|
|
|
№
3(57)/2011
Святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка
На кніжнай паліцы
БЭНЭДЫКТ XVI. СВЯТЛО СВЕТУ: ПАПА, КАСЦЁЛ І ЗНАКІ ЧАСУ
Размова з Петэрам Зэевальдам Ad Fontes
Пераклады
Постаці
Пераклады
Вачыма візітатара
|
На жыццёвым шляху Бог дае людзей, якія тым або іншым чынам уздзейнічаюць на нас, змяняюць наш спосаб існавання. Часта здараецца, што гэтыя людзі нават не заўсёды ўсведамляюць, як шмат зрабілі для іншых, учынілі сваім жыццём, сваімі паводзінамі. Постаць Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка — адна з наймагутнейшых у гісторыі Беларусі ХХ – пачатку ХХІ ст. Памятаю яго словы пра тое, што «пакорны чалавек падрыхтаваны Богам, каб даць з сябе найвышэйшую моц». Тая падрыхтоўка, праведзеная праз жыццё святара Казіміра Свёнтка, якраз і дала вялікія плады, якімі мы карыстаемся і сёння. Сапраўды, Божыя планы часта пераўзыходзяць чалавечае разуменне. Сваім жыццём і цярпеннем кардынал Свёнтэк перамяніў унутраны свет многіх людзей, з якімі, магчыма, непасрэдна так ніколі і не сустрэўся. Ён зрабіў католікамі тых, хто не меў веры, хто не жадаў пазнаваць Хрыста. Сапраўды, Слова найбольш патрэбна «напачатку», а потым — дзеянні, учынкі і абавязкова ахвяра з сябе, са свайго жыцця. Божае слова, якое засялілася ў душы маладога Казіміра Свёнтка, перарасло ў сапраўдны жывы Касцёл на Беларусі. Убачыўшы гэта, Бог дае яму, тады проста кс. Казіміру, уладу будаваць нанава Касцёл на Беларусі, так, як калісьці апосталу Пятру ва ўсім свеце. Будучы палякам, прыехаўшы на беларускую зямлю, ён змог зрабіць для духоўнасці і нават беларусізацыі нашага краю больш, чым шмат хто з беларусаў. Менавіта ад кардынала Казіміра Свёнтка найперш залежала, як будзе развівацца Касцёл на Беларусі, як будзе даносіцца Божае слова да кожнага чалавека. І Яго Эмінэнцыя абірае за асноўную мову для Слова тую, якой даў карыстацца гэтаму народу Бог, — беларускую. Як давалася яму ўсё гэта, ведае толькі сам Бог. Але вынік, альбо плады, відавочныя: мы маем найважнейшыя літургічныя кнігі па-беларуску, а галоўнае, духоўнае ажыўленне сэрцаў тых, хто ў іншых мовах наўрад ці прыняў бы Хрыста. Шмат якія не толькі дзяржаўныя, але і рэлігійныя, і грамадскія арганізацыі не вытрывалі гэтага выпрабавання часам. Касцёл, магчыма, цяпер адзіны, хто вытрываў. Божая справа мацнейшая за чалавечую. І, напэўна, на дадзеным этапе гісторыі было якраз найлепш, каб гэтай справай беларусізацыі Касцёла кіраваў менавіта паляк. Безумоўна, немагчыма не ўзгадаць і пра чалавечыя якасці нашага кардынала. Асабліва мяне ўражвала тая вялікая шляхетнасць, якой была перапоўненая яго душа. Уменне вырашаць самыя складаныя справы, шануючы кожную асобу, і, што самае важнае, шануючы годнасць чалавека, незалежна ад таго, рабіў той чалавек добрае альбо дрэннае. Шляхетнасць, спалучаная з Божымі цнотамі, і дае сапраўды Божага чалавека, прыклад якога хочацца наследаваць. Для нас, святароў, ён быў сапраўдным айцом. Ён меў тую айцоўскую любоў, якая найперш выхоўвае, а не распешчвае. Падчас вучобы ў семінарыі ў Драгічыне (Польшча, тэрыторыя былой Пінскай дыяцэзіі) я не раз чуў словы захаплення кардыналам Свёнткам, яго духоўнасцю і жыццёвым шляхам ад многіх людзей. Лічу вялікім гонарам, што менавіта праз яго рукі Пан Бог удзяліў мне дар святарства. Гэтая падзея застанецца ў маім сэрцы і памяці на ўсё жыццё. Так сталася, што Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк адышоў з гэтага свету 21 ліпеня, якраз у дзень майго нараджэння. Веру, што гэты дзень і стаў днём нараджэння для Неба Казіміра Свёнтка, які заваяваў сваю святасць праз мукі і цярпенні ўсяго жыццёвага шляху і падмацаваў пакутамі апошніх месяцаў на зямлі. Веру, што ён будзе дапамагаць мне і ўсім нам на Беларусі пашыраць Божае слова і перамяняць нашае жыццё да лепшага, каб Божае слова стала і нашым жыццём.
Ксёндз Юры Быкаў,
Гл. таксама:
|
|
|
|