|
|
|
№
3(57)/2011
Святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка
На кніжнай паліцы
БЭНЭДЫКТ XVI. СВЯТЛО СВЕТУ: ПАПА, КАСЦЁЛ І ЗНАКІ ЧАСУ
Размова з Петэрам Зэевальдам Ad Fontes
Пераклады
Постаці
Пераклады
Вачыма візітатара
|
УСТУПНАЕ СЛОВА Кніжка, якую я аддаю ў рукі чытачоў, мае — як зрэшты кожная — сваю гісторыю. Яна стваралася ў тры этапы. Першы — гэта доўгі перыяд каля пяцідзесяці гадоў. За гэты паўвекавы адцінак часу майго жыцця мне шмат разоў і па-рознаму было дадзена сутыкацца з думкаю св. Тамаша з Аквіна. Гэта было больш ці менш сістэматычнае чытанне яго твораў. Было таксама і вывучэнне — галоўным чынам сучаснай літаратуры, якая датычыла ягонай творчасці. Урэшце былі гэта і выклады яго поглядаў — дакладней, яго філасофіі. Гэтыя выклады я рабіў у рамках універсітэцкага азнаямляльнага курсу лекцый ці таксама асобных лекцый на пэўную тэму з гісторыі філасофіі альбо яшчэ і ў скарочанай форме, як цыклы, што павінны былі азнаёміць розныя асяродкі з думкаю Тамаша. Так на працягу многіх гадоў выбудоўваўся асноўны каркас праблематыкі, прадстаўлены ў дваццаці пяці раздзелах гэтай кніжкі. Сабраны такім чынам матэрыял не дачакаўся б, аднак, літаратурна-стылёвай апрацоўкі, калі б не другі этап гісторыі гэтага тома. Другі адцінак гэтай гісторыі распачаўся ў 1977 годзе, калі сястра Альма Скшыдлеўская, Генеральная настаяцельніца Супольнасці Сясцёр Францішканак Слугаў Крыжа, звярнулася да мяне з прапановаю правесці для сясцёр цыкл выкладаў пра філасофска-тэалагічныя погляды св. Тамаша. Знаёмства з дактрынаю св. Тамаша з’яўляецца адным з істотных элементаў у фармаванні Супольнасці, пра якое клапаціліся кс. Уладзіслаў Карніловіч3 і заснавальніца маці Альжбета Чацкая4, што знайшло свой выраз у Канстытуцыях Супольнасці. З увагі на ранг прапановы і на блізкія стасункі, а таксама шматгадовае сяброўства з асяродкам у Лясках, я ахвотна прыняў запрашэнне. Карыстаючы з сабраных на першым этапе матэрыялаў, я ўзяўся за падрыхтоўку выкладаў, якія распачаў вясною 1977 года. Цыкл я скончыў перад самым Божым Нараджэннем таго ж года. Цяжкасць была ў тым, што аўдыторыя на гэтых спатканнях была вельмі разнастайная. Сярод сясцёр былі і тыя, што атрымалі сур’ёзную адукацыю, мелі шматгадовую педагагічную практыку, душпастырскі і іншы досвед, і зусім маладыя кандыдаткі, навіцыйкі ці працаўніцы, занятыя чыста практычнымі справамі, якія не мелі нічога агульнага з рэгулярным філасофскім ці гуманітарным мысленнем. Удзельнікамі спатканняў былі таксама свецкія асобы. Кожны выклад я рабіў у двух месцах, чытаючы лекцыі для слухачоў у Лясках і паўтараючы выклад для суполкі, якая збіралася ў кляштары на вул. Піўнэй у Варшаве. Цяжкасці, якія вынікалі з вялікай стракатасці аўдыторыі і датычыліся філасофска-тэалагічнай падрыхтоўкі, пераадольваліся дваякім чынам. Найперш праз высілкі выкладчыка, скіраваныя да найбольш поўнага высвятлення — і зразумелым спосабам — цяжкіх паняццяў і канцэпцый, далёкіх ад звычайнага мыслення. Потым — праз падсумаванне зместу выкладаў на спатканнях, якія мелі характар паўтарэння пройдзенага. Гэтыя спатканні праводзілі рэгулярна на вул. Піўнэй сястра Яна Лёсаў, магістр філасофіі і ліцэнцыят тэалогіі, а ў Лясках — сястра Марыя Яніна Баркоўская, сельскагаспадарчы інжынер і магістр філасофіі. Гэтыя сёстры зрабілі вялікі ўнёсак у працэс навучання, бо на спатканнях удзельніцы маглі задаваць пытанні, на якія не было часу на саміх выкладах, — і выясніць для сябе розныя цяжкасці. Трэці этап палягаў у працы над рэдакцыяй тэксту выкладаў як кніжкі. У гэтай працы ахвярную дапамогу мне аказалі сястра Рут Восек, паланістка і магістр тэалогіі, а таксама Тадэвуш Урбаняк, магістр філасофіі; я вельмі ўдзячны ім за гэтую дапамогу. Але, нягледзячы на гэтую каштоўную і неабходную дапамогу, тэкст яшчэ не быў гатовы да друку, бо грунтаваўся на вусным тэксце, запісаным з магнітафоннай стужкі. Таму я пастанавіў узяць на сябе цяжар апрацавання ўсяго матэрыялу нанава, але так, каб парадак раздзелаў і іх змест дакладна адпавядалі тэмам выкладаў і іх унутранай структуры. Погляды св. Тамаша прадстаўлены тут па неабходнасці сцісла, але з тым намерам, каб былі падкрэсленыя найважнейшыя і ключавыя моманты вучэння. Гэтае вучэнне не магло быць выкладзенае з аднолькавай дакладнасцю ва ўсіх сваіх частках. Неабходна было выбіраць. Больш дакладна і глыбока трактаваная філасофія быту, з адмысловым разглядам тэалагічнай праблематыкі, а таксама філасофская канцэпцыя чалавека. Аднак я не меў на мэце больш грунтоўна займацца ў гэтай публікацыі этычнымі пытаннямі (асабліва ўласна этыкай), бо для гэтага давялося б напісаць асобную вялікую працу, тым больш, што ўласна этычным праблемам св. Тамаш прысвячае найбольшую частку «Сумы тэалогіі», вядомую як «другая частка другой часткі» (Secunda secundae). Кожная аўтэнтычная — а тым больш кожная вялікая філасофская думка — заўсёды пазачасавая, але і гістарычная, бо яна знаходзіцца па-за часам і прастораю ў сферы найглыбейшых канцэпцый, якія належаць да метафізікі; і яна ж цалкам гістарычная як думка, што паўстала ў акрэсленым hic et nunc5 (гэта выяўляецца ва ўсіх прыкладаннях метафізікі да розных галінаў даследаванняў) — і якая нанава прымаецца і прамысліваецца ў іншым hic et nunc. Гэтая кніжка таксама прадстаўляе вынікі новага — здзейсненага ў новых умовах ХХ стагоддзя — прачытання філасофска-тэалагічных разважанняў вялікага мысляра і вучонага з ХІІІ стагоддзя. Няхай сам чытач мяркуе, наколькі плады роздумаў св. Тамаша маюць непрамінальную вартасць і ў якой меры яны актуальныя сёння. Ужо шмат гадоў з розных бакоў да мяне даходзілі галасы, якія вымагалі сціслага і даступнага прадстаўлення нарысу філасофіі Тамаша з Аквіна. Буду шчаслівы, калі гэты том стане адказам на даўнюю патрэбу, якая ёсць адзнакаю ўзрастання зацікаўленасці класічнай філасофіяй і філасофска-тэалагічнай думкай вялікага Сярэднявечча. Сёння мы ведаем, як на працягу стагоддзяў тамізм, які хацеў быць дактрынальнай плынню, вернай думцы св. Тамаша, у сапраўднасці шмат разоў і ў многіх асноўных пунктах здраджваў гэтай думцы, што прывяло да фальшывай інтэрпрэтацыі думкі св. Тамаша, якая да таго ж значна дэфармавала гэтую думку. Мне хацелася б, каб кніжка, у якой я маю намер прадставіць погляды самога св. Тамаша, ачышчаныя ад налёту розных «тамізмаў», магла прычыніцца да лепшага і больш бесстаронняга пазнання і зразумення гэтых поглядаў. Гэта неабходная ўмова для таго, каб выявілася іх непрамінальная і актуальная вартасць6.
Стэфан Свяжаўскі,
НАВОШТА ФІЛАСОФІЯ? Навошта мы павінны займацца філасофіяй, навошта св. Тамаш? Пытанне ўласна гучыць так: дзеля чаго ў такім загнаным, поўным клопатаў і цяжкасцяў жыцці ў Супольнасці7 дадаецца яшчэ такі занятак як гэтыя выклады? Аднак справа важная і вельмі істотна звязаная з духоўнасцю Лясак. Гаворка ідзе аб тым, што ўласна вучэнне і менавіта вучэнне, узятае кантэмпляцыйна, г.зн. так, як належыць разумець яго не фармальна, але сутнасна, складае бадай адзін з асноўных указальнікаў на шляху духоўнасці Лясак: Супольнасці і ўсяго асяроддзя. Францішканская любоў, бэнэдыктынская літургія і вучэнне — думка св. Тамаша — гэта тыя тры рэчы, якія павінны паяднацца ў справе Лясак. Гэта я заўсёды чуў з вуснаў ксяндза Карніловіча. Сённяшняя сітуацыя даволі цяжкая. У наш час гаварыць пра гэты тып філасофіі і заглыбляцца менавіта ў думку св. Тамаша — гэта, напэўна, нейкі рух супраць плыні, бо плынь, якая ў гэтую хвіліну нас ахоплівае, — антыфіласафічная і ў вялікай меры антытамашава. Аднак уласна рух супраць плыні, можна сказаць «стронгавы» (бо стронга плыве супраць плыні), важны, бо дзякуючы яму мы супрацьстаім таму д’ябальскаму млыну, які толькі памнажае розныя функцыі і дзеянні, а не дазваляе рабіць рэфлексію, спакойнае сузіранне і глыбокае ўгляданне ў рэчаіснасць. Набліжэнне да думкі св. Тамаша — гэта таксама канфрантацыя з пануючымі сёння ў філасофіі тэндэнцыямі, бо ў сучасных філасофскіх кірунках надзвычай цяжка знайсці тое, што нам трэба, калі маем на думцы неабходнасць філасофіі для Супольнасці і Лясак. Таму я хацеў бы паразважаць найперш над тым, чым у сваіх асновах павінна быць філасофія і чаму займанне філасофіяй патрэбнае для вашай Супольнасці. Сапраўды, можа здавацца дзіўным, што францішканкі Слугі Крыжа павінны займацца філасофскай праблематыкай. Паразважайма над паходжаннем самой назвы, над першасловам. Назва гэтая грэцкая і складаецца з двух словаў: fileo — г. зн. сябрую, люблю і sofia — г.зн. мудрасць. Такім чынам мы адразу патрапляем у самую сутнасць праблематыкі: філасофія нішто іншае — і не павінна быць нічым іншым — як наладжваннем сяброўства з мудрасцю. І гэта вельмі цяжкая справа, якая вымагае практыкавання і працы праз усё жыццё. Вартасць мудрасці, што — як пабачым — пашыраецца на ўсе сферы, на сферу прыродную і надпрыродную, і ў надпрыроднай сферы дасягае свайго завяршэння, вартасць гэтай мудрасці нагэтулькі вялікая, што аўтар Кнігі Мудрасці не вагаўся напісаць пра яе такімі словамі:
Гэты славуты тэкст мае сваё дапаўненне ў іншым месцы Старога Запавету, у кнізе Ёва:
Гэтыя тэксты ёсць класічным прызнаннем хараства, велічы мудрасці, мудрасці дваякай: прыроднай і надпрыроднай. Трэба маліцца аб мудрасці, бо дзякуючы ёй мы знаходзім праўду, а праўда такая ж важная, як і любоў. Праўда сваёй вартасцю не меншая за любоў, бо гэта вартасці ўзаемназамяняльныя. Больш за тое, яна ёсць і павінна быць даступнаю ўсім; каб быць мудрым, не абавязкова быць адукаваным, адукацыя часам нават перашкаджае мудрасці. Калі-нікалі яна нашмат лепей прывіваецца менавіта ў чалавеку простым, бо пэўная духовая прастата — умова мудрасці. Вось жа, мудрасць нярэдка хутчэй укараняецца ў чалавеку простым, незакамплексаваным, чым у вучоным, які часта носіць у сабе шмат запынаў і ўскладненняў. Важная таксама тэза, што без мудрасці няма святасці, бо яна абавязковая ўмова святасці, — кажа св. Тамаш. І гэта важная рэч, бо ўсе павінны ўзрастаць у святасці і вельмі маліцца аб гэтым дары. Зрэшты, гэта адзін з найважнейшых дароў Святога Духа. Чакаючы дару мудрасці, трэба з нашага боку з усіх нашых сілаў і прыродных магчымасцяў зрабіць усё, каб прыроднай мудрасцю падрыхтаваць глебу для прыняцця гэтага надпрыроднага дару. Калі мудрасць мае быць удзелам усіх людзей, то ўсе павінны займацца філасофіяй, бо філасофія — гэта сяброўства з мудрасцю. Як св. Тамаш казаў, што мудрасць — абавязковая ўмова святасці, так у ХV стагоддзі знайшоўся той, які сказаў, што не ёсць чалавекам той, хто не займаецца філасофіяй (Піко дэля Мірандоля10). Такім чынам, філасофія — абавязковая ўмова чалавечнасці, каб быць чалавекам, каб развіваць сваю чалавечнасць, трэба сябраваць з мудрасцю. Аднак не падаецца магчымым, каб кожны навучаўся такім цяжкім рэчам, як філасофія. Але такое разуменне справы паказвае на тое, што мы маем неадпаведнае паняцце пра філасофію. Трэба праводзіць прынцыповае разрозненне паміж філасофіяй навуковай і пераднавуковай. Навуковая філасофія — філасофія, разуметая як навука, і як усялякая навука мае сваю тэрміналогію, г. зн. сваю тэхнічную, складаную мову, сваю развітую і цяжкую для засваення гісторыю — гісторыю вельмі абсяжную, якая ахоплівае пару тысячагоддзяў і ўсе расы свету. Бо еўрапейская філасофія — гэта толькі невялікі выцінак таго, што выпрацавана чалавецтвам як філасофія навуковая. Вось жа, філасофія — гэта навука, і ў пэўным сэнсе асабліва цяжкая. Але поруч з гэтай навуковай філасофіяй, якая ёсць навуковай сістэмай, комплексам сцвярджэнняў, доказаў, даследаванняў, вялікіх гістарычных раздзелаў, што паказваюць, як усё гэта выспявала ў бегу стагоддзяў, ёсць другая: філасофія пераднавуковая, якая яшчэ не ўпарадкаваная ў сістэму, уклад сцвярджэнняў ды г.д., і менавіта гэтай пераднавуковай філасофіяй павінны займацца ўсе. Піко дэля Мірандоля меў рацыю, кажучы, што не ёсць чалавекам той, хто пазбаўлены філасофіі. Пераднавуковая філасофія набліжаецца да таго, што мы называем сялянскай мудрасцю, уменнем разважання, роздуму, спакойнага, глыбокага погляду на тыя ці іншыя справы. Усе мы ў нейкай ступені займаемся гэтай пераднавуковай філасофіяй. Пачынаем філасафаваць тады, калі нас ахоплівае здзіўленне перад нечым, што часта вядзе да захаплення. Калі айцец Тадэвуш11 у Лясках глядзіць на расліны, кветкі ці птушак — ён філасафуе, бо здзіўляецца таму, што гэтае стварэнне так выглядае, што яно мае такія звычаі, што мае гэткую вытанчаную будову. І гэта не чыста эстэтычнае разгляданне, не толькі захапленне хараством свету, гэта штосьці большае. І таму ўжо Платон — адзін з найбольшых філосафаў свету — сказаў, што філасофія бярэ свой пачатак менавіта са здзіўлення, здзіўленне — крыніца філасафавання, а да гэтага здзіўлення нас могуць пабуджаць найпрасцейшыя рэчы. Такое здзіўленне найчасцей праяўляецца ў дзецях. Пан Езус сказаў: «калі не станеце як дзеці» (Мц 18, 3). Можна сказаць, што, «калі не станеце як дзеці» — не патрапіце філасафаваць; не толькі «не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае», але не патрапіце філасафаваць, бо сапраўды найглыбейшае і найсапраўднейшае здзіўленне выяўляецца ў дзіцяці ў філасофскім веку, гэта значыць перад векам рацыянальным, калі дзіця пачынае ўжо разумець. Чатыры, пяць, шэсць гадоў — гэта час, калі дзеці ставяць найбольш складаныя пытанні, на якія часта ім не адказваюць, бо не хочуць разам з дзіцем уваходзіць у глыбіню рэчаіснасці. Аднак трэба выплысці на гэтую глыбіню і даць волю поўнаму развіццю дзіцяці. Уся нашая культура — культура, якая прыносіць плады тэхнікі, камфорту — выводзіцца з таго, што выхаванне было заснаванае не на веку філасофскім, які ёсць пачаткам мудрасці, а менавіта на веку пазнейшым, рацыянальным, калі дзіця пачынае разумець, а разуменне — гэта не тое самае, што філасофская рэфлексія. Уласна ў гэтых першых пытаннях, якія ёсць праяваю захаплення і здзіўлення перад дробнымі справамі, абмінаючы якія, мы пераходзім да парадку дня, менавіта тут мае свой пункт выйсця філасофскае стаўленне. Усё роўна, ці гэта будзе датычыць усёй рэчаіснасці, усяго свету, ці будзе адносіцца да нейкага жывога арганізму альбо да нейкіх маленькіх унутраных структураў ці праяваў жыцця. Кожны кавалачак рэчаіснасці, якая нас атачае, ад прыроды сваёй пакліканы да таго, каб выклікаць у нас захапленне і здзіўленне. Шмат гадоў таму я пісаў артыкул пра філасофію, пра розныя яе віды і задачы, у якім абвяшчаў, што «задачаю філасофіі не ёсць выпраўленне жыцця, але разам з тым ёсць неаспрэчным фактам, што філасофія — гэта адзін з чыннікаў, якія найбольш дзейсна ўплываюць на гэтае выпраўленне»12. Філасофія — не проста нейкае жыццёвае правіла, яна не раздае прадпісанняў, якія кажуць нам, як трэба паступаць, але калі ёй добра займацца — яна ўзвышае і паглыбляе нашую культуру думкі і культуру дзеянняў, г.зн. наш спосаб мыслення і наш спосаб дзеяння. Была яшчэ адна, даволі дзіўная назва, якую далі філасофіі ў платонаўскай школе meditatio mortis — разважанне смерці. Тут не ідзе гаворка пра панурае заглыбленне ў факт, што ўсё павінна скончыцца, што няма нічога трывалага, што набліжаецца канец і г.д. Пра гэта няма гаворкі, гаворка пра штосьці зусім іншае: калі добра займацца філасофіяй, яна мае быць школай, якая вучыць таму, што толькі ўмярцвенне нараджае жыццё, што няма жыцця без умярцвення, гэта значыць без замірання адных элементаў на карысць развіцця іншых. І гэта тая рэч, якая мае каласальнае значэнне для ўсяго жыцця, для ўсёй найлепш разуметай аскезы. Гэта школа, якая дазваляе нам выбіраць і практыкуе нас у добрым разуменні шкалы вартасцяў, заўжды спрычыняецца да выпраўлення жыцця. Meditatio mortis, ці разважанне смерці палягае на тым, што мы пастаянна — ад пачатку нашага свядомага жыцця да яго апошняга моманту — мусім рабіць выбар, выбар рэфлексійны, выбар думкі, бо тады павінны заўсёды выбіраць паміж большым і меншым дабром, і меншае дабро павінна заміраць, каб узрастала большае, менавіта гэта і ёсць медытацыя смерці, якая з’яўляецца нібы нараджэннем і паглыбленнем жыцця. Дзякуючы выхаванню ў сабе здольнасці да здзіўлення і ўмення добра ацэньваць вартасці мы з боку прыроджанага, нашымі ўласнымі высілкамі рыхтуем шлях мудрасці. Гэтая мудрасць у найвышэйшым вымярэнні ёсць, як мы ўжо казалі, дарам «звыш», але філасофія ў найбольш адпаведным значэнні слова — гэта падрыхтоўка мудрасці, узрошчванне яе «знізу», і мы ўсе пакліканыя да пераднавуковай філасофіі, якая нібы з неабходнасці тэалагічная, адкрытая на праблему Абсалюту, г.зн. на праблему безумоўнай і найвышэйшай вартасці, на праблему рэчаў найвышэйшых, на Бога. Робячы першыя крокі ў філасофіі, у мудрасці, мы вучымся сузіранню. Філасофія — гэта проста школа прыроджанага сузірання. Мы прызвычаеныя гаварыць пра сузіранне толькі ў значэнні малітоўнага сузірання, якое набліжае нас да містычнага перажывання, гэта значыць пра сузіранне надпрыроднае. Але ёсць таксама сузіранне прыроджанае, натуральнае, якое ў сутнасці яшчэ не малітоўнае, але толькі падрыхтоўка да малітоўнага «ўглядання». Гэта, можна сказаць, сузіранне пераддзвернае, няпоўнае, сузіранне ўступнае, неабходнае для таго, каб у чалавеку цалкам магло развіцца тое, другое. Калі нашая сучасная культура нагэтулькі перашкаджае нам чуць голас Евангелля, то гэта таму, што не маем вушэй, каб чуць і вачэй, каб бачыць, г.зн. не маем усёй той падрыхтоўкі, якую педагогіка павінна даваць ад самага пачатку: у сям’і і школе. Здавён мы выхоўваемся не ў духу першынства мудрасці, а ў духу першынства тэхнікі, першынства карыснасці, выгоды, камфорту. Нашая еўрапейская культура надзвычай шмат страціла ў параўнанні, напр., з пэўнымі культурамі Усходу ці Афрыкі. Развіццё дакладных навук, тэхнікі, выгодаў было аплачанае цаной непраўдападобна вялікай, а менавіта стратаю мудрасцева-сузіральных вартасцяў. А пакліканне кожнага хрысціяніна, таксама і таго, які жыве ў свеце, у тым, каб весці жыццё сузіральнае і практыкаваць яго — як кажа Рэнэ Вуаём (René Voillaume)13, — au coeur des masses («у сэрцы масаў»)14 — у самім тлуме жыцця, у сярэдзіне таго, што адбываецца вакол нас, у віры абавязкаў і справаў. І таму філасофія як школа сузірання і мудрасці — справа неабходная для кожнага чалавека, можна сказаць, што яна — сапраўдная школа жыцця. Аднак філасофію такога кшталту мы дарэмна шукалі б сярод сучасных філасофскіх плыняў. Развіццё культуры белага чалавека прывяло да таго, што філасофскія разважанні, практыкаваныя навукова, пайшлі ў іншым, чым мудрасць, кірунку — і патрэбны велізарныя высілкі, каб перавесці стрэлку, трэба вярнуцца і часам вельмі далёка, нават не на дзясяткі, а на сотні гадоў назад, каб у нашай спадчыне думкі знайсці тыя вартасці, якія маглі б служыць нам указальнікамі на шляху ў цяперашні час. Дзе знайсці менавіта такую школу філасофіі, такога настаўніка? Гаворка ідзе пра тое, каб мудрасць, якой мы вучымся, у якой маем практыкавацца, была мудрасцю ўніверсальнай, што падыходзіла б усім расам і ўсім культурам. Справа такога выбару і такога шукання вельмі цяжкая. Другі Ватыканскі Сабор, паводле агульнага меркавання, лічыцца Саборам пастаральным, душпастырскім, які нібыта забыўся пра філасофію. Так кажуць, але гэта няслушная інтэрпрэтацыя даробку і дасягненняў Сабору. Другі Ватыканскі Сабор у сваёй душпастырскай Канстытуцыі пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes выказвае такія вельмі важныя словы (падаю іх у лацінскім гучанні): Servandi apud homines facultates contemplationis ac admirationis, quae ad sapientiam adducunt («З захаваннем у людзях здольнасці да сузірання і здзіўлення, якія вядуць да мудрасці») — пра неабходнасць дастасавання сучаснай культуры (GS 56). У гэтых словах змяшчаецца праграма філасофіі, хоць гэта не называецца так у саборавым тэксце. Калі мы не патрапім разбудзіць у пакаленнях, што прыйдуць, здольнасці сузірання і здзіўлення, то будзем паглынутыя культурамі, якія яшчэ ў стане звярнуць увагу на гэтыя вартасці і творча іх развіваць. Вось чаму патрэбная філасофія, чаму патрэбная яна нам усім, чаму патрэбная асабліва ў Лясках. З гэтых меркаванняў як правадніка ў занятках філасофіяй мы абіраем св. Тамаша.
ЧАМУ СВ. ТАМАШ? Св. Тамаш жыў у ХІІІ стагоддзі. У дадзены момант няма патрэбы паглыбляцца ў ягоны жыццяпіс. Дваццаць гадоў таму, у 1974 годзе, адзначалі 700-ю гадавіну ягонай смерці. Ён быў дамініканам, а ў той час быць францінканам ці дамініканам азначала быць нечым накшталт «хрысціянскага хіпі». Жабруючыя ордэны не былі ў шэрагу тагачасных шанаваных і зацверджаных традыцыяй згуртаванняў. Тамаш быў вялікім святым, славутым настаўнікам, дзівосна дысцыплінаваным унутрана, і пісаў гэтак ясна, што сёння чытанне яго твораў, калі толькі ведаць лаціну, непараўнальна лягчэйшае за чытанне якіх-колечы яго каментатараў. Ён быў вялікім тэолагам і адным з найвялікшых філосафаў. Аднак калі сёння звяртацца да яго думкі і спрабаваць заснаваць на ім, на ягоных дасягненнях інтэлектуальнае выхаванне, з розных бакоў чуваць голас пратэсту, які з’яўляецца і ў нас саміх: як гэта магчыма, каб нехта, займаючыся навуковай філасофіяй і тэалогіяй ў такі далёкі ад нас час, і будучы залежным ад шэрагу акалічнасцяў зусім адрозных ад тых, у якіх жывем мы, мог прынесці нам штосьці канкрэтна важнае і каштоўнае? Гэтыя сумненні бываюць часта, і іх шмат. Але ці можна казаць пра «канец тамістычнага каталіцызму», ці каталіцызму, заснаванага на думцы св. Тамаша, развітага ягонымі каментатарамі? Ці сапраўды гэта так? Што скончылася? Што застаецца і павінна застацца? Тыя, хто знаходзяцца ў стане пэўнага бунту і непрыязнасці да св. Тамаша, пераважна не бяруць пад увагу таго, што назапасілася ў навуковых даследаваннях за прамежак часу, які складае каля трыццаці гадоў. Грунтуюцца яны пераважна на высновах і дасягненнях да 1939 года. Якія закіды робяць найчасцей? Звычайна паўтараецца пытанне: як нам, людзям канца ХХ стагоддзя, можа даць штосьці сапраўды вартае філасофская думка з ХІІІ стагоддзя; ці гэта ўвогуле магчыма? Вось жа, калі б філасофія (кажу ў гэты момант пра філасофію навуковую) развівалася так, як іншыя навукі (напр., прыродазнаўчыя), то, напэўна, трэба было б адкінуць філасофію св. Тамаша, гэтак, як неабходна было адкінуць асобныя тыпы фізікі, якія з’яўляліся з Сярэднявечча да сённяшняга часу. Найперш абрынулася арыстоцелеўская фізіка. Яна была пэўнай гіпотэзай, зрэшты, гіпотэзай цікавай, якая тлумачыла фізічную рэчаіснасць. Абрынулася яна пад націскам досведу; на яе месца прыйшлі іншыя канцэпцыі, якія скрышталізаваліся ў фізіцы механістычнай. Здавалася, што механістычная фізіка ўжо абсалютная і канчатковая, але вось на пераломе ХІХ і ХХ стагоддзя сталі відавочнымі і яе недахопы. Выявілася, што трэба стварыць новую тэорыю, бо нагэтулькі ўзрасла колькасць экперыментальных дадзеных, нагэтулькі павялічылася дасканаласць вымярэнняў, што ранейшага тлумачэння было ўжо недастаткова. Таму прыйшла чарга квантавай фізікі і тэорыі адноснасці, якія замянілі старыя канцэпцыі. Гэта былі гіпотэзы, тэорыі, якія пачаргова ўзнікалі, каб праз нейкі час быць замененымі на новыя. Рабіліся штораз новыя назіранні, новыя вымярэнні, здабываліся новыя і больш дасканалыя эксперыментальныя дадзеныя, таму патрэбныя былі новыя тэорыі, якія тлумачылі б іх. Калі б філасофія св. Тамаша, так, як гэта часта няслушна хочуць прадставіць, залежала ад тагачасных прыродазнаўчых тэорыяў, то трэба было б адкінуць яе разам з тымі ж састарэлымі тэорыямі. Калі б, напр., выявілася, што філасофія св. Тамаша так шчыльна звязаная з арыстоцелеўскай фізікай, што разам з крушэннем гэтай фізікі яна ўжо не мела б права на існаванне, то, несумненна, трэба было б прызнаць, што гэтая філасофія аджыла сваё. Дык вось, сёння мы ведаем, што сапраўды так выглядае справа з асобнымі часткамі творчасці св. Тамаша; тут маецца на ўвазе яго філасофія прыроды. У яе межах св. Тамаш быў залежны ад тагачаснай фізікі і яго філасафаванне на гэтую тэму для нас не мае вартасці і выглядае наіўным проста таму, што яно звязанае з аджылай на сёння фізічнай тэорыяй. Вось жа, ёсць пэўныя галіны, пэўныя часткі творчасці св. Тамаша, якія мы сапраўды можам сёння прызнаць неактуальнымі. Страцілі таксама значэнне некаторыя часткі філасофіі чалавека, звязаныя з фізіялагічнымі канцэпцыямі, паколькі тут ідзе мова аб прыродных рэчах, даследаванні якіх удасканаліліся да такой ступені, што сёння яны выглядаюць зусім інакш, чым сем стагоддзяў ці нават сто гадоў таму. Вось чаму часткі філасофіі св. Тамаша, якія знаходзяцца нібыта ў шчыльнай залежнасці ад такога тыпу праблемаў, таксама неактульныя. Гэтак жа і некаторыя грамадскія канцэпцыі, якія належаць да сацыяльнай этыкі св. Тамаша, калі яны звязаныя з разважаннямі на тэму феадальнага ладу, які даўно ўжо не існуе, не могуць быць выкарыстаныя на сучасным этапе. Але — і тут гэтае «але» вельмі важнае — мы дагэтуль казалі пра прыстасаванне філасофскай думкі, а не пра саму яе сутнасць. Тым часам уласна філасофская думка, чыстае сузіранне рэчаіснасці, не залежыць ад зменаў часу. Пра рэчаіснасць, ад здзіўлення і захаплення, пра якое мы гаварылі, гэтак жа філасафуе і філасафаваў і чалавек далёкай старажытнасці, і Сярэднявечча, і сённяшняга часу. Таму трэба добра сабе ўсвядоміць, што развіццё філасофскай думкі не падобнае да развіцця дакладных навук, як паказвае пададзены прыклад прыродазнаўчых навук, але больш за ўсё набліжаецца да развіцця мастацтва. Напрыклад, класічныя дасягненні архітэктурнага мастацтва не старэюць; вартасць егіпецкай ці грэцкай архітэктуры абсалютна непарушная, нягледзячы на тое, што яны развіваліся шмат стагоддзяў ці нават тысячагоддзяў таму. Мастацтва, калі яно прыходзіць да пэўнага ачышчэння і ўдасканалення, так, што набывае рысы класічных дасягненняў, сягае па-за час і робіцца вечна маладым. Хараство дарыйскай калюмны будзе заўсёды хараством, гэта значыць тым, што абсалютна не можа састарэць. Чым больш штосьці падыходзіць да гэтых вялікіх класічных вартасцяў, тым больш яно робіцца вечна маладым. Гэтак жа і жыццё філасофскае, калі яно падобнае да жыцця сапраўднага мастацтва, то яно падобнае і да жыцця ўнутранага. Бо было б абсурдам казаць, што здабыткі ўнутранага жыцця св. Апостала Паўла ці св. Францішка альбо св. Катарыны Сененскай ці св. Тэрэзы Вялікай састарэлыя. Сутнасць гэтых здабыткаў, перажыванняў і містычных асягненняў абсалютна пазачасавая. І калі ў кожнай вялікай філасофскай творчасці ёсць пэўныя часткі, якія як філасофія прыроды, філасофія чалавека ці філасофія грамадства залежаць ад часава-прасторавых умоваў, то ў кожнай сапраўднай філасофіі, у кожнага вялікага філосафа ёсць таксама комплекс такіх ідэяў, такіх думак і такіх канцэпцыяў, якія выходзяць па-за час. Менавіта тое, што застаецца вечна маладым, застаецца таксама вечна актуальным. Гэты стрыжань, які не паддаецца старэнню, павінен быць выцягнуты з любой філасофскай думкі, а таксама ажыўлены і ўведзены ў нашыя цяперашнія філасофскія разважанні. Таму св. Тамаш — і гэта першая выснова з гэтых разважанняў — можа быць нашым правадніком, таксама, як могуць быць імі Платон, Арыстоцель, Буда, кожны вялікі мысляр. І гэтак, як музыка Баха ці творчасць іншага вялікага музычнага класіка ніколі не старэе, таксама адбываецца і з аўтэнтычнымі дасягненнямі філасофскае думкі. Прыгледземся цяпер да асобных закідаў, што сёння выстаўляюць супроць тамізму, і пастараймася спачатку зразумець некаторыя цяжкасці, з якімі сутыкаецца сучасны чалавек, сустракаючыся з думкаю св. Тамаша. Вось жа, апавядаюць, што тамізм антыэкуменічны, што яго не прызнаюць ні Усход, ні Захад, праваслаўе і пратэстантызм не маюць сімпатыі да св. Тамаша. Аднак адразу ж паўстае пытанне, ці гэта антыпатыя скіраваная на святога Тамаша ці на тамізм? Адказ просты: на тамізм. На жаль, тамізм, г.зн філасофія, якая пад знакам св. Тамаша развівалася на працягу стагоддзяў, у многіх выпадках была вельмі неадпаведнай найістотнейшым філасофскім думкам і інтуіцыям самога Тамаша. Таксама тое, што лічылася праяваю найдасканалейшай хрысціянскай культуры, часта бывала адмаўленнем таго, што ёсць сапраўдным хрысціянствам. Добра ведаем, пра што тут гаворка: крыжовыя войны. Крыжакі, захоп у імя Хрыста новых земляў, абвяшчэнне, што ствараецца хрысціянскі лад і ўжыванне пры гэтым катаванняў ды інш. Вядома, на жаль, колькі такога было і ёсць на свеце. На схіле Сярэднявечча Christianitas15, ці як бы тагачасная Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, абрала сабе тамізм як ідэалогію. Гэта было шкодаю для св. Тамаша і тамізму, бо ён перастаў быць шуканнем праўды і яе сузіраннем, а рабіўся зборам дырэктываў, якія нібыта павінны былі запэўніць валоданне праўдаю. Вось жа, я разумеў тых, якія на Ватыканскім Саборы былі непрыхільныя да тамізму, але ўсведамляў, што яны не маглі правесці размежаванне паміж тамізмам і св. Тамашам і сваю непрыязнасць да гэтага знявечанага тамізму вылівалі на самога Тамаша. На міжнароднай сустрэчы ў Лювэнскім універсітэце ў 1974 годзе я чытаў лекцыю Пра скажэнні думкі св. Тамаша ў тамістычнай традыцыі16. Пасля яе да мяне падышоў езуіт, які некалькі дзясяткаў гадоў жыў у Індыі, і сказаў, што такое сяганне да крыніцаў, такое вяртанне да св. Тамаша і выяўленне ўсёй чысціні яго думкі, найлепш спрыяе перакіданню моста паміж філасофіяй і тэалогіяй Захаду і Далёкага Усходу. Калі б таксама прадстаўнікі пратэстанцкага свету ў тыя часы, калі цяжка было быць верным Касцёлу, бо ў ім было столькі зла — калі б яны добра ведалі і разумелі св. Тамаша — напэўна, справы пайшлі б зусім інакш. На жаль, спатканне Лютэра і Каэтана17 было трагічным. Апошні быў адным з найвялікшых каментатараў св. Тамаша, але, як сёння выяўляюць даследаванні, у шмат якіх пунктах адышоў ад чыстай думкі Тамаша. Сустракаемся мы таксама і з закідам, што тамізм з’яўляецца анахранізмам. Нават калі ачысціць яго ад усялякіх налётаў ХІІІ стагоддзя, ён не адпавядае лініі сучаснай філасофіі. Безумоўна, ён не адпавядае гэтай «лініі». Тамізм — «стронгавы», згодна з тым, што было сказана на пачатку гэтых разважанняў. Можна назваць яго «супрацьплыневым» у тым сэнсе, што ён у прынцыпе супярэчыць суб’ектывізму, а менавіта таму павароту да свайго «я», фундаментальнаму, на жаль, для ўсёй сучаснай еўрапейскай філасофскай думкі. Гэтая філасофія замест таго, каб быць рэфлексіяй над усёй рэчаіснасцю, у якой змяшчаецца і чалавек, робіцца, як назваў гэта Дэвід Г’юм18, «даследаваннем чалавечага розуму», рэфлексіяй над светам нашых вытвораў, робіцца філасофіяй культуры, таго, што творыць чалавек, а не самой рэчаіснасці. Можна сказаць, што над усёй філасофіяй сучаснага чалавека дамінуе менавіта тое, што ён не здольны выйсці за межы зачараванага кола суб’екту, суб’ектыўнасці, уласнага «я». Спосаб мыслення св. Тамаша ёсць найбольш радыкальным лекам для гэтага суб’ектывістычнага эгацэнтрычнага спосабу мыслення. У сувязі з гэтай тэмаю падаецца карысным прывесці прынамсі адзін раздзел з цікавага помніка а. Жавускага, дамінікана19. Жавускі, адзін з найбольш модных і паспяховых мастакоў, свецкі чалавек вялікага маштабу, раптам робіцца дамініканам, праходзіць суворую школу дамініканскага навіцыяту і апісвае свой духовы пералом. Гэта быў чалавек, выхаваны ў духу філасофіі Канта, аднаго з найвялікшых філосафаў, які галоўны прынцып сваёй філасофіі бачыў у тым, што чалавек, пазнаючы рэчаіснасць, не пазнае яе, а толькі накідвае свае суб’ектыўныя катэгорыі ўсяму, што яго атачае. Гэта сама квінтэсэнцыя суб’ектывізму. Айцец Жавускі піша, як неверагодна цяжка было яму пераламаць сябе і прыняць школу св. Тамаша, бо трэба было здзейсніць поўнае адступленне — пераход ад суб’ектывізму да аб’ектывізму, да прадметнага мыслення, трэба было заняцца тым, што ёсць па-за маім «я». Падаецца, што менавіта гэты паварот да аб’ектыўнай рэчаіснасці — найлепшы лек ад сучаснага зла, гэта вельмі цяжкі і вельмі складаны шлях змагання, але разам з тым і найлепшая школа ўнутранага жыцця. З гэтага гледзішча ўсе суб’ектывізмы ёсць сур’ёзным злом; чым больш чалавек забываецца на сябе, тым бліжэй ён да Бога. Нарэшце, тамістычнаму выхаванню робяць закіды, што прадметнае мысленне такога роду адасабляе чалавека ад бягучага жыцця. Людзі, выхаваныя на філасофіі св. Тамаша, павінны былі б быць неадчувальнымі на беды гэтага свету, няздольнымі да ўспрымання таго, што гняце, што даймае ў нашай рэчаіснасці. Маўляў, менавіта той, хто выхаваны ў коле аб’ектыўнага, прадметнага мыслення, перастае разумець чалавечыя трагедыі і перыпетыі, замыкаецца ў сваёй «вежы са слановай косткі», сузірае, разважае, захапляецца, але не набліжаецца да клубка чалавечае нядолі, духовай і фізічнай. Вельмі магчыма, што гэтак можа фармаваць чалавека філасофія, якая не скіраваная на рэчаіснае існаванне — пра гэта далей мы будзем казаць больш шырока. Цяпер жа дастаткова зазначыць, што ёсць філасофіі, якія засяроджваюцца толькі на пытанні: што гэта? што гэта такое? — а не займаюцца фактам, што нешта ёсць, што нешта існуе. Вось жа, філасофіі, якія абстрагуюцца ад існавання, абстрагуюцца менавіта ад рэчаіснасці — гэта яны могуць замыкаць нас у вежу са слановай косткі. Але такое філасафаванне — гэта зусім не філасафаванне св. Тамаша. Зрэшты, найлепшым адказам на закід адасаблення ёсць людзі, выхаваныя тамашавай філасофіяй, тэалогіяй і аб’ектывістычнай містыкай. Бо Уладзіслаў Карніловіч, Жак Марытэн (Jacques Maritain), Шарль Журнэ (Charles Journet)20, Рэнэ Вуалэм (Rene Voillaume) — гэта ўсё людзі, выхаваныя такім чынам. І ці не будзе страшэннай крыўдаю сказаць пра іх, што яны былі неадчувальнымі да бедаў свету. Адказам кс. Карніловіча на такі закід было тое, што ён выбраў працу менавіта ў Лясках, а не ў іншым месцы. Зрэшты, філасофія не прызначаная для таго, каб непасрэдна займацца справамі, якія складаюць клубок чалавечых няшчасцяў, але яна павінна так выхоўваць чалавека, каб ён быў адчувальны да ўсёй рэчаіснасці. Закід нячуласці да бедаў свету адносіцца да нейкай вельмі глыбокай дэфармацыі тамізму, а не да поўнай і аўтэнтычнай думкі Тамаша. Перадусім гэтая думка ёсць падмуркам тэацэнтрызму, гэта значыць скіравання ўсяго да Бога, стаўлення Бога ў самым цэнтры ўсіх справаў. Выдатна пісаў пра гэта кс. Аляксандр Федаровіч у «Тыгодніку Паўшэхным» ва ўспамінах пра кардынала Журнэ (Journet)21. Ён казаў пра гэта прыкладна так: я не паглыбляюся ў тое, хто мае рацыю ў пытанні з тамізмам, са св. Тамашам, але ведаю адно, што людзі, якіх я знаю і якія былі выхаваныя ў гэтым духу, гэта былі такія людзі, як кардынал Журнэ і яму падобныя, — і закончыў: відаць, гэтым людзям менавіта гэтае выхаванне давала такую, а не іншую жыццёвую пазіцыю. Св. Тамаша, такім чынам, можна выбраць сёння як настаўніка, майстра філасофскага выхавання. Аднак ён не дае, і не спадзяваймася, што зможа даваць, нейкія гатовыя рэцэпты для жыцця і дзейнасці, не пра гэта гаворка. Ён навучыць нас філасофскаму сузіранню і выхавае тым, што сфармуе ўсю нашую культуру. Думаю, што такое выхаванне чалавека будзе дадаткам таго, чаго нам вельмі бракуе: тых вачэй, якія б бачылі, і вушэй, якія б чулі. Гэта крок скіраваны на тое, каб нашая культура, ужо не індывідуальная, а грамадская, стала больш культурай мудрасці, не толькі культурай навукі і дакладных ведаў. Адметны ў гэтым кантэксце ліст аднаго з найвялікшых паэтаў нашых часоў – Кладэля (Claudel)22 — да кс. Эрнэста Фрыша (Friche)23 , напісаны ў 1928 годзе24. Кладэль быў тады амбасадарам Францыі ў Вашынгтоне; запытаны, ці ён таміст, ці прыхільнік св. Тамаша, адказаў: «Пасля майго навяртання першы мой спаведнік увесь час націскаў на тое, каб я штудыяваў св. Тамаша. Перадусім ён параіў мне не чытаць аніякіх падручнікаў, аніякіх уводзінаў, а проста атакаваць тэксты св. Тамаша. Я не мог атрымаць лепшай парады... Верагодна, што падручнікі выклікалі б ува мне знеахвочанне да св. Тамаша. Замест падручнікаў у 1895 годзе пасля майго выезду ў Кітай я ўзяўся за гэтае чытанне. Было уражанне, што проста займаюся карчаваннем, вывучэннем нейкай некранутай пушчы, краю, цалкам невядомага; я вывучыў схаластычную мову гэтак, як вывучаюць ангельскую — па меры яе ўжывання — і пасля ста старонак больш менш вольна мог сачыць за гэтай цудоўна яснай думкаю. Гэткім чынам я прачытаў абедзве Сумы25, закончыўшы сваё чытанне ў 1899 годзе перад вяртаннем у Францыю. Гэта было неверагоднае падсілкаванне і незвычайная загартоўка для майго розуму». Пасля ён піша пра тое, колькі ўсяго здабыў такім чынам для самой сваёй творчасці і кажа: «Таму ксёндз мае поўнае права назваць мяне тамістычным паэтам, бо тамістычныя прынцыпы ўлучаныя нібы ва ўсе памкненні майго мастацкага жыцця».
Пераклад з польскай мовы
Паводле: Świeżawski Stefan. Święty Tomasz
Гл. таксама:
|
|
|
|