Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(57)/2011
Святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка


ГЛЫБОКАЯ ЧАЛАВЕЧНАСЦЬ


СЛОВА СТАЛА ЖЫЦЦЁМ


СВЁНТЭК


НА БОЖУЮ ХВАЛУ


ЛІСТ У ВЕЧНАСЦЬ


ЁН БЫЎ НЕЗВЫЧАЙНЫ


ЯГО ЖЫВОЕ АПОСТАЛЬСТВА

На кніжнай паліцы

Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады
Постаці
Пераклады


ЯК БЫ Я ХАЦЕЛА ЖЫЦЬ

Вачыма візітатара

Ірына БАГДАНОВІЧ

«МАЛЫЯ ДЫ ПРАЎДЗІВЫЯ АПАВЯДАННІ»
ГРАФІНІ ГАБРЫЭЛІ

Уладзіслаў Сыракомля назваў Габрыэлю з Гюнтэраў Пузыню (1815–1869) — «святаркай нашай зямлі». І гэта былі не выпадковыя «красныя словы». Яе першы зборнік вершаў пад назвай «W imię Boże» («У імя Божае») убачыў свет у Вільні ў 1843 годзе. Гэта быў своеасаблівы свецкі вершаваны малітоўнік — «кантычка» для хатняга набажэнства, як і вызначалі яго сутнасць сучасніцы, сяброўкі-чытачкі паэткі. Літаратурнае жыццё сярэдзіны ХІХ ст. у нашым краі немагчыма было ўявіць без «аўтаркі ў імя Божае», як яна сама любіла падпісваць свае наступныя кнігі. З-пад яе пяра выходзілі новыя вершы, апавяданні, п’есы, урэшце — найважнейшыя для культуры нашага краю ўспаміны «W Wilnie i dworach litewskich» («У Вільні і літоўскіх дварах»). Пераклад гэтага вялізнага, але, на жаль, на дзве трэці страчанага твора, першая частка якога была апрацавана і выдадзена польскімі даследчыкамі Адамам Чарткоўскім і Генрыкам Масціцкім у 1928 г., мною ў бліжэйшы час завяршаецца і рыхтуецца да друку.

У 1850–1860-я гады Габрыэля з Гюнтэраў Пузыня («аўтарка ў імя Божае») была прызнанай ва ўсім беларуска-літоўскім краі пісьменніцай, любімай і шанаванай за глыбокі мясцовы беларуска-літвінскі патрыятызм, за чуласць і спагаду да бліжняга, прычым не толькі арыстакрата з свайго асяроддзя, але перадусім да людзей убогіх, пагарджаных светам, да тых жа сялянаў, якім яна заўжды спагадала, уважліва прыглядаючыся да іх побыту, дапамагаючы ў розных патрэбах. Яна ж, патомная — і па бацьку, і па маці (з Тызенгаўзаў) — графіня-арыстакратка, заўважала ў сялянах іх чалавечнасць, годнасць ды высакародства душаў і ўчынкаў. Пісала аб гэтым у апавяданнях1. Графіня Габрыэля ўжывала ў сваіх творах мову «простага люду» — беларускую мову, якую таксама шанавала, хоць пісала па-польску, што было звычайна для таго часу. Гэта была ў поўным сэнсе слова графіня-філантропка, графіня-асветніца, графіня – патрыётка беларускай зямлі, якая яе ўзрасціла. Яна, як жыццядайная пладаносная галінка, нібы ўвабрала ў сябе ўсю моц і водар спрадвечных каранёў беларушчыны: этнаграфічных, ландшафтна-прасторавых, гістарычных ды духоўных, што асвятлялі ўсю яе дзейнасць прамянамі жывой хрысціянскай каталіцкай веры.

Дабраўляны — сучасны выгляд месца,
дзе стаяў палац графа Адама Гюнтэра
(бацькі Габрыэлі Пузыні).

Многія пісьменнікі нашай зямлі таго часу — і яна сама, і кумір усіх тагачасных літвінска-беларускіх «краёўцаў» Адам Міцкевіч, па збегу акалічнасцяў не гаварылі па-беларуску, але думалі і жылі беларускім духам. Да таго ж Габрыэля з Гюнтэраў Пузыня была практычная і глыбокая верніца-каталічка, якая свой духоўны досвед таксама ахвяравала на дабро і адраджэнне роднага краю, гэта значыць менавіта Беларусі, дзе былі ўладанні яе бацькі. Найперш гэта быў палац у Дабраўлянах у колішнім Ашмянскім павеце — месца сустрэч усёй мясцовай інтэлігенцыі краю (цяпер вёска Дабраўляны ў Смаргонскім раёне, але ад палаца засталося толькі месца, дзе ён знаходзіўся, ды капітальны мураваны масток праз роў). А пазней гэта былі яе ўласныя сядзібы: Гарадзілава — маёнтак яе мужа Тадэвуша Пузыні, з якім узяла шлюб у 1851 г. і найчасцей жыла ў яго. Гэта і двор Патулін, які пабудавала сама як «устронь» — «зацішлівы куток» ад вялікасвецкай мітусні. Двор быў пабудаваны ў Нястанішках, атрыманых у 1850 г. разам з Заблоццю ў спадчыну па бацькоўскім, графа Адама Гюнтэра, распараджэнні, які падзяліў паміж трыма дочкамі свае ўладанні і адпісаў Габрыэлі якраз гэтыя два маёнткі. Менавіта гэтыя «літоўскія» (а насамрэч беларускія) двары яна апіша ў сваіх успамінах «W Wilnie i dworach litewskich» («У Вільні і літоўскіх дварах»).

Мне хочацца пазнаёміць чытачоў «Нашай веры» з трыма па-мастацку зграбнымі і тонкімі апавяданнямі графіні Габрыэлі, у якіх можна адчуць водар тагачаснага жыцця. А праз яго струменіць водар вечных хрысціянскіх каштоўнасцяў і тонкае ўменне графіні-пісьменніцы перадаць у рэальных аб’ектыўных дэталях і суб’ектыўных пералівах пачуццяў тое няўлоўнае хараство жыцця, якое не састарэе ні праз якія акалічнасці часу. Чым больш і глыбей я перачытваю і перакладаю яе творы на сучасную беларускую мову, тым больш актуальнымі і змястоўнымі здаюцца мне словы Уладзіслава Сыракомлі пра яе:

У благаслаўлёнай зямлі Палямона,
У шматлікім шэрагу ваяроў пяра
Вітай нам, вітай, святарка2 натхнёная,
Бог Твае словы апраменьваць будзе,
А Літва сэрцам зразумець іх мусіць,
І празрэе сляпы, і пачуе глухі.

Пераклад трох апавяданняў графіні Габрыэлі («Незабыўная драбніца», «Як бы я хацела жыць» і «Хросны бацька») зроблены паводле выдання: Puzynina G. Małe a prawdziwe opowiadania. – Wilno, 1857.

Ірына Багдановіч

Гл. таксама:
Габрыэля ПУЗЫНЯ :: ЯК БЫ Я ХАЦЕЛА ЖЫЦЬ ::
Габрыэля ПУЗЫНЯ :: ХРОСНЫ БАЦЬКА ::
Габрыэля ПУЗЫНЯ :: НЕЗАБЫЎНАЯ ДРАБНІЦА ::


  1. Гл. публікацыю ў часоп. «Маладосць», № 3, 2011.
  2. У арыгінале kapłanką. Падрадковы пераклад страфы мой. – І. Б.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY