|
|
|
№
3(57)/2011
Святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка
На кніжнай паліцы
БЭНЭДЫКТ XVI. СВЯТЛО СВЕТУ: ПАПА, КАСЦЁЛ І ЗНАКІ ЧАСУ
Размова з Петэрам Зэевальдам Ad Fontes
Пераклады
Постаці
Пераклады
Вачыма візітатара
|
Дзіўная рэч, што бывае не так лёгка, як здаецца на першы погляд, прыпомніць і расказаць якуюсьці значную драбніцу з уласнага жыцця? Я з учора пачуваюся, нібы тое дзіця, што, седзячы каля крыніцы, перабірае і перасыпае жвір ды пясок на беразе, шукаючы, ці не натрапіць на каменьчык — большы, даражэйшы; што ж, калі ўсе яны да сябе падобныя, а пясок такі роўны і дробны, што яго можна было б насыпаць у пясочны гадзіннік! Ці ж не гэтак сплывалі і мае гадзіны і гады? Што ж з іх выбраць?.. У маёй такой вернай, нагружанай памяці захавалася ўсё, што было, і я дагэтуль адчуваю ўсё па-дзіцячы; або як матка, якая без розніцы любіць сваіх дзетак, бо ніводнага з іх не страціла, бо ні па адным з іх не тужыць, бо ўсіх іх мае каля сябе,… а без тугі няма натхнення! І таму маё мінулае — гэта не гожы і трывалы абломак граніту з глыбока выбітым станоўчым надпісам, які замыкае, нібы надмагільная пліта, адышоўшую эпоху. О не! Маё мінулае, змяшанае з цяперашнім, — гэта рознакаляровая мазаіка без узору, агульны выгляд якой нічога не гаворыць, а асобныя акрушыны нічога не значаць! Засмучае мяне такая здрабнеласць жыцця, хоць з яе ж выплывае для мяне не адзінкавая карысць. Задавальненне малым і не вымаганне нічога ад лёсу і людзей. Не ведаю, ці нарадзіўся такі характар разам са мною, ці я набыла яго з гадамі, ведаю толькі, што я адкрыла яго сама ў сабе, дзякуючы маленькай акалічнасці. Гэта быў дзень значны і памятны да сёння, хаця я мела тады ўсяго некалькі гадоў. Гэта быў дзень закладвання кутняга каменя ў памяшкальным доме ў Дабраўлянах. Дэталі яго дасюль ясна і выразна стаяць перада мною, як карціна, — усё: і сівы стагадовы плябан, які асвяціў той камень, і сівая суседка, запрошаная на гэты абрад, і пергамент у засмоленай бутэльцы, пакладзены пад фундамент для таго, каб спачываць там вякамі (на гэтым пергаменце фігураваў і мой подпіс вялікімі літарамі па алоўку), і шчодры абед для муляраў пад навесам, і запытанне нашай настаўніцы-немкі (а таму лютэранкі) пры выглядзе крапідла і комжы: «Гэта што — Імша святая?»… Аднак найболей урэзалася мне ў памяць важная хвіліна закідвання кутняга каменя вапнай! І цяжкая кельня, якую я старалася трымаць так, каб ніхто з прысутных не здагадаўся, што яна мне не па сілах?! Дык вось жа, вяртаючыся па тым абрадзе да нашага сумеснага для трох сёстраў пакойчыку ў старым флігелі, увайшоўшы ў яго, убачылі мы тры новыя шафачкі!!! Гэта быў сюрпрыз ад нашых бацькоў. Якая ж была радасць, якое выяўленне той радасці, кожны гэта зразумее, хто памятае падобную хвіліну ў сваім жыцці, калі меў добрых бацькоў, якія прадбачылі і папярэджвалі патрэбы сваіх дзяцей. Гэта была радасць такой сілы, якой нішто не зацерла дагэтуль, бо яна аднаўлялася пры кожнай падобнай радасці, пры кожным неспадзявана атрыманым падарунку ад сваіх! Але вяртаюся да