмі хацеў забагацець. Ён залез у даўгі — у людзей, у зямельным банку — і купіў сабе пад Слуцкам кавалак зямлі. Няўдобіцы — пяскі, балоты ды імшарнік — самай таннай, абы толькі больш. Спадзяваўся на сваю цягавітасць і сілу: што ўсё гэта можна будзе пакарчаваць, выцерабіць, пазрэзваць куп’ё, асушыць. Доўгім вузкім балотам зямля дзялілася на дзве палавіны: з гэтага боку Хваевіца, з таго — Саладухі. Назвы, мабыць, вельмі добра перадавалі сутнасць: Хваевіца — што колісь гэтыя пясчаныя ўзгоркі былі ўкрыты нізкарослым хвойнікам; Саладухі — што бралі многа поту, марнай работы, а вылезці з нішчымніцы не давалі». Аднак жа гэта «нішчымніца» не перашкодзіла бальшавікам у 30-я гады раскулачыць Аляксея Скрыгана і разам з жонкаю саслаць на Поўнач, адкуль яны ўжо ніколі не вярнуліся, знайшоўшы вечны спачын у далёкім Котласе. Напэўна яшчэ й таму так глыбока западаюць у душу ўспаміны іх сына пісьменніка пра маленства на бацькоўскім хутары: «...вось цёплая веснавая раніца. Я прачынаюся, чую, як маці тупае каля прыпечка, па хаце разносіцца такі смачны пах блінцоў, што мне хочацца тут жа з’есці хоць адзін. — То папрасі тату, каб памаліў цябе. Я выбягаю на ганак босы, лёгкі ад свежай вады, якою толькі што прамыў вочы, і крычу: — Тата, памалеце мяне! Бацька нешта майструе на канцы двара пад паветкаю і, не перастаючы рабіць, загадвае мне хрысціцца. Потым, аддзяляючы слова ад слова, гаворыць малітву <...> Я паўтараю за ім словы ўсяе малітвы <...> зноў хрышчуся і весела бягу ў хату, пераскокваючы высокі парог. Блінец ужо ляжыць у місцы, цёплы, духмяны, зверху блішчаста змазаны здорам...»
У сям’і Аляксея і Марыі Скрыганоў было 11 дзяцей. На жаль, пяцёра з іх не дажылі да дарослага веку — памерлі ў маленстве, хто ад «іспанкі», хто ад крываўкі, якія бушавалі на пачатку ХХ стагоддзя па ўсёй Еўропе і ад якіх тады не было ратунку. У адзінага сына Яна засталося пяць сясцёр. Пра кожную з іх ён пазней кранальна напісаў у сваіх «Кругах». Сам пісьменнік , які нарадзіўся 16 лістапада 1905 года, пражыў вялікае і вельмі няпростае жыццё. Двойчы рэпрасаваны, ён адбываў ссылку спачатку ў Сібіры, а потым у Сярэдняй Азіі і ў Эстоніі. Вярнуўшыся ў 50-я гады на Радзіму, усе свае сілы і талент ахвяраваў служэнню роднаму слову. На тых пакутніцкіх лагерных шляхах Ян Аляксеевіч не растраціў ні святла душы, ні прыроджанага аптымізму, ні веры ў дабро і справядлівасць. Можна сказаць, што галоўныя хрысціянскія дабрадзейнасці — вера, надзея і любоў — былі дамінантамі яго годнай чалавечай натуры і яе хрысціянскай сутнасці. Асновы ж гэтага падмурку былі закладзены ў маленстве пісьменніка на хутары Хваевіца. «Адсюль бацька вырушыў у свой дарослы і вельмі нялёгкі шлях», — падкрэсліла на адкрыцці каменя Галіна Скрыган... Ідэя ўстанавіць тут камень належыць нашчадкам пісьменніка па лініі яго роднай сястры Таццяны — Уладзіміру Пятровічу Булгаку і Галіне Пятроўне Федарышынай, якія жывуць у блізкім ад Хваевіцы Гарадзішчы. Яны ўзялі на сябе і ўвесь клопат па рэалізацыі гэтага праекту... Па дарозе ў Хваевіцу мы на хвілінку заехалі да спадарыні Галіны ў Гарадзішча і былі не толькі сагрэты яе шчыраю прыязнасцю, але і з радасцю пабачылі вялікі ўтульны дом, які яны з мужам Васілём збудавалі сваімі рукамі, і дбайна дагледжаную сядзібу, дзе ў кожнай драбніцы адчуваецца добры густ, працавітасць і майстравітасць гаспадароў. І як тут было не прыгадаць іхняга продка, гаспадара Хваевіцы Аляксея Скрыгана, які, па словах ягонага сына пісьменніка, усё умеў: «Любіў сталярыць, бандарыць, рабіць калёсы і сані, саломаю ці гонтамі крыць стрэхі, цяслярыць, будавацца. Будоўля асабліва была яму па душы...» Як відаць, па душы яна і ягоным нашчадкам, бо ўсё ў гэтым свеце мае свае вытокі і свой лагічны працяг... А хваевіцкая ўрачыстасць прадоўжылася ва ўтульнай зале слуцкай кавярні. Менавіта там падчас абеду адбылася яшчэ адна важная падзея — прэзентацыя ўнікальнай кнігі — «Гісторыі роду Скрыганоў». Вялізны фаліянт дакументаў падрыхтаваў вядомы беларускі гісторык-архівіст, спецыяліст па шляхецкай генеалогіі Вітальд Ханецкі. Дзякуючы карпатлівай працы, якую разам з жонкаю Таццянаю Завадскаю яны правялі ў архівах Беларусі і замежжа, былі адшуканы і сабраны шматлікія гістарычныя дакументы, а галоўнае — выяўлены пачынальнік роду Скрыганоў, Хведар Скрыган, які пасяліўся ў Труханавічах на Случчыне ажно ў ХVI стагоддзі. Менавіта з таго часу і з таго месца вядуць свой радавод усе пакаленні Скрыганоў. Не падвяла творчая інтуіцыя Яна Скрыгана, калі ён пісаў пра сваё «перакананне, што ўсе Скрыганы паходзяць з Труханавіч. Дзе б ні былі...»
Слухаючы натхнёныя і займальныя аповеды Вітальда і Таццяны пра іх архіўныя пошукі і адкрыцці, я міжволі прыгадала іншую Кнігу радаводу, якою распачынаецца Евангелле паводле святога Мацвея пра шматлікія пакаленні продкаў нашага Збаўцы. Прызнаюся, што кожны раз, калі даводзілася чытаць або чуць гэты евангельскі тэкст, заўсёды ў душы адчувала дакор з дамешкам сораму за сваю (дый нашу агульную) слабую дасведчанасць ва ўласным радаводзе. Хоць бяды тут, вядома ж, больш, чым віны, бо, на жаль, так сталася і так гістарычна склалася, што падсечаныя былі не толькі нашыя карані, але амаль адбітая і цікавасць да іх... Цяпер жа ўсцешна падумалася, што спакваля і мы, беларусы, дарастаем да гэтай натуральнай цікавасці да сваіх продкаў, могучы ўжо назваць іх не толькі ў адным-двух пакаленнях, а нават і з векавой далечыні. І ці трэба казаць, што такія, няхай сабе пакуль і нешматлікія прыклады, даюць надзею на будучыню... У той лістападаўскі дзень гэтую надзею падтрымлівала ды ўмацоўвала і сама атмасфера сустрэчы блізкіх людзей, з’яднаных не толькі крэўнымі, але найперш духоўнымі повязямі. Колькі там прагучала да слёз кранальных успамінаў! Часам вясёлых, з дасціпнымі показкамі і жартамі; часам — сумных і нават драматычных, гэтакіх, як само жыццё. І ў бальшыні тых аповедаў абавязкова згадваўся незабыўны Ян Аляксеевіч. У кагосьці з радні ён быў сватам на вяселлі (захаваліся фотаздымкі і, прынесеныя на сустрэчу, яны перадаваліся з рук у рукі); хтосьці спыняўся ў яго мінскай кватэры, калі прыязджаў у сталіцу на вучобу ці па іншых справах; да некага ён завітваў улетку разам з сям’ёю, каб падыхаць родным паветрам; некаму дапамог і падтрымаў у цяжкую хвіліну... Цікава, што ўсе яго па-свойску называлі (і дасюль называюць) дзядзькам, незалежна ад уласнага ўзросту і ступені сваяцтва... У вялікім і дружным Скрыгановым родзе захавалася галоўнае — роднасць. Таму на гэтай сустрэчы было шмат любові, сардэчнай зычлівасці і ўзаемапавагі, ажно не хацелася адтуль, быццам з цёплага мора, выходзіць, не хацелася вяртацца ў халодную каламуць рэчаіснасці, каб не парушыць у сабе светлай гармоніі, якая запанавала ў душы, а на вусны самі прасіліся любімыя слоўцы Яна Аляксеевіча: «любата», «мілата» і — абавязкова — «смаката», бо ад гэтай шчодрай случанскай смакаты ажно ўгіналіся сталы... Здавалася, што і сам ён, дзядзька Ян, такі светлы, жыццярадасны і людскі, быў сярод свае прыгожай, па-скрыганаўску гасціннай радзіны. І добра было думаць, што Скрыганова поле, дзякаваць Богу, працягвае радзіць, даючы багаты плён; што дрэва гэтага старажытнага беларускага роду ўчэпіста й моцна заглыбілася ў родную зямлю жыццядайнымі каранямі і годна трымае сваю высокую, прыгожую крону.
Крыстына Лялько.
|
![]() |
![]()
|
![]()
|
![]() |