Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(106)/2023
З нагоды юбілею

ГІСТОРЫЯ МІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
Постаці
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Вяртаючыся да надрукаванага
Нашы святыні
Спадчына

ІКОНЫ Ў ХАЦЕ БЕЛАРУСАЎ
Паэзія

ВЕРШЫ

САНЕТЫ
Пераклады

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Асобы

СКРЫГАНОВА ПОЛЕ
Кіназнаўства

Андрэй ШПУНТ

АЙЦЕЦ АДАМ АБРАМОВІЧ SJ —
ПЕРШЫ РЭКТАР
COLLEGIUM NOBILIUM У ВІЛЬНІ

Герб «Ястрабец зменены».

Наўрад ці будзе памылкай сцвярджаць, што жыццяпісы езуітаў — гэта храналогія іх служэння Ad majorem Dei Gloriam. Усё жыццё гэтых руплівых працаўнікоў — дзейнасць у самых розных галінах — навука, культура, мастацтва, асвета, прамысловасць і г.д., ад велічных барочных сабораў да кубачкаў шакаладу — усё служыла павелічэнню хвалы Пана і для дабра Яго авечак.

Пэўная складанасць заключаецца ў тым, што, узнімаючы з-пад пылу забыцця чарговае імя (у большай ступені гэта датычыць езуітаў, піяраў, базыліянаў), мы вымушаны не столькі звяртацца да асобы, колькі асвятляць прадмет яе дзейнасці. Што ж, няхай будзе так. Мабыць, гэткім чынам атрымліваецца асвятліць і частку нашай гісторыі.

 

Прыгадаем Рэч Паспалітую сярэдзіны XVIII ст. Саксонскія часы. Упадак калі яшчэ не эканамічны, то маральны. Эканоміку рухае народ, якому няма часу адхіляцца на ўсялякія глупствы. Маральным упадкам ахоплены пераважна пануючыя станы — магнатэрыя, шляхта, ды й чаго ўжо граху таіць — частка святарства, вельмі бачныя прадстаўнікі якога не адставалі ад шляхты. Прыкладаў безліч.

І вось у 1740 г., стаміўшыся ўсё гэтае назіраць, наваградскі кашталян Даніэль Казімір Шышко кінуў зерне, каб узрасціць нарэшце пакаленне, годнае найяснейшай Рэчы Паспалітай, а не лёсу жлуктаў і карцёжнікаў. Гэта была фундаваная пры Віленскай акадэміі невялічкая бурса, усяго на сем убогіх шляхецкіх юнакоў. «Seminarium Szyszkovianum», што ў 1751 г. намаганнямі айца Адама Абрамовіча SJ ператвараецца ў Collegium Nobilium, у якім вучыцца каля пяцідзесяці прадстаўнікоў першых фамілій ВКЛ — Масальскія, Юдыцкія, Агінскія, Тышкевічы, Пузыны ды інш.

Трэба сказаць, што стварэнне шляхецкіх калегіумаў не толькі ў ВКЛ, а па ўсёй Рэчы Паспалітай было рэакцыяй на чаканні эліты і дзяржавы, бо ў рэчышчы зменаў, што пачаліся пры Саксонцах і атрымалі большую дынаміку пры Станіславу Аўгусту, краіне былі неабходныя прафесіяналы ў сферы дзяржаўнага кіравання, войска, а таксама ў магнацкіх уладаннях, што па плошчы кожнае, мабыць, пераўзыходзіла нейкае германскае княства.

Не можа быць ніякіх сумненняў у тым, што хрысціянства павінна ахопліваць усё грамадства і дзяржаву. Тое, што сёння Касцёл аддзелены ад дзяржавы, сведчыць толькі аб тым, што Касцёл узвышаецца над дзяржаваю як вышэйшы духоўны аўтарытэт. У іншым выпадку мы чуем ці ўдар нажа гільяціны, ці пытанне дыктатара: «А колькі ў Рымскага Папы дывізіяў?», ці разгул лібералізму, калі ўхваляюцца грахі, што наклікаюць Божую помсту. Зразумела, айцы езуіты, як і ўсе сапраўдныя хрысціяне, усведамлялі, якое месца ў грамадстве і дзяржаве павінна займаць вера, таму галоўнаю мэтаю Collegium Nobilium было выхаванне ўзорных, прасякнутых рэлігійнасцю і патрыятызмам грамадзянаў.

Не будзем спыняць увагу на навучальным працэсе, але паспрабуем, нягледзячы на недахоп (як звычайна) матэрыялу, прысвяціць увагу нашаму суайчынніку а. Адаму Абрамовічу, што паходзіў з уплывовага шляхецкага роду герба «Абрамовіч» ці «Ястрабец зменены», таксама вядомы як Абрагамовічы і Аўрамовічы. Гэтыя розначытанні далі падставу (памылковую, калі абапірацца на Банецкага) польскаму гісторыку Юзафу Вольфу выводзіць іх ад славутага габрэя Абрагама Езафовіча герба «Ляліва», што быў падскарбіем літоўскім у часы вялікіх князей Аляксандра і Жыгімонта І.

Род паходзіў з паўночнай Мазовіі, адкуль перасяліўся ў Падляшша, а адтуль адна з галінаў у Літву, дзе меліся значныя ўладанні, у прыватнасці, мястэчка Варняны (Віленскі павет, сёння Астравецкі р-н), таму падпісваліся азначэннем «на Варнянах». Сярод найбольш значных прадстаўнікоў можна згадаць Яна (пам. у 1602 г.), менскага ваяводу (1593–1596) і смаленскага (1596), які шмат зрабіў для кальвіністаў і бараніў Праваслаўную Царкву. Яшчэ адзін кальвініст Мікалай (пам. у 1651 г.), ваявода мсціслаўскі (1643) і троцкі (1647), генерал артылерыі ВКЛ, адважны удзельнік войнаў са шведамі і расейцамі. Сын Мікалая Самуэль Андрэй (1617–1663), каралеўскі палкоўнік, староста старадубскі (1647 г.), пасля смерці бацькі вярнуўся ў лона Касцёла і закрыў кальвінскі збор у Варнянах.

Самуэль Андрэй пакінуў сыноў Андрэя (пам. у 1763 г.), паручніка пяцігорскага, кашталяна брэсцкага (1757), з маладосці звязанага з Міхалам Казімірам Радзівілам Рыбанькам, адстойваючы яго інтарэсы ў розных прадстаўніцтвах, Юрыя (пам. у 1767 г.), харужага пяцігорскага, старосту старадубскага (1763), таксама звязанага з Рыбанькам, і ўбачыўшага свет 24 жніўня 1710 г. Адама Абрамовіча, паводле Урускага, «рэктара езуітаў у Менску, вучонага святара». Нам жа засталося толькі пакінуць кароткую біяграфічную даведку.

Айцец Адам Абрамовіч SJ

КАРОТКАЯ БІЯГРАФІЧНАЯ ДАВЕДКА

Уступіў у Таварыства Езуса (1726 г).

Прэфект езуіцкіх школаў у Вільні (1743).

Манаскія шлюбы (1743–1744).

Прафесар філасофіі (1744–1748).

Прафесар тэалогіі (1747–1748).

На працягу васьмі гадоў «з вялікай славай і карысцю» служыў прапаведнікам, плёнам гэтай дзейнасці сталі «Kazania niedzielne» (Wilno, 1753).

Першы рэктар Collegium Nobilium у Вільні (1751–1758).

Рэктар калегіума ў Нясвіжы (1758–1763 і 1766–1773). Для Нясвіжа, паводле біёграфа а. Адама Абрамовіча, кс. Станіслава Беднарскага SJ, меў асаблівыя заслугі. Са срэбра, каштоўных тканінаў і абівачнага матэрыялу, ахвяраванага князем ардынатам Міхалам Казімірам Радзівілам Рыбанькам, а. Адам Абрамовіч загадаў зрабіць два вялікія падсвечнікі для галоўнага алтара, за што майстрам габрэям было заплачана 500 зл. пол., а з матэрыі і абіўкі — касцёльныя прыналежнасці. Гады рэктарства прыпалі на часы прабывання ў горадзе расейскіх войскаў. Ні гасціннасць рэктара, ні падарункі для вышэйшых расейскіх афіцэраў не выратавалі калегіум ад рабаўніцтваў і пашкоджанняў.

Рэктар калегіума ў Полацку (1763–1766). У 1766 г. падчас чарговага пару­шэння межаў ВКЛ расейскімі войскамі (8000 жаўнераў) у Полацку, паводле кс. Станіслава Заленскага SJ, дзякуючы намаганням рэктара а. Адама Абрамовіча, які шчодра адарыў расейскіх камандзіраў, удалося ўтрымаць жаўнераў у межах дысцыпліны, каб былі задаволены тым, што атрымалі, «не рабавалі і не знішчалі». Адкуль былі сродкі? Нельга не згадаць пра плённую працу айцоў езуітаў на ніве Бацькаўшчыны (і канешне, а. Адама Абрамовіча): яны, пачынаючы з 1760 г., узводзілі будынкі, млыны, бровары, кузні, наладжвалі фальварачную гаспадарку і сплаў збожжа да Рыгі; аднаўлялі і ўзводзілі касцёлы і ўніяцкія цэрквы, звыш таго, цэрквы забяспечвалі Імшаламі, арнатамі і келіхамі. Яшчэ да 1726 г. (паводле спісу, накіраванага ў Рым у сувязі з гаспадарчым працэсам уніяцкага Мітрапаліта Кіеўскага, Галіцкага і ўсяе Русі Фларыяна Грабніцкага супраць полацкіх езуітаў), езуіты ўзвялі з дрэва 15 касцёлаў і 22 цэрквы. Шмат сродкаў было пакладзена на пабудову і аздабленне новага касцёла і калегіума ў Полацку.

Рэктар калегіума ў Менску (1766–1770).

На рэктарскіх пасадах а. Адам Абрамовіч ажыццяўляў энергічную дзейнасць па адбудове і аднаўленні касцёлаў і калегіумаў.

Пасля скасавання Таварыства Езуса працаваў у Варнянах.

Памёр пасля 1775 г.

 

ЛІТАРАТУРА

  1. Адам Абрамовіч [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: https://be.wikipedia.org/wiki. Час доступу: 07.03.2023.
  2. Казлоўскі П. Абрамовічы (Абрагамовічы) // ЭГБ. Т. 1. — Мінск, 1993. — С. 19–20.
  3. Пазднякоў В. Абрамовічы // Электронная энцыклапедыя «Вялікае Княства Літоўскае» [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: https://vkl.by/. Час доступу: 20.05.2023.
  4. Bednarski S. Abramowicz Adam // PSB. T. I. — Kraków, 1935. — S. 11.
  5. Bednarski S. Upadek i odrodzenie szkół jezuickich w Polsce — Kraków, 1933. — S. 446.
  6. Boniecki A. Abramowiczowie v. Abrahamowiczowie h. Jastrzębiec, z odmianą // Herbarz polski. T. I. — Warszawa, 1899. — S. 19–20.
  7. Brown J. Biblioteka pisarzów assystensyi polskiej Towarzystwa Jezusowego. — Poznań, 1862. — S. 8–9.
  8. Collegium Nobilium (Вільня, езуіты) [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: https://be.wikipedia.org/wiki. Час доступу: 07.03.2023.
  9. Puchowski K. Wychowanie Obywatelskie w Jezuickich Kolegiach szlacheckich // Horyzonty Wychowania, № 5, 2004, — Kraków — S. 85–112, [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: https://horyzontywychowania.ignatianum.edu.pl/HW/article/view/1296. Час доступу: 15.03.2023.
  10. Uruski S. Abramowicz h. Abramowicz, czyli Jastrzębiec odm. // Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. T. I. — Warszawa, 1904. — S. 3–5.
  11. Zalęski S. Jezuici w Polsce. T. III, cz. II. 1700–1773. — Lwów, 1902.— S. 1048–1052.
  12. Zalęski S. Jezuici w Polsce.— Kraków, 1905.— S. 227, 455–456.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY