Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(106)/2023
З нагоды юбілею

ГІСТОРЫЯ МІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
Постаці
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Вяртаючыся да надрукаванага
Нашы святыні
Спадчына

ІКОНЫ Ў ХАЦЕ БЕЛАРУСАЎ
Паэзія

ВЕРШЫ

САНЕТЫ
Пераклады

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Асобы

СКРЫГАНОВА ПОЛЕ
Кіназнаўства

Ігар СУРМАЧЭЎСКІ

РОД АЛЬДАБРАНДЗІНІ —
АПЕКУНОЎ МАСТАЦТВА


Разважанні аб італьянскім паходжанні
Будслаўскай Адзігітрыі

Марыё Арконіо (?–1635).
Партрэт папы Клімэнта VIII з гербам
Альдабрандзіні, які атачаюць
па баках Вера і Надзея.
У картушах адлюстраваны
самыя значныя падзеі
з Пантыфікату Папы.
Злева ўнізе змешчана кампазіцыя
«Яднанне русінскай Царквы
з Рымам, 1596».
Медзярыт. 1599.
Брытанскі музей. Лондан.

Каб зразумець крыніцу і месца з’яўлення італьянскага палатна пад назваю «Будслаўская Багародзіца», трэба перанесціся з будслаўскага касцёла, які месціцца ў аграгарадку Мядзельскага раёна Беларусі, у вялікае герцагства Урбіно сярэдзіны–канца XVI стагоддзя, на радзіму будучага Папы Рымскага, і паблукаць па вельмі прыгожых мясцінах Паўночнай Італіі, дзе якраз на той час была яшчэ ў творчай задуме іканаграфія Багародзіцы Адзігітрыі, якая з цягам часу сталася цудатворным абразом у Будславе. Лёс «нашай» італьянскай Адзігітрыі складваўся яшчэ да яе нараджэння супадзеннем абставін у плыні гістарычных часоў: прыхільнасці кардынала Іпаліта Альдабрандзіні да Рэчы Паспалітай і яго захаплення мастацтвам, а таксама падтрымкаю мастакоў з Балоньі, няпростымі часамі Контррэфармацыі, прыкладамі пераходу з кальвінізму ў каталіцтва, Юбілейным 1600 годам і іншымі супадзеннямі і здарэннямі ў часе і розных геаграфічных месцах, якія сталіся нагодаю для таго, каб твор італьянскага мастака апынуўся ў галоўным алтары будслаўскага касцёла.

 

Знакаміты італьянскі шляхецкі род Альдабрандзіні паходзіў з Фларэнцыі і займаў значныя пазіцыі ў Рыме на пераломе XVI–XVII стагоддзяў. Род асабліва ўзвысіўся і займеў княскі тытул, дасягнуўшы свайго апагею ўлады, падчас абрання аднаго з прадстаўнікоў роду, Іпаліта Альдабрандзіні (1536–1605), папам Клімэнтам VIII у 1592 годзе.

Іпаліт нарадзіўся 24 лютага 1536 года ў сям’і фларэнцкага юрыста Сільвестра Альдабрандзіні. Бацька будучага Папы актыўна займаўся палітыкай на баку супернікаў магутнага роду Медычы. Калі да ўлады ў Фларэнцыі прыйшоў Казіма І Медычы, Сільвестр Альдабрандзіні быў вымушаны з’ехаць у выгнанне ў 1527 годзе, і Іпаліт нарадзіўся ўжо ў аддаленні ад родных мясцінаў бацькоў, у горадзе Марке на Адрыятычным узбярэжжы. Праз год пасля нараджэння Іпаліта сям’я фларэнцкага юрыста пераехала ў Фаенцу («радзіму» фаянсу) недалёка ад Балоньі. Навучанне Іпаліт прайшоў ва ўніверсітэтах Падуі, Балоньі і Перуджы, дзе ён атрымаў ступень utroque iure (доктара двух правоў — грамадзянскага і кананічнага). Жыццё ў выгнанні наклала вялікі адбітак на характар будучага Папы, які вырашыў даказаць сабе і свету сваю значнасць.

