|
|
|
№
3(57)/2011
Святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка
На кніжнай паліцы
БЭНЭДЫКТ XVI. СВЯТЛО СВЕТУ: ПАПА, КАСЦЁЛ І ЗНАКІ ЧАСУ
Размова з Петэрам Зэевальдам Ad Fontes
Пераклады
Постаці
Пераклады
Вачыма візітатара
|
Ваша Эмінэнцыя, шаноўны і дарагі ойча! Мне аніяк не хочацца звяртацца да Вас у мінулым часе — мне ўсё яшчэ здаецца, што Вы зусім ненадоўга паехалі ў сваю службовую вандроўку... Можа, у Вечны Горад, і ад Вас неўзабаве прыйдзе прыгожая паштоўка з начным Рымам і радасным паведамленнем пра нядаўнюю сустрэчу з Папам... А, можа, Вы цяпер у Каліфорніі і пасля, вярнуўшыся, распавядзеце нам гісторыю пра тое, як Вас пасялілі ў шыкоўным біскупскім палацы пасярод апельсінавага саду. Раніцою Вы з ружанцам выйшлі ў двор, а там — апельсіны, спелыя, вялікія, падаюць проста Вам пад ногі. І птушкі, раней нябачаныя, рознакаляровыя, шчабечуць і пырхаюць на дрэвах. І Вам здалося, што Вы апынуліся ў раі... А калі падчас абеду гаспадары спыталі, ці падабаецца Вам у іх, Вы з прытоенаю ўсмешкаю адказалі, што... зусім не падабаецца. І яны ажно анямелі ад здзіўлення. А Вы, вытрымаўшы паўзу, пацвердзілі: «Не падабаецца, бо паміраць тут было б вельмі цяжка — шкада было б пакідаць такую прыгажосць...» І тады ўсе за сталом з палёгкаю ўздыхнулі і засмяяліся, ацаніўшы і Вашу дасціпнасць, і Ваш гумар, і Вашу шчырасць... Мы так любілі слухаць Вашы гісторыі, Эмінэнцыя. Вы — цудоўны апавядальнік, і ў Вас выдатнае пачуццё гумару і такая тонкая іронія... Дарэчы, я ўсё хацела ў Вас перапытаць пра адну гісторыю з Вашага маленства. Памятаеце, Вы распавядалі, як мама пасылала Вас, малога хлопчыка, на вакзал прадаваць яблыкі. Вы прыбягалі на перон, калі прыходзіў цягнік, і прапаноўвалі пасажырам яблыкі. Часцей за ўсё яны іх куплялі, і Вы вярталіся дадому шчаслівы, з выручанымі грошыкамі. Але бывала, што яблыкі заставаліся і трэба было чакаць наступнага цягніка... А яны, тыя яблыкі, былі такія прыгожыя, чырвонабокія, духмяныя... І аднаго разу Вы не ўтрымаліся: акуратненька надкусілі самы большы яблык, ці, дакладней, толькі крышачку смактанулі ягонага соку, так, каб не было нават заўважна... А пасля Вы ішлі з тымі яблыкамі дадому і не ведалі, як пра ўсё сказаць маме, як прызнацца ў сваім «злачынстве»... Тады, калі Вы нам гэта распавядалі, мы ўсе разам весела смяяліся. А цяпер мне чамусьці да слёз шкада таго малога светлагаловага хлопчыка... Тым больш, што ўжо ведаю ад Вас, якое было Вашае жыццё: «з дзяцінства, а таксама ў школьныя і юнацкія гады яно праходзіла ў беднасці. А часта — у крайнім убостве, бо не хапала нават хлеба»... Мы ўсё збіраліся зрабіць з Вамі вялікае інтэрв’ю, дакладней, проста запісаць Ваш аповед пра ўсё Вашае доўгае, «прысвечанае Богу і Касцёлу жыццё». Але так і не дабралі часу. А гэта ж такая вялікая несправядлівасць, што Ваш такі незвычайны, багаты і непаўторны свет пайшоў ад нас назаўсёды, і многія цікавыя эпізоды і гісторыі, якія ведалі толькі Вы, ужо ніхто нам не зможа распавесці...
Не, пакуль што я аніяк не магу з гэтым змірыцца, не магу пазбыцца адчування пякучай і непапраўна-запозненай віны перад Вамі... Мы шмат чаго не паспелі, Эмінэнцыя. Не паспелі нават як след падзякаваць Вам за Ваш давер, за Вашае разуменне ўсяе гэтай справы з нашымі выданнямі. Памятаеце, як на пачатку 1995 года мы прыйшлі да Вас з ідэяй выдаваць каталіцкі квартальнік для інтэлігенцыі... Тады толькі-толькі пачаў выходзіць наш часопіс «Ave Maria», які друкаваўся на шэрай брыдкай паперы... А Вы нас выслухалі і далі сваё пастырскае благаслаўленне. Хоць і без дыскусій тады не абыходзілася: час быў такі — складаны, цяжкі. Вы нам часта казалі: «Зразумейце, калі ласка, мне трэба муры касцёлаў падымаць з руінаў...» А мы Вам: «Глядзіце, каб муры потым пустыя не стаялі: людзям патрэбна каталіцкая прэса, літаратура духоўная патрэбна...» Спрачаліся мы з Вамі, Эмінэнцыя, часта сваё даводзілі... Прабачце нам, што назалялі і лезлі ў вочы са сваімі праблемамі. Але ж мы прыходзілі да Вас, як дзеці прыходзяць да бацькі — строгага, справядлівага і добрага. Дзякуй Вам, што далі нам адчуць шчасце быць Вашымі дзецьмі. Мы Вас пабойваліся, Эмінэнцыя, але й моцна любілі і паважалі. Мы адчувалі, ведалі, што ў душы Вы — паэт, рамантык, а рэчаіснасць вакол жорсткая, жыццё — цяжкае. Лёс Вас ніколі не песціў — ні ў маленстве, ні ў маладосці, ні ў сталыя гады. Вы спаўна перажылі тую «дасканалую радасць», пра якую пісаў святы Францішак, гэта значыць — чым горш, тым лепш. Дарэчы, Вы любілі гэтага Асізскага Бедачыну. Памятаю, як казалі, што чытаеце кнігу пра яго, і захапляліся: «Вось хто не змарнаваў жыцця! Ды што там жыцця — не змарнаваў ніводнага дня, дадзенага Богам!» Я тады слухала Вас і не адважылася сказаць, што праз восем вякоў, ужо на нашай зямлі, Хрыстус знайшоў новага Францішка, дакладней, Казіміра, і скіраваў да яго свой заклік: «Ідзі, адбудуй Мой Касцёл!» І Вы, Эмінэнцыя, пачулі гэты заклік і таксама не змарнавалі ніводнага дня, аддаючы сябе дарэшты Богу і людзям... Добра сказаў Сяргей Аверынцаў, разважаючы пра Францішка Асізскага: «Святасць суцяшае, але менавіта таму, што вучыць не шукаць суцяшэння». Вы не шукалі суцяшэння ў гэтым матэрыяльным, прагматычным свеце, Эмінэнцыя, Вы самі былі для нас усіх суцяшэннем і прыкладам веры, яе непахісным абаронцам. І Вы таксама, як святы Францішак, усім сваім жыццём складалі гімны і ўбоству, і цярпенню, і гэтай прыгожай зямлі, якую пасля ўсіх ганенняў і пераследаў не захацелі пакінуць і прамяняць на спакойнае і выгоднае жыццё на чужыне; трывалі тут, з гэтым верным людам, да канца, да апошняга ўздыху...
Я ўсё згадваю нашу апошнюю сустрэчу з Вамі, Эмінэнцыя, Ваша апошняе благаслаўленне... Мы тады прыехалі да Вас у Пінск 5 сакавіка, на другі дзень пасля Вашых імянінаў... Перад тым Вы вярнуліся з Любліна, пасля другой аперацыі. Было бачна, як Вам баліць нага, як Вы церпіце. Але Вы, як і раней, мужна трымаліся, гаварылі пра справы Касцёла, пілі з намі моцную духмяную каву «па-кардынальску». І ўсё было, як заўсёды, у Вашым гасцінным дамку на Шаўчэнкі, 12. Нам здавалася, што цярпенне нейкім дзіўным чынам адмаладзіла і распраменіла Ваша аблічча: позірк Вашых светлых вачэй быў такі глыбокі і ясны, памяць па-ранейшаму чэпкая, а Ваш гумар і Вашыя жарты вярталі надзею, што ўсё будзе добра, што і на гэты раз Вы выйдзеце пераможцам. Гледзячы на Вас, хацелася сказаць за апосталам Паўлам: «Калі я слабы, тады я дужы». Вы заўжды былі дужы і моцны, Эмінэнцыя. І тады, калі падчас тае сакавіцкай сустрэчы загаварылі пра цярпенне... Не, Вы не называлі яго, як святая Фаўстына, «найвялікшым скарбам на зямлі», але Вы, гэтаксама як яна, казалі, што «яно ачышчае душу», што цярпенне дапамагло Вам «у фармаванні і крышталізацыі духу». Памятаю, як Вы ўзнялі вочы да Укрыжаванага Езуса на абразе над ложкам і сказалі: «Гляджу на гэты абраз і думаю пра тое, што Ён цярпеў боль, не параўнальны з маім, і таму мне наракаць не выпадае! А наша хрысціянская вера дапамагае зразумець сэнс цярпення і такім чынам прыняць яго...» Гэта былі словы, поўныя сыноўняй пакоры, надзеі і абсалютнага даверу Богу...
Мы тады не ведалі, Эмінэнцыя, якое выпрабаванне яшчэ чакае Вас наперадзе, не ўяўлялі нават, што праз два месяцы ўбачым Вас у пінскім шпіталі, сапраўды ўкрыжаванага болем, упадобненага да маўкліва церпячага Хрыста, які ўвесь час дзяліўся з Вамі сваім крыжам, а напрыканцы жыцця аказаўся асабліва шчодрым... Але ж Ён ведае, з кім можа быць шчодрым... І тады, стоячы каля Вашай Галготы і душачыся бяссільнымі слязьмі ды бессэнсоўна-роспачнымі пытаннямі «за што» і «навошта», я пачула, здаецца, Ваш спакойны, разважлівы голас: «Для мяне неістотна, дзе выконваць свае абавязкі і Божую волю: ці ў камеры смяротнікаў, чакаючы выраку, ці, скажам, прымаючы з рук Папы знак кардынальскай годнасці. І ў адным, і ў другім выпадку — адно і тое ж выкананне Божай волі...» Ведаю, што калі б Вы маглі размаўляць тады, у шпіталі, то дадалі б: «І ў гэтым, трэцім выпадку, таксама». Дзякуй, Вам, Эмінэнцыя, за той вялікі ўрок цярпення і пакоры... Дзякуй за прыклад Вашай моцнай веры і поўнага даверу Божай волі і Божаму Провіду...
P. S. Эмінэнцыя, калі я ўжо дапісала Вам гэтыя радкі, нечакана атрымала ліст ад свае праваслаўнай сяброўкі з Бельска. Недзе тыдзень таму гэтая светлая асоба гасціла на радзіме і забегла да нас у рэдакцыю. Мы тады размаўлялі з ёю пра Вас (мы ўсе вельмі часта Вас успамінаем), і я падаравала ёй прысвечаны Вам альбом, «Fidei testis». Яна яго адразу прачытала і тут жа даслала ліст. Не магу не працытаваць Вам некалькі радкоў з яго. Вось што яна піша: «І я цяпер ведаю, уяўляю сабе шлях незвычайнага чалавека і святара, на прысутнасць якога таксама абапіраюся. Гасанна! Якое шчасце, што ён быў дадзены Беларусі... Распачалося і маё „сумоўе“ ў духу з ім...» Ваша Эмінэнцыя, Вы працягваеце жыць і служыць Хрысту і Яго справе тут, на нашай зямлі. Вы застаецеся, як і раней, з намі, побач, як шчыры сябра, добры айцец і пастыр. Дзякуй Вам!
Адна з Вашых
Гл. таксама:
|
|
|
|