![]() ![]() |
![]()
|
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
||||
№
4(106)/2023
![]() З нагоды юбілею
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
МІТРАПАЛІТ СТАНІСЛАЎ БОГУШ-СЕСТРАНЦЭВІЧ І ЗАСНАВАННЕ МАГІЛЁЎСКАЙ МІТРАПОЛІІ Постаці
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Вяртаючыся да надрукаванага
Нашы святыні
Спадчына
Паэзія
Пераклады
Асобы
Кіназнаўства
|
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
МІТРАПАЛІТ СТАНІСЛАЎ БОГУШ-СЕСТРАНЦЭВІЧ
Даклад, прысвечаны 240-годдзю |
![]() |
<...>
Перш за ўсё хачу падзякаваць за запрашэнне прыняць удзел у такой значнай падзеі, якой з’яўляецца юбілей 240-годдзя заснавання Магілёўскай мітраполіі, што адзначаецца падчас VII Ружанцовага кангрэсу на тэму «Марыя і Ружанец у дамініканскай школе малітвы». Мы павінны памятаць сваю гісторыю і не падразаць каранёў, з якіх выраслі. У адваротным выпадку ў нас не будзе будучыні, якая ствараецца на мінулым.
Заўсёды з вялікаю радасцю наведваю Магілёў і ўспамінаю, як у далёкім 1990 годзе католікам горада на Дняпры быў перададзены катэдральны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава. З вялікім хваляваннем тады ўпершыню ўвайшоў у святыню, дзе ў той час знаходзіўся дзяржаўны архіў. Потым я падняўся на хоры і ўбачыў незвычайную прыгажосць фрэсак. Эўхарыстыю пры вялізарнай колькасці вернікаў цэлебраваў перад касцёлам. Радасць была незвычайная. Пасля Імшы пайшоў на пошту і выслаў папу Яну Паўлу ІІ тэлеграму, што гістарычная магілёўская катэдра перададзена вернікам. Потым шмат разоў наведваў яе, прыязджаючы з Масквы, і таксама пасля таго, як у 2007 годзе вярнуўся ў Беларусь.
У гэтым годзе Каталіцкі Касцёл у Беларусі і Расіі святкуе юбілей 240-годдзя заснавання Магілёўскай мітраполіі. У Беларусі ўвогуле гэты год — гэта год юбілеяў: ужо згаданага юбілею 240-годдзя заснавання Магілёўскай архідыяцэзіі, юбілею 225-годдзя заснавання Мінскай дыяцэзіі і юбілею 25-годдзя каранацыі папскімі каронамі цудатворнай будслаўскай іконы Божай Маці.
Заснаванне Магілёўскай мітраполіі распачало працэс упарадкавання кананічных структураў Каталіцкага Касцёла ў Расійскай імперыі, дало новы імпульс для яго развіцця і стала новай вехай у развіцці тагачасных касцёльна-дзяржаўных адносін.
Несумненна, атрыманне юрыдычнага статусу Каталіцкага Касцёла на неабсяжных прасторах праваслаўнай імперыі стала эпахальнай падзеяй у яго гісторыі. У дасягненні гэтай мэты асаблівую ролю адыгралі папа Пій VI, Ватыканская дыпламатыя і асабліва Апостальскі нунцый у Варшаве арцыбіскуп Джаванні Аркецці.
Як бы дзіўна гэта ні выглядала, але магутная імператрыца Кацярына II, якая імкнулася падпарадкаваць Каталіцкі Касцёл свецкай уладзе, таксама паспрыяла з’яўленню на карце Расійскай імперыі Магілёўскай мітраполіі. Яна, хаця і не адмаўляла духоўнага першынства Папы Рымскага для расійскіх католікаў, тым не менш старалася абмежаваць яго ўплыў на іх.
У складаным працэсе фармавання кананічнай структуры Каталіцкага Касцёла ў Расіі Божым Провідам асаблівая роля была падрыхтавана арцыбіскупу Станіславу Богушу-Сестранцэвічу — першаму Магілёўскаму мітрапаліту.
У гісторыі склалася неадназначнае стаўленне да яго. Як можна паводле разнастайных супярэчлівых меркаванняў адносна яго асобы і ўсебаковай дзейнасці ацаніць яго? Выхаваны ў духу кальвінізму, ён меў праблемы з прызнаннем прымату Папы, часам нават ставячы свецкую ўладу вышэй за духоўную. За час свайго доўгага 50-гадовага біскупскага служэння ён ні разу не наведаў Рым і не сустрэўся з Пантыфікам. Тым не менш, думаю, што надышоў час для больш дасканалага вывучэння яго дзейнасці ў тыя складаныя часы, калі Касцёл павінен быў знайсці modus vivendi ва ўмовах татальнага кантролю з боку царскіх уладаў і імкнення падпарадкаваць яго сабе, заставацца ў адзінстве з Апостальскім Пасадам з мэтаю захавання кананічнага адзінства і выканання місіі пастырскай апекі раскіданых на неабсяжных прасторах Расійскай імперыі католікаў.
Гэты даклад не прэтэндуе на глыбокае гістарычнае даследаванне, у ім таксама паўтараюцца некаторыя агульнавядомыя факты. Ён з’яўляецца толькі сціплай спробай інспіраваць новыя даследаванні з мэтай больш дасканалага вывучэння пытання для закрыцця белых плямаў гісторыі, звязаных з жыццём і дзейнасцю першага Магілёўскага мітрапаліта.
![]() |
Мітрапаліт Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч. Гравюра Юзафа Хрышчановіча, 1850 г. |
Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч нарадзіўся ў 1731 годзе ў маёнтку Занкі Трокскага ваяводства (цяпер — Свіслацкі раён Гродзенскай вобласці). Ён быў другім дзіцем у сям’і з васьмю дзецьмі кальвінска-каталіцкай традыцыі. Яго бацька быў кальвіністам, а маці — каталічкай. Быў пахрышчаны ў каталіцкай веры ў вёсцы Заблудава каля Беластока (Польшча). Паколькі дзеці ў гэтай сям’і выхоўваліся ў духу кальвінізму, уплыў пратэстантызму моцна праяўляўся ў ягоным жыцці.
Пасля заканчэння кальвінскага пансіянату будучы мітрапаліт воляю лёсаў апынуўся ў прускім войску, дзе быў паранены ў правую руку і доўга не мог ёю валодаць. Потым вучыўся ў Берліне ў гімназіі святога Яўхіма, дзе вывучаў нямецкую, англійскую, лацінскую і старажытнагрэцкую мовы. Таксама пазнаваў медыцыну з мэтаю вылечыць сваю руку, што яму ўдалося. Пасля заканчэння гімназіі паступіў ва ўніверсітэт у Франкфурце-на-Одэры, дзе вывучаў права, матэматыку, фізіку, механіку, статыстыку, эстэтыку, італьянскую і англійскую мовы.
Вярнуўшыся дадому ў 1751 годзе, працаваў педагогам у дваранскіх сем’ях. У 1753 годзе стаў настаўнікам дзяцей князя Станіслава Радзівіла ў Жырмунах (цяпер аграгарадок у Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці). Менавіта тут у атмасферы каталіцкай веры і традыцый ён перажыў рэлігійную метамарфозу вяртання ў каталіцызм.
У Жырмуны з Вільні часта прыязджаў прэлат Ігнацы Масальскі, які захапляўся асобай і красамоўствам маладога Сестранцэвіча. Менавіта ён прапанаваў яму падумаць аб духоўным сане. З мэтаю падрыхтоўкі да святарства Сестранцэвіч паехаў у Варшаву, дзе ў 1759–1763 гадах вывучаў дагматычную і маральную тэалогію, кананічнае права і гісторыю Касцёла, а таксама абараніў дысертацыю на тэму «De infallibilitate papаe» — «Аб беспамылковасці Папы».
Парадокс. Догмат веры аб непамылковасці Папы ў справах веры быў прыняты на Першым Ватыканскім Саборы ў 1870 годзе, а Сестранцэвіч напісаў дысертацыю на гэтую тэму на 100 гадоў раней.
У 1762 годзе прэлат Ігнацы Масальскі стаў Віленскім біскупам. У далейшым ён атрымаў ад Апостальскага нунцыя неабходную для пасвячэння дыспенсацыю ад кананічнай перашкоды як народжанага ад бацькі некатоліка і «выхаванага ў ерасі» Станіслава Сестранцэвіча. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у Варшаве ў 1763 годзе.
Амбіцыйны і таленавіты Сестранцэвіч вельмі хутка прасоўваўся па кар’ернай лесвіцы. Спачатку служыў святаром у Вільні. Сваё служэнне сумяшчаў з вывучэннем медыцыны, філалогіі, гісторыі і юрыспрудэнцыі. Потым быў прызначаны пробашчам парафіі ў Гомелі і далей у Бабруйску. Узнагароджаны ордэнам святога Станіслава. Стаў канонікам Віленскага катэдральнага капітула. На гэтым ягоны кар’ерны рост не завяршыўся.
У 1771 годзе Сестранцэвіч пазнаёміўся з імператрыцай Кацярынай II. 13 лістапада 1771 года разам з польскім каралём Станіславам Панятоўскім яна прысутнічала на набажэнстве ў гонар святога Станіслава Косткі ў віленскім катэдральным касцёле. Гамілія, якую тады прамовіў канонік Станіслаў Сестранцэвіч, была прысвечана выкананню хрысціянінам сваіх абавязкаў у адносінах да свецкай улады.
Словы маладога святара зрабілі вялікае ўражанне як на караля, так і на імператрыцу. Кацярына II запомніла эрудзіраванага, адважнага і адданага расійскаму двару святара. Яго імя з кожным днём рабілася ўсё больш вядомым у Расійскай імперыі.
У 1773 годзе Сестранцэвіч быў прызначаны Генеральным вікарыем Віленскай дыяцэзіі. На гэтай пасадзе ён зарэкамендаваў сябе добрым і валявым адміністратарам, а таксама красамоўным прапаведнікам, што, несумненна, паўплывала на яго далейшы лёс. З кожным днём ён станавіўся ўсё больш папулярным святаром.
У гэты час у Расіі пражывала немалая колькасць католікаў — людзей розных нацыянальнасцяў, якія воляю лёсаў апынуліся на яе бязмежных тэрыторыях. Аднак упарадкаваных касцёльных іерархічных структураў у выглядзе дыяцэзій не было. Каталіцкія супольнасці юрыдычна падпарадкоўваліся непасрэдна Апостальскаму Пасаду, які праз Кангрэгацыю распаўсюджвання веры клапаціўся пра іх. Уплыў Кангрэгацыі істотна аслабеў, калі імператрыца Кацярына II у 1766 годзе падпарадкавала каталіцкія парафі Юстыц-калегіі — Вышэйшаму апеляцыйнаму суду Расійскай імперыі па крымінальных і грамадскіх справах.
12 (23) лістапада 1769 года быў выдадзены манаршы ўказ, які прадпісваў рэгламент дзейнасці пецярбургскай і маскоўскай каталіцкіх парафій. У далейшым ён быў распаўсюджаны на ўсе парафіі Расійскай імперыі.
Эпахальным у складанай гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Расіі стаў 1772 год. У выніку першага падзелу Польшчы ў Расійскай імперыі павялічылася колькасць католікаў, што патрабавала вырашэння праблемы. Гэта разумеў не толькі Апостальскі Пасад, але і свецкая ўлада. Перад ёю паўстала праблема распрацоўкі спецыяльнай палітыкі ў адносінах да Каталіцкага Касцёла з мэтаю арганізаваць яе так, каб максімальна адмежаваць Касцёл ад уплыву Ватыкана.
14 (25) снежня 1772 года імператрыца Кацярына II самавольна заснавала Беларускае біскупства, якое аб’ядноўвала ўсе каталіцкія парафіі Расійскай імперыі. Зразумела, што гэты акт быў некананічным і таму не быў прызнаны Апостальскім Пасадам. Але, з іншага боку, трэба падкрэсліць, што ён паклаў пачатак працэсу заснавання кананічных структураў Каталіцкага Касцёла ў Расіі, аб чым красамоўна сведчыць гісторыя.
