Ганна ШАЎЧЭНКА
Пра кнігу «Апякунка Беларусі»
(Мінск, «Про Хрысто», 2023)
Ужо больш за чатыры стагоддзі беларусы маюць бясцэнны духоўны і матэрыяльны скарб — цудатворны абраз Маці Божай у Нацыянальным санктуарыі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе. З’явіўшыся тут пасля незвычайнага аб’яўлення Багародзіцы ў будскай пушчы ў 1588 г., гэты абраз застаецца сведчаннем пастаяннай апекі Маці Божай над нашым Краем і яго людам. Пра гэтае аб’яўленне і заснаванне кляштара бэрнардынаў з даўніх часоў пісалася ў гістарычных крыніцах, напрыклад, у «Храналогіі братоў меншых абсэрвантаў» Томаша Дыганя; пра яго складаліся вусныя і пісьмовыя легенды, адна з якіх захавалася ў «Літвінскіх малюнках» Ігната Ходзькі; гісторыя і цуды абраза, пачынаючы з 1617 г., былі апісаныя гвардыянам будскага кляштара Элеўтэрыем Зеляевічам у кнізе «Задыяк на зямлі». У рэлігійнай літаратуры апошніх дзесяцігоддзяў ёсць нямала даследаванняў, прысвечаных развіццю кляштара бэрнардынаў і гісторыі абраза Маці Божай у Будславе (працы а. Інакенція Русецкага OFM, ксяндза каноніка Уладзіслава Завальнюка, мастацтвазнаўцаў Ежы Кавальчыка, Аляксандра Ярашэвіча і інш.). Пра Багародзіцу ў цудоўным будслаўскім абразе складзена і выдадзена нямала малітваў (у тым ліку навэнна і Нешпары), песень і паэтычных твораў. Уся гэта багатая спадчына сведчыць пра тое, што людская цікавасць да цуду, які здарыўся 435 гадоў таму, з часам толькі павялічваецца, і кожны, хто хоць неяк судакранаецца з ім душою, атрымлівае непаўторны досвед даручэння сябе Маці Божай.
Чарговай знакавай падзеяй у шэрагу гістарычных, мастацтвазнаўчых і літаратурных публікацый стала выданне кнігі «Апякунка Беларусі» (Мінск, «Про Хрысто», 2023), прымеркаванае да 25-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай. «Нездарма ў 1998 годзе, калі з адраджэннем Касцёла адрадзіліся і пілігрымкі ў святыя мясціны, у тым ліку і ў будслаўскі санктуарый, Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк урачыста каранаваў цудадзейны абраз у Будславе. Гэты акт пашаны і праслаўлення стаў вельмі знакавым для Касцёла ў Беларусі», — напісаў у прадмове да кнігі Яго Эксцэленцыя арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
25 апошніх гадоў — гэта перыяд, за які ў нашым Краі выхавалася і пасталела новае пакаленне каталіцкіх вернікаў, а папярэднія пакаленні, вярнуўшыся ў адроджаныя святыні, аддана і плённа працягвалі вяртаць з небыцця і вывучаць нашу духоўную спадчыну. Усё гэта стала жывым матэрыялам для кнігі «Апякунка Беларусі». У тым і заключаецца асаблівасць выдання: тут не проста распавядаецца гісторыя ўзнікнення цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай і базылікі, у якой ён захоўваецца — тут паказваецца вялікая роля гэтай нацыянальнай святыні ў сучасным жыцці беларускіх вернікаў, а таксама раскрываюцца таямніцы карпатлівай рэстаўрацыі абраза, які тоіць у сабе шмат цікавых загадак з мінулага.
У кнігу ўвайшлі тры асобныя працы, якія дапаўняюць адна адну тэматычна і ідэйна. Першая частка — «Абраз Маці Божай Будслаўскай» — належыць пяру мастацтвазнаўцы Аляксандра Ярашэвіча. Па сутнасці, гэта паўтор друкаванага раней матэрыялу з аднайменнай кнігі, якая ўпершыню выйшла ў 2004 годзе ў серыі «Бібліятэчка часопіса „Наша вера“» («Про Хрысто») і ўжо стала амаль бібліяграфічнай рэдкасцю. У 2009 годзе яна была цалкам уключаная ў кнігу «Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай» («Про Хрысто») разам з працамі некаторых іншых аўтараў, аднак і гэтая кніга ўжо даўно разышлася з паліцаў кнігарняў і касцёльных кіёскаў, што сведчыць пра зацікаўленасць і неабыякавасць чытачоў да гісторыі Будслава і яго святыні. Яно і не дзіўна: праца Аляксандра Ярашэвіча — самае грунтоўнае і поўнае на сённяшні дзень даследаванне гісторыі Будслава (хоць і вельмі сціслае), яно ўключае дакладнае мастацтвазнаўчае апісанне цудадзейнага абраза Маці Божай і яго шматлікіх спісаў, якія захоўваюцца недалёка ад Будслава, а таксама ў розных кутках Беларусі і замежжа (у Глыбокім, Магілёве, Суботніках, Воўпе, у Лішкяве (Літва), пад Крулёўцам (Кёнігсберг) і ў іншых месцах). Уся гэтая інфармацыя багата праілюстраваная якаснымі фотаздымкамі старажытных спісаў і копій цудадзейнага абраза, што дазваляе чытачу ўявіць, наколькі шырока быў распаўсюджаны культ Маці Божай Будслаўскай ужо з моманту з’яўлення на нашай зямлі гэтай святой выявы.
Даследчык уключыў у сваю працу апісанне некаторых цудаў, учыненых праз заступніцтва Маці Божай Будслаўскай і занатаваных у XVII стагоддзі. Адначасова Аляксандр Ярашэвіч паказаў, як гэтыя сведчанні паўплывалі на афармленне базылікі сюжэтнымі насценнымі роспісамі. На жаль, пазнейшыя пісьмова зафіксаваныя сведчанні былі знішчаныя, і цяпер толькі воты могуць распавесці пра незлічоныя Божыя ласкі, спасланыя даверлівым душам.
Другая частка кнігі — гэта даследаванне мастака, рэстаўратара і калекцыянера Ігара Сурмачэўскага «Аздабленне абраза Маці Божай Будслаўскай у 1632–1783 гг.». У 2021–2022 гадах аўтар стаў назіральнікам рэстаўрацыі цудадзейнага абраза, якую выконвалі Аркадзь Шпунт, Аляксандр Лагуновіч і Аляксандр Петракоў (працаваў над срэбрам). Захоплены магчымасцю разглядзець кожны міліметр абраза і кантактаваць з рэстаўратарамі, Ігар Сурмачэўскі вырашыў даследаваць храналагічныя змены ў аздабленні будслаўскай Багародзіцы. Як піша аўтар на пачатку сваёй працы, «гэтая публікацыя — своеасаблівая табліца жыцця ўпрыгожванняў абраза Маці Божай Будслаўскай, заснаваная на гутарках-развагах з рэстаўратарамі, на архіўных крыніцах, на супастаўленні гісторыі будслаўскага касцёла і кляштара з лёсам гістарычных асобаў, якія мелі дачыненне да Будслава і ўвогуле да гісторыі Вялікага Княства Літоўскага».
Аўтар падзяляе гісторыю цудадзейнага абраза на два вялікія перыяды: даваенны (да вайны 1654–1667 гадоў) і пасля вяртання абраза з Падляшша, куды яго вывозілі з мэтаю выратаваць і захаваць. У адпаведнасці з гэтым даследчык выказвае гіпотэзы аб часе і ўмовах з’яўлення срэбраных шатаў, ювелірных вырабаў на яе паверхні (панталаў), а таксама каронаў Маці Божай і Дзіцяткі Езуса. Шмат здагадак і адкрыццяў звязана таксама з вывучэннем срэбранай рамы, якая аздабляе абраз. Акрамя таго, цікавым фактам стала выяўленне 12-ці зорак на фоне абраза Маці Божай Будслаўскай… Адным словам, Багародзіца ў сваёй святой выяве пажадала адкрыць рэстаўратарам мноства таямніцаў, якія яшчэ больш падкрэсліваюць моц Яе культу і магутнага заступніцтва.
Даследаванне Ігара Сурмачэўскага чытаецца як сапраўдны дэтэктыў пра падзеі XVII–XVIII стагоддзяў на нашай зямлі. І з кожнай мастацтвазнаўчай і гістарычнай разгадкай пераконваешся, што, нягледзячы на складаныя лёсавыя шляхі нашых суайчыннікаў, на пажары, эпідэміі і ваенныя ліхалецці, вера ў перамогу дабра і ў тое, што Панна Марыя заўсёды чуе малітвы сваіх дзяцей, выводзіла людзей на простыя шляхі, да святла і праўды.
Аўтар далучыў да сваёй працы яшчэ адно цікавае даследаванне — «Будслаўскія памёнткі», дзе ён выказвае меркаванне, што ў Будславе пры кляштары была друкарня, і там ствараліся памятныя абразкі, якія распаўсюджваліся падчас фэсту. У якасці аднаго з аргументаў Ігар Сурмачэўскі прыводзіць дзве кампазіцыі з выяваю Маці Божай Будслаўскай, якія былі надрукаваныя з медных пласцінаў і цяпер захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Літвы. Аўтар падрабязна спыняецца на апісанні гэтых медзярытаў, разважаючы пра час і месца іх стварэння.
Кніга «Апякунка Беларусі» — адзіная крыніца, дзе чытач можа буйным планам убачыць унікальныя фота фрагментаў абраза Маці Божай Будслаўскай падчас рэстаўрацыі, падрабязна разглядзець шаты, кароны і неверагодныя ювелірныя вырабы, што ўпрыгожваюць абраз.
Усе апісаныя мастаком-рэстаўратарам знаходкі — гэта тыя матэрыяльныя сведчанні культу, якія захаваліся да нашага часу і дапамаглі зрабіць важныя адкрыцці. А колькі іх было страчана і знішчана за чатыры стагоддзі! І ўсё ж, як сцвярджае аўтар, гэта не самае галоўнае, бо ў святым месцы назаўсёды застануцца словы малітвы — просьбы, падзякі, перапрашэнні… Маці з радасцю слухае ўсе нашыя маленні і сама спяшаецца да нас з суцяшэннем і падтрымкаю, дзе б мы ні былі, у тым ліку стараецца быць з намі ў сваёй цудадзейнай выяве, яе копіях і спісах, што так шырока распаўсюдзіліся па ўсёй Беларусі і нават за яе межамі з часоў адраджэння веры і каранацыі абраза.
У трэцяй частцы кнігі — працы Алега Глекава «Вобраз Маці Божай Будслаўскай у сучасным мастацтве» — сабрана багатая інфармацыя пра адлюстраванне цудадзейнага абраза сучаснымі мастакамі, прычым не толькі ў дакладных копіях, але і ў мностве творчых інтэрпрэтацый. Амаль кожны сучасны абраз мае цікавую перадгісторыю свайго стварэння або выконваўся з канкрэтным прызначэннем (напрыклад, у падарунак Папу Рымскаму Яну Паўлу ІІ, для перэгрынацыі па парафіях нашага Краю і г.д.), і гэта падрабязна апісвае аўтар на старонках сваёй працы, падаючы таксама фотаздымкі саміх абразоў, інтэр’ераў святыняў, у якіх яны займаюць пачэснае месца...
Амаль усе апісаныя ў працы Алега Глекава копіі былі створаныя ў асноўным пасля 2000 года. Здавалася б, гэта ж зусім нядаўна! Аднак многія звесткі пра аўтарства і паходжанне той ці іншай выявы Маці Божай ужо страціліся або захаваліся толькі ў памяці асобных святароў і вернікаў, нідзе дакументальна не зафіксаваныя. Таму зробленая аўтарам карпатлівая праца па зборы ўсёй магчымай інфармацыі — вельмі важная і неабходная як сведчанне руплівасці нашых сучаснікаў у пашырэнні культу магутнай Апякункі Беларусі.
Акрамя жывапісу, аўтар удзяліў таксама вялікую ўвагу выявам Маці Божай Будслаўскай у мазаіцы (распавёў пра гісторыю стварэння керамічнай мазаічнай выявы абраза на Святой Зямлі); скульптуры (драўляная фігура Маці Божай у бабруйскім касцёле — унікальны твор, які не мае аналагаў); у гравіроўцы па камені; у кніжнай графіцы і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве (выявы Маці Божай Будслаўскай змешчаныя на зване архікатэдральнага касцёла ў Мінску, на пярсцёнках грэміяльных канонікаў, на святарскіх вышываных арнатах, на паштовай марцы і канверце, на віншавальнай каляднай паштоўцы і на юбілейных памятных манетах). Такое мноства творчых інтэрпрэтацый цудадзейнага абраза Маці Божай стварае неверагоднае ўражанне і пацвярджае, што будслаўская выява стала сапраўдным сімвалам духоўнага жыцця Беларусі.
Усе тры часткі кнігі «Апякунка Беларусі» сведчаць пра тое, што мы, вернікі, нават самі не ўяўляем сапраўднага маштабу культу Маці Божай Будслаўскай, які ў апошнія дзесяцігоддзі актыўна развіваўся. Няшмат хто ведае і пра багатую гісторыю нашай нацыянальнай святыні, на кожнай дэталі якой доўгія стагоддзі пакінулі свой загадкавы адбітак, але гэтае веданне патрэбнае нам не проста для агульнай эрудыцыі — праўда пра рэальную апеку Маці Божай на працягу стагоддзяў умацоўвае наш давер да Яе, фармуе нас духоўна, каб мы заставаліся вернымі дзецьмі Пана Бога і заўсёды аддаваліся абароне нашай Каралевы і Апякункі…
Гл. таксама:
Алег ГЛЕКАЎ :: ГІСТОРЫЯ ПРАЦЯГВАЕЦЦА… ::