|
|
|
№
3(57)/2011
Святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка
На кніжнай паліцы
БЭНЭДЫКТ XVI. СВЯТЛО СВЕТУ: ПАПА, КАСЦЁЛ І ЗНАКІ ЧАСУ
Размова з Петэрам Зэевальдам Ad Fontes
Пераклады
Постаці
Пераклады
Вачыма візітатара
|
Прафесія — самая важная рэч у свеце, а распараджаецца гэтым, як меркаваў Паскаль, выпадак. Значыць мой выпадак быў шчаслівым, бо менавіта ён прывёў мяне ў касцёл і дазволіў мне ведаць ксяндза Казіміра. Праўду кажучы, я сумняваюся ў сваім праве гаварыць пра Яго Эмінэнцыю Кардынала, але... калі ў мінскую архікатэдру, адроджаную яго воляй і стараннямі, унеслі труну з яго целам, я зразумеў, што 32 гады (Божа, як ляціць час!) я чытаў не кнігу з серыі «ЖЗЛ», а меў шчасце палову жыцця быць яго супрацоўнікам, гатовым заўсёды адгукнуцца на яго заклік. Рэдка калі я не звяртаўся да яго ў думках, намагаючыся разгадаць дзіўны сюжэт яго жыцця, напісаны няйначай як на нябёсах. Зрэшты, яго зыход у вечнасць не перашкодзіць мне рабіць гэта і надалей, «таму што бачнае — часовае, а нябачнае — вечнае» (пар. 2 Кар 4, 17). Не ўяўляю, як трэба апісаць яго жыццё (не прыкладаючы дакументальных пацвярджэнняў), каб паверылася, што гэта не легенда і не выдумка не вельмі дасведчанага апавядальніка. Рэальнасць часта здаецца менш праўдападобнаю, чым вымысел. Аднак тут і выдумляць нічога не трэба — сапраўды пражытая легенда. Гэта асабліва ясна разумееш цяпер, калі ён пайшоў, не размінуўшыся з тым, што яму было прызначана на шляхах Божага Провіду. Безумоўна, ён збіраўся дажыць да 100 гадоў — ён па-дзіцячы любіў рэкорды. У яго жыцці ўсё і заўсёды закруглялася-закальцоўвалася... Мяркуйце самі: нарадзіўся — 21 кастрычніка, памёр — 21 ліпеня, асуджаны на катаргу — 21 ліпеня, атрымаў біскупскую сакру — 21 мая.... і стагоддзе — ХХІ. Калі б гаворка ішла пра блэкджэк — адну з самых папулярных гульняў у казіно, дзе лічба 21 азначае выйгрыш, яго можна было б лічыць шчасліўцам і чэмпіёнам. Але ў яго жыцці, напэўна ж, меў значэнне той адлік, у якім чысло 21 уплывала на эарталогію (святазнаўства) Божай Маці — у копцкіх календарах, якія рэгламентавалі жыццё старажытнаегіпецкай Царквы, 21 дзень кожнага месяца быў прысвечаны Панне Марыі... У яго жыцці кожны дзень кожнага месяца кожнага года быў прысвечаны Панне Марыі. Без трох гадоў — 100 летаў і зімаў. І прозвішча яго — гэта свята, святы дзень. Трошкі не дацягнуў да ста — як быццам не завяршыў чагосьці... напэўна, упершыню ў жыцці. Але са смерцю не паспрачаешся. Хоць яму і гэта ўдавалася. І не раз. Як было заўважана Абелярам, чалавечыя пачуцці часта мацней абуджаюцца або змякчаюцца больш прыкладам, чым словамі. А яго жыццё — гэта, несумненна, прыклад. Жыццё, у якім не было не галоўнага. Усё галоўнае. Нават непрыкметная кветачка ў лузе, знятая ім на аматарскую камеру так, што адчуваеш і дрыжанне яго рукі, і ўсхваляваны позірк, і замілаванне з дзіцячым пачуццём бясцэннасці кожнай малой травінкі — стварэння Божага... Але чалавеку (нават калі ён апостал) для таго, каб паверыць, трэба абавязкова «пальцы свае ўкласці ў рану, руку ўкласці ў рэбры»... Аглядаючыся на яго завершаны зямны шлях, ці ж здолею я ацаніць маштаб яго асобы і справы яго жыцця? Ці ж мне гэта рабіць? Але каб не ўпасці ў перабольшванні і разам з тым нічога не зменшыць, трэба мець на ўвазе і гістарычны фон, на якім чалавек проста не паспяваў прыстасавацца да жыцця: з 1939-га па 1944 у Пінску чатыры разы змянялася ўлада. І надалей было не прасцей. І ўсё менш заставалася тых, хто верыў, што час абавязкова падыдзе «да таго канца, які загадзя Богам устаноўлены»...
Гавораць, што перш чым стаць святым, кожны бывае проста чалавекам, аднак здараюцца абставіны, у якіх і проста чалавекам заставацца вельмі складана. А калі б не выратавала гестапа ад КДБ, а потым КДБ — ад гестапа? А калі б яго прайграла ў карты «ахова», калі б выйшаў з камеры смяротнікаў да сценкі, калі б не вытрываў нялюдскіх здзекаў і крывавай дызентэрыі — можа, і не выйшаў бы на свет з халоднай цемры палярных лагераў. Магло ж і так здарыцца — і здаралася найчасцей за ўсё. А калі б з’ехаў вучыцца за мяжу і лёг бы там на гары, дзе «czerwone maki», — так ён казаў сам, маючы на ўвазе гару Монтэ-Касіно ў Італіі... Магло не быць ні гестапа, ні КДБ, ні камеры смяротнікаў, ні лагераў, калі б паехаў вучыцца... але лёг бы на Монтэ-Касіно, бо ён, безумоўна ж, быў бы разам з палякамі, а там іх палегла нямала. Разважаючы пра лагерныя жахі, не трэба забываць пра жахлівую ўласцівасць людзей прывыкаць да ўсяго. Пекла, напэўна ж, адрозніваецца ад лагера, але толькі тым, што ў ім не дадзена прывыкнуць да пакутаў... Ён 10 гадоў быў адарваны ад жыцця. Зрэшты, яго «ахоўнікі» былі адарваныя не менш, нават больш, але, «ахоўваючы» яго, яны гублялі Божы дар любові і спачування, загартоўваючыся ад аднаго сузірання чалавечых пакутаў. Ён жа пераканаўся сам і пераканаў сваіх «ахоўнікаў» у тым, што з вераю ў Бога можна сцярпець усе пакуты. Ён часам казаў (можа, па звычцы тых гадоў адлічваць дні катаргі): перажыў 21-е, значыць яшчэ год буду жывы... Запалярная ноч — гэта паўгода. Дзень — як паўгода. Ноч-дзень — як год. Дзесяць доўгіх начэй, дзесяць доўгіх дзён. Дзесяць гадоў няволі. Ён зведаў адваротны бок жыцця. Гэта быў сапраўды «страчаны час», шукаць які нікому не прыйдзе ў галаву. Досвед лагераў — адмоўны досвед (здаецца, гэта сказаў Варлам Шаламаў). Але многія, жывучы нібыта свабодна, кепска ўяўлялі сабе свет «без права перапіскі» і яшчэ горш уяўлялі той, у якім жылі, не ведаючы праўды, напрыклад, пра падзеі ў Польшчы 1956 года, пра Венгрыю таго ж года... Як ззялі яго вочы і якой энергіяй ён прамяніўся, калі паказваў мне спадцішка значок «Салідарнасці»! Ён быў шчаслівы, а я быў шчаслівы не яго шчасцем, а тым, што ён падзяліўся са мною зразумелаю мне таямніцаю і радасцю. Я паверыў, што ёсць чаму радавацца — гэта было ў 81-м годзе мінулага стагоддзя. ...Аднойчы ён прачнуўся ў апартаментах, прадастаўленых яму Папам Рымскім, і ўбачыў на столі высокае-высокае неба з аблокамі, і, напэўна, успомніў, як навісала над яго тварам, нібы века труны, негабляваная дошка другога «ярусу» лагерных нараў... Ва ўсялякім выпадку (як сам расказваў) падумаў: гэта ж колькі б тут змясцілася маіх хатак на вуліцы Шаўчэнкі разам з садам і агародам... Але гэта так, між іншым... У той хатцы ў Пінску на Шаўчэнкі 12, у яго малюсенькім пакойчыку ледзьве змяшчаліся, выцясняючы адно другое, ложак, шафа і пісьмовы стол каля вакна. На століку так і засталіся фотаздымак біскупа Лазінскага, мініяцюрны абразок Вастрабрамскай, падараваны рэстаўратарамі, і розныя паперы — яны нібыта чакаюць свайго гаспадара... Мы судзім нашай меркаю, а ён проста быў такім і не мог быць іншым. І ў Варкуце, і ў Сочы ён не здрадзіў бы сабе, свайму пакліканню — не сышоў бы