Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(57)/2011
Святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка


ГЛЫБОКАЯ ЧАЛАВЕЧНАСЦЬ


СЛОВА СТАЛА ЖЫЦЦЁМ


СВЁНТЭК


НА БОЖУЮ ХВАЛУ


ЛІСТ У ВЕЧНАСЦЬ


ЁН БЫЎ НЕЗВЫЧАЙНЫ


ЯГО ЖЫВОЕ АПОСТАЛЬСТВА

На кніжнай паліцы

Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады
Постаці
Пераклады


ЯК БЫ Я ХАЦЕЛА ЖЫЦЬ

Вачыма візітатара

БЭНЭДЫКТ XVI.
СВЯТЛО СВЕТУ:
ПАПА, КАСЦЁЛ І ЗНАКІ ЧАСУ

Размова з Петэрам Зэевальдам

Фрагменты з кнігі

ГЛАБАЛЬНАЯ КАТАСТРОФА

— Крызіс Касцёла — гэта адно, крызіс секулярызму — іншае. Першы крызіс, можа, і вялікі, але другі ўсё больш і больш нагадвае перманентную глабальную катастрофу.

У выніку кліматычных зменаў пашыраецца трапічны пояс Зямлі, падымаецца ўзровень мора. Растаюць полюсы, азонавыя дзіры ўжо не зарастаюць. Мы з’яўляемся сведкамі такіх трагедый, як нафтавая катастрофа ў Мексіканскім заліве, пажары, якія ахопліваюць велізарныя тэрыторыі, небывалыя па маштабах паводкі, непрадбачаныя хвалі гарачага паветра і перыяды засухі. Генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Пан Гі Мун ужо ў верасні 2007 года, напярэдадні сесіі ААН у Нью-Ёрку акрэсліў стан планеты Зямля як «крайне небяспечны». Камісія па расследаваннях ААН устанавіла, што чалавецтву ўжо засталося толькі некалькі дзесяцігоддзяў да point of no return — «пункту вяртання», пасля якога будзе занадта позна ўласнымі сіламі трымаць пад кантролем праблематыку гэтага так моцна тэхнізаванага свету. Шэраг экспертаў лічыць нават, што гэты пункт ужо дасягнуты.

— «І ўбачыў Бог усё, што Ён стварыў, — гаворыцца ў кнізе Быцця, — і было яно вельмі добрым». Таму выклікае жах тое, што сталася ад таго часу з гэтай цудоўнай планетай. Узнікае пытанне: ці проста Зямлі вытрымліваць велізарны патэнцыял развіцця нашага віду? Можа, яна ўвогуле не прыстасаваная для таго, каб мы заставаліся тут неабмежавана доўга? Ці мы тут нешта няправільна робім? Пра тое, што мы не застанемся тут навечна, нам гаворыць Святое Пісанне, пра гэта кажа нам таксама досвед. Але, несумненна, нешта мы робім няправільна. Думаю, тут знаходзіць сваё адлюстраванне сукупнасць праблем, звязаных з паняццем прагрэсу. Сучаснасць шукала свой шлях, кіруючыся паняццямі «прагрэс» і «свабода». Але што такое прагрэс? Сёння мы бачым, што ён можа быць і разбуральным. Таму мы павінны падумаць над тым, якія трэба знайсці крытэрыі, каб прагрэс быў сапраўды прагрэсам.

Канцэпцыя прагрэсу мела спрадвеку два аспекты. Адзін датычыўся прагрэсу пазнання. Пад гэтым разумелі прагрэс у спасціжэнні рэчаіснасці. І ён здзейсніўся ў неймаверных маштабах у выніку спалучэння матэматычнай карціны свету і эксперымента. Сёння мы можам рэканструяваць ДНК — структуру, якая ляжыць у аснове жыцця, як і ўвогуле функцыянавання ўсяго, што існуе, — і дайшлі ўжо да таго, што можам часткова дабудоўваць яе і гатовыя нават узяцца за будаванне самога жыцця. Як бачым, разам з такім прагрэсам з’явіліся таксама новыя магчымасці ў чалавека.

 

— Асноўная думка была: прагрэс — гэта пазнанне.

— А пазнанне — гэта ўлада. Калі я нешта пазнаю, то магу таксама распараджацца гэтым. Пазнанне дае ўладу, але так, што з гэтай нашай уласнаю ўладаю мы можам у той жа час разбурыць і той свет, які — як мы лічым — трэба бачыць наскрозь.

Такім чынам, становіцца відавочным, што ў разгледжанай у сувязі з паняццем прагрэсу камбінацыі пазнання і ўлады адсутнічае важны момант, а менавіта аспект дабра. Паставім пытанне: што будзе добрым? Куды пазнанне павінна скіроўваць уладу? Ці гаворка ідзе толькі пра тое, каб увогуле мець магчымасць менавіта распараджацца, ці трэба таксама ставіць пытанне пра ўнутраныя крытэрыі, пра тое, што для людзей, для свету будзе добрым? А гэта, як я лічу, не адбылося ў дастатковай меры. У выніку этычны аспект, да якога адносіцца адказнасць перад Стварыцелем, па сутнасці паўсюдна не прымаецца ў разлік. А калі пазнаннем фарсіруецца толькі ўласная ўлада, то такі від прагрэсу становіцца на самай справе разбуральным.

 

— Якія могуць быць наступствы гэтага?

— Сёння трэба было б зрабіць вялікі рахунак сумлення. Што такое сапраўдны прагрэс? Ці прагрэс гэта, калі я магу разбураць? Ці прагрэс гэта, калі я сам магу вырабляць людзей, праводзіць сярод іх штучны адбор, знішчаць іх? Як апанаваць прагрэс, зрабіць яго маральным і гуманным? Але не толькі крытэрыі прагрэсу трэба было б абдумаць нанава. Разам з пазнаннем і прагрэсам гаворка ідзе таксама пра іншае асноўнае паняцце сучаснасці — пра свабоду. Пра тую свабоду, якая разумеецца як усёдазволенасць.

З такога мыслення вынікае прэтэнзія на тое, каб веды былі непадзельнымі. А таму, калі нешта можна зрабіць, то гэта дазволена рабіць. Усё іншае было б супраць свабоды.

Ці праўда гэта? Я думаю, не. Мы бачым, як нечувана ўзрасла ўлада чалавека. Але яго маральны патэнцыял разам з ёй не павялічыўся. Гэты дысбаланс адбіваецца сёння на пладах прагрэсу, які не клапаціўся асабліва пра маральнасць. Цяпер перад намі вялікая праблема: якія можна ўнесці папраўкі ў паняцце прагрэсу і ў тое, чым ён ёсць рэальна, а таксама, як можна пазітыўна падпарадкаваць яго паводле ўнутраных крытэрыяў? У гэтых адносінах патрэбны ўсёабдымныя фундаментальныя разважанні.

 

— Тое, як цяжка нам даецца змяніць гэтыя крытэрыі прагрэсу, яскрава паказала Сусветная канферэнцыя па пытаннях клімату, што праходзіла ў 2009 годзе ў Капенгагене. Сямнаццаць гадоў спатрэбілася ўрадам краінаў гэтага свету ад першай сустрэчы ў Рыа да гэтага вырашальнага саміту, які прызнаны навукоўцамі, прадстаўнікамі арганізацый па ахове навакольнага асяроддзя і палітыкамі адной з найважнейшых канферэнцый у гісторыі чалавецтва. Падставаю паслужылі вынікі даследаванняў больш як тысячы навукоўцаў, якія па даручэнні Камісіі ААН па змене клімату (IPCC) падлічылі, што ў параўнанні з сённяшнімі глабальныя тэмпературы могуць павысіцца толькі максімум на два градусы. Пры далейшым пацяпленні кліматычная раўнавага будзе незваротна парушаная.

Аднак кампрамісны капенгагенскі праект не ўтрымлівае яшчэ ніякіх канкрэтных прадпісанняў. Сёння з вялікай упэўненасцю можна сцвердзіць, што вызначаная вучонымі мяжа ў два градусы, напэўна, ужо пройдзена. У выніку мы маем ураганы, паводкі, знішчаныя ўраджаі. Хіба не ўмацоўвае гэта ў сваіх перакананнях таксама тых, хто лічыць чалавецтва відавочна няздольным увогуле калі-небудзь калектыўнымі намаганнямі адвесці пагрозу, якой з’яўляецца змена клімату?

— Гэта на самай справе вялікая праблема. Што мы можам зрабіць? Перад абліччам катастрофы, якая пагражае свету, паўсюдна існуе між іншым усведамленне таго, што нам трэба прымаць рашэнні маральнага кшталту. Існуе таксама больш ці менш ярка праяўленае разуменне глабальнай адказнасці; разуменне таго, што этыка больш не можа адносіцца толькі да сваёй групы або сваёй нацыі, але павінна мець на ўвазе Зямлю і ўсіх людзей.

Як бачым, у наяўнасці пэўны патэнцыял маральнага ўсведамлення. Але ператварыць яго ў палітычныя намеры і ў палітычныя акцыі зноў жа паўсюдна робіцца немагчымым з-за таго, што адсутнічае гатоўнасць адмовіцца ад нечага. Сапраўды, гэта патрабавала б зменаў у нацыянальным бюджэце і ў канчатковым выніку лягло б на плечы кожнага, прычым гаворка тады зноў ідзе пра розніцу ў абцяжарванні розных групаў.

Такім чынам, становіцца ясным, што палітычныя намеры ў канчатковым выніку не могуць быць дзейснымі, калі ва ўсім чалавецтве — перадусім гэта датычыць галоўных носьбітаў развіцця і прагрэсу — няма новай, паглыбленай маральнай свядомасці і гатоўнасці ад нечага адмовіцца, якая была б канкрэтнай і надала б таксама вартасць жыццю кожнай асобы.

Таму ўзнікае пытанне: якім чынам вялікая маральная воля, якую ўсе падзяляюць і да якой усе заклікаюць, можа стаць асабістым рашэннем? Бо пакуль гэтага не адбудзецца, палітыка застанецца бяссільнай. А хто можа ўчыніць так, што гэтае ўсеагульнае ўсведамленне стане таксама нечым асабістым? На гэта здольная толькі такая інстанцыя, якая закранае сумленне, якая блізкая кожнай асобе і заклікае не толькі да нейкіх відовішчных мерапрыемстваў.

Як бачым, гэта выклік Касцёлу. Касцёл тут не толькі нясе вялікую адказнасць, ён, я сказаў бы, часта з’яўляецца адзінай надзеяй. Таму што Касцёл настолькі блізкі сумленню многіх людзей, што можа схіліць іх да таго, каб яны адмовіліся ад нечага, і сфармаваць у іх душах фундаментальныя паставы.

 

— Філосаф Петэр Слотэрдзійк так сказаў пра глабальны гео-менеджмент: «Людзі з’яўляюцца атэістамі ў адносінах да будучыні. Яны не вераць у тое, што ведаюць, нават калі даць ім пераканаўчыя доказы таго, што павінна настаць».

— Тэарэтычна яны, магчыма, ужо вераць. Але кажуць сабе: мяне гэта ўжо не будзе датычыць. У любым выпадку, сваё жыццё я не буду мяняць. І тады тут выяўляецца не толькі індывідуальны эгаізм, з якім людзі процістаяць адзін аднаму, але таксама эгаізм групавы. Прызвычаіўшыся да таго ці іншага спосабу жыцця, людзі натуральным чынам абараняюцца, калі гэты спосаб жыцця апынаецца пад пагрозай. Яны занадта мала бачаць узораў таго, як магло б канкрэтна выглядаць адмаўленне ад нечага.

З гэтага пункту гледжання значэнне ўзору маюць манаскія супольнасці. Сваім жыццём яны могуць даць своеасаблівы прыклад таго, што магчыма практыкаваць такі спосаб жыцця, які абапіраецца на рацыянальнае і маральнае адмаўленне ад нечага, і пры гэтым не адкідаць цалкам тыя магчымасці, якія дае наш час.

 

— Калі гаворка ідзе пра добры прыклад, то аказваецца, што дзяржава таксама тут не на вышыні. Урады накапліваюць сёння даўгі ў небывалых раней памерах. Адна Германія заплаціць у 2010 годзе не менш за 43,9 мільярдаў еўра толькі для пагашэння банкаўскіх працэнтаў; гэта значыць дзеля таго, каб у дадатак да ўсяго нашага багацця мы жылі не па сродках. Адных гэтых выплатаў было б дастаткова, каб на працягу года забяспечыць прадуктамі харчавання ўсіх дзяцей у краінах, якія сталі на шлях развіцця.

Пачынаючы з таго моманту, калі выбухнуў фінансавы крызіс, ва ўсім свеце даўгі дзяржаваў узраслі на 45 працэнтаў і дасягнулі за гэты час узроўню звыш 50 трыльёнаў долараў — неймаверныя лічбы, небывалая яшчэ ніколі сітуацыя. Толькі краіны ЕС атрымліваюць у 2010 годзе крэдытаў на суму звыш 800 мільярдаў еўра. Новая запазычанасць у дзяржаўным бюджэце ЗША складае каля 1,56 трыльёнаў долараў — самы высокі ўзровень за ўсю гісторыю краіны. Таму гарвардскі прафесар Кенэт Рагоф сказаў, што больш няма нармальнасці, а толькі засталася яшчэ ілюзія нармальнасці. Несумненна, што наступныя пакаленні будуць абцяжараныя гіганцкімі даўгамі. Хіба ж гэта таксама не вялікая і жахлівая маральная праблема?

— Зразумела, гэта так, мы жывём за кошт наступных пакаленняў. З гэтага вынікае, што мы жывём у няпраўдзе. Жывём напаказ, а вялікія даўгі трактуем пры гэтым як нешта такое, што проста ўласцівае нам. Тут таксама тэарэтычна ўсе разумеюць, што трэба было б адумацца, зразумець нанава, што сапраўды магчыма, што можна і што дазволена. Аднак гэта не пранікае ў сэрцы людзей.

У адносінах да паасобных фінансавых планаў неабходны глабальны рахунак сумлення. Касцёл паспрабаваў зрабіць тут свой уклад з дапамогаю энцыклікі Caritas in veritate. У ёй не даюцца адказы, якія б вырашалі ўсе праблемы. Але гэта крок да таго, каб паказваць рэчы ў іншай перспектыве і разглядаць іх не толькі з пункту гледжання поспеху і магчымасці нешта здзейсніць, але з той пазіцыі, што існуе нарматыўнасць любові да бліжняга, якая арыентуецца на Божую волю, а не толькі на нашыя жаданні. І тут патрэбныя такога роду імпульсы, каб на самай справе маглі адбыцца змены ў свядомасці.

 

— Праблему нішчэння навакольнага асяроддзя мы ўсвядомілі. Але тое, што перадумоваю ратавання экалогіі з’яўляецца ратаванне нашага духоўнага азонавага слою і перадусім ратаванне нашых духоўных трапічных лясоў, здаецца, пранікае ў нашу свядомасць даволі марудна. Ці не павінны мы ўжо даўно спытацца: што там з затручваннем чалавечага мыслення, з забруджваннем нашых душаў? Многае з таго, што мы дапускаем у гэтай медыяльнай і камерцыйнай культуры, па сутнасці адпавядае таксічнаму абцяжарванню, якое амаль непазбежна павінна прывесці да духоўнага атручання.

— Нельга не заўважаць, што мае месца атручанне мыслення, — яно ўжо загадзя ўводзіць нас у фальшывую перспектыву. Вызваленне ад гэтага праз сапраўднае навяртанне (выкарыстаем тут гэтае фундаментальнае для хрысціянскай веры слова) з’яўляецца адным з тых выклікаў, відавочнасць якога стала паўсюдна заўважнаю. У нашым свеце, арыентаваным на навуковасць і сучаснасць, такія паняцці больш не маюць ніякага значэння. Навяртанне, як яно разумеецца вераю, да Божай волі, якая паказвае нам шлях, палічылі старамодным і састарэлым. Паволі, аднак, на маю думку, становіцца бачным, што ў гэтым нешта ёсць, калі мы кажам, што павінны нанава ўсвядоміць сябе.

 

— Абатыса і лекарка Хільдэгарда Бінгенская ўжо 900 гадоў назад трапна акрэсліла гэтыя сувязі ў наступнай формуле: «Калі чалавек грашыць, пакутуе космас». Праблемы цяперашняга гістарычнага моманту, — як пішаце Вы ў сваёй кнізе «Езус з Назарэта», — з’яўляюцца вынікам таго, што Бог становіцца ўжо непатрэбным. У іншым месцы Вы кажаце нават пра «згасанне святла, якое прыходзіць ад Бога».

— Для многіх практычны атэізм з’яўляецца сёння звычайным жыццёвым правілам. Можа, існуе, лічаць яны, штосьці або хтосьці, хто ў старадаўнія часы даў штуршок свету, але нам да гэтага няма справы. Калі такі погляд становіцца паўсюдным спосабам жыцця, то тады свабода не мае ўжо больш ніякіх крытэрыяў, тады ўсё магчыма і дазволена. І таму так неадкладна трэба зноў вярнуць пытанню пра Бога цэнтральнае месца. І зразумела, што гэта не нейкі Бог, які існуе дзесьці, а Бог, які ведае нас, які прамаўляе да нас і цікавіцца намі, і які таму з’яўляецца нашым Суддзёю.

Паводле: Benedikt XVI.
Licht der Welt:
Der Papst, die Kirche und
die Zeichen der Zeit.
Ein Gesprach mit Peter Seewald. — Verlag Herder, 2010.

Працяг будзе.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY