|
|
|
№
3(57)/2011
Святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка
На кніжнай паліцы
БЭНЭДЫКТ XVI. СВЯТЛО СВЕТУ: ПАПА, КАСЦЁЛ І ЗНАКІ ЧАСУ
Размова з Петэрам Зэевальдам Ad Fontes
Пераклады
Постаці
Пераклады
Вачыма візітатара
|
Бацькі Люцыяна Хмялёўца жылі ў Цэнтральнай Польшчы — Келецку. У сям’і было сямёра дзяцей. Люцыян нарадзіўся 12 траўня 1914 года. Пачатковую адукацыю атрымаў у Мацеевічах, дзе яго сястра працавала настаўніцай, потым паехаў да маці, Валерыі, якая жыла ў той час у Беластоку, дзе ў 1933 годзе скончыў гімназію. Незаможная сям’я Хмялёўцаў была дружнай, усе дзеці выхоўваліся па-каталіцку. З малых гадоў Люцыян прыслужваў у касцёле, з цікавасцю слухаў пропаведзі святароў. Ён бачыў несправядлівасць у грамадстве, маральную глухасць некаторых людзей і вырашыў прысвяціць сябе служэнню Богу, дабру і справядлівасці. У 1939 годзе ён скончыў у Вільні Вышэйшую духоўную семінарыю і тэалагічны факультэт Віленскага ўніверсітэта імя С. Баторыя. Паспяхова абараніў дысертацыю і атрымаў вучонае званне доктара тэалогіі. У гэтым жа годзе біскупам Ялбжыкоўскім быў накіраваны працаваць святаром у Ваўкалату, а ў красавіку 1940 года пераведзены ў канстанцінаўскую парафію былога Свірскага раёна Маладзечанскай вобласці. 1 верасня 1939 года пачалася Другая сусветная вайна, і 17 верасня Чырвоная Армія ўвайшла ў Канстанцінава. Разам з войскам прыбылі і аддзелы палітычнага вышуку НКВД, якія сталі браць на ўлік асаднікаў, работнікаў культуры, пошты, чыгункі, гміны, настаўнікаў, леснікоў, вышукваючы «ворагаў народа». Пачаліся рэпрэсіі. І ў гэтую жорсткую ваенную пару ксёндз Люцыян Хмялёвец заступаўся за пакрыўджаных, ратаваў ад смерці сваіх парафіянаў. Узімку 1941 года сталі вывозіць у Сібір людзей цэлымі сем’ямі. Трапіла пад «хапун» і сям’я лесніка Урублеўскага з засценка Гануты (цяпер Мядзельскі раён), у якога было шасцёра малых дзяцей. Заробку хапала, каб толькі пракарміць сям’ю, цёплага адзення, абутку дзеці не мелі, басанож зімой сядзелі на печы. Святар Люцыян Хмялёвец збялеў, калі даведаўся, што гэтых дзетак, закруціўшы босыя ножкі ў кудзелю, у саракаградусны мароз павезлі на чыгунку, каб адправіць у Сібір. І ён паехаў у Свір да раённага начальніка, каб заступіцца за сям’ю лесніка. Але ў адказ пачуў: «Ты заступаешься за врага народа, значит и сам такой же. Подожди, скоро будет и твоя очередь!» Здзейсніць пагрозу перашкодзіла вайна. З самага яе пачатку немцы гналі шматлікія калоны палонных чырвонаармейцаў на станцыю Канстанцінава. Змучаных, галодных, іх размясцілі на плошчы перад касцёлам. З мястэчка і навакольных вёсак сталі збірацца салдаткі і мацяркі, чые мужы і сыны былі мабілізаваныя ў Чырвоную Армію: думалі, што сярод палонных адшукаецца родная душа. Фашысты не падпускалі людзей да палонных. Адзін чырвонаармеец падпоўз да сажалкі напіцца, але фашыст паслаў яму ў спіну кулю... На паратунак няшчасным прыйшоў святар Люцыян Хмялёвец. Ён валодаў нямецкай мовай і ўгаварыў камандзіра канвою даць дазвол накарміць галодных. Па просьбе святара жанчыны прыгатавалі цэлы цэбар варыва, а канваіраў «улагодзілі» вясковымі прысмакамі і нават «шнапсам» (гарэлкай). Пяцёра сутак кармілі вяскоўцы, а перад адпраўкай сабралі кожнаму «тармазок». Асабліва шчыравалі салдаткі і яўрэйкі. У час акупацыі ўлада на Свіршчыне належала ваеннаму каменданту, які кватараваў у Свіры. Фашысты сталі вылаўліваць дзяржаўна-партыйны даваенны актыў і габрэяў. Знайшліся здраднікі, якія перадалі акупантам спіскі актывістаў і яўрэяў. Пазначаных у спісе людзей немцы арыштавалі, рыхтавалася расправа. Просьбы дзяцей, жонак, маці аб вызваленні арыштаваных не мелі выніку, і тады вернікі звярнуліся па заступніцтва да ксяндза. 4 ліпеня раніцай кс. Люцыян накіраваўся ў Свір да каменданта, які згадзіўся вызваліць людзей пад асабістую адказнасць ксяндза. Аб гэтым быў складзены адпаведны дакумент, які ксёндз падпісаў і замацаваў касцёльнай пячаткай. У выніку гэтай акцыі было выраватана ад смерці 10 чалавек: Баляслаў Карманскі, Іосіф Карманскі, Вацлаў Вярбіцкі, Адольф Харашэй, Усцін Позныш, Адольф Навашынскі, Афрэй Ізраэлевіч, Мірон Мордхавіч, Лойка Свірскі і Сайна Свірская. Семярых арыштаваных — Антона Драневіча, Івана Драневіча, Міхаіла Сінькевіча, Віктара Лявіцкага, Станіслава Грыгаровіча, Антона Жаброўскага і Мар’яна Палэйку — немцы паспелі адправіць у Лынтупы ў распараджэнне гестапа. Ксёндз узяў з сабою старшыню касцёльнага камітэта Антона Лукашэвіча і касцёльнага эканома Невяроўскага і паехаў выручаць людзей. Шэсць вязняў удалося вызваліць. Мар’яна Палэйку немцы расстралялі ў Лынтупскім лесе, бо на яго быў персанальны данос суседа, які помсціў яму за тое, што Палэйка «з’еў» яго сына пры Саветах — адправіў у ФЗН. Некаторыя з вызваленых адразу перайшлі на нелегальнае становішча, а потым сталі партызанамі. Пэўна, не здабраваць бы ксяндзу, калі б даведаліся пра гэта фашысты, але ваенны камендант са Свіры з’ехаў і справа не ўсплыла. Калі на Свіршчыне і Мядзельшчыне разгарнуўся партызанскі рух, немцы для барацьбы з партызанамі сталі прымяняць блакады, выпальваць цэлыя вёскі, іншы раз і з людзьмі. Працаздольнае насельніцтва яны вывозілі на работы ў Германію, а дзяцей — у канцэнтрацыйныя лагеры.