з прадвызначанага шляху. Такім стварыў яго Пан Бог, паклікаўшы на служэнне каля труны біскупа Лазінскага, дзе Казімір Свёнтэк усяго толькі прасіў доўгіх гадоў для сваёй маці і здольнасці быць добрым хрысціянінам. Ён памятаў дотык рукі біскупа да сваёй шчакі — так Лазінскі пасвяціў яго ў рыцары... Рыцары веры. Можа таму, яму была ўласцівая «велікадушная вясёласць» (пра якую гаварыў С. Аверынцаў, разважаючы пра Чэстэртона), і ішла яна ад «адносінаў да жыцця як да рыцарскай прыгоды, вынік якой абсалютна невядомы». Непахісная вера ў Бога, у дапамогу Божай Маці і ў тое, што дабро заўсёды перамагае зло, рабіла гэтага рыцара непераможным у любых абставінах. «Mater Misericordiae» — было напісана на яго біскупскім гербе. Ды як жа паверыць, «пальцы не ўклаўшы»? Яго лёс здзіўляў нават тых, у пагонах, «видавших виды» і ўсялякія жахі, — яны мелі доступ да яго «асабістай справы». — Верыў, — па-дзіцячы проста тлумачыў ён маёру сваю жывучасць. Зрэшты, гэта ўжо вядома ўсім. Але хто ведае таямніцу яго сэрца? Ён і сам не мог да канца зразумець таго пералому, што адбыўся з ім каля труны біскупа Лазінскага ў 1933 годзе: у склеп увайшоў выпускнік гімназіі, які марыў пра філфак універсітэта, а са склепа выйшаў юнак, які выразна адчуў Божае пакліканне. Душу пераўтварыла і абудзіла тое, што замест мараў і прадчуванняў, якія жылі ўнутры, раптам пачулася пакліканне звонку. І ўвасобілася ў сапраўднасць...
Яму заўсёды былі ўласцівыя іронія і гумар, таму яго сябры гімназісты, ведаючы яго гарэзлівыя жарты, прынялі як жарт заяву пра паступленне ў семінарыю. Але ён не жартаваў, як не перастаў жартаваць і ў семінарыі. Уяўляю здзіўленне і нават страх чалавека, які, зайграўшы ранішнюю пабудку на званіцы, не пачуў звыклага звону, што заклікаў зімовы світанак у змрочныя манаскія калідоры семінарыі. А як мог загучаць звон, калі ноччу яго знялі з крука, вынеслі на мароз і запоўнілі вадою, якая, замерзнуўшы, наглуха прымарозіла жалезны язык? Затое, развешваючы на фасадзе дома ў Варкуце на кастрычніцкія «святы» партрэты ўладароў імперыі, можна было ад душы крычаць, не баючыся застудзіць горла: «Берыю вешай! І Калініна — таксама!» І потым мерзнуць у карцары разам з языком... Адзін філосаф сказаў, што пайшоў бы на край свету за сапраўдным рыцарам веры, калі б толькі ведаў, дзе яго знайсці. Я не шукаў ні рыцара, ні веры, але мой выпадак стаў для мяне шчаслівым. У 1980 годзе, калі мне пашчасціла ведаць яго, ён (у свае 66) быў маладым пастырам сваёй састарэлай паствы. Ён сапраўды быў поўны шчасця і маладой энергіі, як жаваранак, выпушчаны з клеткі ў неба... Ды і пражыў у той час, як мы цяпер ведаем, усяго толькі дзве трэція свайго зямнога веку. Ну ведалі мы, што ён адсядзеў дзесяць гадоў, — зразумела, што ў лагерах не піянерскіх здароўя, пэўна ж, не дадавалася... Ці мала хто сядзеў у краіне пераможнага сацыялізму... З кім можна было параўнаць яго? Ён быў першым каталіцкім святаром, якога я ведаў. І доўга — адзіным. Параўнаць яго не было з кім. Але планка аказалася вельмі высокай, недасягальнай, як пераканаўся пазней... Нецярпімы да лайдакоў і невукаў, актыўны, дзейны, рэзкі, энергічны, ён быў напоўнены схаванай дабрынёю, нейкай паэтычнай рассеянасцю, любоўю да дзяцей, жывёлаў і раслінаў. Ён быў чалавекам дзеяння, і думка ягоная заўсёды была яснаю і зразумелаю. І сам ён быў вельмі ясны і цэласны. А тады фон быў такі: у багне брэжнеўскага застою канчаткова разбураліся «зачыненыя» цэрквы і касцёлы. Хрушчоўскі «пілотны праект» выкаранення веры ў Бога ў БССР павінен быў завяршыцца цалкам натуральна: старыя рана ці позна памруць, знявечаныя храмы разбурацца самі па сабе — справа будзе рухацца акрэсленым партыяй курсам. Чыноўнікі ад культуры мірна драмалі, закалыханыя просценькім матывам: за мяне ўжо ўсё вырашылі, мяне ніхто не пытаецца, а таму я ні ў чым не вінаваты, не магу быць вінаватым. Разбураючы святыні ў імкненні разбураць веру, яны нішчылі культуру, якая стагоддзямі жыла ў сценах цэркваў і касцёлаў. Магчыма, у гэтым і была задача работнікаў культуры — знішчыць частку культуры. Але ў іх была і праблема. Праблема называлася ксёндз Казімір Свёнтэк. ...Ксёндз хвацка раскатваў на матацыкле (пакуль касцёльныя бабулі, занепакоеныя дзіцячаю зухаватасцю ваджэння, звязанаю з рызыкаю для здароўя любімага ксяндза, не адабралі матацыкл) і рэгулярна наведваўся ў аддзел культуры, дзе сумавалі чыноўнікі. Ксёндз прысаромліваў іх за бясчынствы ў горадзе і ваколіцах у адносінах да помнікаў гісторыі і культуры. Ён змагаўся з іх коснасцю, баязлівасцю, бяздушнасцю, бо «няма рыцарскага і вартаснага жыцця без ведання пра д’яблаў і дэманаў і без няспыннай барацьбы з імі», як напісана ў адной разумнай кніжцы. Ён дамагаўся дазволу зрабіць у сваім касцёле памятную дошку з імёнамі святароў, якія загінулі ў час вайны. Чыноўнікі ж павінны былі разабрацца, ці вартыя вечнай памяці ксяндзы-ахвяры фашызму, і лічылі, што для высвятлення гэтага і ім дадзеная вечнасць, тым больш што ў ахвярах маглі апынуцца і забітыя камуністамі. На «служыцеля культу», двойчы асуджанага ўладаю, якой яны служылі (да таго ж нерэабілітаванага), апаратчыкі выканкама ўглядаліся, як на прарока Ёну пасля яго прабывання ў чэраве кіта марскога, калі Бог паказаў Ёну «ацалелым усім існым». Ксёндз жа глядзеў на чыноўнікаў як на тых, хто «не можа адрозніць правую руку ад левай». Чым яны, не здолеўшыя да канца сваіх дзён атрэсціся ад страху крывавай сталіншчыны і хрушчоўскіх эксперыментаў, маглі напалохаць пужанага? «Да асновы гор я сышоў, зямля сваімі замкамі навек загарадзіла мяне; але Ты, Пане Божа мой, душу маю вывеў з пекла», — так мог бы адказаць ім ксёндз. Аднак яму не пасавала роля місіянера ў чыноўніцкіх норах. Ён збіраў з парафіянамі мох у пінскіх балотах, каб ставіць на мох чарапіцу. Ён крыў дах свайго старажытнага касцёла новаю чарапіцаю. Кожная чарапічка была акуратна прывязана спецыяльным дроцікам, і ксёндз, як узрадаванае дзіця, падрабязна расказваў пра гэта, а тым часам... вароны выцягвалі мох з-пад чарапіцы. Гэта была яго праблема. І ксёндз вырашыў яе, спілаваўшы ў двары касцёла агромністыя ліпы. Заадно назапасіў драўніну для рэстаўрацыі скульптураў у разьбяных алтарах. На будучыню. І, як бы саромеючыся сваёй дзіцячай захопленасці, нібыта абыякава махаў рукою, кажучы: «Ну, гэта так і між іншым...» Неяк заўсёды ўсё ў яго выходзіла складна і адно дапамагала другому...
...Я памятаю той час. Экспедыцыйны аўтобус Дзяржаўнага музея калясіў па прасёлках Беларусі ў пошуках ацалелых комплексаў мастацтва, і я на свае вочы бачыў сляды жахлівага варварства. Быццам прайшло нейкае бязглуздае, страшнае жніво, а музейшчыкі з дазволу ўладаў услед за ім збіралі вартыя жалю «каласкі» — іконы і алтарныя абразы, не знойдзеныя актывістамі-атэістамі на гарышчах і ў падвалах разбураных святыняў. Тады я неаднойчы думаў пра тое, як трэба мала часу, каб знішчыць тысячагадовую культуру і нават сцерці памяць пра яе ў людзях. Памятаю той настрой, з якім я ўпершыню ўвайшоў у касцёл, акунуўшыся ў незабыўныя клубы катэдральных прыцемкаў, у прахалоду, пранізаную гуллівымі слупамі святла, стаў пад напружана выгнутае скляпенне, што змушала падняць галаву і ўбачыць скульптурную выяву цуда на гары Альверна ў Апенінах, якое здарылася ў 1224 годзе... Потым пачалася праца, якая доўжылася шэсць летніх сезонаў. І настрой памірання святыні паступова знікаў, хоць на службу ў вялікі касцёл прыходзіла каля дзесяці бабулек (праўда, на святы касцёл быў поўны). Паступова мы «заражаліся» вераю і справаю ксяндза Казіміра. Якое шчасце было працаваць з ім, ператвараць у жыццё яго задуму, яго ідэю! Можна было быць пэўным, што ён без доўгіх дэбатаў зразумее і прынцыпы, і тэорыі, і супярэчнасці навуковай рэстаўрацыі і разам з табою парадуецца добра зробленай працы. Хацелася зрабіць гэтак, каб убачыць, як яго твар асветліцца дзіцячаю ўсмешкай, і, усклікнуўшы «выдатна!», ён рэзка развернецца на пятцы і памкнецца кудысьці па справах або проста, каб застацца на адзіноце... магчыма, узнесці малітву падзякі Панне Марыі. Мы працавалі, не зважаючы на чыноўніцкія перашкоды і забароны, абароненыя яго малітваю. Працавалі ўпэўнена, спакойна і радасна, быццам частка Божага благаслаўлення і поспеху, падараваных небам яму, перападала і нам, яго супрацоўнікам. Аднак непрафесіяналізму ён не дароўваў: крыўдзіўся і злаваўся, як падманутае дзіця... Мы ведалі — аднавіць страчаны давер будзе немагчыма. І стараліся ад душы. Галоўнае для яго станавілася галоўным і для нас. ...Кожную раніцу гулка ссоўваліся прыдзверныя краты, разносіўся гук імкліва-палётнага поступу — і благаслаўлёная цішыня, настоеная на водарах язміну і ладану, накрывала з галавою. Стоячы на рыштаваннях, рэстаўратар перапыняў сваю павольную працу і, заміраючы ў пашане, баяўся парушыць цішыню недарэчным рыпеннем дошкі пад нагою. Цішыню, у якой здзяйснялася малітва ў капліцы Маці Божай Вастрабрамскай. Хто мог тады здагадацца, што капліца, пабудаваная паводле абяцання ацалелага лагернага вязня, служыць яшчэ і пахавальняй, у сцяну якой умураваная труна з целам біскупа Лазінскага. Гэта была таямніца. Я не ведаў пра гэта, і гэтага быццам і не было. Я не ўмеў маліцца і не ведаў, пра што ён моліцца перад Міласэрнай Маці, але ўсёю істотаю далучаўся да яго малітвы, усёю сваёю сутнасцю раствараючыся ў той сакрамэнтальнай цішыні...
Дворык, агароджаны каменнаю сцяною з нішамі, належаў касцёлу. Але адзін з кляштарных фасадаў, злучаны з фасадам касцёла і звернуты ўнутр двара, быў у той час уласнасцю Міністэрства абароны. Яго вокны былі шчыльна закладзеныя цэглай. Прыгожы, як барочная цацка, фасад выглядаў аслепленым. — Калі-небудзь я расчыню гэтыя вокны, — сказаў ён.
Я паглядзеў на яго з недаверам: відаць, жартуе — ён можа так пажартаваць. Застойная ўлада тады здавалася непахіснаю, вечнаю, і штаб навучальнага цэнтра ВМФ СССР разам з клубам афіцэраў размяшчаўся ў кляштары францішканаў. У іншы час там жылі і навучаліся юнакі семінарыі, якую ў 1939 годзе скончыў 25-гадовы Казімір Свёнтэк. А сёння, дзякуючы волі і энергіі кардынала Казіміра Свёнтка, там зноў працуе духоўная семінарыя, у якой навучаюцца будучыя беларускія святары. І некалі аслеплены фасад помніка архітэктуры, гісторыі і культуры цяпер глядзіць у будучыню. ...Не пытайся пра веру, а прыглядайся да ўчынкаў — аднойчы вычытаўшы гэтую параду, я пачаў прыглядацца, шукаючы якія-небудзь дзівацтвы, асаблівасці нават у знешнім — у абліччы, паходцы, жэстах, манеры гаварыць, тэмбры голасу. Але хутка я зразумеў, што галоўнае не ў гэтым. Галоўнае — гэта беззапаветнае (як казалі бальшавікі) служэнне звышасабістым задачам. Для такога чалавека як кс. Казімір асабістым мог быць галаўны боль ці якая-небудзь фізічная хвароба, якую ён пераадольваў самастойна, таму што... А чаму? Мною кіраваў нават не пошук праўды, а хутчэй простая цікаўнасць. Я прыглядаўся да тых, чыё не зразумелае мне духоўнае жыццё дазваляла ім (я адчуваў гэта) інакш бачыць людзей, жывёлаў, расліны. Я намагаўся спасцігнуць сутнасць прыгажосці твораў чалавечых рук, зробленых з вераю стагоддзі назад, і з дня ў дзень назіраў за людзьмі, для якіх Асоба Хрыста служыла мадэллю паводзінаў, але... тады свет пачуццяў і думак Плінія Малодшага быў мне значна бліжэй, чым свет парафіянаў пінскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і іх пробашча... А потым была рэстаўрацыя архікатэдральнага касцёла ў Мінску. Ужо не ў спартзале, але яшчэ не ў касцёле католікі маліліся пад першым ярусам будаўнічых рыштаванняў. У адроджаным ксяндзом кардыналам Казімірам Свёнткам касцёле я прыняў хрост...
Але чаму жыццё, напоўненае Божым Провідам, завяршылася такім невыносным болем? Хіба мала было ў ім фізічных пакутаў? Можа, Бог хацеў сказаць, што перажытае ў чаканні смерці, на допытах і ў лагерах не было такім невыносным? Бясспрэчна, Бог любіў яго і даў доўгае жыццё, насычанае зместам, здзейсненымі задумамі і справамі, але... і Самага Найлепшага Пан Бог таксама любіў і ўсё ж не пранёс міма Яго чашу, хоць Ён і маліў, каб пранёс. Не абмінуў... А можа, чалавек, які вычарпаў сваю волю на пераадоленне пакутаў, памёр у нясцерпным болю для таго, каб нам было куды «ўкласці свае пальцы»? Так, ён вычарпаў менавіта волю, бо якія ж былі сілы ў фізічна зламанага векавога старца? А можа, гэта было тое «часовае лёгкае цярпенне», якое «дае нам бязмернае багацце вечнай славы» (пар. 2 Кар 4, 17)... «Прыманне любой рэчаіснасці, чуванне на краі ўсіх безданяў і прорваў — дабрадзейнасць усіх рыцараў і святых — з набліжэннем смерці толькі павялічваецца», — так лічыў Г. Гессэ. Аднак... ...Хіба ж не было б справядлівым свята старасці і адыходу — ціхае і светлае, з усмешкаю споўненага шчасця і споўненага жыцця? Чаму спатрэбілася (мяне не пакідае гэта пытанне), каб нямогламу старому чалавеку было гэтак нясцерпна балюча, каб ён, ужо ў які раз і цяпер у апошні, перажыў... не, ужо не перажыў, як раней... Памёр. Усё той жа садок — толькі дрэвы сталі большымі і не адчуваецца гаспадарскай рукі. А былы ксёндз стаў ксяндзом кардыналам, камандорам ордэну ганаровага легіёну, і яму ўжо не выйсці раніцаю ва ўзгадаваны, успешчаны ўласнымі рукамі садок, не працаваць на світанку, не размаўляць з кветкамі, з пералётнымі птушкамі, з жучкамі-павучкамі і жабкамі, з такімі непераможна-цэпкімі ў прагненні да жыцця сорнымі травамі, якія заўсёды здзіўлялі сваёй невытрутнасцю, як і культурныя расліны здзіўлялі няздольнасцю выжыць без дагляду чалавека. Не гаварыць са сваімі ціхмянымі карасямі... Не глядзець на камень у альпійскай горцы — надмагільны граніт, падрыхтаваны для сябе самога гадоў сорак назад.
Яму было прыгатавана месца ў крыпце галоўнага ў яго жыцці касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі... А Слуга Божы біскуп Лазінскі нават і не думаў, што будзе спачываць вечным сном побач з кардыналам — былым юнаком, якога ён некалі пасвяціў у рыцара веры, благаславіў на святое служэнне... Цяпер яны побач назаўсёды. ...Напэўна, яго абавязкі даўно ўжо не прыносілі радасці і высокай пашаны, а былі хутчэй цяжарам, неабходнаю працаю, для выканання якой яму трэба было неяк сабраць, мабілізаваць, стымуляваць самога сябе, пераканаць і настроіць. ...Ад касцёла да касцёла, з канца ў канец Беларусі, у спёку і ў холад — у дарозе. Аўтамабіль, вядома ж, не самае зручнае месца для адпачынку... Дзе ён браў сілы і цярплівасць для сваіх доўгіх паездак, для спаўнення службы ў самых розных месцах, для кантактаў з людзьмі, для выхавання маладых пастыраў, для бясконцага будаўніцтва і бясконцага здабывання грошай, якія ўсім патрэбныя і не для таго прыдуманыя, каб іх проста дарылі ці раздавалі. Як ён знаходзіў заўсёды жывыя словы, якія краналі душы, падтрымлівалі і напаўнялі годнасцю... Далёка засталіся і паляванне, і любімая рыбалка, і начлегі ў стозе сена, і лодка на Ясельдзе даўным-даўно спарахнела... Ніколі не ўспрымаў яго як старога. Калі бачыў яго, заўсёды ўспамінаў — «будзьце як дзеці», і сам сабе побач з ім здаваўся старэйшым... Вельмі хацелася б спасцігнуць гэта глыбей, чым мне ўдаецца, і пра гэта я таксама малюся... І няхай застанецца ўва мне назаўсёды радасная, як дзіцячая ўсмешка, светлая памяць пра яго...
Аркадзь Шпунт,
Гл. таксама:
|
|
|
|