Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(56)/2011
Жыццё Касцёла

Інтэрв’ю
ВЕРА & SOCIUM

Галерэя
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Мастацтва
На кніжнай паліцы

АХОЎНАЯ СЦЯНА БЕЛАРУСІ
З архіваў часу

«ЛЮСТЭРКА ЭПОХІ...»

ЛІСТАВАННЕ
Постаці
Кантрапункт
На кніжнай паліцы

УРОК СВЯТОГА ЯЗАФАТА
In memoriam


ЁН ШУКАЎ ІСЦІНУ...


ВЯЛІКІ КОНАН


АДМЕТНЫ ПОЧЫРК


ПАКЛІКАНАЯ


ВЕРШЫ


«СЛОЎ РАСПАГОДЖАНАЯ ДАЛЬ...»
Пераклады

ВЕРШЫ
Мастацтва

У ГЭТАЙ КРАІНЕ...
Вачыма візітатара

ORDO FRATRUM PRAEDICATORUM

Ксёндз Аляксей ЮРКАЙЦЬ

ПОГЛЯД У МІНУЛАЕ
З ДУМКАЙ АБ СУЧАСНАСЦІ

Энцыкліка Яна Паўла II «CENTESIMUS ANNUS» была напісана 1 мая 1991 года, у сотую гадавіну напісання папам Львом XIII энцыклікі «RERUM NOVARUM», якая атрымала прывілей высокаацэненага дакумента. Святы Айцец Ян Павел ІІ называе яе «несмяротным дакументам», які распачаў фармаванне сацыяльнага навучання Касцёла, а яго энцыкліка «CENTESIMUS ANNUS» зiяўляецца падзякай Богу за сотую гадавіну яе сыходу з трону Апостальскай Сталіцы. Энцыкліка «CENTESIMUS ANNUS» — гэта трэцяя сацыяльная энцыкліка Яна Паўла ІІ пасля «LABOREM EXERCENS» — гэта трактат аб людской працы, і «SOLLICITUDO REI SOCIALIS» — аб актуальных праблемах развіцця людзей і народаў. Святы Айцец заклікае перачытаць энцыкліку папы Льва XIII, каб «зазірнуць у будучыню» — у тады яшчэ не вядомае трэцяе тысячагоддзе. Ян Павел ІІ паказвае ў сваёй энцыкліцы плённасць прынцыпаў дактрынальнай спадчыны Касцёла, выказаных папам Львом XIII, і дае асабісты аналіз некаторых падзеяў сучаснай гісторыі.

У мінулую эпоху адбываліся розныя перамены ў палітычным, эканамічным і ў сацыяльным жыцці. У выніку гэтых зменаў узнікла новая канцэпцыя ўлады — таталітарызм як новая форма несправядлівасці і знявольвання ў грамадстве. У эканамічнай сферы ўзнікла новая форма маёмасці — капітал, і новая форма працы — наёмная праца. Праца стала падпарадкоўвацца адзінай мэце — росту прыбытку, і стала такім чынам таварам, які можна лёгка купіць ці прадаць, не беручы пад увагу пражытачны мінімум для існавання чалавека. А з другога боку, над чалавекам увесь час вісела пагроза беспрацоўя. У выніку гэтага адбывалася расслаенне грамадства на два класы: працоўны клас і клас эксплуататараў-працадаўцаў. У кульмінацыйны момант іх супрацьстаяння ў шматлікіх краінах рэзка выявілася несправядлівасць сацыяльнай рэчаіснасці і пагроза рэвалюцыі. І менавіта ў гэты час папа Леў XIII выдаў дакумент, у якім радыкальна паставіў «працоўнае пытанне». «Новыя рэчы», якія ён меў на ўвазе, не былі станоўчымі — адбываўся канфлікт паміж працай і капіталам. У гэтым «працоўным пытанні», якое ўвасобілася ў імкненні адных выжыць, а другіх — пабагацець, Святы Айцец не мог маўчаць у сілу свайго «апостальскага служэння». Папа Леў XIII меў намер усталяваць сваёй энцыклікай супакой і гармонію, асновай якіх ёсць справядлівасць у эканамічнай і сацыяльнай сітуацыі, і сфармуляваў дактрынальны corpus, дактрынальную канцэпцыю «грамадскіх правоў». У наш час «новая евангелізацыя» павінна зрабіць неад’емным сваім элементам абвяшчэнне сацыяльнага вучэння Касцёла, пацвярджаючы фундаментальныя правы і годнасць працоўных. Праца з’яўляецца рэалізацыяй паклікання кожнай асобы і мае сацыяльнае вымярэнне, бо мае сувязь з сям’ёй і сацыяльным дабром усяго грамадства. Другі важны прынцып — гэта права на прыватную ўласнасць, права мець усё неабходнае для асабістага развіцця і развіцця сваёй сям’і. У лучнасці з правам на прыватную ўласнасць Папа ўказвае і на права заснавання асабістых аб’яднанняў, прафесійных саюзаў. Дзяржава павінна прызнаваць і права на «абмежаванне працоўнага часу», каб працаўнікі мелі законны адпачынак і час для сям’і. «Несправядліва і бесчалавечна прыгнятаць людзей празмернай працай, каб прытуплялася іх свядомасць, а цела падала ад бяссілля»1. Святы Айцец акрэслівае і іншае права працаўніка як асобы — права на «справядлівы заробак», каб працадаўца выплачваў заробленую плату і не заставаўся «даўжніком». Да пералічаных правоў папа Леў XIII дадае вельмі важнае права свабодна выконваць рэлігійныя абавязкі, якія належаць выключна да асабістай сферы, асабліва неабходнасць нядзельнага адпачынку, каб чалавек скіраваў свае думкі да нябесных дабротаў і малітвы. Гэтае права мае крыніцу ў Божай запаведзі, і ніякая дзяржаўная ўлада не можа адмяніць абавязак перад Богам і абразіць чалавечую годнасць. У энцыкліцы «RERUM NOVARUM» востра крытыкуюцца дзве сацыяльныя і эканамічныя сістэмы: сацыялізм і лібералізм. Папа Леў XIII пацвярджае элементарны прынцып любой здаровай палітычнай арганізацыі жыцця дзяржавы: «чым больш безабароннымі з’яўляюцца асобныя людзі ў грамадстве, тым у большай ступені яны патрабуюць клопату з боку іншых і асабліва дзяржаўнай улады» — гэта прынцып салідарнасці2. Сацыяльнае вучэнне Касцёла заклікае да здаровай канцэпцыі прыватнай маёмасці, працы, эканамічнага прагрэсу і правільнай ацэнкі годнасці чалавека, «створанага на вобраз і Божае падабенства» (пар. Быц 1, 26). Святы Айцец Ян Павел ІІ звязвае свае разважанні з упадкам сусветнага камуністычнага блоку. Ён закранае саму сутнасць праблемы сацыялізму як зла, бо ён (сацыялізм) «разглядае чалавека як просты элемент, малекулу сацыяльнага арганізму, так што дабро індывідуума цалкам падпарадкавана функцыянаванню сацыяльна-эканамічнага механізму»3. Таму знікае паняцце асобы, а з’яўляецца бязлікая маса, і гэтая памылка прывяла да адмаўлення ад прыватнай уласнасці. Памылковая канцэпцыя сацыялізму аб прыродзе асобы і «суб’ектыўнасці» грамадства выходзіць з атэізму. Кожны чалавек можа адчуваць кульмінацыю ў ім усяго чалавечага, і ніякі сацыяльны механізм ці калектыўны суб’кт не можа яе замяніць. Адмаўленне Бога, адмаўленне сапраўднай каштоўнасці чалавечай асобы вядзе да адмаўлення збаўлення. З таго ж атэістычнага кораня вырастаюць і класавая барацьба, і мілітарызм, і імперыялізм, якія пагарджаюць асобаю, што вядзе да перавагі прынцыпу моцы над прынцыпам розуму і закону.

Кантроль над сродкамі вытворчасці з боку дзяржавы ператварае кожнага грамадзіна ў маленькую «дэталь» вялікага механізму дзяржавы. Энцыкліка «CENTESIMUS ANNUS» працягвае думку з «RERUM NOVARUM» пра тое, што шляхам дзяржаўных рэформаў трэба вярнуць працы годнасць вольнай дзейнасці чалавека, і дзяржава павінна прыняць на сябе адказнасць за абарону працаўнікоў ад беспрацоўя. Акрамя гэтага, грамадства і дзяржава павінны забяспечыць той узровень заробку, якога б хапала для ўтрымання працоўнага і яго сям’і. Немалую ролю ў гэтым пытанні адыгрываюць прафсаюзы4.

Рэформы былі часткова здзейсненыя дзяржавамі, але вялікую ролю ў іх здзяйсненні адыгралі акцыі пратэсту працоўных. Гледзячы ў мінулае, Святы Айцец Ян Павел ІІ заклікае падзякаваць Богу за тое, што вялікая энцыкліка папы Льва XIII не засталася без водгуку ў людскіх сэрцах і стала стымулам для дзеяння на карысць бліжняга. Дзякуючы гэтаму можна заўважыць вынік памылкі сацыяльна-эканамічнай сферы, якая крыецца ў канцэпцыі чалавечай свабоды, адарванай ад праўды і абавязку паважаць правы іншых людзей. Зместам такой вольнасці становіцца любоў да самаго сябе ажно да пагарды Богам і бліжнімі. Менавіта гэтая памылка стала вынікам шматлікіх войнаў, выкліканых мілітарызмам і агрэсіўным мілітарызмам, і злучанымі з імі формамі таталітарызму, войнаў, якія сталі вынікам класавай барацьбы, грамадзянскіх і ідэалагічных войнаў5. Вялікія дзяржавы не спыняліся перад парушэннем правоў чалавека, плануючы і здзяйсняючы знішчэнне цэлых народаў і сацыяльных групаў. Жудасны лёс яўрэйскага народа стаў сімвалам парушэння, да якога можа схіліцца чалавек, супрацьпаставіўшы сябе Богу. Хоць з 1945 года ў Еўропе знік гук гарматных залпаў, сітуацыю можна акрэсліць хутчэй як адсутнасць вайны, чым сапраўдны спакой. Палова кантыненту трапіла ў палон камуністычнай сістэмы, у той час як другая палова арганізоўвалася для абароны ад такой небяспекі. Гонка ўзбраення паглынала рэсурсы, неабходныя для развіцця ўнутранай эканомікі і для дапамогі іншым народам, навуковы і тэхнічны прагрэс выкарыстоўваўся для вытворчасці ўсё больш дасканалай зброі. Між іншым, ідэолагі шукалі дактрынальнага апраўдання для новай вайны. Над сусветам навісала пагроза атамнай вайны, якая магла прывесці да знішчэння ўсяго чалавецтва.

Пасля Другой сусветнай вайны трэба было звярнуць увагу на распаўсюджанне камуністычнага таталітарызму на большай палове Еўропы. Неаднойчы ўтвараліся сістэмы «нацыянальнай бяспекі», якія імкнуліся кантраляваць грамадства, каб засцерагчы яго ад духу камунізму. Спажывецкая супольнасць імкнецца нанесці паражэнне марксізму, дэманструючы грамадства свабоднага рынку, якое ў стане дасягнуць больш поўнага задавальнення матэрыяльных патрэбаў чалавека. У той жа час праходзіць грандыёзны працэс «дэкаланізацыі», калі многія краіны вяртаюць сваю незалежнасць і права суверэнітэту. У пасляваенны час узмацнілася і стала больш жывым усведамленнем правоў чалавека, што знайшло ўвасабленне ў распрацоўцы новага міжнароднага права.

У многіх краінах у сярэдзіне 1980-х гг. паступова сталі рушыцца рэжымы дыктатарства і прыгнёту. Святы Айцец Ян Павел ІІ указвае, што фундаментальная памылка сацыялізму мела антрапалагічны характар6. Касцёл сцвярджаў, што кожны чалавек, незалежна ад сваіх поглядаў, нясе ў сабе Божы вобраз, а таму заслугоўвае павагі7. Многія пастыры, хрысціянскія супольнасці, асобныя веруючыя, а таксама людзі добрай волі ў цяжкіх умовах далі гераічнае сведчанне сваёй нязломнай хрысціянскай веры. Святы Айцец заклікае да малітвы за тых, хто стварае лепшую будучыню, вырашаючы праблемы шляхам дыялогу і салідарнасці.

Галоўным фактарам падзення прыгнятальных рэжымаў быў фактар парушэння права на працу. Абапіраючыся на цяжкі вопыт працы, прыгнёту і прынцып сацыяльнай дактрыны Касцёла, працоўныя масы выкарыстоўвалі толькі праўду і справядлівасць, мірным шляхам адмовіліся прызнаваць законную ідэалогію. Такі від барацьбы прывёў да краху марксізму; перамагла праўда, якая сама вызваляе, заклікаючы да сумлення супраціўніка і імкнучыся ўзбудзіць у ім пачуццё асабістай годнасці. Другім фактарам крызісу стала неэфектыўнасць эканамічнай сістэмы. Гэта быў вынік парушэння правоў чалавека на прадпрымальніцтва, прыватную ўласнасць і свабоду ў эканоміцы. Таксама трэба мець на ўвазе культурны і нацыянальны аспекты, бо нельга разумець чалавека аднабакова. Святы Айцец указвае на прычыну ўзнікнення «новых рэчаў» — гэта духоўны вакуум, народжаны атэізмам, які пазбавіў людзей сапраўдных арыенціраў. Марксізм абяцаў выкараніць патрэбу ў Богу з сэрца чалавека, але ў выніку аказалася, што гэтага немагчыма дасягнуць без душэўнага ўзрушэння.

Здарэнні 1989 года — гэта прыклад поспеху добрай волі да перамоваў і евангельскага стаўлення да супраціўніка. Гэтыя змены, безумоўна, патрабавалі яснага розуму, умеркаванасці, пакутаў і ахвяраў, яны ўзніклі з малітвы і былі б бессэнсоўнымі без даверу да Бога. Чалавек падуладны першароднаму граху, які схіляе яго да зла, але мае імкненне да дабра. Дзякуючы Ахвяры Хрыста на крыжы Божае Валадарства забяспечвае надзею на перамогу ў барацьбе супраць спакусаў і сілаў зла. Толькі ў канцы гісторыі Пан вернецца ў славе для Апошняга Суда (пар. Мц 25, 31), а пакуль што ідзе барацьба між дабром і злом у сэрцы чалавека. Падзеі 1989 года маюць суветнае значэнне, хоць і адбываліся пераважна ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе, бо датычаць усёй чалавечай сям’і. Рух за вызваленне асобы і за сцвярджэнне яе правоў ахопліваў шматлікія краіны. Касцёл прадстаўляе сваю сацыяльную дактрыну і мае абавязак барацьбы супраць прыгнёту і пакутаў. Другі вынік датычыць народаў Еўропы, бо накопленая нянавісць і злоба маюць рэальную небяспеку, што пасля крушэння дыктатуры могуць узнікнуць новыя канфлікты і непаразуменні, калі на дапамогу не прыдуць маральная стойкасць і ўсведамленне праўды. Святы Айцец падкрэслівае, што для гэтага патрэбныя адпаведныя крокі для стварэння і ўмацавання моцных міжнародных структураў. Радыкальная рэарганізацыя эканомікі патрабуе падтрымкі былых камуністычных краінаў у духу салідарнасці ў цяжкасцях іншых народаў. У першую чаргу, яны самі павінны стаць творцамі свайго развіцця, але падтрымка з боку іншых еўрапейскіх краінаў — гэта абавязак справядлівасці. Неабходна мабілізаваць усе рэсурсы, якія мае сусвет, каб пераразмеркаваць прыярытэты і перагледзець іерархію каштоўнасцяў. Гэтае развіццё не павінна разумецца толькі ў эканамічным сэнсе, але ў сэнсе агульначалавечым8. Кульмінацыяй развіцця з’яўляецца здзяйсненне права абавязку шукання Бога і жыцця паводле Яго пазнання.

Прынцып прыватнай уласнасці ляжыць у аснове незалежнасці і развіцця кожнай асобы. Карыстанне ўласнасцю падпарадкавана агульнаму прадвызначэнню створаных дабротаў. Другі Ватыканскі Сабор кажа: «Чалавек, карыстаючыся дабротамі павінен разглядаць іх як належачыя не толькі яму, але і іншым; карыстанне імі дае асабістую і сямейную незалежнасць і свабоду і дапамагае ў развіцці»9. Бог даў чалавеку зямлю, каб ён панаваў над ёй сваёй працай і карыстаўся яе плёнамі (пар. Быц 1, 28–29). З гэтага вынікае, што даброты зямлі маюць агульнае прызначэнне. Робячы зямлю падданай сабе, чалавек мае права на прыватную ўласнасць. Чым больш чалавек працуе, тым больш можа адкрыцца на патрэбы іншага чалавека. Чалавек не адарваны ад супольнасці і ўдзельнічае ў «супольнай працы»10. Сутнасць такой працы ў арганізацыі вытворчасці дабротаў, якія могуць быць вынікам супрацоўніцтва пэўнай групы людзей. Існуюць і іншыя віды ўласнасці — валоданне ведамі, тэхнікай і навыкамі. Галоўным жа багаццем чалавека і яго працы ёсць сам чалавек.

Калісьці вырашальным фактарам вытворчасці была зямля, пазней — капітал, а цяпер — сам чалавек, яго здольнасць да пазнання, да салідарнай арганізацыі, здольнасць прадбачыць і задавальняць патрэбы іншага. У гэтым працэсе ёсць рызыка, што не кожны можа рэалізаваць свае здольнасці. Працуючы на зямлі, чалавек часта пазбаўлены права валодання ёю і зведзены да паўрабскага існавання. У кантэксце «трэціх» краінаў захоўвае сваю актуальнасць вырашэнне задачаў, пастаўленых «RERUM NOVARUM», пазбегнуць адносінаў да чалавека і да яго працы як да тавару. Касцёл прызнае законную функцыю прыбытку як паказчыка развіцця прадпрыемства і рэгулятару яго працы. Чалавеку трэба звярнуць сваю ўвагу не толькі на наяўнасць тавару, але і на яго якасць. Патрабаванне якасці — законнае жаданне, аднак спажывецкі стыль жыцця недапушчальны і шкодны для фізічнага і духоўнага жыцця. Таму вельмі неабходна выхаваўчая праца, якая прывучае спажыўца да адказнага выкарыстання магчымасці выбару якасці. «Няма нічога дрэннага ў жаданні жыць лепш, аднак не трэба накіроўваць усе імкненні, каб мець, але кіравацца тым, каб быць»11. Святы Айцец заклікае да дзялення хоць бы мінімумам, «лішкамі» і заклікае да міласэрнасці. Чалавек, адкрываючы свае здольнасці, змяняе гэты свет, першапачатковы Божы дар, да лепшага, але, захоплены жаданнем мець і атрымліваць, неразумна расходуе зямныя рэсурсы і ўласнае жыццё.

Святы Айцец Ян Павел ІІ услед за навучаннем папы Льва XIII, разумее праўдзівую тэорыю дзяржавы, у якой забяспечана нармальнае развіццё розных відаў чалавечай дзейнасці, як духоўнай, так і матэрыяльнай. Аднак культура і практыка таталітарызму адкідаюць погляды Касцёла. Дзяржава лічыць, што яна маець права вырашаць усе пытанні самастойна. Касцёл станоўча ацэньвае дэмакратычную сістэму ў той меры, у якой яна забяспечвае ўдзел грамадзянаў у палітычным выбары. Праўдзівая дэмакратыя магчыма толькі ў прававой дзяржаве і на аснове праўдзівай канцэпцыі чалавечай асобы. Галоўная задача дзяржавы — гарантаваць эканамічную стабільнасць, каб чалавек меў упэўненасць у заўтрашнім дні, мог карыстацца плёнам сваёй працы і адчуваў стымул да яе. Другой задачай дзяржавы з’яўляецца захаванне і абарона правоў чалавека ў эканамічным сектары праз пасрэдніцтва кантралюючых органаў. Дзяржава павінна спрыяць дзейнасці прадпрыемстваў і кардынаваць яе, а не толькі кантраляваць. Таксама не трэба забываць аб умовах існавання бежанцаў, эмігрантаў, асобаў старэйшага ўзросту, хворых і ўсіх, каму патрэбныя дапамога. Касцёл заўсёды ўдзельнічае ў гэтым і дапамагае церпячым. Пошукамі, адкрытымі на праўду, характарызуецца культура ўсёй нацыі, у якую ўваходзіць і евангелізацыя. Але, калі культура замыкаецца толькі ў сабе, не прымаючы праўды пра чалавека, яна становіцца бясплённай і вядзе да ўпадку. Уся чалавечая дзейнасць рэалізуецца ўнутры пэўнай культуры і ўзаемадзейнічае з ёю. Першая і самая важная дзейнасць адбываецца ў чалавечай душы, і той спосаб, якім яна карыстаецца для стварэння сваёй будучыні, залежыць ад яго ўяўлення аб самім сабе і сваім прадвызначэнні. Святое Пісанне кажа нам аб актыўнай дапамозе бліжняму і аб неабходнасці адказнасці за іншага, якая павінна ахопліваць усіх людзей. Гэтае патрабаванне не абмяжоўваецца толькі рамкамі сям’і, нацыі ці дзяржавы, а ахоплівае ўсё чалавецтва. Гэта шлях альтэрнатыўны войнам.

Чалавек — адзінае стварэнне, для якога адкрыты ўдзел у вечным жыцці. Касцёл не можа змусіць чалавека, які «прадстаўляе найважнейшы шлях, які павінен прайсці Касцёл, каб споўніць сваю місію…» Гэтая думка ажыўляе сацыяльнае навучанне Касцёла як каштоўную зброю евангелізацыі, абвяшчаючы таямніцу збаўлення ў Езусе Хрысце кожнаму чалавеку. Касцёл атрымлівае «веды аб чалавеку» з Божага Аб’яўлення. Як казаў папа Павел VI: «Каб пазнаць чалавека, сапраўднага чалавека ва ўсёй яго цэласнасці, трэба пазнаць Бога». Багаслоўскі аспект з’яўляецца неабходным як для тлумачэння, так і для вырашэння актуальных праблемаў чалавечай экзістэнцыі. Гэты погляд мае сілу для «атэістычнага» рашэння, якое пазбаўляе чалавека аднаго з асноўных яго кампанентаў — духоўнага. Калі чалавеку абвяшчаецца

Божае слова, тады яму прапануецца і перадаецца праз сакрамэнты Божае жыццё, калі яго жыццё накіроўваецца да захавання запаведзі любові да Бога і бліжняга, тады Касцёл уносіць свой уклад ва ўзбагачэнне годнасці чалавека.

Святы Айцец Ян Павел ІІ асаблівым чынам заклікае пазнаёміцца са сваёй энцыклікай у краінах, дзе адбылося падзенне «рэальнага сацыялізму» і існуе шмат цяжкасцяў для аднаўлення. Для Касцёла сацыяльная вестка Евангелля не павінна быць тэорыяй, бо на працягу многіх стагоддзяў манахі апрацоўвалі зямлю, засноўвалі шпіталі і прыстанішчы для бедных, займаліся дабрачыннасцю, бо сказана: тое, што «зрабілі вы аднаму з гэтых братоў Маіх найменшых, тое Мне зрабілі» (пар. Мц 25, 40). Любоў да чалавека і ў першую чаргу да беднага, у якім Касцёл бачыць Хрыста, канкрэтызуецца ў барацьбе за справядлівасць. Каб запанавала справядлівасць, патрэбны дар Божай ласкі. Божая ласка і чалавечая свабода складаюць тую таямнічую прысутнасць Бога ў гісторыі, якім з’яўляецца Божы Провід.

Энцыкліка «CENTESIMUS ANNUS», гледзячы на мінулае, звернута ў будучыню. Праўдзівая і вечная «навізна рэчаў» ідзе ад Божай моцы, якая кажа: «Вось, Я раблю ўсё новае» (пар. Адкр 21, 5). Гэтыя словы адносяцца да апошніх часоў гісторыі, калі Хрыстус «перадасць валадарства Богу, каб Бог быў усім ва ўсіх» (пар. 1 Кар 15, 24. 28).


  1. Пар. Ян Павел ІІ, энцыкліка Centessimus Annus (1 мая 1991 г.), 7.
  2. Тамсама, 11.
  3. Тамсама, 13.
  4. Тамсама, 15.
  5. Тамсама, 17.
  6. Тамсама, 13.
  7. Тамсама, 22.
  8. Тамсама, 29.
  9. Пар. ІІ Ватыканскі Сабор, Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце. Gaudium et spes, 69. 71.
  10. Пар. Ян Павел ІІ, энцыкліка Centessimus Annus (1 мая 1991 г.), 31–32.
  11. Тамсама, 36.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY