|
|
|
№
3(57)/2011
Святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка
На кніжнай паліцы
БЭНЭДЫКТ XVI. СВЯТЛО СВЕТУ: ПАПА, КАСЦЁЛ І ЗНАКІ ЧАСУ
Размова з Петэрам Зэевальдам Ad Fontes
Пераклады
Постаці
Пераклады
Вачыма візітатара
|
Заканчваўся карнавал 185… года, і кожны наступны баль усё мацней электрызаваў напышлівыя і прыхаматлівыя пажаданні. Вось жа, нібы тая муха, што, усеўшыся каля самага вока, здольная засланіць найпрыгажэйшы будынак, падобна і мне стужкі ды кветкі, патрэбныя для заўтрашняга балю, акруцілі думкі так, што калі карэта затрымалася раптам пасярод вуліцы, а фурман сказаў, што далей ехаць не можна, толькі тады я ледзьве заўважыла нязвыклы людскі натоўп, які сабраўся пад брамай сціплага будынка са знакам жалобы. Там жа стаяў і ўбогі катафалк, а перад ім цэлы шэраг айцоў бэрнардынаў на чале з крыжам. Увесь той пахавальны картэж перакрываў мне дарогу да моднай крамы, куды я спяшалася па элеганцкія ўпрыгожванні на наступны дзень. Мне давялося выйсці з карэты і пад парасонам, бо ішоў дождж (дождж у лютым — гэта невыносная рэч!), ісці пешшу да крамы пана Род… Там знайшла я толькі малую дзяўчынку, якая не магла мне дагадзіць. — А дзе сам пан Р., — спытала я. — Выйшаў у горад, мабыць, на пахаванне. — Ну трэба ж, пахаванне другі раз ужо засціла мне дарогу! Хто ж памёр? — Гэта недалёка адсюль, на рагу, пан Тамашэўскі. — Што, вытворца шчотак? А! Шкада такога добрага майстра. І тады я прыпомніла, як сама купляла ў яго найлепшыя ва ўсёй Вільні шчоткі і шчотачкі. Але, выбачайце, хто яго цяпер заменіць?.. Раздумваючы над гэтым, я вярталася дадому, а пакупкі былі адкладзены на заўтра — на сам дзень балю, калі належала спакойна захоўваць сябе, каб не дастаць катару… У цэлым гэта нямілая справа! Назаўтра апоўдні я зноў была ў краме пана Род… Ён сустрэў мяне сам, але, нягледзячы на тое, што я была цалкам занятая балем, кінулася мне ў вочы ягоная збянтэжанасць, якой бы, можа, і не заўважыла, калі б ён не прынёс мне замест патрабаваных кветак скрынку з пер’ямі. Здзіўлена зірнуўшы, я ўбачыла, што ягоныя вочы былі чырвоныя і прыпухлыя… — Што ў пана здарылася? — спытала я. — Ці не захварэла жонка або хтосьці з дзяцей? — Не, пані, — адказаў ён, — але я страціў прыяцеля і дабрадзея! Вярнуўся з ягонага пахавання. Ізноў перад маімі вачыма паўстаў учарашні катафалк, але я ніяк не магла даўмецца, як бедны рамеснік, які вырабляў шчоткі, мог апынуцца дабрадзеем уладальніка такой шыкоўнай крамы? — Але, — паўтарыў пан Род… — Ён быў маім дабрадзеем, і не аднойчы! Міжволі стужкі выпалі ў мяне з рук і з думак; я ўселася ў крэсла, а пан Род…, забыўшыся на продаж, выціраў слёзы, што цяклі адкрыта, і распавядаў далей: — Калі б не Тамашэўскі, не меў бы я гэтай крамы. Калі я яго дзесяць гадоў таму назад папрасіў пазычыць мне грошы, каб распачаць справу, бо сабраў тады толькі частку патрэбных сродкаў, ён паглядзеў мне ў вочы і без ніякай распіскі даў мне 50 дукатаў. Праз год я аднёс яму пазычаную суму і працэнты. Працэнты ён прыняць адмовіўся, а беручы капіталік, сказаў мне: — Дзякуй табе, што ты мяне не расчараваў. Бо прызнаюся, пазычаючы табе грошы, я думаў, што яны прападуць беззваротна, так мала я давяраю гандлёвым спекуляцыям! Але я прачытаў у тваіх вачах, што ты пачцівы чалавек, што пазычаеш у добрай веры і не маеш намеру мяне ашукаць, хіба разам са мною і сябе самога; літасць узяла верх, і я пазычыў. От, дзякуй Богу, што табе пашанцавала. — Такім быў для мяне пачцівы Тамашэўскі. — Хлеб вернуты, — сказала я, — тая дапамога дасталася пану справядліва, бо і сам пан учыніў падобнае для адной модніцы. — Там была зусім іншая справа, — адказаў з усмешкай пан Род…, — бо ёю была мая цяперашняя жонка. А было так… У гэтую хвіліну ў краму ўвайшлі дамы. Маці ў лісіным, а дзве дачушкі ў вавёркавых футрах. Яны папрасілі кветкі для балю. Пан Род… з угодлівасцю купца пачаў іх абслугоўваць, падаючы тое, чаго яны жадалі. На стале вырасла піраміда са скрынак, паненкі знялі капелюшы і да светлых завітых валасоў пачалі прыкладваць гірлянды. Шкада, пунсовыя ім найбольш падабаліся… А я тым часам думала аб пачцівым с.п. Тамашэўскім, катафалк якога напярэдадні з такой халоднасцю абмінула. Прыпомнілася мне таксама гісторыя жанімства пана Род…. Як ён, упадабаўшы адну з паненак, якая працавала ў слыннай на той час модніцы пані В., дапамог ёй адкрыць краму моднага адзення, як яна праз год сумленна вярнула яму пазычаныя грошы, а ён, перакананы ў яе дабрачыннасці і працавітасці, прапанаваў ёй сваю руку, і як цяпер яны супольна працуюць для шматлікіх дзетак. Мамуля ў лісіным і дочкі ў вавёркавых футрах пасля доўгага торгу ўрэшце выбралі сабе тое, што ім здавалася да твару і, заплаціўшы з туга набітага кашалька, выйшлі. А пан Род… вярнуўся да мяне ці, хутчэй, да перарванага прадмету нашай гутаркі. Калі я яго папярэдзіла, што ведаю гісторыю яго жанімства, ён, уздыхнуўшы, распавядаў далей наступнае: — Мушу яшчэ пані штосьці расказаць аб маім пачцівым Тамашэўскім. Як бацька, я прагнуў для сваіх дзяцей найлепшай апекі і пратэкцыі, таму звычайна прасіў быць хроснымі бацькамі для сваіх дачок людзей заможных, нават і графаў. А калі Бог даў нам сына, я зноў думаў, да каго з паноў мне звярнуцца? А між тым іншая, лепшая, думка заяснела ў галаве… І я пайшоў да крамкі майго дабрадзея Тамашэўскага, і сказаў яму: «Быў жа ты пачаткам нашай фартуны, хай жа апека дабрачыннага чалавека пашчасціць і нашаму сыну», — і прасіў яго ў кумы. Хрост адбыўся сціплы, па-прыяцельску. Што, пані, скажаш на гэта? А пачцівы Тамашэўскі запісаў, паміраючы, 500 рублёў для свайго хроснага сына. Няхай яму Бог дасць неба за тое. Ой, сплакаўся я сёння на пахаванні, а дзеці мае штодня будуць маліцца за яго душу. Зноў дзверы з вуліцы адчыніліся і ўбегла дзяўчынка, просячы замоўлены сваёй паняй кручаны шоўк і гарус. Пан Род… заняўся пакупкай, а я зноў раздумвала. Прыгадалася мне здарэнне пра таго ж пачцівага Тамашэўскага, калі ён назбіраныя за ўсё жыццё рублі — 1000 — прынёс да вядомай сваімі добрымі ўчынкамі пані С…: «Няхай яны будуць у пані, — казаў ён ёй, — аддаю ўвесь мой заробак у яе рукі, бо ведаю, што такім чынам ён дастанецца абяздоленым! Працэнтаў мне не трэба, абы капіталік знайшоўся на мае старыя гады». Чаму тое здарэнне, аб якім я ведала даўно, толькі цяпер зрабіла на мяне ўражанне? Відаць, найпрыгажэйшы ўчынак, адарваны ад цэлага, страчвае сваю вартасць; патрэбна духоўнае распалажэнне для прыняцця кожнай праўды жыцця. Мой Божа! Колькі ж гэта гадоў спатрэбілася для таго, каб назбіраць тысячу рублёў з такой няўдзячнай працы, як выраб шчотак! І міжволі паўсталі ў маіх думках усе непрычасаныя галовы, усе непрыбраныя дамы, усё нязмеценае са столяў павуцінне, усе шаноўна занядбаныя зубы. Колькі ж гэта людзей жыве й памірае, не ведаючы шчотак? А хто тыя шчоткі здабудзе, паслужаць яны яму гады са два, як найменей. Як жа той дабрачынны Тамашэўскі мусіў доўгацярпліва працаваць, калі сабраў цэлую тысячу рублёў?! Ён, які не гнаўся за спекулятыўным прыбыткам, ён, які бескарысліва дапамагаў іншым?! Ах, ёсць жа людзі пачцівыя, але бедныя, якім Бог дапамагае, множачы іх маёмасць, як той хлеб у пушчы… Існуюць жа людзі з чыстым сэрцам і без хцівасці! А калі так, то цнота не загасне! Але чаму ж тая цнота заўжды хаваецца? Чаму ніхто пра яе не ведае? Ах! Можа, і ведае, але аб ёй не гаворыць, бо ў яе не верыць! Я радавалася гэтаму свайму ранку; радавалася, што цяпер ведаю пра добрага чалавека (хаця, на жаль, ужо памерлага) і спаткала удзячнае сэрца… Не так часта такое здараецца! У той самы дзень, калі настаў час ехаць на баль, я ўселася, каб прыбрацца ў кветкі, але іх не было! Я забыла іх купіць, а пан Род… мне пра іх не нагадаў… Не бяды! Я мела раней купленыя кветкі, якія мне прыдаліся. Але ў тую хвіліну, калі для ўкладкі валасоў я ўзяла ў рукі шчотачку, ізноў паўсталі перад маімі вачыма катафалк пачцівага Тамашэўскага і чырвоныя вочы пана Род… Іх вобраз спадарожнічаў мне падчас балю, яго я бачыла разам з бляскам свяцільнікаў, разам з шыкоўнымі туалетамі; вядома ж, нагадалі мне яго яшчэ раз і пунсовыя гірлянды ў светлых валасах паненак, якіх я сустрэла на ранку. 1856 года.
Пераклад з польскай мовы
Гл. таксама:
|
|
|
|