Большасць асобаў з роду Альдабрандзіні пайшла па юрыспрудэнцыі, і ўсе яны займалі высокія пасады ў іерархіі Каталіцкага Касцёла: Джаванні Альдабрандзіні (1525–1573), кардынал Джаванні; Тамазо Альдабрандзіні (1540–1572), сакратар папы Пія; П’етро Альдабрандзіні (?–1587), адвакат курыі; П’етро Альдабрандзіні (1571–1621), камерленг Святога Рымскага Касцёла (вышэйшая прыдворная пасада Апостальскай Сталіцы); Чынцыё Персаніні Альдабрандзіні (1551–1610), кардынал.

Менавіта папа Клімэнт VIII і кардынал Чынцыё Персаніні Альдабрандзіні паўплывалі на лёс італьянскага жывапіснага палатна пад назваю «Будслаўская Адзігітрыя».

 

Дыпламат і кардынал Іпаліт Альдабрандзіні

У 1588–1589 гадах кардынал Іпаліт Альдабрандзіні ў якасці папскага нунцыя наведаў Рэч Паспалітую. Нагодаю для місіі папскага нунцыя былі значныя гістарычныя падзеі, якія ледзьве не сталіся вялікаю вайною паміж Рэччу Паспалітаю і Аўстрыяй. Пасля смерці польскага караля Стэфана Баторыя (1533–1586) і абрання ў 1587 годзе на польскі трон Жыгімонта ІІІ (1566–1632) на землі Рэчы Паспалітай уварваўся аўстрыйскі эрцгерцаг Максіміліян ІІІ (1558–16), які лічыў сябе больш прыстойным прэтэндэнтам на польскую карону. Падчас баявых дзеянняў эрцгерцаг быў узяты ў палон вялікім канцлерам каронным Янам Замойскім. Вызваляць палоннага з дынастыі Габсбургаў узяўся Святы Пасад. Дзеля гэтага ў Сілезію выправіўся кардынал Іпаліт Альдабрандзіні. Суправаджаў папскага нунцыя доктар права і пляменнік кардынала Чынцыё Персанені (Альдабрандзіні; 1551–1610), які потым будзе адыгрываць важную ролю ў выхаванні мастацкіх густаў Ватыкана. Іпаліт Альдабрандзіні спыніўся ў бензінскім касцёле, а падчас перамоваў жыў у Олькушы. Каб прымірыць Габсбургаў з новаабраным польскім каралём Жыгімонтам ІІІ, папскі нунцый Іпаліт Альдабрандзіні скарыстаў просты і дзейсны дыпламатычны ход: пачаў весці перамовы аб вяселлі польскага караля і стрыечнай сястры ваяўнічага эрцгерцага Ганны Аўстрыйскай (1573–1598). Вяселле, якое парадніла Вазаў з Габсбургамі, адбылося ў 1592 годзе. Максіміліян ІІІ быў вызвалены з палону з умоваю навек адмовіцца ад дамаганняў польскай кароны. З дапамогаю місіі папскага нунцыя аўстрыйскі эрцгерцаг вярнуўся на радзіму. І калі ў 1632 годзе на срэбраных шатах Будслаўскай Багародзіцы з’явіліся залатыя ўпрыгожванні з «сукенкі» польскай каралевы Канстанцыі «Габсбурзянкі», так званыя панталы «швейверковай» работы, то гэта адбылося дзякуючы сватаўству ў 1589 годзе папскага нунцыя Іпаліта Альдабрандзіні.

Іпаліт Альдабрандзіні пакідаў Рэч Паспалітую з вельмі цёплымі ўспамінамі аб візіце, хаця Ян Замойскі дабавіў яму «ў скарбонку» перамоваў «нямала слёз». У інструкцыях наступным папскім легатам, якія выпраўляліся з місіяй у Польшчу, даваліся такія парады: «Наш Пан [так велічалі главу Святога Пасаду ў дыпламатычных стасунках] мае асабістую прыхільнасць да польскага караля і зычліва ставіцца да яго інтарэсаў, таму прагне, каб і яго ўраднікі чынілі тое ж». У 1625 годзе, пасля двух дзесяцігоддзяў са дня смерці папы Клімэнта VIII, Стэфан Пац (1587–1640), падканцлер літоўскі, суправаджаў каралевіча Уладзіслава, старэйшага сына Жыгімонта ІІІ, у падарожжы па Еўропе. Вось што падканцлер занатаваў у сваім дзённіку: «Пасля Новага году выехаў з Рыма да Неапаля. Па дарозе наведаў Фраскацці і агледзеў палац Альдабрандзіні. Быў там у гэты час і сам кардынал, які сустракаў і вітаў яго мосць каралевіча і без замінкі (non gravatim) дазволіў увайсці ў палац, ведаючы, наколькі папа Клімэнт VIII і ўвесь дом Альдабрандзіні быў прыхільным да нацыі польскай».

 

 
Кардынал Цэзар Бароній
(1538–1607).
Медзярыт з кнігі «Académie
Des Sciences Et Des Arts».
Амстэрдам, 1682.
  Даменікіна (1581–1641).
Партрэт Джаванні Батыста Агучы
(1570–1632).
Палатно, алей. 1602.
Мастацкая галерэя Ёрка, Англія.

Прыхільнасць роду Альдабрандзіні да мастацтва

Два блізкія да папы Клімэнта VIII духоўныя саноўнікі значна паўплывалі на выхаванне мастацкіх густаў Ватыкана напрыканцы XVI стагоддзя. Гэта былі гісторык і кіраўнік Ватыканскай апостальскай бібліятэкі кардынал Чэзарэ Бароній (1538–1607) і папскі дыпламат, сакратар і канонік Джаванні Батыста Агучы (1570–1632). Чэзарэ Бароній, дарадца папы Клімэнта VIII па справах мастацтва, быў вельмі захоплены гераічным мінулым ранняга Касцёла ў Рыме і лічыўся адным з «бацькоў касцёльнай гісторыі», якога шанавалі і католікі, і пратэстанты. Ён абвясціў, што «кроў першамучанікаў Рыма з’яўляецца асноваю Прымату Папскага Святога Пасаду». Кардынал Бароній таксама быў духоўнікам Папы і пасля смерці Клімэнта VIII разглядаўся як адзін з галоўных прэтэндэнтаў на Святы Пасад. Джаванні Батыста Агучы наўпрост меў стасункі з мастакамі і ў мастацкіх колах Ватыкана прасоўваў сваіх землякоў з Балоньі, якія былі блізкімі і зразумелымі Клімэнту VIII. Па пратэкцыі папскага дыпламата жывапісцы Анібале Карачы (1560–1609), Гверчына (1591–1666) і Дамінікіна (1581–1641) працавалі на знатных прадстаўнікоў рымскай магнатэрыі (напрыклад, у Палаццо Фарнэзэ), а ў калекцыі Альдабрандзіні з’явілася больш за сорак палотнаў невядомых мастакоў з Балоньі. Дзякуючы Агучы папа Клімэнт VIII асабліва падтрымліваў мастакоў з Тасканы, радзімы Рэнесансу, і Балоньі: Джаванні Бальёнэ (1566–1643), Гвідо Рэні (1575–1642), Джузэпэ Чэзары (1568–1640), Людавіка Кардзі ці Чыголі (1559–1613). У гістарыяграфіі мастацтва Джаванні Батыста Агучы вядомы распрацоўкаю новага падыходу да вывучэння італьянскага мастацтва, ён прапанаваў класіфікаваць мастацтва Італіі па яе геаграфічных рэгіёнах: Венецыя, Эмілія-Раманьё, Таскана і Рым.

Апякунства Святога Пасаду над мастацтвам прыцягнула ў Рым мастакоў з розных рэгіёнаў краіны, асабліва блізкіх да малой радзімы Папы (Фларэнцыі): Балоньі, Тасканы, Марке (Анкона), Эміліі-Раманьі. У Вечны горад таксама накіраваліся жывапісцы з Паўночнай Еўропы: Паўль Брыль (1556–1626), Адам Эльсхаймер (1578–1610), Пітэр Паўль Рубенс (1577–1640). Усё гэта садзейнічала злучэнню ў еўрапейскім мастацтве напрыканцы XVI стагоддзя шматлікіх стыляў: класічнай старажытнасці, майстроў Адраджэння, маньерызму і ценебрызму (tenebre — іт. цьма; майстроў святлаценю, такіх, як Караваджо), што прадказвала нараджэнне новага стылю — барока. Кульмінацыяй росквіту мастацтва ў часы папы Клімэнта VIII стаў Юбілейны 1600 год (з 31.XII.1599 па 13.I.1601), калі ў Рым накіраваліся тысячы вернікаў. Наогул за ўвесь Юбілейны год Рым наведала тры мільёны пілігрымаў. Каталіцкі Касцёл звязвае абвяшчэнне Юбілейнага году з атрыманнем поўнага адпусту вернікам, якія наведалі сабор святога Пятра, прайшлі праз Porta Santa (Святыя Вароты) і памаліліся ў чатырох базыліках Рыма. 31 снежня 1599 года адкрыцця Святых Варотаў каля сабора святога Пятра, як адзнаку пачатку Юбілейнага году, чакала больш за 80 000 вернікаў.

У Юбілейным годзе (1600) злучыліся некалькі фактараў, які мелі ўплыў на далейшае развіццё Каталіцкага Касцела: рашэнні Трыдэнцкага Сабору (1545–1563), які лічыўся адпраўною кропкаю Контррэфармацыі; памнажэнне манаскіх каталіцкіх ордэнаў; узрастаючая роля мастацтва ва ўмацаванні праўдаў каталіцызму, што садзейнічала росту будаўніцтва і абнаўлення касцёлаў і кляштараў па ўсёй Еўропе. У дзесяцігоддзе, якое папярэднічала Юбілейнаму году, Вечны горад прыцягнуў мноства мастакоў, якія мелі надзею павучыцца ў старых майстроў, паказаць сваё майстэрства і атрымаць добрыя замовы.

…У рэчышчы тэмы мастакоў-навучэнцаў я ўспомніў нядаўняе разважанне з мастаком-рэстаўратарам Аркадзем Шпунтам наконт вельмі неадназначнай іканаграфіі Будслаўскай Багародзіцы — у першую чаргу незакампанаванасці фігураў Багародзіцы і Немаўляткі Езуса ў межах палатна: «абрэз» правай ножкі Хрыста і наогул адсутнасць «свабоднага паветра» вакол фігураў святых. Мы прыйшлі да высновы, што тут магчымыя два тлумачэнні ў кампазіцыйных памылках мастака. Першае: аўтарам Будслаўскай Адзігітрыі мог быць мастак-навучэнец, які пачаў пісаць абраз, не закампанаваўшы на палатне ўсю іканаграфію, так бы мовіць, «з мезеннага пальца», а далей, як атрымалася. Другое: Будслаўская Багародзіца ёсць дакладным спісам з невядомага шанаванага мясцовага абраза, які быў пашкоджаны ў старыя часы, то бок — на арыгінале ўжо адсутнічала ніжняя частка відарысу. І ў першым, і ў другім выпадках гаворка ідзе пра мастака, магчыма, не вельмі вядомага, які атрымаў замову ад атачэння Пантыфіка на твор, дзе мог бы выказаць свой талент, ці Пантыфік атрымаў абраз у ахвяру, каб пазнаёміцца з творчасцю мастака — яркі прыклад таму сорак палотнаў невядомых мастакоў з Балоньі, якія з’явіліся ў мастацкай калекцыі папы Клімэнта VIII.

 

 
Джаванні Беліні (1430–1516) і
Тыцыян (1490–1576).
«Пір багоў».
Палатно, алей. 1514.
Нацыянальная галерэя, Вашынгтон.
  Рафаэль Санці (1483–1520).
«Дама з адзінарогам».
Драўляная панэль, алей. 1505.
Галерэя Боргезе. Рым.

Адным з найважнейшых клопатаў Клімэнта VIII падчас падрыхтоўкі да Юбілейнага году стала ўпрыгожванне інтэр’еру Sala Clementina (Залы Клімэнціна) у Апостальскім палацы (Ватыкан) у 1596–1600 гадах. Роспісы велічнай залы ўслаўлялі выбар Папам імя свайго нябеснага заступніка і апекуна — святога Клімэнта, а таксама моц і славу Каталіцкага Касцёла. Для ажыццяўлення грандыёзнага праекту ён наняў майстроў роспісу ў стылі «квадратуры» братоў з Тасканы: Джаванні (1558–1601) і Керубіна (1553–1615) Альберці. Іх майстэрства ілюзорнага роспісу скляпенняў Залы Клімэнціна апярэдзіла далейшыя распрацоўкі ў афармленні інтэр’ераў высокага барока. Паўль Брыль (1556–1626), майстар з Нідэрландаў, выканаў велізарную марыну «Караблекрушэнне на шляху з Рыма ў Афіны» з жыцця святога Клімэнта на паўднёвай сцяне Залы.

Тэрмін «квадратура» азначае форму ілюзорнага насценнага жывапісу, у якім малюнкі архітэктурных элементаў наносяцца на сцены і столі так, што яны пашыраюць рэальную архітэктуру за межы рэальнай інтэр’ернай прасторы. «Квадратура» атрымала распаўсюджванне ў перыяд Контррэфармацыі (1560–1700), калі трэба было зрабіць моцнае ўражанне на вернікаў, каб яны выразна адчулі моц Каталіцкага Касцёла. Тэхніка «квадратуры» патрабуе выключных навыкаў валодання лінейнай перспектывай. Папа Клімэнт VIII з пачатку свайго Пантыфікату падтрымліваў сям’ю Альберці з Тасканы, якая стала прадаўжальнікам традыцыі вядомага майстра перспектывы позняга Сярэднявечча Леона Батыста Альберці (1404–1472).

 

 
Гверчыно (1591–1666).
«Мадонна з Немаўляткам».
Палатно, алей. 1621.
Штадэлеўская гарадская галерэя.
Франкфурт-на-Майне.
  Рафаэль Санці (1483–1520).
«Мадонна Альдабрандзіні». 1510.
Нацыянальная галерэя. Лондан.

Калекцыя мастацтва роду Альдабрандзіні

П’етро Альдабрандзіні (1571–1621), кардынал і пляменнік Папы, які знаходзіўся пад асаблівым заступніцтвам Яго Святасці, стаўся самым сур’ёзным калекцыянерам мастацтва ў Італіі на пераломе XVI–XVII стагоддзяў. Ён пашырыў рэфарматарскія ідэі свайго дзядзькі і прадэманстраваў на прыкладзе сваёй моцнай калекцыі багацце і ўладу Касцёла. Дасведчаны дыпламат, ён быў узорам для ўсіх сваякоў Папы, ці гэта было ўпрыгожванне вілы Альдабрандзіні ў Фраскацці альбо стварэнне калекцыі мастацтва ў рымскіх апартаментах Монтэ Маньянапалі. Калекцыя П’етро Альдабрандзіні мела назву Guardarobba Aldobrandini. Яе склад мы ведаем па інвентары l’Inventario Generale della Casa dell’Illustriss[i]mo Rever[endissi]mo Sig[no]re Pietro Cardinale Aldobrandino (Агульны інвентар палаца праслаўленага прападобнага сеньёра П’етро кардынала Альдабрандзіні). Наогул, калекцыя сям’і Альдабрандзіні пачала расці з 1592 года з абраннем на папскі пасад Іпаліта Альдабрандзіні, але на той час яна не мела рэзідэнцыі, якая адпавядала б высокаму рангу сям’і, а мясцілася ў (Palatium Sixsti V) Ватыкане.

Ядро калекцыі Альдабрандзіні склаў збор герцага Альфонса д’Эстэ з Ферары пад назваю Studiolo di Isabela d’Este, ці калекцыя ў кабінеце (studiolo) маркізы мантуанскай Ізабэлы д’Эстэ (1474–1539), адной з самых адукаваных жанчын эпохі італьянскага Рэнесансу, празванай La Primadonna del Rinascimento (Прымадонна Адраджэння). Стварэнне самой «студыёлы» заняло ў маркізы дваццаць гадоў; у яе збор ўвайшлі работы такіх вядомых мастакоў італьянскага Адраджэння, як Мантэнья, Ларэнцо Коста, Перуджына, Карэджа і інш. П’етро Альдабрандзіні адышло некалькі працаў Мантэнья: «Пакланенне пастухоў» (Музей Метраполітэн), «Маленне аб чашы» (Нацыянальная галерэя, Лондан); Джаванні Беліні «Пір багоў» (Нацыянальная галерэя, Вашынгтон), карціны Рафаэля, Джуліо Рамана, Андрэо дэль Сарта.

Як вопытны дыпламат П’етро Альдабрандзіні праявіў сябе ў перамовах аб далучэнні Ферары да Папскай вобласці. Узнагародаю за гэтую ўдалую місію яму была падаравана віла ад Папы ў Фраскацці, вядомая як Бельведэр. Віла была перабудавана ў 1601 годзе архітэктарам Джакамо дэла Порта (1532–1602). Адной з архітэктурных разынак гэтай вілы, прыстасаванай для вакацый і прыёмаў знакавых асобаў, з’яўляецца Teatro dell’Acqua — старанна вывераны ансамбль малых архітэктурных формаў са скульптурамі і фантанам, размешчаны за галоўным фасадам вілы. Асноўная частка Тэатро дэль Аква — гэта экседы (паўкруглыя глыбокія нішы), усяго іх пяць, і ўсе яны ўпрыгожаны міфалагічнымі скульптурамі і выходзяць на вялікі басейн. На ўзгорак, да будынка вілы, узбягаюць вадзяныя сходы альбо каскады, фланкаваныя ўверсе дзвюма манументальнымі калонамі, упрыгожанымі спіраллю са стужак. <...>

 

 
Джузэпэ Чэзары (1568–1640).
«Святая Цэцылія».
Палатно, алей. 1630
  Людавіко Кардзі (1559–1613).
«Звеставанне».
Палатно, алей. 1580.
Дэпартамент культуры
муніцыпалітэта
Фільёнэ-Вальдарна.
Італія.

П’етро Альдабрандзіні быў жаданым госцем у майстэрнях лепшых мастакоў Рыма: Арацыо Джэнтылескі (1563–1639), Агасціно Тасі (1578–1644), Караваджо (1571–1610). Частка калекцыі Альдабрандзіні была выстаўлена на віле Monte Magnanapoli, пабудаванай на Квірынальскім пагорку ў Рыме. Праект вілы быў задуманы як месца рэпрэзентацыі і захоўвання калекцыі, а не як жылая рэзідэнцыя. Узгаданая вышэй віла ў Фраскацці таксама была месцам захоўвання часткі калекцыі, але яна выкарыстоўвалася больш для адпачынку і сустрэчаў. У перыяд пераезду Альдабрандзіні з Апостальскага палаца ў вілу Monte Magnanapoli ў 1603 годзе быў складзены вышэйзгаданы інвентар, дзе старанна была зафіксаваная ўся калекцыя. І новы вірыдарый (дагледжаны сад геаметрычнай планіроўкі сярод перыстыльнага двара кляштара) вілы ператварыўся ў своеасаблівае абрамленне, у якім лепш за ўсё глядзелася грандыёзная калекцыя мастацтва. Лаканічная вытанчанасць архітэктурнага аблічча будынка і адсутнасць фрэсак на сценах інтэр’еру, як было на вядомых villa Chigi alla Lungara, villa Lante al Gianicolo і appartamenti papali in Vaticano, тлумачацца неабходнасцю мець вольную прастору сцяны для жывапісных палотнаў, якія кампанаваліся па часе і школах. На пачатак XVII стагоддзя гэта быў наватарскі праект у афармленні інтэр’ераў.

Апроч збору «Студыёла Ізабэлы д’Эстэ», у калекцыі П’етро Альдабрандзіні знаходзіліся шматлікія, цяпер сусветна вядомыя, шэдэўры: творы Рафаэля «Дама з адзінарогам» (Галерэя Баргезе, Рым); Веласкеса «Партрэт папы Інацэнта Х» (Галерэя Дорыя Памфілі, Рым); Тыцыяна «Вакханалія» і «Свята Венеры» (абедзве ў Галерэі Прадо, Мадрыд) і інш.

 
Маціас Вітус (1627–1703).
«Краявід вілы Альдабрандзіні
на Монтэ Маньянаполі».
Палатно, алей. 1660–1665.
Музей горада Рыма.
  Зала Клімэнціна
(пасяджэнне Папскай курыі).
Апостальскі палац. Ватыкан.
Фота 2018 г.

Знакамітая старажытнарымская фрэска «Альдабрандзінскае вяселле» (І ст. да н.э.) была знойдзена ў 1601 годзе на Эквілінскім узгорку Вечнага горада. П’етро Альдабрандзіні змясціў фрэску ў адмысловую loggetta (невялікую лоджыю) у садах сваёй вілы Монтэ Маньянаполі. Ватыканскі мастак Федэрыко Цуккары (1542–1609), прэзідэнт Акадэміі святога Лукі, быў першым рэстаўратарам фрэскі. У 1818 годзе фрэска была перанесена ў Бібліятэку Ватыкана і выстаўлена ў спецыяльнай зале — Sala delle Nozze Aldobrandine (Зала Альдабрандзінскага вяселля).

Адна з найбагацейшых калекцый жывапісу, скульптуры і мэблі XVII стагоддзя ў сучасным Рыме — гэта прыватная галерэя Дорыя Памфілі, створаная ў 1651 годзе. Аснову калекцыі склаў збор Алімпіі Альдабрандзіні (1637–1681), адзінай спадчынніцы калекцыі сям’і Альдабрандзіні.

 

Губер Рабер (1733–1808).
«Тэатро дэль Аква ў садзе вілы Альдабрандзіні ў Фраскацці».
Палатно, алей. Прыватная калекцыя.

Чынцыё Альдабрандзіні — павераны папы Клімэнта VIII у справах Рэчы Паспалітай

Чынцыё Альдабрандзіні (1551–1610), італьянскі кардынал, другі пляменнік папы Клімэнта VIII. У 1588 годзе ён суправаджаў кардынала і папскага нунцыя Іпаліта Альдабрандзіні падчас перамоваў Святога Прастола з польскім каралём Жыгімонтам ІІІ у Сілезіі (Рэч Паспалітая). Чынцыё праславіўся як мецэнат, ён матэрыяльна падтрымліваў мастакоў і літаратараў. Самы знакаміты з яго пратэжэ — гэта італьянскі паэт Тарквандо Таса (1544–1595), які некалькі гадоў працаваў у кардынала. Вядома, што паміж пляменнікамі Папы, Чынцыё і П’етро, вялося таемнае суперніцтва за лідарства, якое сучаснікі называлі antiquas fratrum discordias (даўняя сварка братоў). Гэтую бітву Чынцыё прайграў, але папа Клімэнт VIII заўсёды «на людзях» стараўся паказаць роўны парытэт паміж сваімі пляменнікамі. Як статс-сакратар Папы, Чынцыё займаўся справамі ватыканскай дыпламатыі, пад яго апекаю былі Кёльн, Грац, Швейцарыя, Рэч Паспалітая, Фларэнцыя, Венецыя, Неапаль. Пад наглядам П’етро Альдабрандзіні знаходзіліся Францыя, Іспанія, Партугалія, Савоя і Авіньён. Імаверна, што ў 1598 годзе кардынал Чынцыё Альдабрандзіні ладзіў сустрэчу дыпламатычнай місіі з удзелам Яна Паца з папам Клімэнтам VIII як павераны ў справах Ватыкана ў Рэчы Паспалітай, і верагодна, што менавіта кардынал-дыякан San Giorgio in Velabro (так называлася пасада Чынцыё) удзельнічаў у выбары падарунка для Яна Паца падчас аўдыенцыі ў Апостальскім палацы — гэта была Адзігітрыя пэндзля жывапісца з Паўночнай Італіі (будучага цудатворнага абраза Будслаўскай Багародзіцы).

 

   
Джузэпэ Чэзары
(1568–1640).
Партрэт папы Клімэнта VIII.
Палатно, алей. 1598.
Нацыянальны музей
замка Сан Анджэло.
Рым.
  Невядомы аўтар.
Партрэт кардынала
П’етро Альдабрандзіні
(1571–1621).
Медзярыт.
Пачатак XVII стагоддзя.
  Агасціно Карачы
(1557–1602).
Партрэт кардынала
Чынцыё Альдабрандзіні
(1551–1610).
Медзярыт.
Да 1602 года.
Рэйксмузеум.
Амстэрдам.

Адзігітрыя ад мастака пад апякунствам папы Клімэнта VIII

Калі звузіць кола пошукаў у мастацкай школе, якая паўплывала на жывапіс Будслаўскай Багародзіцы, то магчыма вызначыць трох мастакоў з ватыканскага атачэння Пантыфіка: Джаванні Бальёнэ (Рым, 1566–1643), Джузэпэ Чэзары (1568–1646), Людавіко Кардзі ці Чыголі (1559–1613). Трохі лапідарная пластыка і пярлінава-ружовы жывапіс лікаў, рук Багародзіцы і Хрыста; малюнак буйных складак тканіны; павольная святлоценевая мадэліроўка формаў; кантраст колераў — усё адсылае нас да твораў Джаванні Бальёнэ («Венера, пакараная амурам», 1600, Collezione Zeri, Рым; і Джузэпэ Чэзары «Дыяна на паляванні», 1601, Капіталійскі музей, Рым), а спалучэнне колераў (характэрнае для італьянскага маньерызму — пярлінава-белага, кармінавага, смарагдавага марэнга і залаціста-мядовага — нагадвае каларыт Людавіко Чыголі («Звеставанне», 1580, Assessorato Cultura del Comune di Figline Valdarno). Магчыма, хтосьці з гэтай «троіцы» ці іх вучняў меў дачыненне да жывапісу Будслаўскай Багародзіцы? Гэта пакуль толькі меркаванне… Магчыма, у архівах Ватыкана захаваліся запісы, кшталту рэестраў ці візітацый дыпламатычных місій на 1598 год да Пантыфіка, дзе б сакратары папскай канцылярыі занатавалі, з якой мэтай ладзілася аўдыенцыя з віленскімі пілігрымамі, хто прысутнічаў пры гэтым, а таксама ўнесеная ў спіс ахвяраў з боку папы Клімэнта VIII Адзігітрыя, падараваная віленскаму цівуну…

 

Літаратура

  1. Christian Schneider. Pope Clement VIII and Confessional Conflict: International Papal Politics and Diplomacy (1598–1605) / Ph.D. Thesis Department of History University of Durham/ 2016. – С. 158–204.
  2. Przegląd poznański. Том 19. Nakładem Redakcyi, 1854.
  3. Art in Rome under Pope Clement VIII Aldobrandini (1592–1605) http://spenceralley.blogspot.com/2017/12/art-in-rome-under-pope-clement-viii.html.
  4. Lorenzo Finocchi Ghersi. La collezione del cardinale Pietro Aldobrandini nella villa a Monte Magnanapoli. ARTE IN FRIULI ARTE A TRIESTE/ Italy / Edizioni della Laguna. 2014. – С.55–70.
  5. Paolo Alei. University of California, Rome Study Center/Book Reviews / journal of jesuit studies 3 (2016). – C. 725–727 // Clare Robertson. Rome, 1600: The City and the Visual Arts Under Clement VIII. New Haven: YaleUniversity Press. – 2015. Pp. 460.
  6. https://www.sothebys.com/en/auctions/ecatalogue/2013/masterworks-n08964/lot.10.html.
  7. https://collections.artsmia.org/art/2226/tazza-italy.
  8. Kazimierz Dopierała: Księga Papieży. – Poznań: Pallotinum, 1996. – S. 331–333.
  9. S. Grzybowski, Jan Zamoyski. – Warszawa, 1994. – S. 219–223.
  10. https://cardinals.fiu.edu/consistories-xvi.htm#ClementVIII.
  11. KAREN JEAN LLOYD. ADOPTED PAPAL KIN AS ART PATRONS IN EARLY MODERN ROME (1592-1676). New Brunswick, New Jersey. January, 2010. – С. 68, 134.
  12. Павел Алешин. Семья д’Эсте – покровители искусства и коллекционеры. – Москва, 2016. Диссертация. https://www.dissercat.com/ content/semya-deste-pokroviteli-iskusstva-i-kollektsionery.
  13. Ronald Martin Steinberg. The Iconography of the Teatro Dell’Acqua at the Villa Aldobrandini. The Art Bulletin; New York, etc. Том 47. Изд. 4. (Dec 1, 1965). Pages 453–463.
  14. Karen J. Lloyd. «Moving Mortals to Tears and Devotion»: Cinzio Passeri Aldobrandini, Torquato Tasso, and the Sorrowing Virgin. Sixteenth Century Journal. XLVI/1 (2015) Chapman University. – С.3–27.
  15. Ilona Czamańska. О książętach Wiśniowieckich i czasach, w których żyli. Suplement do monografii rodu. Wiśniowieccy. Monografia rodu. Wydawnictwo Poznańskie. – Poznań, 2007. – С.180.
  16. Wolff, Józef. Pacowie. Petersburg : J. Wolff, 1885. – С.44–52.
  17. Smołucha J., Pielgrzymki Polaków do Rzymu w XVI wieku. Przyczynek do dziejów jubileuszy chrześcijaństwa, «Nasza Przeszłość», 94 /2000/. – S. 221–243.
  18. Kazimierz Maliszewski. Europocentryczny i chrześcijański model widzenia świata w dawnej Rzeczypospolitej. Silva Rerum. https://www.wilanow-palac.pl/europocentryczny_i_chrzescijanski_model_widzenia_
    swiata_w_dawnej_rzeczypospolitej.html


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY