|
|
|
№
3(57)/2011
Святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка
На кніжнай паліцы
БЭНЭДЫКТ XVI. СВЯТЛО СВЕТУ: ПАПА, КАСЦЁЛ І ЗНАКІ ЧАСУ
Размова з Петэрам Зэевальдам Ad Fontes
Пераклады
Постаці
Пераклады
Вачыма візітатара
|
Першую сустрэчу з кардыналам Казімірам Свёнткам я памятаю вельмі добра — гэта было вясною 1999 года ў Фрайзінгу. Напэўна, яму было цікава, хто прыйдзе ў «Renovabis» на пасаду, якая і цяпер мае вялікае значэнне для Касцёла на Беларусі, а ў той час адыгрывала асаблівую ролю для перспектываў яго развіцця. Падчас сустрэчы з кардыналам я адразу перапрасіў за тое, што не ведаю добра рускай мовы і павінен буду размаўляць па-польску, на што ксёндз кардынал сказаў: «Ах, дзякуй Богу!..» І моцна засмяяўся. Я здзівіўся: «Як гэта, „дзякуй Богу“?» Але потым зразумеў: тое, што я гаварыў на польскай мове, азначала большую ступень даверу і больш блізкую сувязь. Магу адразу сказаць, што з ксяндзом кардыналам Свёнткам мы мелі вялікую ўзаемную сімпатыю. Да сённяшняга дня ён з’яўляецца для мяне непараўнальным аўтарытэтам, калі гаварыць пра яго асобу і сведчанне яго жыцця. Але былі таксама канкрэтныя прафесійныя справы, канкрэтныя рашэнні, у адносінах да якіх мы мелі розныя погляды. <...> Калі гаварыць пра асобу кардынала, то ў першую чаргу звяртала на сябе ўвагу яго прастата. Ён нічога не хацеў і не браў для сябе. Розныя цырымоніі, знешнія адзнакі, арнаты, нават кардынальскі персцень яму самому не былі патрэбныя — яны павінны былі служыць толькі на хвалу Божую. Ён хацеў жыць у простым памяшканні і нават рэзідэнцыю біскупаў у Пінску будаваў для свайго наступніка, а не для сябе і сваіх выгодаў. Выгоды не рабілі на яго ніякага ўражання. Ён не быў чалавекам з амбіцыямі, ён сапраўды хацеў служыць толькі Богу — ад пачатку і да канца. Многія могуць засведчыць, што кардынал моцна клапаціўся пра дабро Касцёла, менавіта пра яго адбудову і аднаўленне. Гэты досвед ён атрымаў падчас вяртання незалежнасці Польшчы. Наш нямецкі досвед быў для яго заўсёды амбівалентны, бо, з аднаго боку, немцы маюць шмат цікавага вопыту ў адукацыі і дзейнасці свецкіх, якія могуць на высокім узроўні супрацоўнічаць са святарамі, а з другога боку, кардынал не вельмі хацеў, каб людзі звонку ўмешваліся ў справы ўнутраныя. Для яго важна было, каб не пусцелі касцёлы. Памятаю, як у Галандыі кардынал увайшоў у нейкі касцёл, дзе была толькі прыбіральшчыца. Ксёндз кардынал не мог знайсці ў гэтым касцёле канфесіянал і спытаў у яе. Жанчына яго не зразумела, тады ён растлумачыў ёй, як выглядае канфесіянал, для чаго ён прызначаны, але суразмоўніца ўсё роўна яго не зразумела. І толькі праз некаторы час жанчына здагадалася, пра што ідзе гаворка, і сказала: «Ах, здаецца, я крыху разумею. Так, у Сярэднявеччы ён павінен быў быць дзесьці тут, але цяпер ён нам ужо не патрэбны». Відавочна, для кардынала гэта быў вялікі шок. Але ён разумеў такую сітуацыю, бо калі ў Польшчы ў кожнай парафіі ёсць пробашч і пяць вікарыяў, то канфесіянал падчас Імшы выкарыстоўваецца, а калі ў Германіі на пяць парафій толькі адзін пробашч, то канфесіянал не патрэбны, бо вернік заўсёды можа дамовіцца пра грунтоўную асабістую размову са святаром, і тады ў яго за спінаю не стаіць у чарзе пятнаццаць чалавек, якія хочуць паспавядацца перад святой Камуніяй. Ксёндз кардынал быў адкрыты на розніцу ў досведзе і культуры, відавочна, ён меў свае ўяўленні і погляды на гэта, але не глядзеў з пагардаю на людзей з іншым досведам і іншымі традыцыямі. Калі я пазнаёміўся з кардыналам, яму было ўжо больш за 80 гадоў. Нягледзячы на гэта, ён увесь час вучыўся, шмат чытаў, глыбей вывучаў нямецкую мову і авалодаў ёю ўжо настолькі, што пры неабходнасці з ім можна было паразумецца па-нямецку. Нельга сказаць, што ён ахвотна прымаў парады і заўвагі, але гэта была праблема ў большай ступені пратакольная. Не ведаю, ці зразумеў ён да канца, што для мяне азначала тое, як я заўсёды вітаўся з ім. Адчувалася, што ён не вельмі любіў, калі яму цалавалі персцень, — для яго гэта была цырыманіяльная празмернасць. Не любіў таксама, калі людзі спрабавалі цалаваць яму руку. Я ж яго па-сяброўску абдымаў, і гэта было для мяне найвышэйшым праяўленнем павагі, а не жадання стаць на адным узроўні з ім. Таму для мяне быў балючы той перыяд, які працягваўся больш за два гады, калі ксёндз кардынал не хацеў мяне бачыць, бо злаваўся на мяне: справа была ў розных поглядах на праект, звязаны з выданнем Імшала, але цяпер гэта ўжо дэталі... Увогуле, калі ён аб чымсьці прасіў, то быў шчырым, канкрэтным, адкрытым. Я таксама заўсёды казаў яму, калі не разумеў або не мог прыняць некаторыя рэчы. Напрыклад, «Renovabis» прапаноўваў наладзіць для ўсіх святароў з чарнобыльскага рэгіёна медыцынскае абследаванне і побыт у санаторыях, найлепш у Польшчы, бо большасць святароў паходзіла менавіта адтуль. Такім чынам мы імкнуліся не проста дапамагчы, але і выявіць сваё прызнанне цяжкай святарскай працы ў тых асаблівых умовах, дзе святары, як і мясцовыя жыхары, мусілі цярпець і даваць сведчанне свайго жыцця. Ксёндз кардынал адказаў мне, што вельмі хацеў бы, каб гэтая задума ажыццявілася, але нікога не можа знайсці на месца гэтых святароў, калі яны з’едуць. Я не разумеў, як святары, што прысягалі паслушэнства кардыналу, не маглі па яго просьбе прыехаць у тое ці іншае месца, каб даць магчымасць іншаму адправіцца на лячэнне. Для мяне гэта было балюча, для кардынала — таксама. Яму балела і тое, што нават старонні чалавек мог заўважыць гэтыя недахопы і праблемы. Ксёндз кардынал неаднойчы бываў у «Renovabis» і ў такой вось цудоўнай форме прадстаўляў праекты: маўляў, хутка я памру, напэўна, гэта ўжо апошняе хадайніцтва, а ў апошняй просьбе адмаўляць не выпадае... І так штогод звяртаўся да нас з «апошнімі» просьбамі. Але ён рабіў гэта з імкненнем яшчэ штосьці здзейсніць у сваім жыцці, штосьці, можа, завяршыць, як найлепш выканаць сваю місію.
Я цешуся, што меў магчымасць наведаць кардынала ў Мінску ў шпіталі год таму. Гэта быў мой апошні кантакт з ім, і мне здавалася, што ён яшчэ поўны энергіі і не паддасца хваробе... Кардынал быў таксама адкрыты на экуменізм. Ён не ўспрымаў гэта як сваю асаблівую місію, але і не «замкнуў» перад экуменічным рухам ніводных дзвярэй, заўсёды даючы «Renovabis» зялёнае святло, каб рэалізоўваць праекты і з праваслаўнага боку. Думаю, жыццё паказала яму, што Праваслаўная Царква таксама вельмі шмат цярпела ў часы пераследаванняў, у складаных умовах яна знаходзіцца і сёння. Кардынал згадваў, што беларускія людзі яшчэ з’яўляюцца «homo soveticus» — у тым ліку і святары, і нават ён сам. Я думаю, што гэта было таксама праяўленнем пакоры: чалавеку нялёгка змяняцца і адаптавацца ў новых рэаліях. Кардынал вельмі моцна давяраў «Renovabis», у адрозненне ад многіх іншых разумеў, што ў «Renovabis» не проста можна ўзяць пэўныя сродкі і распараджацца імі, але трэба супольна з яго прадстаўнікамі абмеркаваць і падрыхтаваць праект. Ёсць, праўда, і шмат бюракратыі, звязанай з гэтым, але ксёндз кардынал верыў, што гэта апраўдана, бо спрыяе таму, каб сродкі былі выкарыстаныя як найлепш. Кардынал быў тым чалавекам, які меў бязмежны давер да Пана Бога і моцна верыў у справядлівасць Божага Провіду. Ён нават не стараўся знаходзіць якія-небудзь кампрамісы і ладзіць «гандаль» з уладамі. Ён хацеў, каб Касцёл меў пэўную аўтаномію, бо Касцёл не з’яўляецца ўнутранаю справаю Беларусі, а мае паўсюдны характар. <...> Апошнія пяць-шэсць гадоў мне здаралася назіраць, што ксёндз кардынал часам занадта давяраў людзям. Ён быў настолькі дабрадушны, настолькі праўдзівы, што нават не мог сабе ўявіць, што хтосьці гаворыць яму хлусню. Здаралася так, што ён станавіўся ахвяраю інтрыгаў, бо не меў механізму абароны супраць людской маны. <...> У апошнія гады, калі ксёндз кардынал быў пастырам толькі Пінскай дыяцэзіі, я заўважыў, што ён нібы ажыў: аб’ехаў усе парафіі, нават па-за візітацыямі, паразмаўляў са святарамі. Сфера яго служэння зменшылася, таму кардынал мог больш поўна ахапіць яе. Два-тры разы мы сустракаліся з ім у Пінску і размаўлялі пра канкрэтныя праекты. Кардынал Свёнтэк у гэтым сэнсе даваў вялікае сведчанне, ён меў вялікі аўтарытэт у беларускім епіскапаце і сачыў за тым, каб ахвяраваныя сродкі былі выкарыстаныя найбольш эфектыўна, згодна з інтэнцыямі ахвярадаўцаў. Былі некаторыя рэчы, за якія я крыўдаваў на ксяндза кардынала і якія бачыў па-іншаму. Так, сясцёр законных ён успрымаў як тых, хто павінен служыць, але не як тых, хто гэтак жа, як і людзі свецкія, могуць быць раўнапраўнымі членамі Цела Хрыста. Такое разуменне ў сваю чаргу звязана з тэалогіяй: Касцёл — гэта не толькі ахвяра Хрыста на крыжы, гэта таксама Цела Хрыста, і ўсе мы з’яўляемся яго членамі, а Хрыстус — Галавою. Гэта, можа, крыху навейшы падыход. Зрэшты, мы абвяшчаем такое эклезіяльнае разуменне ў Каталіцкім Касцёле для таго, каб мець магчымасць лепш яго рэалізаваць. Прашу не ўспрымаць гэта як дакор у адносінах да ксяндза кардынала, але проста былі пытанні, у якіх нашыя погляды разыходзіліся. Ён папракаў мяне за тое, што я ўзяўся за ўтварэнне прафесійнага саюзу сясцёр і сказаў яму, што хацеў бы, каб яны мелі больш самастойную арганізацыю, маглі атрымліваць у сваё распараджэнне грошы ад «Renovabis» на заснаванне школаў, на выезды за мяжу, на розныя ўнутраныя праграмы. Праўда, ксёндз кардынал і не забараняў гэтага, бо мы праводзілі такія душпастырскія праграмы праз душпастырскія бюро, ён ведаў пра гэта, атрымліваў справаздачы. Проста адрозніваліся нашыя падыходы і нашае разуменне гэтае справы. Можа, з-за таго, што я маю асаблівую сімпатыю да сясцёр. Думаю, калі б не жанчыны, то мы ўвогуле не даведаліся б, што Хрыстус уваскрос. І калі б не сёстры законныя — ва ўкрытых і адкрытых законах — то, думаю, Касцёл не перажыў бы пераследу мінулага стагоддзя. Таму мы шмат чым абавязаныя менавіта ахвярнасці сясцёр. Гэта яшчэ адзін прыклад таго, у чым нашыя з кардыналам погляды разыходзіліся, калі гаварыць аб прыярытэтах. Кампраміс не быў яго моцным бокам, і менавіта таму, што ксёндз кардынал быў вельмі проста і канкрэтна мыслячым чалавекам. Ён меў канкрэтныя погляды, канкрэтныя прынцыпы і трымаўся іх, верачы, што Пан Бог выправіць тое, што мы сапсуем з-за нашай людской недасканаласці. <...> Дарэчы, фотаздымак ксяндза кардынала заўсёды стаяў на маім пісьмовым стале ў «Renovabis». Гэта быў адзіны біскуп, за жыццём якога я ўважліва сачыў. Я часта разважаў над тым, што ён перажыў, якім чынам ён змог сфармаваць структуры Касцёла на Беларусі. Бачу, што сёння маладыя людзі ўсё менш здольныя ацаніць гэтыя ўрокі гісторыі, гэты досвед. Цяпер, калі веданне гісторыі абмяжоўваецца «забіваннем» тэрміну ў «Гугл», можна знайсці пэўныя гістарычныя даты, пэўныя кароткія рэкамендацыі, але складана мець цэласнае разуменне гісторыі. А чалавек, які пражыў амаль сто гадоў і сапраўды яшчэ памятаў іншыя часы, калі само жыццё мела іншую вартасць, калі перад чалавекам ставіліся іншыя вымаганні, чым сёння, — гэта скарб. Яго перажыванні, жыццёвы досвед выявілі мудрасць не імкнуцца да кароткачасовых эфектаў. Мне застаецца падзякаваць Пану Богу за тое, што я меў магчымасць у сваёй прафесійнай дзейнасці супрацоўнічаць з кардыналам Казімірам Свёнткам. Ён сапраўды быў для мяне вялікім аўтарытэтам — кажучы гэта, я маю на ўвазе перш за ўсё не справы «Renovabis», а маё асабістае стаўленне да яго. Дзякую Богу за тое, што я меў магчымасць сустракацца з ім і пераняць ад яго крыху жыццёвай мудрасці.
Марцін Бюшэрмёле,
Гл. таксама:
|
|
|
|