Хаця савецкія разведчыкі з недаверам ставіліся да святароў на акупаванай немцамі тэрыторыі, але адзін рэзідэнт — «Авіятар», уражаны ўчынкам кс. Люцыяна Хмялёўца, у справаздачы адзначаў: «Захопленае ў час экспедыцыі насельніцтва сагналі ў часовыя канцлагеры Паставаў, Свянцянаў, мястэчка Канстанцінава і іншых. У мястэчках Гадуцішкі, Канстанцінава, горада Свянцяны гітлераўцы арганізавалі гандаль людзьмі. Прадавалі за тры-пяць марак за схопленае ў час экспедыцыі дзіця. Святар канстанцінаўскай парафіі выратаваў жыццё 50 дзецям, выкупіўшы іх у нямецкіх гандляроў рабамі і іх халуёў». Калі я распытваў пра гэты факт у гаспадыні ксяндза Марыі Бекіш са Старой Вёскі, яна назвала лічбу 70 дзяцей, якіх выкупіў ксёндз і вярнуў бацькам альбо родзічам ці знаёмым, калі бацькі былі забітыя ці вывезеныя ў Германію. Адно ўратаванае чалавечае жыццё заслугоўвае пахвалы і ўдзячнасці, а тут дзясяткі. І яшчэ адна характэрная рыса гэтага чалавека — дабрачыннасць. З небагатай прыкасцёльнай гаспадаркі — невялікі кавалак зямлі, конь, карова — ён выгадаваў двух пляменнікаў, Цэзарыя і Андрэя, бацька якіх, польскі афіцэр, быў закатаваны бальшавікамі ў Катыні. Ён дапамагаў выхоўваць удаве Эміліі Колтан двух хлапцоў — Янку і Петруся, адзінокай Эміліі Клімашэўскай аказваў падтрымку ў выхаванні дачушкі Марыі, рэгулярна дасылаў сціплыя падарункі Гэлене Лукашэвіч, якая гадавала шасцёра дзяцей. Радасная вестка аб заканчэнні вайны акрыліла народ. У канстанцінаўскім касцёле пробашч Хмялёвец цэлебраваў Імшу ў гонар Перамогі, маліўся за душы палеглых і закатаваных, за мір, шчасце і светлую будучыню. Аднак спакойна займацца пастырскай дзейнасцю святару не давялося: пачалося атэістычнае засілле. Першай прычэпкай стала тое, што ён польскі падданы. У студзені 1958 года яму забаранілі праводзіць у касцёле службу. Мясцовыя ўлады вырашылі выкарыстоўваць касцёл пад склад для зерня. Гэта было зроблена наўмысна, бо складоў хапала. Па загадзе старшыні калгаса да касцёла падагналі машыну з зернем, але мясцовыя жыхары згружаць зерне ў святыню адмовіліся. Тады прыслалі курсантаў свірскага СПТВ. Ратаваць касцёл прыбеглі жанчыны са Старой Вёскі. Калі адзін мех трапіў на Сімановіч Юзэфу, жанчыны паднялі моцны гвалт, курсанты разбегліся. Мяшкі ўкінулі назад у машыну і прынялі рашэнне класціся пад колы машыны, каб не дапусціць апаганьвання святыні. Пачалося змаганне за дазвол ксяндзу адпраўляць у касцёле службу. Ва ўсе канцы паляцелі ад парафіянаў просьбы, але ўсе яны вярталіся назад, на разгляд мясцовых уладаў. Упаўнаважаны па справах рэлігіі пры Савеце Міністраў СССР даў такі адказ: «Быць духоўным кіраўніком савецкіх людзей — пераважнае права савецкіх падданых». Як законапаслухмяны чалавек, кс. Люцыян Хмялёвец прыняў савецкае грамадзянства, але гэта дало яму толькі часовую перадышку ад ганенняў. 4 красавіка 1961 года пракурор адабраў у яго даведку на права займацца духоўнай дзейнасцю. На гэты раз яму інкрымінавалі падбухторванне вернікаў свірскай парафіі да барацьбы за адкрыццё мясцовага касцёла, арганізацыю хабару высокапастаўленаму чыноўніку ў Мінску і ўдзяленне шлюбу маладым членам партыі. Распачаўся судовы працэс, які цягнуўся цэлы тыдзень. Дапыталі каля 80 сведак, запрасілі на працэс тэлебачанне, мяркуючы зрабіць вялікае атэістычнае шоу. Але ксяндза апраўдалі, бо доказаў яго антыканстытуцыйнай дзейнасці не было. Гэты фарс сястра ксяндза суседняй парафіі Гэлена Шылэйка характарызавала так: «Думалі растаптаць ксяндза, а ён выйшаў героем». Ксяндзу вярнулі дазвол на права працаваць пробашчам, але ўпаўнаважаны па культах ігнараваў рашэнне суда і прапанаваў яму пакінуць парафію. Ксёндз астравецкага касцёла Інгелевіч пераканаў кс. Л. Хмялёўца пакінуць парафію, бо ад савецкіх уладаў чакаць справядлівасці не выпадала. Л. Хмялёвец падаў заяву аб сваёй згодзе працаваць у іншай парафіі і атрымаў прызначэнне ў парафію Дзераўное Стаўбцоўскага раёна.
Ксёндз моцна перажываў перамену парафіі, спадзяваўся, што яго вернуць назад. — У душы я меў надзею, — успамінаў кс. Люцыян Хмялёвец, — што праўда ўсё ж пераможа, што мяне вернуць працаваць у Канстанцінава, дзе я адслужыў звыш 20 гадоў, дзяліў з парафіянамі ваеннае ліхалецце і цяжкія пасляваенныя гады. Але ўлады былі глухія. Яшчэ ён успамінаў, як пракурор Гушчык штотыдзень выклікаў яго ў пракуратуру і пагрозліва пытаўся: — Ну дзе працуеш? Ідзі ў калгас гной кідаць ці кукурузу палоць, а інакш як дармаеда адпраўлю да белых мядзведзяў! — Я ад’язджаў у Дзераўное, — дзяліўся ўспамінамі кс. Л. Хмялёвец, — і зайшоў у пракуратуру далажыць аб гэтым пракурору. — Что вы из себя строили мученика? Давно бы так, — такімі словамі сустрэў мяне пракурор. А калі даведаўся, што са мною пераязджае і мая гаспадыня Марыя Бекіш, запытаў: — А она не ваша сожительница случайно? Без медицинской справки о её девственности ничего не будет. Давялося Марыі Бекіш прайсці і праз гэту абразу — прынесці бессаромнаму «ахоўніку маралі» адпаведную даведку. З 23 кастрычніка 1963 года кс. Люцыян Хмялёвец працаваў у парафіі Дзераўное. Тут ён у 1989 годзе ўрачыста адзначыў паўвекавы юбілей свайго святарства, атрымаў ад Яна Паўла ІІ годнасць генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Ён быў сябрам і памочнікам кардынала Казіміра Свёнтка. Тут жа ён адзначыў і свой 90-гадовы юбілей. 65 гадоў кс. Люцыян ахвярна служыў Богу, дапамагаючы многім адчуць сваё пакліканне стаць святаром ці выбраць дарогу манаскага служэння Богу. Ён быў настаўнікам і выхавацелем цяпер ужо біскупа Антонія Дзям’янкі, ксяндза Віталія Гайца, настаяцельніцы бэнэдыктынак Імальды Дзям’янкі, сястры ўршулянкі Чаславы Навіцкай, сястры Вольгі Грышан з супольнасці сясцёр Святой Сям’і з Бардо і іншых адданых Богу людзей. Няўдзячнасць савецкіх уладаў ён памятаў, але не крыўдаваў, прабачаў, бо, як сказана ў Святым Пісанні, людзі не ведаюць, што чыняць. «Што-кольвечы робіш — рабі з розумам і прадбач вынік», — гэтыя словы былі жыццёвым крэда святара Люцыяна, які ўсё рабіў з розумам і верыў, што ў грамадства вернуцца нармальныя адносіны да рэлігіі. Хаця прайшло больш за сорак гадоў, як кс. Люцыян Хмялёвец быў змушаны пакінуць Канстанцінава, удзячныя вернікі памятаюць яго. Памятаў і ён іх. У апошнім лісце ён пісаў наступнае: «Не будзе спакою сярод чалавецтва, пакуль людзі не будуць выконваць два законы любові: да Бога і да бліжняга». 3 чэрвеня 2004 года а 13-й гадзіне ксяндза прэлата Люцыяна Хмялёўца не стала. Выконваючы яго волю, святара пахавалі на цвінтары канстанцінаўскага касцёла, побач з магілай маці. Сёлета ў Камароўскай СШ прайшоў вечар «Вянок памяці», прымеркаваны да 98-х угодкаў з дня народзінаў вялікага чалавекалюба ксяндза Люцыяна Хмялёўца. Верагодна, выратаваныя пробашчам людзі яшчэ жывуць. Было б добра, каб яны прыслалі свае лісты пра сябе, сваё жыццё па адрасе: Канстанцінаўскі касцёл, паштовае аддзяленне Камарова, індэкс 222394, Мядзельскі раён Мінскай вобласці. Вашы лісты, а пажадана і фотаздымкі, зоймуць пачэснае месца ў касцёльнай плябаніі і будуць Вянком памяці Вашаму выратавальніку.
|
|
|
|