 |
Стомленае сэрца
З грэлачкай на канапцы,
за акенцам — квітненне бэзу…
А за прасторамі — далёка ў Торуні, —
так прыгожа моляцца да Сэрца Езуса…
Найсвяцейшую Эўхарыстыю
цэлебруе ўрачыста
айцец Яраслаў Краўчык,
рэдэмптарыста...
…Людзі прымаюць людзей па адзежцы.
Езус прымае малітву па сэрцы.
Калі сэрца ўнутры атручана,
то ўвесь чалавек, як анучына.
Што атручанаму зрабіць застаецца?
Папрасіць у Езуса новага,
ціхага і пакорнага,
чыстага і вясновага,
дужага і прыгожага,
спагадлівага да ўсяго свету сэрца.
Прыняць выпадковую радасць,
выкінуць злосць і зайздрасць.
Маліцца, маліцца, маліцца…
Сэрца Езуса — вечнага шчасця крыніца…
|
Коцік Вослік
Сынок мой стаміўся ад крутой маладосці —
лётаў то на «бланіку», то на самалёце,
сканструяваным сваімі рукамі…
Цяпер жыве пры мне, нібы госцік,
з хатняй Светкай-варонкай
каркаюць, перамаўляюцца…
А коцік Вослік
злавіў на дасвецці ў лёце
таксама шэрае штосьці.
Пакуль я рабіла сняданак,
мне падкінуў крылцы і хвосцік…
Бадзёры, маё стамлёнае сэрца
супакойвае цёплымі муркамі…
А пасля скруціцца, як слімак, у куточак
і пераблытае дзень з ночай,
якая блукае завулкамі.
У пасцелі правую лапку пасцеле,
левай накрые носік і хвосцік,
дыханнем сагрэе жывоцік…
Разумны мой шэры коцік.
|
Слоўцы
З купіны на купіну па балоце
я расла, вясковая наіўнота,
білася між частаколін у плоце,
не чакала нябеснай манны.
Мяне ўсюды падманвалі.
Там, на балоце, між частаколін у плоце,
кожнае слова ў пралёце:
хто за што зловіць, за тое аддасць.
Апроч таты і мамы,
дзядоў Вінцука і Адама,
ніхто не хоча ў істоце
слоўцы мае апраўдаць.
Слоўцы збірала — каменьчыкі ў жмені,
шпачкоў, жаваронкаў вясновы спеў.
Ніхто, апроч Мікалая і Рэні,
маіх слоўцаў не чуў і не разумеў.
Але вяскоўцы між працаю песні спявалі,
з песнямі слоўцы ў снапках пакідалі.
Не мела часу займацца сабою —
занядбаная, абшарпаная, босая,
мая светлая несвабода —
збіраць для Цябе, Маці Божая,
на градках белых слоўца да слоўца,
каб Ты пагладзіла мяне па галоўцы.
Стома сцішыцца і адагрэецца
каля Твайго Беззаганнага Сэрца.
|
Новыя сэрцы
А ў Будслаў ідуць пілігрымы
з сэрцамі смелымі і маладымі.
Баязлівыя сэрцы зайчыкаў
пад кусцік хаваюцца ў ямачку.
З ядавітым сэрцам гадзюка
сонным яд запускае ў вуха.
Сабачка мае вялікае сэрца —
каля яго пілігрымы грэюцца.
З сэрцам крылатым птах
у кустах адганяе страх.
Крылатыя добрыя буслікі
ніколі не пакідаюць Будслава,
Касцёл Маці Божай і пілігрымаў
вітаюць сэрданькамі сваімі.
Хто да Будслава першага ліпеня
пешкі даходзіць,
там Святое Сэрца знаходзіць…
Да Каралевы ўпадзе на каленях —
Маці Божая Ўнебаўзятая
зніме з сэрцаў атруты і страхі.
Сэрцы новымі, беспамылковымі,
святымі сэрданькамі заменіць.
Пілігрымы, хто даляцелі ў Тракелі,
да Гудагая і да Браслава,—
мелі сэрцы рытмічныя ўласныя,
сэрцы ясныя, цёплыя мелі,
нібы сонейка непагаснае.
|
У вёсачцы на востраве сан-Мігель
Як падумаю, аж сэрца за хвосцік схопіць…
Гэта надта далёка — не спасцігае ўяўлення вока!
Паміж Партугаліяй і Амерыкай,
добра хоць, што з правага берагу.
Блакітныя ці Ястрабіныя, Азорскія астравы…
А мой унук Станіслаў туды паляцеў,
як бы ён і на іх атрымаў прывілей!
Выбраў са-а-мы вялікі востраў сан-Мігель,
Там прызямляюцца самалёты,
плавае прагулачны карабель.
Там горы вострыя, азёры вогненныя.
А людзі сустракаюць людзей,
нібы яны твае родныя.
Запрашаюць на пляц, дзе сталы накрытыя,
шчодра наліваюць па поўнай місцы
пахлёбкі з куркай і крышаным хлебам —
гэтую смакату з’есці да донца трэба…
У чыстай вёсачцы сняданак бясплатны:
28 траўня ў Дзень Espirita Santu …
Пасля працэсіяй ідуць вакол касцёла…
Святочныя, прыгожыя, агністыя.
нібы ўвідочненыя анёлы.
І пачынаецца Святая Эўхарыстыя.
А я стаю на нейкім рыштаванні
ды прытуляюся да той вясковай пані —
яна малітву з акенца слухае,
у чыстым полымі Святога Духа…
І да мяне цудоўным чынам пераслана
з любоўю майго ўнука Станіслава…
Унук з сябрамі паляцеў далей,
мне захацелася застацца там вербальна
у санта-вёсачцы, дзе ўсё так ідэальна…
З малітвамі і сеюць, і жнуць
чатыры разы на год…
На пляцы за крыжам ідуць —
нібы з падскокам вядуць карагод.
Тут ніколі ніхто не прастуджваецца.
Тут вочы не ведаюць слёз.
Тут нікога раптоўна не скручвае
ні інсульт, ні інфаркт, ні склероз…
Тут не ведаюць слова «турма».
П’яных наогул няма.
Не сварацца, толькі ўсміхаюцца,
пра ўсё з Сэрцам Езуса раяцца.
Не самотныя, не спрацаваныя, не стамлёныя,
Святым Духам благаслаўлёныя.
|
|
 |