шафак. Паколькі яны былі парожнія, трэба было іх напоўніць; сёстры мае, як старэйшыя, растаропнейшыя і багацейшыя за мяне на цацкі і размаітыя забаўкі, запоўнілі свае шафкі адразу. Маім багаццем, апрача лялькі з яе сціплым лялечным пасагам, былі адны паперы, нібы малюнкі ўласнай творчасці, нібы лісты і гравюры; не было іх занадта шмат, але раскладзеныя з тактыкай перабеглага военачальніка (які жменяю жаўнераў хоча спадабацца непрыяцелю), патрафілі яны запоўніць усе паліцы ў шафачцы, а разам з імі і мой розум, душу, сэрца, увесь свет! Цэлую рэшту таго дня і прачнуўшыся назаўтра я была найшчаслівейшаю з дзяцей. Але дзе ж мяжа людскіх жаданняў? Так сталася і са мною. Мае сёстры мелі папкі, якія наш тата сам склеіў для іх і падарыў для захавання пачатковых малюнкаў і сэкстэрнаў. Каб мець у сваю чаргу такую ж папку, трэба было яе заслужыць, трэба было чакаць яшчэ два гады… а мне хацелася мець яе адразу! Уласна ў маёй мамы была папка (па праўдзе, старая і ўжо патрапаная, але ўсё роўна папка), вось жа менавіта яна і сталася мэтай маіх штодзённых мараў, унутранай барацьбы і неспакою — тым жывейшых, што ў нас не прынята было ані вымагаць, ані капрызнічаць, але проста без хітрыкаў выказаць свае просьбы ці патрэбы, а гэта было, як вядома, найцяжэй… Наступіла, аднак, хвіліна адвагі, і маміна папка сталася маёй! Радасць па яе атрыманні была вялікая, адпаведная спадзяванням, але занадта гарачая, каб магла доўга трываць. Кароткай была таксама хвіліна ўзнёсласці… надышло расчараванне! Бо што ж з таго, што ў імгненне вока запоўнілася папка, калі праз тое самае выпаражнілася шафка?! Пры выглядзе таго спусташэння, той нэндзы, той пустэчы зноў пуста зрабілася ў душы, у думках, ва ўсім свеце! І адначасова паўстала ў вачах уся недарэчнасць майго ўчынку; жаль да сябе, сорам, расчараванне прыціснулі мяне, як каменем, аж да таго, што я ўселася каля падножжа маёй шафачкі, як бы хочучы яе перапрасіць… і, што са мной рэдка здаралася (бо дома звалі мяне весялушкай), горка і моцна заплакала! Не было ў гэтай маёй скрусе рэзону, не было таксама далейшай пастановы, а было гэта адзіна моцнае зразуменне тых праўдаў і перасцярогаў, якія я сама сабе міжвольна адкрыла: нічога не прагнуць гвалтоўна, перадчасна, без заслугаў, звыш сілы, звыш магчымасцяў; бо як тыя паліцы ў шафачцы, так і сэрца можна анішчымніць празмернасцю, выпаражніць лішкам альбо наплывам пачуццяў не да месца і не да часу. Шмат, о шмат падобных павучанняў, ужо пазней усвядомленых, а тады толькі адчутых, выйшла з пустой на выгляд шафачкі!.. А тая, — хоць я кожны год яе напаўняла і аздабляла чымсьці новым; хоць вельмі хутка я не толькі адзнакі на дверцах, што сведчылі аб маім шпаркім пасталенні, але і саму шафачку перарасла; хоць і сёння яна служыць для нейкага гаспадарчага начыння, — тая шафачка мае такую сілу і ўладу першых уражанняў, што пры кожным яе адкрыванні вяртаюцца да мяне тыя ж самыя думкі, абуджаюцца тыя ж самыя перасцярогі. А яны ў кожным узросце маюць сваё значэнне!
25 сакавіка 1850 года.
Пераклад з польскай мовы
Гл. таксама:
|
|
|
|