Сваім указам аб заснаванні Беларускага біскупства імператрыца Кацярына II вызначыла, што новай дыяцэзіяй будзе кіраваць біскуп з рэзідэнцыяй у Магілёве. Для вырашэння гэтага пытання Кацярына II выкарыстала тагачасную грамадска-палітычную сітуацыю. Віленскі біскуп Інгацы Масальскі папрасіў Папу прызначыць яму дапаможным біскупам каноніка Станіслава Сестранцэвіча для той часткі дыяцэзіі, якая адышла да Расійскай імперыі з-за падзелу Польшчы. Яго просьба была задаволена, і 3 (14) кастрычніка 1773 года Станіслаў Сестранцэвіч быў кансэкраваны біскупам у віленскай катэдры.
У гэтай сітуацыі праявілася імперская дальнабачнасць Кацярыны II у рэалізацыі яе плану адносна Каталіцкага Касцёла ў Расійскай імперыі. 22 лістапада (3 снежня) 1773 года яна самавольна прызначыла біскупа Станіслава Сестранцэвіча Магілёўскім біскупам, якога сталі называць «беларускім біскупам Кацярыны». Гэта быў некананічны, але тым не менш крок на шляху да заснавання кананічных структураў Каталіцкага Касцёла ў Расійскай імперыі, што ў далейшым пацвердзіла гісторыя.
Межы самавольна ўсталяванай Кацярынай II Беларускай дыяцэзіі распасціраліся ад заходніх рубяжоў Расіі да Сахаліна. Тэрытарыяльна Беларуская дыяцэзія была самай вялікай у свеце.
Апостальскі Пасад у бесперапынных пошуках узаемнай згоды з царскім урадам быў вымушаны мірыцца з такім станам справаў, як і з многімі іншымі абмежаваннямі ў правах Каталіцкага Касцёла ў Расійскай імперыі. На самай справе Папа нічога не мог зрабіць з Кацярынай ІІ, бо яна была іншага веравызнання: пахрышчаная ў лютэранстве, яна потым перайшла ў праваслаўе.
Цікава, што ў такой складанай і супярэчнай кананічнаму праву сітуацыі біскуп Станіслаў Сестрэнцэвіч у 1774 годзе з дазволу Апостальскага Пасаду ад ардынарыяў Віленскай, Інфлянцкай і Смаленскай дыяцэзій атрымаў юрысдыкцыю для католікаў, якія знайшліся на адышоўшых да Расіі тэрыторыях.
Зроблены Кацярынай II выбар кіраўніка Каталіцкага Касцёла ў Расіі быў дальнабачны. Кальвініст па выхаванні і добра адукаваны біскуп Сестранцэвіч не атаясамліваў інтарэсы Апостальскай Сталіцы з інтарэсамі Касцёла ў Расіі. Як падданы Расійскай імперыі, ён лічыў сябе абавязаным падпарадкоўвацца перш за ўсё дзяржаўнай уладзе.
Вось некаторыя яго кантраверсійныя выказванні: «Рымская курыя настойвае на касцёльнай дысцыпліне, якая ўстанаўлівае трывалую залежнасць духавенства ад яе. Дзяржава ж выключае з гэтага ўсё, што не служыць дабру жыхароў краіны. Арцыбіскуп павінен трымацца падобнай думкі і як расійскі падданы не можа мець іншага меркавання». На пытанне імператрыцы Кацярыны II, каго ў першую чаргу будзе слухаць, Папу ці яе, Сестранцэвіч адказаў: «Ваша вялікасць! Калі ўзнікне такая сітуацыя, то Вас».
Але былі і іншыя выказванні: «Добры хрысціянін — гэта добры падданы»; «Наш абавязак заключаецца ў пакоры Божаму Провіду і ў тым, каб быць добрымі грамадзянамі той дзяржавы, да якой па Яго волі належым». Яны насамрэч пацвярджаюць хрысціянскую ісціну. Так, напрыклад, святы Ян Боска таксама вучыў, што добры хрысціянін — гэта добры грамадзянін.
Такі чалавек найлепшым чынам адпавядаў марам імператрыцы Кацярыны II, якая імкнулася да таго, каб кіраўніцтва справамі Каталіцкага Касцёла ў Расійскай імперыі засяроджвалася ў яе сталіцы — Санкт-Пецярбургу, а не ў сталіцы каталіцызму — Рыме. З іншага боку, трэба прыняць пад увагу тое, што калі біскуп Сестранцэвіч быў прызначаны кіраўніком Беларускай дыяцэзіі, яна ўжо знаходзілася ў падпарадкаванні Юстыц-калегіі. З часам мяняліся дзяржаўныя структуры, у падпарадкаванні якіх знаходзіўся Каталіцкі Касцёл, але асноўны парадак заставаўся непарушным. Любыя спробы дамагчыся незалежнасці каталіцкай канфесіі ад расійскіх манархаў маглі скончыцца ліквідацыяй ужо створаных структураў і рэалізацыі разгляданай яшчэ Кацярынай II пастановы, паводле якой пра вернікаў католікаў павінны былі клапаціцца праваслаўныя святары.
У вельмі складанай грамадска-палітычнай сітуацыі як у Расіі, так і ў Еўропе, дзе ўсё больш і больш праяўляўся ўплыў эпохі Асветніцтва, біскуп Станіслаў Сестранцэвіч праявіў сябе як мудры гулец, прыроджаны лідар і таленавіты дыпламат: не пайшоўшы на абвастрэнне адносінаў са свецкаю ўладаю, ён выкарыстоўваў свой статус для ўмацавання пазіцыі Каталіцкага Касцёла ў Расіі і яго адраджэння.
Храмы знаходзіліся ў жаласным становішчы. Не хапала патрэбных для пантыфікальных цэлебрацый літургічных прадметаў і адзення, але ўладыка Сестрэнцэвіч не маркоціўся і казаў, што пабожнасць павінна замяніць велічнасць цырымоніі.
Пры Сестранцэвічу пачалося будаўніцтва новых касцёлаў і праводзіўся рамонт існуючых. Для дапамогі святарам былі выдадзены тэксты нядзельных казанняў.
Ва ўмовах, калі катастрафічна не хапала святароў, для вырашэння кадравай праблемы ён у 1778 годзе заснаваў каталіцкую духоўную семінарыю ў Магілёве. Пры гэтым асаблівая ўвага ў фармацыі будучых святароў звярталася на неабходныя ў практычнай пастырскай дзейнасці прадметы. Кананічнае права выкладалася ў зацверджаным імператрыцаю выглядзе.
Асаблівую ўвагу біскуп Сестранцэвіч прысвяціў рэформе манаскіх ордэнаў і кляштараў, якія выклікалі яго неспакой. Законнікі былі слаба адукаваныя і не заўсёды набожныя. Таму ён лічыў неабходным падпарадкаваць усе кляштары ўладзе біскупа, што не адпавядала кананічнаму праву. 3 (14) лютага 1784 года выйшла імператарская грамата аб падпарадкаванні біскупу ўсіх кансэкраваных асобаў каталіцкага веравызнання, што парушала кананічнае права.
Нягледзячы на супярэчнасць дзеянняў біскупа Сестранцэвіча адносна кананічнага права, ён нямала ўчыніў для рэформы манаскіх ордэнаў. Каб зрабіць кляштары цэнтрамі адукацыі, ён шмат увагі надаваў фармацыі кансэкраваных асобаў і распарадзіўся пры кожным кляштары арганізаваць вучэльні для дзяцей.
Ён клапаціўся аб адукацыі простага народу. Дзякуючы яго намаганням у Беларусі з’явілася цэлае сеціва школаў. У Магілёве заснаваў друкарню. У ім выявіўся талент вучонага і літаратара. Займаўся даследаваннямі гуманітарных праблемаў і прапагандаю ідэяў асветніцтва і гуманізму. Пакінуў пасля сябе нямала гісторыка-краязнаўчых і літаратурных працаў...
Шырока вядомая гісторыя захавання ордэну езуітаў дзякуючы рашэнням імператрыцы Кацярыны II. У гэтым працэсе асаблівая роля належала біскупу Станіславу Сестранцэвічу, нягледзячы на тое, што ён насамрэч непрыхільна ставіўся да езуітаў. У 1773 годзе папа Клімэнт XIV выдаў булу «Dominus ac Redemptor», якая забараняла езуіцкі ордэн, з чым не пагадзілася Кацярына II. Яна, хоць і не асабліва любіла езуітаў, тым не менш забараніла біскупу Сестрэнцавічу апублікаваць булу ў Расійскай імперыі, што пярэчыла рашэнню Папы. Больш за тое, у 1779 годзе біскуп дазволіў езуітам адкрыць у Полацку навіцыят. Такім чынам ён садзейнічаў прыцягненню новых членаў у ордэн. Гэтыя рашэнні біскупа былі ўспрынятыя Апостальскім Пасадам у штыкі.
Варта таксама адзначыць, што, нягледзячы на шырокія паўнамоцтвы, якія біскуп Станіслаў Сестранцэвіч атрымаў ад Ватыкана, ён de iure з пункту гледжання кананічнага права заставаўся беларускім суфраганам Віленскай дыяцэзіі, таму яго пазіцыя мела часовы характар.
У гэтым кантэксце неабходна разглядаць указ Кацярыны II ад 17 (28) студзеня 1782 года аб самавольным павышэнні статусу Беларускай дыяцэзіі да рангу архідыяцэзіі, прысваенні біскупу Станіславу Сестранцэвічу арцыбіскупскага тытула і перадачы яму права кіравання католікамі ва ўсёй імперыі.
Гэты факт яшчэ раз пацвярджае, што, нягледзячы на заявы аб верацярпімасці і неўмяшанні ва ўнутраныя справы Касцёла, Кацярына II усімі сіламі старалася падпарадкаваць яго сабе: так, яна загадала біскупу Сестрэнцэвічу не слухаць нікога, акрамя яе і Сената.
Аднак такое брутальнае рашэнне імператрыцы аб заснаванні Магілёўскай архідыяцэзіі мела свае пазітыўныя наступствы: яно пераканала Апостальскую Сталіцу адмовіцца ад пасіўнасці ў пытаннях становішча Каталіцкага Касцёла ў Расіі і неабходнасці прыняцця канкрэтных рашэнняў.
Самавольна засноўваючы Магілёўскую архідыяцэзію, Кацярына II разумела, што гэтае яе рашэнне патрабуе зацвярджэння Папы, які апынуўся ў вельмі складанай сітуацыі. З аднаго боку, жыццё патрабавала заснавання іерархічных структураў, з іншага — імператрыца настойвала на тым, каб Папа зацвердзіў яе рашэнне.
У выніку доўгіх дыпламатычных перамоваў Папа даў сваю згоду пры ўмове, што будзе закрыты езуіцкі навіцыят у Полацку. Аднак Кацярына II не йшла ні на якія саступкі і нават прыгразіла пазбавіць Каталіцкі Касцёл у Расіі свайго заступніцтва.
У такой вельмі складанай сітуацыі Папа накіраваў у Санкт-Пецярбург Варшаўскага нунцыя арцыбіскупа Джаванні Аркецці для пошуку іншай кандыдатуры на пасаду Магілёўскага мітрапаліта. Аднак біскуп Станіслаў Сестрэнцэвіч сваёй пабожнасцю, красамоўствам, руплівым выкананнем біскупскіх абавязкаў, дабрачыннай дзейнасцю, веданнем замежных моваў, ветлівасцю і вастрынёй розуму, а таксама павагай сярод радавых католікаў, праваслаўных і свецкіх уладаў, асабліва пры імператарскім двары, набыў прыхільнасць нунцыя.
Выніку не прыйшлося чакаць доўга: 15 (26) красавіка 1783 года папа Пій VI выдаў булу Onerosa pastoralis, якой надзяліў Варшаўскага нунцыя арцыбіскупа Джаванні Аркецці правам кананічна зацвердзіць Магілёўскую архідыяцэзію.
Неабходна звярнуць увагу на тое, што ў папскай буле гаворка ішла не аб узаконьванні заснаванай Кацярынай II Магілёўскай архідыяцэзіі, а аб яе стварэнні. Гэта вельмі важна, бо сведчыць, што Папа дзейнічаў самастойна, зыходзячы з існуючых рэалій, а не з меркаванняў імператрыцы.
Хоць у буле не згадвалася ўжо заснаваная Кацярынай II новая іерархічная структура і яе ардынарый мітрапаліт Сестранцэвіч, тым не менш імператрыца прыхільна паставілася да рашэння Пантыфіка. Падчас аўдыенцыі нунцыю Джаванні Аркецці 15 (26) ліпеня 1783 года яна з задавальненнем адзначыла, што Папа падтрымлівае яе пачынанні на карысць падданых ёй католікаў.
Рэчаіснасць паказала, што ажыццяўленне пастулатаў булы не было простай справай у грамадска-палітычнай сітуацыі таго часу нават пры ўсёмагутнасці імператрыцы Кацярыны II, але тут выявілася мудрасць Апостальскага нунцыя арцыбіскупа Аркецці, які цярпліва і настойліва ішоў да выканання задання Папы. Сярод шматлікіх праблемаў асаблівую выклікаў тэкст прысягі, якую павінен быў прынесці новы мітрапаліт на вернасць Папу і Апостальскаму Пасаду у той час, калі Кацярына ІІ патрабавала прысягнуць ёй. Пасля доўгіх перамоваў і кансультацый з Ватыканам тэкст прысягі быў узгоднены. У прыватнасці, у ім гаварылася, што прысяга, якую ён прыносіць Папу і Апостальскаму Пасаду, не пярэчыць прысязе, дадзенай ім імператрыцы. Падчас перамоваў таксама было дасягнута пагадненне пра тое, што катэдральным саборам у Магілёве будзе кармэліцкі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, а семінарыя размесціцца ў іх кляштары.
Актам Pastoralis solicitudo ад 8 (19) снежня 1783 года Апостальскі нунцый арцыбіскуп Джаванні Аркэцці ўстанавіў Магілёўскую архідыяцэзію і мітраполію. Разам з лістом Папы ад 26 красавіка (7 мая) 1783 года гэты акт быў перададзены Кацярыне II. У лісце былі пералічаныя пастулаты Папы, сярод якіх найважнейшымі былі заснаванне Магілёўскай мітраполіі ў Магілёве, прызначэнне яе ардынарыя і біскупа суфрагана.
У дзень святкавання катэдры святога Пятра, які тады адзначаўся 18 (29) студзеня 1784 года, Апостальскі нунцый арцыбіскуп Джаванні Аркецці ў касцёле святой Кацярыны ў Санкт-Пецярбургу ўручыў мітрапаліту Станіславу Сестрэнцэвічу мітрапалічы палій.
Новы кіраўнік кананічна заснаванай каталіцкай дыяцэзіі ў Расійскай імперыі атрымаў усе правы і абавязкі, якія былі прадугледжаны кананічным правам. Для адміністрацыйнага кіравання справамі архідыяцэзіі і духоўнага суда была заснавана кансісторыя, члены якой прызначаліся арцыбіскупам.
У красавіку 1784 года сваім указам імператрыца Кацярына II зацвердзіла ўсе выдадзеныя нунцыем Джаванні Аркецці акты.
28 жніўня 1786 года папа Пій VI пашырыў паўнамоцтвы арцыбіскупа вырашаць некаторыя касцёльныя справы, якія падлягаюць уладзе Пантыфіка. Пазней, у 1795 годзе, Папа даверыў мітрапаліту Сестранцэвічу кіраўніцтва і Грэка-каталіцкай Царквой.
Эпапея па заснаванні Магілёўскай мітраполіі, якая працягвалася дзесяць гадоў, шчасліва завяршылася. Спароджаныя росчыркам манаршага пяра «некананічныя» структуры Каталіцкага Касцёла ў Расіі нарэшце набылі кананічны статус. Першы Магілёўскі мітрапаліт арцыбіскуп Станіслаў Сестранцэвіч-Богуш адыграў у гэтым працэсе не апошнюю ролю.
Нягледзячы на дыяметральна розныя меркаванні аб яго дзейнасці, неабходна сказаць, што ён застаўся верным Апостальскаму Пасаду і Папу. Дзякуючы прыроджанаму дару дыпламатыі, глыбокаму веданню імперскай сістэмы ўлады, уменню чытаць знакі часу і знаходзіць прымальныя рашэнні ў складаных грамадска-палітычных умовах ён так кіраваў Каталіцкім Касцёлам у Расіі, што той застаўся ў адзінстве з Апостальскім Пасадам і Паўсюдным Касцёлам. Дзякуючы яму Каталіцкі Касцёл у Расіі не стаў дзяржаўным.
З вышэйсказанага ўзнікае нямала пытанняў, сярод якіх наступныя маюць фундаментальнае значэнне:
— Ці ўзнікла б Магілёўская мітраполія без рашэння Кацярыны II аб стварэнні ёю спачатку Беларускага біскупства, а потым Магілёўскай архідыяцэзіі?
— Якая была роля мітрапаліта Станіслава Сестранцэвіча ў дасягненні гэтай мэты?
— Ці было легітымным з кананічнага пункту гледжання служэнне біскупа Станіслава Сестранцэвіча пасля яго прызначэння Кацярынай II на нелегітымна створаную ёю Беларускую дыяцэзію?
Несумненна, Бог мог знайсці шмат спосабаў для вырашэння наспеўшай праблемы заснаванняя каталіцкіх іерархічных структураў у Расійскай імперыі, але, як сведчыць гісторыя, ён скарыстаўся свецкім і пры тым некаталіцкім манархам — імператрыцай Кацярынай II. Як адна з пераемнікаў Пятра Вялікага, які «прабіў акно ў Еўропу», яна добра разумела, што праваслаўная Расія мае патрэбу ў адкрытасці перад іншымі рэлігіямі і канфесіямі, каб быць адкрытай на ўвесь свет сусветнай дзяржавай.
Каталіцтва дынамічна развівалася і патрабавала сваіх структураў. Аднак імператрыца бачыла іх падпарадкаванымі не Апостальскаму Пасаду, а свецкай уладзе. Таму ролі папы Пія VI і Апостальскага нунцыя арцыбіскупа Джаванні Аркецці былі выключнымі. І яны справіліся з гэтаю задачаю цудоўна: авечкі былі цэлыя і ваўкі сытыя. Дзякуючы ватыканскай дыпламатыі немагчымае стала магчымым.
Роля мітрапаліта Станіслава Сестранцэвіча ў гэтай эпапеі таксама была вельмі важнаю: згаджаючыся быць біскупам Беларускай дыяцэзіі без прызначэння Папы, ён усведамляў, што ідзе супраць яго волі, бо цудоўна ведаў яго ролю ў Каталіцкім Касцёле як яго бачнага кіраўніка і вікарыя Хрыста на зямлі. Аднак пры гэтым амбіцыйны, добра эрудзіраваны і мэтанакіраваны, ён бачыў перспектыву не толькі для сябе самога, але і для Касцёла. І сапраўды, пры ім Каталіцкі Касцёл выйшаў з духоўнага і матэрыяльнага крызісу.
Папа не прызнаў заснаванае Кацярынай ІІ Беларускае біскупства, але ў той самы час даў паўнамоцтвы біскупу Сестранцэвічу духоўна акармляць расійскіх католікаў. Гэта сведчыць аб тым, што яго служэнне было легітымным.
Гісторыя, як Mater et Magistra — «Маці і Настаўніца», на прыкладзе заснавання Магілёўскай мітраполіі яшчэ раз даказвае, што Бог умее пісаць прама на звілістых лініях гісторыі і ставіць апошнюю кропку над «i», для чаго ў адпаведны час і ў адпаведным месцы выбірае адпаведных людзей, каб яны былі інструментам у Яго руках.
Гл. таксама:
Ксёндз Юрый ДРОЗД :: ГІСТОРЫЯ МІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ ::
Выкарыстаная літаратура:
![]()
|
![]()
|
![]() |