 |
СТУДЗЕНЬСКІ САНЕТ
Можа, гэта толькі нам здаецца,
Што ў бяроз бурштыняцца камлі
І гарэза-сонейка імкнецца
Затрымацца трошкі на галлі?
Цалкам неістотна, як завецца
Сон, куды анёлы завялі.
Дай каля душы тваёй пагрэцца,
Наталі пяшчотай, прытулі.
Бо падумаць страшна, што маглі
Мы з табой ніколі не сустрэцца
На перанаселенай Зямлі…
Хай зіма-разлучніца смяецца,
Ды пачуць яшчэ нам давядзецца,
Як ляцяць дадому жураўлі!
|
ЛЮТАЎСКІ САНЕТ
Халадэча, сумёты ў бары.
Цеплыня не магла і сасніцца.
Не было дзе сініцы напіцца,
Чырванелі ад сцюж снегіры.
Ды віхуры ўскруцілі віхры,
Падсінілі нябёсы спадніцы,
Разняволілі спевы крыніцы —
І прачнуліся нават віры.
Цеплыня — для мяне таямніца,
Кажуць, з поўдня прыносяць вятры,
Каб не выстылі нашы двары…
Раптам вестка, нібы бліскавіца,
Што за нехрысця будуць маліцца…
У Жыровіцкім манастыры!
|
САКАВІЦКІ САНЕТ
Звячэлы сум апанаваў муры
І лёхі занядбанага касцёла.
Вясёла тут жыве адно амёла
На ўчэпістай бярозе ў алтары.
Вясна, а свет нагамі дагары,
І на душы па-сакавіцку гола…
А побач па-савецку вучыць школа —
Бязверна ў ёй мадзеюць шкаляры…
У прышласць слаба верыцца, калі ты
Даўно забыў тутэйшыя малітвы,
Не бачыш свет з-за ўладных аканіц.
Калі народ марнее паспаліты,
Заўжды на ім квітнеюць паразіты!
І тут няма ніякіх таямніц.
|
КРАСАВІЦКІ САНЕТ
Над вёскаю — напружаны спакой.
Нібы спарыш, дзве безгаловых вежы
Касцёла, зруйнаванага на ўзмежжы
Сумлення і няўцямнасці людской.
Сінечаю на ўзвышшы за ракой
Надзею на лістоту лес кунежыць.
Красуе красавік, забыўся снежань,
Як кажуць, да цяпла падаць рукой.
Ды нешта прымушае азірнуцца —
І вось… баішся нават зварухнуцца
І не знаходзіш адпаведных слоў:
Знаёмы клёкат аджывіў руіны.
Раскрыленасць сустрэтых зноў буслоў
Заміж крыжоў даруе мне правіны.
|
ТРАВЕНЬСКІ САНЕТ
Дзівосна-непаўторны, як заўжды,
Саткаўся ранак на нябесных кроснах,
І звону кос не чутна на пакосах:
Мурожны вожык надта малады.
Птушыны свет на розныя лады
Вяснуе просты год ці высакосны.
Сусвету смуткам сноў, слязінак росных,
Світальна спавядаюцца сады.
Шукае квецень літасці ў нябёсах
І просіць, каб зімы марозны посах
Не нарабіў, сыходзячы, бяды…
Чаму так павялося ў нашых лёсах?
Ці сапраўды і людзі, і плады
Гартуюцца вясной у халады?
|
ЧЭРВЕНЬСКІ САНЕТ
У роснага наўколля дзіўны стан:
Народжанае раніцай чароўнай,
Плыве лагодна сонейка за поўняй
У велічна блакітны акіян.
Святло кранула промнямі туман
І тое, што ўначы было бавоўнай,
Аздобіла раскошаю шыкоўнай
Мурожысты, смарагдавы дзірван.
Напэўна, з Боскіх думак і надзей
Наш свет сатканы ўсё-ткі для людзей.
Бо толькі чалавек адзіны бачыць
Цуд хараства і, як разумны госць,
Магчыма, хоць удзячнасцю аддзячыць
Гаспадару за тую прыгажосць.
|
ЛІПЕНЬСКІ САНЕТ
Цішэе ноч. Здаецца, зморыць сон…
І тут прыходзіць верш радком нясмелым,
Пакуль яшчэ зялёным, недаспелым,
Аскомістым, як ліпеньскі антон.
Трапляю да паэзіі ў палон:
Па аркушы, ажно да болю белым,
Кіруемы штуршком незразумелым,
Ляціць аловак рыфме наўздагон.
Але рука імкнецца ўжо да гумкі —
Знікаюць словы, узнікаюць думкі,
Страфой на свет вылузваецца сказ,
Як птушаня з гняздзечка на застрэшшы…
Скарае стома. І каторы раз
Мне сняцца недавершаныя вершы.
|
ЖНІВЕНЬСКІ САНЕТ
Хто для нас гэты цуд стварыў —
Тыя дзіўныя надвячоркі?
Стомай дыхалі панадворкі
Паміж спелых жытнёвых ніў.
Ах, які гэта жнівень быў!
Хмаркі сонныя, як цяцёркі,
Калыхалі ў нябёсах зоркі,
У галлі маладзік блудзіў.
А туман атуляў пагоркі,
Плыў, нібыта дымок махоркі,
Быццам потайкам Бог курыў
І пацвельваў сабе з галёркі:
«Што ж ты новага тут адкрыў?..»
— Смак Айчыны салодка-горкі!
|
ВЕРАСНЁЎСКІ САНЕТ
Завераснелі ўзлессем верасы,
І сонейка заспанае з туману
Вылузваецца ў свет не надта рана
Злагодзіць холад ранішняй расы.
Світання залатыя валасы
Старэнькі плот расчэсвае старанна.
Бярозы кутасы гараць зіхмяна,
Як слуцкія ў музеі паясы.
Журбой аблямаваная карціна:
Буслянкі сум, сялянская хаціна,
Палетак, летам стрыжаны пад нуль…
Нязменна ўсё з часоў Барыса й Глеба.
Чаму ж такая ў споведзі патрэба
І роспач у маёй душы адкуль?
|
КАСТРЫЧНІЦКІ САНЕТ
Разматалі клубкі павукі,
Быццам лета ўпалоніць стараюцца,
Але ўзлескі паціху ўбіраюцца
Ў залацісты арнат шапаткі.
Неўпрыкмет пазнікалі шпакі,
Вось і ластаўкі ў вырай збіраюцца,
Ды пра нешта тутэйшае раяцца
На вярбе вераб’і-дзівакі.
Сонца з поўняй зацята спрачаюцца,
Карацеюць няўхільна дзянькі…
Кожны год тыя дзівы здараюцца.
А душа, як свавольная чаіца, —
Век да звычнасці не прызвычаіцца —
У нябёсы ляціць напрасткі.
|
ЛІСТАПАДАЎСКІ САНЕТ
Зіма ўначы спрабуе кайданы,
Скараючыся ўдзень вільготнай слоце.
Даўно зляцелі ў прочкі бацяны —
Буслянкам зноў чакаць вясны ў самоце.
Дождж назаўжды — занудны, аблажны.
Наўколле дрэмле ў восеньскай гароце.
І нават на падворках кабаны,
Адчуўшы лёс, стаіліся ў маркоце.
На вёсцы ўсё нязменна з даўніны…
Ды раптам чуеш гук амаль шкляны —
І гэтай нечакана звонкай ноце
Ты радуешся, як жывой істоце:
Пазвоньваюць пад кроплямі на плоце,
Нібы званы, навюткія збаны.
|
СНЕЖАНЬСКІ САНЕТ
Да выбрыкаў надвор’я свет прывык.
Здаецца, зараз грымне навальніца,
Калядна елка кроплямі іскрыцца,
Калюжынамі хлюпае цалік.
Я, далібог, згубіў памылак лік,
І ява, быццам сон стракаты, сніцца.
Разгубленая, ціўкае сініца:
Зноў завітаў у снежань красавік.
Зіма раскісла ад пяшчот вады.
Перагарнуў, напэўна, не туды
Галоўны каляндар анёл-дарадца
І па прыватных справах з неба збег…
А Богу цяжка з хібамі спраўляцца —
Чакайце, людцы, на Вялікдзень снег!
|
|
 |