Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(56)/2011
Жыццё Касцёла

Інтэрв’ю
ВЕРА & SOCIUM

Галерэя
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Мастацтва
На кніжнай паліцы

АХОЎНАЯ СЦЯНА БЕЛАРУСІ
З архіваў часу

«ЛЮСТЭРКА ЭПОХІ...»

ЛІСТАВАННЕ
Постаці
Кантрапункт
На кніжнай паліцы

УРОК СВЯТОГА ЯЗАФАТА
In memoriam


ЁН ШУКАЎ ІСЦІНУ...


ВЯЛІКІ КОНАН


АДМЕТНЫ ПОЧЫРК


ПАКЛІКАНАЯ


ВЕРШЫ


«СЛОЎ РАСПАГОДЖАНАЯ ДАЛЬ...»
Пераклады

ВЕРШЫ
Мастацтва

У ГЭТАЙ КРАІНЕ...
Вачыма візітатара

ORDO FRATRUM PRAEDICATORUM

Міхась СКОБЛА

АХОЎНАЯ СЦЯНА БЕЛАРУСІ

Юры Туронак. За кардонам Бацькаўшчыны:
успаміны. – Мінск, Медысонт,
2010. – 276 с.

Вялікая кітайская сцяна, змураваная з сабранага па ўсёй імперыі камення, стагоддзямі аберагала жыхароў паднябеснай ад варожых набегаў.

Рыцары ў сярэднявечнай Еўропе абносілі свае замкі землянымі валамі, абкопвалі глыбокімі равамі і выседжвалі ў непрыступных фартэцах самыя працяглыя аблогі.

Абарончая сцяна ў самым высакагорным горадзе Мачу-Пікчу ў перуанскіх Кардыльерах высечаная з суцэльнай скалы, якая і сёння вежавымі зубцамі прычэсвае аблокі, хоць ахоўваць няма каго — турыстаў і тых няшмат на каменных вузкіх вулачках.

З чаго складзеная ахоўная сцяна Беларусі? З якіх найтрывалейшых матэрыялаў, што і ў агні не згарэлі, і перад ваеннымі землятрусамі ўстаялі? З кніг. З тысячаў і мільёнаў кніг, якія леглі ў тую сцяну замест цаглінаў і камянёў. І гэта самая трывалая сцяна ў свеце, бо яе не падкапаеш і таранам не разаб’еш.

Беларусь шматкроць кроілі дзяржаўнымі межамі, дзялілі на чужацкія гміны, заганялі то ў літбелы, то ў бээсэсэры, то ў райхі, а беларусы як жылі на сваёй зямлі, так і жывуць. І цары, і генеральныя сакратары сыходзілі, а Беларусь заставалася. Значыць, мае яна надзейны абаронча-ахоўны мур, які падступнаму чужаку разбурыць не пад сілу. І няхай мур гэты, кажучы сучаснай мовай, віртуальны, ён можа абараніць вас ад усіх нашэсцяў. Гэты мур самаўзводзіцца ў кожным з нас дзякуючы прачытаным кнігам. Таму мы, беларусы, павінны ў кожнай кватэры-хаце мець па бібліятэцы. Нечытанне кніг мяжуе для нас з нацыянальным злачынствам. Невыпадкова вялікі будаўнік ахоўнай сцяны Беларусі Уладзімір Караткевіч напісаў у адным са сваіх праграмных вершаў: «Чалавек прыходзіць з-за далёкіх, чужых нам меж і здзіўляецца: што вы за нацыя, хай вас халера, што ні дом – сотні кніг! Гэта правільна, дружа, іначай мы не былі б ні народам, ні нацыяй, а гноем, хімерай». Таму і не дзіўна, што беларус купляе кнігі «коштам пайковага хлеба», а «выходзячы пад бомбы ў дарогу, мае — у сэрцы Бога, а ў кайстры — Багдановіча, Танка, Купалу, Коласа, Панчанку і Эклезіяста».

Нам трэба радавацца кожнай таленавітай беларускай кнізе — з яе выхадам ахоўная сцяна Беларусі мацнее.

Кожны муляр ведае, што самае галоўнае ў мулярскай справе — закласці кутнія камяні, выверыць па іх падмуркі, узвесці вуглы. Далей па нацягнутым шнурку цэглу класці здолее і вучань. У ахоўнай сцяне Беларусі кутнія камяні кладуць і вуглы ўзводзяць гісторыкі. На іх працу раўняюцца астатнія будаўнікі.

Юры Туронак паклаў свае кутнія камяні глыбока і трывала. Можна сказаць — нязрушна. Стаяцьме на іх наша ахоўная сцяна вечна.

Не мною заўважана, што гісторыя чалавецтва — гэта пераважна гісторыя войнаў. Не стала тут выняткам і гісторыя Беларусі — на нашай тэрыторыі зброя лязгала часцей, чым дзе. Але паколькі войны на беларускай зямлі, як правіла, ішлі за чужыя інтарэсы, то і гісторыю гэтых войнаў для нас пісалі таксама чужакі. Як прыклад можна прывесці таўшчэзны двухтомавік «Усенародная партызанская вайна ў Беларусі супраць фашысцкіх захопнікаў» аўтарства Цанавы (ён жа Джанджагава, ён жа Лаўрэнцій ІІ паводле чэкісцкіх «святцаў»). Паводле гэтага партызаназнаўцы ў генеральскіх пагонах ледзь не з першых дзён вайны ўсе беларусы, якія не паспелі змабілізавацца ў Чырвоную армію, шчыльнымі радамі пайшлі ў лес, адкуль білі фашыстаў і днём і ўночы, і ў хвост і ў грыву. На падобных гісторыях і выхоўваліся мы ўсе, у тым ліку аўтар гэтых радкоў. Але ў школе мне пашанцавала на настаўніка, які часам расказваў тое, чаго не было ў савецкіх падручніках. Аднойчы настаўнік, Пятро Мікалаевіч Марціноўскі (светлая яму памяць), проста на ўрок прынёс дзве кнігі — «Беларускую граматыку» Браніслава Тарашкевіча і «Беларускі правапіс» Антона Лёсіка. Абедзве — выдання 1943 года. Дапытлівым вокам я неўзабаве згледзеў, што наклад тых «ваенных» падручнікаў — па 100 000 асобнікаў. Лічба мяне ўразіла. Атрымлівалася, што пад нямецкай акупацыяй у Беларусі дзейнічала прыкладна 500 школаў з прыблізна такой жа колькасцю вучняў, як у нашай сярэдняй Дзярэчынскай. Наклады кніг Тарашкевіча і Лёсіка ў два разы пераўзыходзілі наклады аналагічных савецкіх падручнікаў!

Улучыўшы хвілінку, каб нам ніхто не перашкаджаў, я падаўся ў роспыты да настаўніка. Аказалася, што ён пры немцах вучыўся ў беларускай школе, ведаў дружыновага Саюза беларускай моладзі на Слонімскую акругу Барыса Суравога, ад якога навучыўся спяваць файныя песні. Настаўнік па-маладому матлянуў густым пасівелым чубам і напаўголасу праспяваў: «Дык ці ў шчасця дзень пагодны, ці у буры дні благім знайма першы кліч народны: Беларусь — перадусім!».

З таго часу прайшлі доўгія гады, пакуль складаная гісторыя апошняй вайны больш-менш упарадкавалася ў маёй галаве. І ўпарадкаваў яе гісторык з Варшавы Юры Туронак. Памятаю, як на маіх вачах у менскай кнігарні «Светач» людзі стаялі ў чарзе, каб набыць ягоную «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» у кідкай бел-чырвона-белай вокладцы. І бралі па дзве, па тры — сабе і сябрам. Дайце веры, навуковая кніга стала сапраўдным бестселерам!

Зразумела, што і ўсе пазнейшыя кнігі Юрыя Туронка не прайшлі міма мяне — і «Беларуская кніга пад нямецкім кантролем», і «Людзі СБМ», і «Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі», і — нарэшце — «Мадэрная гісторыя Беларусі», куды ўвайшлі асноўныя працы гісторыка. Усе кнігі чыталіся запойна. Чытаў і думаў — гэта ж адзін чалавек зрабіў работу за цэлы інстытут, прычым не маючы папярэднікаў, ідучы па цаліку. Асоба! А паколькі асоба гэтая жыве ў Варшаве, куды і пасля прыўзнятай жалезнай заслоны не заўсёды даедзеш, то звестак пра Туронка мы мелі мала. Хацелася ведаць больш. Звычайна незаменныя штрыхі да партрэту любой асобы дадаюць мемуары. І вось — маем іх і ад Юрыя Туронка. Пра гэтую выдавецкую падзею мне паведаміў куратар і апякун бібліятэчкі часопіса «Беларускі гістарычны агляд» Генадзь Сагановіч, дзякуючы якому кніга «За кардонам Бацькаўшчыны» з усмешлівым фотаздымкам аўтара на форзацы і пабачыла свет.

Юры Туронак. 2010 г.
Фота М. Новікава.

Юры Туронак і ў мемуарах застаецца гісторыкам, таму чытача чакае падрабязная гісторыя яго родных Дукштаў — з лічбамі і табліцамі, па якіх можна параўнаць два стагоддзі ў жыцці мястэчка — XIX і XX. У Дукштах будучы гісторык 27 красавіка 1929 года прыйшоў на свет, там немаўлём быў ахрышчаны ў парафіяльным касцёле ксяндзом Зянонам Буткявічусам, там падшпаркам на вуліцах услухоўваўся ў польскую, жыдоўскую, расейскую і літоўскую мовы. (Свая — беларуская — культывавалася ў сям’і, у доме, дзе на сценах віселі партрэты Багушэвіча, Купалы і Казіміра Сваяка.)

«Jak ty się nazywasz? Jureczek?» — пыталася ў трохгадовага лабатага хлопчыка суседка. «Nie Jureczek, а Юрачка», — адказваў той насуплена, і рабілася відавочным — такога не перавучыш і не пераназавеш.

Вялікую ўдзячнасць да сваіх бацькоў — Браніслава Туронка і Марыі з дому Рэшэцяў — захаваў у сваім сэрцы сын. Бацька, лекар па прафесіі, лячыў усю ваколіцу, а сабе не дапамог — рана памёр ад запалення лёгкіх. Але спрыяў сыну і пасля смерці — у 1942 годзе, пачуўшы прозвішча Туронак, дырэктар Віленскай гімназіі без іспытаў залічыў Юрку ў гімназісты і нават вызваліў ад платы за навучанне ў 100 марак. Прыйдзе час, і ўдзячны сын напіша пра бацьку цэлую кнігу, якую выдасць слынны нью-ёркскі БІНіМ.

Успаміны Юрыя Туронка часам жахаюць сваёй праўдай. Вось малаўцямная для нас, сённяшніх, карцінка: жанчыны на каленях моляцца ў хаце: «Божа, пашлі вайну!». Але што гэтаму папярэднічала? Дэпартацыя ў клятую Сібір (тры дні і тры начы энкавэдысты напаўнялі эшалон на станцыі ў Дукштах)... Местачковы ветэрынар, псіхалагічна не вытрымаўшы тэрору, брытвай перарэзаў сабе горла… Дарэшты запалоханая, як і ўсе местачкоўцы, новай уладай Юркава бабуля спаліла ў печы кніжку Францішка Аляхновіча «У кіпцюрах ГПУ»… Вайна насамрэч была збаўленнем і ачышчэннем не толькі для маленькіх Дукштаў, але і для ўсёй вялізнай краіны, якая на касцях сваіх грамадзянаў будавала цёмны шлях у светлую будучыню. Была яна збавеннем і для галоўнага тырана, якому спісвала ўсе грахі, і для ягоных незлічоных памочнікаў, якія перад абліччам больш грознага ворага маглі не актыўнічаць у пошуку ворагаў народа сярод суайчыннікаў.

Так што сапраўды не пазбаўленая сэнсу дзіўная на першы погляд расейская прыказка: „кому война, а кому мать родна”. На вайну можна спісаць любыя злачынствы, як тое і рабілася неаднойчы ў паваенны час. Напрыклад, па звыклай завядзёнцы на немцаў спісалі забойства беларускіх ксяндзоў Станіслава Глякоўскага і Дзяніса Мальца, а забілі іх менскія праваслаўныя экстрэмісты пад кіраўніцтвам беларуса-паліцыянта. Пра ўсё гэта піша ў сваіх мемуарах праўдзівы гісторык Юры Туронак. Колькі яшчэ савецкіх міфаў дрыжыць у страху перад ім?

Са школьнай лаўкі памятаю ўзрушаны аповед настаўніцы пра партызанскія «зялёныя школы», дзе вучыліся без падручнікаў, а пісалі ледзь не на бяросце. Сам у адным з музеяў трымаў у руках скручаны дротам цуд партызанскага самвыдату — паэтычны зборнік Анатоля Астрэйкі «Слуцкі пояс», аздоблены застаўкамі з бярозавых і дубовых плашак… Ніхто ж не спрачаецца — і «зялёныя школы», і партызанскі самвыдат мелі месца, але, гаворачы пра іх, не варта аддаваць забыццю другія школы, другія кнігі і другія друкарні. Паводле падлікаў Юрыя Туронка ў акупаванай немцамі Беларусі пабачылі свет 52 кнігі. Нібыта і няшмат (у суседняй Латвіі за той жа перыяд — 1500), але гэта былі вартыя выданні — «Сягоння» Наталлі Арсенневай, «Мае песні» Алеся Салаўя, «Беларусь учора і сяння» Язэпа Найдзюка…

За настаўніцкую працу падчас вайны прафесар Тадас Іванаўскас (родны брат Вацлава Іваноўскага) меў ад літоўскага савецкага ўрада медаль «За доблестный труд». Генерал дэ Голь пасля вызвалення публічна дзякаваў тым настаўнікам, якія пад немцамі навучалі дзетак па-французску... А якія падзякі атрымалі беларускія настаўнікі, што вучылі школьнікаў па тых «статысячных» падручніках Тарашкевіча і Лёсіка? Добра яшчэ, калі абыходзілася дзесяцігадовай выправай у Сібір, а магло скончыцца і трагічна, як тое бліскуча апісана ў апавяданні Вячаслава Адамчыка «Прылёт кажана». Многа, ой многа прыгадак-асацыяцый прыходзіць на памяць над старонкамі Туронкавых успамінаў.

Славуты афарызм Тэрэнцыяна Маўра Habent sua fata libelli мы звыклі цытаваць у абсечаным выглядзе: «Кнігі маюць свой лёс». Але ёсць яшчэ і працяг: «Кнігі маюць свой лёс, гледзячы па тым, як іх прымае чытач». І тут зноў хочацца вярнуцца да кнігі «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Я ўжо згадваў, як яе размяталі з прылаўкаў менчукі. Але хто падрабязней ведае лёс кнігі, яе біяграфію, як не сам аўтар? Аказваецца, самая знакамітая кніга Юрыя Туронка перад тым, як трапіць на варштат Скарыны, пабыла навуковай дысертацыяй і прынесла даследчыку годнасць доктара гуманітарных навук у галіне гісторыі. Прычым (факт рэдкі!) усе 23 чальцы навуковай рады прагаласавалі «за». З поспехам абароненую дысертацыю рыхтавалі да выдання ў варшаўскім нелегальным выдавецтве WERS (1987 год, яшчэ існавала народная Польшча). Пакуль тэкст набіраўся, польскі камуністычны рэжым ляснуў і кніга выйшла ў свет легальна. З польскага арыгінала яе пераклалі ў Менску Вітаўт Мартыненка і Уладзімір Панада і паспелі ціскануць некалькі раздзелаў у газеце «Чырвоная змена», пакуль не спахапіліся іх камсамольскія куратары. І нарэшце «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» своечасова патрапіла на Першы з’езд беларусаў свету — у тым самым бел-чырвона-белым аздабленні выдавецтва «Беларусь».

Акрылены поспехам кнігі аўтар правамерна чакаў не толькі захопленых чытацкіх водгукаў (іх было шмат), але і ўзважанага слова калегаў-гісторыкаў і мужоў дзяржаўных. І дачакаўся. Тагачасны прэм’ер-міністр Беларусі Вячаслаў Кебіч на сустрэчы з ветэранамі паабяцаў прыцягнуць Юрыя Туронка да крымінальнай адказнасці і дадаў: «По поводу книги „Беларусь под немецкой оккупацией” я уже вёл разговор с министром информации, кому подчинено издательство. Как можно такое издавать?». Прысутная на сустрэчы старэнькая Марыя Осіпава (удзельніца замаху на Вільгельма Кубэ) падтакнула прэм’еру: «Есть ли мозги у того, кто написал книгу?» Магчыма, калі б Юры Туронак з’яўляўся грамадзянінам Беларусі, яго і сапраўды паспрабавалі б пасадзіць на лаву падсудных. Хто ведае — такі быў час. А сёння месца злосным філіпікам прэм’ера бачыцца хіба толькі сярод каментараў да будучага трэцяга выдання «Беларусі пад нямецкай акупацыяй», якое даўно наспела.

Кніга «За кардонам Бацькаўшчыны» — гэта панарама чалавечага жыцця, дзе трэба — дакладна-падрабязная (відно, што аўтар абапіраецца на дзённікі), дзе трэба — жывапісна-кінематаграфічная. Вось адна з яскравых сцэнак. 29 чэрвеня 1944 года, Дукшты. Беларус Пецька Кузьміцкі, які служыць у латышскім (!) вайсковым аддзеле, у форме люфтвафэ (!) ідзе з вінтоўкай на варту і спявае на ўсю вуліцу расейскую савецкую (!) песню «С нами Сталин родной, он железной рукой…» Наўрад ці дзесяцігадовы падлетак разумеў усю трагікамічнасць гэтай сітуацыі, але — запомніў, каб потым выкарыстаць як аздобу-дэталь у сваіх мемуарах. Ці яшчэ адна сцэнка, ужо з гісторыі найноўшай, якая так і просіцца ў які-небудзь гіторыка-прыгодніцкі фільм пра чарговую хвалю беларускага адраджэння: 25 сакавіка 1985 года, Варшава. Пры шчыльна заслоненых вокнах і запаленых свечках у памяшканні Беларускага грамадска-культурнага таварыства праходзіць строга заканспіраваная сустрэча студэнтаў. Даклад пра стварэнне БНР чытае доктар Юры Туронак з бел-чырвона-белай стужкай на грудзях…

У тыя шматспадзеўныя гады і ў менскія студэнцкія асяродкі даходзіла выдадзеная за заходняй мяжой літаратура. Тую кантрабанду па адных яму вядомых сцежках спраўна дастаўляў у беларускую сталіцу беластоцкі студэнт Юрка Ляшчынскі. Ён часам падначоўваў у нашым інтэрнаце на вуліцы Кастрычніцкай, дзе мы і сартавалі пачкі з самвыдатаўскімі часопісамі, са спеўнікамі і падцэнзурнымі брашуркамі. Не ведаў я тады, ды і пазней не падазраваў, што да шматлікага варшаўска-беластоцкага самвыдату меў самае непасрэднае дачыненне Юры Туронак — дзяліўся прывезенымі ў свой час з Лондана тэкстамі, перадрукоўваў на машынцы песні Данчыка…

Прыміце ж, паважаны кніганоша, хоць запозненую падзяку ад спажыўца той друкаванай прадукцыі, якая прыносіла ў Беларусь адчувальны подых свабоды!

А цяпер пра два шкадаванні, адчутыя мною пасля прачытання кнігі Юрыя Туронка «За кардонам Бацькаўшчыны». Шкадаванне першае. Гісторык прыгадвае, што ліставаўся з удавой прэзідэнта Рады БНР Міколы Абрамчыка Нінай Ляўковіч і нават пазнаёміўся з ёю падчас паездкі ў Парыж. Шкада, што стасункі гэтыя не прывялі да выяўлення архіва БНР, які, па сведчаннях відавочцаў, захоўваўся на гарышчы Абрамчыкавага дома ў Вільпінце. Шкадаванне другое. Мемуары Туронка выдадзеныя недаравальна мізэрным накладам — усяго 100 асобнікаў. Гэта роўна ў тысячу разоў меней ад накладаў згаданых вышэй граматыкі Тарашкевіча і правапісу Лёсіка, выпушчаных у свет пад нямецкай акупацыяй! І гэта пры тым, што Туронкавы кнігі, якім пашчасціла на выхад у Беларусі, неаднаразова перавыдаваліся. Што з гэтай акалічнасці вынікае? Вынікае, што шаноўнаму гісторыку рана карчаваць пні на лецішчы ў Трыпуцях. Трэба рыхтаваць другое, дапоўненае выданне сваіх мемуараў.

Міхась СКОБЛА


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY